ГЕМАФІЛІ́Я (ад гема... + ...філія),
хвароба, выражаная ў схільнасці да крывацёку ад спадчыннага паніжэння згусання крыві. У хворых на гемафілію можа быць нястача тромбапласціну — антыгемафільнага глабуліну, VIII фактару згусання крыві (гемафілія A), плазмавага кампанента тромбапласціну — IX фактару (гемафілія B), X фактару згусання крыві (гемафілія C). Найчасцей бывае гемафілія A і B; хварэюць толькі мужчыны. Адрозніваюць цяжкую, сярэднюю і лёгкую формы гемафіліі. Цяжкая форма хваробы праяўляецца пры нараджэнні дзіцяці, лёгкая — пры траўмах, хірург. аперацыях. Пры гемафіліі працэс згусання крыві вельмі запаволены, пашкоджанне нават дробнага крывяноснага сасуда выклікае працяглы крывацёк. Бывае кровазліццё ў мышцы, суставы, крывацёк са слізістых, нырак, страўнікава-кішачнага тракту і інш. Лячэнне: пераліванне крыві, антыгемафільнай плазмы і спец. прэпаратаў.
т. 5, с. 148
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАНЕФРО́З (ад гідра... + нефр... + ...оз),
хвароба нырак чалавека, якая характарызуецца стойкім, прагрэсіўна нарастаючым расшырэннем лаханкі і чашачкі ныркі з застоем мачы і атрафіяй нырачнай тканкі. Бывае гідранефроз першасны (пры прыроджаных анамаліях ныркі, яе сасудаў, лаханкі, мачаточнікаў, мачавога пузыра і урэтры) і другасны (пры набытых фактарах цяжкага адтоку мачы — траўматычныя ці запаленчыя звужэнні мачаточніка, спайкі і фіброз у перыурэтральных тканках, структуры і інш. набытыя хваробы урэтры, камяні мачаточніка, неўрагенныя атаніі і інш.). Поўнае спыненне адтоку мачы выклікае гібель ныркі без гідранефратычнай трансфармацыі. Ускладненні: цяжкі адток мачы, мочакамянёвая хвароба, піеланефрыт. Гідранефроз развіваецца без сімптомаў, іншы раз бываюць прыступы нырачнай колікі, часцей тупыя болі ў вобласці нырак, зменена мача. Лячэнне хірургічнае.
М.Я.Саўчанка.
т. 5, с. 230
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРТРЫХО́З [ад гіпер... + грэч. (thrix) thrichos волас + ...оз],
валасатасць, празмернае развіццё ў чалавека валасянога покрыва. Праяўляецца празмернай колькасцю, даўжынёй і таўшчынёй валасоў, што не ўласціва дадзенаму ўчастку скуры, полу ці ўзросту чалавека. Бывае прыроджаны і набыты. У прыроджаным адрозніваецца зародкавы (захаванне зародкавых пушковых валасоў на ўсім скурным покрыве) і мясцовы (на абмежаваным участку доўгія і густыя валасы рознага колеру). Да набытага адносяцца траўматычны (рост валасоў на месцах працяглага раздражнення скуры), пубертатны (валасы растуць на твары і вакол саскоў малочных залоз), клімактэрычны (у жанчын ў перыяд клімаксу развіваецца звычайна на твары), неўрагенны (узнікае на ўчастках, якія інервуюцца, часткова пашкоджаных нервам). Лячэнне накіравана на нармалізацыю функцый залоз унутр. сакрэцыі і нерв. сістэмы.
М.З.Ягоўдзік.
т. 5, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПО́ФІЗ (ад грэч. hypophysis адростак),
ніжні мазгавы прыдатак, залоза ўнутр. сакрэцыі чалавека і пазваночных жывёл. Знаходзіцца ў ямцы асн. косці чэрапа (турэцкім сядле). Звязваецца ножкай з асновай мозга. Маса гіпофіза ў чалавека 0,5—0,6 г. Выпрацоўвае гармон росту, адрэнакартыкатропны і ганадатропныя гармоны і інш., што стымулююць рост і развіццё арганізма, функцыі інш. эндакрынных залоз, удзельнічаюць у рэгуляцыі ціску крыві, выдзяленні мачы, скарачэнні мышцаў маткі. Дзейнасць гіпофіза кантралюецца ц. н. с., цесна звязана з гіпаталамусам і інш. залозамі ўнутр. сакрэцыі. Хваробы гіпофіза ўзнікаюць ад чэрапна-мазгавых траўмаў, запаленчых працэсаў, пухлін. Найб. вядомыя хваробы пярэдняй долі гіпофіза: акрамегалія, гігантызм, Іцэнкі—Кушынга хвароба, карлікавы рост, вегетатыўныя расстройствы; задняй долі гіпофіза — дыябет нецукровы. Лячэнне: гармонатэрапія, хірургічнае.
Г.Г.Шанько.
т. 5, с. 259
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАЎКО́МА (ад грэч. glaukos блакітнавата-зялёны + ...ома),
хранічная хвароба вачэй, пры якой павышаецца ўнутрывочны ціск і зніжаецца зрок. У аснове глаукомы — парушэнне цыркуляцыі вочнай вадкасці (найчасцей адтоку).
Бывае глаукома першасная (самастойная хвароба; хварэюць у асн. людзі пасля 40 гадоў), другасная (ад інш. хвароб вачэй — рубцы рагавіцы, пухліны) і прыроджаная (ад дэфектаў развіцця вока). Пры першаснай глаукоме пашкоджваюцца абодва вокі; нялечаная хвароба прагрэсіруе і прыводзіць да слепаты. Прыкметы: унутрывочны ціск да 70—80 мм рт. ст. (у норме 18—27), боль вока і вакол яго, пачырваненне вока, ацёк рагавіцы, расшырэнне зрэнак, пагаршэнне зроку, моташнасць, ірвота. Пры любой форме глаукомы звужаецца поле зроку, пагаршаецца зрок, атрафіруецца зрокавы нерв. Лячэнне: медыкаментознае, лазернае і хірургічнае.
Л.М.Марчанка.
т. 5, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭРМАТАМІЯЗІ́Т (ад дэрмата... + міязіт),
сістэмнае пашкоджанне папярочна-паласатай і гладкай мускулатуры з парушэннем рухальнай функцыі, а таксама скуры, пераважна на адкрытых участках цела. Вял. значэнне ва ўзнікненні хваробы надаецца алергічным і аўтаімунным механізмам: Д. бывае вострым (ліхаманка з дрыжыкамі, хутка парастае генералізаванае пашкоджанне шкілетнай мускулатуры), падвострым (цячэнне хваробы маруднае) і хранічным. Прыкметы: пашкоджанне шкілетных мышцаў (хворы не можа самастойна ўставаць, садзіцца, падняць нагу, трымаць прадмет у руцэ, падае пры хадзе), парушаецца глытанне, на адкрытых участках скуры развіваецца эрытэма, ацёк, вузельчыкі, пухіркі, кровазліццё, узмацненне ці аслабленне пігментацыі, пачырваненне скуры (найчасцей вакол вачэй, носа, на шчоках), развіваецца сухасць скуры, ломкасць пазногцяў, выпаданне валасоў. Лячэнне: агульнаўмацавальная і дэзінтаксікацыйная тэрапія, гарманальныя прэпараты, імунасупрэсары.
М.З.Ягоўдзік.
т. 6, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФЕКЦЫ́ЙНЫЯ ХВАРО́БЫ ЧАЛАВЕ́КА, заразныя хваробы,
хваробы, якія выклікаюцца пэўнымі відамі патагенных бактэрый, вірусаў, хламідый, спірахет, рыкетсій, грыбоў, прыёнаў. Асн. агульная рыса І.х. — заразлівасць, здольнасць пашырацца пры кантактах арганізма з хворымі, бактэрыяносьбітамі, жывёламі, навакольным асяроддзем. Класіфікуюцца на антрапанозы («хваробы ад людзей»), заанозы («ад жывёл»), сапранозы («ад навакольнага асяроддзя»). Заражэнне на І.х. (механізм перадачы) залежыць ад лакалізацыі ўзбуджальнікаў; бывае паветрана-кропельным (узбуджальнік у органах дыхання), фекальна-аральным (у кішэчніку), трансмісіўным (у крыві), кантактным (на паверхні цела). Вылучаюць перыяды І.х.: скрыты, ці інкубацыйны (да першых сімптомаў), прадрамальны (неакрэсленая агульная рэакцыя), разгар захворвання, згасанне клінічных сімптомаў, папраўка. Пасля І.х. найчасцей застаецца імунітэт ад некалькіх месяцаў да многіх гадоў. Лячэнне тэрапеўтычнае.
А.А.Астапаў.
т. 7, с. 293
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РЛІКАВЫ РОСТ, нанізм,
паталагічны стан чалавека, які характарызуецца адставаннем у росце ў параўнанні з сярэдняй нормай для ўзросту, полу, папуляцыі, расы. Праяўленне К.р. — адзін з сімптомаў генет. парушэнняў росту арганізма, шэрагу эндакрынных і неэндакрынных хвароб. У жанчын карлікавым лічыцца рост меншы за 120 см, у мужчын меншы за 130 см. Віды К.р. ўмоўна падзяляюць на прапарцыянальны і непрапарцыянальны. Клінічныя праяўленні залежаць ад віду захворвання. Напр., пры гіпафізарным К.р. (псіхіка амаль нармальная) прапорцыі і памеры цела застаюцца дзіцячыя, палавыя залозы недаразвітыя, бывае атлусценне, старэчая, маршчыністая скура твару. Пры сістэмных захворваннях шкілета рост канечнасцей значна адстае ад росту тулава, эндакрынныя і псіхічныя расстройствы адсутнічаюць. Лячэнне (да спынення росту цела) накіравана на ўстараненне прычыны, што абумоўлівае К.р.
т. 8, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫПТАРХІ́ЗМ (ад крыпта... + грэч. orchis яечка),
затрымка (рэтэнцыя) яечка ў працэсе апускання яго з брушной поласці ў машонку ва ўнутрывантробным перыядзе. Праяўляецца адсутнасцю ў машонцы аднаго ці абодвух яечак. Бывае сапраўдны і несапраўдны. Пры сапраўдным К. яечка знаходзіцца ў брушной поласці (абдамінальная форма), пахвінным канале (пахвінная, або інгвінальная, форма) ці за яго межамі каля вонкавага пахвіннага кольца (высокая машоначная форма); асн. прычына — парушэнне ўнутрывантробнага развіцця плода. Найчасцей бывае несапраўдны К. (псеўдарэтэнцыя, яечка мігрыруе) — нармальна апушчанае яечка доўга ці перыядычна знаходзіцца па-за машонкай пад уплывам скарачэння мышцы, што паднімае яго. Лячэнне К. кансерватыўнае (у эндакрынолага) і хірургічнае, пры заганах развіцця (гіпаплазіі) яечак, адсутнасці другасных палавых прыкмет — пажыццёвая гармонатэрапія пасля 15—16 гадоў.
т. 8, с. 519
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ПРА, праказа,
хранічнае інфекцыйнае захворванне чалавека, якое пашкоджвае пераважна скуру і перыферычную нерв. сістэму. Адкрыта нарв. урачом Г.Хансенам (1871). Узбуджальнік — мікабактэрыя лепры (палачка); хвароба сустракаецца ў краінах Азіі (Індыі, М’янма, Тайландзе, Паўд. Карэі), экватарыяльнай Афрыцы, Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. Пранікае ў арганізм чалавека праз пашкоджаную скуру і слізістыя абалонкі органаў дыхання. Інкубацыйны перыяд 4—20 гадоў. Тыпы Л.: лепраматозная, туберкулоідная, недыферэнцыраваная. Пры лепраматознай узнікаюць эрытэматозна-пігментныя плямы, на паверхні якіх фарміруюцца лепромы, у ачагах выпадаюць валасы, у далейшым інфільтрацыя. Пры туберкулоідным тыпе ўзнікаюць плямавыя элементы, дробнапапулёзная высыпка; парушаецца адчувальнасць, адбываецца эрозія эпідэрміса. Недыферэнцыраваны тып праяўляецца эрытэматознымі, ахрамічнымі і гіпахромнымі плямамі з выразнымі межамі, пашкоджваецца перыферычная нерв. сістэма; знікае міміка. Лячэнне тэрапеўтычнае.
М.З.Ягоўдзік.
т. 9, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)