ПАРУЧА́ЙНІК (Tringa stagnatilis),

птушка сям. бакасавых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў Еўразіі. Жыве пераважна ў лесастэпавай і стэпавай зонах, на балотах і па берагах вадаёмаў. На Беларусі рэдкі гняздоўны і пералётны від, трапляецца пераважна на Пд Гомельскай вобл.; занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. да 23 см, маса да 85 г. Апярэнне спіны шаравата-бурае, брушка і надхвосце белае. На валляку і грудзях цёмныя стракаціны. Хвост з папярочнымі цёмнымі палосамі. Дзюба тонкая, чорная. Корміцца воднымі беспазваночнымі. Нясе 3—4 яйцы.

Э.​Р.​Самусенка.

Паручайнік.

т. 12, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТУХО́Ў КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1992). За 500 м на Пд ад в. Варапаншчына Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Валун буйназярністага пегматытавага граніту з крышталямі ружовага палявога шпату і зернямі малочна-белага кварцу. Даўж. 3,8 м, шыр. 2,8 м, выш. 1,9 м, у абводзе 9,8 м, аб’ём бачнай часткі 11 м³, маса каля 29 т. Прынесены ледавіком каля 20—18 тыс. г. назад са Скандынавіі. Формаю нагадвае вял. прас. У старажытнасці меў культавае значэнне.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 12, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАПЁЛКА звычайная

(Coturnix coturnix),

птушка сям. фазанавых атр. курападобных. Пашырана ў Еўразіі, Афрыцы, на в-ве Мадагаскар. Насяляе пераважна ўзлескі, лясныя паляны, лугі, с.-г. палеткі. На Беларусі трапляецца ўсюды, найб. на Пд. Пералётная птушка.

Даўж. каля 20 см, маса да 145 г. Апярэнне страката-бураватае. Хвост кароткі. Корміцца пераважна насеннем раслін і насякомымі. У шлюбны перыяд самцы такуюць. Нясе да 24 яец. Вывадкавая птушка. Аб’ект спарт. палявання і развядзення (для атрымання яец).

Э.​Р.​Самусенка.

Перапёлка: 1 — самка; 2 — самец.

т. 12, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́ЛЫ-РЫ́БЫ, піларылападобныя,

піларылыя скаты (Pristiformes),

атрад храстковых рыб. 1 сям., 7 відаў. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных водах усіх акіянаў. Жывуць на мелкаводдзі, часам у рэках. Найб. вядомы піларыл звычайны, або піла-рыба (Pristis pectinatus).

Даўж. да 6 м, маса да 2,4 т. Цела пляскатае, жабравыя шчыліны на ніжнім баку. Рыла вельмі падоўжанае, сплошчанае, па абодвух яго баках зубападобныя нарасці (адсюль назва). Кормяцца бентасам, часам рыбай. Яйцажывародныя; нараджаюць да 20 малявак. Мясцовы аб’ект промыслу.

Да арт. Пілы-рыбы. Піларыл звычайны.

т. 12, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́ЦЕМСКІ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). За 2,5 км на ПдЗ ад в. Багуслаўка Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл., каля б. хутара Піцемскі Валун парфірападобнага граніту з крышталямі палявога шпату і біятыту. Даўж. 2,3 м, шыр. 1,3 м, выш. 1,4 м, у абводзе 5,8 м, аб’ём 2,2 м³, маса каля 5,9 т. Прынесены ледавіком каля 320—250 тыс. г. назад з Фінляндыі. Доўгая вось валуна арыентавана з Пн на Пд, што адпавядае напрамку руху ледавіка.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 12, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́НЬКАЎСКІ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1995), у в. Пронькі Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Валун сярэднезярністага граніту з крышталямі кварцу і палявога шпату. Даўж. бачнай часткі 3,2 м, шыр. 2,1 м, выш. 0,5 м, у абводзе 8,3 м, аб’ём 4 м³, маса каля 9 т. Прынесены ледавіком каля 20—15 тыс. г. назад са Скандынавіі. Доўгая вось валуна арыентавана з ПнЗ на ПдУ, што адпавядае напрамку руху ледавіка; па форме нагадвае вял. прас.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 13, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́КАЎСКІ КАНГЛАМЕРА́Т,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1988). Размешчаны за 1 км на ПнУ ад в. Ракаў Валожынскага р-на Мінскай вобл., на паўн. адхоне выемкі аўтадарогі Мінск—Ашмяны. Даўж. 6,5 м, шыр. 5 м, выш. 2,2 м, у абводзе 22 м, аб’ём бачнай часткі 37,9 м³, маса каля 100 т. Утварыўся ў выніку цэментацыі пясчаных, пясчана-жвірова-галечных адкладаў і дробных валуноў пры падняцці падземных вод і напорным уздзеянні ледавіка каля 150 тыс. г. назад.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 13, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКУ́ШАЧНІК, ракушняк,

разнавіднасць вапняку, складзенага пераважна з ракавін марскіх жывёл і іх абломкаў. Утвараецца ў літаральнай і сублітаральнай зонах мораў і акіянаў. Паводле саставу падзяляецца на брахіяподавы, гастраподавы, нумулітавы і інш. Характарызуецца макрапорыстасцю (21—60%); аб’ёмная маса 1,1—2,24 г/см³; цеплаправоднасць 0,29—0,99 Вт/(м∙К); мяжа трываласці пры сцісканні 0,4—28 мН/м². Лёгка апрацоўваецца (распілоўваецца, абчэсваецца). Выкарыстоўваецца ў буд-ве (сценавы і дэкаратыўны матэрыял, пясок, друз, запаўняльнік для лёгкіх бетонаў), у вытв-сці вапны, цэменту, вапнавай мукі.

т. 13, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́РНА, сарна (Rupicapra rupicapra),

млекакормячае сям. пустарогіх атр. парнакапытных. Адзіны від роду; 8—9 падвідаў. Пашыраны ў гарах Еўропы і М. Азіі.

Даўж. цела да 140 см, выш. да 85 см, маса да 50 кг. Маюць кручкападобныя рогі даўж. 7—10 см. Шэрсць зімой доўгая, густая, чорна-бурая; летам кароткая, рыжая. Корміцца горнай травяністай расліннасцю, галінкамі кустоў, дрэў і лішайнікамі. Нараджае 1, зрэдку 2—3 дзіцянят. Аб’ект палявання і развядзення у некат. месцах здабыча забаронена.

Серна: 1 — самец; 2 — самка.

т. 14, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАЕ́Д ЗВЫЧА́ЙНЫ, пчалаед (Pernis apivorus),

драпежная птушка сям. ястрабіных атр. сокалападобных. Пашырана ў Еўразіі. Трапляецца на ўсёй тэр. Беларусі, нешматлікі пералётны від.

Даўж. цела каля 60 см, маса да 0,85 кг. Апярэнне спіны шэра-бурае, брушка белае з шаравата-жоўтым адценнем у самцоў і бурае з цёмнымі плямкамі або стракацінамі ў самак. На хвасце 3 шырокія белыя паласы. Прылятае ў крас.—маі. Гнёзды на дрэвах на выш. 5—15 м у лісцевых і мяшаных лясах паблізу палян. Нясе 2—3 яйцы. Корміцца насякомымі. Зімуе ў Афрыцы.

Асаед звычайны.

т. 2, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)