ЛІМФАЗВАРО́Т,

рух лімфы ў лімфатычнай сістэме. За суткі ў чалавека з крыватоку крывацёку ў міжтканкавыя поласці фільтруецца каля 20 л вадкасці, у выглядзе лімфы вяртаецца 2—4 л, 50—100% бялкоў плазмы крыві, вугляводы, ліпіды і інш. Л. забяспечваецца: наяўнасцю клапанаў у лімфатычных сасудах, што перашкаджаюць зваротнаму току лімфы; фазнымі рытмічнымі скарачэннямі (з частатой 10—20 за мін) сценак некаторых лімфатычных сасудаў; скарачэннем гладкамышачных капсул лімфатычных вузлоў; адмоўным ціскам у грудной поласці; скарачэннем мускулатуры; гідрастатычным і анкатычным ціскам тканкавай вадкасці. Рэгулюецца вегетатыўнай нерв. сістэмай.

А.​С.​Леанцюк.

т. 9, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТЭАРО́ГРАФ (ад метэа... + ...граф),

самапісная аэралагічная прылада для рэгістрацыі ціску, т-ры і вільготнасці ў свабоднай атмасферы. Уключае барограф, тэрмограф і гігрограф у адной прыладзе. Паказчыкі метэаралагічных элементаў сінхронна запісваюцца на адной стужцы, надзетай на барабан, які прыводзіцца ў рух гадзіннікавым механізмам або ветраком ці прапелерам. Пры дапамозе бараметрычнай формулы з запісу на стужцы вызначаюцца вышыні, якія адпавядаюць розным момантам пад’ёму, і лічбавыя значэнні метэаралагічных элементаў на гэтых вышынях. Падымаюць М. на шарах-зондах, самалётах, аэрастатах. М., які перадае свае паказанні ў час пад’ёму з дапамогай радыёсігналаў, наз. радыёзондам.

т. 10, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРЫЯЦЫ́ЙНЫЯ ПРЫ́НЦЫПЫ МЕХА́НІКІ,

матэматычныя суадносіны, якія вылучаюць сапраўдны рух ці стан мех. сістэмы з усіх кінематычна магчымых (не забароненых накладзенымі на сістэму сувязі). Выражаюцца роўнасцямі, куды ўваходзяць варыяцыі каардынат, скарасцей і паскарэнняў пунктаў сістэмы (гл. Варыяцыйнае злічэнне). Даюць магчымасць атрымаць ураўненні і заканамернасці руху (або стану раўнавагі) сістэмы з аднаго агульнага палажэння і вызначыць пэўныя фіз. ўласцівасці, што характарызуюць сапраўдны рух (або ўмовы раўнавагі) сістэмы. Выкарыстоўваюцца ў механіцы суцэльных асяроддзяў, тэрмадынаміцы, эл.-дынаміцы, квантавай механіцы, тэорыі адноснасці і інш.

Варыяцыйныя прынцыпы механікі падзяляюцца на дыферэнцыяльныя і інтэгральныя. Дыферэнцыяльныя характарызуюць уласцівасці сапраўднага руху сістэмы ў кожны момант часу. Прыдатныя да сістэм з любымі галаномнымі і негаланомнымі сувязямі (гл. Сувязі механічныя). Найб. агульны прынцып статыкі несвабодных мех. сістэм — прынцып віртуальных (магчымых) перамяшчэнняў: для раўнавагі мех. сістэмы з ідэальнымі сувязямі сума элементарных работ усіх актыўных сіл пры розных магчымых перамяшчэннях роўная нулю ( k = 1 n F δ rk = 0 ) . Інтэгральныя варыяцыйныя прынцыпы механікі характарызуюць уласцівасці руху сістэмы за канечны прамежак часу і сцвярджаюць, што на сапраўдных траекторыях руху (у параўнанні з магчымымі) пэўныя фіз. велічыні (напр., энергія) дасягаюць экстрэмальных значэнняў (гл. Найменшага дзеяння прынцып). Матэматычна запісваюцца як роўнасць нулю варыяцыі функцыянала ад некаторай функцыі, якая характарызуе энергію сістэмы. Складаюць метадалагічную аснову для пабудовы матэм. мадэлей сістэм у эл.-дынаміцы, робататэхніцы, механіцы машын.

Літ.:

Маркеев А.П. Теоретическая механика. М., 1990;

Полак Л.С. Вариационные принципы механики. М., 1960.

А.​У.​Чыгараў.

т. 4, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІКАНАБО́РСТВА,

рэлігійны рух у сярэднія вякі, накіраваны супраць хрысц. культу абразоў.

Яшчэ ў 7 ст. ў М. Азіі (некат. даследчыкі лічаць, што пад уплывам ісламу, які забараняў выявы чалавека) пачаліся выступленні супраць выкарыстання культу абразоў, крыжа і інш. як ідалапаклонства. І. найб. пашырылася ў 8—1-й пал. 9 ст. ў Візантыі, дзе яго ўзначалілі першыя імператары Ісаўрыйскай дынастыі. Леў III, які імкнуўся ўмацаваць дзярж. ўладу і аслабіць уплыў царк. іерархаў і манаства, у 726 забараніў пакланенне абразам, канфіскоўваў царк. землі і маёмасць; яго пераемнікі патрабавалі поўнай забароны святых выяў у цэрквах Супраць І. выступілі візантыйскі багаслоў Іаан Дамаскін, сталічная знаць і манаства, падтрыманыя папствам. Барацьба цягнулася больш за стагоддзе, суправаджалася муштрамі, катаваннямі, выгнаннямі, знішчэннем абразоў, разбурэннем манастыроў. У час І. загінулі тысячы помнікаў рэліг. мастацтва. Але гал. мэта візант. імператараў была дасягнута — канфіскацыя царк. і асабліва манастырскіх зямель і раздача іх ваен.-служыламу саслоўю; візант. імператар стаў на чале правасл. царквы. Канчаткова культ абразоў у Візантыі адноўлены ў 843, але большасць секулярызаваных зямель царкве не вернута. Іканаборскі рух узмацніў супярэчнасці паміж усх. і зах. галінамі тады яшчэ адзінай хрысц. царквы.

І. было характэрнай рысай радыкальных кірункаў пратэстантызму (перш за ўсё кальвінізму) у шэрагу краін Зах. Еўропы ў эпоху Рэфармацыі (Нідэрланды, Германія, Францыя). Знішчэннем абразоў і інш. святынь суправаджалася Іканаборскае паўстанне 1566 у Нідэрландах.

Літ.:

Удальцова З.В. Византийская культура. М., 1988.

З.​І.​Малейка.

т. 7, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮ́ТАНА ЗАКО́НЫ МЕХА́НІКІ,

тры законы, на якіх грунтуецца класічная механіка. З’яўляюцца вынікам абагульнення даследаванняў Г.Галілея, Р.Гука, К.Гюйгенса, І.Ньютана і інш.

Сфармуляваны І.​Ньютанам (1687) у наступным выглядае. 1-ы закон: «Кожнае цела працягвае ўтрымлівацца ў сваім стане спакою або раўнамернага і прамалінейнага руху, пакуль і паколькі яно не вымушаецца прыкладзенымі сіламі змяніць гэты стан». 2-і закон: «Змена колькасці руху (імпульсу) прапарцыянальная прыкладзенай рухальнай сіле і адбываецца ў напрамку той прамой, уздоўж якой гэтая сіла дзейнічае». 3-і закон: «Дзеянню заўсёды ёсць роўнае і процілеглае процідзеянне, інакш, узаемадзеянне двух цел адно на аднаго паміж сабой роўныя і накіраваны ў процілеглыя бакі». Паводле сучасных уяўленняў пад целам трэба разумець матэрыяльны пункт, а яго рух разглядаць адносна інерцыяльнай сістэмы адліку. Матэм. фармулёўка 2-га закону: dp / dt = F , дзе p = mv — імпульс, m — маса і v — скорасць матэрыяльнага пункта, t — час, F — раўнадзейная ўсіх сіл, што дзейнічаюць на матэрыяльны пункт. Н.з.м. выконваюцца для ўсіх макрацел, якія рухаюцца са скарасцямі, значна меншымі за скорасць святла ў вакууме. Рух мікрааб’ектаў (атамаў і малекул) падпарадкоўваецца законам квантавай механікі. Н.з.м. разам з сусветнага прыцягнення законам адыгралі важную ролю ў станаўленні фізічнай карціны свету.

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 128—133;

Гинзбург В.Л. К трехсотлетию «Математических начал натуральной философии» Исаака Ньютона // Успехи физ. наук. 1987. Т. 151, вып. 1.

А.​І.​Зубаў.

т. 11, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЗВА́ЖКАСЦЬ,

фізічны стан цела — складальнай часткі рухомай мех. сістэмы, пры якім вонкавыя сілы, што дзейнічаюць на цела і яго рух, не выклікаюць узаемнага ціску адных часцінак цела на іншыя. Узнікае пры свабодным руху цела ў гравітацыйным полі, калі такі рух з’яўляецца паступальным (напр., падзенне цела па вертыкалі, рух па арбіце штучнага спадарожніка Зямлі, палёт касм. карабля).

На цела, якое знаходзіцца ў гравітацыйным полі Зямлі на апоры (ці падвесе), дзейнічаюць сіла цяжару і ў процілеглым напрамку сіла рэакцыі апоры (ці сіла нацяжэння падвесу), што вядзе да ўзнікнення ўзаемнага ціску адной часткі цела на другую. У целе ўзнікаюць дэфармацыі і ўнутр. напружанні, якія чалавек успрымае як адчуванне ўласнай вагі (важкасці). У залежнасці ад умоў сіла рэакцыі апоры можа адрознівацца ад сілы цяжару нерухомага цела на паверхні Зямлі. Напр., калі касм. карабель рэзка павялічвае скорасць, касманаўта прыціскае да крэсла сіла, у некалькі разоў большая за нармальную вагу, што ўспрымаецца як павелічэнне ўласнай вагі касманаўта (т.зв. перагрузка). У стане свабоднага падзення на цела дзейнічае толькі сіла цяжару, а інш. вонкавыя сілы, у т. л. і сілы рэакцыі апоры, адсутнічаюць, што вядзе да знікнення ўзаемнага ціску адной часткі цела на другую, узнікае бязважкасць, якую чалавек успрымае як страту вагі.

Ва ўмовах бязважкасці зменьваецца шэраг функцый жывога арганізма: абмен рэчываў (асабліва водна-салявы), кровазварот, назіраюцца расстройствы вестыбулярнага апарату і інш. Неспрыяльны ўплыў бязважкасці на арганізм чалавека можна папярэдзіць або абмежаваць пры дапамозе фіз. практыкаванняў і заняткаў на спец. трэнажорах. Вынікі працяглых касм. палётаў сведчаць аб тым, што бязважкасць не з’яўляецца небяспечнай для арганізма чалавека і касманаўты ў такім стане могуць доўгі час жыць і працаваць, але павінны праходзіць курс рэабілітацыі пры вяртанні ў звычайныя гравітацыйныя ўмовы на паверхні Зямлі. Бязважкасць улічваецца пры стварэнні прыбораў і агрэгатаў касм. лятальных апаратаў. Напр., для вады і інш. вадкасцей выкарыстоўваюцца эластычныя пасудзіны і герметычныя кантэйнеры, якія папярэджваюць распырскванне; цыркуляцыя паветра забяспечваецца вентылятарамі і інш. Стан бязважкасці дае магчымасць праводзіць фізіка-тэхн. эксперыменты па вырошчванні паўправадніковых крышталёў, стварэнні звышправодных і магнітных матэрыялаў з аднародным размеркаваннем рэчыва па ўсім аб’ёме.

Літ.:

Левантовский В.И. Механика космического полета в элементарном изложении. 3 изд. М., 1980.

А.​І.​Болсун.

т. 3, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЕ́КУЛА (новалац. molecula, памяншальнае ад лац. moles маса),

найменшая ўстойлівая часціца рэчыва, якая мае ўсе яго хім. ўласцівасці і складаецца з аднолькавых (простае рэчыва) або розных (складанае рэчыва) атамаў. Атамы ў М. злучаны паміж сабой хімічнымі сувязямі. Якасны і колькасны састаў М. выражае формула хімічная, якая адначасова дазваляе вызначыць малекулярную масу. Парадак хім. сувязей у М. дае яе структурная ф-ла. Колькасць атамаў у М. розная: ад 2 (напр., у М. кіслароду O2) да сотняў тысяч (гл. Макрамалекула). Памеры М. залежаць ад колькасці атамаў у ёй і мяняюцца да 10​2 да 10​5 пм.

Прасторавае размяшчэнне атамаў у М. адпавядае мінімуму патэнцыяльнай энергіі М. і вызначае яе геам. будову і памеры. Напр., трохатамная М. вады H2O мае форму раўнабедранага трохвугольніка, у вяршыні якога знаходзіцца атам кіслароду, адлегласць паміж атамамі кіслароду і вадароду (даўж. сувязі O—H) 95,84 пм, а валентны вугал паміж сувязямі H—O—H 104,5°. М. — складаная сістэма, у якой электроны рухаюцца вакол ядраў паводле закону квантавай механікі. Пры злучэнні атамаў у М. іх унутр. электроны не мяняюць свайго руху, а вонкавыя (валентныя) — утвараюць электронную абалонку М., будова якой абумоўлівае характар хім. сувязей у М., рэакцыйную здольнасць хім. злучэння (гл. Рэакцыі хімічныя), магн. (гл. Дыямагнетызм, Парамагнетызм) і эл. ўласцівасці рэчыва. У эл. полі ўсе М. палярызуюцца (вонкавыя электроны М. зрушваюцца адносна ядраў); некат. М. маюць пастаянны дыпольны момант. У М. разам з рухам электронаў адбываецца вагальны рухперыяд. адносны рух ядраў (разам з унутр. электронамі), у газавай фазе — таксама вярчальны рух усёй М. як цэлага. У адпаведнасці з магчымымі відамі руху поўная энергія М. (E) складаецца з электроннай (Eэл), вагальнай (Eваг) і вярчальнай (Eвярч) энергій: E = Eэл + Eваг + Eвярч. Звычайна Eэл ≫ Eваг ≫ Eвярч. Для кожнага віду руху паводле квантавых законаў дазволены толькі пэўныя (дыскрэтныя) значэнні энергіі (энергет. ўзроўні), пры гэтым электронныя энергет. ўзроўні размешчаны далёка адзін ад аднаго (розняцца на некалькі электронвольт), вагальныя — бліжэй (на дзесятыя і сотыя долі электронвольта), а вярчальныя яшчэ бліжэй (на сотыя — стотысячныя долі электронвольта). Квантавыя пераходы паміж энергет. ўзроўнямі М. суправаджаюцца вылучэннем ці паглынаннем аптычнага выпрамянення. Сукупнасць квантавых пераходаў М. вызначае малекулярныя спектры.

Літ.:

Татевский В.М. Строение молекул. М., 1977;

Флайгер У. Строение и динамика молекул: Пер. с англ. Т 1—2. М., 1982.

М.​А.​Ельяшэвіч, К.​М.​Салаўёў.

т. 10, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў 1924 у Бабруйску краязнаўцам Ц.​Я.​Славіным. 6 экспазіцыйных залаў (пл. экспазіцыі 255 м²), каля 11,8 тыс. экспанатаў асн. фонду (1995). Раздзелы экспазіцыі: прырода краю, гісторыя Бабруйшчыны. Сярод экспанатаў карысныя выкапні, археал. знаходкі, этнагр. матэрыялы, калекцыі зброі і рыштунку рус. і франц. армій канца 18 — пач. 19 ст., дакументы пра дзейнасць у Бабруйску дзекабрыстаў С.І.Мураўёва-Апостала, М.П.Бястужава-Руміна, В.​С.​Норава, М.​І.​Пушчына, матэрыялы пра В.​І.​Дуніна-Марцінкевіча, пра партыз. рух і яго ўдзельнікаў на Бабруйшчыне ў грамадз. і Вял. Айч. войны; асобныя стэнды прысвечаны В.З.Харужай, Бабруйскай аперацыі 1944.

Н.​П.​Арцёмчык.

т. 2, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БА́ЦЬКАЎШЧЫНА»,

газета нац.-дэмакр. кірунку. Выдавалася з 16 да 28.3.1919 у Гродне на бел. мове (№ 5 выйшаў на бел., рус., франц., ням. і яўр. мовах) бел. культ.-асв. т-вам «Бацькаўшчына». Інфармавала пра бел. паліт. рух, паведамляла пра дыпламат. акцыі ўрада Бел. Нар. Рэспублікі. Надрукавала праграму Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў, артыкулы «Беларусы» (пад крыптанімам Э.Б.), «Некалькі слоў аб беларускім руху» (пад крыптанімам КіК), «Лісты з Мінска» Р.​Суніцы (Р.​Зямкевіча) пра абвяшчэнне БССР, становішча ў Мінску і інш. Закрыта ў сувязі з акупацыяй Гродзеншчыны легіёнамі Пілсудскага і выездам з Гродна Беларускай Рады.

А.​С.​Ліс.

т. 2, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ГІН (Менахем) (16.8.1913, г. Брэст, Беларусь — 9.3.1992),

палітычны дзеяч Ізраіля, юрыст. Адукацыю атрымаў у Варшаўскім ун-це. Перад вайной узначальваў сіянісцкі рух у Польшчы. У 1939 з акупацыяй Польшчы ням. фашыстамі ўцёк у Вільню, дзе быў арыштаваны сав. ўладамі і сасланы ў Сібір. У 1943 у складзе Андэрса арміі трапіў у Палесціну, камандаваў ваен. групоўкай «Іргун». У 1948—83 старшыня партыі «Херут». У 1973—83 лідэр нац. фронту «Лікуд». Прэм’ер-міністр Ізраіля ў 1977—83. Падпісаў Кэмп-Дэвідскія пагадненні (1978) і мірны дагавор з Егіптам (1979). Нобелеўская прэмія міру 1978 (разам з А.Садатам).

М.Бегін.

т. 2, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)