ВЕ́РАС (Зоська) (сапр.Сівіцкая Людвіка Антонаўна, па мужу Войцік; 30.9.1892, мяст. Мяджыбаж Ляцічаўскага р-на Хмяльніцкай вобл., Украіна — 8.10.1991),
бел. пісьменніца, грамадска-культ. дзяячка. Скончыла прыватную жаночую гімназію ў Гродне (1912), агародніцка-пчалярскія курсы ў Варшаве (1914). У 1909—13 удзельніца Гродзенскага гуртка беларускай моладзі. З 1915 у Мінску. Працавала сакратаркай у Мінскім аддзеле Бел.т-ва дапамогі пацярпелым ад вайны, Бел.нац. к-це, у Цэнтр. радзе бел. арг-цый, Бел.сацыяліст. грамадзе. З 1918 у дзедавым фальварку Альхоўнікі на Сакольшчыне (Беласточчына). З 1923 жыла ў Вільні. Працавала адміністратаркай газет Бел. сялянска-работніцкай грамады. Друкавацца пачала ў час. «Подснежник» (Кіеў, 1907). На бел. мове выступіла ў 1911 з абразкамі ў «Нашай ніве» пад псеўд. Мірко. Удзельнічала ў выданні альманаха «Колас беларускай нівы» (Гродна, 1913). Выдала «Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік» (Вільня, 1924, перавыд. ў Мінску 1992). Вынесла з віленскай турмы «Лукішкі» вершы М.Машары і выдала за свой кошт яго першы зб. «Малюнкі» (1928). З 1928 старшыня Бел.каап. пчалярскага т-ва «Пчала». Рэдагавала дзіцячыя час.«Заранка» (1927—31) і «Пралескі» (1934—35), с.-г.час.«Беларуская борць» (1934—38). У прэсе змяшчала вершы і апавяданні, у віленскіх бел. адрыўных календарах 1926—39 — парады па агародніцтве, садоўніцтве, пчалярстве, жаночай гаспадарцы. Уклала зб. «Садок для нашых дзетак» (Вільня, 1927, з М.Бучынскай). Для дзіцячага тэатра з укр. мовы пераклала п’есы Р.Завадовіча «Князь Марцыпан» (Вільня, 1929), Ю.Ігарава «Сірата» (Вільня, 1929), з рус. «Лясныя хаткі» В.Біянкі (Вільня, 1931, выйшла без імя перакладчыка). Аўтар успамінаў пра М.Багдановіча, У.Галубка, Ядвігіна Ш., Г.Леўчыка і інш.
Тв.:
Каласкі: Вершы, апавяданні. Мн., 1985;
[«Заранка»] // Полымя. 1968. № 4;
Пяць месяцаў у Мінску // Шлях паэта. Мн., 1975;
Мой дадатак // Ядвігін Ш. Выбр. творы. Мн., 1976;
Гальяш Леўчык // Леўчык Г. Доля і хлеб. Мн., 1980;
Гродзенскі гурток беларускай моладзі // Беларускі каляндар 1981. Беласток, 1981;
Гісторыя беларускага адрыўнога календара // Ніва (Беласток). 1976. 26 снеж.;
Справа дзён, даўно мінулых: Да 60-годдзя трупы У.Галубка // Тэатр. Мінск. 1980. № 6;
Старое Гродна // Краю мой — Нёман: Гродзеншчына літаратурная. Мн., 1986.
Літ.:
Лойка А.А. Зоська Верас // Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастр. перыяд. 2 выд.Мн., 1989. Ч. 2;
Пархута Я. Крыніца ёсць у родным краі... Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРАЛЮ́БАЎ (Мікалай Аляксандравіч) (5.2.1836, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 29.11.1861),
рускі крытык, публіцыст і паэт, філосаф-матэрыяліст рэв.-дэмакр. кірунку. Пасля заканчэння Пецярбургскага гал.пед. ін-та (1857), дзе пасябраваў з бел. пісьменнікам і этнографам П.М.Шпілеўскім, супрацоўнік час.«Современник», з 1859 адначасова рэдактар яго сатыр. дадатку «Свисток». Абгрунтоўваў прынцыпы асветніцкага матэрыялізму, рэв. дэмакратызму і крытычнага рэалізму ў артыкулах «Арганічнае развіццё чалавека ў сувязі з яго разумовай і маральнай дзейнасцю» (1858), «Што такое абломаўшчына?» і «Цёмнае царства» (1859), «Прамень святла ў цёмным царстве» і «Калі ж прыйдзе сапраўдны дзень?» (1860). Крытыкаваў ідэаліст. і вульгарна-матэрыяліст. канцэпцыі, тэорыі «мастацтва дзеля мастацтва» і «чыстай красы», выкрываў афіц. ідэалогію царызму і бурж. абмежаванасць лібералізму. Сутнасць гіст. прагрэсу бачыў у руху чалавецтва да сацыяльна аднароднага грамадства без эксплуатацыі. Рухальнай сілаю развіцця грамадства лічыў ідэйна-этычныя матывы паводзін людзей. Быў адным з папярэднікаў рэв. народніцтва. Адзін з заснавальнікаў сацыялагічнай крытыкі, якая суадносіла з’явы мастацтва з асн. тэндэнцыямі грамадскага жыцця і сцвярджала адзінства сац. і эстэт. вартасці мастацтва. У працах пра народнасць л-ры Дабралюбаў высока ацэньваў творчасць Т.Шаўчэнкі, прадбачыў сац. і культ. адраджэнне бел. народа, адкідаў афіцыёзную панска-ліберальную выдумку пра «забітасць» і адсталасць сялянства. У арт. «Рысы для характарыстыкі рускага простанароддзя» (1860) пісаў: «Пытанне пра характарыстыку беларусаў павінна хутка быць растлумачана працамі мясцовых пісьменнікаў. Паглядзім, што яшчэ скажуць самі беларусы». Ідэі Дабралюбава паўплывалі на станаўленне светапогляду бел.рэв. дэмакратаў (К.Каліноўскі, Ф.Багушэвіч, Я.Купала, Я.Колас), бел. крытыку і публіцыстыку пач. 20 ст. (газ. «Наша доля», «Наша ніва»). Супрацоўнікі газ. «Минский листок» апіраліся на дабралюбаўскую канцэпцыю рэалізму ў ацэнцы рус. класічнай л-ры, садзейнічалі пазнанню бел.краю, адзначалі вернасць прагрэс. інтэлігенцыі літ. запаветам Дабравольскага, падкрэслівалі ў яго дзейнасці імкненне разбудзіць працоўных да свядомага грамадскага жыцця, выхаваць у інтэлігенцыі павагу да працоўных, гуманізм светапогляду. Газ. «Северо-Западный край» прапагандавала літ.-эстэт. погляды Д. і В.Бялінскага, называла іх пакутнікамі прагрэс. л-ры. Газ. «Полесье» ў арт. «Памяці М.А.Дабралюбава» (1911) адзначала яго ўклад у выхаванне прагрэс.рус. інтэлігенцыі. Спадчыну Дабралюбава прапагандавалі М.К.Дабрынін, Л.Р.Бараг, І.М.Лушчыцкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУКО́ВЫЯ ТАВАРЫ́СТВЫ,
добраахвотныя аб’яднанні спецыялістаў і інш. асоб, якія маюць на мэце правядзенне навук. даследаванняў, садзейнічаць развіццю пэўнай галіны навукі. Асн. задачы Н.т.: распаўсюджванне навук. ведаў, далучэнне спецыялістаў да ўдзелу ў вырашэнні задач адпаведнай галіны навукі, садзейнічанне навук.-арганізац. кансалідацыі вучоных з мэтай павышэння эфектыўнасці даследаванняў і ўкаранення іх вынікаў у практыку і інш. Адыгрываюць важную ролю ў развіцці міжнар.навук. супрацоўніцтва. Асн. метады; арг-цыя лекцый і дакладаў, правядзенне навук. канферэнцый, семінараў, кангрэсаў, публікацыя вынікаў навук. даследаванняў і абмен навук. інфармацыяй, правядзенне незалежных пазаведамасных экспертыз навук. і навук.-тэхн. праектаў, падрыхтоўка аналіт. даведак, прагнозаў, прапаноў па пэўных кірунках навук. дзейнасці, ажыццяўленне навук. даследаванняў у розных формах, пошукавых, краязнаўчых работ і інш. Паводле статуса бываюць міжнар., нац., рэсп., рэгіянальныя і інш.; адрозніваюць таксама па ступені ахопу галін навукі, характары дзейнасці, па формах узаемадзеяння з дзярж.навук. ўстановамі і характары сувязей з навук. грамадскасцю і інш. Крыніцы фінансавання: членскія ўзносы, даходы ад выдавецкай дзейнасці і мерапрыемстваў, дзярж. субсідыі, ахвяраванні прыватных асоб, спонсарская падтрымка і інш.
Узніклі яшчэ ў глыбокай старажытнасці (4—3 ст. да н.э.), часам пад назвай акадэмій (Платонаўская акадэмія, Александрыйскі мусеян, «Дом мудрасці» ў Багдадзе, Акадэмія Мамуна ў Харэзме і інш). З 15—16 ст. як прафес. аб’яднанні вучоных. У 17 ст. з’явіліся спецыялізаваныя Н.т. (геагр., мед. і інш.). Універсальныя Н.т. часам станавіліся нац.навук. цэнтрамі, напр., Лонданскае каралеўскае т-ва. На Беларусі нефармальныя аб’яднанні навукоўцаў узніклі разам з заснаваннем навуч. устаноў і аб’ядноўвалі выкладчыкаў і студэнтаў па навук. інтарэсах. Важную ролю ў арг-цыі работы па вывучэнні роднага краю адыграла дзейнасць філаматаў і філарэтаў, Віленскай археалагічнай камісіі і інш. Н.т.
У Рэспубліцы Беларусь дзейнічаюць (1999): Н.т. кардыёлагаў, гігіеністаў, глебазнаўцаў, архівістаў; хім., геагр., бат. і інш.Асн. мэтам Н.т. адпавядае дзейнасць грамадскіх акадэмій (Міжнар. акадэмія вывучэння нац. меншасцей, Міжнар. акадэмія арганізац. і кіраўніцкіх навук, Бел. акадэмія сац. навук і інш.), асацыяцый (Міжнар. асацыяцыя беларусістаў, Бел. асацыяцыя геадэзістаў і картографаў і інш.), цэнтраў (Бел. цэнтр канстытуцыяналізму і параўнальна-прававых даследаванняў і інш.). Рэсп. Н.т. маюць аддзяленні ў рэгіёнах, міжнар. Н.т. — і за мяжой. Шэраг Н.т. створаны непасрэдна ў рэгіёнах, дзейнічаюць пры асобных НДІ і ВНУ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНІ АДДЗЕ́Л РУ́СКАГА ГЕАГРАФІ́ЧНАГА ТАВАРЫ́СТВА, Паўночна-Заходні аддзел імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства. Існаваў у 1867—1915 у Вільні як тэр. філіял Рус.геагр.т-ва. Узначальваў яго папячыцель Віленскай навуч. акругі; першы кіраўнік І.П.Карнілаў, члены — вайскоўцы, чыноўнікі, духавенства. Паводле палажэння ад 2.7.1867 павінен быў займацца вывучэннем 6 губерняў Паўн.-Зах.краю, пераважна ў галіне археаграфіі, археалогіі, этнаграфіі, статыстыкі. Меў секцыі: фіз.-матэм., этнаграфіі, археалогіі і археаграфіі, статыстыкі. Секцыя этнаграфіі выпусціла праграму па збіранні этнагр. і фалькл. матэрыялаў (паўтарала праграму Рус.геагр.т-ва без уліку нац. асаблівасцей нар. творчасці беларусаў). У выніку актывізацыі дзейнасці настаўнікаў сабраны запісы розных фалькл. жанраў, апісанні нар. календара і абрадаў, стану сельскай гаспадаркі, промыслаў, побыту і інш. Секцыя археалогіі і археаграфіі падрыхтавала і выдала шэраг апісанняў архіваў, у т. л. архіва віленскага ген.-губернатара М.В.Рапніна (1783—84). Да 1876 работа аддзела фактычна прыпынілася. У 1910 па ініцыятыве папячыцеля Віленскай навуч. акругі д-ра астраноміі Р.В.Лявіцкага віленскі губернатар Дз.М.Любімаў аднавіў дзейнасць аддзела. Яго старшынёй стаў Лявіцкі, кіраўніком спраў — Дз.І.Даўгяла; у кіраўніцтва ўвайшлі мясц. этнографы, фалькларысты, гісторыкі, археолагі, археографы, біёлагі і географы. На канец 1911 аддзел яднаў больш за 300 чал., пераважна сельскіх настаўнікаў, чыноўнікаў; створаны 4 секцыі: геаграфіі і статыстыкі, этнаграфіі і археалогіі, археаграфіі, гісторыі. У 1910—12 праведзены навук. экспедыцыі ў розныя рэгіёны Беларусі. У 1910—14 выдаваліся «Записки Северо-Западного отдела Русского географического общества». У 1910 па ініцыятыве аддзела выдадзены шэраг кніг па гісторыі Беларусі, у т. л. «Нарыс гісторыі Літоўска-Рускай дзяржавы да Люблінскай уніі ўключна» М.К.Любаўскага, «Апошняе ўз’яднанне з праваслаўнай царквой уніятаў Беларускай епархіі» Г.Шавельскага, «Гродзенская даўніна» Я.Ф.Арлоўскага (ч. 1). На працягу ўсёй гісторыі аддзела ў яго працы прымалі ўдзел гісторыкі і архівісты П.М.Бацюшкаў, Я.Ф.Галавацкі, М.І.Гарбачэўскі, Ф.М.Дабранскі, М.А.Дзмітрыеў, Ю.Ф.Крачкоўскі, М.Я.Нікіфароўскі, Е.Р.Раманаў, У.Г.Сакалоў, А.М.Семянтоўскі, І.А.Сербаў, М.М.Чуркін, П.В.Шэйн, А.М.Энгель і інш. Дзейнасць аддзела спынілася ў сувязі з акупацыяй Вільні герм. войскамі.
Літ.:
Довгяло Д.И. К истории Северо-Западного отдела: (Материалы и заметки) // Зап. Северо-Западного отд. имп. Русского географического о-ва. Вильна, 1910. Кн. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫДНЯСТРО́ЎСКІ КАНФЛІ́КТ 1992,
міжнацыянальны ўзбр. канфлікт на тэр. Рэспублікі Малдова, які набыў форму ваен. дзеянняў (сак.—жн. 1992) паміж афіц. ўладамі Малдовы і кіраўніцтвам самаабвешчанай (1990) на левым беразе р. Днестр т.зв. Прыднястроўскай Малд. Рэспублікі (ПМР; цэнтр — г. Ціраспаль, 39% нас. малдаване, 26% — украінцы, 24% — рускія, 11% — інш.; 550 тыс. жыхароў у 2000). Улады Малдовы імкнуліся аднавіць фактычна страчаны суверэнітэт над усх. раёнамі краіны. Канфлікту папярэднічала абвастрэнне адносін паміж уладамі Малдовы і кіраўніцтвам ПМР у канцы 1991 — пач. 1992. Ваен. дзеянні пачаліся з інцыдэнту ў г. Дубэсар на левым беразе Днястра, дзе 2.3.1992 гвардзейцы ПМР захапілі падначалены МУС Малдовы раённы аддзел паліцыі. Нягледзячы на шматлікія міратворчыя намаганні (дзейнасць пагаджальнай камісіі бакоў, пасяджэнні ў Кішынёве міністраў замежных спраў Малдовы, Расіі, Украіны і Румыніі, па выніках якіх у крас. двойчы абвяшчалася спыненне агню, і інш.), маштабы канфлікту нарасталі. Арэнай узбр. супрацьстаяння стала ўся даліна р. Днестр, па якой пралягла мяжа непрызнанай ПМР. З боку Рэспублікі Малдова ў канфлікце ўдзельнічалі яе рэгулярныя войскі, падраздзяленні МУС і валанцёры, з боку ПМР — яе рэсп. гвардыя, апалчэнне, унутр. войскі, тэр.-выратавальныя атрады, фарміраванні казакоў-добраахвотнікаў з Расіі і інш. рэспублік б.СССР. У баях ужываліся артылерыя, танкі, авіяцыя. У канфлікт была ўцягнута 14-я рас. армія (штаб у г. Ціраспаль), якая абараняла свае аб’екты ад нападзенняў войск Малдовы. Да пач.ліп., калі ў асн. завяршылася актыўная стадыя канфлікту, у зоне баявых дзеянняў загінула 650 чал., 4 тыс. паранена (пераважна мірныя жыхары). Значна пацярпела эканоміка краю, асабліва прадпрыемствы гарадоў Бендэр і Дубэсар. Баявыя дзеянні паступова спыніліся без значных тэр. вынікаў для абодвух бакоў у пач.жн. 1992 пасля падпісання ў Маскве 21.7.1992 прэзідэнтамі Малдовы (М.Снегур) і Расіі (Б.Ельцын) Пагаднення аб прынцыпах мірнага ўрэгулявання ў Прыднястроўі. Прадугледжвалася захаванне тэр. цэласнасці Малдовы, наданне асаблівага статуса левабярэжжу Днястра, у т. л. права яго насельніцтва вырашаць свой лёс у выпадку далучэння Малдовы да Румыніі. Нягледзячы на наступныя шматлікія намаганні ўрадаў Малдовы, Расіі, Украіны і міжнар. арг-цый, паліт. праблемы, якія выклікалі ў 1992 П.к., да гэтага часу не вырашаны, бо Малдова настойвае на захаванні сваёй тэр. цэласнасці, а кіраўніцтва ПМР — на прызнанні яе незалежнай дзяржавай. Гл. таксама раздз. Гісторыя ў арт.Малдова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСНАДА́РСКІ КРАЙ.
У складзе Рас. Федэрацыі. Утвораны 13.9.1937. Размешчаны на ПдЗПаўн. Каўказа ў бас.р. Кубань, на З і ПдЗ абмываецца Азоўскім і Чорным м.Пл. 76 тыс.км². Нас. 5011 тыс.чал. (1997), гарадскога 54%. Сярэдняя шчыльн. 66 чал. на 1 км². Жывуць рускія (86,7%), украінцы (3,9), армяне (3,7), беларусы (0,8), немцы (0,6), грэкі (0,6), адыгейцы (0,5) і інш. Цэнтр — г.Краснадар. Найб. гарады: Новарасійск, Армавір, Ейск, Крапоткін, Ціхарэцк, Туапсэ, Лабінск.
Прырода. На тэр.краю Кубана-Прыазоўская нізіна, на У частка Стаўрапольскага ўзв.; на Пд перадгор’і і хрыбты зах. часткі Вял. Каўказа (выш. да 3256 м). Уздоўж Чорнага м. вузкая ўзбярэжная паласа. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, каляровыя і рэдкія металы. буд. матэрыялы, каменная соль. Шмат крыніц мінер. вод, ілавыя гразі. Клімат ад умерана кантынентальнага да субтрапічнага. Сярэдняя т-растудз. ад -4 °C (на раўніне) да 5 °C (на ўзбярэжжы Чорнага м.), ліп. 22—24 °C, у гарах (на выш. 2000 м) адпаведна -8 ºС і 13 °C. Ападкаў ад 400 мм на ПнУ да 1400 мм у раёне г. Сочы і да 3200 мм у гарах у раёне Краснай Паляны. Гал. рака Кубань з прытокамі Уруп, Лаба, Белая і інш.; рэкі паўн. часткі — Ея, Чэлбас, Бейсуг; выкарыстоўваюцца для арашэння. Вадасховішчы Краснадарскае, Тшчыкскае і Шапсугскае. На Таманскім п-ве і ўзбярэжжы Азоўскага м. азёры-ліманы. Глебы на раўніне чарназёмныя, у даліне Кубані алювіяльныя, у перадгор’ях і гарах горна-лясныя і горна-лугавыя. Расліннасць на раўніне культурная, у гарах шыракалістыя (дубовыя, букавыя, у раёне Туапсэ—Сочы мяшаныя калхідскія) і цёмна-хваёвыя (каўк. піхта, елка) лясы, субальпійскія і альпійскія лугі. У складзе жывёльнага свету ліс, ласка, тхор, заяц-русак, грызуны (на раўніне); буры мядзведзь, рысь, лясны кот, лясная і каменная куніца (у гарах); заходнекаўк. тур, серна, снежная палёўка (у высакагор’і). Каўказскі запаведнік, Сочынскі прыродны нац. парк.
Гаспадарка. Сярод галін прам-сці вылучаюцца харч., маш.-буд. і металаапр., паліўная, хім. і нафтахім., мікрабіял., дрэваапр., лёгкая, вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Харч.прам-сць (41% прамысл. прадукцыі краю) грунтуецца на магутнай базе с.-г. сыравіны. Прадпрыемствы алейна-тлушчавай прам-сці (236 тыс.т, 1996) сканцэнтраваны ў гарадах Краснадар, Армавір, Крапоткін, Лабінск, Беларэчанск; вінаробнай — Абраў-Дзюрсо, Туапсэ, Анапа, Ейск, Крымск, Славянск-на-Кубані, цукр. (1,1 млн.т) — Лабінск, Новакубанск. рыбная — Новарасійск, Прыморска-Ахтарск, Тэмрук. Развіты агароднінакансервавая, мясная, масласыраробная, мукамольная, піваварная, тытунёвая прам-сці. У маш.-буд. і металаапр. вылучаецца вытв-сць станкоў, электра- і радыёвымяральных прылад, кампрэсараў, газавай апаратуры, рысаўборачных камбайнаў (Краснадар), электратэхн. прылад, абсталявання для нафтавай прам-сці (Армавір), рухавікоў, абсталявання для харч. прам-сці (Новарасійск), цяжкіх пуцявых машын, абсталявання для хім. прам-сці (Ціхарэцк), дрэваапр. станкоў (Крапоткін). Суднамех. і суднарамонтныя з-ды ў Новарасійску, Туапсэ, Ейску. Здабыча (1996): нафты (1,6 млн.т, разам з Тазавым кандэнсатам) і прыроднага газу (1,8 млрд.м³) у раёнах Абінска, Славянска-на-Кубані, Хадыжэнска, Апшэронска і інш. Перапрацоўка нафты (3,1 млн.т) на з-дах у Краснадары і Туапсэ. Хім.прам-сць (вытв-сць пластмас, гумава-тэхн. вырабаў, лакафарбавых матэрыялаў) у Краснадары, Крапоткіне, Лабінску. Камбінат біяхім. і вітамінных прэпаратаў у Краснадары, ёдавы з-д у Славянску-на-Кубані. Вытв-сць электраэнергіі (6,7 млрд.кВт∙гадз, 1996) пераважна на ЦЭЦ. Дрэваапр.прам-сць (вытв-сць фанеры, мэблі, драўлянай і кардоннай тары) у Краснадары, Новарасійску, Беларэчанску, Армавіры, Ейску, Лабінску.
Развіты шарсцяная, баваўняная, швейная, трыкат., гарбарна-абутковая прам-сць. Буйная вытв-сць цэменту (1,7 млн.т, 4 з-ды ў Новарасійску), цэглы, жалезабетонных вырабаў, мяккіх дахавых матэрыялаў. Фарфора-фаянсавы з-д у Краснадары. К.к. адзін з важнейшых с.-г. раёнаў Расіі. Пл.с.-г. угоддзяў 4,8 млн.га, у т. л. пад ворнымі землямі 4 млн.га. Пасевы пшаніцы, рысу (пераважна ў нізоўях Кубані), кукурузы, сланечніку, цукр. буракоў, тытуню, эфіраалейных культур (у т. л. клешчавіны). Агародніна-, бульба- і бахчаводства. Збор (тыс.т, 1995): збожжа — 5727, сланечніку — 817, цукр. буракоў — 4236, агародніны — 661, бульбы — 612. Вінаградарства, садоўніцтва. На Пд ад Туапсэ, на ўзбярэжжы, вырошчваюць чай, цытрусавыя і інш. субтрапічныя культуры. Жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (1,3 млн. галоў), свіней (1,7 млн. галоў), авечак, коз, птушку. Вытв-сць воўны 978 т (1995). Пчалярства. Даўж. чыгунак 2,2 тыс.км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 25,7 тыс.км. Гал. чыгункі Растоў-на-Доне—Армавір—Баку, Валгаград—Новарасійск, Армавір—Туапсэ—Сочы, аўтадарогі Новарасійск—Туапсэ—Сухумі, Растоў-на-Доне—Баку. Развіты марскі і паветр. транспарт. Марскія парты́: Новарасійск (вываз нафты і цэменту), Туапсэ, Сочы (Чорнае м.), Тэмрук, Ейск (Азоўскае м.). Найбуйнейшы аэрапорт — Адлер Суднаходства па р. Кубань (ад Краснадара да вусця). Газаправод Краснадар—Цэнтр. К.к. — буйнейшы ў Расіі курортны раён і цэнтр турызму. Курорты: Сочы, Анапа, Геленджык, Ейск, Гарачы Ключ, Туапсінская курортная зона.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЯЗНА́ЎСТВА,
усебаковае вывучэнне асобнага рэгіёна ці нас. пункта мясц. насельніцтвам, а таксама спецыялістамі навук. устаноў. Даследуе прыроду, эканоміку, дэмаграфію, гісторыю, мову, культуру. Комплекснае К. разглядае ўсе звесткі ва ўзаемасувязі. Галіновае К. паглыблена вывучае асобныя яго кірункі: гістарычны, геаграфічны, этнаграфічны, літаратурны, тапанімічны, мемарыяльны, ахову помнікаў і інш. Адметнасць набывае К. рэгіёнаў, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Асн. метад К. — збор інфармацыі: архіўных і літ. крыніц, прадметаў матэр. культуры, вынікаў назіранняў за прыроднымі з’явамі, анкетаванне і г. д. Ролю навукова-метадычных цэнтраў у рэгіёнах выконваюць краязнаўчыя цэнтры пры аддзелах нар. адукацыі. У Беларусі дзейнасць усіх краязнаўчых арг-цый каардынуе Рада Беларускага краязнаўчага таварыства (БКТ). Разнастайнымі краязн. звесткамі пра Беларусь напоўнены першыя пісьмовыя крыніцы, асабліва бел.-літ. летапісы і хронікі. У сярэднявякоўі цікавасць да вывучэння краю набыла рысы навуковасці, развівалася пад уплывам ідэй Адраджэння. Каштоўнай краязн. крыніцай з’яўляецца «Зборнік прыказак і прымавак» (Любча, 1618), выдадзены С.Рысінскім, «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсея Русі» (1582) М.Стрыйкоўскага, паэма Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра». Звесткі апісальнага характару ёсць у дзённіках (дыярыушах), мемуарах падарожнікаў, што наведвалі Беларусь у 15—17 ст. (З.Герберштэйн, А.Гваньіні, І.Г.Корб. Б.Танер, П.А.Талстой і інш.). Грунтоўны «Дзённік» пакінуў Мікалай Радзівіл Сіротка пасля падарожжа ў 1582—84 у Егіпет, Сірыю, Палесціну. Аналіз матэр. і духоўнай культуры народаў Зауралля і Сібіры зрабіў у 1660-я г. А.Каменскі. Значна вырасла цікавасць да К. ў канцы 18 ст.Вял. б-кі, архівы, карцінныя галерэі, нумізматычныя, мінералагічныя і інш. калекцыі існавалі ў рэзідэнцыях магнатаў: у Нясвіжы — Радзівілаў, у Шчорсах — Храптовічаў, у Слоніме — Агінскіх і інш. Багатыя зборы былі пры некат. манастырах і навуч. установах. Унікальныя зборы мелі Чапскія, Тызенгаўзы, Плятэры, Ельскія, Тышкевічы, Ходзькі і інш.Вял. група даследчыкаў займалася гіст. К. На багатым дакумент. матэрыяле падрыхтавана «Гісторыя літоўскага народа» (т. 1—9, 1835—41) Т.Нарбута, праца М.В.Без-Карніловіча «Гістарычныя звесткі пра выдатныя мясціны на Беларусі з дадаткам іншых звестак, якія да яе ж адносяцца» (1855). Зборы музея братоў К.П.Тышкевіча і Я.П.Тышкевіча ў Лагойску сталі асновай для стварэння Віленскага музея старажытнасцей, а іх публікацыі — фундаментам для далейшага развіцця розных кірункаў К. Асобныя рэгіёны Беларусі ў 19 ст. вывучалі З.Я.Даленга-Хадакоўскі, Э.Ф.Плятэр, А.М.Семянтоўскі, К.А.Гаворскі, Р.А.Падбярэскі, А.Ф.Рыпінскі, А.П.Сапуноў, П.М.Шпілеўскі, О.Кольберг, А.Кіркор, М.Ф.Кусцінскі і інш. Своеасаблівымі краязн. даследаваннямі з’яўляюцца асобныя творы паэтаў і пісьменнікаў (Ю.Крашэўскага, У.Сыракомлі, Я.Ходзькі і інш.). Фальклор і этнаграфію вывучалі Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, А.Міцкевіч. Вял. ўклад у К. зрабілі мастакі Ю.Пешка, М.Кулеша, Н.Орда. Прыкметны след у развіцці розных галін К. інш. народаў пакінулі Ю.Копаць» (Сібір, Камчатка), Ф.Цяцерскі (Забайкалле), Т.Зан (Зауралле), В.М.Кавалеўскі (Манголія, Казахстан, Сібір), І.А.Гашкевіч (Японія), І.І.Дамейка, К.Ельскі (Паўд. Амерыка). Прыкметную ролю ў станаўленні К. ў 1-й пал. 19 ст. адыгралі гурткі пры Віленскім універсітэце, Віленскае т-ва дабрачыннасці, Беларускае вольнае эканамічнае таварыства ў Віцебску. У 2-й пал. 19 ст. разгарнулі дзейнасць Віленская археаграфічная камісія, Віленская археалагічная камісія, Паўночна-Заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства. У 1860-я г. выдадзены шматтомныя «Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі, сабраныя афіцэрамі Генеральнага штаба», дзе прыведзены адносна падрабязныя звесткі па геаграфіі, гіст., эканоміцы, дэмаграфіі, адукацыі, ахове здароўя Беларусі, і г. д. Матэрыялы па К. змяшчаліся ў губ. і епархіяльных ведамасцях, «Памятных кнігах губерняў», перыядычных ілюстраваных часопісах, што выдаваліся на польскай мове, і інш. На мяжы 19—20 ст. у многіх рэгіёнах павялічылася колькасць навук. т-ваў, камісій, к-таў, гурткоў; краязн. працу праводзілі т-вы, арганізаваныя пад патранатам царквы. У 1908 пры Мінскай епархіі створаны Мінскі царкоўны гісторыка-археалагічны камітэт. У 1911 засн.Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута, у 1912 — Мінскае таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі. Выдаваліся зборнікі дакументаў і матэрыялаў «Віцебская даўніна», «Мінская даўніна», «Магілёўская даўніна» і інш. Матэрыялы па этнаграфіі, археалогіі друкаваліся ў «Записках Северо-Западного отдела Русского географического общества», у газ.«Наша ніва». У канцы 19 — пач. 20 ст. ў плеяду бел. краязнаўцаў уваходзілі: Я.Ф.Арлоўскі, А.Я.Багдановіч, М.В.Доўнар-Запольскі, А.К.Ельскі, У.З.Завітневіч, Я.Ф.Карскі, Ю.Ф.Крачкоўскі, В.Ю.Ластоўскі, І.І.Луцкевіч, Ф.В.Пакроўскі, Е.Р.Раманаў, Г.Х.Татур, А.М.Уласаў і інш.
У пач. 20 ст. заснаваны краязн. студэнцкія гурткі па вывучэнні Беларусі, у т. л.Беларускі навукова-літаратурны гурток (1912) пры С.-Пецярбургскім ун-це. У 1920-я г. краязн. аб’яднанні ствараліся пры навуч. і навук. установах, аддзелах нар. асветы, у т. л.Беларускае вольна-эканамічнае таварыства (1921). З 1922 каардынацыйным цэнтрам краязн. арг-цый стаў Інстытут беларускай культуры, пры ім — Цэнтральнае бюро краязнаўства (ЦБК). У ліст. 1924 адбылася Першая Усебеларуская краязнаўчая канферэнцыя; у 1926 — Першы Усебеларускі краязнаўчы з’езд. З кастр. 1925 ЦБК выдавала штомесячны час.«Наш край» (у 1930—33 «Савецкая краіна»). Выходзілі мясц. неперыядычныя зборнікі («Віцебшчына», «Полаччына» і інш.). Актыўную выдавецкую дзейнасць разгарнула Віцебскае акруговае таварыства краязнаўства. Удзел у краязн. руху прымалі З.Бядуля, Д.М.Васілеўскі, З.Х.Жылуновіч (Ц.Гартны), М.І.Гарэцкі, В.Д.Дружчыц, У.М.Ігнатоўскі, М.І.Каспяровіч, Я.Колас, К.Крапіва, У.І.Пічэта, М.М.Улашчык, А.А.Шлюбскі, М.М.Шчакаціхін і інш. Прыродазнаўчыя кірункі курыравалі навукоўцы Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горы-Горках. Развівалася К. і ў Зах. Беларусі. У многіх гарадах існавалі філіі Польскага краязн. т-ва, мясц. краязн. аб’яднанні (Палескае т-ва краязнаўства ў Пінску, Т-ва сяброў навук у Гродне і інш.), краязн. музеі (Гродзенскі гістарычны, 1922, Пінскі, 1924, Баранавіцкі і Слонімскі, 1929) і інш. Звесткі па асобных рэгіёнах Зах. Беларусі прыведзены ў працах Ч.Пяткевіча (Палессе, Брэстчына), О.М.Гедэмана (Браслаўшчына), Ю.Ядкоўскага (Гродна) і інш. Актыўнымі краязнаўцамі былі Я.Н.Драздовіч, Л.І.Вітан-Дубейкаўскі, А.І.Луцкевіч, У.І.Самойла, П.Сергіевіч, Б.А.Тарашкевіч, Я.Булгак. Вывучэннем заходнебеларускага краю займаліся Беларускае навуковае таварыства, Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры, Беларускі музей імя І.Луцкевіча, Беларускае навукова-краязнаўчае т-ва ў Латвіі (1920—40-я г.). У пач. 1930-х г. у БССР многія вучоныя і мясц. краязнаўцы рэпрэсіраваны, К. даследавала і паказвала выключна поспехі сацыяліст. будаўніцтва. У пасляваен. час найб. ўвага скіроўвалася на даследаванні гісторыі вайны, партыз. руху на Беларусі, пошукавую працу. Адкрыты шэраг краязн. музеяў: Баранавіцкі (1946), Мазырскі (1949), Слуцкі (1952), Лепельскі (1954), Мінскі (1959), Веткаўскі музей народнай творчасці і інш. У наш час К. займаюцца Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, Бел.т-ва аховы прыроды, Беларускі фонд культуры, Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны і інш. У снеж. 1989 Усебел. канферэнцыя краязнаўцаў абвясціла пра аднаўленне работы БКТ.
Вывучэнню краю спрыяюць раённыя краязн. канферэнцыі (Браслаў, Навагрудак). Існуюць краязн. аддзелы пры некаторых б-ках. З выкарыстаннем матэрыялаў па К. выдадзены «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (7 тамоў), выдаецца шматтомная серыя кніг «Памяць». Праблемы К. асвятляюцца ў перыяд. выданнях, бюлетэні «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі» (з 1989 час.«Спадчына»), час. «Беларуская мінуўшчына», «Падарожнік» (у якім змяшчаецца дадатак «Наш край» як працяг часопіса, што выдаваўся ў 1930-я г.), у навук.-краязн. зборніках, часопісах і альманахах («Магілёўская даўніна», «Палессе» і інш.). У шэрагу навуч. устаноў уключаны курсы К. (беларусазнаўства). У рознай ступені краязн. даследаваннямі займаюцца бел.навук.-культ. арг-цыі за мяжой: Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Польшчы, Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў ЗША, Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане, Т-вабел. культуры ў Маскве і інш. Значны ўклад у развіццё К. ў пасляваен. перыяд зрабілі і робяць У.А.Калеснік, М.П Клімец (Брэст), Ю.А.Якімовіч, А.М.Белакоз (в. Гудзевічы Мастоўскага р-на), М.Ф.Мельнікаў (г. Крычаў), Г.А.Каханоўскі, М.І.Ермаловіч, М.А.Ткачоў, Г.В.Кісялёў, Л.Р.Казлоў, А.П.Грыцкевіч, А.І.Мальдзіс, У.Ф.Ісаенка, В.Л.Насевіч, Э.М.Загарульскі, Л.У.Дучыц, В.У.Скалабан, М.М.Улашчык, А.К.Каўка, Ю.А.Лабынцаў, В.П.Грыцкевіч, М.В.Нікалаеў (С.-Пецярбург), Д.Фёнік (Беласток), А.Цеханавецкі (Лондан), Я.Запруднік, В. і З. Кіпелі (Нью-Йорк) і інш.
Літ.:
Алексеев Л.В. Археология и краеведение Белоруссии XVI в. — 30-е гг. XX в. Мн., 1996;
Амелькович Л.Г. Деятельность Центрального Бюро краеведения Белоруссии (1923—1933 гг.) // Вопросы библиотековедения и библиографоведения. Мн., 1975;
Грыцкевіч В.П., Мальдзіс А.І. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980;
Историческое краеведение Белоруссии. Мн., 1980;
Каспяровіч М.І. Краязнаўства. Мн., 1929;
Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;
Краязнаўства: Зб. праграм і інструкцый краязнаўчай працы. Мн, 1929;
Матюшин Г.Н. Историческое краеведение. М., 1987;
Polkowski B. Krajoznawca. Warszawa, 1931.
Л.В.Трэпет.
Да арт.Краязнаўства. Вокладка «Віцебскай даўніны». Т. 4. Віцебск, 1835.Да арт.Краязнаўства. Праўленне Краязнаўчага таварыства БДУ на чале з рэктарам У.І.Пічэтам. 1929.Да арт.Краязнаўства. Фрагменты экспазіцыі Мінскага абласнога краязнаўчага музея.Да арт.Краязнаўства. Фрагменты экспазіцыі Лепельскага краязнаўчага музея.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДО́ЦКАЕ ЎЗВЫ́ШША,
фізіка-геаграфічны раён на ПнУБеларускага Паазер’я, у Віцебскай вобл. Мяжуе з Суражскай нізінай на У, Віцебскім узв. на ПдУ, Полацкай нізінай на ПдЗ і З, на Пн адгор’і ўзвышша зліваюцца з Невельскім узв. у Пскоўскай вобл. Расійскай Федэрацыі. Выцягнута з Пн на Пд да 70 км, з З на У да 45 км. Пл. каля 3 тыс.км². Выш. ад 135 м (урэз р.Зах. Дзвіна каля в. Курына Віцебскага р-на) да 263 м (каля в. Загараны Гарадоцкага р-на).
У геаструктурных адносінах Гарадоцкае ўзвышша прымеркавана да паўн.-зах.ч.Аршанскай упадзіны, дзе да канца дэвону завяршылася структурная перабудова і ўтварылася плато, расчлянёная паверхня якога служыць цокалем Гарадоцкага ўзвышша. Магутнасць адкладаў антрапагенавай сістэмы 40—170 м, асноўная частка іх складзена з 5—6 комплексаў ледавіковых (марэнных, патокава-ледавіковых і азёрна-ледавіковых) утварэнняў. Карысныя выкапні: даламіт (блізка ад паверхні на Рубаўскім выступе парод дэвону і ў адорвенях), пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі і легкаплаўкія гліны, прэсныя і мінер. падземныя воды.
Сучасны рэльеф аформіўся ў час адступання ледавіка паазерскага зледзянення. На Пн знаходзіцца ўласна Гарадоцкае ўзвышша, якое ўзнікла як астраўны лёдападзельны масіў. У рэльефе яго выражана сістэма канцова-марэнных град. На Пн вылучаецца больш высокі ўнутр. клінападобны пояс канцовых марэнных град (даўж. 20—22 км), складзеных пераважна з валунных суглінкаў. Знешні дугападобны пояс канцова-марэннага рэльефу складаюць грады, валы і ўзгоркі. У паўн.ч. знешняга пояса буйна- і сярэднеўзгорысты рэльеф. На Пд ад канцова-марэннага масіву пераважае камава-ўзгорысты рэльеф, які ўзнік у паласе «мёртвага лёду», што заставаўся некаторы час пасля адступання краю ледавіка на Пн. Трапляюцца ўчасткі спадзіста-хвалістага рэльефу асн. марэны, далінныя зандры, озы. Рачная сістэма належыць да бас.Зах. Дзвіны і Ловаці. На зах. схілах прытокі Обалі — Усыса, Чарняўка, Чарнуйка, на ўсх. — Ловаць, Аўсянка (прыток Усвячы), на Пд пачынаецца р. Лужасянка. Найб. азёры: Езярышча, Лосвіда, Кашо, Вымна, Заронава. Сярэдняя т-растудз. -7,9 °C, ліп. 17,6 °C, ападкаў 625 мм за год. Глебы дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-балотныя і поймавыя. Пад ворывам каля 25%, пад лесам да 30% тэрыторыі. Пашыраны хваёвыя, шыракаліста-яловыя, другасныя бярозавыя, асінавыя і шэраальховыя лясы, вярховыя і пераходныя балоты, у катлавінах азёр — лугі. Раён вылучаецца маляўнічасцю ландшафтаў. У межах Гарадоцкага ўзвышша заказнікі: гідралагічныя Карыценскі Мох, Цёста; біял. Езярышчанскі, Паташэнскі, Сурміно і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ЗА́МАК,
старажытная крэпасць, на аснове якой узнік г.Мінск. У стараж.-рус. летапісах вядомы пад назвай «град», «горад», у актах 15—17 ст. — замак, пазней — Стары горад, Старое места, Стары замак, Замкавая гара, Замчышча. Пабудаваны ў 2-й пал. 11 ст. на правым беразе р. Свіслач пры ўпадзенні ў яе Нямігі для абароны паўд. межаў Полацкага княства. Быў абнесены валам выш. каля 8 м, на грэбені якога пастаўлены драўляныя сцены, з паўд. боку — брама тыпу вежы. Замак меў форму няправільнага прамавугольніка (даўж. ад Свіслачы да процілеглага зах.краю 300 м, шыр. 120—150 м, пл. 3 га). Абкружаны з усіх бакоў вадой, меў выгляд умацаванага вострава. Гал. вуліца замка шыр. 4 м перасякала дзядзінец з У на З, ад яе адыходзілі вузкія завулкі. Шырыня астатніх вуліц была 3 м, праезная іх частка масцілася драўлянымі насціламі. Паміж вуліцамі размяшчаліся двары гараджан. Яны ўключалі 1—2 жылыя пабудовы, хлявы, клеці, майстэрні. Двор абгароджваўся парканам з бярвён, свабодная ад забудовы плошча масцілася насцілам. У 12—13 ст. у замку было 80—82 двары і 400—500 жыхароў. Умацаванні М.з. паспяхова вытрымалі асаду войска паўд.-рус. князёў і іх саюзнікаў у 1105 (у летапісе недакладна 1104) і 1116, няўдалымі былі спробы полацкага кн. Рагвалода Барысавіча ўзяць М.з. прыступам у 1159 і 1160 у час княжацкіх міжусобіц. Доўгі час замак быў паліт., ваенным і культ. цэнтрам, рэзідэнцыяй князёў, пазней велікакняжацкіх і каралеўскіх намеснікаў. У 1506 войскі крымскага хана Махмет-Гірэя, захапіўшы горад, не здолелі авалодаць крэпасцю. У замку былі ваенны гарнізон (залога), правіянцкія крамы, дом кіеўскага мітрапаліта, уладанні кн. Астрожскага. У вежы каля замкавай брамы размяшчалася турма. У М.з. знаходзіліся цэрквы Мікалаеўская і Раства Багародзіцы. З канца 17 ст. замак стаў паступова занепадаць, да канца 18 ст. асталіся земляныя валы, зафіксаваныя на планах Мінска канца 18 — пач. 19 ст.Археал. даследаванні М.з. праводзілі ў 1945—51, 1957 В.Р.Тарасенка, у 1958—61 Э.М.Загарульскі, у 1976 Г.В.Штыхаў, у 1981—82 В.Е.Собаль і Штыхаў, у 1983—87 Штыхаў.
Заяц Ю.А. Оборонительные сооружения Менска XI—XIII вв. Мн., 1996.
Г.В.Штыхаў.
Мінскі замак. Брама 12—1-й пал. 13 ст. Рэканструкцыя Ю.А.Зайца.Забудова заходняй часткі Мінскага замка. 13 ст. Рэканструкцыя П.А.Русава. Мастак А.Зарх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РНЫ ДАГАВО́Р ПАМІ́Ж ЛІТВО́Й І РСФСР 1920.
Падпісаны 12.7.1920 у Маскве. 11.9.1919 урад РСФСР звярнуўся да ўрада Літвы з прапановай заключыць мір на аснове прызнання незалежнасці літ. дзяржавы. 31.3.1920 урад Літвы заявіў пра гатоўнасць заключыць мір з Сав. Расіяй пры ўмове прызнання незалежнасці Літвы ў яе этн. межах са сталіцай у Вільні. 7.5.1920 у Маскве пачаліся перагаворы: літ. дэлегацыя настойвала на ўключэнні ў склад Літвы тэр. Ковенскай, Віленскай, Сувалкаўскай і Гродзенскай губ. (з гарадамі Беласток, Бельск, Гродна, Брэст, Кобрын, Пружаны), Навагрудскага пав. Мінскай губ., часткі Ілуксцкага і Гробінскага пав. Курляндскай губ. Выкарыстоўваўся і такі аргумент, як права беларусаў на самавызначэнне. 9.5.1920 член літ. дэлегацыі Д.Сямашка выступіў з заявай аб намеры «пры ўстанаўленні граніц абараняць беларускія землі на моцы беларуска-літоўскіх пагадненняў ад імперыялістычных памкненняў Польшчы... і Савецкай Расіі». Заява выклікала пратэст з боку кіраўніка сав. дэлегацыі на перагаворах А.А.Іофе, які паставіў пад сумненне правамоцтвы Сямашкі выступаць ад імя бел. народа. Падпісаны дагавор прадугледжваў з боку РСФСР безагаворачнае прызнанне самастойнасці і незалежнасці Літвы; урэгуляванне маёмасных, фін. і эканам. пытанняў; аказанне Літве бязвыплатнай эканам. дапамогі ў памеры 3 млн.руб. золатам; вяртанне Літве культ. каштоўнасцей, што былі вывезены ў час 1-й сусв. вайны і знаходзіліся на тэр. РСФСР; прадугледжваліся далейшыя перагаворы пра заключэнне гандл. і транзітных пагадненняў і інш. Фіксавалася дзярж. граніца паміж РСФСР і Літвой; прадугледжвалася ўключэнне ў склад Літвы г. Вільні і часткі зямель, заселеных пераважна беларусамі, у т. л. Гродна, Паставы, Браслаў, Ашмяны, Ліда. Факт заключэння такога дагавора выклікаў супрацьдзеянне з боку органаў БНР і кіраўніцтва Польшчы. 11.9.1920 польскі Савет абароны дзяржавы вырашыў дамагацца далучэння Віленшчыны і Гродзеншчыны да Польшчы. Пад уздзеяннем Антанты Польшча прызнала права Літвы на Вільню (замацаваны Сувалкаўскім пагадненнем 7.10.1920), аднак у выніку т.зв. бунту Л.Жалігоўскага (8—9.10.1920) і ўтварэння Сярэдняй Літвы Вільня і Віленскі край былі далучаны да Польшчы. Такім чынам, дагавор не быў выкананы ў поўным аб’ёме. Пасля вызвалення Заходняй Беларусі ў кастр. 1939, карыстаючыся палажэннямі гэтага дагавора, Прэзідыум Вярх. Савета СССР прыняў рашэнне аб перадачы Літве Вільні і Віленскага краю.
Кр.: Документы внешней политики СССР. Т. 3. М., 1959; Знешняя палітыка Беларусі: Зб. дак. і матэрыялаў. Т. 1 (1917—1922 гг.). Мн., 1997.
Літ.:
Коўкель І. Польска-літоўскі канфлікт і роля ў ім беларускіх палітычных партыяў і арганізацыяў (1920—1923 гг.) // Беларусіка = Albaruthenica. Мн., 1994. Кн. 3.