ГЕАГРА́ФІЯ ГІСТАРЫ́ЧНАЯ,

галіна ведаў, якая вывучае геаграфію гіст. мінулага асобных краін або тэрыторый. Мае непасрэдныя сувязі з гісторыяй, археалогіяй, тапанімікай, з’яўляецца навук. базай картаграфіі гістарычнай. У фізічнай геаграфіі вывучае прыродныя ўмовы, іх змены і ўплыў на гіст. працэс; у эканамічнай — асваенне чалавекам розных тэрыторый, станаўленне і развіццё гаспадаркі, гандлю, шляхоў зносін; у палітычнай — фарміраванне тэрыторыі дзяржаў, адм.-тэр. падзелу, месцазнаходжанне стараж. населеных пунктаў, месцы гіст. падзей, маршруты ваен. паходаў і інш.; у раздзеле насельніцтва — міграцыі, размяшчэнне народаў, колькасны і нац. склад.

Метад спалучэння геаграфіі з гісторыяй вядомы з далёкай старажытнасці (Герадот, Страбон, Пталамей), пазней — у араб. географаў і гісторыкаў, у стараж. летапісах і хроніках Усх. Еўропы. У Расіі геаграфія гістарычная звязана з імем В. М.Тацішчава. У 19 — пач. 20 ст. ў гэтай галіне працавалі М.П.Барсаў, Я.Я.Замыслоўскі, М.К.Любаўскі (для гісторыі Беларусі) і інш. Пра бел. землі ў сярэдневякоўі пісалі С.Старавольскі і М.Цойлер, у эпоху асветніцтва — Т.Вага і А.Бюшынг. Спец. працы з сістэматызаваным падыходам да пытанняў геаграфіі гістарычнай ВКЛ і Рэчы Паспалітай стваралі ў 19 ст. М.Балінскі, Я.Тышкевіч, І.Лялевель, З.Глогер. Гэты перыяд завяршыў фундаментальны шматтомны «Геаграфічны слоўнік Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краін» (1880—90). У СССР гал. кірункі паліт. геаграфіі распрацоўваў В.К.Яцунскі. Яго ідэі развівалі Л.Р.Бяскроўны, Л.А.Гольдэнберг, Ф.А.Шыбанаў, І.П.Шастольскі, В.С.Жэкулін. Асобныя моманты геаграфіі гістарычнай Беларусі раскрыты ў працах Я.Ф.Карскага, У.І.Пічэты, У.М.Ігнатоўскага і інш. Бел. вучоныя распрацоўваюць таксама пытанні этнічнай гісторыі насельніцтва Беларусі, гіст.-геагр. метады даследавання ў археалогіі і тапаніміцы (В.В.Сядоў, В.А.Жучкевіч). Курс геаграфіі гістарычнай выкладаюць на гіст. факультэтах ун-таў і пед. ін-таў; пры аддзеле спец. гіст. навук Ін-та гісторыі АН Беларусі ў 1992 створана група па геаграфіі гістарычнай і картаграфіі.

Літ.:

Яцунский В.К. Историческая география: История ее возникновения и развития в XIV—XVIII вв. М., 1955;

Жучкевич В.А. Дорога и водные пути Белоруссии: Ист.-геогр. очерки. Мн., 1977;

Ермаловіч М.І. Па слядах аднаго міфа. 2 выд. Мн., 1991;

Пилипенко М.Ф. Возникновение Белоруссии: Новая концепция. Мн., 1991.

Л.Р.Казлоў.

т. 5, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛО́ГЕР ((Gloger) Зыгмунт) (3.11.1845, в. Камёнка Ломжынскага пав. Аўгустоўскай губ., Польшча — 15.8.1910),

польскі археолаг, этнограф, гісторык, фалькларыст. Вучыўся ў Варшаўскім ун-це. Скончыў Кракаўскі ун-т (1870). З 1870 у маёнтку Яжэва пад Тыкоцінам. Зрабіў шмат фалькл.-этнагр. і краязнаўчых экспедыцый па Польшчы, Беларусі, Літве. Асн. працы: «Вясельныя ўрачыстасці» (1869, пад псеўд. Прускі; змясціў бел. матэрыялы з Брэсцкага і Трокскага паветаў), «Кніга рэчаў польскіх» (1896), «Польскі год у жыцці, традыцыі і песні» (1900), «Гістарычная геаграфія зямель даўняй Польшчы» (1900, змешчаны матэрыялы пра ВКЛ, Беларусь), «Драўлянае будаўніцтва і вырабы з дрэва ў даўняй Польшчы» (т. 1—2, 1907—09) і інш. Выдаў зб. фальклору «Старадаўнія думы і песні», «573 кракавякі» (абодва ў 1877), «Гадавыя звычаі» (1882), «Песні люду» (1892) і інш. Пра жыццё, звычаі, абрады і вераванні бел. народа пісаў у арт. «Земляробчыя абрады» (1867), «Звычаі народа з ваколіц Тыкоціна і Бельска» (1868), «Забабоны і ўяўленні наднарвенскага люду пра птушак, паўзуноў і насякомых» (1877) і інш. Бел. матэрыялы і ў працах пра краязнаўчыя падарожжы (кн. «Далінамі рэк: Апісанні падарожжа ўздоўж Нёмана, Віслы, Буга і Бебжы», 1903; артыкулы «З-над Нёмана», 1872, «Падарожжа Нёманам», 1888, «На хвалях Буга», 1890; «У даліне Бебжы», 1892, і інш.). Даследаваў помнікі археалогіі каменнага і бронзавага вякоў на Гродзеншчыне, Брэстчыне. Сабраў у Яжэве багатую бібліятэку, вял. музейную калекцыю археал., этнагр., археаграфічных, нумізматычных і сфрагістычных матэрыялаў. Тут захоўваліся бел. матэрыялы са збораў М.Федароўскага, А.Кіркора, Я. і К.Тышкевічаў, А.Ельскага і інш. У яго «Старапольскай энцыклапедыі» (т. 1—4, 1900—03, 5-е выд. 1985) каля 1000 ілюстрацый, шматлікія бел. матэрыялы па гісторыі, геаграфіі, драўлянай і мураванай архітэктуры, кнігадрукаванні, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў, якія Глогер збіраў і даследаваў усё жыццё.

Тв.:

Notatki archeologiczne Michala Federowskiego z okolic Słonuma. Kurhany pod Wiszowem. Warszawa, 1882.

Літ.:

Саламевіч Я. Міхал Федароўскі. Мн., 1972;

Federowski М. Zygmunt Gloger. Warszawa, 1912;

Syska H. Zygmunt Gloger. Warszawa, 1963;

Zygmunt Gloger — badacz przeszłości ziemi ojczystej. Warszawa, 1978;

Komorowska T. Gloger: Opowieść biograficzna. Warszawa, 1985.

І.У.Саламевіч.

т. 5, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РНЫЯ РАБО́ТЫ,

работы па раскрыцці і падрыхтоўцы радовішча, выманні карыснага выкапня і транспарціроўцы яго ў межах прадпрыемства, падтрыманні горных вырабатак у рабочым стане (горных мацаванняў, вентыляцыі, водаадліву і інш.). Адрозніваюць горныя работы адкрытыя (гл. Адкрытая распрацоўка радовішчаў), падземныя (гл. Падземная распрацоўка радовішчаў), падводныя (гл. Падводная здабыча), геатэхналагічныя (гл. Геатэхналогія) і інш.

Адкрытыя горныя работы — распрацоўка парод паслядоўнымі слаямі з зямной паверхні. Уключаюць падрыхтоўку паверхні кар’ернага поля, горна-капітальныя (стварэнне капітальных і разразных траншэй, частковае выдаленне раскрыўных парод), горна-падрыхтоўчыя, раскрыўныя і здабыўныя работы. Здабыўныя работы на кар’ерах вядуцца на ўступах і рабочых пляцоўках. Уступы пры распрацоўцы гарыз. і пакатых пакладаў перамяшчаюцца ад разразной траншэі да мяжы кар’ернага поля, пры распрацоўцы буйных нахіленых пакладаў развіваюцца ў глыбіню кар’ера. На Беларусі адкрытым спосабам здабываюць граніт, даламіт, мергель, вапну, торф (гл. Торфаздабыча), мел, буд. камень, гліну, будаўнічыя, сілікатныя, шкляныя і фармовачныя пяскі. Падземныя горныя работы вядуцца ў тоўшчы зямной кары, уключаюць раскрыццё, падрыхтоўку вырабаткі і ачышчальнае выманне выкапня. Для распрацоўкі руднага і калійнага радовішчаў падземным спосабам ствараецца горнае прадпрыемства, у склад якога ўваходзяць руднік, шахта і абагачальная ф-ка. Спосабы распрацоўкі вугальнага радовішча залежаць ад горна-геал. і горна-тэхн. фактараў (колькасці і магутнасці пластоў, глыбіні іх залягання, памераў шахтавага поля і інш.). Распрацоўка шахтавага поля ажыццяўляецца вертыкальнымі і нахіленымі шахтавымі стваламі, штольнямі, брэмсбергамі, лавамі, камерамі, камбінаваным спосабам. Ачышчальнае выманне выкапня вядзецца ў горных вырабатках, якія перамяшчаюцца ў напрамку залягання пакладу. На Беларусі падземным спосабам вядзецца здабыча калійных солей на ВА «Беларуськалій». Горныя работы праводзяцца з дапамогай горных камбайнаў, інш. машын і механізмаў, сродкаў гідрамеханізацыі і геатэхналогіі, буравых установак і буравых інструментаў і інш. Найважнейшыя ўмовы выканання горных работ — забеспячэнне бяспечных умоў працы, рацыянальнае выкарыстанне нетраў, ахова навакольнага асяроддзя. За горнымі работамі ўстаноўлены горны нагляд.

Літ.:

Брюховецкий О.С., Бунин Ж.В., Ковалев И.А. Технология и комплексная механизация разработки месторождений полезных ископаемых. М., 1989, Агошков М.И., Борисов С.С., Боярский В.А. Разработка рудных и нерудных месторождений. 3 изд. М., 1983.

Б.А.Багатаў, М.І.Беразоўскі.

т. 5, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІЯ КАРАЛЕ́ЎСКІЯ МАНУФАКТУ́РЫ,

прамысловыя прадпрыемствы, заснаваныя ў 2-й пал. 18 ст. ў Гродзенскай эканоміі і Берасцейскай эканоміі па ініцыятыве гродзенскага старосты А.Тызенгаўза. Налічвалася 21 прадпрыемства, у т. л. 8 у Гродне — па вырабе метал. прадметаў, ігральных картаў (абодва з 1760), пацерак, карункаў; збройнае, гарматнае, камлотнае і паркаленабіўное; 8 на Гарадніцы (цяпер у межах Гродна) — залататкацкае (1779—83, 30 работнікаў), карэтнае (1770—83, 50 работнікаў), гарбарня (1777—1860, 50 работнікаў), па вырабе палатна (1770—1845, 30 работнікаў), фарбавальнае (1770—94), па вытворчасці сукна (1770—94, 150 работнікаў), панчох (1768—83, 50 работнікаў) і шаўкаткацкае (1770—1888, 150 работнікаў). Суконна-капялюшная мануфактура знаходзілася ў Азёрах (да 1845), тонка-суконная (1766—1860, 30 работнікаў) — у Ласосне (3 км ад Гродна, пры ўпадзенні р.Ласосна ў Нёман), астатнія — у Брэсцкай эканоміі. У 1766 заснавана «Кампанія шарсцяных мануфактур», якая адкрыла суконныя мануфактуры ў Гарадніцы, Ласосне, Брэсце. Буйнейшая ў Гарадніцы мануфактура мела прадзільнае, ткацкае, валяльнае, стрыгальнае, варсавальнае і фарбавальнае аддзяленні, прадзільні з ням. і галандскімі верацёнамі, 40 ткацкіх станкоў і інш. абсталяванне. У 2-й пал. 18 ст. Гродна стала буйным цэнтрам маст. ткацтва ў Беларусі (ткалі дываны, шаўковыя, «літыя» паясы). На карэтнай мануфактуры выраблялі дарагія экіпажы і збрую; на залататкацкай — тонкія залатыя і сярэбраныя ніткі, ордэны, галуны, ювелірныя вырабы; на мануфактуры метал. вырабаў — жалезныя і медныя цвікі, замкі, рыдлёўкі, дзвярныя завесы, напільнікі, іголкі, шпількі інш.; на панчошнай — шарсцяныя і шаўковыя шкарпэткі і інш. Усяго на мануфактурах працавала каля 1500 чал. і столькі ж было падручных рабочых і надомных прадзільшчыц. Рабочых пераважна набіралі прымусова з сем’яў прыпісных дзярж. сялян, існавала практыка вольнага найму. Кіравалі мануфактурамі кваліфікаваныя майстры, часцей наёмныя з Францыі, Швейцарыі, Германіі, Расіі і інш. (каля 70 чал.). У 1780—90-я г. большасць прадпрыемстваў закрылася (прадукцыя не мела збыту, 1790 дэфіцыт мануфактур склаў 190 тыс. злотых). Пасля далучэння зах. часткі Беларусі да Рас. імперыі дзейнасць некат. мануфактур адноўлена з выкарыстаннем наёмнай працы.

т. 5, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭ́ВА шматгадовая расліна з выразным, у рознай ступені адраўнелым гал. сцяблом (ствалом), кронай і разгалінаванай каранёвай сістэмай; пашыраная жыццёвая форма раслін. Адыгрывае гал. ролю ў стварэнні лясных біяцэнозаў. На Беларусі 26 відаў Д. Сярод іх лесаўтваральныя (асіна, бяроза, вольха, граб, дуб, елка, хвоя) і пладовыя (вішня, груша, сліва, яблыня) пароды. Ёсць дрэвы-помнікі. Шэраг Д. інтрадукаваныя (лістоўніца сібірская і еўрапейская, хвоі Банкса, Мурэя, веймутава і інш.).

Д. ўзніклі ў сярэднім дэвоне. Належаць пераважна да хвойных (з голанасенных) і двухдольных (з пакрытанасенных) раслін. Крона ў большасці Д. складаецца з галін і лісця. Ствол захоўваецца на працягу ўсяго жыцця, кожны год дае прырост у таўшчыню, утвараючы гадавыя кольцы. У Д. з класа аднадольных (напр., пальмаў) крона складаецца з разеткі вял. лісця і адсутнічае другасны прырост у таўшчыню. Есць Д. летне-зялёныя (скідваюць лісце з надыходам восені, напр., дуб, вольха) і вечназялёныя (напр., елка, піхта, хвоя). Сярод лісцевых Д. вылучаюць шыракалістыя (дуб, клён, ясень) і драбналістыя (асіна, бяроза, вольха). Адрозніваюць Д. першай велічыні (20 м і больш; дуб, елка, ліпа, хвоя), другой (10—20 м; вольха, груша, рабіна) і трэцяй (5—10 м; глог, яблыня, ядловец). Працягласць жыцця разнастайная, ад 20 да соцень і тысяч гадоў (баабаб, секвоя — да 3—5 тыс. гадоў, дуб — 500—1000, хвоя — 300—350, елка — 250—300, асіна, бяроза — 150—200 гадоў). Д. — адны з асн. прадуцэнтаў кіслароду паветра, даюць драўніну, ядомыя плады, лек., тэхн. і хім. сыравіну; выкарыстоўваюцца для азелянення.

Выкарыстоўваецца са стараж. часоў у архітэктуры (гл. Драўлянае дойлідства), дэкар.-прыкладным і нар. мастацтве, скульптуры. На Беларусі з Д. здаўна вырабляюць хатняе начынне, прылады працы, трансп. сродкі, мэблю і інш. Шырока выкарыстоўвалася Д. ў пернікарстве, набіванцы, іканастасах, абкладах абразоў і інш. Асн. матэрыял дрэварыту. Разьбой па Д. ўпрыгожваюць ліштвы, франтоны, вільчакі, вуглавыя накладкі. Багацце колеравых адценняў, разнастайнасць фактуры і тэкстуры вызначаюць мноства дэкар. эфектаў у вырабах з Д.

Розныя формы дрэў: 1 — хвоя звычайная; 2 — елка звычайная; 3 — кедр ліванскі; 4 — бяроза; 5 — вольха; 6 — вярба; 7 — вашынгтонія; 8 — баньян.

т. 6, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУРНАЛІ́СТЫКА (ад франц. journal газета),

від творчай дзейнасці грамадскага кірунку па зборы, апрацоўцы і распаўсюджванні актуальных паведамленняў і звестак, праз сродкі масавай інфармацыі (СМІ) — друк, радыё, тэлебачанне, кіно і інш. Уключае таксама навуку пра ролю і месца СМІ у жыцці грамадства, пра формы і металы журналісцкай дзейнасці. Вызначаецца аператыўнасцю і перыядычнасцю, абапіраецца на юрыд. законы і маральна-этычныя нормы, развіваецца па ўласных прынцыпах і законах. Праз СМІ выконвае інфарм. функцыі, уздзейнічае на грамадскую думку, на светапогляд чалавека. Функцыі і задачы Ж. ў розны гіст. перыяд мяняліся. У залежнасці ад канкрэтных задач (публіцыстычных, мастацкіх, навуковых, прафесійных і інш.) Ж. ўласціва шматгаліновасць.

Ж. ўзнікла ў пач. 17 ст. (гл. Газета, Часопіс). Першыя рэгулярныя масавыя перыяд. выданні з’явілася ў 2-й пал. 18 ст. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. з вынаходствам фатаграфіі і кінематографа з’явілася фота- і кінажурналістыка, з 1920-х г. развіваецца радыёжурналістыка, з 1940-х г. — тэлежурналістыка. У сучаснай Ж. важную ролю адыгрываюць дзярж. і прыватныя сродкі масавай інфармацыі. Спецыфіка Ж. патрабуе высокакваліфікаваных прафес. кадраў. На Беларусі журналісцкую адукацыю атрымліваюць на ф-це журналістыкі БДУ (з 1944), дзе найб. актыўна займаюцца таксама яе навук. і практ. праблемамі. З 1946 дзейнічае Міжнародная арганізацыя журналістаў, з 1959 Бел. саюз журналістаў (гл. Саюз журналістаў Беларусі). Лепшыя работы ў галіне Ж. на Беларусі адзначаюцца Дзярж прэміяй (з 1967; да 1991 імя П.М.Лепяшынскага). Вывучэнню праблем гісторыі, тэорыі і практыкі Ж. на Беларусі прысвечаны працы С.Х.Александровіча, Р.В.Булацкага, С.В.Говіна, С.В.Марцэлева, І.І.Сачанкі, Б.В.Стральцова, М.Я.Цікоцкага і інш. даследчыкаў. Выходзілі і выходзяць выданні, прысвечаныя журналісцкай дзейнасці, — «Рабселькор» (1931—33), «У дапамогу работнікам мясцовага друку», «Культура мовы журналістаў» (вып. 1—6, 1982—92), «Веснік БДУ» (серыя IV, з 1969) і інш., выдаюцца зборнікі, манаграфіі і інш. даследаванні.

Літ.:

Цікоцкі М.Я. З гісторыі беларускай журналістыкі XIX ст. Мн., 1960;

Марцелев С.В. Печать Советской Белоруссии. Мн., 1967;

Стральцоў Б.В. Публіцыстыка. Жанры. Майстэрства. Мн., 1977;

Булацкі Р.В., Сачанка І.І.,Говін С.В. Гісторыя беларускай журналістыкі. Мн., 1979;

Орлова Т.В. Введение в журналистику. Организация работы редакции газеты. Мн., 1989.

С.В.Говін.

т. 6, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ САВЕ́Т РАБО́ЧЫХ І САЛДА́ЦКІХ ДЭПУТА́ТАЎ.

Утвораны 4(17).3.1917 паводле рэзалюцыі служачых Заходнефрантавога к-та Усерас. земскага саюза. У гэты ж дзень выбраны Часовы выканаўчы к-т з 9 чал. 8 сак. Савет выказаў падтрымку Часоваму ўраду. 10 сак. Савет рабочых дэпутатаў і Савет салдацкіх дэпутатаў аб’яднаны. Яго друкаваны орган — газ. «Известия Минского Совета рабочих и солдатских депутатов». У маі — пач. чэрв. адбыліся перавыбары (выбраны 265 чал.). Пры Савеце існавалі секцыі: ваенная, рабочая, чыгуначная, культ.-асв., рэдакцыйная, харч., фін. і інш. У выніку перавыбараў (2-я пал. вер.пач. кастр.) з 337 дэпутатаў Савета 184 былі бальшавікі, 60 эсэраў, 21 меншавік, 21 бундавец, 48 беспартыйных. 3 ад Паалей-Цыёна і Аб’яднанай яўр. сацыяліст. рабочай партыі (АЯСРП); у склад выканкома выбраны 23 бальшавікі, 7 эсэраў, 4 бундаўцы, 1 паалейцыяніст, 1 ад АЯСРП, 2 месцы пакінуты за прафсаюзамі. Да кастр. 1917 адбылося не менш як 35 пасяджэнняў Савета. 25 кастр. з мэтай прадухілення ў горадзе магчымых беспарадкаў утвораны рэв. штаб; 26 кастр. ад імя выканкома Мінскага Савета выдадзены «Загад № 1. Да насельніцтва г. Мінска і яго наваколляў», у якім заяўлена пра пераход усёй улады да М.С.р. і с.д. Вызваленыя з турмы і гаўптвахт салдаты (каля 800 чал.) былі аб’яднаны ў Першы рэв. імя Мінскага Савета полк. 2 ліст. ўся ўлада ў горадзе перайшла да ВРК Зах. фронту. Да 25 студз. 1918 у М.С.р. і с.д. існавалі аддзелы: па арганізацыі чырв. гвардыі, па арганізацыі чырв. арміі Мінскага гарнізона, па барацьбе з контррэвалюцыяй і спекуляцыяй, асветы, жыллёвы, кааперацыі, працы, мясц. самакіравання, агітацыі і арганізацыі і інш. З прычыны наступлення герм. войск 19.2.1918 кіраўніцтва Савета пакінула Мінск. Савет пачаў адраджацца ў снеж. 1918, калі напярэдадні эвакуацыі герм. войск адбыліся выбары ў гар. Савет рабочых дэпутатаў. Пасля абвяшчэння Беларускай ССР у выніку дагавору прэзідыума Савета з ВРК Мінскай губ. да канца студз. 1919 былі арганізаваны перавыбары Савета, які атрымаў назву Мінскі Савет рабочых і чырвонаармейскіх дэпутатаў.

М.Я.Сяменчык.

т. 10, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАІ́, Алішэр Наваі Нізамаддзін Мір Алішэр (10.2.1441, г. Герат, Афганістан — 3.1.1501), узбекскі паэт, мысліцель, дзярж. дзеяч. Вучыўся ў Гераце, Мешхедзе, Самаркандзе. Вучань і сябар паэта А.Джамі. З 1469 служыў пры султане Хусейне Байкары — школьным сябры паэта. У 1472 атрымаў тытул эміра і стаў везірам. На свае сродкі будаваў ірыгацыйныя сістэмы, масты, школы, майстэрні каліграфіі і пераплёту. Як гуманіст выступаў супраць дэспатызму і схаластыкі. Зазнаў ганенне прыдворных вяльможаў. У 1488 пакінуў службу. Яшчэ юнаком стаў вядомы як паэт. Пісаў на перс., стараўзб. і тадж. мовах. Аўтар каля 30 зб-каў вершаў, паэм, празаічных твораў і навук. трактатаў, у якіх адлюстраваў тагачаснае духоўнае жыццё Сярэдняй Азіі. У 1498—99 склаў збор (каля 47 тыс. радкоў) сваіх вершаў у 4 зборніках («Дзівосы дзяцінства», «Рэдкасці юнацтва», «Дзівосы сярэдніх гадоў», «Карысныя парады старасці»), куды ўвайшлі вершы розных лірычных жанраў: газелі (болей за 2600), касыды (оды), страфічныя вершы і інш. У вершах Н. філас. роздум, думка пра чалавека як носьбіта дабрачыннасці або заганы, малюнкі прыроды, багаты гукапіс. Вяршыня яго творчасці — «Пяцерыца» («Хамсе») з 5 паэм: «Неспакой праведных» (1483), «Лейлі і Меджнун», «Фархад і Шырын», «Сем планет» (усе 1484), «Іскандэраў мур» (1485), асн. ідэя якіх услаўленне навукі, разумнага кіраўніка дзяржавы, любоў да бацькаўшчыны, павага да чалавека працы. Аўтар кн. «Пяцерыца ўзрушаных» (1492, прысвечана Джамі), анталогіі «Збор вытанчаных» (1491—92, з характарыстыкай 336 паэтаў 15 ст.), трактата па вершаскладанні «Вагі памераў» (1494), філас. алегарычнай паэмы «Мова птушак», трактата «Спрэчка дзвюх моў» (абодва 1499), філас.-дыдактычнага твора «Каханы сэрцаў» (1500). Паўплываў на развіццё ўзб. і інш. цюркамоўных л-р. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі В.Жуковіч, Я.Міклашэўскі і інш.

Тв.:

Бел. пер. — Лірыка: Газелі, урыўкі з паэм. Мн., 1993;

Рус. пер.Соч. Т. 1—10. Ташкент, 1968—70;

Афоризмы. Ташкент, 1991;

Язык птиц. СПб., 1993.

Літ.:

Захидов В. Мир идей и образов Алишера Навои. Ташкент, 1961;

Бертельс Е.Э. Избр. труды. Навои и Джами. М., 1965;

Султан И. Книга признаний Навои: Жизнь и творчество великого поэта со слов его самого и современников: Пер. с узб. Ташкент, 1985.

Наваі.

т. 11, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУКО́ВА-ПАПУЛЯ́РНАЯ ЛІТАРАТУ́РА,

творы пра з’явы прыроды, аб’екты навакольнага свету, навук. праблемы, пра вучоных, грамадскіх і культ. дзеячаў, адрасаваныя шырокім масам; своеасаблівае спалучэнне навук. дакладнасці і мастацкасці. Жанры Н.-пл.: публіцыстычны артыкул, праблемны нарыс, дакумент. аповесць, успаміны, біяграфія, апавяданне, падарожны дзённік, навук.-маст. твор.

Першы твор Н.-пл. — «Аб прыродзе рэчаў» Лукрэцыя Кара (1 ст. да н.э.). Да твораў гэтага жанру належаць «Ліст пра карыснасць шкла» М.В.Ламаносава, «Жыццё жывёл» А.Э.Брэма (т. 1—6, 1863—69), «Жыццё расліны» К.А.Ціміразева (1878), «Фізіялагічныя нарысы» І.М.Сечанава (1884), «Загадкі свету» Э.Гекеля (1899) і інш. У 20 ст. шэраг навук.папулярных твораў стварылі К.Паустоўскі, С.Вавілаў, В.Біянкі, Б.Жыткоў, Я.І.Перэльман, А.Азімаў, Л. дэ Бройль, М.Гарднер, А.Кларк, Ж.І.Кусто, Т.Хеердал і інш.

На Беларусі рысы асветнага і папулярызатарскага падыходу да важных філас.-светапоглядных і грамадска-паліт. праблем выяўляліся ў прадмовах Ф.Скарыны, «Катэхізісе» С.Буднага (1562), творах М.Сматрыцкага, гіст. хранографах 17—18 ст. У 19 ст. элементы Н.-пл. мелі краязн. працы К.Тышкевіча «Вілія і яе берагі», Ю.Крашэўскага «Пінск і яго ваколіцы», У.Сыракомлі «Вандроўю па маіх былых ваколіцах», П.Шпілеўскага «Падарожжа па Палессі і Беларускім краі» і інш. Развіццё Н.-пл. на пач. 20 ст. звязана з газ. «Наша ніва», дзе друкаваліся матэрыялы пра родны край, яго гісторыю, славутых дзеячаў. У час, «Лучынка» (1914) Цётка (А.Пашкевіч) змясціла нарысы «Пералётныя птушкі», «Успаміны з паездкі ў Фінляндыю», «З дарогі». У 1914—15 М.Багдановіч выдаў шэраг брашур, у якіх паказаў роднасць слав. народаў. Сярод твораў Н.-пл. пасля 1917 — аповесць Я.Маўра «Чалавек ідзе!..» (1926—27), Ю.Віцьбіча «Плыве з-пад Святое гары Нёман...» (ч. 1, 1956), кнігі В.Вольскага «Афрыканскае падарожжа» (1963) і «Падарожжа па краіне беларусаў» (1968), У.Караткевіча «Зямля пад белымі крыламі», П.І.Клімука «Зоры — побач», В.Рабцэвіча «Аб чым расказваюць манеты» (2-е выд.; усе 1977) і інш. Н.-пл. апошніх дзесяцігоддзяў прадстаўлена творамі У.Арлова «Асветніца з роду Усяслава: Ефрасіння Полацкая», А.Цітова «Гарадская геральдыка Беларусі» (абодва 1989), М.Гайдука «Паратунак» (1993), У.Емяльянчыка «Паланез для касінераў», К.Тарасава «Памяць пра легенды» (2-е выд.; абодва 1994), С.Цярохіна «Многія прыйдуць пад імем маім» (1995), В.Чаропкі «Уладары Вялікага княства» (1996) і інш.

т. 11, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСО́ВІЧ (Іван Іванавіч) (7.10.1788, в. Гразівец Чавускага р-на Магілёўскай вобл. — 6.8.1877),

бел. мовазнавец-лексікограф, фалькларыст, этнограф. Скончыў магілёўскія гімназію і духоўную семінарыю (1812). З 1812 выкладчык, інспектар Аршанскага, рэктар Мсціслаўскага духоўных вучылішчаў, з 1822 заг., наглядчык, выкладчык Дынабургскай гімназіі, Маладзечанскага, Свянцянскага дваранскіх вучылішчаў. З 1843 у адстаўцы, жыў і займаўся навук. працай у г. Мсціслаў. Шмат падарожнічаў па Беларусі. Супрацоўнічаў з Аддзяленнем рус. мовы і славеснасці Пецярбургскай АН, Археаграфічнай камісіяй, Аддзяленнем этнаграфіі Рус. геагр. т-ва. Па іх прапанове склаў першы гіст. слоўнік бел. мовы «Алфавітны паказальнік старажытных беларускіх слоў, выбраных з Актаў, што адносяцца да гісторыі Заходняй Расіі», дзе растлумачыў каля 13 тыс. слоў і паняццяў (Увараўская прэмія 1865; рукапіс завершаны ў 1867, захоўваецца ў Нац. б-цы ў Пецярбургу). Асн. месца ў яго навук. спадчыне займае тлумачальна-перакладны «Слоўнік беларускай мовы» (1870, Дзямідаўская прэмія 1865), у які ўключана больш за 30 тыс. слоў запісаных у Магілёўскай, Віцебскай, Мінскай і Гродзенскай губ., выбраных з вуснай нар. творчасці, старабел. пісьмовых крыніц. У 1881 выдадзены «Дадатак да беларускага слоўніка І.І.Насовіча» (каля 1 тыс. новых слоў). Аўтар фалькл.-этнагр. прац: «Зборнік беларускіх прыказак» (1867, залаты медаль Рус. геагр. т-ва), у які ўключыў і растлумачыў эквівалентамі з інш. моў, пракаменціраваў каля 3500 прыказак, прымавак, прыгаворак і інш. блізкіх да іх паняццяў, «Беларускія прыказкі і прымаўкі» (1852), «Беларускія прыказкі і загадкі» (1868), «Беларускія песні» (1873, больш за 350 тэкстаў), зборнік «Легенды, паданні, быліны, байкі, анекдоты» (рукапіс не выяўлены) і інш. У гіст.-лінгвістычным даследаванні «Аб плямёнах да часоў Рурыка, што засялялі беларускую тэрыторыю» даводзіў, што назва плямён «дрыгавічы», «радзімічы», «крывічы» і інш. паходзяць ад бел. нар. слоў. Аўтар гісторыка-мемуарнай працы «Успаміны майго жыцця» (рукапіс у б-цы Рас. АН у Пецярбургу), артыкулаў, прысвечаных песеннай культуры беларусаў. Пераклаў з лац. мовы 3-томную працу А.Тэйнера «Старажытныя помнікі, што асвятляюць гісторыю Польшчы і Літвы», у якой адлюстраваны ўзаемадачыненні Польшчы і ВКЛ, асветлена гісторыя зямель Беларусі з 1217 да 1696.

Тв.:

Слоўнік беларускай мовы. Мн., 1983 (Факс. выд.).

Літ.:

Гуліцкі М.Ф. Нарысы гісторыі беларускай лексікаграфіі (XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1978.

І.П.Хаўратовіч.

І.І.Насовіч.

т. 11, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)