НЕПРАДУКЦЬІЙНЫЯ ЗАТРА́ТЫ,
залішнія затраты, выкліканыя безгаспадарчасцю, недастаткова зладжанай працай, недахопамі кіравання вытв-сцю. Да іх адносяцца: штрафы (у т. л. за парушэнне ўмоў перавозак), пені, няўстойка за несвоечасовую аплату рахункаў пастаўшчыкоў, нястачы і страты ад псавання мат. каштоўнасцей і інш. Н.з. не плануюцца і іх сума з’яўляецца перарасходам супраць планавага сабекошту. Ліквідацыя Н.з. — важны фактар зніжэння сабекошту.
т. 11, с. 289
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕНІЦЫЛІ́НЫ,
група антыбіётыкаў, якія прадуцыруюцца шматлікімі відамі плесневых грыбоў роду пеніцыл. Комплекс прыродных П. вылучаны ў 1929 А.Флемінгам. П. эфектыўныя супраць шэрагу патагенных мікраарганізмаў: стафілакокаў, стрэптакокаў, пнеўмакокаў, ганакокаў, менінгакокаў, узбуджальнікаў батулізму, сіфілісу і інш. Антымікробная актыўнасць П. абумоўлена прыгнечаннем розных стадый біясінтэзу кампанентаў клетачнай сценкі мікробаў. П. лечаць гнойныя інфекцыі скуры, пнеўманіі, сепсіс, ганарэю, сіфіліс і інш. хваробы.
т. 12, с. 267
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРШАПАЧАТКО́ВЫЯ КАНТО́НЫ,
прынятая ў гістарычнай л-ры назва трох швейц. кантонаў — Швіца, Уры і Інтэрвальдэна, якія ў 1291 аб’ядналіся ў т.зв. «вечны саюз» для барацьбы з Габсбургамі. Кантоны абавязаліся аказваць адзін аднаму дапамогу супраць знешняга ворага, адмаўляліся прымаць на службовыя пасады немясц. асоб, дзеля разбору ўнутр. спрэчак увялі сістэму трацейскага суда. Саюз П.к. стаў пачаткам утварэння Швейц. канфедэрацыі.
т. 12, с. 308
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАПАГА́НДА ВАЙНЫ́,
распаўсюджанне ў любой форме поглядаў, ідэй, адкрытых заклікаў з мэтай выклікаць агрэсію адной краіны супраць другой. П.в. з’яўляецца міжнародным злачынствам. Яна забаронена спец. рэзалюцыяй Ген. Асамблеі ААН у 1947 пад пагрозай крымінальнага пакарання. У Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь ёсць спец. артыкул, у якім прадугледжана таксама адказнасць асоб, што займаюць вышэйшыя дзярж. пасады, за П.в.
т. 13, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫСВАЕ́ННЕ АБО РАСТРА́ТА,
крымінальнае злачынства супраць уласнасці, якое заключаецца ў крадзяжы чужой маёмасці, даверанай вінаватаму. Адказнасць за П. або р. прадугледжана арт. 211 КК Рэспублікі Беларусь. З аб’ектыўнага боку прысваенне — неправамернае ўтрыманне (невяртанне) чужой маёмасці, якая даверана вінаватаму для пэўнай мэты, а растрата — адчужэнне і спажыванне такой маёмасці. Часам у тэорыі крымін. права растрата разглядаецца як прыватны выпадак прысваення.
т. 13, с. 82
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭТО́РЫУС ((Pretorius) Марцінус Веселс) (17.9.1819, каля Храф-Рэйнета, Паўд.-Афр. Рэспубліка — 19.5.1901),
палітычны дзеяч бурскіх рэспублік. Сын А.В.Я.Прэторыуса. Адзін з заснавальнікаў Паўд.-Афр. Рэспублікі (гл. Трансвааль), яе прэзідэнт у 1857—60 і 1864—71. У 1860—63 прэзідэнт Аранжавай свабоднай дзяржавы. Адзін з кіраўнікоў барацьбы супраць брыт. акупацыі (1878—81). У 1881—83 чл. кіруючага трыумвірату Трансвааля.
т. 13, с. 96
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕФЕВІ́Е, Сефевія,
суфійскае брацтва (тарыкат), якое заснаваў у канцы 13 ст. Сефі ад-дзін Ісхак (1252—1334). У 15 ст. кіраўнікі С. ператварыліся ў правіцеляў (шэйхаў) г. Ардэбіль (Іранскі Азербайджан). У 1499 шэйх Ісмаіл (гл. Ісмаіл I) пад лозунгамі шыізму пачаў барацьбу супраць правіцеляў-сунітаў з дзяржавы Ак-Каюнлу, якая скончылася яго перамогай і стварэннем Сефевідаў дзяржавы.
т. 14, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЖАНСО́Н ((d’Argenson) Рэне Луі) (18.10.1694—26.1.1757),
французскі вучоны-эканаміст. Быў міністрам замежных спраў пры Людовіку XV. Пасля выхаду ў адстаўку крытыкаваў урад, патрабаваў абмежавання яго ўлады, ліквідацыі саслоўных прывілеяў і неўмяшання дзяржавы ў гасп. дзейнасць. Выступаў супраць меркантылізму, за свабоду гандлю. Навук. погляды Аржансона блізкія да ідэй фізіякратаў. Гал. твор «Роздум аб мінулым і цяперашнім кіраванні Францыі» (каля 1737, выд. 1764).
т. 1, с. 477
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТАВА́ЗД II (? — 31 да н.э.),
цар Арменіі Вялікай у 56—34 да н.э., сын Тыграна II. Пашырыў тэр. краіны, далучыў да яе Сафену і Арменію Малую. Вёў барацьбу з Рымам за незалежнасць. Аднак пазней быў вымушаны зноў падпарадкавацца Рыму. У 37 да н.э. адмовіўся ўдзельнічаць у паходзе рымлян супраць Парфіі. Захоплены рымлянамі і пакараны смерцю. Вядомы як драматург і гісторык.
т. 1, с. 504
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДА́Н I (?—1365),
першы гаспадар (князь) незалежнай Малдаўскай дзяржавы (з 1359). У 1359 узначаліў паўстанне валахаў (продкі румынаў і малдаванаў), падтрыманае насельніцтвам Усх. Прыкарпацця, супраць намаганняў венг. караля скасаваць аўтаномію краю. Перасяліўшыся з часткай валахаў у даліну р. Малдова, Багдан аб’яднаў большасць зямель Усх. Прыкарпацця ў адзінае Малдаўскае княства (сталіца г. Бая) і ў 1365 дамогся прызнання яго незалежнасці ад Венгрыі.
т. 2, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)