ІВАСЮ́К (Ivasiuc) Александру (1933—1977),
румынскі пісьменнік. Друкаваўся з 1965. У раманах «Вестыбюль» (1967), «Інтэрвал» (1968), «Начное знаёмства» (1969), «Птушкі» (1970), «Паводка» (1973), «Азарэнне» (1975), «Рак» (1976) аналізуе пасляваен. рэчаіснасць, паліт. процістаянне ў краіне. Творы І. адметныя сюжэтнай разнастайнасцю, вастрынёй канфліктаў, глыбокім псіхалагізмам, філасафічнасцю, апавядальным поліфанізмам. Аўтар зб. нарысаў «Pro domo» (1972 і 1974), эсэ, навел.
Тв.:
Рус. пер. Половодье. Охотничий рог. Рак. М., 1982.
Е.А.Лявонава.
т. 7, с. 156
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСАА́КС (Isaacs) Хорхе (крас. 1837, г. Калі, Калумбія — 17.4.1895),
калумбійскі пісьменнік. Прымаў удзел у барацьбе супраць кансерватыўнага ўрада Калумбіі, быў дэпутатам парламента. Аўтар зб. «Вершы» (1864) і паэмы «Саул» (1881), якія належаць да лепшых узораў рамантызму. Самы папулярны твор лац.-амер. л-ры — раман І. «Марыя» (1867), прысвечаны гісторыі кахання, апісанай на фоне маляўнічай прыроды і сельскага жыцця. Творчасць І. прадвызначыла пераход ад рамантызму да рэалізму ў калумбійскай л-ры.
т. 7, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАДЫ́РАЎ Пірымкул (н. 24.9.1928, кішлак Кенгкол Ура-Цюбінскага р-на Ленінабадскай вобл., Таджыкістан),
узбекскі пісьменнік. Скончыў Ташкенцкі ун-т (1951). Друкуецца з 1950. Аўтар зб-каў апавяданняў «Студэнты» (1957), «Сонца ў крыві» (1963), аповесцей «Вольнасць» (1970), «Легенда» (1981), раманаў «Тры карані» (1958), «Чорныя вочы» (1966), «Алмазны пояс» (1977), «Зорныя ночы» (1979), у якіх узнімае надзённыя праблемы сучаснасці, раскрывае духоўны свет інтэлігенцыі, працаўнікоў вёскі. Аўтар кнігі нарысаў і публіцыст. артыкулаў «Роздум» (1971).
т. 7, с. 407
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛО́Ў Анатоль Сяргеевіч (н. 28.7.1962, в. Асінаўка Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Гомельскі ун-т (1985). З 1990 у час. «Полымя», з 1992 у час. «Маладосць». Друкуецца з 1985. Аўтар кніг прозы «Першыя сцяжыны» (1987), «Міражы ценяў» (1990), «І тады я памёр» (1993), аповесцей «Адкуль з’явіліся Яны» (1992), «Перакуліся, перакуленае» (1998). У творах спалучае рэаліст. і містычнае (побач з героямі дзейнічаюць ведзьмакі, пярэваратні, русалкі і інш.).
т. 7, с. 429
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВА́РЫЧ Алесь (сапр. Трушко Аляксандр Іванавіч; н. 2.11.1960, в. Відзібор Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1985). Настаўнічаў, з 1988 працаваў у час. «Вожык», Рэсп. цэнтры эстэт. выхавання, з 1992 рэдагаваў газ. «Збудінне», у 1995—97 супрацоўнічаў у час. «Бярозка». Друкуецца з 1983. У апавяданнях (зб-кі «Рабкова ноч», 1988; «Ноч пацалункаў незалежнасці», 1989) піша пра людзей Палесся, прыроду. Іх асаблівасць — лаканічнасць, займальнасць, філас. асэнсаванне чалавечых лёсаў.
т. 11, с. 101
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎСА́НІЙ (Pausanias; 2 ст. н.э.),
старажытнагрэчаскі пісьменнік. Нарадзіўся, верагодна, у Лідыі. Падарожнічаў па Італіі, Сардзініі, Корсіцы, Аравіі і Сірыі. Напісаная ім у 170-я г. праца «Апісанне Элады» — своеасаблівы даведнік пра найб. вядомыя помнікі гісторыі і культуры: Атыкі і Мегары (кн. 1), Карынфа (кн. 2), Пелапанеса (кн. 3—8), Беотыі і Факіды (кн. 9—10). Апрача асабістых уражанняў П. выкарыстаў творы гісторыкаў і географаў, паэтаў, якія не дайшлі да нашага часу.
т. 12, с. 232
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕТЛЯЧО́К Янка (сапр. Гаеўскі Іван Яфімавіч; 1888, в. Замужанне Барысаўскага р-на Мінскай вобл. 28.11.1957),
бел. пісьменнік. Скончыў Віленскі настаўніцкі ін-т (1912), Мінскі пед. ін-т (1930). Настаўнічаў. Збіраў фальклор на Барысаўшчыне і Лагойшчыне. З 1909 друкаваўся ў газ. «Наша ніва». У карэспандэнцыях расказваў пра цяжкое жыццё сялянства, асаблівасці мясцовага побыту. У вершаваным творы «З заработкаў» адлюстраваў жыццё плытагонаў.
Літ.:
Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984.
Г.А.Каханоўскі.
т. 14, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАМА́ЦІ (Stamati) Канстанцін (1786, г. Хушы, Румынія — 12.9.1869),
малдаўскі і румынскі пісьменнік. Аўтар лірычных і сатыр. вершаў, баек, паэм, драм. сцэнак, публіцыстычных артыкулаў, гіст. паэмы «Казка казак» (позняя назва — «Герой Чубэр-водэ...», 1843), кн. «Румынская муза» (1868). У творах адлюстроўваў гераічнае мінулае, барацьбу народа супраць іншаземных прыгнятальнікаў. Паўплываў на развіццё літ. жанраў малд. і рум. л-р.
Тв.:
Рус. пер. — Избранное. Кишинев, 1959.
Літ.:
Грекул И.Д. Константин Стамати. Кишинев, 1959.
т. 15, с. 142
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТО́МА Вячаслаў Іосіфавіч (н. 5.11.1949, в. Несутычы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1972). Настаўнічаў, працаваў у органах рыбнай гаспадаркі. Друкуецца з 1974. Аўтар зб-каў прозы, публіцыстыкі, навук.-папулярных твораў і твораў для дзяцей «Тайны жывёльнага свету» (1989, з Э.Р.Самусенкам), «На воўчых сцежках», «У глыбінках адвечнага бору» (абодва 1991), «Гаспадар таямнічых віроў» (1992).
Тв.:
Щедрость голубого гектара. Мн., 1990;
У нерушы дзікай прыроды. Мн., 2001.
т. 15, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРАНК (Franck) Себасцьян (20.1.1499, Донаўвёрт, Германія — 1542 ці 1543),
нямецкі пісьменнік, філосаф, дзеяч Рэфармацыі. Каталіцкі святар, потым пратэстанцкі прапаведнік, але адмаўляў догматы лютэранства і ў 1528 далучыўся да анабаптыстаў. З 1539 жыў у г. Базель (Швейцарыя). Аўтар твораў «Хроніка, аналы і гістарычная біблія» (1531), «Парадоксы» (1533), «Касмаграфія» (1533), «Нямецкая хроніка» (1538), «Прымаўкі» (1541) і інш., у якіх выступаў з пазіцый гуманізму, містыкі, супраць царк. дагматыкі і іерархіі, прыватнай уласнасці і інш.
т. 16, с. 453
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)