рускі паэт, дзекабрыст. Скончыў Царскасельскі ліцэй (1817). Служыў у Калегіі замежных спраў; выкладаў рус. і лац. мовы. З 1820 падарожнічаў па Еўропе, служыў на Каўказе пры А.П.Ярмолаве. З 1825 у Пецярбургу, чл.«Паўночнага таварыства дзекабрыстаў». Пасля паражэння паўстання дзекабрыстаў пакінуў Пецярбург з мэтай выехаць за мяжу. Імкнуўся наладзіць сувязь з кіраўніком т-ва«Ваенныя сябры» К.Г.Ігельстромам. З пачаткам Літоўскага піянернага батальёна выступлення 1825 выбраў свой шлях праз Беларусь, дзе стаялі часці Літоўскага асобнага корпуса (Мінск, Нясвіж, Слонім, Пружаны, Камянец). У Варшаве арыштаваны. Прыгавораны да смяротнага пакарання, замененага зняволеннем у крэпасці. З 1836 на пасяленні ў Сібіры. Друкаваўся з 1815. Прыхільнік «высокіх жанраў»: гераічная паэма, грамадз. ода, трагедыя. З У.Ф.Адоеўскім выдаваў альманах «Мнемозина» (1824—25), у якім друкаваў свае вершы, аповесці, праграмныя крытычныя артыкулы. Аўтар паэм «Касандра» (нап. 1822—23), «Давід» (нап. 1826—29), «Юрый і Ксенія» (1832—35), «Агасфер» («Вечны жыд», 1832—46; апубл. 1878), трагедый «Аргівяне» (1822—25), «Пракофій Ляпуноў» (1834, апубл. 1938), містэрыі «Іжорскі» (1827—41, апубл. 1939), казкі «Пахом Сцяпанаў» (1832), драм. казкі «Іван, Купецкі сын» (1832—42), рамант. аповесці «Апошні Калона» (1832—43, апубл. 1937), цыкла артыкулаў і нарысаў «Еўрапейскія лісты» (1820), «Падарожжа» (1822), «Дзённіка» (апубл. 1929) і інш.
Тв.:
Избр. произв.Т. 1—2. М.; Л., 1967;
Соч.Л., 1989;
Путешествие. Дневник. Статьи Л.,1979.
Літ.:
Архипова А.В. Литературное дело декабристов. Л., 1987;
Горбунова Л.Г. Творчество Кюхельбекера: Пробл фантастики и мифологии... Саратов, 1991;
Букчин С. ...Народ, издревле нам родной. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЮД»
(«Lud», «Народ»),
польскі этнагр. часопіс; орган Польскага нарадазнаўчага т-ва. Засн. ў 1895 мовазнаўцам і этнографам А.Калінай. Выдаецца як штогоднік (у 1907—38 штоквартальнік), спачатку ў Львове, пазней у Вроцлаве і Познані. Асвятляе актуальныя пытанні тэорыі і метадалогіі культуры, гісторыі этнаграфіі, стану і праблематыкі этнагр. даследаванняў і інш. Этнаграфіі Беларусі прысвечаны публікацыі: пад ініцыяламі B. J. K. «Ужыванне цымбалаў у музыцы і беларускіх песенек на польскіх дварах у 1710 г.» (1905, т. 11), В.Брухнальскага «З «Помніка» М.Маркса, віцябчаніна» (1922, т. 21), С.Малевіча «Батлейка на Белай Русі» (1924, т. 22), Ю.Галомбака «Беларускія дзяды» (1925, т. 24), Ч.Пяткевіча «Гігіена ў жыцці палешукоў» (1931, т. 30), В.Бандарчыка «Беларуская этнаграфія ў працах польскіх даследчыкаў XIX ст.» (1967, т. 51, ч. 1), «Этнаграфія Беларусі пасляваеннага перыяду» (1973, т. 57), Ф.Сяліцкага «Беларускія народныя бяседна-радзінныя песні з вёскі Мікуліна гм. Даўгінава былога Вілейскага павета» (1979, т. 63), «Беларускія жніўныя і палявыя песні з ваколіц вёскі Мікуліна былой гміны Даўгінава Вілейскага павета» (1982, т. 66), «Легенды, прытчы і апавяданні аб з’явах на Вілейшчыне ў міжваенны перыяд» (1983, т. 67), «Вясеннія і летнія гадавыя звычаі ў былым Вілейскім павеце» (1985, т. 69). Апублікаваў рэцэнзіі на працы А.Багдановіча, М.Доўнар-Запольскага, М.Федароўскага, Ч.Пяткевіча, К.Машынскага, Я.Карскага, М.Чурак, М.Раманюка, А.Лакоткі, на тамы серыі «Беларуская народная творчасць», кнігі «Беларускае народнае мастацтва» (1956, т. 42, ч. 2), «Промыслы і рамёствы Беларусі» (1987, т. 71) і інш., энцыклапедыю «Этнаграфія Беларусі» (1992, т. 75). Выйшла 80 тамоў (1996).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЕ ПАЎСТА́ННЕ Ў РУМЫ́НІІ 1989,
паўстанне (Снежаньская рэвалюцыя) рум. народа ў снеж. 1989, якое прывяло да звяржэння дыктатуры Н.Чаўшэску. Выклікана абвастрэннем у краіне сац., нац. і паліт. праблем, у т. л. харчовай, энергет. і інш.эканам. (з-за інтэнсіўнай выплаты ўрадам Чаўшэску знешніх даўгоў, праследавання ўладамі венг.нац. меншасці, задушэння апазіцыі і дэмакр. свабод, самавольства службаў бяспекі — секурытатэ). Пачалося 15—16 снеж. ў г. Тымішаара з выступленняў у абарону свабоды царк. службаў і пропаведзі венгерскага святара Л.Цёкёша і сутыкненняў дэманстрантаў 16—17 снеж. з узбр. атрадамі сіл бяспекі. 22 снеж. пашырылася на Бухарэст, дзе на мітынгу народ запатрабаваў ад Чаўшэску дэмакр. свабод і яго адстаўкі. У Бухарэсце разгарнуліся жорсткія вулічныя баі (ішлі некалькі дзён) паміж паўстанцамі, якіх падтрымала армія, незадаволеная тым, што Чаўшэску паставіў яе пад кантроль сіл бяспекі, і вернымі Чаўшэску сіламі паліцыі і бяспекі. Узбр. сутыкненні адбыліся таксама ў Тымішаары, Брашове, Сібіў. Пасля ўцёкаў Чаўшэску і яго жонкі (неўзабаве схоплены і 25 снеж. пакараны смерцю паводле прыгавору спец.ваен. трыбунала «за злачынствы перад народам») уладу 26 снеж. ўзначаліў Савет Фронту нацыянальнага выратавання пад кіраўніцтвам І.Іліеску, які распачаў дэмакратызацыю паліт. ладу Румыніі і мерапрыемствы па пераадоленні цяжкай сац.-эканам. спадчыны. Быў сфарміраваны ўрад на чале з П.Романам, на пач. 1990 былі прызначаны парламенцкія выбары. У ходзе паўстання забіты 1104 чал., з іх каля 260 ваеннаслужачых, паранены 3352 чал.
Літ.:
Румыния. 1989. № 12;
1990. № 1;
Революции 1989 г. в странах Центрально-Восточной Европы: взгляд через десятилетие // Славяноведение. 1999. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НІЮШ (Ларыса Антонаўна) (9.8.1910, хутар Жлобаўцы Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. — 7.4.1983),
бел. паэтэса, празаік. Скончыла Ваўкавыскую польскую гімназію (1928). У 1937 выехала ў Прагу, дзе вучыўся, а пасля працаваў лекарам муж. Удзельнічала ў дзейнасці бел. эміграцыі (была сакратаром урада БНР). 5.3.1948 з мужам арыштавана ў Празе, прывезена ў Мінск. У 1949 прыгаворана Вярх. судом БССР да 25 гадоў лагераў. Пакаранне адбывала ў Комі АССР (Інта, Абезь). Вызваленая ў 1956, пасялілася ў г.п. Зэльва Гродзенскай вобл., дзе, маючы грамадзянства Чэхаславакіі, жыла да смерці. Друкавалася з 1939 у эмігранцкіх выданнях (у час вайны ў газ. «Раніца», «Беларускі работнік», час. «Новы шлях»). У першым зб. «Ад родных ніў» (Прага, 1942, факс. выд., Слонім, 1995) пераважаюць нац.-вызв. матывы. Аўтар зб. «Невадам з Нёмана» (1967), «На чабары настоена» (1982), кн. для дзяцей «Казкі для Міхаські» (1972), «Добрай раніцы, Алесь» (1976). У творчасці паэтэсы вобраз Беларусі скразны. Вершы Геніюш меладычныя, прасякнуты фалькл. ўплывамі (паэмы «Куфар», 1967; «Маёй бабусі», апубл. ў 1989; «Даўніна», апубл. ў 1990). Звярталася да гісторыі Беларусі. Нязломнасцю духу вызначаюцца лагерныя творы («Крывёй напоўніліся поймы рэк», «Мы — народ»), кн. ўспамінаў «Споведзь» (апубл. ў 1990). На вершы Геніюш напісаны песні. Пра жыццё і творчасць Геніюш дакумент. фільм «Вянок цярновы васількоў» (сцэнарый Р.Барадуліна), маст. фільм «Птушкі без гнёздаў» (рэж. М.Грыгор’еў).
Тв.:
Dziewiać wieršaú. Biełastok. 1987;
Вершы: Рукапісны зборнік з 1945—47 гг. Лондан, 1992;
Маці і сын. Беласток, 1992;
Белы сон. Мн., 1990;
Споведзь. Мн., 1993.
Літ.:
Бічэль-Загнетава Д. З прынямонскіх вярбін // Полымя. 1988. № 4;
Яе ж. Ларыса Геніюш // Беларусь. 1985. № 8;
Сачанка Б. Ларыса Геніюш // Маладосць. 1988. № 10.
рускі філосаф, гісторык-медыявіст; адзін з ідэолагаў еўразійства. Брат Т.П.Карсавінай. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1906), з 1918 яго прафесар. У 1922 высланы за мяжу. Жыў у Берліне, Парыжы; з 1928 праф. ун-таў у Каўнасе і Вільні. У 1949 арыштаваны па абвінавачанні ў антысав. дзейнасці, прыгавораны да 10 гадоў зняволення. Памёр у лагерным шпіталі ў Комі АССР. Імкнуўся стварыць цэласную сістэму хрысц. светапогляду пад уплывам раннехрысц. вучэнняў і рус.рэліг. філасофіі 19 ст. Катэгорыю ўсеадзінства (уведзена У.С.Салаўёвым) дапоўніў паняццем трыадзінства (быццё як адлюстраванне боскай траістасці і адначасова як дыялектычны працэс: «першаадзінства» — «самараз’яднанне» — «самаўз’яднанне»). Падобны падыход характэрны і для яго вучэння пра асобу. Свет, паводле К., гэта ўсеадзіная сімфанічная асоба (уяўляе сабой адзінства індывід. быцця і іншабыцця), або іерархічнае адзінства сімфанічных асоб рознага парадку. Кожная сімфанічная сац. асоба (сям’я, народ, культура) — гэта недасканалае выражэнне вышэйшай боскай асобы. Сэнс і прызначэнне асобы бачыў у пераадоленні недасканаласці праз яднанне з боскай рэчаіснасцю як носьбітам адзінства. Сярод прац: «Каталіцтва» (1918), «Усход, Захад і руская ідэя» (1922), «Аб пачатках (Вопыт хрысц. метафізікі)» (1925), «Пра асобу» (1929). Як гісторык даследаваў еўрап. сярэдневякоўе; з’яўляецца адным з першых рус. папярэднікаў т. зв. гіст. антрапалогіі — кірунку ў сучаснай еўрап.гіст. навуцы: «Культура сярэдніх вякоў» (1914), «Асновы сярэдневяковай рэлігійнасці...» (1915), «Гісторыя еўрапейскай культуры» (т. 1—5, 1931—36).
Тв.:
Религиозно-философские сочинения. Т. 1. М., 1992;
Монашество в средние века. М., 1992;
Философия истории. СПб., 1993;
Малые сочинения. СПб., 1994.
Літ.:
В память о Л.П.Карсавине. Брюссель, 1990;
Историк-медиевист — Л.П.Карсавин (1882—1952). М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІ́СІЯ (Galicia),
аўтаномная вобласць на ПнЗ Іспаніі на ўзбярэжжы Атлантычнага ак.Пл. 29,4 тыс.км². Нас. каля 3 млн.чал. (1994), пераважна галісійцы, народ, блізкі да партугальцаў. Уключае правінцыі: Ла-Карунья, Пантэведра, Луга, Арэнсе. Адм. ц. — г. Ла-Карунья. Галісія займае стараж.крышт. Галісійскі масіў выш. да 1778 м, расчлянёны густой сеткай горных рэк. Узбярэжжа моцна парэзана, шмат зручных натуральных гаваней. Клімат умераны акіянскі. Характэрны шыракалістыя горныя лясы (дуб, граб, бук, ясень) і хмызнякі.
У старажытнасці — тэрыторыя рассялення племя галекаў (адсюль назва), якое сфарміравалася ў 1-м тыс. да н. э. ў выніку змяшэння прышлых кельтаў з мясц. плямёнамі эстрымніяў. У 2—1 ст. да н.э. заваявана рымлянамі. У 5—7 ст.н.э. ў складзе каралеўстваў свеваў і вестготаў. У 8 ст. галісійцы супраціўляліся араб. заваяванню. У 718-—739 далучана да каралеўства Астурыя. У 1065—72 незалежнае каралеўства. З 1072 у складзе Кастыліі. З 1479 у складзе адзінай ісп. дзяржавы. У сярэдзіне 19 ст. ў Галісіі пачаўся працэс адраджэння галісійскай мовы, умацавання рэгіянальнай самасвядомасці. З-за вастрыні агр. пытання і беднасці многія галісійцы эмігрыравалі ў Амерыку (больш за 1,3 млн.чал. за 1-ю пал. 20 ст.). Пасля абвяшчэння Ісп. рэспублікі (1931) на рэферэндуме 28.6.1936 ухвалены праект аўтаноміі Галісіі, аднак яе ўвядзенню перашкодзіла ўсталяванне ў краіне дыктатуры Ф.Франка. Пасля падзення дыктатуры Галісіі нададзена аўтаномія (1981).
У сельскай гаспадарцы пераважае малочная і мясная жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла і свінні). Пасевы кукурузы, жыта, бульбы, садоўніцтва (яблыкі). Вінаробства. Значная роля рыбалоўства (каля паловы рыбалавецкага флоту Іспаніі) і лясной прам-сці. Значныя ГЭС. Здабыча жал. і вальфрамавай руды, волава, бурага вугалю. Суднабудаванне (Эль-Фероль і Віга), дрэваапр., хім., тэкст. і харч.прам-сць. Аўтамабілебудаванне (грузавыя аўтамабілі), нафтаперапрацоўка, алюмініевая прам-сць. Транспарт аўтамаб. і чыгуначны. Буйныя порты Ла-Карунья і Віга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́ЎСКАЯ У́НІЯ 1385,
дзярж. саюз паміж Вялікім княствам Літоўскім і Польшчай, заключаны 14.8.1385 у Крэўскім замку. Акт К.у. — дакументальнае зацвярджэнне вял. князем ВКЛЯгайлам папярэдне прынятых абавязацельстваў перайсці ў каталіцтва і ахрысціць паводле лацінскага абраду ўсіх язычнікаў-літоўцаў, а таксама стварыць дзярж. саюз (унію) ВКЛ і Кароны Польскай. У акце зафіксавана таксама абяцанне польскіх паслоў ад імя сваёй дзяржавы аддаць кн. Ягайлу ў жонкі малалетнюю каралеву Ядвігу, а з ёю і польскую карону. Акт падпісалі Ягайла, князі Скіргайла, Лугвен, Карыбут, Вітаўт. Агульным гал. фактарам саюзу была барацьба абедзвюх дзяржаў з Тэўтонскім ордэнам, небяспека з боку якога ўзмацнілася і пагражала стратай зямель Польшчы і ВКЛ. Польская шляхта хацела спыніць ваенныя канфлікты з ВКЛ з-за Валыні, а каталіцкая царква — мірным шляхам ахрысціць апошні язычніцкі народ у Еўропе. 2.2.1386 на з’ездзе польскай шляхты ў Любліне Ягайлу абралі каралём Польшчы. Ён прыбыў у Кракаў, прыняў са сваімі братамі каталіцтва і атрымаў імя Уладзіслаў. 18.2.1386 Ягайла ажаніўся з Ядвігай, а 4.3.1386 быў каранаваны. Абедзве дзяржавы аб’ядноўваў адзін манарх (праўда, ненадоўга), але кожная з іх захоўвала сваю сістэму кіравання, праводзіла самаст. палітыку. Працягам К.у. была Віленска-Радамская унія 1401. Аддаленыя вынікі К.у. — даволі трывалы дзярж. саюз (трымаўся на персанальнай уніі) ВКЛ і Польшчы на працягу 14—16 ст., да заключэння Люблінскай уніі 1569, паступовае збліжэнне дзярж. інстытутаў ВКЛ і Польшчы, а таксама культ. збліжэнне вярхоў грамадства. Дзякуючы саюзу ўдалося ліквідаваць пагрозу з боку Тэўтонскага ордэна, перамагчы яго ў Грунвальдскай бітве 1410, адкрыць гандл. шляхі ў Зах. Еўропу. На ўсходзе ВКЛ з дапамогай Польшчы ўдалося стрымліваць націск з боку Маскоўскай дзяржавы. Адным з вынікаў уніі быў шырокі дыпламатычны выхад ВКЛ у Еўропу, а таксама культ. збліжэнне з інш. краінамі Еўропы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУНАЧА́РСКІ (Анатоль Васілевіч) (23.11. 1875, г. Палтава, Украіна — 26.12.1933),
савецкі дзярж. дзеяч, філосаф, пісьменнік і мастацтвазнавец. Акад.АНСССР (1930). Вучыўся ў Цюрыхскім ун-це (1895—96). З 1892 у с.-д. руху, у 1910—17 чл.с.-д. груп «Наперад», «Пралет.л-ра» і «міжраёнцаў», супрацоўнічаў у бальшавіцкіх газетах «Вперед», «Пролетарий» і інш. У 1917—29 нар. камісар асветы РСФСР; адзін з арганізатараў сав. сістэмы адукацыі. Садзейнічаў арг-цыі БДУ у Мінску (1921). Вял. ролю адыграў у развіцці кнігавыдання і бібліятэчнай справы, у арг-цыі перакладаў рус. кніг на замежныя мовы і ў выданні перакладаў на рус. мову. 3 вер. 1929 старшыня Вучонага к-та пры ЦВКСССР. Са жн. 1933 паўнамоцны прадстаўнік СССР у Іспаніі. Аўтар прац па эстэтыцы, філасофіі, міжнар. палітыцы, тэорыі і гісторыі л-ры, т-ра, выяўл. мастацтва, кіно, музыкі. Адзін з тэарэтыкаў сацыялістычнага рэалізму. Яго п’есы «Фауст і горад» (1918), «Олівер Кромвель» (1920), трылогія пра Т.Кампанелу (напісаны 2 ч.: «Народ», 1920; «Герцаг», 1922), «Падпальшчыкі» (1924, паст. т-рам імя Я.Купалы пад назвай «Чырвоная маска», 1925), «Аксаміт і лахманы» (1927) і інш. прасякнуты напружанай філас. думкай і ўзвышаным пафасам тыранаборства. Аўтар цыкла апавяданняў «Маленькія фантазіі», кінасцэнарыяў. Перакладаў на рус. мову ўрыўкі з «Фауста» І.В.Гётэ, вершы Ш.Пецёфі і інш. Высока цаніў творчасць Я.Коласа, М.Багдановіча, Я.Пушчы і асабліва Я.Купалы, якога называў «бацькам новай бел. паэзіі». Напярэдадні 25 годдзя літ. дзейнасці Я.Купалы апублікаваў арт. «Народны паэт Беларусі» (1930), прысвяціў яму верш-экспромт.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—8. М., 1963—67;
Статьи о литературе Т. 1—2. М., 1988.
Літ.:
Исаев С.Г. Жизнь и деятельность Луначарского (1917—32). Т. 1—3, кн. 1—5. Душанбе, 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНІЦТВА,
1) спецыфічная фаза гісторыі сац.-рэв. руху ў Расіі паміж «хаджэннем у народ» (1872—74) і тэрарызмам (1878—81).
2) Сац. дактрына 2-й пал. 19 ст., заснаваная на ўпэўненасці ў тым, што Расія можа мінуць капіталіст. стадыю развіцця і праз арцель і абшчыну адразу перайсці да сацыялізму (некат. даследчыкі лічаць пачынальнікамі гэтай дактрыны А.І.Герцэна і М.Г.Чарнышэўскага і адносяць нараджэнне т. зв. «аграрнага сацыялізму» да 1840—60-х г.).
2) Шырокі спектр ідэй і падыходаў, звязаных з цікавасцю інтэлігенцыі да «народа», пераважна сялян і рабочых, іх мыслення, звычаяў, нораваў і г.д. Характэрная рыса Н. як ідэалогіі — перапляценне ідэй рэв. дэмакратыі з сял.утапічным сацыялізмам. Н. падзялялася на рэв. і ліберальную плыні. Рэв. Н. звязвала дасягненне сацыялізму з усерас.сял. паўстаннем; ліберальнае разлічвала на мірны, рэфармісцкі шлях. Філас.-метадалагічную аснову поглядаў Н. складалі пазітывізм (М.К.Міхайлоўскі, П.Л.Лаўроў) і матэрыялізм (П.М.Ткачоў); іх аб’ядноўвала мэта тэарэтычна абгрунтаваць права асобы на сац. актыўнасць, зацвердзіць вядучую ролю сац. ідэала ў пабудове вучэння аб грамадскім развіцці («тэорыя прагрэсу», суб’ектыўны метад у сацыялогіі). Адлюстраваннем прынцыпаў суб’ектыўнай сацыялогіі ў эканам. навуцы з’явіўся «эканамічны рамантызм» (В.П.Варанцоў, М.Ф.Даніэльсон), прадстаўнікі якога імкнуліся пацвердзіць ідэю некапіталіст. развіцця ў Расіі.
У 1860-я — сярэдзіне 1880-х г. у рас. Н. пануючай была рэв. плынь, прадстаўленая шматлікімі тайнымі арг-цыямі і гурткамі, большасць якіх з 1870-х г. знаходзілася пад уплывам «бунтарскіх» ідэй М.А.Бакуніна. Спробай рэалізаваць ва ўсерас. маштабе рэв.-дэмакр. ідэі Герцэна і Чарнышэўскага стала першая арг-цыя«Зямля і воля» (1861—64). Члены т-ва «ішуцінцаў» (1863—66, лідэры М.А.Ішуцін і І.А.Худзякоў) для прапаганды рэв. ідэй меркавалі стварыць вытв. арцелі і камуны. Адзін з іх, Дз.У.Каракозаў, у крас. 1866 ажыццявіў няўдалы замах на імператара Аляксандра II. Уцалелыя пасля арыштаў «ішуцінцы» ўвайшлі ў тайную змоўшчыцкую арг-цыю «Народная расправа» (1869), лідэр якой С.Г.Нячаеў лічыў магчымым для перамогі «мужыцкай рэвалюцыі» выкарыстоўваць любыя сродкі, у т. л. падман, шантаж, забойствы. «Вялікае таварыства прапаганды», або чайкоўцы (1869—74), лічыла неабходным пашырэнне прапаганды ідэй Н. сярод інтэлігенцыі, а потым у народзе з мэтай падрыхтоўкі рэвалюцыі. У 1872—73 у Пецярбургу і Маскве дзейнічаў гурток далгушынцаў (заснавальнік А.В.Далгушын), члены якога падзялялі бунтарскія ідэі Бакуніна. Вясной 1873 пачалося і дасягнула найб. размаху ў 1874 падрыхтаванае далгушынцамі, чайкоўцамі і інш.рэв. гурткамі масавае «хаджэнне ў народ» рэв. інтэлігенцыі з мэтай узняць сялян на сацыяліст. рэвалюцыю. Гал. формай работы. сярод сялян была «лятучая прапаганда». Аднак «хаджэнне ў народ» не прывяло і не магло прывесці да сял. рэвалюцыі, амаль усе яго ўдзельнікі (каля 4 тыс.) былі арыштаваны, найб. актыўныя асуджаны па «працэсе 193-х» (1877—78). У 1874 узнікла «Усерасійская сацыяльна-рэвалюцыйная арганізацыя», або группа «масквічоў» (1874—75); яе члены лічылі, што для дзейснай прапаганды на сяле трэба рыхтаваць пасрэднікаў паміж сялянамі і інтэлігенцыяй з ліку рабочых. Другая «Зямля і воля» (1876—79), зыходзячы з вопыту папярэднікаў, імкнулася стварыць цэнтралізаваную рэв. арг-цыю, з мэтай пастаяннай прапаганды рэв. ідэй стварала паселішчы народнікаў у сельскай мясцовасці, але і гэтая дзейнасць не мела поспеху. У 1879 «Зямля і воля» раскалолася на «Народную волю» (1879—86) і «Чорны перадзел» (1879—81). Пад уплывам ідэй Ткачова (рэв. змоўніцтва) «Народная воля» перайшла да паліт. барацьбы з мэтай захопу ўлады. Аднак гэтая барацьба звялася да індывід. тэрору з мэтай дэзарганізацыі ўлады і абуджэння народу. Забойства імператара Аляксандра II 13.3.1881 (ажыццявіў І.Я.Грынявіцкі) паказала безвыніковасць і згубнасць такой тактыкі. Да канца 1884 «Народная воля» разгромлена ўрадам. «Чорны перадзел», які адмаўляў непасрэдную паліт. барацьбу і рабіў упор на прапаганду сярод рабочых, да канца 1881 распаўся на асобныя гурткі. Яго б. лідэры Г.В.Пляханаў, Л.Р.Дэйч, В.І.Засуліч і інш. ў эміграцыі перайшлі на паз шыі марксізму і заснавалі ў 1883 у Жэневе с.-д. арг-цыю «Вызваленне працы».
На Беларусі ідэі Н. падзялялі К.С.Каліноўскі, В.Урублеўскі, З.І.Серакоўскі і інш. кіраўнікі і ўдзельнікі паўстання 1863—64. У канцы 1862 у склад «Зямлі і волі» 1860-х г. увайшоў ваенна-рэв.Камітэт рускіх афіцэраў у Польшчы, 40% членаў якога былі ўраджэнцамі бел.-літ. губерняў. У 1874—84 існавалі нелегальныя групы бел. студэнтаў у ВНУ Пецярбурга і інш. гарадоў краіны. У стварэнні адной з першых бел. груп «Народнай волі» ў Пецярбургу ўдзельнічаў Грынявіцкі. Пазней са студэнтаў-беларусаў Пецярбургскага ун-та створана бел.рэв. група «Гоман», якая наладзіла сувязі з Віцебскам, Мінскам і інш.бел. гарадамі, імкнулася стаць цэнтрам арг-цыі «Народнай волі» на Беларусі, у 1884 выдала 2 нумары час.«Гомон». У студз. 1882 створана Паўночна-Заходняя арганізацыя «Народнай волі», якая аб’яднала гурткі Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Гродзенскай, Ковенскай губ. У 1881—83 у Вільні, Мінску, Пінску, Віцебску, Гродне, Бабруйску, Оршы, Магілёве ўзніклі нарадавольцаў-афіцэраў гурткі, што падпарадкоўваліся непасрэдна ваенна-рэв. цэнтру «Народнай волі». Існавалі на Беларусі і народніцкія гурткі вучнёўскай моладзі. Групы бел.рэв. народнікаў нелегальна выдавалі адозвы, у т. л. «Да беларускай інтэлігенцыі» (1883), «Пасланне да землякоў-беларусаў Шчырага беларуса» (1.1.1884), ліберальныя народнікі — «Да беларускай моладзі» (1881), «Пісьмы пра Бсларусь. Пісьмо першае Данілы Баравіка» (16.12.1882). У выданнях бел. народнікаў былі абгрунтаваны ідэі нац.-дзярж. адраджэння Беларусі. Некаторыя ідэі ліберальнага Н. прапагандавала газ. «Минский листок». З дзейнасцю рэв. народнікаў звязаны пачатак распаўсюджвання на Беларусі асобных твораў К.Маркса і Ф.Энгельса, узнікненне першых рабочых гурткоў.
На фоне ідэйнага краху рэв. Н. з сярэдзіны 1880-х г. пануючай плынню ў народніцкім руху стала ліберальнае Н. (ідэолаг Міхайлоўскі), якое выступала за павелічэнне сял. надзелаў, аднаўленне сялян у грамадз. правах і інш. рэформы пры захаванні асноў дзярж. і грамадскага ладу. Пераемнікамі Н. сталі сацыялісты-рэвалюцыянеры, што аформіліся ў партыю ў 1902 у выніку аб’яднання народніцкіх груп і гурткоў.
Літ.:
Ткаченко П.С. О спорных проблемах истории народничества // История СССР. 1963. №6;
Троицкий Н.А. Большое общество пропаганды 1871—1874 гг. (т.н. «чайковцы»), Саратов, 1963;
Антонов В.Ф. Революционное народничество. М., 1965;
Самбук С.М. Революционные народники Белоруссии (70-е — начало 80-х гг. XIX в.). Мн., 1972;
Пантин И.К. Социалистическая мысль в России: переход от утопии к науке. М., 1973;
Лосинский Н.Б. Революционно-народническое движение в Белоруссии, 1870—1884 гг.Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДАНО́ВІЧ (Максім Адамавіч) (9.12.1891, Мінск — 25.5.1917),
бел. паэт, перакладчык, літ.-знавец, празаік. Раннія дзіцячыя гады правёў у Гродне (1892—96), жыў і вучыўся ў Ніжнім Ноўгарадзе (1896—1908) і Яраслаўлі (1908—16). Скончыў Дзямідаўскі юрыд. ліцэй у Яраслаўлі (1916) і восенню прыехаў у Мінск. Працаваў сакратаром губ. харчовай камісіі. У лют. 1917 цяжка хворы выехаў на лячэнне ў Ялту. Там памёр і пахаваны. Першы друкаваны твор — алегарычная казка-прытча «Музыка» («Наша ніва», 1907, №24). Адзіны прыжыццёвы зб. вершаў «Вянок» (Вільня, 1913). Яго паэзія развівалася ва ўмовах рэакцыі, у атмасферы вострых сац.-паліт. канфліктаў. Асн. кірунак творчасці — патрыят. служэнне сац. і нац. вызваленню бел. народа, сцвярджэнне ідэй роўнасці і братэрства, барацьба за гуманіст. ідэалы. Не прымаючы тагачаснай рэчаіснасці, уціску чалавека-працаўніка, Багдановіч проціпастаўляў ім агульначалавечыя духоўныя пачаткі прыгожага і добрага (вобразы мадоннаў у «Вянку»). Дэмакратызм паэта эвалюцыянаваў да сцвярджэння ідэй гераічнага, самаахвярнага змагання за інтарэсы народа. У паэзіі Багдановіча моцна гучалі ідэі нац.-вызв. барацьбы супраць царскай імперыі як турмы народаў, супраць вялікадзярж. шавінізму. Багдановіч-мастак асн. сваёй задачай лічыў узбагачэнне роднай л-ры новымі тэмамі і формамі. Яго вершы — шматгранны паказ жыцця чалавека ў разнастайных сувязях з грамадствам і прыродай. Галоўнае ў іх — жыццялюбства («Прывет табе, жыццё на волі!», «Выйшаў з хаты»), актыўнае стаўленне да рэчаіснасці («Рушымся, брацця, хутчэй», «Кінь вечны плач свой аб старонцы!»), захапленне красой жыцця («Па-над белым пухам вішняў», «Зімой»), маладосцю («Маладыя гады»), мудрасцю, працавітасцю, таленавітасцю народа («Летапісец», «Слуцкія ткачыхі»). Але ў абставінах тагачаснай рэчаіснасці на першы план вылучаліся тэма паднявольнага жыцця прац. народа, роднага краю («Краю мой родны! Як выкляты богам», «Народ, Беларускі Народ!», «Беларусь, твой народ дачакаецца»), вобраз селяніна-працаўніка («Гнусь, працую, пакуль не парвецца», «Пан і мужык»), грамадзянскі сум («Мяжы», «Ой, чаму я стаў паэтам», «Вы, панове, пазіраеце далёка», «Эмігранцкая песня», «Пагоня»). Матывы смутку паглыбляліся асабістай драмай паэта, з 18 гадоў хворага на сухоты. У Багдановіча-лірыка моцная схільнасць да роздуму, развагі. Адсюль філас. заглыбленасць яго вершаў («Зразаюць галіны таполі адну за адной», «Калі зваліў дужы Геракл у пыл Антэя», «Жывеш не вечна, чалавек», санет «На цёмнай гладзі сонных луж балота», рандо «Узор прыгожы пекных зор», «Перад паводкай»). Багдановіч з Я.Купалам — заснавальнікі пейзажнай і інтымнай любоўнай лірыкі ў бел. паэзіі («Я бальны, бесскрыдлаты паэт», трыялет «Мне доўгае расстанне з Вамі», «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы»). Вялікая заслуга паэта ў распрацоўцы гіст. тэмы («Летапісец», «Безнадзейнасць», «Перапісчык», «Агата», цыкл «Места», «Песня пра князя Ізяслава Полацкага») і урбаністычных матываў («Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць», «На глухіх вулках — ноч глухая»). Шырока развіваў у бел. лірыцы т.зв. вечныя тэмы жыцця, смерці, кахання, дружбы (нізка «Каханне і смерць», рандэль «На могілках», трыялет «С.Палуяну»). Творчасць Багдановіча мела першаступеннае значэнне ў гіст. самапазнанні народа і сцвярджэнні яго месца ў гісторыі чалавецтва. Яго вершы вызначаюцца майстэрскім выкарыстаннем вобразна-выяўленчых сродкаў класічнай і песенна-нар. паэтыкі. Выхаваны на паэзіі А.Пушкіна, А.Фета, Ф.Цютчава, добра знаёмы з сучаснай яму рус. паэзіяй, узбагаціў родную л-ру перадавымі ідэямі і багатым эстэтычным вопытам. Зб. «Вянок» стаў у бел. паэзіі ўзорам творчага засваення класічнай паэтыкі на нац. глебе. Школай высокага майстэрства з’яўляюцца змешчаныя тут санеты, трыялеты, рандо, актавы, тэрцыны, пентаметры. Класічную культуру нёс роднаму слову Багдановіч і як перакладчык Гарацыя, Авідзія, Ф.Шылера, Г.Гейнэ, А.Ф.Арвера, П.Верлена, Э.Верхарна, Ю.Святагора, А.Пушкіна, А.Майкава, А.Крымскага, М.Розенгейма, А.Алеся. Перакладаў на рус. мову творы Я.Купалы, Т.Шаўчэнкі, І.Франко, В.Стафаніка, У.Самійленкі. Вялікае месца ў творчасці Багдановіча займаў фальклор: выкарыстанне бел. міфалогіі («Чуеш гул? — Гэта сумны, маркотны лясун», «Вадзянік», «Змяіны цар»), вобразаў, матываў, рытміка-інтанац. складу бел.нар. песні («Не кувай ты, шэрая зязюля», нізка «На сінім Дунаі»). Вершы т.зв. беларускага складу — узор лірыкі, стылізаванай пад песенна-нар. паэтыку («Бяседная», «Лявоніха», «Скірпуся»). Паэмы Багдановіча — пошук нац. эпасу: гераічнага — «Максім і Магдалена», «Страцім-лебедзь», сац.-бытавога — «Мушка-зелянушка і камарык — насаты тварык». Пісаў у класічных і песенна-нар. формах іншых паэзій (песні «Руская», «Украінская», «Сербская», «Скандынаўская», «Іспанская», у форме рубаі — «Персідскія», у форме танкі — «Японскія»). Праца Багдановіча-крытыка накіравана на абарону рэалізму і народнасці — эстэт. асноў перадавой бел. л-ры пач. 20 ст. («Глыбы і слаі», 1911; «За тры гады», 1913; «Забыты шлях», 1915). Адзін з заснавальнікаў навук. гісторыі бел. л-ры («Кароткая гісторыя бел. пісьменнасці да XVI сталецця», «Новы перыяд у гісторыі бел. літаратуры»). Лепшыя апавяданні Багдановіча стаяць каля вытокаў бел.нац. прозы («Апокрыф», 1913; «Апавяданне аб іконніку і залатару...», 1914). Даследаваў л-ру і гісторыю слав. народаў (арт. пра Шаўчэнку, М.Ламаносава, Пушкіна, М.Лермантава, гіст.-этнагр. нарысы «Украінскае казацтва», «Галіцкая Русь», «Угорская Русь», «Браты-чэхі» і інш.). Яго публіцыстыка звязана з супрацоўніцтвам (1913—16) у яраслаўскай газ. «Голос». Прозу, літ.-знаўчыя і публіцыстычныя артыкулы часткова пісаў на рус. і ўкр. мовах. Паэзія Багдановіча ўвайшла ў духоўную скарбніцу бел. народа. Яна ўплывае на развіццё бел. паэзіі і сёння, асабліва сваім глыбокім пранікненнем у духоўны свет чалавека і высокай культурай паэт. слова. Некаторыя вершы сталі нар. песнямі («Зорка Венера», «Слуцкія ткачыхі»), многія пакладзены на музыку кампазітарамі. На лібрэта А.Бачылы кампазітар Ю.Семяняка напісаў оперу «Зорка Венера» (паст. 1970). У Мінску працуе Багдановіча М. літаратурны музей. Помнікі паэту ў Мінску і Місхоры.