скрыжаванне гібрыда 1-га пакалення з бацькоўскай формай-«аналізатарам», якая мае рэцэсіўныя прыкметы (гомазіготная па рэцэсіўных алелях). Праводзіцца з мэтай вызначэння генатыпу гібрыднай асобіны па характары атрыманага патомства. Патомкі ад аналітычнага скрыжавання абавязкова нясуць адзін рэцэсіўны алель ад «аналізатара», на фоне якога павінны праявіцца алелі, атрыманыя ад аналізуемага арганізма. Для аналітычнага скрыжавання (за выключэннем выпадкаў узаемадзеяння генаў) характэрна супадзенне расшчаплення па фенатыпе з расшчапленнем па генатыпе сярод патомкаў. З дапамогай аналітычнага скрыжавання можна вызначыць, да якога тыпу належыць праведзенае скрыжаванне: да мона- або дыгібрыднага. Гл. таксама Скрыжаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСЕЛЕРО́МЕТР (ад лац. accelerare паскараць + ...метр),
прылада для вымярэння паскарэння руху машын, іх сістэм і звёнаў, вібрацыі машын і збудаванняў. Звычайна акселерометр — маятнікавая прылада, у якой адхіленне маятніка (інерцыйнай масы) пад уплывам паскарэння машыны перадаецца на стрэлку градуіраванай шкалы. Бываюць мех., пнеўмат., эл. і інш. Лятальныя апараты (у т. л. ракеты) забяспечваюцца акселерометрам ў выглядзе гірамаятнікаў ці паплаўковых маятнікаў з аўтам. кампенсацыяй сіл трэння. Акселерометр рэлейнага тыпу выкарыстоўваюць для вызначэння найб. намагання пры штампоўцы, коўцы, забіванні паляў і інш.Найб. дакладныя ўжываюцца ў інерцыяльнай навігацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЁМНАЯ ШТАМПО́ЎКА,
від штампоўкі, пры якой загатоўка прымае аб’ёмную форму рабочай поласці штампа. Пры гарачай аб’ёмнай штампоўцы матэрыял награваюць да 200—1300 °C у полымных печах, індукцыйных або інш.тыпу ўстаноўках, затым апрацоўваюць на штамповачных молатах і прэсах (пры вырабе, напр., зубчастых колаў, каленчатых валоў). Пры халоднай аб’ёмнай штампоўцы атрымліваюць вырабы з гладкай паверхняй (заклёпкі, цвікі, загатоўкі балтоў і інш.) пераважна на прэсавых аўтаматах.
Аб’ёмная штампоўка: 1 — верхняя частка штампа; 2 — выраб ва ўнутранай частцы штампа; 3 — завусенец (лішак металу); 4 — ніжняя частка штампа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМЯ́НСКІ ТАЎР, Усходні Таўр,
усходняя частка гор Таўр, у Турцыі. Працягласць каля 600 км. Выш. да 3090 м (г. Нурухак). Уключае хрыбты Ахыр, Энгізек, Малацця, Эргані, Нурхак, Хачрэш. Складзены з метамарфічных вывергнутых і асадкавых парод (вапнякі, пясчанікі). Развіты карст. Горы прарэзаны цяснінамі р. Джэйхан, Еўфрат, Тыгр. На паўн. сухіх схілах і ў ніжнім поясе — паўпустыні, вышэй — горны стэп. На паўд., больш вільготных схілах — зараснікі тыпу маквісу, вышэй — дубовыя паркавыя лясы, рэдкалессе з фісташніку і ядлоўцу, горны стэп і альпійскія лугі. Па Бітліскім і Пазарджыкскім праходах пракладзены чыгункі і шаша.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫ́ЙСКАЯ РА́СА,
тэрмін у заходнееўрапейскай антрапалогіі і расазнаўстве, уведзены ў 19 стагоддзі. Абгрунтоўваў перавагу белай расы, у т. л. існаванне «вышэйшага» расавага тыпу — бялявых арыйцаў, заснавальнікаў вялікай цывілізацыі. Памылковасць тэрміна вынікала з блытаніны паняццяў моўнай і расавай класіфікацыі. У мовазнаўстве арыйскімі называюць індаіранскія мовы, але іх носьбіты не маюць агульных фізічных уласцівасцяў і не ўтвараюць адзінай расы. Тэорыя расавай перавагі, неабходнасці захавання чысціні крыві і пануючага становішча нямецкай нацыі стала асновай ідэалогіі германскіх фашыстаў, выкарыстоўвалася імі для абгрунтавання палітыкі захопу і заняволення іншых народаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРО́ЎСКІ (Ян) (1811, г. Сянно Віцебскай вобласці — 1872),
бел. скульптар. Прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў Вільні пад кіраўніцтвам Р.Слізеня, К.Ельскага. Ствараў пераважна медальёны, бюсты гіст. асоб і дзеячаў культуры Беларусі, Польшчы, Літвы: М.Рэя (1856), К.Ельскага (1853), М.Балінскага (1857), У.Сыракомлі (1856), Ю.Корсака (1853), Т.Нарбута (1856), Б.Панятоўскага (1850), Ю.Нямцэвіча (1850), Я.Каханоўскага (1855), Я.Тышкевіча (1856) і інш. (Нац. музей у Варшаве). Кампазіцыі бюстаў тыпуант. гермы, элементы ўмоўнасці спалучаюцца з перадачай рэаліст. рысаў мадэлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСФАЛЬТАБЕТОНАЎКЛА́ДЧЫК,
машына для ўкладкі асфальтабетону і інш. бітумна-мінеральных сумесяў на аснову пры буд-ве і рамонце дарожных і аэрадромных пакрыццяў. Бываюць асфальтаўкладчыкі гусенічныя, калёсныя, камбінаваныя; цяжкія (прадукцыйнасць да 100 т/гадз) і лёгкія (25—50 т/гадз). Сумесь з бункера асфальтаўкладчыка падаецца да шнэкаў, якія размяркоўваюць яе па шырыні паласы ўкладкі. Разраўноўванне і прафіляванне пакрыцця робяцца з папярэднім яго ўшчыльненнем. Сучасныя асфальтаўкладчыкі аснашчаюцца аўтам. сістэмамі кіравання. Буйнейшыя вытворцы асфальтаўкладчыкаў у ЗША, Германіі, Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́КА-ЛАЦІ́НСКІЯ ШКО́ЛЫ,
навучальныя ўстановы павышанага тыпу ў Маскве ў 2-й пал. 17 ст. Узніклі па ініцыятыве рас. ўрада, царквы і прыватных асоб (школа Ф.М.Рцішчава) у сувязі з патрэбай у адукаваных дыпламатах, настаўніках, прыказных. Школы былі прызначаны вучыць замежным мовам, задавальняць імкненне да ведаў шырокіх слаёў дваранства і пасадскага насельніцтва, павышаць іх агульны культ. ўзровень. Выкладчыкамі былі звычайна святары і манахі. Выкладаліся грэч., лац., царк.-слав. мовы, рыторыка і філасофія. Узнікненне і дзейнасць Грэка-лацінскіх школ садзейнічалі стварэнню ў Маскве Славяна-грэка-лацінскай акадэміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́ЗЕЛу раслін,
звычайна патоўшчаная частка восі парастка, на якой утвараюцца лісце, пупышкі і (часам) прыдатачныя карані. Фарміруецца на конусе нарастання пры закладанні зачатка ліста. Анатамічная будова вузла залежыць ад тыпу лістаразмяшчэння, ад колькасці пучкоў ліставога следу і колькасці лакун. Адрозніваюць адна-, трох і шматлакунныя вузлы. Будова вузла — важная таксанамічная прыкмета. Участак паміж двума суседнімі вузламі — міжвузелле. У залежнасці ад збліжанасці вузлоў адрозніваюць парасткі падоўжаныя і пакарочаныя. Збліжаныя падземныя сцябловыя вузлы злакаў, на якіх утвараюцца падземныя і надземныя бакавыя парасткі, а таксама прыдатачныя карані, называюцца вузламі кушчэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАРАЗРА́ДНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ, іонныя прылады,
электронныя прылады, дзеянне якіх заснавана на праходжанні эл. току праз разрэджаны газ. Маюць шкляную або керамічную абалонку, запоўненую інертным газам, вадародам або парай ртуці пад ціскам. Момантам запальвання разраду кіруюць з дапамогай дадатковых электродаў (сетак або падпальных электродаў). Форма разраду (дугавы, тлеючы, іскравы ці каронны; гл.Электрычныя разрады ў газах, Іанізацыя) і яго ўласцівасці залежаць ад ціску газу, тыпу катода, канстр. асаблівасцей прылады, сілы току і інш. (гл.Газаразрадныя індыкатары, Газаразрадныя крыніцы святла, Газатрон і да т.п.).