ХО́БСАН, Гобсан (Hobson) Джон Аткінсан (6.7.1858, г. Дэрбі, Вялікабрытанія — 1.4.1940), англійскі эканаміст. Скончыў каледж Лінкальна ў Оксфардзе (1878). З 1887 выкладаў у Оксфардзе і Лонданскім ун-це. З 1897 займаўся публіцыстыкай, выступаў з крытыкай капіталізму канца 19 — пач. 20 ст. і афіц. англ. паліт. эканоміі той эпохі (Кембрыджская школа). Прапанаваў праграму сац. рэформ, якая прадугледжвала ўстанаўленне мінімуму заработнай платы і высокіх прагрэс. падаткаў на прадпрымальнікаў, жорсткі дзярж. кантроль над манаполіямі. Эканам. спады тлумачыў недаспажываннем і лічыў, што ад нестабільнасці і крызісаў развітыя краіны можа выратаваць толькі экспарт лішняга капіталу ў менш развітыя рэгіёны. Прапаноўваў вярнуцца да класічнай мадэлі капіталізму, заганы якога, на яго думку, можна выкараніць з дапамогай парламенцкай дэмакратыі. Асн. працы: «Імперыялізм» (1902), «Індустрыяльная сістэма» (1904), «Праца і багацце» (1914).

Н.​К.​Мазоўка.

т. 17, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМІЁТЫКА (грэч. sēmeiōtikon ад sēmeion знак, адзнака), семіялогія,

навука, што вывучае ўласцівасці знакавых сістэм ці знакаў, кожнаму з якіх пэўным чынам надаецца пэўнае значэнне. Даследуе асн. характарыстыкі любых знакаў і іх спалучэнняў (слоў і словазлучэнняў, метафар паэт. моў, хім. і матэм. сімвалаў) і сістэм знакаў (вусных і пісьмовых натуральных моў, штучных лагічных і машынных моў, моў паэт. школ і інш.).

Асн. прынцыпы С. сфармуляваны ў 2-й пал. 19 ст. амер. логікам Ч.​Пірсам і швейцарскім лінгвістам Ф. дэ Сасюрам (разглядаў мовазнаўства як частку С.). У сучаснай С. вылучаюць З састаўныя часткі: сінтактыку (вывучае адносіны паміж самімі знакамі), семантыку (разглядае заканамернасці адносін паміж знакам і яго сэнсам) і прагматыку (даследуе адносіны паміж знакамі і тымі, хто іх выкарыстоўвае). С., што ўзнікла як лагічная навука, паўплывала на развіццё не толькі мовазнаўства, але стала агульным метадам для шэрагу даследаванняў у мастацтвазнаўстве, літ.-знаўстве і агульнай тэорыі культуры. Універсальнасць семіятычнага падыходу заснавана на тым, што па сутнасці ўся інфармацыя, якую набывае чалавек на працягу жыцця (у выніку практычнай дзейнасці, засваення мовы і г.д.) і якая складае асн. змест яго разумення, уяўляе сабой адлюстравальна-знакавую сістэму.

Літ.:

Мартынов В.В. Кибернетика. Семиотика. Лингвистика. Мн., 1966;

Яго ж. Семиологические основы информатики. Мн., 1974;

Яго ж. Категории языка: Семиол. аспект. М., 1982;

Степанов Ю.С. Семиотика. М., 1971;

Лосев А.Ф. Знак. Символ. Миф. М., 1982;

Семиотика. М., 1983.

В.​У.​Мартынаў.

т. 14, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЛАРАФІ́ЛЫ (ад грэч. chlōros зялёны + phyllon ліст),

зялёныя пігменты раслін, з дапамогай якіх яны ўлоўліваюць энергію сонечнага святла і ажыццяўляюць фотасінтэз. Аснова малекулы Х. — складанае цыклічнае злучэнне — Mg-парфірынавы комплекс. У клетках Х. знаходзяцца ў хларапластах і храматафорах. Фізіялагічна Х. актыўныя толькі ў звязанай з бялком форме. Існуе некалькі тыпаў Х. (a, b, c, d), якія адрозніваюцца сістэмай спалучаных сувязей і намеснікамі (спектрамі паглынання). У вышэйшых раслін і водарасцях асн. пігментам з’яўляецца Х. a, дадатковымі — Х. b (вышэйшыя расліны, зялёныя водарасці), Х. c (бурыя і дыятомавыя водарасці), Х. d (чырв. водарасці). Большая ч. малекул Х. паглынае энергію святла (што суправаджаецца ўзбуджэннем малекул Х. — назапашваннем энергіі ўнутры малекул) і перадае яе рэакц. цэнтрам фотасінтэзу (міграцыя энергіі), меншая ч. ўключана ў склад рэакц. цэнтраў і ўдзельнічае ў фотахім. рэакцыях. У рэакц. цэнтры Х. за кошт энергіі кванта, што паглынаецца, адбываецца міжмалекулярны перанос электрона, т.зв. элементарны акісляльна-аднаўленчы акт. У выніку першасных працэсаў фотасінтэзу ўтвараюцца адноўленыя прадукты (НАДН, НАДФН) і АТФ. Энергія, назапашаная ў гэтых злучэннях, выкарыстоўваецца для біяхім. ператварэнняў вугляроду, які ўваходзіць у цыкл Калвіна. Т.ч., святло, што паглынаецца Х., ператвараецца ў патэнцыяльную хім. энергію арган. прадуктаў фотасінтэзу. У фотатрофных бактэрый у фотасінтэзе ўдзельнічаюць аналагі Х. — бактэрыяхларафілы.

Літ.:

Vernon L.P., Seely G.R. The chlorophylls. New York;

London, 1966;

Белл Л.Н. Энергетика фотосинтезирующей растительной клетки. М., 1980.

т. 17, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНАФРЫКАНІ́ЗМ,

міжнародны ідэйна-паліт. рух, які ўзнік на мяжы 19 і 20 ст. сярод негрыцянскага насельніцтва ЗША і Вест-Індыі. Напачатку знаходзіўся пад моцным уплывам М.​Гарві, які лічыў, што негрыцянскае пытанне можна вырашыць толькі шляхам перасялення ўсіх неграў на «гіст. радзіму» — у Афрыку. Пасля 1-й сусв. вайны рух П. ўзначаліў У.Э.Б.Дзюбуа, пад кіраўніцтвам якога пачалася арганізаваная барацьба супраць расавай дыскрымінацыі, за роўныя правы для чорных і белых. У 1919, 1921, 1923 і 1927 адбыліся панафр. кангрэсы. З 1930-х г. усё большы ўдзел у панафр. руху прымаюць выхадцы з самой Афрыкі. Сенегалец Л.​Сенгор прапанаваў канцэпцыю негрыцюду — самабытнасці афр. культуры. Адначасова ў П. ўзмацнілася сацыяліст. плынь на чале з Дж.​Пэдмарам. У кастр. 1945 у Манчэстэры (Вялікабрытанія) адбыўся 5-ы Панафр. кангрэс, на якім прадстаўнікі Афрыкі, у т. л. будучыя дзярж. дзеячы К.Нкрума, Дж.Кеніята, Х.​К.​Банда, А.​Авалова, мелі ўжо больш за палавіну месцаў. Кангрэс выпрацаваў паліт. праграму ліквідацыі еўрап. калан. сістэмы ў Афрыцы і стварэння незалежных афр. дзяржаў. Гэтым быў дадзены моцны штуршок стварэнню ў афр. калоніях мясц. паліт. партый і рухаў і працэсу дэкаланізацыі Афрыкі ў 1950—60-я г. Некаторыя радыкальныя прыхільнікі П. (Нкрума) заклікалі да стварэння адзінай афр. дзяржавы, але іх ідэі знайшлі ўвасабленне толькі ў стварэнні Арг-цыі афр. адзінства (1963) і шэрагу рэгіянальных афр. міждзярж. саюзаў. 6-ы Панафр. кангрэс (Дар-эс-Салам, 1969) канстатаваў моцныя рознагалоссі ў руху П. і знікненне яго як адзінага руху.

т. 12, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫ́НШАВАЯ РЭФО́РМА,

рэформа чыншавых сялян Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны, праведзеная царскім урадам паводле закона ад 9.6.1886. Чыншавыя пазямельныя адносіны ў сельскай мясцовасці гэтых рэгіёнаў былі ліквідаваны. Чыншавікоў пераводзілі на абавязковы выкуп. Выкупныя плацяжы іх былі, як правіла, вышэйшыя за плацяжы б. панскіх сялян. Пазыка за некат. выключэннямі выдавалася ў поўным аб’ёме. Чыншавікі захоўвалі за сабой сервітутнае права (гл. Сервітуты). Для доказу права на спадчынную арэнду зямлі яны павінны былі падаць пэўныя дакументы ці паказанні сведак. Чыншавікі, якія даказалі арэндныя правы на займаемыя займаныя* імі зямельныя ўчасткі, па добраахвотнай згодзе з памешчыкамі маглі на працягу 3 гадоў выкупіць іх або замяніць чыншавае трыманне простай арэндай. Чыншавікоў-мяшчан, якія перайшлі на выкуп, прыпісвалі да валасцей. Чыншавых правоў былі пазбаўлены арандатары, якія не мелі адпаведных дакументаў ці не падалі паказанняў сведак на спадчыннае карыстанне зямлёй, а таксама чыншавікі, што карысталіся ёй толькі на працягу апошніх 10 гадоў да рэформы 1886. Арандатараў, пазбаўленых гэтых правоў, памешчыкі зганялі з зямлі або замянялі чыншавае трыманне часовай арэндай. На Беларусі, у Літве і на Правабярэжнай Украіне з 58 тыс. чыншавікоў, якія атрымалі права выкупу, нават на канец 1903 больш за палову не выкарысталі яго. Да 1898 у 5 зах. губернях з 21 238 прашэнняў чыншавікоў ранейшыя правы на зямлю пав. чыншавыя камісіі прызналі толькі ў 3479 (16,4%) выпадках. Пераважная большасць чыншавікоў была пазбаўлена арандаваных імі зямельных угоддзяў.

Літ.:

Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг. Мн., 1990.

В.​П.​Панюціч.

т. 17, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУХ НАСЕЛЬНІЦТВА.

У пасляваенны час колькасць насельніцтва Беларусі пастаянна расла амаль да 1990-х г. Але тэмпы росту пачалі зніжацца ў 1970-я г., а ў 1990-я г. набылі інтэнсіўны характар, што абумоўлена зніжэннем натуральнага прыросту насельніцтва. У 1993 упершыню за пасляваенныя гады колькасць памерлых перавысіла колькасць народжаных, пачалася дэпапуляцыя (змена натуральнага прыросту натуральнай стратай) і тэмпы яе паступова нарастаюць. Сучасная дэмаграфічная сітуацыя — вынік развіцця краіны на працягу апошніх 25 гадоў. З канца 1970-х г. (у горадзе — з канца 1960-х г.) насельніцтва Беларусі не ўзнаўляе сваёй колькасці (за выключэннем сярэдзіны 1980-х г., калі часова адзначаўся рост каэфіцыентаў узнаўлення насельніцтва). Натуральны прырост насельніцтва краіны на працягу 15 гадоў забяспечваўся толькі за кошт назапашанага ў папярэднія гады дэмаграфічнага патэнцыялу ўзроставай структуры. У наш час усё насельніцтва краіны ўзнаўляецца на 65,3%, гарадское — на 58,4%, сельскае — на 88,7%. Апошняе дзесяцігоддзе краіна жыве ва ўмовах скарачэння насельніцтва за кошт натуральнага руху. Адмоўны натуральны прырост маюць усе адм. раёны і большасць гарадоў, у т. л. Мінск, Гомель, Магілёў, Віцебск і інш. У 1993 натуральныя страты насельніцтва складалі 11,2 тыс. чал., у 2002—58 тыс. чал. Колькасць насельніцтва за 10 гадоў скарацілася на 336 тыс. чал. (з 10 234,6 тыс. чал. на пач. 1993 да 9898,6 тыс. чал. на пач. 2003), натуральныя страты складаюць 389,3 тыс. чал. Дадатны міграцыйны прыбытак за гэты перыяд кампенсаваў натуральныя страты насельніцтва толькі на 53,3 тыс. чал. (гл. рыс. 2).

т. 18, кн. 2, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРВІНІ́ЗМ САЦЫЯ́ЛЬНЫ,

тэарэтычная плынь у грамадазнаўстве канца 19 — сярэдзіны 20 ст., якая імкнулася прычыны і кірункі грамадскага развіцця тлумачыць заканамернасцямі біял. эвалюцыі, прынцыпы прыроднага адбору, барацьбы за існаванне і выжыванне пераносіць на жыццё грамадства і чалавечых супольнасцей. Заснавальнік Д.с. англ. сацыёлаг Г.Спенсер. У межах Д.с. склаліся розныя кірункі. Прадстаўнікі антрапалагічнай школы ў сацыялогіі (Х.​Чэмберлен, Ж.​Лапуж, О.​Аман) прынцыпы барацьбы за існаванне пераносілі непасрэдна на ўзаемаадносіны паміж сац. групамі, народамі, дзяржавамі. Польска-аўстр. сацыёлаг Л.​Гумплавіч тлумачыў сац. з’явы з пазіцый натуралізму, а ўзаемаадносіны паміж сац. групамі трактаваў як бязлітасную барацьбу, якая вызначае не толькі сац. канфлікты, але і сац. жыццё ў цэлым. Г.​Ратцэнгофер, У.​Самнер, У.​Беджгат лічылі, што барацьба паміж расавымі, этн. і культ. групамі абумоўлена сутыкненнем інтарэсаў, якія з’яўляюцца ўвасабленнем біял. імкненняў. Прадстаўнікі сацыябіялогіі (Э.​Уілсан, Р.​Александэр, Р.​Трыверс і інш.) выступаюць за новы сінтэз біял. і сац. навук, сцвярджаюць, што сфармуляваныя імі прынцыпы паводзін жывёл неабходна пашырыць на жыццё грамадства, бо гэта дасць магчымасць зразумець біял. асновы зыходных формаў чалавечых паводзін (сямейныя адносіны, сац. зносіны, сац. няроўнасць, агрэсія, альтруізм і інш.).

Я.​М.​Бабосаў.

т. 6, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАС-СПЕКТРАМЕ́ТРЫЯ, мас-спектраскапія, мас-спектральны аналіз,

фізічны метад даследавання рэчыва, заснаваны на вызначэнні масы часціц, што ўтвараюцца пры іанізацыі малекул. Пачатак развіццю М.-с. дадзены англ. фізікам Дж.​Дж.​Томсанам, які прапанаваў прынцып дзеяння мас-спектрометра і атрымаў першыя мас-спектры (1910).

Пры М.-с. даследуемае рэчыва пераводзяць награваннем ці інш. спосабам у лятучы стан для атрымання малекулярнага пучка, на які ўздзейнічаюць іанізавальным выпрамяненнем. У выніку ўзаемадзеяння нейтральных малекул з выпрамяненнем утвараецца пучок дадатна зараджаных часціц (іонаў) і нейтральных фрагментаў малекул рознай малекулярнай масы і атамнага саставу. Пры аднолькавых умовах выпрамянення колькасць дадатна зараджаных часціц рознага саставу, што ўтвараюцца пры іанізацыі, з’яўляецца велічынёй пастаяннай і залежыць толькі ад будовы малекул рэчыва. Раздзяленне сумарнага патоку часціц на патокі часціц з аднолькавай малекулярнай масай і вымярэнне токаў раздзеленых іонаў ажыццяўляюць з дапамогай мас-спектральных прылад. Найб. шырока М.-с. выкарыстоўваюць у арган. хіміі для ідэнтыфікацыі хім. злучэнняў (па мас-спектрах), вызначэння малекулярнай масы, элементнага і ізатопнага саставу рэчыва, якаснага і колькаснага аналізу складаных сумесей арган. злучэнняў.

Літ.:

Вульфсон Н.С., Заикин В.Г., Микая А.И. Масс-спектрометрия органических соединений. М., 1986;

Чепмен Д. Практическая органическая масс-спектрометрия: Пер. с англ. М., 1988.

В.​П.​Собач.

т. 10, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВЫЯ ЗО́РКІ,

зоркі, свяцільнасць якіх раптоўна павялічваецца ў 10​3—10​6 разоў, а потым павольна памяншаецца да зыходнага значэння. Максімум свяцільнасці зоркі дасягаецца за некалькі сутак, спад доўжыцца гадамі. Нават вельмі слабая зорка (гл. Зорная велічыня) у выніку ўспышкі можа стаць бачнай простым вокам (адсюль назва). Н.з. ўваходзяць у склад цесных падвойных зорак.

Пры ўспышцы Н.з. адбываецца раптоўны выбух, выкліканы яе няўстойлівасцю, якая можа быць абумоўлена ўнутр. працэсамі, што ідуць з вылучэннем энергіі, уздзеяннем знешніх фактараў, абменам рэчыва паміж кампанентамі падвойных зорак. Выбух Н.з. закранае толькі прыпаверхневыя слаі і не мяняе яе агульнай структуры. Пры выбуху адбываецца выкід рэчыва — знешняй абалонкі масай каля 10​−4 масы Сонца, якая расшыраецца са скорасцю да 2000 км/с і ўтварае туманнасць. Газавыя туманнасці, што расшыраюцца, выяўлены амаль ва ўсіх блізкіх Н.з. Пасля ўспышкі Н.з. становяцца гарачымі карлікамі. Успышкі Н.з. могуць паўтарацца прыкладна праз 20—100 гадоў (паўторныя Н.з.), пры гэтым нарастанне свяцільнасці меншае, чым папярэдні раз. Вядома больш за 300 Н.з., у т. л. звыш 150 у нашай Галактыцы і больш за 100 у туманнасці Андрамеды.

Літ.:

Шкловский И.С. Звезды: их рождение, жизнь и смерть. 3 изд. М., 1984.

А.​А.​Шымбалёу.

т. 11, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШЫ ЗАКО́Н ТЭРМАДЫНА́МІКІ,

закон захавання энергіі ў цеплавых працэсах; адзін з асн. законаў тэрмадынамікі. Паводле П.з.т. Q = ∆U + A, дзе Q — колькасць цеплаты, падведзенай да сістэмы, ∆U — змена ўнутр. энергіі сістэмы, A — работа, якую выконвае сістэма супраць знешніх уздзеянняў.

Сфармуляваны ў сярэдзіне 19 ст. на падставе даследаванняў Ю.Р.Маера, Дж.П.Джоўля і Г.Гельмгольца. З П.з.т. вынікае, што тэрмадынамічная сістэма можа выконваць работу толькі за кошт сваёй унутр. энергіі ці за кошт якой-н. інш. крыніцы энергіі (A = Q − ∆U). Таму П.з.т. часам фармулююць як немагчымасць існавання (стварэння) вечнага рухавіка 1-га роду, які мог бы выконваць работу без выкарыстання якіх-н. крыніц энергіі. П.з.т. сцвярджае, што U з’яўляецца функцыяй стану, а Q і A — функцыямі працэсу. Кожны стан тэрмадынамічнай сістэмы характарызуецца пэўным значэннем унутр. энергіі U, значэнні якой (у адрозненне ад значэнняў велічынь Q і A) не залежаць ад працэсаў, за кошт якіх сістэма пераходзіць з аднаго стану ў другі. Гэта дазваляе вызначыць ураўненне стану сістэмы і вядзе да залежнасці значэнняў цеплаёмістасці і выкананай работы ад характару працэсу. Гл. таксама Другі закон тэрмадынамікі, Энергіі захавання закон.

Літ.:

Гельфер Я.М. История и методология термодинамики и статистической физики. 2 изд. М., 1981. С. 131—147.

А.​І.​Болсун.

т. 12, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)