адно з саслоўяў свабоднага насельніцтва Стараж. Рыма. Да 3 ст. да н.э., як прышлае і падпарадкаванае насельніцтва, стаялі па-за абшчынай, не маглі карыстацца абшчыннай зямлёй (ager publicus), а валодалі ёю на правах прыватнай уласнасці. Беззямельныя П. займаліся рамесніцтвам і гандлем. У выніку працяглай барацьбы з патрыцыямі дамагліся некат. правоў: запісаны Законы 12 табліц (451—449 да н.э.), якія абаранялі П. ад беззаконня патрыцыяў; уведзены пасады нар. трыбунаў (449 да н.э.), прыняты закон пра дазвол шлюбаў паміж патрыцыямі і П. (445 да н.э.), аднаго консула ўводзілі з П. (367 да н.э.), рашэнні П. па трыбах атрымлівалі сілу закона і П. ўключаліся ў склад рым. народа (287 да н.э.). Тэрмін «П.» з 3—2 ст. да н.э. стаў азначаць паўнапраўных грамадзян нязнатнага паходжання.
Літ.:
Нечай Ф.М. Образование Римского государства. Мн., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВАСУ́ДДЗЕ,
форма дзярж. дзейнасці, якая заключаецца ў разглядзе і вырашэнні судом спраў, аднесеных да яго кампетэнцыі (крымін. злачынствы, цывільныя спрэчкі і інш.). Ажыццяўляецца судом ва ўстаноўленым законам працэсуальным парадку. У Рэспубліцы Беларусь канстытуцыйнымі прынцыпамі П. з’яўляюцца: роўнасць грамадзян перад законам і судом незалежна ад паходжання, сац., службовага і маёмаснага становішча, расавай і нац. прыналежнасці, паліт. і інш. перакананняў, адносін да рэлігіі, полу, адукацыі, мовы, роду і характару заняткаў, месцажыхарства і інш.; ажыццяўленне П. толькі судом; суддзі пры ажыццяўленні П. незалежныя і падпарадкоўваюцца толькі закону; справы ў судах разглядаюцца калегіяльна, а ў прадугледжаных законам выпадках — аднаасобна суддзёй; разбор спраў у судах адкрыты (слуханне спраў у закрытым суд. пасяджэнні дапускаецца толькі ў выпадках, вызначаных законам, з выкананнем усіх правілаў судаводства); П. ажыццяўляецца на аснове спаборніцтва і роўнасці бакоў у суд. працэсе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОДу мовазнаўстве,
граматычная катэгорыя, якая з’яўляецца адной з важнейшых класіфікацыйных адзнак назоўнікаў і сродкам выражэння прадметнасці іх значэння.
У сучаснай бел. мове кожны назоўнік належыць да аднаго з трох Р.: мужчынскага, жаночага або ніякага, акрамя тых, што ўжываюцца толькі ў мн. л. («граблі», «канікулы»; іх або не адносяць ні да якога Р., або да своеасаблівага «парнага» Р.). Частка адушаўлёных назоўнікаў, якія могуць абазначаць асоб. і мужчынскага, і жаночага полу, адносіцца да т.зв. агульнага Р. («суддзя», «запявала»). Некат. назоўнікі выражаюць значэнні мужчынскага і жаночага Р. адной родавай формай («таварыш», «аграном»), Р. нязменных (нескланяльных) назоўнікаў іншамоўнага паходжання вызначаецца сінтаксічна — формамі дапасаваных азначэнняў («наш аташэ», «наша інжэню»). Прыметнікі, некат. лічэбнікі і займеннікі, дзеясловы, дзеепрыметнікі набываюць родавыя адрозненні ў дапасаванні да назоўнікаў («хрусталёвая люстра», «сваё амплуа»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РТЭЛЬС (Артур) (1818, Вільня — 23.12.1885),
бел. мастак-карыкатурыст, ілюстратар, польскамоўны паэт-песеннік. Вучыўся ў Пецярбургу, Парыжы. Удзельнік паўстання 1863—64, эмігрыраваў. У эміграцыі напісаў паэму «Палескі тыдзень». Вярнуўшыся з-за мяжы, жыў у Лагойску, Гарадку, Вільні. Літ. творы і малюнкі друкаваў у віленскіх выданнях Я.Вільчынскага (1850) і Ю.Крашэўскага. У 1859 выдаў зборнік «Драмы і камедыі». Многія яго песні сталі народнымі. Частка іх надрукавана ў зборніку «Песні і сатыры» (1888). Ф.Багушэвіч пераклаў на бел. мову яго байку «Свінні і бараны». Аўтар сатыр. малюнкаў і карыкатур (серыі «Чалавек высокага паходжання», «Суседскі абедзік», «Пан Яўген», «Скнара», «Пропаведзь» і інш., надрукаваныя ў «Віленскім альбоме» ў 1858). Да малюнкаў рабіў рыфмаваныя подпісы, у якіх высмейваў застарэлыя звычкі дваран і местачковай шляхты. На выстаўцы 1891 у Мінску экспанаваліся яго малюнкі, у т. л. «Цыганскі табар».
Літ.:
Орлова М.А. Искусство Советской Белоруссии: Очерки. М., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РДЖА, Борджыя (ісп. Borja, італьян. Borgia),
арыстакратычны род іспанскага паходжання, які ў 15 — пач. 16 ст. адыгрываў значную ролю ў гісторыі Італіі. Пачатак яго ўзвышэнню даў Алонса (31.12.1378—6.8.1458), які стаў папам (1455—58) пад імем Калікста III. Яго пляменнік Радрыга (1430—18.8.1503) — папа Аляксандр VI (1492—1503), са сваім сынам Чэзарэ (1475 ці 1476—12.3.1507) імкнуліся стварыць у Сярэдняй Італіі вял. дзяржаву, дзе Чэзарэ меў бы абсалютную ўладу. Дзеля гэтага выкарыстоўвалі подкупы, забойствы. У 1499 Чэзарэ стаў правіцелем Раманьі. Пасля смерці Аляксандра VI пазбаўлены ўлады, уцёк у Іспанію. Загінуў у баі ў час міжусобных войнаў. Чэзарэ — прататып правіцеля ў творы Н.Макіявелі «Гасудар». Дачку Аляксандра VI Лукрэцыю (18.4.1480—24.6.1519) бацька і брат Чэзарэ тройчы выдавалі замуж з паліт. мэтамі. У 1501 Лукрэцыя стала жонкай герцага Ферары Альфонса д’Эстэ. Пры яе двары ў Ферары працавалі вучоныя, паэты, мастакі Л.Арыёста, П.Бемба, Тыцыян і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛАМІ́Т (ад прозвішча франц. мінералога Д.Далам’ё),
1) мінерал класа карбанатаў, карбанат кальцыю і магнію, CaMg(CO3)2. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі ромбаэдрычныя, прызматычныя, таблітчастыя. Агрэгаты грубазярністыя да шчыльных мас. Колер шаравата-белы, часам з жаўтаватым, бураватым, зеленаватым адценнем. Бляск шкляны. Паўпразрысты да празрыстага. Цв 3,5—4. Шчыльн. 2,9—3,2 г/см³. Пашыраны пародаўтваральны мінерал пераважна асадкавага, радзей гідратэрмальнага паходжання, трапляецца і як жыльны.
2) Асадкавая карбанатная горная парода, якая складаецца на 95% і больш з Д. Асн. прымесі кальцыт, ангідрыт. Нярэдка складае глыбока расчлянёныя горныя хрыбты і масівы (напр., Даламітавыя Альпы ў Італіі). Здольная да карставання. Радовішчы вельмі шматлікія. На Беларусі выяўлена 10 радовішчаў Д. з агульнымі запасамі каля 1 млрд.т. Выкарыстоўваецца як вогнетрывалы матэрыял і флюс у металургіі, як сыравіна ў хім. і шкляной прам-сці, сельскай гаспадарцы (для вапнавання глеб) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛАНД ((Holland) Ян Давід) (17.3.1746, г. Санкт-Андрэасберг, Германія — 27.12.1827),
польскі кампазітар ням.паходжання. З пач. 1780-х г. па запрашэнні К.Радзівіла прыдворны кампазітар і капельмайстар Нясвіжскай капэлы Радзівілаў. Тут напісаў шэраг паланэзаў, кантат і опер. Найб. вядомая камічная опера «Агатка, або Прыезд пана» на лібр. М.Радзівіла, упершыню пастаўленая ў 1784 у Нясвіжы (на Бел. радыё паст. ў 1994). Яна прасякнута ідэямі сентыменталізму, у тэксце адчуваюцца антыпрыгонніцкія акцэнты, у музыцы пераважае класічны стыль, выкарыстаны элементы фальклору. Сярод інш. твораў опера-вадэвіль «Чужое багацце нікому не на карысць» (1780), балет «Арфей у пекле» (паст. 1784, Нясвіж), кантата (1786), арк. музыка (сімфоніі, серэнада, дывертысмент, паланэзы). Пасля 1790, верагодна, пераехаў у Гродна, пазней — у Варшаву. З 1802 выкладаў у Віленскім ун-це.
Літ.:
Мальдзіс А.І. Таямніцы старажытных сховішчаў. Мн., 1974. С. 91—92;
Дадзіёмава В. Еўрапейская славутасць, якая належыць і нам // Беларусь. 1996. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІБРЫ́Д (ад лац. hibrida помесь),
арганізм (або клетка), атрыманы ў выніку скрыжавання разнародных у генетычных адносінах бацькоўскіх форм (відаў, парод, ліній і інш.). Паводле паходжання гібрыды бываюць спантанныя, якія ўзніклі пры выпадковым скрыжаванні, і штучныя, атрыманыя шляхам мэтанакіраванага скрыжавання з падборам бацькоўскіх пар у залежнасці ад задач селекцыі. Гібрыды могуць быць 1, 2, 3-га і г.д. пакаленняў і абазначаюцца лац. літарай F з індэксамі (F1, F2, F3...). Атрыманне гібрыда ляжыць у аснове гібрыдалагічнага аналізу. Прыкметы і ўласцівасці гібрыда перадаюцца ў спадчыну і расшчапляюцца (пераразмяркоўваюцца) у наступных пакаленнях паводле пэўных генет. законаў.
У раслінаводстве адрозніваюць гібрыды: міжродавыя, міжвідавыя, унутрывідавыя, міжлінейныя, міжсартавыя, сорталінейныя, трыплоідныя, несапраўдныя (псеўдагібрыды). Шырока выкарыстоўваюцца міжродавыя гібрыды пшанічна-пырнікавыя і трыцікале, міжлінейныя гібрыды кукурузы, шматлікія міжсартавыя гібрыды культурных раслін, што служаць таксама крыніцай зыходнага матэрыялу для селекцыі. У жывёлагадоўлі гібрыдам прынята называць толькі патомкаў, атрыманых ад скрыжавання розных родаў і відаў. Гл.Гібрыдызацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎЧУ́К НАТУРА́ЛЬНЫ,
высокаэластычны матэрыял, прадукт расліннага паходжання, асн. кампанент якога палімер ізапрэну. Атрымліваюць каагуляцыяй латэксу натуральнага — млечнага соку каўчуканосных раслін, пераважна гевеі бразільскай. Прамысл. сарты К.н. — смокед-шытс і крэпы маюць 5—7% па масе некаўчукавых рэчываў (бялкоў, ліпідаў, смол і інш.), якія ўплываюць на яго стабільнасць і ўмовы перапрацоўкі.
Поліізапрэн К.н. мае 98—100% звёнаў ізапрэну ў 1,4-цыс канфігурацыі (стэрэарэгулярны поліізапрэн). Пры т-ры вышэй за 10 °C аморфнае рэчыва, шчыльн. 913 кг/м³, т-ра шклавання ад -70 да -72 °C, крышталізуецца пры ахаладжэнні ніжэй за -10 °C ці пры расцяжэнні. Не раствараецца ў вадзе, ацэтоне, этаноле. Набракае, а потым раствараецца ў бензіне, эфіры, бензоле, талуоле. Вулканізацыяй К.н. атрымліваюць высокаэластычную, зноса- і марозаўстойлівую гуму. Выкарыстоўваюць у вытв-сці шын, гумава-тэхн. вырабаў, кляёў, эбаніту, электраізаляцыйных матэрыялаў, гумавых вырабаў санітарна-гігіенічнага, мед., харч. і спарт. прызначэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁС (ням. Löss),
аднародная тонказярністая вапнавая горная парода светла-жоўтага ці палевага колеру. Складаецца з кварцу і сілікатаў (27—90%), гліназёму (да 20%), карбанатаў (больш за 6%). Пераважаюць (больш за 55%) часцінкі памерам 0,01—0,05 мм. Высокая порыстасць (да 50%). Залягае ў выглядзе покрываў на водападзелах і схілах (магутнасць ад некалькіх метраў да 100—200 м). Для Л. характэрна верт. слупкаватая адасобленасць, прасадачнасць, пераслойванне з пахаванымі глебамі, наяўнасць ракавін наземных малюскаў і вапнавых канкрэцый. Пры малой прыроднай вільготнасці Л. вельмі трывалы і здольны захоўваць устойлівыя верт. адхоны выш. 10 м і больш. Л. занальны, прымеркаваны да абласцей умеранага клімату, пашыраны ў стэпавых і паўпустынных раёнах. Л. з’яўляецца глебаўтваральнай пародай для чарназёмаў і каштанавых глеб. Існуе некалькі тэорый паходжанняЛ., найб. вядомыя эолавая і ледавіковая. Пашыраны ў Кітаі (напр., Лёсавае плато), Сярэдняй Азіі, Зах. Сібіры, Паўн. Каўказе, Украіне і інш.Гл. таксама Лёсападобныя пароды.