ГІПАТЭ́ТЫКА-ДЭДУКТЫ́ЎНЫ МЕ́ТАД,

метад навуковага пазнання і разважанняў, заснаваны на вывядзенні (дэдукцыі) заключэнняў з гіпотэз і інш. пасылак, сапраўднае значэнне якіх невядома. Выкарыстанне гіпатэтыка-дэдуктыўнага метаду звязана з шэрагам інш. метадалагічных аперацый: супастаўленнем фактаў, пераглядам існуючых паняццяў, утварэннем новых паняццяў, узгадненнем гіпотэз з інш. тэарэт. палажэннямі і г.д. Падобнага роду разважанні ўпершыню пачалі выкарыстоўваць у ант. філасофіі. У навук. пазнанні гэты метад атрымаў развіццё ў 17—18 ст. Ён выкарыстаны ў механіцы, у даследаваннях Г.​Галілея. Тэорыя механікі І.​Ньютана — гіпатэтыка-дэдуктыўная сістэма, пасылкамі якой служаць асн. законы руху. Паводле тыпу пасылак гіпатэтыка-дэдуктыўны метад падзяляецца на: разважанні, пасылкамі якіх з’яўляюцца гіпотэзы і эмпірычныя абагульненні; гіпатэтыка-дэдуктыўныя вывады, засн. на пасылках, што супярэчаць дакладна ўстаноўленым фактам ці тэарэт. прынцыпам; разважанні, пасылкамі якіх служаць сцвярджэнні, што супярэчаць прынятым думкам і перакананням. З лагічнага пункту погляду гіпатэтыка-дэдуктыўная сістэма ўяўляе сабой іерархію гіпотэз, ступень абстрактнасці і агульнасці якіх павялічваецца з аддаленнем ад эмпірычнага базісу. Гіпатэтыка-дэдуктыўны метад дае магчымасць даследаваць структуру і ўзаемасувязь не толькі паміж гіпотэзамі рознага ўзроўню, але і характар іх пацвярджэння эмпірычнымі дадзенымі. Разнавіднасцю гіпатэтыка-дэдуктыўнага метаду можна лічыць матэм. гіпотэзу, якая выкарыстоўваецца як эўрыстычны сродак для адкрыцця заканамернасцей у прыродазнаўстве.

Літ.:

Меркулов И.П. Гипотетико-дедуктивная модель и развитие научного знания. М., 1980;

Подкорытов Г.А. О природе научного метода. Л., 1988.

В.​В.​Краснова.

т. 5, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСПЕРСІ́ЙНЫ АНА́ЛІЗ у матэматычнай статыстыцы,

статыстычны метад ацэнкі ўплыву асобных фактараў на вынікі эксперыменту. Прапанаваны ў 1925 англ. статыстыкам Р.​Фішэрам для апрацоўкі вынікаў агранамічных эксперыментаў па выяўленні ўмоў, якія забяспечваюць найб. ўраджай дадзенай культуры. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці (напр., параўнанне розных тэхналогій), аграхім. доследах (выяўленне ўплыву розных угнаенняў, спосабаў апрацоўкі глебы, сартоў насення на ўраджайнасць культуры), эканам. і сац. мерапрыемствах і інш.

Задача Д.а. — выявіць фактары, якія выклікаюць найб. зменлівасць ацэнак сярэдніх значэнняў велічынь, што назіраюцца ў працэсе эксперыменту. Напр., у выніку эксперыментаў атрыманы вымярэнні xij, дзе i = 1, 2, ..., m — нумар групы вымярэнняў, j = 1, 2, ..., n — нумар вымярэння ў кожнай групе, і сярэдняе значэнне x_i у кожнай групе роўна x_i = 1 ni ∑ j=1 n xj , а агульнае сярэдняе x_ для дадзенай сукупнасці mn вымярэнняў x_ = 1 mn ∑ i=1 m ∑ j=1 n xij . У аснову Д.а. закладзена сцвярджэнне, што дысперсію D(x) для любой выпадковай велічыні x, якая мае нармальнае размеркаванне і нулявое сярэдняе значэнне, можна запісаць як суму D(x) = D1(x) + D2(x), дзе D1(x) — сярэдняе арыфм. дысперсій адхіленняў значэнняў велічынь xij ад сярэдняга x_i у кожнай групе, D2(x) — дысперсія адхіленняў сярэдніх x_i у групах ад агульнага сярэдняга x_. Па спец. табліцах на аснове атрыманых значэнняў вызначаецца ўплыў фактараў на вынікі эксперыментаў.

В.​С.​Канчак.

т. 6, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭДУ́КЦЫЯ (ад лац. deductio вывядзенне),

спосаб вывядзення заключэнняў ад агульнага да канкрэтнага і адзінкавага, ад агульных разважанняў да канкрэтных або інш. вывадаў. У шырокім сэнсе — любы вывад увогуле, без якога не абыходзяцца паўсядзённыя разважанні і працэс пабудовы навук. тэорый. Упершыню тэорыя Д. распрацавана Арыстоцелем, сустракаецца ў творах Баэцыя. Ф.​Бэкан недаацэньваў ролю Д. ў працэсе навук. пазнання. Р.​Дэкарт супрацьпастаўляў Д. інтуіцыі. Г.​Лейбніц выказваў ідэю пабудовы логікі як вылічэння, паставіў задачу вывучэння лагічных уласцівасцей адносін з мэтай пашырэння сродкаў дэдукцыйнага вываду. У сучаснай логіцы Д. разумеюць як абагульнены вывад, у якім з выказванняў, што існуюць, па правілах логікі будуецца новае (заключэнне), а выказванні, з якіх яно атрымліваецца, наз. пасылкамі. Пасылкі размяшчаюцца вольна, тэарэт. ланцуг можа быць вялікім, але заўсёды мае канец. Калі пасылкі праўдзівыя і правілы дэдукцыйнага вываду не парушаны, то заключэнне заўсёды ісціннае. Д. цесна звязана з назіраннем, эксперыментам (гл. Дослед) і індукцыяй. Ужываецца для пабудовы навук. тэорый у матэматыцы, логіцы, а таксама фізіцы, біялогіі, сацыялогіі і інш. навуках. Складанымі з’яўляюцца філас. праблемы, якія звязаны з дэдукцыйнымі вывадамі і даследуюцца ў розных кірунках філасофіі (напр., эмпірызме, рацыяналізме, марксізме і інш.). Метады і правілы Д. вывучаюцца логікай, тэорыяй пазнання і псіхалогіяй. Дэдукцыйныя працэсы, што вывучаюцца матэм. сродкамі, можна аўтаматызаваць з дапамогай ЭВМ.

Літ.:

Логика научного познания. М., 1987;

Пугач Г.В. Познавательная активность человека. М., 1985;

Стереотипы и динамика мышления. Мн., 1993.

В.​М.​Пешкаў.

т. 6, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́САВАГА АБСЛУГО́ЎВАННЯ ТЭО́РЫЯ,

раздзел імавернасцей тэорыі, які вывучае працэсы абслугоўвання ў сістэмах з уваходным выпадковым патокам патрабаванняў (кліентаў, выклікаў ці інш.) і правіламі (алгарытмам) іх абслугоўвання. Тыповыя аб’екты М.а.т.: аўтам. телеф. станцыі, вылічальныя сістэмы, камп’ютэрныя сеткі, прадпрыемствы гандлю, медыцыны, аэрадромы, аўтадарогі і чыгункі, білетныя касы, арганізацыі па рамонце і прафілактычным абслугоўванні і інш.

Узнікла ў 1920-я г. са стварэннем сістэм тэлеф. сувязі і неабходнасцю разліку іх прапускной здольнасці. Асн. задача М.а.т.: вывучэнне стацыянарных характарыстык выпадковых працэсаў з мэтай выбару рацыянальнай структуры сістэмы масавага абслугоўвання, а таксама працэсу абслугоўвання; у прыватнасці, даследуюцца размеркаванні розных параметраў, што характарызуюць стан сістэмы (даўжыні чэргаў, час чакання пачатку абслугоўвання, інтэрвалы занятасці, імавернасці адмовы і інш.). Асн. дастасаванні — разлік сетак, якія складаюцца з сістэм абслугоўвання (напр., сістэмы сувязі з вял. прапускной здольнасцю). Сістэму абслугоўвання можна ўявіць як набор прылад (каналаў) абслугоўвання; калі яны занятыя, то запатрабаванні, што паступаюць, назапашваюцца і ўтвараюць чэргі, прасоўванне якіх адбываецца паводле пэўных правіл. Для дастаткова простых сістэм абслугоўвання ўдаецца знайсці патрэбныя характарыстыкі аналітычнымі метадамі. напр., на аснове маркаўскіх працэсаў. Для больш складаных сістэм выкарыстоўваюцца асімптатычныя метады даследаванняў, а таксама мадэліраванне выпадковых працэсаў з дапамогай Монтэ-Карла метаду.

Літ.:

Хинчин А.Я. Работы по математической теории массового обслуживания М., 1963;

Гнеденко Б.В., Коваленко И.Н. Введение в теорию массового обслуживания. М., 1966;

Ивченко Г.И., Каштанов В.А., Коваленко И.Н. Теория массового обслуживания. М., 1982.

В.​С.​Гардон, М.​П.​Савік.

т. 10, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЛА́КС (ад грэч. parallaxis адхіленне),

уяўная змена становішча прадмета з прычыны перамяшчэння ў прасторы вока назіральніка. Залежыць ад даўжыні вектара перамяшчэння назіральніка, адлегласці паміж ім і аб’ектам. Напр., бачнае зрушэнне краю слупка ртуці ў барометры адносна дзяленняў шкалы пры розных становішчах вока. П. у астраноміі — уяўнае зрушэнне свяціла, абумоўленае перамяшчэннем назіральніка. Адрозніваюць П.: з прычыны вярчэння Зямлі — сутачны, абарачэння Зямлі вакол Сонца — гадавы.

Сутачны П. — вугал паміж напрамкамі на свяціла з цэнтра Зямлі і з пэўнага пункта зямной паверхні (вугал p′, пад якім са свяціла M бачны радыус Зямлі r у месцы назірання). Для свяціла, якое знаходзіцца ў зеніце, сутачны П. роўны нулю; для свяціла на гарызонце ён максімальны і наз. гарызантальным П. Па значэнні гарыз. П. свяціла p″ можна знайсці адлегласць Δ ад цэнтра Зямлі да свяціла: Δ = 206265″ r/p″, дзе r — экватарыяльны радыус Зямлі. Гарыз. П. Сонца роўны 8,794″, што адпавядае адлегласці ад Зямлі да Сонца 149 597 870 км, якая наз. астранамічнай адзінкай. Гадавы П. — вугал, пад якім са свяціла відаць вял. паўвось зямной арбіты; служыць для вызначэння адлегласцей да зорак.

А.​А.​Шымбалёў.

Уплыў паралакса на адлік ціску па барометры.
Сутачны паралакс свяціла (∠OMT): T — цэнтр Зямлі; O — пункт назірання на паверхні Зямлі; M (M′) — цэнтр свяціла; r — радыус Зямлі; ∠OM′T — гарызантальны сутачны паралакс.
Гадавы паралакс.

т. 12, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАЗМАХІ́МІЯ,

раздзел фізічнай хіміі, які вывучае хім. рэакцыі ў эл. разрадах і нізкатэмпературнай плазме. З’яўляецца навук. асновай плазмахім. тэхналогіі, апаратурную базу якой ствараюць плазматрон, камера змешвання рэагентаў, рэакцыйны аб’ём (часта сумешчаныя), сістэма выдзялення мэтавага прадукту і інш.

Асн. асаблівасць плазмахім. працэсаў — магчымасць хім. рэакцый, якія не адбываюцца ў звычайных умовах. Гэта тлумачыцца тым, што ў плазме ўтвараецца значна большая колькасць рэакцыйназдольных часціц (узбуджаных малекул, атамных і малекулярных іонаў, свабодных радыкалаў), чым пры звычайных умовах правядзення хім. рэакцый, прычым утварэнне некаторых з іх магчыма толькі ў плазме. Істотную ролю адыгрываюць свабодныя электроны, рэакцыі з удзелам якіх у большасці выпадкаў з’яўляюцца вызначальнымі. Плазмахім. тэхналогія дае магчымасць сінтэзаваць прадукты з асаблівымі ўласцівасцямі (напр., ультрадысперсныя парашкі, неарган. і арган. плёнкі), скарачае колькасць тэхнал. стадый, пашырае сыравінную базу і змяншае шкодныя выкіды ў навакольнае асяроддзе, спрашчае кіраванне працэсамі і інш. Метадамі П. можна атрымліваць вокіслы азоту з паветра, ацэтылен з вуглевадародаў, сінтэз-газ для вытв-сці вінілхларыду, каталізатары для азотнай і нафтаперапрацоўчай прам-сці, ферытавыя парашкі, вокіслы тытану і цырконію, фосфарныя злучэнні, а таксама паляпшаць і змяняць паверхневыя ўласцівасці матэрыялаў і інш.

На Беларусі тэарэт. і эксперым. даследаванні ў галіне П. вядуцца з 1967 у Ін-тах цепла- і масаабмену, фізікі Нац. АН, БДУ. Гл. таксама Плазменная тэхналогія, Фізіка плазмы.

Літ.:

Низкотемпературная плазма. Т. 3. Химия плазмы. Новосибирск, 1991;

Низкотемпературная плазма. Т. 4. Плазмохимическая технология. Новосибирск, 1991.

А.​Ф.​Бубліеўскі.

т. 12, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУ́ГКАСЦІ ТЭО́РЫЯ,

раздзел механікі суцэльных асяроддзяў, у якім вывучаюцца перамяшчэнні, дэфармацыі і напружанні, што ўзнікаюць у пругкіх целах пад уздзеяннем нагрузкі. З’яўляецца навук. асновай разлікаў на трываласць, дэфармавальнасць і ўстойлівасць машын, канструкцый, збудаванняў, іх элементаў, геал. структур, частак жывых арганізмаў і інш., што знаходзяцца пад уздзеяннем сіл, т-р, радыеактыўных апрамяненняў і г.д.

Метадамі П.т. вызначаюць: дапушчальныя нагрузкі, пры якіх у аб’екце не ўзнікаюць небяспечныя напружанні ці перамяшчэнні; найб. мэтазгодныя канфігурацыі і памеры збудаванняў і іх дэталей; перагрузкі, што ўзнікаюць пры дынамічных уздзеяннях; амплітуды і частоты ваганняў канструкцый і іх частак, а таксама дынамічныя напружанні, якія ўзнікаюць у іх; сілавыя нагрузкі, пры якіх аб’ект траціць устойлівасць. Гэтыя разлікі выкарыстоўваюцца таксама для вызначэння матэрыялаў, найб. прыдатных для вырабу запраектаванага аб’екта, або матэрыялаў, якімі можна замяніць пэўныя часткі арганізма (касцявыя тканкі, крывяносныя сасуды і інш). Асн. закон П.т. — абагульнены Гука закон, паводле якога напружанні механічныя лінейна залежаць ад дэфармацый. Пругкія ўласцівасці (пругкасць) цел характарызуюцца модулямі пругкасці. Эксперым. метады П.т. (палярызацыйна-аптычны метад даследавання, метады шматпунктавага тэнзаметрыравання, муараў і інш.) дазваляюць у некаторых выпадках непасрэдна вызначаць размеркаванне напружанняў і дэфармацый у доследным аб’екце.

Літ.:

Тимошенко С.П., Гудьер Дж. Теория упругости: Пер. с англ. 2 изд. М., 1979;

Хан Х. Теория упругости: Основы линейной теории и ее применения: Пер. с нем. М., 1988;

Сопротивление материалов с основами теории упругости и пластичности. М., 1995.

І.​І.​Леановіч.

т. 13, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМА́ШНЯЯ АДУКА́ЦЫЯ,

форма агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі ва ўмовах сям’і. У старажытнасці і сярэдневякоўі (да станаўлення сістэм адукацыі) забяспечвала саслоўна-прафес. пераемнасць. Элементарным тыпам Д.а. можна лічыць перадачу ад бацькоў дзецям ведаў, прафес. вопыту, асноў светапогляду, у т. л. рэліг. выхаванне. У зах. краінах з сярэдзіны 1970-х г. Д.а. набыла новыя рысы ў межах пед. руху «flexíschooling» (гібкая адукацыя), паводле якога акрамя школы месцам адукацыі можа быць дом, музей, б-ка і інш.; бацькі разглядаюцца як актыўныя партнёры школы; не абавязковай лічыцца прысутнасць настаўніка ў навуч. працэсе; вучоба скіравана на выяўленне і развіццё здольнасцей вучня; магчымасці дома (выкарыстанне сучасных тэхн. сродкаў навучання) разглядаюцца як кампанент школьнай праграмы. «Flexischooling» спалучае Д.а. з навучаннем у школе. У Рас. імперыі ў 18—19 ст. Д.а. мела важнае значэнне для фарміравання сістэмы агульнай адукацыі. З узнікненнем ун-таў, гімназій і інш. навуч. устаноў была абавязковым этапам для таго, каб прадоўжыць навучанне або паступіць на вайсковую службу, паколькі давала неабходную падрыхтоўку (ад праграмы пач. школы да поўнага гімназічнага курса). Пасля 1917 Д.а. як сістэма спыніла існаванне. З 1960-х г. для кампенсацыі недахопаў дзярж. сістэмы сярэдняй адукацыі атрымалі распаўсюджанне спецыфічныя формы Д.а. (прыватныя ўрокі, сямейныя семінары, рэпетытарства). У 2-й пал. 1980 — пач. 1990-х г. развіццё некаторых формаў Д.а. разглядаецца як адзін з варыянтаў садзеяння індывідуалізацыі навучання, рацыянальным суадносінам дамашняй і школьнай падрыхтоўкі. Сістэма адукацыі Рэспублікі Беларусь прадугледжвае магчымасць самаст. атрымання грамадзянамі агульнай адукацыі з правам на дзярж. атэстацыю.

В.​М.​Навумчык.

т. 6, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. modulatio мернасць) у музыцы, змена танальнасці з перамяшчэннем танальнага цэнтра — тонікі. Паняцце М. найб. часта звязваюць з гукавышыннымі адносінамі. Асн. віды М. — танальная (змена вышыннага становішча тонікі) і ладавая (змена нахілення). Сярод разнавіднасцей танальнай М. найб. пашырана функцыянальная М., калі пераход у новую танальнасць адбываецца праз пераасэнсаванне ступеневага значэння прамежкавага (агульнага) акорда, выбар якога рэгулюецца гарманічнай роднасцю танальнасцей. Новая танальнасць устанаўліваецца характэрным для яе гарманічным зваротам, які ўключае мадулюючы акорд з альтэрацыяй, адпаведнай новай танальнасці. У залежнасці ад месца ў форме і ступені замацавання новай тонікі вылучаюць М. дасканалую (з канчатковым ці адносным замацаваннем новай танальнасці) і недасканалую (замацоўваецца менш устойліва). Да недасканалай М. адносяцца адхіленне (са зваротам у асн. танальнасць) і праходная М. (з далейшым мадуляцыйным рухам). Спецыфічную выразнасць мае энгарманічная М., звязаная з лаканізмам мадуляцыйнага моманту і раптоўнасцю пераключэння ў новую танальнасць; пераход пры ёй адбываецца за кошт энгарманічнага пераасэнсавання структуры агульнага акорда. Для мелодыка-гарманічнай М. характэрна сувязь танальнасцей з дапамогай плаўнага голасавядзення без агульнага акорда, для меладычнай М. — праз аднагалосую звязку. Увядзенне новай танальнасці без падрыхтоўкі, непасрэдным зацвярджэннем тонікі — якасць М.-супастаўлення. М. можна лічыць і ўсякую змену структуры сродкаў муз. выразнасці, у т. л. формы, жанру, фактуры, метра і інш. М. — важны формаўтваральны сродак, які ўплывае на дынамічныя працэсы і цэласнасць формы, узбагачае маляўніча-выразны бок гармоніі.

Літ.:

Римский-Корсаков Н.А. Практический учебник гармонии (1886, 1893) // Полн. собр. соч. М., 1960. Т. 4;

Бершадская Т.С. Лекции по гармонии. 2 изд. Л., 1985.

Т.​С.​Ляшчэня.

т. 9, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЗО́ННАЯ ХІ́МІЯ,

раздзел хіміі, які вывучае атамныя сістэмы, дзе ядро атама заменена інш. дадатнай часціцай (напр., μ​+-мюонам, пазітронам) або электрон заменены інш. адмоўнай часціцай (напр., μ​− мюонам, π​−- ці K​−-мезонам). Узнікла ў 1960-я г. ў сувязі з даследаваннямі хім. рэакцый, якія адбываюцца пры ўзаемадзеянні мюонаў з рэчывам. З дапамогай М.х. атрымліваюць даныя аб размеркаванні электроннай шчыльнасці, крышталічнай і магн. структуры рэчыва, механізме і скорасці хім. рэакцый.

Асн. кірункі даследаванняў у М.х.: π​−- і μ​− М.х., вывучэнне паводзін μ​+-мюона ў рэчыве і рэакцый мюонія. У π​−- М.х. асн. з’яўляецца рэакцыя перазарадкі π​−-мезона на пратонах π​− + p → n + π​0, імавернасць якой залежыць ад зараду ядра атама, з якім злучаны вадарод, тыпу сувязі паміж атамамі вадароду і інш., што дае магчымасць адрозніць хімічна звязаны вадарод ад свабоднага вадароду. У аснове μ​−- М.х. ляжыць вымярэнне энергій і інтэнсіўнасцей асобных ліній у рэнтгенаўскіх спектрах мезаатамаў. Асаблівасці рэнтгенаўскага выпрамянення μ​−-атамаў дазваляюць вызначыць элементны састаў узору, а таксама від хім. злучэння гэтых элементаў. μ​+-мюон і мюоній па сутнасці з’яўляюцца мечанымі атамамі, за рухам якіх можна сачыць ад моманту нараджэння да моманту распаду. Напр., лакальныя магн. палі ў крышталях узаемадзейнічаюць са спінам мюона і змяняюць карціну яго прэцэсіі, што дазваляе вывучаць характарыстыкі ўнутраных магн. палёў. На аснове вывучэння рэакцый мюонію робяць высновы аб рэакцыях атамарнага вадароду.

Літ.:

Кириллов-Угрюмов В.Г., Никитин Ю.П., Сергеев Ф.М. Атомы и мезоны. М., 1980;

Евсеев В.С., Мамедов Т.Н., Роганов В.С. Отрицательные мюоны в веществе. М., 1985.

т. 10, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)