ПІВАВА́РАЎ (Зяма Раманавіч) (Залман Рувімавіч; 5.6.1910, г. Касцюковічы Магілёўскай вобл. — 29.10.1937),
бел.паэт. Скончыў Бел. вышэйшы пед.ін-т (1934). З 1929 працаваў у Ленінградзе. З 1934 у газ. «Чырвоная змена». У 1936 рэпрэсіраваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1958. Друкаваўся з 1925. Аўтар зб. вершаў «Лірыка двух нараджэнняў» (1934), у якім услаўленне працоўнага гераізму народа. Выступаў як тэатральны рэцэнзент. Перакладаў на бел. мову паасобныя творы А.Пушкіна, З.Аксельрода і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЭ́ЙДЖЭР (англ. pager),
партатыўны радыёпрыёмнік з вадкакрышталічным экранам для прыёму моўнай інфармацыі і літарна-лічбавага тэксту, што адлюстроўваецца на экране. Мае блок памяці для запамінання і прагляду раней прынятых паведамленняў. Кожнаму П. прысвойваецца індывідуальны нумар (код адраса), па якім аператар сеткі пэйджынгавай радыёсувязі накіроўвае паведамленні пэўнаму абаненту. З дапамогай П. можна таксама перадаваць інфармацыю з камп’ютэра, ажыццяўляць двухбаковую сувязь, пасылаць паведамленні з аднаго П. на другі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РА́ВІЧ»,
прыватнаўласніцкі герб, якім карысталася больш за 250 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Ажароўскія, Нямцэвічы, Прушынскія, Ромеры, Саламярэцкія. У залатым полі чорны мядзведзь, на ім сядзіць жаночая постаць у чырв. сукенцы з распушчанымі валасамі ў залатой кароне. Клейнод — над прылбіцай з каронай паміж аленевымі рагамі палова чорнага мядзведзя з чырв. ружай у лапе. Вядомы з пач. 14 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАН’ЮГА́ЦЫЯ (ад лац. conjugatio злучэнне),
1) у водарасцей і ніжэйшых грыбоў — палавы працэс, пры якім зліваецца змесціва 2 знешне падобных бязжгуцікавых клетак. Адбываецца толькі ў ч. відаў водарасцей — дыятомавых і некат. кан’югатаў.
2) У інфузорый — палавы працэс, пры якім часова злучаюцца 2 асобіны (бакамі, дзе знаходзяцца ротавыя адтуліны) для абмену часткамі іх ядзернага апарата і невял. колькасці цытаплазмы. Пры зліцці вегетатыўнае ядро (макрануклеус) разбураецца, а палавое ядро (мікрануклеус) двойчы дзеліцца шляхам меёзу. Потым 3 ядры разбураюцца, а адно дзеліцца зноў і кожная з яго палавінак абменьваецца на палавінку ядра партнёра. Абмененыя ядры зліваюцца з тымі, якія засталіся ў клетках, і інфузорыі разыходзяцца. З атрыманага ядра зноў утвараецца макрануклеус і мікрануклеус. З’яўляецца прыкладам палавога працэсу без расплоджвання. 3)У бактэрый — адзін са спосабаў абмену генет. інфармацыяй. Трапляецца ў энтэрабактэрый, псеўдаманад і інш. Адбываецца аднанакіраваны перанос генаў донарскай храмасомы («мужчынскай» клеткі) да рэцыпіента («жаночай» клеткі) з рэкамбінацыяй генаў. Спадчынныя ўласцівасці рэцыпіента змяняюцца ў адпаведнасці з колькасцю генет. інфармацыі, якая знаходзіцца ў перададзеным кавалку ДНК. У пракарыётаў К. забяспечвае павышэнне спадчыннай зменлівасці.
4) У храмасом К. — часовае збліжэнне парамі гамалагічных храмасом, у час якога магчымы абмен іх гамалагічнымі ўчасткамі. Пасля К. храмасомы разыходзяцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЦЭ́НЗІЯ (ад лац. recensio разгляд, ацэнка),
артыкул-даследаванне адлюстраванай рэчаіснасці, у якім ацэньваецца маст. (літ., муз., кінематаграфічны, тэатр. і інш.), навук. ці навук.-папулярны твор, разглядаюцца вартасці і недахопы яго зместу і формы; аналіт. жанр газетна-часопіснай публіцыстыкі, літ., маст., навук. крытыкі. Галоўнае ў Р. — ацэнка важкасці аўтарскіх канцэпцый і правільнасці меркаванняў, вывадаў, рэкамендацый. Рэцэнзент ацэньвае тэарэт. і практ. значнасць новых ідэй, сац. мадэлей, тэхн. навінак, падмацоўваючы свае вывады сістэмай аргументаў і тэкставых вытрымак. Вылучаюць некалькі асн. відаў Р.: невял. крытычны або публіцыстычны артыкул (часта палемічнага характару), у якім выказаны адносіны да пэўнага твора ці вынаходніцтва; разгорнутая анатацыя, якая раскрывае змест твора; маст.-публіцыстычная інтэрпрэтацыя твора (эсэ) з роздумам-ацэнкай; аўтарэцэнзія, у якой аўтар выкладае погляд на свой твор ці палемізуе з крытыкам адносна тлумачэння гэтага твора ў друку. Адметнасць Р. як жанру: своеасаблівыя стыль, прыёмы распрацоўкі і трактоўкі тэмы, спецыфічныя сюжэтныя і кампазіцыйныя сродкі. Р. як асобая форма літ.-маст. крытыкі ўключае логіка-вобразную карціну ўспрымання твора, сістэму ўспрымання і пазнання навакольнай рэчаіснасці, засн. на ўласным вопыце рэцэнзента. Рэцэнзент выкарыстоўвае аўтарскія канцэпцыю выкладу і думку, таму Р. не прэтэндуе на поўную самастойнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКТЭРЫЯЛІЗІ́НЫ,
антыцелы, якія выклікаюць разбурэнне і растварэнне клетак бактэрый (бактэрыёліз). Дзейнічаюць пры ўдзеле камплементу — бялковага комплексу свежай сывараткі крыві (фактар прыроднага імунітэту ў жывёл і чалавека), з якім звязана ўстойлівасць арганізма да хваробатворных мікробаў. Бактэрыялізіны выдзяляюцца жывёльнымі арганізмамі і многімі бактэрыямі, напрыклад сінягнойная палачка выдзяляе бактэрыялізін, які растварае бактэрыі сібірскай язвы, брушнога тыфу, дыфтэрыі. Бактэрыялізіны — адзін з фактараў імунітэту пры халеры, тыфапаратыфозных і інш. захворваннях. Бактэрыцыднае дзеянне бактэрыялізінаў павялічвае лізацым (выклікае неспецыфічны бактэрыёліз).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎГУСЦІ́НЧЫЧ ((Augustinčić) Антун) (4.5.1900, с. Кланец, Харватыя — 10.5.1979),
харвацкі скульптар. Ганаровы чл.АМСССР (1975). Праф. Заграбскай АМ. Вучыўся ў Заграбскай АМ (1922—24), парыжскіх школах прыгожых мастацтваў і дэкар. мастацтваў (1924—26). Аўтар манумента Сав. Арміі ў с. Баціна-Скела (1945—47), помніка Міру перад будынкам ААН у Нью-Йорку (1952—54, паст. ў 1955), станковых кампазіцый, партрэтаў, жаночых статуй і торсаў, якім уласцівыя дынаміка, жывапіснасць, абагульненасць манумент. формаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫСЕ́ВІЧ (Аляксей Іванавіч) (25.6.1880, в. Саленікі Карэліцкага р-на Гродзенскай вобласці — 20.11.1953),
вынаходнік-самавук. Герой Працы (1934). Працаваў у Цэнтр. аэрагідрадынамічным ін-це імя М.Я.Жукоўскага (ЦАГІ; 1926—29), з 1939 на прадпрыемствах Масквы. Прапанаваў тэхналогію пайкі алюмінію звычайным паяльнікам і патай-клёпкі ў самалётабудаванні. Удзельнічаў у вырабе першых (залатых) зорак Крамля, у мантажы самалётаў АНТ-20 («Максім Горкі») і АНТ-25, на якім адбыўся першы пералёт з СССР у ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ЭКАЛАГІ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ (БЭП),
палітычная партыя сацыяльна-экалагічнага кірунку. Створана ў снеж. 1993. Кіруючы орган паміж з’ездамі — цэнтр. рада. Асн. мэты — стварэнне ў Рэспубліцы Беларусь грамадства, у якім будзе рэальна забяспечана права грамадзян на здароўе і паўнацэннае жыццё ў сацыяльна і экалагічна здаровым асяроддзі, абарона грамадзянскіх, паліт., экалагічных, сац. і культ. правоў і свабод грамадзян, фарміраванне ў іх сучаснага экалагічнага светапогляду і экалагічнай культуры. Мае пярвічныя арг-цыі ва ўсіх абласцях Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯХО́Р(А) (ад бія... + ...хор),
1) геаграфічнае асяроддзе, у якім вызначаныя пануючыя жыццёвыя формы прыстасаваны да пэўных спалучэнняў метэаралагічных фактараў.
2) Вобласць пашырэння жыцця.
3) Група падобных месцапражыванняў.
4) Кліматычная мяжа фларыстычнага раёна.
5) Буйное падраздзяленне біясферы. Ахоплівае прасторава аб’яднаныя біятопы, якія размешчаны ў аднатыпных кліматычных умовах і характарызуюцца спецыфічным складам жывога насельніцтва. Аб’ядноўваюцца ў біяцыклы. Уяўленне аб біяхоры аналагічнае паняццю «ландшафтная зона» (у экалогіі з-за большай канкрэтнасці яму аддаецца перавага).