ВЫ́МУШАНАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,

вылучэнне электрамагнітных хваль квантавымі сістэмамі (напр., атамамі) пад уздзеяннем знешняга (вымушанага) выпрамянення і тоеснымі з ім частатой, фазай, палярызацыяй і напрамкам распаўсюджвання. Паняцце вымушанага выпрамянення ўведзена з агульных тэрмадынамічных меркаванняў А.Эйнштэйнам (1917) для сістэмы многіх часціц. Вымушанае выпрамяненне актыўнага асяроддзя выкарыстоўваецца для ўзмацнення і генерацыі эл.-магн. хваль (гл. Квантавы ўзмацняльнік, Квантавы генератар).

Поўная магутнасць вымушанага выпрамянення пры ўзаемадзеянні актыўнага асяроддзя са знешнім эл.-магн. выпрамяненнем выражаецца формулай P = ε ωmn (Nm − Nn) , дзе ε = (Em − En) — энергія выпрамененага (паглынутага) фатона; Em і En — энергія электрона на больш высокім і больш нізкім узроўнях; ωmn — імавернасць выпрамянення (паглынання); Nm і Nn — заселенасць больш высокага і больш нізкага ўзроўняў. Актыўнае асяроддзе мае інверсную заселенасць узроўняў Nm>Nn і P>0; у раўнаважных сістэмах Nm<Nn, і таму сістэма паглынае знешняе выпрамяненне (P<0).

Л.​М.​Арлоў.

т. 4, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІААНІ́ТЫ,

члены рыцарскага ордэна, заснаванага крыжаносцамі ў Палесціне ў пач. 12 ст. І. называюцца таксама гаспітальерамі, ад іерусалімскага шпіталя св. Іаана (дома для паломнікаў) — першай рэзідэнцыі ордэна. Статут І. зацверджаны папам рымскім у 1113. І. абслугоўвалі крыжаносцаў і паломнікаў, неслі ваен. службу. У 12—13 ст. ордэн уяўляў магутную ваенна-паліт. сілу, меў падраздзяленні ў многіх краінах свету. У канцы 13 ст. крыжаносцы былі выцеснены з Усходу. У 1291 І. перасяліліся на Кіпр, у пач. 14 ст. — на в-аў Родас (адсюль назва радоскія рыцары), у 1530 — на в-аў Мальта (Мальтыйскі ордэн). У канцы 18 ст. ордэн страціў свой уплыў і магутнасць. У 1834 рэзідэнцыя І. перанесена ў Рым. Арганізацыі І. існуюць у Англіі, Германіі, Швейцарыі, Швецыі і інш. (каля 8 тыс. чал., пераважна арыстакратаў). У Бубіконе (Швейцарыя) існуе адзін з прапагандысцкіх цэнтраў І. — Рыцарскі дом (музей).

Т.​І.​Адула.

т. 7, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛХІ́ДСКАЯ НІЗІ́НА, Рыёнская нізіна,

у Заходнім Закаўказзі, у ніжнім цячэнні рэк Рыёні і Інгуры і на ўзбярэжжы Чорнага м., у Грузіі. Працягласць з 3 на У каля 100 км. Выш. да 100—150 м. К.н. — алювіяльная раўніна, што займае ўпадзіну сінклінальнай будовы; магутнасць алювію антрапагену да 700 м. Мінер. крыніцы (Цхалтуба). Паверхня ў зах. ч. са старарэччамі, прырэчышчавымі валамі, невысокімі пясчанымі масівамі; забалочаныя абшары. Клімат субтрапічны вільготны, з мяккай зімой, невял. амплітудамі т-р, багатымі ападкамі на працягу года (у сярэднім 1500 мм). Сярэдняя т-ра студз. 4,5—6 °C, жн. 23—24 °C. К.н. перасякаюць рэкі Рыёні, Інгуры і інш. Каля мора воз. Палеастомі. На З пераважаюць балотныя ландшафты з асакова-разнатраўнай і трысняговай расліннасцю, альховымі лясамі. На прыўзнятых участках растуць шыракалістыя лясы з ліянамі і вечназялёнымі хмызнякамі. Вырошчванне субтрапічных культур (цытрусавыя. чай, тунг). Асушэнне балот. У межах К.н. — Калхідскі запаведнік.

В.​П.​Кісель.

т. 7, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЁС (ням. Löss),

аднародная тонказярністая вапнавая горная парода светла-жоўтага ці палевага колеру. Складаецца з кварцу і сілікатаў (27—90%), гліназёму (да 20%), карбанатаў (больш за 6%). Пераважаюць (больш за 55%) часцінкі памерам 0,01—0,05 мм. Высокая порыстасць (да 50%). Залягае ў выглядзе покрываў на водападзелах і схілах (магутнасць ад некалькіх метраў да 100—200 м). Для Л. характэрна верт. слупкаватая адасобленасць, прасадачнасць, пераслойванне з пахаванымі глебамі, наяўнасць ракавін наземных малюскаў і вапнавых канкрэцый. Пры малой прыроднай вільготнасці Л. вельмі трывалы і здольны захоўваць устойлівыя верт. адхоны выш. 10 м і больш. Л. занальны, прымеркаваны да абласцей умеранага клімату, пашыраны ў стэпавых і паўпустынных раёнах. Л. з’яўляецца глебаўтваральнай пародай для чарназёмаў і каштанавых глеб. Існуе некалькі тэорый паходжання Л., найб. вядомыя эолавая і ледавіковая. Пашыраны ў Кітаі (напр., Лёсавае плато), Сярэдняй Азіі, Зах. Сібіры, Паўн. Каўказе, Украіне і інш. Гл. таксама Лёсападобныя пароды.

Я.​І.​Аношка.

т. 9, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАВО́З,

лакаматыў, які прыводзіцца ў рух парасілавой устаноўкай. Складаецца з паравога катла, дзе награваннем вады атрымліваецца пара, паравой машыны, у якой энергія пары пераўтвараецца ў зваротна-паступальны рух поршня, экіпажнай часткі (рама з колавымі парамі) і тэндэра, у якім размяшчаюцца запасы вады, паліва і змазкі.

Створаны ў Вялікабрытаніі Р.​Трэвітыкам у 1803 і Дж.Стэфенсанам у 1814 (практычна прыдатны П. «Ракета» выпрабаваны ў 1829). У Расіі П. стварылі Я.А. і М.Я.Чарапанавы ў 1833—34. Найб. развіццё паравозабудаванне атрымала з канца 19 ст. да 1950-х г. Магутнасць П. дасягала 4000 к.с. (2942 кВт), скорасць 130 км/гадз. З-за нізкай эканамічнасці (ккдз да 9%) выпуск П. у СССР спынены з 1956; заменены цеплавозамі і электравозамі.

Паравозы: а — Дж.​Стэфенсана «Ракета» (1829; 1 — паравы кацёл, 2 — цыліндр, 3 — топка, 4 — паравы кацёл); б — Я.А. і М.Я. Чарапанавых (1833—34); в — грузавы тыпу 1—5—0 (1947).

т. 12, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЗІ́ЧНЫ І МАРА́ЛЬНЫ ЗНОС асноўных фондаў,

страта асноўнымі вытворчымі фондамі спажывецкай вартасці і вартасці ў працэсе вытв. функцыянавання ці бяздзейнасці. Фізічны знос мае некалькі форм: мех. знос, карозія і стомленасць металаў, дэфармацыя і разбурэнне збудаванняў і інш. Чым большы фіз. знос дзеючых асн. фондаў, тым ніжэйшая іх астаткавая вартасць. Па меры фіз. зносу кошт асн. фондаў па частках пераносіцца на новавыраблены прадукт і прапарцыянальна іх зносу прымае форму амартызацыйных адлічэнняў, якія выкарыстоўваюцца для мадэрнізацыі і абнаўлення асн. фонду (гл. Амартызацыя). Маральны знос — старэнне і абясцэненне раней створаных сродкаў вытв-сці, незалежна ад іх матэрыяльнай зношанасці. Адрозніваюць 2 формы маральнага зносу: страта часткі вартасці машын без фіз. зносу ў выніку скарачэння грамадска неабходных затрат на іх узнаўленне; з’яўленне пад уздзеяннем навук.-тэхн. прагрэсу асн. фондаў, якія па тэхніка-эканам. характарыстыках (магутнасць, прадукцыйнасць, надзейнасць, эканамічнасць, камфартабельнасць і інш.) перавышаюць фонды, што выкарыстоўваліся раней.

т. 16, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛІБУСЦЬЕ́РЫ (ад франц. flibustier марскі разбойнік),

французскія, англ. і галандскія піраты (гл. Пірацтва), якія ў 16—17 ст. дзейнічалі (нярэдка пры пратэжыраванні сваіх дзяржаў) супраць ісп. суднаў і ісп. калан. паселішчаў у Амерыцы. Часам захоплівалі прыбярэжныя тэр. і ўтваралі там свае невял. дзяржавы-рэспублікі; напр., у 1625 франц. Ф. захапілі ў іспанцаў в-аў Сент-Крыстафер, у 1630 утварылі рэспубліку на в-ве Тартуга каля Гаіці, а потым авалодалі значнай часткай гэтага в-ва. Найб. пашырэння дзейнасць Ф. дасягнула ў 1770—80-я г., калі яны панавалі ў Карыбскім м. і на ўсім Ціхаакіянскім узбярэжжы ад Каліфорніі да Чылі. Флаг суднаў Ф. — чорнае палотнішча з выявай чэрапа і перакрыжаваных касцей («Вясёлы Роджэр») — стаў сімвалам пірацкага разбою. Дзейнасць Ф. ускладняла сувязі Іспаніі з яе амер. калоніямі і падрывала яе марскую магутнасць. Падобнымі да Ф. былі буканьеры (ад франц. boucaniers марскі разбойнік).

т. 16, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТЫ́РНЕР (Stimer) Макс [сапр. Шміт

(Schmidt) Каспар; 25.10.1806 г. Байройт, Германія — 26.6.1856], нямецкі філосаф-младагегельянец, тэарэтык анархізму. У кн. «Адзіны і яго ўласнасць» (1845) развіў суб’ектыўна-ідэаліст. версію младагегельянства (гл. Гегельянства) у антрапалогіі, этыцы і праве. Асн. яго ідэя ў тым, што сац. якасці чалавека — гэта нешта ўсеагульнае, а кожная эмпірычная асоба адзінкавая; таму ўсё, што тычыцца чалавека наогул, не адносіцца да канкрэтнага («адзінага») чалавека. Лічыў, што паняцці «чалавек», «права», «мараль» і да т.п. — гэта адчужаныя формы індывід. свядомасці («здані»),

таму асоба не можа прызнаваць ніякіх абавязацельных для сябе грамадскіх установак. У выніку прыйшоў да высновы, што першакрыніцы сапраўдных правоў і маралі — сіла і магутнасць канкрэтнай асобы, адной з форм рэалізацыі якой з’яўляецца прыватная ўласнасць. На яго думку, намаганні індывіда павінны накіроўвацца на пошук сваёй уласнай свабоды, а не свабоды для ўсіх, таму што за ўсімі сац. ўтварэннямі заўсёды хаваюцца эгаістычныя інтарэсы канкрэтных асоб.

А.​Б.​Савеня.

т. 17, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ДЗЕРНАЯ БАТАРЭ́Я, атамная батарэя,

крыніца эл. току, у якой энергія, што вылучаецца ў выніку рэакцыі дзялення атамаў цяжкіх элементаў (радыеактыўнага распаду), непасрэдна пераўтвараецца ў электрычную.

У залежнасці ад спосабу пераўтварэння ядз. энергіі ў эл. падзяляюцца на: Я.б. з прамым зарадам электродаў, пры якім зараджаныя часціцы, што вылятаюць з аднаго электрода (эмітэра) назапашваюцца на другім (калектары); Я.б. з пераўтварэннем кінетычнай энергіі вылучаемых зараджаных часціц у эл. энергію пры дапамозе прамежкавых асяроддзяў — газападобных, вадкіх ці цвёрдых (выкарыстоўваюцца з’явы кантактнай рознасці патэнцыялаў электродаў у іанізуемым газе, электрахім. генерацыі энергіі з радыкальных і малекулярных прадуктаў, што ўтвараюцца пад дзеяннем радыеактыўнага выпрамянення на электраліт, а таксама паўправадніковыя p-n-пераходы). Макс. магутнасць Я.б. складае ад некалькіх ват да некалькіх сотняў ват; напружанне — да 20 кВт; тэрмін службы — да 25 гадоў. Выкарыстоўваюцца як мініяцюрныя крыніцы электраэнергіі. напр. на касм. апаратах, у вымяральных прыладах, мед. электроннай апаратуры.

В.​Ц.​Казазян.

т. 18, кн. 1, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРЫФІКА́ЦЫЯ (ням. Elektrifikation ад грэч. ēlektron бурштын + facio раблю),

працэс вытв-сці, размеркавання і спажывання электраэнергіі, шырокае ўкараненне яе ў нар. гаспадарку і побыт. Э. — адзін з асн. кірункаў навукова-тэхнічнага прагрэсу, аснова росту прадукцыйнасці працы, павышэння культуры і дабрабыту людзей. Садзейнічае рацыянальнаму размяшчэнню вытв-сці, яе механізацыі і аўтаматызацыі, асваенню прыродных рэсурсаў.

Развіццё Э. грунтуецца на тэорыі электрычнасці. Пачатак Э. адносяць да канца 19 ст., калі былі створаны электрычныя генератары і асвоена размеркаванне эл. энергіі па лініях электраперадачы на вял. адлегласці. Першыя электрастанцыі пабудаваны ў Еўропе і Амерыцы ў канцы 19 ст. Напачатку электраэнергію выкарыстоўвалі пераважна для асвятлення. У 1900 сусв. вытв-сць яе склала 15 млрд. кВт∙гадз. У Расіі агульная магутнасць электрастанцый у 1900 складала 80 МВт, у 1913—1141 МВт, выпрацоўка электраэнергіі каля 2 млрд. кВт∙гадз (8-е месца ў свеце). У 1920 распрацаваны план Э. Расіі — ГОЭЛРО, разлічаны на 10—15 гадоў (у асн. выкананы ў 1931). У 1935 СССР займаў 3-е месца ў свеце па вытв-сці электраэнергіі (пасля ЗША і Германіі). У 1940 магутнасць электрастанцый СССР складала 11 200 МВт, выпрацавана эл. энергіі 48,3 млрд. кВт∙гадз. Разбураныя ў Вял. Айч. вайну 61 электрастанцыя, 10 тыс. км магістральных ЛЭП і інш. да канца 1940-х г. адноўлены. У 1947 па вытв-сці электраэнергіі СССР выйшаў на 1-е месца ў Еўропе і 2-е ў свеце. Было пабудавана шмат магутных цеплавых і гідраўл. эл. станцый, у т. л. Краснаярская, Усць-Ілімская, Дняпроўская, Брацкая, волжскія ГЭС і інш. У 1954 уведзена першая ў свеце АЭС (г. Обнінск, 5 тыс. кВт). У развіцці энергетыкі ўсё большае значэнне пачала набываць ядзерная энергетыка, адносіны да якой значна змяніліся пасля Чарнобыльскай катастрофы 1986. Аснову сучаснай энергетыкі складаюць цеплавыя электрастанцыі (гл. Цеплаэнергетыка). Ажыццяўляецца камбінаваная вытв-сць эл. і цеплавой энергіі (гл. Цеплафікацыя). Буд-ва эл. сетак вялося па 2 асн. кірунках: буд-ва магістральных ліній для аб’яднання асобных электрастанцый і энергавузлоў у электраэнергетычныя сістэмы, энергасістэм — у аб’яднаныя электраэнергетычныя сістэмы, а апошніх — у Адзіную энергетычную сістэму, і буд-ва размеркавальных сетак. Пабудаваны высакавольтныя ЛЭП напружаннем ад 220 да 800 кВ, міжсістэмныя 750 і 1150 кВ. Асн. спажыўцы электраэнергіі — машынабудаванне і металаапрацоўка, паліўная, хім. і нафтахім. галіны прам-сці, чорная і каляровая металургія. У сельскай гаспадарцы Э. ўключае працэсы апрацоўкі с.-г. прадукцыі, механізацыю працаёмкіх работ. Вял. значэнне набыла Э. чыгунак (гл. Чыгуначны транспарт), гар. транспарту (гл. Трамвай, Тралейбус, Метрапалітэн). Пасля распаду СССР паказчыкі эфектыўнасці электраэнергетыкі ў краінах СНД пагоршыліся з-за адсутнасці цэнтралізаванага кіравання энергасістэмамі. Рост вытв-сці электраэнергіі ў краінах СНД у 1999 на 1,7% (у 2000 на 2,7%, у 2001 на 1,6%). Устаноўленая магутнасць электрастанцый 320 млн. кВт, з іх 70% цеплавых, 20% гідраўл., 10% атамных.

На Беларусі Э. пачалася буд-вам электрастанцый на папяровай ф-цы ў г. Добруш (1889), у Мінску (1894, 225 кВт), Віцебску (1898). У 1913 было 11 электрастанцый агульнай магутнасцю 5,3 тыс. кВт, працягласць ЛЭП да 200 км, выпрацоўка электраэнергіі 3 млн. кВт∙гадз. У 1927—30 пабудавана Беларуская ДРЭС, у 1930 пачала фарміравацца Беларуская энергетычная сістэма, магутнасць электрастанцый якой да 1940 склала 128,8 тыс. кВт, а выпрацоўка электраэнергіі 508,4 млн. кВт∙гадз. У Вял. Айч. вайну энергет. гаспадарка Беларусі амаль поўнасцю разбурана. У пасляваен. перыяд уведзены ў эксплуатацыю магутныя цеплавыя электрастанцыі: Лукомская, Бярозаўская, Васілевіцкая, Смалявіцкая ДРЭС, а таксама ЦЭЦ (цеплаэлектрацэнтралі) у Мінску, Віцебску, Магілёве, Полацку, Бабруйску, Гродне і інш. Да 1963 у асн. закончылася фарміраванне адзінай энергет. сістэмы рэспублікі. З дапамогай размеркавальных электрычных сетак і трансфарматарных падстанцый да 1967 электрыфікаваны амаль усе калгасы, саўгасы і населеныя пункты, якія мелі больш за 10 двароў. У 1963 Бел. энергасістэма злучана ЛЭП напружаннем 220 кВ з энергасістэмай Польшчы, у 1965 — з энергасістэмамі ПнЗ СССР. У выніку 38 ліній рознага напружання забяспечылі сувязь з энергасістэмамі Расіі, Прыбалтыкі, Польшчы, Украіны, у т. л. лініі напружаннем 750 кВ са Смаленскай і Ігналінскай АЭС. У 2001 энергаспажыванне Рэспублікі Беларусь склала 33,34 млрд. кВт∙гадз. Значная яго частка пайшла на вытв-сць хім. і нафтахім. прадукцыі (13,3%), на машынабудаванне і металаапрацоўку (7,5%), камунальныя, культ.-быт. патрэбы і насельніцтву (30,4%). Патрэбы ў электраэнергіі забяспечваюцца бел. электрастанцыямі і імпартам (у 2002 атрымана 3,7 млрд. кВт∙гадз з Расіі, 3,1 млрд. кВт∙гадз з Літвы).

Літ.:

Электрификация СССР. М., 1970;

Энергетика Белоруссии. Мн., 1968;

Стеклов В.Ю. Развитие электроэнергетического хозяйства СССР. 3 изд. М., 1970;

Бесчинский А.А., Коган Ю.М. Экономические проблемы электрификации. М., 1976;

Джангиров В.П. Интеграция энергообъединений на Евразийском континенте // Вести в электроэнергетике. 2003. № 4.

Я.​П.​Забела.

т. 18, кн. 1, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)