у беларусаў кісла-салодкая мучная страва. Наз. таксама путра. Жыта замочвалі на суткі, потым сушылі і малолі ў жорнах; разводзілі вадой у гаршку, прыварвалі і вылівалі ў дзежку закісаць. Як укісне, елі з бульбай. Часцей С. рабілі з жытняй нясоладавай мукі. Тады яе даўжэй парылі, каб лепш усаладжала, або дадавалі мёд, цукар. С. разводзілі таксама з грэцкай або з сумесі жытняй (2 часткі) і грэцкай (1 частка) мукі. З С. рабілі квас, на ёй некат. рашчынялі хлеб. На Мядзельшчыне, Пастаўшчыне С. наз. ўсаладжалую закалоту з жытняй мукі, з якой разводзілі раўгеню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМААПЫЛЕ́ННЕ,
працэс пераносу пылку з пыльнікаў кветкі на рыльца песціка той самай кветкі або інш. кветкі адной расліны. У адных раслін С. — аблігатны (асноўны) спосаб апылення (авёс, пшаніца, некат. крыжакветныя), у другіх — факультатыўны (рэзервовы), выкліканы неспрыяльнымі ўмовамі. Звычайна адбываецца пад канец цвіцення, рэдка да яго пачатку. Пастаяннае С. бывае часцей у аднагадовых раслін. Эвалюцыя кветкавых раслін ішла па шляху выпрацоўкі шматлікіх прыстасаванняў, якія перашкаджаюць С. і спрыяюць перакрыжаванаму апыленню. Але ў большасці яно спалучаецца з С., таму што генет. С. спрыяе стабілізацыі адзнак віду, а перакрыжаванае — розным камбінацыям і ўзмацненню ўнутрывідавой зменлівасці. Прыватны выпадак С. — клейстагамія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАНО́ВАСЦЬ, элефантыяз,
значнае павелічэнне ч. цела, абумоўленае ацёкам і залішнім утварэннем фібрознай тканкі ў скуры, падскурнай клятчатцы ў выніку працяглага парушэння адтоку лімфы. Часцей бывае С. ног, радзей рук, палавых органаў і інш. Падзяляецца на першасную і другасную. Першасная С. бывае прыроджаная і спадчынная, звязана з заганамі развіцця калектарных лімфатычных сасудаў і недастатковасцю іх клапаннага апарату. Другасная С. узнікае ў выніку закупоркі лімфатычных сасудаў, пры сцісканні сасудаў пухлінамі, туберкулёзе і інш. Прыкметы С.: скура паступова дэфармуецца, навісае складкамі, з’яўляюцца трэшчыны, язвы, разрастанні; пашкоджаныя ч. цела дасягаюць значных памераў. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРАКАЧЫ́ (Cleridae),
сямейства жукоў падатр. разнаедных. Каля 3,5 тыс. відаў. Пашыраны паўсюдна, найб. у тропіках. На Беларусі 8 відаў, часцей трапляюцца С. мурашыны, або мурашкажук (Thanasimus formicarius), і С. пчаліны, або пчалажук звычайны (Trichodes apiarius).
Даўж. да 25 мм. Цела прадаўгаватае, укрытае валаскамі, цёмнае, часта з яркімі, стракатымі надкрыламі ў разнаколерных папярочных палосах (адсюль назва). Галава вял., вусікі 11-членікавыя. Лапкі 5-членікавыя. Дарослыя і лічынкі большасці С. — драпежнікі. кормяцца насякомымі і іх лічынкамі; ёсць некрафагі; некат. віды паразітуюць у гнёздах пчол, вос. пашкоджваюць харч. прадукты. Іл.гл. да арт.Жукі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРОЙ (ваен.),
вызначанае статутам размяшчэнне ваеннаслужачых, падраздзяленняў і часцей для іх сумесных дзеянняў у пешым парадку і на машынах. Забяспечвае арганізаванае і хуткае перамяшчэнне войск і кіраванне імі. С. мае фронт, тыльны бок, флангі, шырыню і глыбіню. Асн. С. складаюць шарэнгі (лініі машын), калоны. Ваеннаслужачыя (падраздзяленні, часці, машыны) размяшчаюцца ў С. на ўстаноўленых інтэрвалах і дыстанцыях. С. бываюць аднашарэнгавыя і двухшарэнгавыя, паходныя, разгорнутыя, разамкнутыя і самкнутыя. Існуюць таксама С. караблёў (кільватэр, пеленг і інш.), С. самалётаў (змейка, калона, ромб і інш.).
С.А.Фамін.
Да арт.Строганаўская школа. Абраз «Мана стыр Зосімы і Савація Салавецкіх». 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭ́РЭУС (Cereus),
род кветкавых раслін сям. кактусавых. Больш за 40 відаў. Пашыраны ў саваннах, камяністых пустынях, марскіх узбярэжжах Цэнтр. і Паўд. Амерыкі. Адзін з першых кактусаў, вядомых еўрапейцам (яго выява ёсць у траўніку 1588). На Беларусі ў пакоях і аранжарэях вырошчваюць Ц.Джамакару (C. jamacaru) і перуанскі (C. peruvianus).
Шматгадовыя дрэвападобныя або кустападобныя (часам сцелістыя) расліны выш. 1,7—20 м, дыям. да 40 см. Сцёблы рабрыстыя, з калючкамі, ’галінастыя ў аснове. Кветкі часцей белыя, буйныя, адзіночныя, раскрываюцца ноччу. Плод — ягадападобны, у некаторых відаў ядомы. Сцёблы выкарыстоўваюць на паліва. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТРЭ́Т ПАХАВА́ЛЬНЫ,
жывапісная або скульптурная выява нябожчыка. Функцыя П.п. — дакладная перадача фізічнага аблічча памерлага для ўшанавання яго памяці або (паводле шэрагу рэліг. дактрын) забеспячэння вечнага жыцця яго душы. П.п. магла быць прыжыццёвая выява памерлага, адлюстраванне, выкананае з пасмяротнай маскі, часта з геральдычнымі знакамі і надпісамі. Нярэдка быў часткай скульпт.надмагілля.
Вядомы са старажытнасці ў многіх народаў свету (напр., фаюмскі партрэт у Егіпце). Вылучаюць трунны, эпітафійны партрэты і жалобную харугву (канклюзію). Трунны партрэт часцей малявалі алейнымі фарбамі на метал. блясе 6—8-граннай або акруглай формы. Прызначаўся ён для размяшчэння на тарцовай частцы труны ў час пахавальнай цырымоніі, пазней яго звычайна змяшчалі на сцяне крыпты або храма; уваходзіў у склад сінт.маст. вырашэння яго інтэр’ера. Эпітафійны партрэт не мацаваўся на труну і таму часцей меў авальную форму, уваходзіў у склад прысценнага скульпт. надмагілля ў храме разам са скульпт. алегарычнымі постацямі і надмагільным надпісам у рамцы. Для адной цырымоніі маглі быць выкарыстаны і трунны і эпітафійны партрэты. Своеасаблівы від П.п. — канклюзія — жалобная харугва з маляваным або шытым партрэтам, упрыгожаная метал. ніткамі, галунамі, карункамі, звычайна з надпісам біягр. або панегірычнага характару і выявай герба.
На Беларусі былі пашыраны ў 15—18 ст., найб. раннія формы трапляюцца ў тканых пахавальных пакрывалах і харугвах. Сярод найб. значных П.п. партрэты А.Завішы (1676), А.Пацея (18 ст.), эпітафія Б.Біспінгу работы І.Прукнера ў Троіцкім касцёле ў Ружанах (1789), надмагілле М.Радзівіла ў касцёле ў Дзятлаве (18 ст.) і інш.
Літ.:
Хадыка А.Ю., Хадыка Ю.В. Непаўторныя рысы: З гісторыі бел. партрэта. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАТУ́ТЫ ВО́ІНСКІЯ,
афіцыйныя нарматыўна-прававыя дакументы, якія рэгламентуюць паўсядзённую дзейнасць ваеннаслужачых ва ўзбр. сілах шэрагу дзяржаў, у т. л. Беларусі. С.в. вызначаюць дысцыплінарныя правы і абавязкі, жыццё і быт, нясенне службы і падрыхтоўку асабовага складу, а таксама асновы баявых дзеянняў падраздзяленняў, часцей і злучэнняў.
Спроба кадыфікаваць вайск. права на Беларусі зроблена пры складанні Статута Вялікага княства Літоўскага 1529. Артыкулы вайсковыя, якія дзейнічалі ў ВКЛ у 16—18 ст., былі першымі баявымі і дысцыплінарнымі статутамі арміі, а таксама зборнікамі вайскова-крымінальнага права. У 1754 паводле распараджэння Радзівіла ў Нясвіжы зроблена першае сістэматызаванае выданне актаў па вайск. праве Беларусі. У Расіі С.в. з’явіліся ў 2-й пал. 16 — пач. 17 ст., у 18 — пач. 20 ст. выдаваліся неаднаразова. С.в. для Чырв. Арміі выдадзены ў 1918—19. Са з’яўленнем новых відаў зброі, структурных змен у арганізацыі войска, здабытага баявога вопыту С.в. неаднаразова перапрацоўваліся. С.в., якія былі прыняты ў 1975 ва Узбр. Сілах СССР, у некат. краінах СНД, у т. л. Беларусі, дзейнічалі да сярэдзіны 1990-х г.
Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь С.в. падзяляюцца на баявыя (вызначаюць асновы падрыхтоўкі і вядзення баявых дзеянняў злучэнняў, часцей і падраздзяленняў відаў узбр. сіл і родаў войск, а таксама кіраванне імі; уводзяцца ў дзеянне загадам міністра абароны) і агульнавоінскія, да якіх адносяцца Статут унутранай службы, Статут дысцыплінарны, Статут гарнізоннай і каравульнай службаў. Агульнавоінскія статуты (за выключэннем Страявога статута) зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2001). Іх нормы пашыраюцца і на ваеннаслужачых унутр. войск МУС, пагран. войск і інш. воінскіх фарміраванняў, а таксама на ваеннаабавязаных, якія прызваны на зборы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІМІ́ЧНЫЯ ВО́ЙСКІ Ва Узбр. Сілах СССР (да пач. 1990-х г.) — спец. войскі, прызначаныя для забеспячэння дзеянняў войск (сіл) ва ўмовах радыеактыўнага, хім. і біял. заражэння. Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь наз.войскі радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны. У арміях інш. краін часці і падраздзяленні, якія выконваюць аналагічныя задачы, наз. войскамі абароны ад зброі масавага знішчэння і інш.
З’явіліся ў час 1-й сусв. вайны ў 1915, калі ўпершыню былі выкарыстаны атрутныя рэчывы і агнямёты. Да 1918 Х.в. меліся ў складзе армій амаль усіх краін, што ўдзельнічалі ў вайне. У Чырв. Арміі Х.в. створаны ў 1918. Да пач. 1925 ва ўсіх стралк. і кав. палках, а ў 1927 у дывізіях і брыгадах сфарміраваны хім. падраздзяленні. У 1930-я г. створаны асобныя батальёны проціхім. абароны і дэгазацыйныя батальёны. На ўзбраенне Х.в. паступілі мінамёты, рэактыўныя ўстаноўкі, агнямётныя танкі, спец.хім. машыны і інш. У Вял.Айч. вайну ў складзе Х.в. існавалі тэхн. брыгады (задымлення і маскіроўкі важных аб’ектаў), брыгады (з канца 1943), асобныя батальёны і роты проціхім. абароны, асобныя агнямётныя батальёны, роты і інш. Яны вялі разведку, знішчалі жывую сілу і тэхніку праціўніка агнямётна-запальнымі сродкамі, маскіравалі дымамі свае войскі і аб’екты тылу.
Шэраг падраздзяленняў і часцей Х.в. БВА удзельнічалі ў мінімалізацыі і ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Х.в. Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь складаюцца з падраздзяленняў і часцей, якія пры неабходнасці павінны выконваць задачы па радыяцыйнай хім. разведцы, дэзактывацыі, дэгазацыі дэзінфекцыі ўзбраення, абмундзіравання і інш. матэрыяльных сродкаў, а таксама дэзінфекцыі, дэгазацыі і дэзінсекцыі мясцовасці. У Х.в. ўваходзяць таксама падраздзяленні агнямётна-запальных сродкаў і маскіровачных дымоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВІ́ННІЦА»,
рачны манітор сав. Пінскай ваен. флатыліі, які ўдзельнічаў у абарончых баях на Беларусі летам 1941 у Вял.Айч. вайну. Пабудаваны ў 1920 у Гданьску, прайшоў некалькі мадэрнізацый. У 1920—23 наз. «Mozyrz» («Мазыр»), у 1923—39 — «Toruń» («Торунь»), уваходзіў у склад Віслінскай (1920—22) і Пінскай (1922—39) флатылій ВМФ Польшчы. Затоплены экіпажам у час паходу часцейЧырв. Арміі ў Зах. Беларусь. Падняты сав. маракамі з дна Прыпяці. Меў на ўзбраенні 3 гарматы і 4 кулямёты, экіпаж каля 40 чал. Вёў баі на Бярэзіне (каля Бабруйска). Сеў на мель каля в. Новая Беліца Светлагорскага р-на, узарваны экіпажам 16.7.1941.