КАБА́ШНІКАЎ (Канстанцін Паўлавіч) (н. 24.7.1927, г. Гомель),
бел. фалькларыст. Д-рфілал.н. (1971), праф. (1980). Скончыў Гомельскі пед.ін-т (1951). З 1957 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі. Даследуе казкі, рэв. і рабочую паэзію, праблемы параўнальнага вывучэння бел. фальклору ў яго слав. узаемасувязях («Беларуская казка ў казачным эпасе славян», 1968; «Беларускі фальклор у параўнальным асвятленні», 1981; «Інтэрнацыянальнае і нацыянальнае ва ўсходнеславянскай народнай паэзіі Вялікай Айчыннай вайны», 1982; «Беларуска-рускія фальклорныя сувязі», «Узаемадзеянне ўсходнеславянскіх фальклорных традыцый на сучасным этапе», абедзве 1988). Адзін з аўтараў кніг «Беларуская народная вуснапаэтычная творчасць» (1967), «Сучасны стан беларускай паэтычнай творчасці» (1973), «Беларуская народнапаэтычная творчасць», «Параўнальны паказальнік сюжэтаў. Усходнеславянская казка» (абедзве 1979), «Сустрэчы з казкай» (1984), «Усходнеславянскі фальклор: Слоўнік навуковай і народнай тэрміналогіі» (1993). Складальнік зб-каў «Казкі і легенды роднага краю» (1960), «Беларускія народныя песні. Са зборнікаў П.В.Шэйна» (1962), тамоў «Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі» (1971), «Чарадзейныя казкі» (ч. 1—2, 1973—78), «Казкі ў сучасных запісах» (1989) з серыі «Беларуская народная творчасць» (Дзярж. прэмія Беларусі 1986). Чл. бюро Камісіі па слав. фальклоры пры Міжнар. к-це славістаў, бюро Міжнар. асацыяцыі па вывучэнні і пашырэнні слав. культур (МАІРСК), якая працуе пад патранажам ЮНЕСКА.
Тв.:
Нарысы па беларускаму фальклору. Мн., 1963;
Ад традыцыйнага фальклору да рэвалюцыйнай паэзіі. Мн., 1969;
Методыка збірання беларускай народнай вуснапаэтычнай творчасці. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНЯ́СТВА,
манархічная дзяржава або асобнае паліт. ўтварэнне на чале зкнязем; феад. ўладанне князя. Вядомы ў многіх народаў. У Стараж. Русі К. ўзніклі ў 9 — пач. 10 ст.зплем. княжанняў, уладу над якімі захапіла дынастыя Рурыкавічаў. Называліся звычайна па гал горадзе. Буйныя К. падзяляліся на меншыя — удзельныя княствы. Буйнейшыя К. называліся вялікімі К. (Уладзіміра-Суздальскае ў 12—13 ст., Маскоўскае і Цвярское ў 14—15 ст. і інш.). На тэр. Беларусі з 10—11 ст. існавалі Полацкае, Тураўскае, з 12—13 ст. Берасцейскае, Ваўкавыскае, Віцебскае, Гальшанскае, Гарадзенскае, Друцкае, Ізяслаўскае, Капыльскае, Клецкае, Кобрынскае, Крэўскае, Лагожскае, Лукомскае, Менскае, Мсціслаўскае, Новагародскае, Пінскае, Свіслацкае, Слуцкае К.; асобныя часткі бел. зямель уваходзілі ў склад Галіцка-Валынскага, Кіеўскага, Чарнігаўскага і Смаленскага К. (гл. адпаведныя артыкулы). У 14—16 ст.бел., укр. і рус. княствы аб’яднаны пад уладай Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ) і Маскоўскага вялікага княства. У ВКЛ былыя К. да 1-й пал. 16 ст. пераўтвораны ў намесніцтвы, ваяводствы, паветы, афіцыйна скасаваны паводле адм. рэформы 1565—66, але назва «княства» ў 17—18 ст. ужывалася ў адносінах да тэр. Клецкага, Капыльскага, Нясвіжскага і Слуцкага К. У Расіі апошняе ўдзельнае К. (Касімаўскае царства) скасавана ў 1681. К. існавалі і ў інш. краінах (напр., у Германіі да 1871, у Індыі да 1950). Некаторыя К. захаваліся да нашага часу — Ліхтэнштэйн, Манака, арабскія К. (эміраты).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЛІНЕ́ЙНАЯ О́ПТЫКА,
раздзел оптыкі, які вывучае распаўсюджванне магутных светлавых пучкоў у рэчыве з улікам нелінейнай залежнасці аптычных характарыстык асяроддзя ад напружанасці эл. і магн. палёў светлавых хваль. З’явы Н.о. выкарыстоўваюцца для змены частаты, накіраванасці і інш. параметраў светлавых патокаў, а таксама для вывучэння многіх характарыстык рэчываў і працэсаў.
Існаванне нелінейных аптычных з’яў адзначыў С.І.Вавілаў (1923); у 1926 ім (разам з В.Л.Лёўшыным) выяўлена змяншэнне паглынання святла уранавым шклом пры павелічэнні інтэнсіўнасці святла. Інтэнсіўнае развіццё Н.о. пачалося пасля стварэння лазераў. Да з’яў Н.о. належаць: генерацыя святла з кратнымі, сумарнымі і рознаснымі частотамі; вымушаныя камбінацыйнае, цеплавое і інш. рассеянні; многафатонныя пераходы; прасвятленне ці зацямненне асяроддзя; самафакусіроўка або самадэфакусіроўка патокаў святла, уздзеянне адных светлавых патокаў у рэчыве на другія і інш. Генерацыя гармонік і святла з сумарнымі (ці рознаснымі) частотамі, а таксама вымушаныя рассеянні выкарыстоўваюцца для змены частаты лазернага выпрамянення; прасвятленне асяроддзя — для кіравання працягласцю лазерных імпульсаў шляхам змен страт рэзанатара і фазавай сінхранізацыі яго ўласных ваганняў; двух- (ці больш) фатоннае паглынанне і генерацыя гармонік — у прыладах для вымярэння працягласці імпульсаў і карэляцыйных функцый лазерных патокаў святла.
На Беларусі даследаванні па Н.о. распачаты ў 1956 у Ін-це фізікі Нац.АНпад кіраўніцтвам Б.І.Сцяпанава і праводзяцца ў розных ін-тах Нац.АН і ун-тах.
Літ.:
Бломберген Н. Нелинейная оптика: Пер. с англ.М., 1966;
Апанасевич П.А. Основы теории взаимодействия света с веществом. Мн., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНА́МСКІ КАНА́Л (ісп. Canal de Panama, англ. Panama Canal),
штучны водны шлях міжнар. значэння на тэр. Панамы ў Цэнтр. Амерыцы, праз Панамскі перашыек у самай вузкай яго частцы. Злучае Атлантычны і Ціхі акіяны. Даўж. 81,6 км, у т. л. 65,2 км па сушы і 16,4 км па дне бухты Лімон Карыбскага м. і Панамскага зал., шыр. 150—305 м, глыб. па фарватэры 12,8—25,9 м; 12 шлюзаў. Штогадовы аб’ём перавозак каля 154 млн.т, доля транзіту больш за 80%. Штогод праз П.к. праходзяць больш за 14 тыс. грузавых суднаў. Каля Атлантычнага ўвахода ў П.к. порты Крыстобаль і Калон, каля ціхаакіянскага — Бальбоа і Панама.
Ідэя будаўніцтва П.к. існавала і абмяркоўвалася зпач. 16 ст. У 1879 рэалізацыю гэтага праекта пачала Францыя, якая выкарыстала супярэчнасці паміж ЗША і Вялікабрытаніяй і ўзяла канцэсію на буд-ва канала ва ўрада Калумбіі. Крах франц.акц. кампаніі (1888, гл.«Панама») і націск з боку амер. і брыт. ўрадаў прымусілі Францыю ў 1902 прадаць свае правы ЗША. У 1903, пры падтрымцы ЗША, Панама аддзялілася ад Калумбіі, і далейшыя пытанні, звязаныя з буд-вам і функцыянаваннем канала, рэгуляваліся Амерыкана-панамскімі дагаворамі 1903, 1936, 1955, 1977. Паводле дагавора 1903 ЗША атрымалі ў бестэрміновае карыстанне Панамскага канала зону, права будаваць і эксплуатаваць канал. Першае судна прайшло праз П.к. 15.8.1914, афіцыйна канал адкрыты 12.6.1920. Паводле амер.-панамскіх дагавораў 1977 П.к. з 1.1.2000 перайшоў пад кантроль Панамы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАСТЫ́ЧНАСЦЬ (ад грэч., plastikos прыдатны для лепкі, падатлівы) матэрыялаў, уласцівасць цвёрдых цел (матэрыялаў) пад уздзеяннем мех. нагрузак зменьваць без разбурэння сваю форму і захоўваць частку атрыманай дэфармацыі пасля спынення ўздзеяння. Залежыць ад структуры цела і ўмоў яго дэфармавання (скорасці нагружэння, т-ры, ціску і інш.). Малое значэнне або адсутнасць П. азначае процілеглую ўласцівасць — крохкасць матэрыялаў. Улік П. дазваляе вызначаць запасы трываласці, дэфармавальнасці і ўстойлівасці канструкцый, магчымасці апрацоўкі матэрыялаў ціскам (валачэння, коўкі, пракаткі, штампоўкі). Вывучаюць П. пластычнасці тэорыя, супраціўленне матэрыялаў і інш.
Пластычная дэфармацыя звязана з разрывам некат. міжатамных сувязей і ўтварэннем новых. П. аморфных цел вызначаецца імавернасцю рэлаксацыйных перагруповак атамаў і малекул (гл.Рэлаксацыя), а цел зкрышт. будовай — утварэннем, перамяшчэннем і ўзаемадзеяннем дэфектаў у крышталях. У залежнасці ад колькасці атамаў, што ўдзельнічаюць у элементарным акце пластычнай дэфармацыі, адрозніваюць П.: самадыфузійную і дыфузійную (перамяшчэнне атамных слаёў крышталя, на якія ўздзейнічаюць знешнія сілы, на ўчасткі, дзе дзейнічаюць расцягвальныя сілы), краўдыённую (спараджэнне і перамяшчэнне краўдыёнаў — згушчэнняў атамаў уздоўж шчыльна ўпакаваных шэрагаў атамаў), дыслакацыйную (слізганне па крышталеграфічных плоскасцях, гл.Дыслакацыі ў крышталях), звязаную з дэфармацыяй элементарнай ячэйкі крышталя (гл.Двайнікаванне), з працяканнем фазавага пераўтварэння (гл.Фазавыя пераходы).
Літ.:
Хоникомб Р. Пластическая деформация металлов: Пер. с англ.М., 1972;
Полухин П.И., Горелик С.С., Воронцов В.К. Физические основы пластической деформации. М. 1982;
Кайбышев О.А. Сверхпластичность промышленных сплавов. М., 1984;
Работнов Ю.Н. Механика деформируемого твердого тела. 2 изд. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНАЯ ХІ́МІЯ,
навука, якая вывучае хім. ператварэнні рэчываў пад уздзеяннем іанізавальных выпрамяненняў.
Асн. задачы Р.х. — вывучэнне заканамернасцей утварэння, фіз.-хім. уласцівасцей і ператварэнняў высокарэакцыйных прамежкавых прадуктаў радыяцыйна-хім. працэсаў; вызначэнне ўстойлівасці розных рэчываў да ўздзеяння іанізавальных выпрамяненняў і стварэнне радыяцыйна-ўстойлівых матэрыялаў; выяўленне аптымальных умоў ажыццяўлення радыяцыйна-хім. сінтэзу і мадыфікацыі матэрыялаў; распрацоўка апаратаў і метадаў правядзення радыяцыйна-хім. працэсаў. Станаўленне Р.х. звязана з адкрыццём рэнтгенаўскага выпрамянення (1895) і радыеактыўнасці (1896). Інтэнсіўнае яе развіццё пачалося ў 1940-я г. ў сувязі з работамі па комплексным выкарыстанні атамнай энергіі. Выключную ролю ў развіцці Р.х. адыграла стварэнне ў 1960-я г. і ўкараненне ў эксперым. практыку метаду імпульснага радыёлізу.
На Беларусі даследаванні па Р.х. праводзяцца з 1962 пасля пуску ў АН Беларусі доследнага ядз. рэактара. У 1968 у БДУ арганізавана кафедра Р.х. і радыяхіміі па падрыхтоўцы спецыялістаў. Даследаванні па Р.х. вядуцца ў БДУ, Ін-це радыяцыйных фізіка-хім. праблем, Ін-це механікі металапалімерных сістэм, Ін-це фізіка-арган. хіміі Нац.АН Беларусі. У навукова-фармацэўтычным цэнтры адкрытага акц.т-ва «Белмедпрэпараты» распрацаваны і ўкаранёны ў вытв-сць радыяцыйна-хім. тэхналогіі атрымання гемакарэктараў на аснове поліцукрыдаў. На Мазырскім кабельным з-дзе арганізавана вытв-сць радыяцыйна-мадыфікаваных кабельных вырабаў.
Літ.:
Своллоу А. Радиационная химия: Пер. с англ.М., 1976;
Пикаев А.К. Современная радиационная химия: Основные положения. Экспериментальная техника и методы. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМНАЖЭ́ННЕ,
характэрная для ўсіх жывых арганізмаў уласцівасць узнаўлення сабе падобных, якая забяспечвае бесперапыннасць і пераемнасць жыцця. Адрозніваюць 3 асн. формы: бясполае размнажэнне (у прасцейшых — дзяленне папалам, шызаганія, у вышэйшых раслін — з дапамогай спор), вегетатыўнае размнажэнне (у шматклетачных арганізмаў шляхам адасаблення ч. цела і аднаўлення іх ад цэлага індывідуума, пачкаванне) і палавое размнажэнне (двухполае, г.зн. у выніку апладнення, і аднаполае нявіннае — партэнагенез). З-за адсутнасці палавога працэсу бясполае і вегетатыўнае Р. часта мае агульную назву — бясполае Р., хаця прырода і паходжанне іх неаднолькавыя: пры бясполым Р. асобіна развіваецца з адной клеткі, не дыферэнцыраванай паводле полу, а пры вегетатыўным — новай асобіне даюць пачатак шматклетачныя зачаткі рознага паходжання. Палавому Р. шматклетачных папярэднічае ўтварэнне гамет (шляхам меёзу), якія зліваюцца пры апладненні ў зіготу, і спадчынная інфармацыя, што знаходзіцца ў ДНК храмасом, аб’ядноўваецца. На працягу жыцця Р. бывае аднаразовае (такія арганізмы наз. монацыклічнымі і звычайна прыносяць шматлікае патомства) і шматразовае (поліцыклічныя арганізмы менш пладавітыя). Для жыццёвага цыкла многіх відаў жывёл характэрна чаргаванне розных форм Р., якое спалучаецца з чаргаваннем марфалагічна розных пакаленняў: палавое і бясполае, двухполае і партэнагенез, двухполае і вегетатыўнае. Чаргаванне палавога (гаметафіт) і бясполага (спарафіт) пакаленняў бывае і ў раслін. На інтэнсіўнасць Р. ўплываюць умовы навакольнага асяроддзя — т-ра, даўж. светлавога дня, ежа і інш. У вышэйшых жывёл дзейнасць органаў Р. знаходзіцца пад кантролем нерв. сістэмы і эндакрынных залоз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́Н ((Racine) Жан) (21.12.1639, г. Ла-Фертэ-Мілон, Францыя — 21.4.1699),
французскі паэт і драматург, прадстаўнік класіцызму. Чл.Франц. акадэміі (з 1673). Вучыўся ў янсенісцкіх школах і калежах (1649—59). З 1677 каралеўскі гістарыёграф. Літ. дзейнасць пачаў як паэт (ода «Німфа Сены», 1660). Зблізіўся з Ж.Лафантэнам, Мальерам, Н.Буало. Раннія трагедыі «Фіваіда, або Браты-ворагі» (1664), «Аляксандр Вялікі» (паст 1665, выд. 1666) напісаны пад уплывам П.Карнеля. У вершаваных драмах «Андрамаха» (паст. 1667, выд. 1668), «Брытанік» (паст. 1669, выд. 1670), «Берэніка» (паст. 1670, выд. 1671), «Баязет» (1672), «Мітрыдат» (1673), «Іфігенія ў Аўлідзе» (паст. 1674, выд. 1675), «Федра» (1677) складаны і шматбаковы ўнутр. свет чалавека, праблемы маральнага выбару, барацьба герояў з самімі сабой у вострых калізіях супярэчнасці паміж пачуццём і абавязкам, розумам і страсцю. У позніх трагедыях на біблейскія сюжэты «Эсфір» (1689) і «Гафалія» (паст. 1690, выд. 1691) праблемы адносін жорсткага тырана і падуладнага яму народа, які належыць да інш. веравызнання і імкнецца адстаяць сваю веру. Аўтар камедыі «Суцягі» (паст. 1668, выд. 1669), зб. «Духоўныя песні» (1694), кн. «Кароткая гісторыя Пор-Раяля» (выд. 1742) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Соч.Т. 1—2. М., 1984.
Літ.:
Обломиевский Д. Расин // Обломиевский Д. Французский классицизм. М., 1968;
Мориак Ф. Жизнь Жана Расина;
Нерваль Ж. де. Исповедь Никола: Пер. с фр.М., 1988;
нарвежскі пісьменнік і літ. крытык. Дэбютаваў зб. навел «У напрамку цемры» (1925), гал. тэмы якіх — адзінота, трагічныя чалавечыя памылкі. Пад псеўданімам Мумле Госег выдаў шэраг вострасатырычных антыфаш. фельетонаў, эсэ, нарысаў. У 1941 эмігрыраваў у Швецыю. Удзел у антыфаш. Супраціўленні адлюстраваў у мемуарах «Дні ў Грыні» (1945). Супярэчнасці жыцця тагачаснага грамадства, якія прыводзяць да краху неардынарнай асобы, — у цэнтры трылогіі «Маленькі лорд» (1955), «Цёмныя воды» (1956), «Цяпер яму не ўцячы» (1957). Праблема раздвоенасці індывіда ў раманах «Я» (1959), «Блакітная вяршыня» (1964), «Чырвоны туман» (1967), «Мая рука, мае вантробы» (1972), зб. навел «Самотныя дрэвы ў садзе» (1969). Прозе Боргена ўласцівыя псіхалагізм, рэаліст. адлюстраванне рэчаіснасці. У літ.-крытычных працах і паліт. публіцыстыцы спалучэнне гуманістычнага зместу з вострапалемічнай формай.
Тв.:
Рус.пер. — [Избранное]. М., 1979;
Декабрьское солнце: Рассказы. М., 1983;
Избр. новеллы. М., 1984.
Літ.:
Нагибин Ю. Островитянин: Сон о Юхане Боргене // Иностр. лит. 1976. № 11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЕКТЫ́ЎНАЕ,
тое, што належыць самому аб’екту, існуе незалежна ад дзеючага суб’екта і яго свядомасці. Тэрмін аб’ектыўнае мае некалькі аспектаў. Анталагічны ўключае ўяўленне аб аб’ектыўным як існуючым па-за чалавекам і чалавецтвам і незалежна ад іх (напр., памеры і канфігурацыі рэчаў як іх аб’ектыўныя ўласцівасці). Гнасеалагічны звязаны з уяўленнем аб аб’ектыўным як уласцівасці ведаў, упэўненасці ў тым, што яны адлюстроўваюць аб’ект, які даследуецца, у сваіх асабістых характарыстыках (напр., найб. фундаментальныя характарыстыкі сістэм нежывой прыроды — скорасць святла, гравітацыйная пастаянная, у біял. відавой папуляцыі — суадносіны паміж асобінамі рознага полу). У аб’ектыўным ідэалізме аб’ектыўнае — гэта ідэі і паняцці, што існуюць незалежна ад суб’екта. У грамадскім жыцці пад аб’ектыўным разумеюць працэсы і фактары, якія не залежаць ад волі і жаданняў людзей. Аб’ектыўным з’яўляюцца сац. законы, хоць яны фарміруюцца праз механізм чалавечай дзейнасці. Аб’ектыўнае проціпастаўляецца суб’ектыўнаму і суб’ектыўна-асабоваму. Аднак такое проціпастаўленне не мае абсалютнага характару: тое, што ў адных адносінах з’яўляецца аб’ектыўным, у іншых можа быць суб’ектыўным.