Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕГІЯ́ЛЬНАСЦЬ,
прынцып і метад кіравання, якое ажыццяўляецца групай упаўнаважаных асоб (калегіяй), кожны з якіх нясе персанальную адказнасць за пэўную сферу дзейнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНТО́ЎКА,
індывідуальная агнястрэльная зброя з вінтавой нарэзкай у канале ствала. Нарэзка надае кулі вярчальны рух, які забяспечвае яе ўстойлівы палёт, большую далёкасць і трапнасць стральбы. Калібр вінтоўкі ад 5,6 да 7,62 мм.
Першыя вінтоўкі з’явіліся ў 16 ст. У Расіі наз. пішчалямі, штуцэрамі, з 1856 — вінтоўкамі. У 1868 прынята на ўзбраенне вінтоўка пад метал. патрон — бярданка, у 1891 — трохлінейная (г. зн. калібру 7,62 мм) магазінная (на 5 патронаў) вінтоўка С.І.Мосіна (з нязначнымі мадэрнізацыямі была на ўзбраенні больш за 60 гадоў). Яе скарастрэльнасць 10—12 стрэлаў за мінуту, прыцэльная далёкасць да 2 км. У 1907 на яе аснове створаны карабін. Пасля 2-й сусв. вайны выкарыстоўваюцца пераважна аўтам. вінтоўкі (з ёмістасцю магазіна да 50 патронаў, скарастрэльнасцю да 200 стрэлаў за мінуту, прыцэльнай далёкасцю да 500 м), карабіны (у т. л. самазарадныя), снайперскія вінтоўкі (з аптычнымі і начнымі прыцэламі). Сучасныя вінтоўкі звычайна маюць штык і прыстасаванні для стральбы (да 500 м) вінтовачнымі гранатамі. Пашыраны таксама спарт. вінтоўкі.
Аўтаматычныя вінтоўкі: 1 — M16A1 (ЗША); 2 — FA MAS (Францыя); 3 — FN (Бельгія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІЯ МАНАСТЫРЫ́,
праваслаўныя манастыры ў Полацку ў 16 ст. Вядомы з дакументаў і асабліва з рэестра 1583 Скуміна царкоўных сёл, перададзеных Стафанам Баторыем Полацкаму езуіцкаму калегіуму. У іх ліку названы: Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр; Багародзіцкі мужчынскі, засн. ў 12 ст.Ефрасінняй Полацкай; Полацкі Богаяўленскі манастыр; Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр; Сафійскі мужчынскі; Гарадзецкі св. Міхаіла, якому ў 1583 належалі 10 вёсак (64 дымы) і 20 дымоў у горадзе; Лучанскі св. Мікалая, меў 6 вёсак (40 дымоў); Козьма-Дзям’янаўскі мужчынскі, знаходзіўся зар. Палата, спыніў існаванне ў час Лівонскай вайны 1558—83; Пятроўскі мужчынскі, знаходзіўся у замку, разбураны пры ўзяцці Полацка Стафанам Баторыем; Іаана Прадцечы, на в-ве Экіманскі на р.Зах Дзвіна, вядомы з 12 ст., адсюль паходзяць 2 Полацкія евангеллі, у 1583 манастыру належала 8 вёсак, 120 дымоў у Полацку, разбураны ў час Лівонскай вайны; Троіцкі мужчынскі зар. Палата, вядомы з 12 ст., адсюль паходзіць адно з Полацкіх евангелляў, спыніў існаванне ў Лівонскую вайну; Праабражэнскі Запалоцкі; св. Юрыя, у полі за горадам; Машонацкі Уваскрэсенскі, знаходзіўся ў Ніжнім Замку, яму належалі 3 вёскі і 5 дворышчаў у Пінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНХРО́ННЫ ЭЛЕКТРАРУХАВІ́К,
электрычная сінхронная машына, якая працуе ў рэжыме рухавіка. У С.э. магн. поле статара і ротар маюць аднолькавую частату вярчэння n, якая знаходзіцца ў строгіх суадносінах да частаты эл. току ƒ : n = 60ƒ/p, дзе p — колькасць пар полюсаў. Выкарыстоўваюцца ў прамысл. устаноўках, сістэмах аўтаматыкі, кінаапаратуры, быт. і інш. прыладах, якія патрабуюць пастаяннай вуглавой скорасці. Магутнасць ад долей вата да некалькіх дзесяткаў мегават.
У параўнанні з асінхронным электрарухавікам С.э. мае больш высокі магутнасці каэфіцыент і перагрузачную здольнасць. Аднак з-за неабходнасці сілкавання абмоткі ўзбуджэння ад генератара пастаяннага току ці статычнага ўзбуджальніка (іоннага, паўправадніковага выпрамніка), а таксама з-за асаблівасцей пуску (разгону да намінальнай вуглавой скорасці) часта не можа канкурыраваць з асінхронным рухавіком. Ротар С.э. малой магутнасці выконваецца ў выглядзе пастаяннага магніта, без абмоткі ўзбуджэння. Вял. ціхаходныя С.э. маюць яўнаполюсны ротар, высокаскарасныя — наяўнаполюсны. У С.э. малой магутнасці з-за адсутнасці абмоткі ўзбуджэння рэактыўны момант з’яўляецца асноўным, таму яны наз. рэактыўнымі. У пераўзбуджаным стане С.э. можа аддаваць рэактыўную энергію ў сетку — працаваць у рэжыме сінхроннага кампенсатара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РВІК (Narvik),
горад на Пн Нарвегіі. Каля 50 тыс.ж. (1997). Порт у глыбіні незамярзаючага Уфут-фіёрда (штогадовы знешнегандл. грузаабарот больш за 20 млн.т; больш за 90% — жал. руда); вываз руды са Швецыі, цэлюлозы і драўніны з Фінляндыі. Рыбалоўства. Суднарамонт.
Першапачаткова порт для вывазу руды, засн. англа-шведскай кампаніяй. З 1887 наз. Вікторыяхаўн, з 1898 — Н. З 1902 горад. Хутка развіваўся пасля буд-ва чыгункі (самая паўн. ў свеце). У 2-ю сусв. вайну ў час Нарвежскай аперацыі 1940 акупіраваны ням.-фаш. войскамі. 14—18.4.1940 у раёне Н. высадзіўся брыт., франц. і польскі дэсант, які авалодаў горадам; у сувязі з цяжкім становішчам на фронце ў Францыі 8 ліп. саюзныя войскі эвакуіраваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТЛЮ́РА (Сымон Васілевіч) (17.5.1879, г. Палтава, Украіна — 26.5.1926),
украінскі паліт., ваен. і дзярж. дзеяч. Вучыўся ў духоўнай семінарыі, адкуль выключаны за ўдзел у нац.-вызв. руху. Эмігрыраваў у г. Львоў (тады ў Аўстра-Венгрыі). З 1900 чл.Рэв.укр. партыі, потым Ўкр. с.-д. рабочай партыі. Пасля вяртання ў Рас. імперыю з 1904 працаваў у Кіеве (укр.газ. «Громадська думка» і «Рада», з 1906 рэдактар газ. «Слово»). У 1907 з-за праследаванняў паліцыі пераехаў у Пецярбург, потым у Маскву, дзе ўдзельнічаў ва ўкр. гуртках «Кабзар» і «Грамада». З 1912 рэдактар газ. «Українська жизнь». З 1914 у арміі, з 1915 старшыня Гал. кантрольнай камісіі Усерас. земскага саюза па Зах. фронце. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 кіраўнік Укр. франтавога к-та; чл., старшыня Усеўкр. вайсковага к-та пры Цэнтральнай радзе, потым сакратар (міністр) Ген. сакратарыята Цэнтр. рады па ваен. справах. У час гетманшчыны старшыня Кіеўскага губ. земства і Усеўкр. саюза земстваў. З 14.11.1918 чл.Украінскай дырэкторыі ўрада і гал. атаман войск Укр.нар. рэспублікі, з 10.11.1919 — старшыня ўрада. Пасля разгрому войск Дырэкторыі войскамі А.І.Дзянікіна і Чырв. Арміяй уступіў у саюз з Польшчай. Летам 1920 эмігрыраваў, з 1924 жыў у Парыжы, дзе забіты Ш.Шварцбардам, які помсціў яму заяўр. пагромы на Украіне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНЫ БАЛА́НС ЗЯМЛІ́,
суадносіны паміж прыходам вады, якая паступае на паверхню зямнога шара ў выглядзе ападкаў атмасферных, і расходам вады праз выпарэнне з паверхні сушы і Сусветнага ак.за пэўны прамежак часу. Разлічваецца паводле ўраўнення воднага балансу, у якім звязаны ўсе расходныя і прыходныя элементы ўсяго зямнога шара або асобных тэрыторый. Паводле сярэдніх шматгадовых характарыстык, водны баланс Зямлі за год складаецца з 577 тыс.км³атм. ападкаў у прыходнай частцы і такой жа велічыні выпарэння ў расходнай. Водны баланс сушы фарміруецца ў вобласці вонкавага сцёку, дзе прыход вады складаюць атм. ападкі (110 тыс.км³), мінус сцёк (47 тыс.км³), расход — выпарэнне (63 тыс.км³), і ў вобласці ўнутранага сцёку, дзе ападкі і выпарэнне складаюць па 9 тыс.км³. Водны баланс Сусветнага ак. мае ў прыходнай частцы 458 тыс.км³атм. ападкаў і 47 тыс.км³ рачнога сцёку, у расходнай — 505 тыс.км³ на выпарэнне. Водны баланс Зямлі — колькаснае выражэнне кругавароту вады на Зямлі — цесна звязаны зцеплавым балансам Зямлі і зонамі геаграфічнымі. Разлікамі элементаў воднага балансу рачных басейнаў, тэр. асобных краін, прыродных зон і інш. шырока карыстаюцца ў гідралогіі для вывучэння воднага рэжыму. Водны баланс тэр. Беларусі для прыродных умоў у сярэднім за год складаецца з прыходу вады — 146 км³атм. ападкаў, расходу — 110 км³ на выпарэнне і 36,4 км³ на сцёк. Пад уплывам меліярацыі выпарэнне за год знізілася на 2,4 км³, што прывяло да адпаведнага павелічэння сцёку рэк.
Літ.:
Мировой водный баланс и водные ресурсы земли. Л., 1974.
В.В.Дрозд.
Схема воднага балансу рачнога басейна: 1 — снегавое покрыва; 2 — глеба; 3 — горныя пароды; P — ападкі; S — паверхневы сцёк; U — падземны сцёк; R — рачны сцёк; W — валавое ўвільгатненне глебы; N — выпарэнне з глебы; T — транспірацыя; E — сумарнае выпарэнне; V — водаабмен з падземнымі водамі, якія ляжаць ніжэй за ўзровень дрэнажу ракі.