у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 26,2 тыс.км². Нас. 950 тыс.чал. (1997), гарадскога 59%. Сярэдняя шчыльнасць 36,3 чал. на 1 км². Жывуць мардва (групы эрзя і мокша, 32,5%), рускія (60,8%), татары (4,9%), украінцы (0,7%), беларусы (0,2%) і інш. Сталіца — г.Саранск. Найб. гарады: Рузаеўка, Кавылкіна, Краснаслабодск, Ардатаў.
Прырода. Размешчана на У Усходне-Еўрап. раўніны. На З Окска-Данская раўніна з акумулятыўнымі формамі рэльефу, на ПдУ Прыволжскае ўзв. (выш. да 322 м), парэзанае сеткай яроў і лагчын. Карысныя выкапні: мергель, фасфарыты, даламіты, вапнякі, мел, гліны, кварцавы пясок і інш. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -11 °C, ліп. 19 °C. Гадавая колькасць ападкаў 420—525 мм. Гал. рэкі: Мокша (з прытокамі Вад, Саціс, Сівінь, Іса) і Сура з прытокам Алатыр. Глебы чарназёмныя (на З ападзоленыя, на У вышчалачаныя), шэрыя лясныя, дзярнова-падзолістыя, па далінах рэк алювіяльныя і тарфяна-балотныя. Лясы займаюць 24% тэрыторыі (дуб, хвоя, бяроза, ліпа, асіна). На Пд стэпавыя ўчасткі, поўнасцю разараныя. З жывёл пашыраны воўк, лось, барсук, бабёр, мядзведзь, дзік, ліс, зайцы русак і бяляк, з птушак — цецярук, шэрая курапатка, глушэц. Мардоўскі запаведнік.
Гісторыя. Чалавек на тэр. М. вядомы з мезаліту (8—5-е тыс. да н.э.). У неаліце (5—3-е тыс. да н.э.) тут жылі плямёны волга-камскай і балахнінскай культур. У 1-м тыс.н.э. першабытна-абшчынны лад распадаўся, складвалася абшчына, узніклі этн. асаблівасці мардоўскіх плямён эрзя і мокша. Першая пісьмовая згадка пра плямёны з агульнай назвай мардва датуецца 6 ст. На мяжы 1—2-га тыс. пачалося фарміраванне феад. адносін. У 11—12 ст. мардва паступова ўключалася ў паліт. і эканам. жыццё Стараж. Русі, у пач. 13 ст. частка яе зямель уваходзіла ў склад Разанскага і Ніжагародскага княстваў. У выніку Мангольскіх заваяванняўб.ч. зямель М. ўвайшла ў склад Залатой Арды, а з 1348 — Казанскага ханства. Мардоўскія атрады ўдзельнічалі на баку рус. войск у Кулікоўскай бітве 1380. Пасля ліквідацыі Казанскага ханства (1552) мардоўскія плямёны прызналі ўладу рас. цара. Вялікадзярж. палітыка царызму выяўлялася ў прымусовым увядзенні праваслаўя. З 17 ст. буйным цэнтрам рамяства і гандлю становіцца г. Саранск (засн. ў 1641). Насельніцтва М. ўдзельнічала ў сял. войнах пад кіраўніцтвам С.Разіна (1670—71) і Е.Пугачова (1773—75). З 1796 тэр. М. ўваходзіла пераважна ў склад Пензенскай, Тамбоўскай і Сімбірскай губерняў. У вайну 1812 каля 50 тыс.чал. з ліку насельніцтва М. былі залічаны ў апалчэнне, Саранскі і Інсарскі палкі ўдзельнічалі ў замежных паходах рас. арміі 1813—14. У выніку рэформы 1861 сяляне страцілі лепшыя ворныя землі, беззямельныя сяляне масава перасяляліся ў Сібір і Казахстан. У 1890-я г. праз тэр. М. пракладзены чыгункі, але край заставаўся пераважна аграрным са слаба развітой прам-сцю. У рэвалюцыю 1905—07 на станцыі Рузаеўка ў снеж. 1905 адбылося паўстанне чыг. рабочых і існавала «Рузаеўская рэспубліка». Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 у М. ўзніклі Саветы. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 улада да вясны 1918 належала меншавікам і эсэрам, потым перайшла да бальшавікоў. З-за вял. рассейвання мардвы нац.-дзярж. будаўніцтва ў М. зацягнулася.
У 1928 у складзе Сярэдняволжскай вобл. РСФСР вылучана Мардоўская нац. акруга, якая 10.1.1930 пераўтворана ў Мардоўскую аўт.вобл., а 20.12.1934 — у Мардоўскую Аўт.Сав.Сацыяліст. Рэспубліку. На тэр. М. з 1930-х г. існавалі лагеры прымусовай працы. Шмат мардвы пражывала па-за межамі М. (агульная колькасць у 1979 у СССР 1154 тыс.). У снеж. 1990 Вярх. Савет М. прыняў дэкларацыю аб дзярж.-прававым суверэнітэце рэспублікі ў складзе Расіі. У 1991 уведзена пасада прэзідэнта. 31.3.1992 М. разам з інш. рэспублікамі падпісала федэратыўны дагавор з Расіяй. З 1994 афіц. назва — Рэспубліка Мардовія.
Гаспадарка. Структура валавой прадукцыі прам-сці (%): машынабудаванне і металаапрацоўка — 39., электраэнергетыка — 14, харчовая — 18, хімічная — 8, буд. матэрыялаў — 8 і інш.Маш.-буд. прадпрыемствы вырабляюць электралямпы (291 млн.шт., 50% ад аб’ёму вытв-сці Расіі, 1996), электравакуумныя прыборы, электрабранякабель, экскаватары, трактарныя прычэпы, грузавыя вагоны, веласіпеды, электрасокавыціскалкі, металаапр. інструмент, хім. і мед. абсталяванне. Металаапрацоўка прадстаўлена вытв-сцю вузлоў і дэталей для аўтамаб. прам-сці (Саранск, Рузаеўка, Кавылкіна, Ардатаў, Ацяшава).
Вытв-сць электраэнергіі пераважна на ЦЭЦ. Хім. (вытв-сцьсінт. смол, гумава-тэхн. вырабаў) і мед. (лек. прэпараты, мікрабіял. кармавыя бялкі) прам-сць у Саранску, Рузаеўцы. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент — 873 тыс.т, шыфер, цэгла, сілікатныя і азбестацэментавыя блокі) у Чамзінцы, Цемнікаве, Кавылкіне, Камсамольскім і інш. Прадпрыемствы лёгкай прам-сці ў Рузаеўцы, Інсары, Краснаслабодску, Саранску і інш. Развіта харч.прам-сць (масларобная, мясная, цукр., мукамольная, кансервавая). Лесапілаванне і вытв-сць мэблі (Саранск, Кемля), дрэваапр. (Кавылкіна, Ардатаў, Зубава Паляна), папяровая (Цемнікаў) прам-сць. Пашыраны саматужныя промыслы (вышыўка, разьба па дрэве, метал. ўпрыгожанні). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжа і малочна-мясной жывёлагадоўлі. С.-г. ўгоддзі займаюць 1670 тыс.га, у т. л. ворныя землі 1235 тыс.га. Доля раслінаводства ў валавой с.-г. прадукцыі 39%, жывёлагадоўлі 61%. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, жыта, ячмень, грэчка), тэхн. (цукр. буракі, сланечнік, махорка, каноплі) і кармавыя культуры. М. — буйны вытворца бульбы і пастаўшчык яе ў суседнія вобласці. Агародніцтва. Садоўніцтва. Збор (тыс.т, 1997) збожжа — 474,8, бульбы — 584,9, агародніны — 71,1. Пагалоўе (тыс. галоў, 1998) буйн. раг. жывёлы 382,7, свіней 168,8, авечак і коз 102,4. Птушкагадоўля. Пчалярства. Вытв-сць (1997) малака — 461,7 тыс.т, мяса — 59,8 тыс.т, яец — 244,9 млн.шт. Развіты чыг. і аўтамаб. транспарт. Даўж. чыгунак 543 км. Тэрыторыю М. з 3 на У перасякае электрыфікаваная чыгунка Масква—Самара, з Пн на Пд — Ніжні Ноўгарад—Пенза, на У Красны Вузел—Казань. Даўж. аўтадарог 6,6 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 5,6 тыс.км (1997). М. звязана аўтадарогамі з Масквой, Ноўгарадам, Ульянаўскам, Пензай. Аэрапорт у г. Саранск. Рэспубліка пастаўляе ў інш. раёны Расіі і за мяжу прадукцыю машынабудавання, цэмент, шыфер, мед. прэпараты, цукар, бульбу; завозіць паліва, металы, лес, тавары лёгкай і харч. прам-сці.
Літаратура. М. развіваецца на макшанскай і эрзянскай мовах. Першыя творы мардоўскіх пісьменнікаў (З.Дарафееў, Ф.Завалішын) апублікаваны ў 1912 на рус. мове. У 1920-я г. — перыяд станаўлення розных жанраў: верша, апавядання, нарыса, драмы і інш. (творы М.Безбародава, Ф.Бяздольнага, А.Дарагойчанкі, Дз.Марскога, Ф.Часнакова і інш.). Выйшлі калектыўныя зб-кі «Светлы шлях» (1928, на макшанскай мове) і «Першыя іскры» (1929, на эрзянскай мове). У 1930—40-я г. важную ролю ў развіцці нац. паэзіі адыгралі Безбародаў (паэмы «Казка-быль», 1930; «За волю», 1935), Я.Грыгошын (зб-кі «Песні новай вёскі», 1931; «Новая сіла», 1933; «Па калгасных палях», 1934), А.Мора (зб-кі «Гул грому», 1931; «Шырэй дарогу», 1932; «Мой шлях», 1934), Н.Эркай (зб. «Зямля абнавілася», 1932), П.Кірылаў (гіст. драма «Літова», 1940, лібрэта першай муз. драмы Л.Кірукова); у прозе вызначаліся Ц.Раптанаў (раман «Пад Чыхан-гарой», 1934), В.Каламасаў (аповесць «Яхім Лаўгінаў», 1936), А.Куторкін (раман «Чорны слуп», 1934), П.Ляўчаеў (зб-кі «Злосць», 1935; «Апавяданні», 1936); у драматургіі — К.Пятрова, Каламасаў і інш. Пачала развівацца дзіцячая л-ра. Вядучы жанр паэзіі Вял.Айч. вайны — верш. У пасляваен. перыяд пашырыліся абсягі прозы і паэзіі, развіваліся літ. крытыка і літ.-знаўства. Асэнсаванне гісторыі і сучаснасці — тэмы раманаў Ц.Кірдзяшкіна «Шырокая Мокша» (1953), І.Антонава «У сям’і адзінай» (1954), А.Лук’янава «Светлы шлях» (т. 1—2, 1955—58), К.Абрамава «Найман» (1957—64), М.Бябана «Вясеннія птушкі» (1959), Куторкіна «Яблыня каля гасцінца» (вершаваны, 1958), С.Ларыёнава, М.Кяшкіна, М.Сайгіна; у паэзіі — Эркая, С.Вячканава, І.Дзевіна і інш.Л-ра сучаснай М. адметная надзённасцю тэматыкі і праблематыкі, шматжанравасцю і маштабнасцю: п’есы Антонава, Каламасава, Г.Мяркушкіна, раманы Абрамава, вершаваныя аповесці Ф.Ацяніна, А.Мартынава, Моры, паэмы Вячканава, Дзевіна, А.Малькіна, П.Таропкіна, А.Цяпаева і інш. У 1934 створаны Саюз пісьменнікаў М. На бел. мову перакладзены асобныя творы Эркая, А.Косава (перакладчыкі М.Калачынскі, У.Скарынкін), на мардоўскую мову (эрзя мову) — верш Я.Купалы «А хто там ідзе?» (перакладчык І.Калінкін).
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. М. знойдзены багата арнаментаваны посуд эпохі бронзы. У эпоху ранняга жалеза паявіліся ўмацаваныя паселішчы (Ош-Пандо ў даліне р. Сура). У могільніках 9—11 ст. выяўлены бронзавыя нагрудныя ажурныя бляхі, падвескі з «качынымі лапкамі», засцежкі-«сюльгамо» з геам. і расл. узорам. Забудова старых паселішчаў гнездавая, з 18 ст. — вулічная. Дэталі сял. хат аздаблялі глухой, барэльефнай ці ажурнай (прапілаванай) разьбой, у якой спалучаліся геам. і расл. матывы, стылізаваныя выявы чалавека, звяроў і птушак. У 17 ст. як умацаваныя пункты ўзніклі гарады Саранск, Інсар, Краснаслабодск і інш., у 18—19 ст. у іх будавалі дамы і цэрквы на ўзор рускіх. Сярод помнікаў драўлянага дойлідства 19 ст. — пяцікупальная царква ў в. Жураўкіна, якая вызначаецца складанасцю арх. форм і багатым разным дэкорам. З пач. 20 ст. гарады забудоўваліся паводле генпланаў. Старая ч. Саранска рэканструявана, узведзены жылыя і грамадскія будынкі (Дом Саветаў, 1940, арх. І.А.Меерзон; Музей выяўл. мастацтва, 1976, арх. В.І.Барысаў). У станаўленні выяўл. мастацтва М. важную ролю адыгралі рус. мастакі К.А.Макараў (у 2-й чвэрці 19 ст. стварыў жывапісную школу ў Саранску) і Ф.В.Сычкоў. У пач. 20 ст. атрымалі вядомасць работы скульпт. С.Дз.Эрзі (Няфёдава). З 1970-х г. у галіне тэматычнай карціны працуюць В.А.Панкоў, А.А.Радыёнаў, І.І.Сядзельнікаў, В.Дз.Хрымаў, партрэта — У.Дз.Ілюхін, Я.А.Наздрын, пейзажа — В.А.Бядноў, А.А.Мухін, В.А.Петрашоў, скульптуры — М.М.Абухаў, графікі — А.І.Каровін, М.С.Макушкін, Л.С.Трамбачэўская-Шаніна. Традыц.нар. рамёствы — ювелірнае мастацтва, вышыўка (найб. пашырана), узорыстае ткацтва, шыццё бісерам, маст. апрацоўка дрэва, ліццё і інш. У 1935 засн. Саюз мастакоў М.
Музыка. Муз. фальклор М. мае развітыя формы вак. і інстр. музыкі. Найб.стараж.нар. песні — земляробчыя (калядкі, вяснянкі) і сямейна-абрадавыя, якія характарызуюцца вузкааб’ёмнай мелодыкай, унісоннай і гетэрафоннай формамі сумесных спеваў. Музыка М. адметная распеўнасцю, варыяцыйным развіццём, ладавай пераменнасцю, рысамі поліфанічнага складу. У эпічных і лірычных песнях пашырана шматгалоссе, развіты калектыўнае і сольнае выкананне, часта з суправаджэннем. Сярод нар. інструментаў: духавыя нюдзі (падвойны кларнет), фам (дуда), вяшкома (свістковая флейта), кевень тутушка (пустацелая свістулька); струнныя — гарзе (скрыпка), балалайка; ударныя — шавома (драўляны барабан), кальдэрма (бразготка), кальцаемат (разнавіднасць ксілафона), пайганят (званочкі), куцюфт (лыжкі); гармонік. Пашыраны інстр. ансамблі. На станаўленне прафес. культуры М. паўплывалі рас. музыканты В.Сярова, Б.Трошын, М.Душскі. Сярод прадстаўнікоў муз. культуры М.: заснавальнік прафес. кампазітарскай школы Л.Кірукоў (муз. драма «Літова», 1943; оперы «Несмяян і Ламзур», 1944; «Нармальня», 1962; хары, песні, інстр. п’есы і інш.), аўтар і выканаўца ўласных твораў на балалайцы Л.Воінаў, Г.Сураеў-Каралёў, Г.Удовін, Н.Кошалева, М.Міцін; дырыжор М.Фралоўскі; спевакі Р.Бяспалава, М.Антонава, А.Кулікова, В.Кіушкін, Дз.Ерамееў, І.Яўшаў і інш. У М. працуюць (1999): Т-рмуз. камедыі (з 1969), ансамбль песні і танца «Умарына», філармонія (з 1979), фалькл. ансамбль «Келу» (з 1963). Муз. вучылішча, муз. школы. У 1955 створана аб’яднанне кампазітараў Мардоўскай АССР, з 1982 Саюз кампазітараў М.
Тэатр. Вытокі нар.тэатр. мастацтва ў нар. абрадах і гульнях. З пач. 20 ст. ствараліся самадзейныя тэатр. калектывы. У пач. 1930-х г. узніклі калг.-саўгасныя тэатры. У 1930 у Саранску арганізавана Мардоўская муз.-драм. студыя, рэарганізаваная ў 1932 у Мардоўскі драм., у 1959 — муз.-драм., у 1969 — драм. т-р. Пад маст. кіраўніцтвам Маскоўскага Малога т-ра (1935—38) у ім пастаўлены п’есы А.Астроўскага, М.Гогаля і інш. З канца 1950 ставяцца творы мардоўскіх драматургаў, рус. і замежная класіка. З 1935 у Саранску працуе тэатр лялек. Сярод тэатр. дзеячаў А.Аржадзеева, В.Далгоў, Н.Іваноў, С.Калганаў, І.Кудзелькіна, Г.Мялехін і інш.
Літ.:
История мордовской советской литературы. Т. 1—2. Саранск, 1968—71;
Кирюшкин Б.Е. Мордовский советский роман. Саранск, 1965;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРКІНА́-ФАСО́ (Bourkina Faso),
дзяржава ў Зах. Афрыцы. Мяжуе на З і Пн з Малі, на У з Нігерам і Бенінам, на Пд з Кот-д’Івуарам, Ганай, Тога. Падзяляецца на 30 правінцый. Пл. 274,2 тыс.км². Нас. 10 млн.чал. (1994). Сталіца — г.Уагадугу. Афіц. мова французская. Нац. свята — Дзень рэвалюцыі (4 жн.).
Дзяржаўны лад. Буркіна-Фасо — дэмакр. рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1991 кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным галасаваннем тэрмінам на 7 гадоў. Заканадаўчую ўладу ажыццяўляе аднапалатны парламент (Асамблея нар. дэпутатаў), выканаўчую — урад на чале з прэм’ер-міністрам, прызначаным прэзідэнтам.
Прырода. Большая ч. паверхні — невысокае хвалістае плато Мосі (выш. 200—500 м), над якім уздымаюцца асобныя горы выш. да 750 м. Карысныя выкапні: марганцавыя, медныя, тытана-магнетытавыя, свінцовыя, нікелевыя руды, фасфарыты, баксіты, графіт, золата, алмазы. Клімат субэкватарыяльны, з рэзка выражаным сухім сезонам (з снеж. да сак.; дажджлівы сезон у жн.). Сярэднямесячныя т-ры паветра ад 24—26 °C да 30—35 °C. Ападкаў 500—1000 мм за год, на Пн 120—200 мм. Частыя моцныя засухі. Рэк мала, найб. значныя Чорная Вольта і Белая Вольта. На Пд пераважае тыповая і высакатраўная саванна, месцамі — участкі рэдкастойных саванных лясоў, хмызнякі; на Пн — паўпустыня. Пад лясамі каля 9% тэр. На мяжы з Бенінам і Нігерам міждзяржаўны нац. парк Дубль-В, ёсць рэзерваты.
Насельніцтва. Асн.ч. належыць да моўнай групы гур (цэнтр. бантоіднай), найб. народ мосі складае каля палавіны насельніцтва. Блізкія да яго народы лобі, мбуін, га, боба, грусі, гурма, сенуфа. Жывуць таксама народы групы мандэ (буса, сану, соніке, дыула), атлантычнай сям’і (фульбе). Паўн. раёны насяляюць сангаі і туарэгі. Еўрапейцаў (пераважна французаў) каля 5 тыс. Пераважаюць мясц.традыц. вераванні; мусульман (у асноўным на Пн) 25%, хрысціян-католікаў (на Пд і ў гарадах) 10%. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 36,5 чал. на 1 км². Шчыльна населены цэнтр. і паўд. раёны. На Пн рассяленне мае ачаговы характар (каля 3—4 чал. на 1 км²). У гарадах 15% насельніцтва. Найб. гарады Уагадугу, Боба-Дыўласа, Кудугу.
Гісторыя. Са старажытнасці ПнЗ і З сучаснай Буркіна-Фасо насялялі народы боба, сенуфа, гурунсі, лобі, дагары, марка і сама. На рубяжы 1—2-га тыс.н.э. ў бас. Вольты складалася этн. супольнасць мосі. У 11 ст. з’явіліся першыя племянныя дзяржавы мосі, у пач. 12 ст. — дзяржава роднаснага мосі народа гурма. Да 15 ст. царствы мосі (Уагадугу, Ятэнга) найб. магутныя ў Зах. Афрыцы. Дзяржавы мосі і інш. буркінійскіх народнасцей праіснавалі да канца 19 ст. У 1896—1904 тэр. Буркіна-Фасо заваявалі і далучылі (1904) да калоніі Верхні Сенегал—Нігер французы. У 1919 краіна пад назвай Верхняя Вольта атрымала статус калоніі ў складзе ген.-губернатарства Франц.Зах. Афрыка (ФЗА), у 1932 яе тэр. падзелена паміж суседнімі калоніямі Бераг Слановай Косці, Франц. Судан і Нігер. У 1947 калонія адноўлена ў старых межах як «заморская тэрыторыя» ў складзе Франц. саюза. У 1956 нададзена ўнутр. аўтаномія.
У кастр. 1958 абвешчана аўт. Рэспубліка Вольта (з 1959 наз. Верхняя Вольта). З 5.8.1960 — незалежная дзяржава. Пасля звяржэння ў 1966 аўтарытарнага ўрада першага прэзідэнта незалежнай краіны М.Ямеаго на чале ўлады змяніліся некалькі ваен. рэжымаў (перавароты 1980, 1982, 1983, 1987). Ваен. пераварот 1983 пад кіраўніцтвам капітана Т.Санкары (забіты ў 1987) вядомы як «Жнівеньская рэвалюцыя» — спроба рэв. метадамі спыніць карупцыю, пераадолець адсталасць краіны і інш. З 1984 краіна наз. Буркіна-Фасо («Зямля сумленных людзей»). Пераемнік Санкары капітан Б.Кампаарэ пасля выбараў 1991 зацверджаны прэзідэнтам дзяржавы. У 1992 адбыліся першыя ў Буркіна-Фасо свабодныя парламенцкія выбары. Дзейнічаюць Арг-цыя за нар. дэмакратыю — Рух працы, Рух прагрэс. дэмакратаў, Рух за сацыяліст. дэмакратыю, Афр.дэмакр. аб’яднанне, Альянс за дэмакратыю і федэрацыю, Буркінійскі рух за правы чалавека і народаў і інш. Буркіна-Фасо член ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства і інш.Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1992.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — прымітыўная сельская гаспадарка, дзе занята каля 85% самадз. насельніцтва. Ворныя землі складаюць каля 13% тэр. (пераважна на Пд і ў цэнтры). Важнейшыя с.-г. культуры — проса і сорга (штогадовы збор каля 1 млн.т), вырошчваюць кукурузу, рыс, ямс, маніёк, арахіс, бавоўну, цукр. трыснёг, алейныя культуры, сізаль. Жывёлагадоўля экстэнсіўная, адгонна-пашавая, мяснога кірунку, моцна церпіць ад засух і хвароб. Пагалоўе (1990, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы каля 4, авечак 4,9, козаў 6,4, свіней 0,5, птушкі 16,7. У прам-сці занята каля 1% самадз. насельніцтва, 2/3 кошту яе прыпадае на харч. і лёгкую. Ёсць асобныя дробныя і сярэднія прадпрыемствы для перапрацоўкі с.-г. прадукцыі: вытв-сць арахісавага алею, рысаачышчальныя з-ды, бойні, цукр.ф-ка, бавоўнаачышчальныя з-ды, прадпрыемствы для апрацоўкі валакна сізалю, лесапільні, мылаварныя, цагельныя з-ды, абутковая ф-ка, з-д шпалаў. Асн.прамысл. цэнтры — Уагадугу і Боба-Дыўласа. У г. Кудугу тэкст. камбінат. Арганізавана вытв-сць веласіпедаў, цыгарэт, абутку, прасцейшага с.-г. абсталявання (плугі, лемяшы і інш.). Здабываюць марганец, золата (каля 2,5—3 т штогод), ртуць, мармур. Рамёствы і саматужныя промыслы забяспечваюць асн. патрэбы насельніцтва ў таварах нар. спажывання. Развіты пераважна аўтамаб. транспарт. Даўж. аўтадарог каля 20 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём каля 1,5 тыс.км. Адзіная чыгунка Уагадугу — Абіджан (Кот-д’Івуар), агульная даўж. 1175 км, на тэр. Буркіна-Фасо 517 км. Ва Уагадугу і Боба-Дыўласа — аэрапорты. Экспарт: бавоўна (63%), жывёла, арахіс, марганец, вырабы рамеснікаў. Імпарт (машыны і абсталяванне, хімікаты, харч. прадукты) перавышае экспарт у 2 разы. Асн.гандл. партнёры Францыя і Кот-д’Івуар. Адной з крыніц даходаў краіны з’яўляюцца грашовыя пераводы грамадзян Буркіна-Фасо (каля 1—2 млн.чал.), якія працуюць за мяжой (пераважна на плантацыях у Кот-д’Івуар і Гане). Краіна штогод атрымлівае дапамогу ад Францыі і міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — афр. франк (франк КФА).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯ́КІ (саманазва паляцы),
нацыя, асн. насельніцтва Польшчы, 38,46 млн.чал. (1993). Жывуць таксама на Беларусі (417,7 тыс.чал.), Літве (258 тыс.чал.), Украіне (219,2 тыс.чал.), Расіі (94,6 тыс.чал.), Казахстане, Латвіі (па 60 тыс.чал.), ЗША (5,6 млн.чал.), Германіі (1,5 млн.чал.), Францыі (1 млн.чал.), Канадзе (400 тыс.чал.), Бразіліі (200 тыс.чал.), Чэхіі, Славакіі (па 40 тыс.чал.) і ў інш. краінах. Агульная колькасць больш за 49 млн.чал. Гавораць на польскай мове, вернікі — католікі, ёсць пратэстанты.
Польская народнасць складвалася ў 10—11 ст. ў перыяд фарміравання Польскай дзяржавы. Яе этнічную аснову склалі паляне, слянзане, вісляне, мазаўшане, памаране. У 11 ст. з’явіўся этнонім «П.». Як нацыя П. сфарміраваліся ў 18—19 ст. Побыт П. меў спецыфічныя рысы: больш, чым у беларусаў, пашыраны планіроўка жылля хата + сенцы + хата. Верхняе адзенне тыпу жупан, кунтуш, сурдут; шэры ці чорны колер.
Першыя пасяленні П. на Беларусі вядомы ў 12—13 ст. Узмацненне польскага ўплыву на Беларусі прыпадае на перыяд пасля Люблінскай уніі 1569, калі была створана федэратыўная дзяржава Рэч Паспалітая. Частка бел. насельніцтва, асабліва прадстаўнікі вышэйшых саслоўяў, прымаючы каталіцкую веру, мяняла сваю нац. прыналежнасць на польскую. Перасяленне на бел.землі груп П. з этнічных польскіх зямель не было масавым, бо Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 уводзіў абмежаванні для польскай шляхты на заняцце дзярж. пасад і надзяленне зямлёй у ВКЛ. Сваю этнічную спецыфіку захоўвалі групы мазурскіх перасяленцаў, т.зв.буднікаў. Многія дзярж. і культ. дзеячы ВКЛ 16—18 ст. былі П. (Кішкі, Кавячынскія, Гасеўскія, Патоцкія, С.Будны, Д.Ланчыцкі, А.Волан, Я.Ласіцкі, П.Скарга і інш.). З 17 ст.паланізацыябел. магнатаў і шляхты набыла вял. маштабы. Аж да пач. 20 ст. паланізаваную бел. шляхту прылічвалі да П. На Беларусі пашыралася польская культура. Паводле рашэння ўсеагульнай канфедэрацыі саслоўяў Рэчы Паспалітай у 1696 бел. мова забаронена для карыстання ў земскіх судах (карысталіся польскай і лац.). Польская мова панавала ў тэатры, на ёй выдавалі перыяд. выданні (з 18 ст.). Сяляне-католікі вызначалі сваю этнічную прыналежнасць як польскую. Узнік і ўздзейнічаў на працэс фарміравання польскай літ. мовы мясцовы дыялект, т.зв. пальшчызна крэсова (літ. дзейнасць А.Міцкевіча, Я.Баршчэўскага, Я.Чачота, Т.Зана, У.Сыракомлі, Я.Ходзькі, В.Каратынскага, Э.Ажэшкі і інш.). Многія мастакі, кампазітары, рэвалюцыянеры 18—19 ст., якія паходзілі з Беларусі, зрабілі вял. ўклад як у бел., так і польскую культуру і гісторыю: Т.Касцюшка, М.Клеафас Агінскі, В.Ваньковіч, С.Манюшка, Н.Орда, Я.Сухадольскі, В.Урублеўскі і інш. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. на Беларусі дзейнічалі аддзяленні шэрагу польскіх паліт. партый. У 1897 на Беларусі жыло больш за 324,2 тыс. П., найб. у Гродзенскай (161,7 тыс.) і найменш у Магілёўскай (17,5 тыс.) губ. Павелічэнне колькасці П. на Беларусі ў 1921—39 адбывалася пераважна на землях Заходняй Беларусі, дзе ва ўмовах сац. і нац. прыгнёту праводзілася палітыка акаталічвання і паланізацыі насельніцтва. Сюды з этнічных польскіх зямель перасяліліся групы асаднікаў, розныя катэгорыі рабочых і чыноўнікі (каля 300 тыс.чал.). Паводле перапісу 1926 у БССР было 97,5 тыс.чал. П. У 1921 ЦВКБССР дэкрэтам замацаваў за польскай мовай статус дзярж. разам з бел., рус. і яўрэйскай. У 1920-я г. пры ЦККП(б)Б існавала Польбюро, якое курыравала парт. работу сярод П. Нізавыя польбюро былі ў Бабруйску, Бачэйкаве, Віцебску, Гомелі, Мазыры, Мінску, Рагачове, Рэчыцы і інш. У 1924 у БССР было 136 польскіх школ, 7 спец. польскіх дзіцячых дамоў. З 1922 у Мінску працавалі польскі пед. тэхнікум, польскае аддз.Бел.дзярж. вышэйшага пед. ін-та. На польскай мове выдаваліся газ.«Млот», «Orka» («Ворыва»), «Gwiazda Młodzieży» («Зорка моладзі»), «Pionier» («Піянер»), «Sztandar Wolności» («Сцяг свабоды»; усе ў Мінску). З 1927 існавала Польскае аддзяленне Бел. асацыяцыі пралет. пісьменнікаў. У 1929 у Мінску і Магілёве працавалі 2 нар. польскія суды. У 1929—37 у Мінску дзейнічаў Польскі дзярж. вандроўны тэатр, у 1932—37 — польскі сектар Усебел. к-та па радыёвяшчанні. У 1926 быў створаны 31 польскі нац. сельсавет. У 1932—37 на Койданаўшчыне існаваў Польскі нацыянальны раён з 10 нац. сельсаветаў. У 1937 нац.-культ. і нац.-дзярж. будаўніцтва П. у БССР было згорнута, усе адм.-тэр. адзінкі скасаваны. З уз’яднаннем Зах. Беларусі з БССР (вер. 1939) доля П. у рэспубліцы значна павялічылася. У 1939—41 дзейнічалі Дзяржаўны польскі тэатр БССР і Дзяржаўны польскі тэатр лялек БССР. У 1940 значная частка польскага насельніцтва Зах. Беларусі падверглася дэпартацыі. У Вял.Айч. вайну шмат П. удзельнічала ў партыз. руху Арміі Краёвай, частка з іх працягвала дзейнасць, асабліва пасля вайны, супраць сав. дзяржавы. У 1944—48 у рамках абмену насельніцтва паміж СССР і Польшчай з БССР у Польшчу перасялілася 274,2 тыс.чал., у т. л. пэўная колькасць беларусаў-католікаў, якія пры перасяленні падалі сваю нацыянальнасць як польскую. Мігранты з Беларусі былі паселены пераважна на зах. і паўн. землях Польшчы. У 1955—59 адбыўся 2-гі этап рэпатрыяцыі П. з зах. абласцей Беларусі і Украіны. У 1959, паводле перапісу, у БССР было 248,8 тыс. П. У 2-й пал. 1980-х г. пачалося адраджэнне культуры П. Беларусі. Створаны саюзы П. у Ашмянах, Баранавічах, Барысаве, Беразіне, Брэсце, Валожыне, Ваўкавыску, Вілейцы, Віцебску, Вішневе, Воранаве, Гродне, Дзяржынску, Івянцы, Клецку, Лагойску, Лідзе, Ляхавічах, Маладзечне, Мінску, Мядзеле, Навагрудку, Нясвіжы, Рубяжэвічах, Салігорску, Слуцку, Смалявічах, Смаргоні, Стоўбцах, Шчучыне і інш. Дзейнічаюць польскія школы ў Гродне, Ваўкавыску, Сапоцкіне, асобныя польскія класы ў Мінску, Клецку, Рубяжэвічах, Дзяржынску, нядзельныя школы ў Мінску і Нясвіжы. Працуюць польскія маст. калектывы. Выходзяць перыяд. выданні на польскай мове: газ.«Глос знад Немна» (з 1989), квартальны час.«Магазын польскі» (з 1992). З 1991 Гродзенскае абл. радыё і тэлебачанне вядуць штотыднёвыя перадачы на польскай мове. Створаны польскія грамадскія аб’яднанні: «Саюз палякаў на Беларусі» (1988), «Саюз палякаў на Міншчыне» (1994), «Польскае дэмакратычнае аб’яднанне» (1994) і інш. Наладжаны трывалыя сувязі П. Беларусі з Польшчай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЯ́НА (Guyana),
Кааператыўйая Рэспубліка Гаяна (Cooperative Republic of Guyana), дзяржава на ПнУПаўд. Амерыкі. На З мяжуе з Венесуэлай, на Пд — з Бразіліяй, на У — з Сурынамам, на Пн абмываецца Атлантычным ак. Падзяляецца на 10 раёнаў. Пл. 215 тыс.км². Нас. 834 тыс.чал. (1995). Сталіца — г.Джорджтаўн. Дзярж. мова — англійская. Нац. свята — Дзень Рэспублікі (23 лют.).
Дзяржаўны лад. Гаяна — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1980. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Нац. сходу, выканаўчая — Савету Міністраў, які ўзначальвае прэм’ер-міністр (першы віцэ-прэзідэнт).
Прырода. Паўн.ч. краіны займае шырокая забалочаная Гвіянская нізіна. На Пд адгор’і Гвіянскага пласкагор’я, найб.выш. на З — г. Рарайма (2772 м). Карысныя выкапні: баксіты, золата, алмазы. Знойдзены невял. радовішчы нафты, урану, храмітаў, марганцавых і жал. руд. Клімат субэкватарыяльны гарачы і вільготны. Сярэднямесячная т-ра паветра ў Джорджтаўне 26—28 °C, ападкаў 2230 мм за год. Рэкі мнагаводныя, з вял. колькасцю парогаў і вадаспадаў; найб. Эсекіба, Дэмерара, Бербіс, Карантэйн, 83% тэр. займаюць пастаянна вільготныя вечназялёныя лясы. На ПдЗ — саванны, на ўзбярэжжы — мангравыя зараснікі. Нац. парк Каетур.
Насельніцтва. Каля 51% інд. паходжання, 43 — негры і мулаты, 4% — індзейцы (ва ўнутр. раёнах). Ёсць групы англічан, партугальцаў, кітайцаў. Паводле веравызнання 57% — хрысціяне (значная ч. англікане), 33 — індуісты, 9% — мусульмане. Каля 90% насельніцтва сканцэнтравана на прыбярэжнай нізіне. У гарадах жыве 35% насельніцтва. Найбольшыя гарады: Джорджтаўн (200 тыс.ж., 1993), Нью-Амстэрдам, Макензі, Бартыка. 44,5% працаздольных занята ў прам-сці і гандлі, 33,8 — у сельскай гаспадарцы, 21,7% — у абслуговых галінах.
Гісторыя. Карэнныя жыхары Гаяны — індзейцы-аравакі. У 1499 гэту тэр. адкрыў ісп. мараплавец А. дэ Ахеда. Першыя паселішчы еўрапейцаў на р. Памярун засн. ў 1581 галандцамі. У канцы 16 — пач. 17 ст. на ўзбярэжжа высадзіліся англічане (у 1667 іх паселішча захапілі галандцы). У 1621 галандская Вест-Індская кампанія атрымала правы на кантроль над б.ч.тэр. Гаяны. У 1732 паселішчы Бербіс, у 1773 — Эсекіба і Дэмерара атрымалі статус нідэрландскіх калоній. У 1650 — пач. 19 ст. ў Гаяну пастаянна прывозілі неграў-рабоў з Афрыкі для працы на цукр. плантацыях і ў рудніках. У 1782 тэр. Гаяны адышла да Францыі, у 1783 — да Нідэрландаў. У 1803—14 калоніі Бербіс, Эсекіба і Дэмерара перайшлі да Вялікабрытаніі; у 1831 аб’яднаны ў адну калонію Брыт. Гвіяна. У 1834 адменена рабства. З 1838 сюды ўвозілі танную рабочую сілу з Індыі, з 1853 — з Кітая. У 1928 уведзена канстытуцыя, паводле якой створаны Заканад. савет. У 2-ю сусв. вайну ў Гаяну пачаў пранікаць амер. і канадскі капітал (распрацоўка пакладаў баксітаў), створана ваен. база ЗША (1940). Пасля вайны нац.-вызв. рух узначаліла Нар.прагрэс. партыя (НПП; засн. ў 1950). У 1953 брыг. ўлады ўвялі новую канстытуцыю, паводле якой мясц. насельніцтва атрымала права ўдзельнічаць у кіраванні краінай. Пасля перамогі на выбарах 1953 НПП яе лідэр Ч.Джаган узначаліў урад. У кастр. 1953 англ. ўрад увёў у калонію войскі, разагнаў яе ўрад і парламент і прыпыніў дзейнасць канстытуцыі. У 1955 створана партыя Нар.нац. кангрэс (ННК). На выбарах 1957 і 1961 зноў перамагла НПП (урадамі кіраваў Джаган). У снеж. 1964 адбыліся датэрміновыя выбары ў Нац. сход, створаны кааліцыйны ўрад на чале з Ф.Бернхемам. 26.5.1966 Брыт. Гвіяна абвешчана незалежнай дзяржавай (атрымала назву Гаяна). З 1970 Гаяна — парламенцкая рэспубліка. У 1972 урад Бернхема абвясціў курс на стварэнне «кааператыўнага сацыялізму», адначасова адбылося ўмацаванне аўтарытарнага кіравання ННК.
У 1980 у Гаяне ўстаноўлена прэзідэнцкая рэспубліка. Пасля смерці ў жн. 1985 прэзідэнта Бернхема (правіў з 1980) новы кіраўнік дзяржавы Х.Хойт звярнуўся за эканам. дапамогай да Міжнар. валютнага фонду, жорсткія патрабаванні якога выклікалі незадавальненне насельніцтва Гаяны і прывялі да забастоўкі (сак. 1989). На выбарах у 1992 перамагла НПП, прэзідэнтам стаў Джаган. Дзейнічаюць Нар. прагрэс, партыя, Нар.нац. кангрэс і інш. Гаяна — член ААН (з 1966), Арг-цыі амер. дзяржаў, Карыбскай супольнасці, Лац.-амер.эканам. сістэмы.
Гаспадарка. Гаяна — эканамічна адсталая краіна. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка, якая дае больш за 25% валавога ўнутр. прадукту. Развіта горназдабыўная прам-сць. Гаяна — адна з вядучых краін па здабычы баксітаў (штогод 1—1,5 млн.т), забяспечвае 90% сусв. вытв-сці кальцыніраваных баксітаў. Асн. радовішчы ў далінах рэк Дэмерара і Бербіс. Здабываюць золата (каля 500 кг штогод), тэхн. і ювелірныя алмазы (каля 10 тыс. каратаў штогод). Параўнальна развіты харч. (цукровыя і рысаачышчальныя з-ды), харчасмакавая (у т. л. тытунёвая), лесапільная і дрэваапр., тэкст., швейная, абутковая прам-сць. Штогод атрымліваюць цукру-сырцу каля 160—200 тыс.т, рому 150—170 тыс. гекталітраў. У Джорджтаўне працуюць ліцейны з-д, мукамольная ф-ка і з-д па кансерваванні крэветак. У г. Макензі гліназёмны з-д. Вытв-сць электраэнергіі 276 млн.кВт∙гадз (1992), пераважна на невял. ЦЭС. Ворныя землі займаюць 3% тэр. краіны, лугі і пашы — 6% (на ПдЗ). Земляробчыя раёны — акіянскае ўзбярэжжа і ніжнія ч. далін рэк Дэмерара і Бербіс. Гал.с.-г. культуры (збор тыс.т, 1993): цукр. трыснёг — 2600, рыс — 300, апельсіны — 15, бананы — 21, какосавыя арэхі — 48, агародніна — 12, а таксама кукуруза, кава, какава, маніёк, ямс, батат. На ПдЗ на ўчастку саваннаў уздоўж р. Рупунуні пашавая жывёлагадоўля. Гадуюць (1993, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлу — 160, свіней — 30, авечак — 130, коз — 79. Рыбалоўства і здабыча морапрадуктаў, гал. від прадукцыі — крэветкі. Нарыхтоўка каштоўных парод трапічнай драўніны. Транспарт пераважна аўтамаб. і ўнутр. водны. Аўтадарог 7665 км, з іх 550 км з цвёрдым пакрыццём, 5000 км гравійных. Асноўныя праходзяць па ўзбярэжжы, ад Джорджтаўна на Пд у Бразілію ідзе Трансгаянская шаша. Для суднаходства выкарыстоўваюцца ўчасткі рэк агульнай даўж. 6000 км. Чыгункі (187 км) вузкакалейныя, маюць дапаможнае значэнне. Знешнія сувязі ажыццяўляюцца пераважна марскім шляхам. Асн. парты Джорджтаўн і Нью-Амстэрдам (імпарт), Ліндэн і Эвертан (экспарт баксітаў і гліназёму). У краіне 53 аэрапорты і аэрадромы, у т. л.міжнар. аэрапорт каля Джорджтаўна. Гаяна экспартуе цукар, баксіты, гліназём, рыс, золата, крэветкі, драўніну, патаку і ром; імпартуе тавары нар. ўжытку, машыны і абсталяванне, харч. прадукты, паліва. Асн.гандл. партнёры: ЗША (25% экспарту, 40% імпарту), Вялікабрытанія (адпаведна 28 і 11%), Японія, Германія, Канада, краіны Лац. Амерыкі. Грашовая адзінка — гаянскі долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОВАСІБІ́РСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на ПдУЗах. Сібіры, у Расійскай Федэрацыі. Утворана 28.9.1937. Пл. 178,2 тыс.км². Нас. 2743 тыс.чал. (1997), гарадскога 74%. Цэнтр — г.Новасібірск. Найб. гарады: Бердск, Іскіцім, Куйбышаў, Барабінск, Татарск, Карасук. Займае паўд.-ўсх.ч.Зах.-Сіб. раўніны, паміж рэкамі Об і Іртыш. Большая ч. тэрыторыі — Барабінская нізіна, на Пн забалочаная Васюганская раўніна, на У адгор’і Салаірскага кража (выш. да 498 м). У цэнтр. і паўд. частках — рэльеф грывісты; «грывы» выш. 6—10 м, выцягнутыя з ПнУ на ПдЗ. Паніжэнні паміж імі заняты балотамі і азёрамі. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, каменны вугаль, золата, торф, буд. матэрыялы. Ёсць крыніцы мінер. вод. Клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -16 °C (на Пд) і -20 °C (на Пн), ліп. 18—20 °C. Ападкаў ад 250 мм на ПдЗ да 500 мм на Пн і У вобласці. Гал. рака — Об з прытокамі Бердзь і Іня, на ПнЗ прытокі Іртыша Ом і Тара. Рэкі Карасук, Чулым, Каргат і інш. ўпадаюць у бяссцёкавыя азёры. Больш за 3 тыс. азёр, найб. Чаны, Сартлан, Убінскае. Новасібірскае вадасховішча на р. 06. Шмат балот. Глебы падзолістыя, шэрыя лясныя, чарназёмныя. Лясы займаюць каля 11% тэрыторыі. На Пн — забалочаная тайга (піхта, елка, хвоя, кедр з дамешкамі бярозы, асіны), на У хваёва-бярозава-асінавыя лясы, на Пд — лесастэпы з бярозавымі колкамі. на ПдУ участкі стэпаў.
Вядучае месца ў прам-сці належыць машынабудаванню і металаапрацоўцы (вытв-сць станкоў, гідрапрэсаў, самалётаў, прылад радыёэлектронікі, сродкаў сувязі, у т. л. касмічных, энергет. машын і абсталявання, у т. л. для атамнай энергетыкі, с.-г. машын, абсталявання для тэкст. прам-сці і інш.). Развіты чорная і каляровая металургія, хім. і хіміка-фармацэўтычная, лясная і дрэваапр., лёгкая, харч.прам-сць. Па вытв-сці мяса, малака і кандытарскіх вырабаў Н.в. уваходзіць у лік вядучых рэгіёнаў Расіі. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Новасібірская ГЭС (на р. Об) і Барабінская ДРЭС (г. Куйбышаў). Н.в. — важны с.-г. раён Сібіры. С.-г. ўгоддзі займаюць 8,6 млн.га, у т. л. ворныя землі 4 млн.га. Пасевы збожжавых (пшаніца, жыта, ячмень, авёс) і зернебабовых культур пераважна ў паўд. раёнах. З тэхн. культур вырошчваюць лён і сланечнік, з кармавых — кукурузу і інш. Бульбаводства, агародніцтва. Малочна-мясная жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, коз, свіней, коней. Развіта птушкагадоўля. Пчалярства. Асн. значэнне мае чыг. транспарт (каля 90% грузаабароту). Даўж. чыгунак 1,5 тыс.км. Гал. чыгункі: участак Транссібірскай магістралі, Новасібірск—Кузбас, Новасібірск—Барнаул, Татарск—Карасук—Кулунда. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 11,6 тыс.км. Суднаходства па р. Об (497 км). Нафтаправод Башкірыя—Омск—Новасібірск—Іркуцк з адгалінаваннямі. Курорт Карачы.
Беларусы ў Новасібірскай вобласці. Масавыя міграцыі з Беларусі на тэр. сучаснай Н.в. адбываліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. Паводле перапісу 1911 у Каінскім пав. было 1113 гаспадарак беларусаў — выхадцаў з Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай губ. Перасяленцы з Магілёўшчыны і Міншчыны заснавалі ў 1906 в. Аляксандраўка (цяпер Балотнінскі р-н), якая ў 1916 налічвала больш за 100 двароў. У 1-ю сусв. вайну ў рэгіёне асела частка бел. бежанцаў, у 1917—18 у в. Казлоўка — стараверы з Мінскай губ. У 1920—30-я г. з Беларусі сюды дэпартавалі раскулачаных, рэпрэсіраваных і інш. Паводле перапісу 1926 у г. Новасібірск жыло 433, у Новасібірскай акрузе — 37 439, у Барабінскай — 26 270 беларусаў. Яны вырошчвалі лён на адваяваных у тайгі землях, займаліся рамёствамі, традыц.нар. творчасцю. Паводле перапісу 1939 у Н.в. жыло 41 713 беларусаў. Тут адбываў ссылку бел. пісьменнік Т.Лебяда. У Вял.Айч. вайну ў Новасібірск эвакуіравана 141 тыс. жыхароў Беларусі, у т. л. калектыў Дзяржаўнага яўрэйскага тэатра БССР. Пасля вайны ў Н.в. ехалі жыхары Беларусі па вярбоўцы, на новабудоўлі, па размеркаванні выпускнікі ВНУ. Паводле перапісу 1959 у Н.в. 11 684 беларусы (пераважна ў гарадах). На 1989 іх стала 13 137 чал.Бел. фальклор, маст. самадзейнасць, дэкар.-прыкладное мастацтва найб. захаваліся ў Кыштоўскім р-не, дзе сканцэнтравана да 30% нашчадкаў беларусаў-перасяленцаў. Іх побыт, адзенне, культ. спадчыну адлюстроўваюць і экспанаты краязнаўчых музеяў у с. Кыштоўка і г. Новасібірск. Узоры нац. фальклору беларусаў Новасібіршчыны, сабраныя ў час 4 комплексных навук. экспедыцый 1985—92, увайшлі ў працу, якую выдае Сіб. аддзяленне Рас.АН (г. Новасібірск). У 1994 у Новасібірску ўзнікла культ.-асв.т-ва «Беларусы Сібіры» (старшыня У.Галуза). Т-ва правяло сустрэчу прадстаўнікоў бел. арг-цый з Омска, Томска, Барнаула, Кемерава, Новакузнецка, Краснаярска (1995), ініцыіравала абласны фестываль бел. культуры, грамадскія скарынаўскія чытанні, шэраг выставак, у т. л. фотавыстаўку памяці вучонага В.А.Капцюга (усе 1997). У 1997 у Кыштоўцы праведзены раённы фестываль бел. культуры з удзелам фалькл. гуртоў і калектываў маст. самадзейнасці з вёсак Залівіна, Камышынка, Каўбаса, Круціха, Мяжоўка, Пахомава. У 1998 бел. ансамбль «Азарычы» (маст. кіраўнік Н.Шпурык) адзначаны залатым медалём Сіб. кірмашу за «чысціню традыцый і нац. культуру ў рукатворных касцюмах». З 1995 у новасібірскай б-цы імя А.Чэхава існуе аддзел бел. л-ры, з 1998 на абл. тэлебачанні дэманструецца бел. праграма, адкрыта спецыялізацыя «бел. мова і л-ра» на філал. ф-це Новасібірскага дзярж.пед. ун-та. З 1997 у Новасібірску створаны і асвячоны абраз св. Ефрасінні Полацкай, блаславёна буд-ваправасл. царквы ў гонар прападобнай Ефрасінні. Фінансаванне т-ва забяспечваюць М.Сулкоўскі (з 1997 узначальвае т-ва «Беларусы Сібіры», ён жа адзін з фундатараў праграмы Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» па стварэнні копіі крыжа св. Ефрасінні Полацкай) і інш. прадпрымальнікі бел. паходжання. У вер. 1997 зарэгістравана Грамадская арг-цыя новасібірскай рэгіянальнай нац.-культ. аўтаноміі беларусаў (прэзідэнт Галуза), якая ўваходзіць у нац.культ. аўтаномію «Беларусы Расіі» і Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына». Дэлегаты ад новасібірскіх беларусаў удзельнічалі ў працы Першага сходу беларусаў блізкага замежжа (1992), I і II з’ездаў беларусаў свету, нарадзе прадстаўнікоў замежных суполак (Мінск, 1995). Новасібірскія беларусы аказваюць дапамогу тым, хто пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС (напр., акадэмік А.Трафімук перадаў сваю Дзярж. прэмію Расіі на карысць бел. дзяцей-чарнобыльцаў, У.Драздоў ініцыіраваў стварэнне спец. фонду ўзаемадапамогі пацярпелым ад катастрофы на ЧАЭС). У 2000 у Новасібірску выдадзена сумесная праца вучоных ін-таў гісторыі Нац.АН Беларусі і Сіб. аддзялення Рас.АН — зб. «Беларусы ў Сібіры».
Літ.:
Фурсова Е.Ф. Традиционно-бытовые особенности культуры белорусов-переселенцев конца XIX — начала XX в. (по материалам этнографических экспедиций) // Белорусы в Сибири. Новосибирск, 2000;
Лыч Л.М. Национально-культурное строительство в БССР и белорусская диаспора Сибири (1920-е — первая половина 1930-х гг.) // Там жа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́БА-ВЕ́РДЭ (Cabo Verde),
Рэспубліка Каба-Вердэ (Repúblika de Cabo Verde), дзяржава на а-вах Зялёнага Мыса ў Атлантычным ак., за 500 км на З ад берагоў Зах. Афрыкі. Падзяляецца на 14 акруг. Пл. 4033 км²Нас. 394,8 тыс.чал. (1997). Сталіца — г.Прая на в-ве Сант’ягу. Афіц. мова — партугальская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (5 ліп.).
Дзяржаўны лад. К.-В. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае Нац. асамблея з ліку яе дэпутатаў на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — Нац. асамблея (аднапалатны парламент) з 79 дэпутатаў, што выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае Нац. асамблея з яе складу па прапанове прэзідэнта.
Прырода. А-вы Зялёнага Мыса складаюцца з 2 груп — Наветраных (Барлавенту) і Падветраных (Сатавенту) і ўключаюць 15 астравоў. Найб. з іх (пл. ў км²): Сант’ягу — 991, Санту-Антан — 779, Баавішта — 620, Фогу — 476, Сан-Нікалау — 388, Маю — 269, Сан-Вісенты — 227, Сал — 216. Астравы складзены з вулканічных парод. Берагі пераважна стромкія і скалістыя, зручных гаваней мала (найб. значная — бухта Міндэлу на в-ве Сан-Вісенты). Рэльеф гарысты, са шматлікімі вулканічнымі конусамі, кратэрамі і кальдэрамі. Найвыш. пункт — дзеючы вулкан Фогу на в-ве Фогу (2829 м). Карысныя выкапні: каменная соль, гіпс і вулканічныя буд. матэрыялы. Клімат трапічны пасатны. Сярэднія месячныя т-ры паветра ад 22 °C (люты) да 27 °C (вер.—кастр.). Ападкаў 100—300 мм за год, пераважна са жн. да кастрычніка. Пастаянных рэк няма. Расліннасць у асноўным пустынная і паўпустынная. Пад горнымі лясамі каля 4 тыс.га. Вядуцца пасадкі лесу. Жывёльны свет бедны. Адсутнічаюць млекакормячыя, акрамя завезенай еўрапейцамі свойскай жывёлы, малпаў, пацукоў і інш. Шмат марскіх птушак. Мора багатае рыбай.
Насельніцтва. Большасць насельніцтва — кабавердцы — нашчадкі партуг. каланістаў і неграў-рабоў; пераважна мулаты. Есць выхадцы з Афрыкі (каля 30%) — прадстаўнікі народаў фульбе, балантэ і манджак. У гарадах невял. групы партугальцаў (каля 1%). Больш за 90% вернікаў — католікі, каля 2,5% — пратэстанты, ёсць прыхільнікі традыц.афр. культаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва каля 100 чал. на 1 км², на а-вах Сант’ягу і Сан-Вісенты больш за 200 чал. на 1 км. У гарадах жыве 56% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1991): Прая — 82,8, Міндэлу — 51,3. У сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве занята 80% насельніцтва. прам-сці і буд-ве — каля 10, абслуговых галінах — каля 10%.
Гісторыя. А-вы Зялёнага Мыса да з’яўлення тут еўрапейцаў былі бязлюдныя. Адкрыты, верагодна, у 1456 экспедыцыяй А.Кадамоста. У 1462 пачалося засяленне астравоў партугальцамі і прывезенымі імі пераважна з Сенегала неграмі-рабамі. У 1533 пасяленне Рыбейра-Грандзі атрымала статус горада. Тут размяшчалася рэзідэнцыя епіскапа, які прадстаўляў партуг. карону на астравах і афр. узбярэжжы ад Марока да Гвінеі. У 1564 астравы перайшлі пад кіраванне партуг. манархіі, на чале каралеўскай калан. адміністрацыі стаяў губернатар. У сярэдзіне 17 ст. (афіцыйна з 1770) адм. ц. калоніі стала Санта-Марыя (з 1858 наз. Прая). З 1650 тэр.партуг. Гвінеі адміністрацыйна падпарадкавана губернатару К.-В. У 1757 выключнае права на гандаль з К.-В. і Гвінейскім узбярэжжам перададзена на 20 гадоў «Кампаніі Пара і Мараньян» Жорсткая эксплуатацыя кампаніяй і засухі 1775—77 прывялі да масавай гібелі мясц. насельніцтва. Да 19 ст. астравы былі важным транзітным пунктам на шляху з Партугаліі ў Індыю і адным з гал. цэнтраў партуг. гандлю рабамі. У 1832—79 К.-В. аб’яднана з партуг. Гвінеяй у адзіную заморскую правінцыю. потым асобная калонія. У 1956 створана Афр. партыя незалежнасці Гвінеі і А-воў Каба-Вердэ (ПАІГК), якая ў 1963 узначаліла ўзбр. барацьбу супраць каланізатараў. У крас. 1974 Партугалія прызнала ПАІГК адзіным законным прадстаўніком насельніцтва К.-В. і ў ліст. падпісала з ёю пагадненне аб прадастаўленні К.-В. незалежнасці.
5.7.1975 абвешчана незалежная Рэспубліка К.-В. Прэзідэнтам краіны стаў А.М.Перэйра. Гал.паліт. сілай заставалася ПАІГК, якая ў 1981 разарвала адносіны з кіруючай партыяй у Гвінеі-Бісау (тая імкнулася да стварэння уніі абедзвюх дзяржаў), а пазней стварыла асобную Афр. партыю незалежнасці КВ., адзіную легальную партыю ў краіне. У 1980—90-я г. шматгадовая засуха прывяла да эканам. крызісу. У 1990 парламент ухваліў змены ў канстытуцыі, якія прадугледжвалі ўвядзенне ў краіне шматпартыйнай сістэмы. У 1991 адбыліся першыя свабодныя парламенцкія і прэзідэнцкія выбары, перамагла партыя Рух за дэмакратыю, прэзідэнтам выбраны падтрыманы ёю незалежны кандыдат А.Машкарэньяш Мантэйру. К.-В. — чл.ААН (з 1976), Арг-цыі афр. адзінства, Руху недалучэння. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў чэрв. 1992.
Гаспадарка. К.-В. — эканамічна адсталая, пераважна агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) 440 млн.дол. ЗША (1994); на 1 чал. ў год прыпадае 1040 дол. Доля ў ВУП: сельскай гаспадаркі — 18%, рыбалоўства — 7, прам-сці — 8, абслуговых галін — 67%. У дзярж. сектары ствараецца да 40% ВУП. Гал. галіна — сельская гаспадарка. З-за гарыстага рэльефу і неўрадлівых глеб вядзенне сельскай гаспадаркі магчыма на 12% тэрыторыі, земляробства — на 1,4% (каля 5600 га). С.-г.землі цярпяць ад недахопу вады. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі; ёсць кааператывы. На ўласныя патрэбы вырошчваюць кукурузу, фасолю, батат, цукр. трыснёг, маніёк, бульбу, агародніну. Экспартныя культуры: бананы (штогод 5—10 тыс.т), кава, тытунь, арахіс, клешчавіна, гарчыца. Вырошчваюць таксама апельсіны, фінікі і какосавыя арэхі. Пашавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў, 1990): буйн. раг. жывёлы — каля 13, свіней — каля 40, коз — каля 70, авечак — каля 3. Штогадовы ўлоў рыбы, амараў і крэветак каля 15—20 тыс.т. Прам-сць развіта слаба. На а-вах Сал, Баавішта і Маю здабыча каменнай солі (да 40 тыс.т у год), на в-ве Санту-Антан — пуцаланаў (цэм. сыравіна), гіпсу і кааліну. Вытв-сць электраэнергіі 40 млн.кВт∙гадз (1995) на дробных дызельных электрастанцыях. Будуюцца ўстаноўкі, якія выкарыстоўваюць энергію ветру і сонца. Асн. галіны апрацоўчай прам-сці: рамонт і буд-ва дробных суднаў (г. Міндэлу), вытв-сць адзення і абутку (ф-кі швейная ў Міндэлу, тэкст., швейная і абутковая ў Праі), мэблі (Прая). Харчасмакавая прам-сць уключае перапрацоўку рыбы і вытв-сць рыбных кансерваў, разнастайных харч. тавараў, у т. л. алею і мукі. Працуюць ліцейна-мех. майстэрні (Міндэлу), з-ды жалезабетонных і керамічных вырабаў, буд. матэрыялаў, прадпрыемствы па зборцы з імпартных дэталей эл.-быт. прылад і іх рамонце (Прая). Развіты саматужныя промыслы (ганчарны, пляценне кошыкаў, выраб сувеніраў). У г. Прая саматужна-маст. майстэрні. На астравах Сант’ягу і Сан-Вісенты невял. з-ды па апрасненні марской вады. У порце Міндэлу — бункераванне (забеспячэнне палівам і інш.) суднаў розных краін. Унутр. транспарт аўтамабільны. На астравах 3,2 тыс.км аўтадарог (у т. л. 0,8 тыс.км з цвёрдым пакрыццём), 10,5 тыс. легкавых аўтамабіляў, 5,5 тыс. грузавікоў і аўтобусаў. Сувязь паміж астравамі і з інш. краінамі ажыццяўляецца марскім транспартам і авіяцыяй. Гал. парты Прая і Міндэлу. На в-ве Сал міжнар. аэрапорт. Знешні гандаль мае адмоўны баланс. Штогадовы экспарт каля 5 млн.дол., імпарт каля 170 млн.дол. Краіна экспартуе соль, бананы, каву, тытунь, рыбныя кансервы, імпартуе прамысл. і харч. тавары. Гандаль пераважна з Партугаліяй (49% экспарту і 34% імпарту), Анголай, Нідэрландамі. Дадатковыя сродкі краіне прыносяць турызм, грашовыя пераводы эмігрантаў, дапамога міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — эскуда Каба-Вердэ.
Літ.:
Григорович А.А., Грибанов В.В. Кабо-Верде. М., 1988.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗАХСТА́Н (Казакстан),
Рэспубліка Казахстан (Казакстан Республикасы), дзяржава ў цэнтр.ч. Еўразіі. Мяжуе на 3, Пн і У з Рас. Федэрацыяй, на ПдУ з Кітаем, на Пд з Кыргызстанам, Узбекістанам і Туркменістанам. Падзяляецца на 19 абласцей. Пл. 2724,9 тыс.км². Нас. 15,9 млн.чал. (1997). Сталіца — г. Астана. Дзярж. мова — казахская. Нац. свята — Дзень Рэспублікі (16 снежня).
Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1995 кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 5 гадоў і ўзначальвае адзіную сістэму выканаўчай улады. Вышэйшы орган дзярж. улады — двухпалатны парламент, які складаецца з Сената (49 дэпутатаў) і ніжняй палаты (мажыліса, 67 дэпутатаў). Кабінет міністраў узначальвае прэм’ер-міністр. Мясц. кіраўніцтва ў абласцях ажыццяўляюць губернатары, прызначаныя прэзідэнтам. Вышэйшая суд. інстанцыя — Вярх. Суд, ніжэйшыя суд. звенні — абласныя і мясц. суды.
Прырода. Большая ч. К. — слаба расчлянёная раўніна з выш. да 300 м (73 тэрыторыі) і 300—500 м (72 тэрыторыі). На Зп-аў Мангышлак (упадзіна Карагіе, 132 м ніжэй узр. м.) і Прыкаспійская нізіна, якая на ПнУ пераходзіць ва Урала-Эмбінскае плато і горы Мугаджары. На Пнпаўд. ўскраіна Заходне-Сіб. раўніны. Праз Тургайскую лагчыну яна злучаецца з Туранскай нізінай, занятай пустыняй Кызылкум. У цэнтры К. знаходзіцца Казахскі драбнасопачнік з асобнымі горнымі масівамі (Кызылтас, Каркаралы, Улутау) з выш. 1000—1500 м. На ПдЗ ён пераходзіць у павышаную плоскую раўніну пустынь Бетпак-Дала і Муюнкум. На паўд.-ўсх. і ўсх. ускраінах узвышаюцца горныя сістэмы Цянь-Шаня, Джунгарскага Алатау, Тарбагатая і Алтая. Паўд.-ўсх.ч. тэрыторыі характарызуецца павышанай сейсмічнасцю. К. багаты карыснымі выкапнямі: каля 30% сусв. разведаных запасаў хрому, 25% урану і марганцу, 19% свінцу і інш.Асн. радовішчы: нафты (Тэнгіз, Каражанбас, Мёртвы Култук), нафтагазавыя (Узень, Карачаганакскае), каменнага і бурага вугалю (Карагандзінскі, Экібастузскі, Тургайскі, Майкубенскі бас.), медзі (Джэзказганскае, Базшакольскае), поліметалічных руд (Ачысай, Рудны Алтай, Тэкелі), золата (Аўэзаў), жал. руд (Сакалоўска-Сарбайскае, Атасуйскае), храмітаў (Храмтау), фасфарытаў (Каратау), азбесту (Джэтыгара), барытаў (Індэрскае), алюмінію (Тургайскае). Вял. запасы сыравіны для вытв-сці буд. матэрыялаў, кухоннай солі. Клімат К. рэзка кантынентальны. Зіма на Пн і ў цэнтр. раёнах суровая з моцнымі маразамі і вятрамі, на Пд больш мяккая, лета гарачае. Сярэдняя т-растудз. ад -18,7 °C на Пн да -3 °C на Пд, ліп. адпаведна 18,8 °C і 26,3 °C. Колькасць ападкаў змяншаецца з 390 мм на Пн да 300 мм у цэнтры і 100 мм на Пд; у гарах павялічваецца да 900—1600 мм. Больш за 2700 ледавікоў, агульная пл. зледзянення каля 2000 км². Рачная сетка развіта слаба, месцамі ў зах. і цэнтр. раёнах пастаянныя вадатокі адсутнічаюць. Гал. рэкі: Іртыш з прытокамі Бухтарма, Ішым і Табол; Сырдар’я, Урал, Ілі, Эмба належаць да вял. бяссцёкавых бас. Каспійскага і Аральскага мораў; Чу, Сарысу, Нура, Тургай і інш. разбіраюцца на арашэнне або знікаюць у пясках. Сістэма вадасховішчаў (Чардарынскае, Бухтармінскае, Капчагайскае і інш.) і арашальных каналаў (Іртыш — Караганда). Азёр каля 48 тыс. Найбуйнейшыя — Балхаш, Алаколь, Зайсан, Тэнгіз, Маркаколь. Большасць азёр саленаватыя і салёныя. Глебы ў паўн.ч. чарназёмныя (9,5% тэр. краіны), у цэнтры пераважаюць каштанавыя (34%), у паўн.ч. пустыннай зоны і паўд. паўпустыннай масівы бурых і шэра-бурых (44%) глеб. Для пустынных раёнаў характэрны пясчаныя і такырападобныя глебы, трапляюцца лугавыя, алювіяльныя, у гарах — горна-лясныя, горналугавыя і горна-тундравыя глебы. Расліннасць стэпаў разнатраўна-злакавая з кавылём і ціпчаком, трапляюцца асінава-бярозавыя колкі. Пераважаюць паўпустынныя палынова-злакавыя і пустынныя палынова-салянкавыя групоўкі раслін. Пад лесам каля 13 млн.га, пераважна саксаульнікі. У гарах вышынная пояснасць. У адгор’ях сухія стэпы, у сярэднягор’ях — хваёвыя лясы, вышэй субальпійскія і альпійскія лугі. Жывёльны свет налічвае 155 відаў млекакормячых, 480 — птушак, 49 — паўзуноў, каля 150 відаў рыб. З млекакормячых пашыраны грызуны: вял. суслік, хамяк, палёўкі, тушканчыкі, пясчанкі; з капытных — лось, сайгак, джэйран, у гарах — марал, горны казёл, архар, кабан, казуля; з драпежнікаў — воўк, чырвоны ліс, гарнастай, стэпавы тхор, ліс-карсак; з паўзуноў — яшчаркі, стэпавы ўдаў, гадзюка, шчытаморднік. Шмат птушак: шэрая гусь, стэпавы арол, чаплі, бакланы і інш. Каспійскае м. багатае каштоўнай рыбай (бялуга, асетр, сяўруга і інш.). На тэр. К. — Алмацінскі, Аксу-Джабаглы, Барсакельмес, Наўрзумскі, Кургальджынскі, Усцюрцкі, Маркакольскі запаведнікі і прыродны нац. парк Баянаульскі.
Насельніцтва. Большасць насельніцтва — казахі (50,6%) і рускія (32,2%). Нац. меншасці: украінцы (4,5%), немцы (1,9%), узбекі (2%), татары (1,8%), беларусы (каля 1%) і інш. У апошнія гады адзначаецца эміграцыя насельніцтва ў Расію і ФРГ. Пануючыя рэлігіі — іслам (47%) і хрысціянства (44%). Сярэдняя шчыльнасць 5,8 чал. на 1 км² (1996). Найб. шчыльна заселены с.-г. раёны Пн і арашальныя земліПдУ. Гар. насельніцтва 56%. Буйныя гарады (1995, тыс.чал.): Алматы (1200), Караганда (608,6), Чымкент (438,8), Сяміпалацінск (344,7), Усць-Каменагорск (333), Паўладар (331), Джамбул (312), Астана (277), Акцюбінск (266,6), Кустанай (233,9).
Гісторыя. Тэр. К. заселена чалавекам з эпохі палеаліту. У 1-м тыс. да н.э. большасць мясц. стэпавых плямён перайшла да качавой жывёлагадоўлі. Тагачаснае насельніцтва ў «Авесце» названа турамі, у стараж.-грэч. крыніцах, у т. л. ў «Гісторыі» Герадота — скіфамі, масагетамі, у стараж.-перс. тэкстах — сакамі. У 1-м тыс. да н.э. сакі засялялі тэр. ад сучасных Сямірэчча і ўсх. Туркестана да Прычарнамор’я і ад Алтайскіх гор да Харэзма. У 8—7 ст. да н.э. яны кантактавалі з Асірыяй і Мідыяй, з 6 ст. да н.э. і з Ахеменідаў дзяржавай. Сакі мелі даволі развітую для тых часоў культуру. Пры раскопках іх кургана Ісык у перадгор’і Заілійскага Алатау знойдзена пахаванне т.зв. «залатога чалавека» (5 ст. да н.э.). Сакі ваявалі на баку персаў супраць грэкаў у Марафонскай бітве (490 да н.э.). У 3 ст. да н.э. ў Сямірэччы склаліся плем. саюзы усуняў, у раёне Каратау і Сырдар’і — кангюй, паміж Аральскім і Каспійскім морамі — аланаў. У 1 ст.н.э. кангюй стварылі буйную дзяржаву на тэр. ад усх. Туркестана да Прыаралля (гл.Кангюй). Пазней тэр. ад Ціхага ак. да Каспійскага м. і нават частку Цэнтр. Еўропы займалі гуны. У час вялікага перасялення народаў цюркскамоўныя гуны прасунуліся з Цэнтр. Азіі на З Еўропы. У 552 цюрк. правадыр Бумын прыняў тытул кагана і заснаваў Цюркскі каганат. які ў 603 распаўся на самастойныя Усх. і Зах. Цюркскія каганаты. У 704—756 у Сямірэччы існаваў Цюргешскі каганат, які вёў барацьбу з кітайцамі і арабамі. У 756—940 існаваў Карлукскі каганат (гл.Карлукі), у 9—11 ст. у зах. і паўд.-зах. раёнах К. — Агузскі каганат, які падтрымліваў сувязі з Руссю. У 8—11 ст.паўн.-ўсх. і цэнтр. раёны К. насялялі цюрк. плямёны кімакаў і кіпчакоў. У 11 ст. кіпчакі кантралявалі тэр. ад Іртыша да Волгі, яны заснавалі Кіпчакскае ханства (існавала да 1219) і падпарадкавалі плямёны агузаў у бас. сярэдняга і ніжняга цячэння Сырдар’і. Гэтыя земліўсх. гісторыкі называлі Дэшт-і-Кіпчак. (Кіпчакскі стэп). У 11—12 ст. кіпчакі — найб. шматлікія з усіх цюрк. народаў Цэнтр. Азіі і Усх. Еўропы. Яны стваралі і развівалі гарады (на Пд К. іх было 33, у Сямірэччы — 27), з’явіліся іх пісьменнасць і л-ра, развіваліся навукі (матэматыка, філасофія, астраномія). У 1219—21 тэр. К. заваявана манголамі і падзелена на ўлусы паміж сынамі Чынгісхана (стэпавая ч. ўвайшла ва ўлус Джучы, Пд і ПдУ — Чагатая, ПнУ — Угедэя). Пасля смерці Джучы ўлусам валодаў яго сын Батый, які ў 1243 заснаваў Залатую Арду. На тэр. К. ўзніклі таксама дзяржавы Белая Арда, Магалістан, Узбекскае ханства, Нагайская Арда і інш. У 1465 у міжрэччы Чу і Таласа заснавана Казахскае ханства. Пры хане Хакпазару [1538—80] да Каз. ханства далучаны землі да р. Жайык (Урал). Да сярэдзіны 16 ст. канчаткова сфарміравалася этн. тэрыторыя казахаў, на якой склаліся 3 каз жузы (арды) — Старэйшы, Сярэдні і Малодшы; завяршыўся працэс фарміравання каз. этнасу і ўмацавання яго дзяржаўнасці. Пры хане Тауке [1680—1718] распрацаваны збор законаў «Жэты Жаргы» («Сем устанаўленняў»), чым юрыдычна замацаваны нормы жыцця тагачаснага каз грамадства. З 1630-х г.міжнар. становішча Каз. ханства пагоршылася. У 17—18 ст. пачасціліся ўварванні на тэр. К. землі выклікала ўздым іх нац.-вызв руху. Паўстанні пад кіраўніцтвам Срыма Датава (1783—97), хана Кенесары Касымава (1837—47) і паўстанне 1916 задушаны рас. войскамі. У пач. 20 ст.нац.-вызв. рух казахаў узначальвалі А.Букейханаў, А.Байтурсынаў, М.Чакаеў, Х.Дасмухамедаў, Б.Каратаеў, М.Дулатаў, Амангельды Іманаў і інш. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 камісарамі рас. Часовага ўрада ў К. сталі Букейханаў, М.Тынышпаеў. На 1-м Усеказ. з’ездзе 21—28.7.1917 створана каз.паліт. партыя «Алаш». На 2-м Усеказ. з’ездзе (5—13.12.1917, Арэнбург) прынята рашэнне ўтварыць тэр.-нац. аўтаномію каз. абласцей і сфарміраваць урад — часовы нар. савет «Алаш-Арда» на чале з лідэрам партыі «Алаш» Букейханавым. Пасля Кастр. рэвалюцыі ўрад «Алаш-Арда» распушчаны. У грамадз. вайну 1918—22 большую частку К. захапілі белагвардзейцы, да лета 1920 К. заняла Чырв. Армія і тут устаноўлена сав. ўлада.
26.8.1920 утворана Кірг. (з 1925 Каз.) АССР у складзе РСФСР. Пачаліся канфіскацыя гаспадарак буйных баяў, арышты дзеячаў «Алаш-Арды». У час К. стаў адной з жытніц СССР. Сюды мігрыравала каля 1,5 млн.чал., у т. л. і выхадцы з Беларусі. Тэр. К. была адным з ядзерных палігонаў СССР. У 1955 тут засн. касмадром Байканур. З сярэдзіны 1980-х г. у К. абвастрыліся эканам. і міжнац. праблемы, што выклікала масавыя хваляванні моладзі ў Алма-Аце (снеж. 1986), г. Новы Узень (чэрв. 1989), якія былі разагнаны ваен. сілай. 25.10.1990 Вярх. Савет К. прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце. 1.12.1991 на ўсенар. выбарах першым прэзідэнтам К. абвешчаны Н.А.Назарбаеў (у выніку рэферэндуму 29 4.1995 тэрмін яго паўнамоцтваў прадоўжаны да 2000). 10.12.1991 Каз. ССР перайменавана ў Рэспубліку Казахстан. 16.12.1991 прыняты Закон «Аб дзярж незалежнасці Рэспублікі Казахстан», 21.12.1991 К. далучыўся да СНД. 30.8.1995 прынята Канстытуцыя, паводле якой К. абвешчаны дэмакратычнай, свецкай, унітарнай дзяржавай. У снеж.зах.-манг. плямён джунгараў (айратаў), пачаўся перыяд «вял. бедстваў» казахаў. Казахі Малодшага жуза апынуліся ў акружэнні падданых Расіі казакоў, калмыкаў і башкіраў, цярпелі ад набегаў хівінцаў. У гэтых умовах каз. хан Абулхайр звярнуўся да Расіі з просьбай аб пратэкцыі. 10.10.1731 ч. казахаў прыняла рас. падданства, у выніку чаго пачалося далучэнне тэр. К. да Расіі — будаваліся крэпасці і ўмацаваныя лініі, якія служылі апорнымі пунктамі. Працэс асваення каз. стэпаў Рас. імперыяй завяршыўся ў 1860-я г.: у 1863 рас. войскі занялі Сазак, у 1864 — Аўліе-Ату (цяпер Джамбул), Чымкент і інш. У выніку рас.адм.-тэр. рэформы было парушана тэр. адзінства К. Выцясненне казахаў з абжытых імі зямель на пустынныя і паўпустынныя калектывізацыі і планавага асядання качэўнікаў за межы рэспублікі эмігрыравала больш за 1 млн.чал. У 1930-я г. рэпрэсіі набылі масавы характар. У К. створаны канцэнтрацыйныя лагеры: Карагандзінскі асобага рэжыму (Карлаг), Акмолінскі жонак «здраднікаў радзімы» («Алжыр»), У 1930—40-я г.сав. ўладамі ў К. высланы карэйцы, курды, немцы і інш. У Вял.Айч. вайну К. стаў адной з тылавых апор фронту, у 1941—45 тут пабудавана 460 заводаў і фабрык, вытв-сць хлеба дасягнула 5,8 млн.т, мяса 743 тыс.т, вугалю 34 млн.т. У выніку асваення цалінных зямель (з 1954) 1995 на парламенцкіх выбарах перамаглі праўрадавыя партыі і рухі. К. — член ААН (з 1992), Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Паўн.Атл. савета супрацоўніцтва, «Саюза чатырох» у межах СНД (Беларусь, Расія, Казахстан, Кыргызстан), Цэнтральнаазіяцкага дагавора. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў вер. 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Саюз «Нар. адзінства Казахстана», Сацыяліст. партыя К., Нац.-дэмакр. партыя К. «Жэлтаксан», Партыя нац. незалежнасці К. «Алаш», Нар. кангрэс К. і інш.
Гаспадарка. К. — індустрыяльна-агр. дзяржава. Доля ў валавым унутр. прадукце: прам-сці 21,8%, сельскай гаспадаркі 11,4, гандлю 18,4, транспарту 9,5, будаўніцтва 7, падаткаў 8,5, інш. 23,4%. Працаздольнае насельніцтва занята ў прам-сці (22%), сельскай гаспадарцы (22%), абслуговых галінах. Пашырана здабыўная прамысловасць. На сыравіну і матэрыялы з яе прыпадае каля 70% кошту экспарту. У паліўнаэнергет. рэсурсах пераважаюць каменны і буры вугаль (у 1996 здабыта 76,6 млн.т; Карагандзінскі, Экібастузскі і інш. басейны). Здабыча нафты і газавага кандэнсату (23 млн.т), прыроднага газу (6,4 млрд.м³; п-аў Мангышлак, Эмбінскі р-н), уранавых руд (2,8 тыс.т, 4-е месца ў свеце), медзі, свінцова-цынкавых руд, золата, жал. руд (13,2 млн.т), храмітаў, фасфарытаў. Вытв-сць электраэнергіі 58,7 млрд.кВтгадз (1996), пераважна на ЦЭС (Алматы, Караганда, Петрапаўлаўск, Джамбул, Чымкент, Паўладар, Экібастуз і інш.). Шэраг ГЭС (Бухтармінская, Усць-Каменагорская, Капчагайская). Чорная металургія прадстаўлена камбінатам поўнага цыкла (Тэміртау), заводамі ферасплаваў (Ярмак, Акцюбінск). Выплаўляецца 5,8 млн.т сталі, 2,5 млн.т чыгуну, 2,4 млн.т пракату (1996). У каляровай металургіі вылучаюцца вытв-сці: медзеплавільная (Балхаш, Джэзказган), свінцова-цынкавая (Усць-Каменагорск, Чымкент), алюмініевая (Паўладар), выплаўка тытану і магнію. Канцэнтраты на прадпрыемствы каляровай металургіі пастаўляюць Жайрэмскі, Ачысайскі, Тэкелінскі, Джэзказганскі і інш. горнаўзбагачальныя камбінаты. Машынабудаванне прадстаўлена прадпрыемствамі па выпуску трактароў (2465 шт., Паўладар), машын для буд. арашальных сістэм (Уральск, Астана), вытв-сці кармоў (Акцюбінск). Развіты электратэхніка і станкабудаванне (Алматы), вытв-сць горна-шахтавага абсталявання (Усць-Каменагорск, Караганда), экскаватараў (Кентау), газавай апаратуры (Астана), малалітражных рухавікоў (Петрапаўлаўск). Хім.прам-сць выкарыстоўвае прыродную сыравіну і адходы чорнай і каляровай металургіі. З-ды па вытв-сці фосфарных (Джамбул) і азотных (Караганда) угнаенняў, сінт. каўчуку (Тэміртау), сернай к-ты (653,3 тыс.т, 1996), пластмасы. Нафтаперапрацоўка ў Паўладары, Чымкенце, Атырау. На базе цытворнага палыну і анабазісу працуе фармацэўтычная прам-сць. Ва ўсіх абласцях К. выпускаюцца буд. матэрыялы: цэмент (1,1 млн.т, 1996), цэгла (282 млн.шт.), азбест, кардон, рубероід, жалезабетонныя вырабы. З галін лёгкай прам-сці развіты абутковая (Алматы, Караганда, Джамбул, Кустанай), валюшна-лямцавая (Петрапаўлаўск), баваўняная (Алматы, Сяміпалацінск, Чымкент), шарсцяная, трыкат., дывановая (203 тыс.м²).
У харч. прам-сці вылучаюцца мясная, цукр., мукамольная, маслабойная, рыбная, кансервавая, тытунёвая, саляная (221 тыс.т) галіны. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля (больш за палавіну ўсёй таварнай прадукцыі). Асн. галіна — авечкагадоўля (цэнтр. і паўд. раёны). У пустынных раёнах гадуюць каракульскіх авечак. Па вытв-сці танка- і паўтанкаруннай воўны, бараніны К. займае вядучае месца ў СНД. Пагалоўе (млн. галоў, 1996): авечак і коз — 19,6, буйн. раг. жывёлы — 6,9, у т. л. кароў — 3. На ўсёй тэр. — конегадоўля (1,6 млн. галоў), у паўн. раёнах — свінагадоўля (1,6 млн. галоў), у зах. і ўсх. — вярблюдагадоўля. Развіта птушкагадоўля. У перадгор’ях паўд. К. — шаўкаводства, па Алтаі — пчалярства і маралагадоўля. С.-г. ўгоддзі займаюць 173,9 млн.га, у т. л. ворныя землі 31,6 млн.га (1995). З асваеннем цалінных і абложных зямель (1954—60, 25,5 млн.га) К. стаў буйным вытворцам збожжа. Пасевы пераважна ў паўн. стэпавых і перадгорных усх. і паўд. раёнах. На Пн сеюць яравую пшаніцу, ячмень, проса, на Пд — азімую пшаніцу, на арашальных землях — рыс.С.-г.вытв-сць (млн.т, 1996): збожжа — 11,2, бульбы — 1,7, бавоўны — 0,2, цукр. буракоў — 0,3, сланечніку — 0,1, агародніны — 0,8 і інш. Садоўніцтва і вінаградарства, бахчаводства. Марское і рачное рыбалоўства. Гал. віды транспарту — чыг. і аўтамабільны. Даўж. чыгунак 14,5 тыс.км. Гал. чыгункі: Арысь—Чу—Алматы—Барнаул, Арысь—Акцюбінск—Арэнбург, Барнаул—Паўладар—Астана—Карталы, Чу—Караганда—Астана—Петрапаўлаўск, Камень-на-Обі—Какчэтаў—Кустанай. Працягласць аўтадарог каля 190 тыс.км (95% з цвёрдым пакрыццём). На Каспійскім м., воз. Балхаш, рэках Іртыш, Сырдар’я, Урал развіта суднаходства. Газаправоды Сярэдняя Азія—Цэнтр, Бухара—Урал, Бухара—Ташкент—Чымкент—Джамбул—Алматы; нафтаправоды Узень—Атырау—Самара, Атырау—Орск, Омск—Паўладар—Чымкент. Буйныя аэрапорты ў Алматы, Акцюбінску, Астане. Экспарт (6230 млн.дол. ЗША, 1996): вугаль, нафта, каляровыя металы, збожжа, воўна і інш. Імпарт (4261 млн.дол. ЗША, 1996): радыёпрыёмнікі, электратэхн. вырабы, легкавыя і грузавыя аўтамабілі, аўтобусы, харч. прадукты. Б.ч. знешнегандл. абароту прыпадае па долю краін СНД (52,9% экспарту і 68,2% імпарту). Сярод краін СНД вылучаюцца Расія, Узбекістан, Украіна, Кыргызстан, Беларусь, з замежных — ФРГ, КНР, Турцыя, Вялікабрытанія, Літва. Беларусь экспартуе ў К. шыны пнеўматычныя гумавыя, аўтамабілі грузавыя, халадзільнікі і маразільнікі, запчасткі да аўтамабіляў, цукар і інш., набывае збожжа, пракат, адходы і лом чорных металаў, фасфаты і інш. Курорты: Баравое. Алма-Арасан, Сарыагач і інш. Грашовая адзінка — тэнге.
Узброеныя сілы. Складаюцца з войск сухап., ППА і ВПС. Агульная колькасць (1994) 80 тыс.чал.Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У сухап. войсках на ўзбраенні больш за 3 тыс. баявых машын пяхоты, каля 6 тыс. бронетранспарцёраў, 7 тыс.артыл.сістэм. Войскі ППА аснашчаны зенітна-ракетнымі і зенітна-артыл. комплексамі, станцыямі разведкі і цэлеўказання і інш. У ВПС 200 баявых самалётаў, 300 баявых верталётаў.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 58,7, жанчын 70,1 гадоў. Смяротнасць 10 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 81 чал., урачамі — 1 на 276 чал. Узровень нараджальнасці 19 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 0,9%. Дзіцячая смяротнасць 62 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сістэма адукацыі ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. школу, прафес.-тэхн., сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Паводле закону аб адукацыі 1992 дзяржава гарантуе прыярытэтнае развіццё сістэмы адукацыі, яе прававую і экалагічную накіраванасць, незалежнасць ад паліт. і ідэалаг. уздзеянняў. Усе навуч. ўстановы, што даюць агульную сярэднюю адукацыю, абавязаны забяспечыць веданне вучнямі каз. мовы ў адпаведнасці з дзярж.адукац. стандартам. Свабодна вывучаецца і ўжываецца і рус. як мова міжнац. зносін. З канца 1980-х г. адраджаецца навучанне на родных мовах многіх этнічных груп, што жывуць у К. (ням., узб., уйгурскай, тур., польск., курдскай, тат., дунганскай). Агульную адукацыю даюць школы 3 ступеней: пач., асноўная (9-гадовая, абавязковая), старэйшая. У 1992/93 навуч.г. ў К. каля 9 тыс.агульнаадук. школ (больш за 3 млн. вучняў); больш за 400 прафес.-тэхн. навуч. устаноў (больш за 200 тыс. навучэнцаў); больш за 240 сярэдніх спец.навуч. устаноў (больш за 230 тыс. навучэнцаў); 63 ВНУ (каля 300 тыс. студэнтаў, больш за 50% — казахі). Буйнейшыя ВНУ: Каз.нац.ун-т (з 1934), Каз.політэхн.ін-т, Каз.пед.ін-т (з 1928), Каз.с.-г.ін-т (з 1930), Карагандзінскі ун-т (з 1972), Карагандзінскі політэхн.ін-т. Буйнейшыя б-кі: Нац.б-ка К., б-каНац.АН, навук.с.-г., навукова-тэхнічная. Музеі: Цэнтр.дзярж. музей К., Каз.маст. галерэя, Музей прыроды, краязнаўчыя, мемарыяльныя і інш.Н.-д. работа вядзецца ў ін-тах Нац.АН (з 1946), н.-д. установах галіновых мін-ваў і ведамстваў, на кафедрах ВНУ.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1989 у К. выходзіла 453 перыяд. выданні, у т. л. 160 на каз. мове, а таксама на рус., ням., карэйскай і уйгурскай мовах. Найб. значныя — «Казахстанская правда» (з 1920), «Казах адабіеці» («Казахская літаратура», з 1934), «Егамеды Казахстан» («Незалежны Казахстан»), часопісы «Саясат» («Палітыка»), «Дипломатический курьер» і інш. Радыёвяшчанне з 1928, тэлебачанне з 1958 (на каз., рус., карэйскай, уйгурскай, ням. мовах). Дзейнічае казахстанская тэлерадыёвяшчальная кампанія (на каз. і рус. мовах). Інфарм. агенцтвы: нац. Казпрэс, незалежная Дана-прэс і Казрэву.
Літаратура К. бярэ вытокі ў вуснай нар. творчасці. Каз. фальклор мае больш за 40 жанравых разнавіднасцей: песні, казкі, гераічныя ліра-эпічныя паэмы, найб. спецыфічныя нац. жанры — айтысы (песенна-паэт. спаборніцтвы акынаў), талгаў (філас. роздумы), арнаў (прысвячэнні) і інш.Найб.стараж. помнікі фальклору — гераічныя паэмы («Алпамыс», «Кабланды-батыр» і інш.) услаўляюць подзвігі волатаў (батыраў), а таксама ліра-эпічныя паэмы («Кыз-Жыбек» і інш.) пра вернасць і самаадданасць закаханых, іншы раз пра іх трагічны лёс. Першы каз. твор, аўтарства якога ўстаноўлена (паэт Асан-Кайгын), адносіцца да 15 ст. Пачатак новай індывід. паэзіі звязаны з творчасцю Бухара-Жыраў Калкаманава (18 ст.), аўтара надзённых вострапаліт. вершаў. Пераходны этап ад фалькл. да пісьмовых твораў — паэт. спадчына Махамбета Утэмісава, прасякнутая заклікам да барацьбы з прыгнятальнікамі. Творчасць Утэмісава і яго паслядоўнікаў Ш.Жарылгасава, С.Аранава і інш. мела дэмакр. кірунак. У сярэдзіне 19 ст. пачало развівацца нац. асветніцтва. Важную ролю ў станаўленні нац. пісьмовай л-ры адыграла дзейнасць Ч.Валіханава і І.Алтынсарына. Вытокі пісьмовай рэаліст. л-ры ў творчасці Абая Кунанбаева, лірыка, сатыра, празаічныя філас. «Павучанні» якога адлюстроўвалі жыццё тагачаснага грамадства; прадаўжальнікі яго традыцый у пач. 20 ст. — С.Тарайгыраў, С.Данентаеў, С.Кабееў, М.Сералін. Пачынальнікамі новай каз. л-ры былі С.Сейфулін, Б.Майлін, І.Джансугураў, С.Муканаў, М.Аўэзаў. У 1920-я г. ў л-ру прыйшлі паэты А.Такмагамбетаў, І.Байзакаў, Ж.Сыздыкаў, К.Абдыкадыраў, А.Тажыбаеў, Т.Жарокаў, празаікі І.Мусрэпаў, С.Шарыпаў, Г.Мустафін, драматургі Ж.Шанін, С.Абланаў. У 1934 створаны Саюз пісьменнікаў К. У 1930-я г. пашырыўся тэматычны і жанравы дыяпазон каз. л-ры (паэмы «Альбатрос» Сейфуліна, «Кюйшы» і «Кулагер» Джансугурава, «Сонца загаварыла» Жарокава, раманы «Азамат Азаматавіч» Майліна, «Тэміртас» і «Загадкавы сцяг» Муканава, «Мае равеснікі» С.Ерубаева, драма «Амангельды» і апавяданні Мусрэпава). Шырокую папулярнасць набыла творчасць Джамбула Джабаева. У гады Вял.Айч. вайны развівалася патрыят. грамадзянская лірыка (вершы Джамбула Джабаева, Такмагамбетава, Жарокава, Г.Арманава, А.Сарсенбаева, Х.Бекхожына, паэма «Сказанне пра смерць паэта» К.Аманжолава і інш.), драматургія (п’есы Аўэзава, Ш.Хусаінава, Мусрэпава). Тэма вайны развівалася і ў пасляваеннай каз. л-ры (раманы Мусрэпава, А.Нурпеісава, Т.Ахтанава, паэмы Жарокава, Дж.Мулдагаліева і інш.). Зварот да сучаснасці выявіўся ў раманах «Сырдар’я», «Стэпавыя хвалі» Муканава, «Караганда» і «Мільянер» Мустафіна, «Племя маладое» Аўэзава, «Акбазат» Т.Алімкулава, «Тэміртау» З.Шашкіна, «Гудок у стэпе» М.Каратаева, у аповесцях М.Іманжанава, С.Шаймердэнава, З.Кабдолава. Гістарычнае мінулае народа, яго нац.-вызв. барацьба адлюстраваны ў трылогіях «Школа жыцця» Муканава, «Яік — светлая рака» Х.Есенжанава, гіст. раманах Д.Абілева, А.Алімжанава. Пашырыліся эпічныя, сюжэтныя і лірычныя рамкі паэзіі Бекхожына, Х.Ергаліева, Тажыбаева, К.Тагузакава, Г.Каірбекава, Мулдагаліева, С.Маўленава, Х.Джумаліева, А.Сулейменава. Сацыяльнымі і маральна-этычнымі праблемамі напоўніліся драм. творы Хусаінава, А.Абішава, Ахтанава, К.Мухамеджанава, Муканава і інш. З 1960-х г. развіваюцца навукова-фантаст.л-ра, крытыка, літаратуразнаўства. Сучаснай л-ры К. ўласцівы маштабнасць маст. пошукаў, шырыня і разнастайнасць праблематыкі, імкненне да інтэлектуалізму (празаік А.Кекільбаеў, паэты К.Мурзаліеў, Т.Малдагаліеў).
Бел.-каз.літ. сувязі развіваюцца з 1930-х г. На каз. мову перакладзены многія вершы Я.Купалы, Я.Коласа (перакладчыкі Джансугураў, С.Сеітаў, Сыздыкаў, С.Машакаў), творы І.Мележа, В.Быкава, І.Шамякіна, Я.Брыля, П.Броўкі, А.Куляшова, М.Танка і інш. На бел. мову перакладзены зб. Джамбула Джабаева «Песні і паэмы» (1939), Абая Кунанбаева «Выбранае» (1970), раман І.Есенберліна «Небяспечная пераправа» (1985), апавяданні каз. пісьменнікаў і фалькл. творы (зб. «Залаты каравай», 1988). У бел.перыяд. друку апублікаваны творы Абая Кунанбаева, С.Адамбекава, Ж.Амірбекава, Г.Арманава, Аўэзава, Маўленава, Д.Мулдагаліева, Сеітава, Ф.Унгарсынава і інш. у перакладах Р.Барадуліна, А.Звонака, В.Зуёнка, К.Камейшы, М.Танка, Я.Янішчыц і інш.
Архітэктура. Ад эпохі бронзы на тэр. К. захаваліся рэшткі аселых паселішчаў (паўзямлянкі з шатровым дахам), культавыя збудаванні — дальмены, менгіры, пахавальныя агароджы з каменных пліт (могільнік Бегазы, Цэнтр. К.), курганы (могільнік Бесшатыр на р. Ілі). У 1-м тыс. да н.э. — першых ст.н.э. ў сакаў, усуней і кангалаў жыллё было разборнае, накрытае лямцам. Паселішчы былі ўмацаваныя, будавалі цагляныя дамы. Захаваліся фрагменты пахавальных збудаванняў з цэглы (паўн. група маўзалеяў Тэгіскена, 7—6 ст. да н.э.), унікальнае для таго часу пахавальнае збудаванне Баладны II (4—2 ст. да н.э., Кзыл-Ардзінская вобл.). У 6—10 ст. развіваліся гарады Ісфіджаб (з 11 ст. — Сайрам Чымкенцкай вобл.), Тараз (цяпер Джамбул), Атрар; будавалі крэпасці і замкі-сядзібы (замак гарадзішча Баба-Ата, паўн. схілы Каратау, Чымкенцкая вобл.). Склаўся тып перанаснога пераноснага* жылля — лямцавая юрта. З пашырэннем ісламу (8 ст.) у К. з’явіліся мячэці, медрэсэ. Будавалі цыстэрны для захавання вады — сардобы, лазні, заезныя і гандл. двары — караван-сараі, маўзалеі. Ад 10—11 ст. захаваліся руіны вежавых маўзалеяў Бегім-Ана і Сараман-Каса (у нізоўях р. Сырдар’я), Дамбаул (Цэнтр. К.). У 10—12 ст. на Пд К. гарады мелі 3-часткавую структуру: цытадэль, гар. ядро «шахрыстан» і гандл.-рамесніцкі прыгарад «рабад». У 11—12 ст. быў пашыраны тып купальна-цэнтрычнага маўзалея (маўзалеі Бабаджы-хатун і Айша-Бібі каля г. Джамбул), квадратнага ў плане, з пірамідальна-канічным пакрыццём. З пач. 13 ст. складваецца тып партальна-купальнага маўзалея (маўзалеі Джучы-хан, 1230-я г., і Алаша-хан, сярэдзіна 13 ст., у Цэнтр. К.) з магутным парталам і тым жа відам перакрыцця. Да канца 14 ст. належыць комплекс маўзалея-мячэці Хаджа Ахмеда Ясаві ў г. Ясы (цяпер г. Туркестан), абліцаваны каляровымі пліткамі і мазаікай. Джунгарскія нашэсці (1640—1720-я г.) прывялі да заняпаду культуру К. У 17—18 ст. уздоўж межаў К. ўзніклі рус.ваен. ўмацаванні — Яіцкі Гарадок (цяпер г. Уральск), Атырау, Арэнбург, Сяміпалацінск і інш., якія звычайна складаліся з крэпасці, казачай станіцы, т. зв.тат. слабодкі, і ўласна горада з прамавугольнай сеткай вуліц. У агульную аднапавярховую гар. забудову ўключаліся і асобныя двухпавярховыя дамы чыноўнікаў, купцоў, адм. будынкі; будавалі таксама мячэці, медрэсэ, маўзалеі. У 1920—30-я г. ўзводзілі добраўпарадкаваныя жылыя і грамадскія будынкі ў старых (Алматы, Атырау) і новых (Балхаш, Караганда) гарадах і пасёлках. У пач. 1930-х г. у г. Алматы будавалі ў духу канструктывізму: Дом урада (цяпер будынак тэатр.-маст. ін-та, 1931, арх. М.Я.Гінзбург), гал. паштамт (1931—34, арх. Г.Г.Герасімаў); у сярэдзіне 1930—40-х г. — з выкарыстаннем ордэрных форм (мед.ін-т, 1939, арх. А.І.Гегела) у спалучэнні з традыц. элементамі нац. дойлідства — стральчатымі арачнымі праёмамі, матывамі нац. арнаменту (Каз.т-р оперы і балета, 1941, арх. М.Прастакоў і інш.). У 1950-я г. інтэнсіўна раслі маладыя гарады, рэканструяваліся старыя і ствараліся новыя (Рудны, Абай, Шахцінск). Сярод найб. значных пабудоў 1960—80-х г.гал. корпус АН Казахстана (1957, арх. А.В.Шчусеў, Прастакоў), Палац цаліннікаў (Палац культуры, 1960—64, арх. А.Краукліс і інш.) у Астане, спарт. комплекс «Медэо» (1972, арх. У.З.Кацаў, А.С.Кайнарбаеў і інш.) у Алматы. Сучасныя гар. пабудовы адметныя рацыянальнасцю планіроўкі, лаканічнасцю і выразнасцю арх. форм, выкарыстаннем манум.-дэкар. мастацтва. Жыллёвае буд-ва вядзецца з улікам прыродна-кліматычных умоў (антысейсмічныя і сонцаабаронныя прыстасаванні). У 1935 засн. Саюз архітэктараў К.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб.стараж. помнікі мастацтва на тэр. К. — наскальныя размалёўкі эпохі палеаліту і неаліту. Ад эпохі бронзы дайшлі помнікі каменных татэмічных скульптур жывёл, наскальныя выявы, гліняны посуд з геам. арнаментам. Для мастацтва сакаў, звязанага з культурай скіфаў, характэрны выявы рэальных і фантаст. звяроў (каргалінская дыядэма; гл.Звярыны стыль). Сярэдневяковае мастацтва К. (7—17 ст.) прадстаўлена каменнымі скульптурамі людзей, жывёл і бронз. статуэткамі жанчын. Помнікі тагачаснага дэкар.прыкладнога мастацтва — гліняны посуд для захавання касцей (асуарыі) у форме юрты; кераміка — неглазураваная, упрыгожаная наляпным, разным і штампаваным арнаментам, і паліваная (цэнтр г. Тараз, цяпер Джамбул); вырабы са скуры і металу, дэкарыраваныя самабытным нац. арнаментам, для якога характэрны буйныя дакладныя ўзоры з завіткоў, укампанаваныя ў ромбы і кругі. Падобныя традыцыі захоўваліся і ў 18—19 ст. У аздабленні інтэр’ера гал. роля належала ўзорыстым лямцавым ці тканым дыванам. Пашыраны вышыўка, залатое шыццё, разьба і інкрустацыя косцю па дрэве, выраб скуры, ювелірная справа (чаканка, гравіроўка, насечка, чарненне, буйныя ўстаўкі з сердаліку). У 19 ст. з’явіліся першыя творы выяўл. мастацтва — малюнкі і акварэлі Ч.Валіханава, а таксама творы Т.Шаўчэнкі, В.Верашчагіна, якія адлюстроўвалі жыццё каз. народа. У 1920—30-я г. побач з рус. жывапісцамі і графікамі працавалі нац. майстры: А.Ташбаеў, Х. і К.Ходжыкавы, А.Ісмаілаў, А.Касцееў і інш. Для іх творчасці характэрна імкненне асвоіць станковыя формы, выпрацаваць нац.маст. мову. З часу Вял.Айч. вайны мастакі К. працавалі над батальнымі і гіст. карцінамі, партрэтамі герояў фронту і тылу. З ростам прафес. майстэрства мастакоў з 1950-х г. развіваюцца сюжэтная карціна (Ісмаілаў, Касцееў і інш.), партрэт і пейзаж (А.Чаркаскі, М.Лізагуб, Л.Лявонцьеў і інш.). Мастакам 1960—70-х г. уласціва імкненне да перадачы эмацыянальнага стану чалавека, яго ўнутр. сувязі з навакольным светам, пошук новых выразных сродкаў (жывапісцы М.Кенбаеў, К.Тэльжанаў, А.Сцяпанаў, С.Мамбееў, К.Шаяхметаў, С.Айтбаеў, графікі М.Гаеў, Р.Сахі, Ч.Кенжэбаеў, Я.Сідоркін, І.Квачко, скульптары Х.Наурзбаеў, Б.Тулекаў, Т.Дасмагамбетаў, дзеячы тэатральна-дэкарацыйнага мастацтва В.Целякоўскі, А.Нянашаў, А.Галімбаева, Г.Ісмаілава і інш.). Развіваецца мастацтва ювелірнае, разьбярнае па дрэве і косці (А.Кенебаеў, Л.Ходжыкава, Р.Сарсенбін і інш.). У 1935 у Алматы заснавана маст. галерэя, у 1938 — маст. вучылішча. У 1940 створаны Саюз мастакоў К.
Музыка К. да 1920 існавала толькі ў форме вуснай нар. і нар.-прафес. творчасці. Традыц. віды выканальніцтва — сольныя спевы пад уласны акампанемент на домры (двухструнны шчыпковы інструмент) або на кабызе (двухструнны смычковы), сольная ігра на гэтых інструментах і на сыбызгы (духавы інструмент тыпу флейты). Вак. музыка аднагалосая, мае розныя куплетныя і рамансавыя формы, інструментальная — двухгалосая, асн. форма — кюй (праграмная цыклічная п’еса. Носьбіты прафес.нар. мастацтва: аншы (спевакі), кюйшы (інструменталісты), акыны (паэты вуснай традыцыі, якія выконваюць пад уласны акампанемент свае вершы, імправізацыі), жыршы (апавядальнікі нар. эпасу). Пасля далучэння К. да Расіі (1731) пачалося пранікненне рус.муз. культуры, што садзейнічала развіццю нар.-прафес.муз. мастацтва. Сярод яго прадстаўнікоў паэт і кампазітар Абай Кунанбаеў, дамбрысты Курмангазы Сагырбаеў, Даўлеткерэй Шыгаеў, Татымбет Казангапаў, спевакі Біржан Кажагулаў, Мухіт Мераліеў, Ахан-Серы (А.Карамсін) і інш. У 1920-я г. ўзніклі хар. спевы, ансамблевая ігра на муз. інструментах, у 1930—40-я г. зарадзіліся і паступова развіліся ўсе жанры прафес. музыкі (опера, балет, сімфонія, араторыя, кантата, камерна-інстр. і інш.); узнікла каз.муз.-сцэн. мастацтва. У Каз.муз. т-ры (1934, з 1937 Каз.т-р оперы і балета) пастаўлены першыя каз. оперы («Кыз Жыбек», 1934; «Жалбыр», 1935; «Храбры Таргын», 1937, Я.Брусілоўскага) і балеты («Калкаман і Мамыр» В.Веліканава, 1938; «Вясна» І.Надзірава, 1940). Уклад у развіццё каз. музыкі зрабілі рас. музыканты: фалькларысты А.Затаевіч, Б.Ерзаковіч, кампазітар Брусілоўскі. Сфарміравалася нац. кампазітарская школа (Б.Байкадамаў, Г.Жубанава, А.Жубанаў, К.Кужам’яраў, Е.Рахмадыеў, С.Мухамеджанаў, А.Сяргееў, Н.Тлендыеў, М.Тулебаеў, Л.Хамідзі і інш.). Сярод музыкантаў-выканаўцаў: спевакі Р.Абдулін, К.Байсеітава, А.Днішаў, Р.Багланава, Р.Джаманава, Е.Серкебаеў, Б.Тулегенава; піяністы Г.Кадырбекава, Ж.Аўбакірава; дамбрысты К.Жантлеутаў, Р.Амараў, К.Ахмедыяраў, А.Ескаліеў, Б.Карабаліна, М.Хамзін; танцоўшчыкі Р.Бапаў, Р.Байсеітава; дырыжоры Ш.Кажгаліеў, Тлендыеў, Ф.Мансураў, Г.Дугашаў, А.Моладаў, Т.Асманаў і інш. Сярод музыказнаўцаў Затаевіч, Жубанаў, М.Ахметава, Ерзаковіч. У К. працуюць (1998); Каз.т-р оперы і балета імя Абая, Рэсп. карэйскі муз.-драм.т-р (з 1932), Рэсп. уйгурскі т-рмуз. камедыі (з 1933), філармонія (з 1935), сімф. аркестр (1937), хар. капэла (з 1937), Камерны аркестр Каз. тэлебачання і радыё (1965), Аркестр каз.нар. інструментаў імя Курмангазы (з 1934), фалькл-этнагр. аркестр «Атрар сазы» (1981), кансерваторыя (з 1944), харэаграфічнае вучылішча (з 1967), Ансамбль песні і танца Казахстана (з 1955), Ансамбль класічнага танца (з 1967) у Алматы, Т-рмуз. камедыі (з 1973), сімф. аркестр (з 1984) у Карагандзе і інш. У 1939 створаны Саюз кампазітараў.
Тэатр. Элементы тэатр. мастацтва існавалі ў стараж.нар. абрадах і гульнях, драматызаваных выкананнях нар. эпасу, у выступленнях нар. комікаў, сатырыкаў, у песенных спаборніцтвах акынаў. На пач. 20 ст. з’явіліся творы нац. драматургіі, у гарадах ставіліся аматарскія спектаклі. У 1920-я г. развівалася тэатр. самадзейнасць. У 1926 у г. Кзыл-Арда створаны першы ў К. прафес.драм.т-р (з 1928 у Алматы; з 1961 — Казахскі драм.т-р імя М.Аўэзава). Узніклі пац. т-ры ў Карагандзе (1932), Сяміпалацінску, Чымкенце (абодва ў 1934), Джамбуле (1936), Атырау (1938), Уйгурскі (1934) і Карэйскі (1937) у Алматы. Ставіліся творы каз. аўтараў (М.Аўэзава, Г.Мусрэпава, А.Тажыбаева, Ш.Хусаінава, А.Абішава, К.Мухамеджанава і інш.), рус., з канца 1940-х г. і зах.-еўрап. класікі. Значнае месца ў рэпертуары т-раў займалі фальклорна-гіст. спектаклі («Ахан-Серы і Актакты» Мусрэпава, 1942). У 1944 створаны Т-р для дзяцей і юнацтва. Сярод яго пастановак казкі «Залаты біток» М.Акінжанава і К.Бадырава (1948), «Алдар Касэ» (1953) і «Балаўнік» (1954) Хусаінава і інш. З 1950-х г. ставяцца п’есы на сюжэты, звязаныя з гісторыяй К. («Чакан Валіханаў» С.Муканава, 1956; «Майра» Тажыбаева, 1957), з сучасным жыццём («Ваўчаня пад капелюшом» Мухамеджанава, 1959), фальклорна-гіст. зместу («Енлік і Кебек» Аўэзава, 1957). Сярод пастановак 1960-х г.: «Саўле» і «Буран» Т.Ахтанава, «Мацней за смерць» С.Жунусава і інш. Значны ўклад у развіццё каз.т-ра зрабілі Ш.К.Айманаў, Х.Букеева, К.Куанышпаеў, Ш.Джандарбекава, М.Сабір, І.Нагайбаеў, Ф.Шарыпава і інш. У т-рах ставіліся бел. п’есы: «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, «Канстанцін Заслонаў» і «Пад адным небам» А.Маўзона, «Выбачайце, калі ласка!» і «Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка, «Выклік багам» А.Дзялендзіка і інш.
Кіно. Першы кінасеанс на тэр. К. адбыўся ў 1910. У 1925 кінахранікёры Масквы знялі першы дакумент. фільм пра К. — «Гадавіна КССР». У 1928 у Алматы створаны аддзел трэста «Усходфільм» (выпускаў кіначасопіс «Апошнія навіны», кінанарысы «Алма-Ата і яе наваколле», «Кааперацыя ў ауле», «На Джайляу», «Кзыл-аскер»). У 1929 зняты фільм «Турксіб» (рэж. В.Турын) пра буд-ва Туркестана-Сіб.чыг. магістралі. У 1920—30-я г.маст. фільмы, прысвечаныя жыццю К., з удзелам каз. акцёраў ствараліся на цэнтр. кінастудыях СССР («Мяцеж», 1929; «Песня стэпаў», 1930; «Джут», 1932; «Таямніца Каратау», 1933). Першы ўласна каз. фільм — «Амангельды» (1939, рэж. М.Левін, у гал. ролі — Е.Умурзакаў). У 1934 у Алматы створана студыя кінахронікі, у кастр. 1941 — Алма-Ацінская кінастудыя маст. фільмаў (у 1944 аб’яднана са студыяй кінахронікі, з 1960 кінастудыя «Казахфільм»), У 1950—70-я г. тут створаны гіст. і гісторыка-рэв. фільмы («Джамбул», 1953, Я.Дзіган; «Мы з Сямірэчча», 1959, С.Ходжыкаў і А.Очкін; «Трывожная раніца», 1966, А.Карсакбаеў), на тэмы сучаснасці («Дзяўчына-джыгіт», 1955, П.Багалюбаў; «Зямля бацькоў», 1966, Ш.Айманаў). У ліку лепшых фільмаў: «Сказ пра маці» (1964, А.Карпаў), «За намі Масква» (1967) і «Песня пра Маншук» (1970, абодва М.Бегалін), «Канец атамана» (1969, Айманаў), «Кыз Жыбек» (1970, Ходжыкаў), «Люты» (1974, кірг.рэж. Т.Акееў), «Транссібірскі экспрэс» (1977, Э.Уразбаеў), «Год дракона» (1981, А.Ашымаў, Цой Гук Ін), «Загладзь віну» (1983, С.Жармухамедаў) і інш. Сярод акцёраў: Умурзакаў, А.Умурзакава, К.Кажабекаў, Ф.Шарыпава, А.Малдабекаў, Х.Адамбаева і інш. У 1958 створаны Саюз кінематаграфістаў К.
Беларусы ў Казахстане. Першыя пасяленні беларусаў у К. з’явіліся ў 19 ст. ў выніку ссылкі туды ўдзельнікаў нац,вызв. руху (З.Серакоўскі, Б.Залескі, А.Янушкевіч і інш.). Значныя перасяленні беларусаў у К. пачаліся ў часы сталыпінскай агр. рэформы; яны працягваліся пасля ўстанаўлення сав. ўлады, у гады індустрыялізацыі і калектывізацыі. У К. былі высланы многія ахвяры паліт. рэпрэсій. У Вял.Айч. вайну К. прыняў эвакуіраваных беларусаў. З восені 1941 да сак. 1942 у Каз. т-ры оперы і балета працавала частка калектыву Бел.т-ра оперы і балета, у т. л. Л.П.Александроўская, І.М.Балоцін, С.У.Дрэчын і інш. Пасля вайны частка беларусаў засталася ў К. У 1954—55 на асваенне цалінных і абложных зямель К. паехалі 53,4 тыс. беларусаў, у т. л. 4 тыс. механізатараў, пазней — 21,9 тыс. механізатараў і больш за 3 тыс. будаўнікоў. Бел. цаліннікі рассяліліся пераважна ў Карагандзінскай, Кустанайскай, Какчэтаўскай, Паўладарскай, Тургайскай, Цалінаградскай абласцях, гэты раён умоўна наз.бел. калоніяй. Беларусамі былі ўкамплектаваны 24 саўгасы, многія гаспадаркі атрымалі бел. назвы («Беларускі», «Мінскі» і інш.). Многія беларусы траплялі ў К. па размеркаванні пасля сканчэння ВНУ, на вайск. службу і інш. Цяпер у К. жыве каля 200 тыс.этн. беларусаў (каля 1% насельніцтва К.). Абвяшчэнне дзярж. незалежнасці К. актывізавала нац.-культ. жыццё беларусаў. У 1991 у г. Алматы засн.культ. аб’яднанне «Бацькаўшчына». Беларусы г. Прыазёрск Джэзказганскай вобл. аб’ядноўваюцца вакол Т-вабел. мовы (засн. ў 1990), тут дзейнічае бел. нядзельная школа (з 1990). Беларусы святкуюць юбілеі бел. дзеячаў, адметныя падзеі ў жыцці бел. народа, абрадавыя святы (Купалле, Каляды, Вялікдзень) і інш.
Літ.:
История казахской литературы. Т. 1—3. Алма-Ата, 1968—71;
Каратаев М. Казахская литература на современном этапе. Алма-Ата, 1979;
Кирабаев С.С. Революцией призванный: Йсслед. и статьи о каз. лит. Алма-Ата, 1980;
Нурмухаммедов Н.-Б. Искусство Казахстана. М., 1970;
Очерки по истории казахской советской музыки. Алма-Ата, 1962;
Ерзакович Б.Г. Музыкальное наследие казахского народа. Алма-Ата, 1979;
Казахский музыкальный фольклор. Алма-Ата, 1982;
Искусство Казахстана..., музыка и музыковедение. Алма-Ата, 1987.
П.І.Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Р.Ч.Лянькевіч (узброеныя сілы), А.С.Ляднёва (беларусы ў Казахстане).
Герб і сцяг Казахстана.Да арт.Казахстан. Апрасняльная атамная ўстаноўка ў г. Актау.Уборка збожжа на поўначы Казахстана.Да арт.Казахстан. У перадгор’ях Кунгей-Алатау.Да арт.Казахстан. Маўзалей-мячэць Хаджа Ахмеда Ясаві ў г. Туркестан. Канец 14 ст.Да арт.Казахстан. Мікрараён «Самал». На пярэднім плане — будынак Цэнтральнага дзяржаўнага музея.Да арт.Казахстан. Кацёл. Бронза, ліццё. 1399.Да арт.Казахстан. Насценны дыван. Фрагмент. 20 ст.Да арт.Казахстан. Ножка ахвярнага катла ў выглядзе архара. 4—3 ст. да н.э.Да арт.Казахстан. Каргалінская дыядэма. 2 ст. да н.э. — 2 ст. н.э.Да арт.Казахстан. Збаны і блюда. 9—12 ст.Да арт.Казахстан. С.Мамбееў. Каля юрты. 1957—58.Да арт.Казахстан. Ч.Валіханаў. Сартай з роду Сары Багіш. 1856.Да арт.Казахстан. Г.Ісмаілава. Нацюрморт «Кумыс». 1966.Да арт.Казахстан. Тэатр оперы і балета імя Абая.Да арт.Казахстан. Р.Сахі. Эскіз дэкарацыі да кінафільма «Крылы песні». 1965.Да арт.Казахстан. Музей казахскіх народных музычных інструментаў у Алматы.Да арт.Казахстан. Праспект Рэспублікі ў Астане.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СЫ,
нацыя, асноўнае насельніцтва Беларусі. Складае 7904 тыс.чал. (перапіс 1989), 77,4% насельніцтва Рэспублікі Беларусь. Значная частка беларусаў жыве па-за межамі Беларусі, у т. л. ў Расіі 1052 тыс. (1989), на Украіне 406 тыс., у Польшчы больш за 200 тыс., Казахстане 182 тыс., Латвіі 112 тыс., Літве 58 тыс., Эстоніі 23 тыс.чал.; у краінах Зах. Еўропы, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш., паводле розных ацэнак, жыве ад 300 тыс. да 2 млн. беларусаў (гл.Дыяспара беларуская). Гавораць на беларускай мове, якая адносіцца да слав. групы індаеўрап. моўнай сям’і. Разам з рускімі і ўкраінцамі належаць да ўсх.славян. Антрапалагічны тып — сярэднееўрап. варыянт еўразійскай (еўрапеоіднай) расы. Тэрыторыя іх кампактнага рассялення ў межах Беларусі займае 207,6 тыс.км² і ахоплівае басейны верхняга Дняпра, Сажа, Зах. Дзвіны, Нёмана, Прыпяці і часткова Зах. Буга.
Археалагічныя даследаванні сведчаць, што ўжо ў 5—8 ст.тэр. Беларусі насялялі слав. плямёны, з якімі генетычна звязаны саюзаплемянныя і раннефеад. этнапалітычныя супольнасці 9—10 ст. — крывічы, дрыгавічы, радзімічы, часткова валыняне, драўляне і севяране. Працэс іх рассялення на Беларусі суправаджаўся міжэтнічнымі кантактамі з мясц. балцкімі плямёнамі (гл.Балты), якія ў асноўным былі асіміляваны, а часткова (у зах. абласцях) склалі змешаныя балта-слав. групы. У межах Кіеўскай Русі (канец 9 — пач. 11 ст.) пачалі складвацца феад. адносіны, узнікаць класы, гарады, фарміравацца стараж.руская народнасць, прынята хрысціянства. З 10 ст.землі Беларусі ўваходзілі ў склад Полацкага, Тураўскага, часткова Смаленскага, Чарнігаўскага княстваў; да 12 ст. з іх вылучыліся Пінскае, Мінскае, Друцкае, Заслаўскае, Навагрудскае і інш. княствы.
Фарміраванне і развіццё беларускай народнасці. У 13—14 ст.землі і княствы Беларусі ўвайшлі ў склад Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ). Полацкая, Новагародская, Віцебская землі, а таксама Слуцкае, Кобрынскае, Мсціслаўскае і інш. княствы мелі ў ВКЛ пэўную сац.-эканам. і юрыдычна-прававую аўтаномію. У складзе адзінай дзяржавы спыніўся працэс іх феад. драблення, што садзейнічала стварэнню агульнай этнічнай тэрыторыі беларусаў. Сацыяльна-эканам., паліт., дэмаграфічныя і этнакультурныя фактары абумовілі пашырэнне этнасацыяльных сувязей паміж рознымі тэрытарыяльнымі часткамі Беларусі і ўнутрыэтнічную кансалідацыю. На працягу 15—16 ст. у ВКЛ павялічылася колькасць гарадоў і мястэчак, узмацніліся гандл. сувязі паміж імі, вырасла доля гандл.-рамесніцкага насельніцтва, павысілася таварнасць і прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі, праведзены адм.-тэр. і аграрна-гасп. рэформы; кадыфікацыя і уніфікацыя дзярж.юрыд. нормаў завяршылася складаннем Статутаў Вял. княства Літоўскага 1529, 1566 і 1588. Пасля аб’яднання з Польшчай у федэратыўную дзяржаву Рэч ПаспалітуюВКЛ захоўвала паліт. аўтаномію, свой урад, юрыд. правы, войска, фінансы і інш., што ў пэўнай меры стрымлівала польскі ўплыў на бел. і літ. народы. Аднак з таго часу ўзмацніліся працэсы паланізацыі і акаталічвання. Для бел. сялянства і гараджан асн. каштоўнасцю была этнагенетычная спадчына, якая аб’ядноўвала розныя тэрытарыяльныя групы беларусаў на аснове агульнасці іх гіст. лёсу, культуры, мовы, рэлігіі. Значную ролю адыгрывалі фактар кампактнага рассялення беларусаў і іх дэмаграфічнае становішча (бел.землі складалі большасць тэр.ВКЛ, а насельніцтва — асн. этнічны масіў). Беларусы складалі значную частку насельніцтва і ў гарадах этнічнай Літвы — Троках, Коўне, сталіцы ВКЛ Вільні. Дамінуючае дэмаграфічнае становішча беларусаў у межах ВКЛ і высокі ўзровень развіцця іх культуры вызначылі поліэтнічны характар пашырэння іх мовы. Старабел. мова («руськая») была афіцыйнай дзярж. мовай ВКЛ, сродкам зносін паміж усх.-слав. насельніцтвам і літоўцамі-аўкштайтамі, жмудзінамі, латгаламі і больш дробнымі этнічнымі групамі (татары, яўрэі, цыганы, караімы і інш).
У перыяд складвання бел. народнасці этнакансалідуючую функцыю адыгрываў і канфесіянальны фактар. Большасць усх.-слав. насельніцтва ВКЛ да 16 ст. вызнавала праваслаўе. Гэтага веравызнання трымалася таксама частка насельніцтва этнічнай Літвы і Жмудзі. Пасля дынастычнага саюзу ВКЛ і Польшчы (гл.Крэўская унія 1385) на землях Літвы і Беларусі пачало пашырацца каталіцтва, у 16 ст. ў сувязі з еўрап. рэфармацыйным рухам — пратэстантызм (лютэранства, кальвінізм і інш.), а пасля Брэсцкай уніі 1596 — уніяцтва. Праваслаўныя цэрквы Беларусі, Украіны і Літвы, пераведзеныя ва уніяцтва, трапілі пад духоўную ўладу рымскага пантыфікату і ўспрынялі асн. догматы каталіцызму. Наступ каталіцтва і уніяцтва выклікаў у большасці правасл. насельніцтва незадаволенасць і пратэст. Найб. глыбока паланізацыя пранікла ў самасвядомасць, матэрыяльную і духоўную культуру пануючых класаў Беларусі. У 17 ст. большая палова бел. шляхты спавядала каталіцкую ці уніяцкую веру, карысталася польскай мовай, прытрымлівалася агульнасаслоўных стэрэатыпаў ладу жыцця і паводзін (напр., панібрацтва). Усе этнастваральныя фактары, што садзейнічалі складванню бел. народнасці ў 14—16 ст., у цэлым мелі аб’яднальную тэндэнцыю. Жыхары абшчыны сваю супольнасць звычайна вызначалі агульным сельскім ці валасным этніконам, які паходзіў ад назвы сяла ці цэнтра воласці. У межах паветаў, княстваў, зямель, ваяводстваў насельніцтва аб’ядноўвалася вакол гарадоў і мястэчак у т.зв.зямляцтвы (напр., мазыране, палачане, мсціслаўцы, случане і інш.). Зямляцкія этнонімы былі ўстойлівыя і ў самой Беларусі, і за яе межамі. У 14—16 ст. значна пабольшала роля працэсаў этнагенетычнай кансалідацыі і агульнадзярж. інтэграцыі. Пра гэта сведчыць пашырэнне этнонімаў «русіны» і «літвіны». Руссю (рус. землямі) у той час называлі ўсх. і цэнтр.тэр. Беларусі. Кампактны арэал назвы «літвіны» бытаваў пераважна ў раёнах Вілейкі, Смаргоні, Ашмян, Крэва, Маладзечна, Ліды і інш. (т.зв. Павілейская Літва). Але ў 16—17 ст. «Літвой» і «літвінамі» называлі ўсё насельніцтва ВКЛ. Канкрэтна беларусаў называлі «літвіны рускага роду», «літвіны рускай веры», «літвіны-беларусцы», «літоўскія беларусы», што адлюстравана і ў гіст. дакументах (напр., бел. першадрукар і асветнік Ф.Скарына называў сябе палачанінам, русінам і літвінам).
Розныя ўзроўні працэсаў этнічнага формаўтварэння, саслоўна-класавая і канфесіянальная дыферэнцыяцыя адбіліся на складванні бел. народнасці, на разнастайнасці формаў і элементаў яе культуры і побыту. Асаблівасцю гарадоў і мястэчак Беларусі быў іх хуткі рост. У канцы 16 ст. іх было больш за 300, а іх жыхары складалі каля 16—20% насельніцтва. Многія з іх мелі магдэбургскае права. Павялічвалася маёмаснае, прававое і саслоўнае размежаванне іх насельніцтва. Да асобных катэгорый належалі духавенства і арыстакратыя. Іншаэтнічнае насельніцтва часта не ўваходзіла ў катэгорыю мяшчан, а аб’ядноўвалася ў свае абшчыны з асобнымі правамі і прывілеямі.
Асн. масу насельніцтва Беларусі 14—16 ст. складалі сяляне. Яны падзяляліся на дзяржаўных і прыватнаўласніцкіх. У выніку аграрнай рэформы — валочнай памеры, праведзенай у ВКЛ у 16 ст., саслоўна-сац. і гасп.-эканам. арганізацыя сялянства змянілася і стала складацца з трох асн. катэгорый: слугі, асадныя сяляне і цяглыя сяляне.
Асн. збожжавай культурай было жыта; сеялі таксама авёс, ячмень, проса, пшаніцу і інш. Былі пашыраны агародныя і садовыя культуры. З землеапрацоўчых прылад пераважала саха для парнай запрэжкі. Пры ляднай (падсечна-агнявой) сістэме апрацоўкі зямлі сяляне карысталіся матыкамі, баронамі, сукаваткамі, смыкамі. Збожжавыя культуры сеялі ўручную з сявенькі-лубянкі, жалі сярпом, малацілі цапамі, веялі зерне веялкай-шуфлікам, малолі на муку або абдзіралі на крупы. Павелічэнне плошчы ворных зямель суправаджалася ўзнікненнем новых пасяленняў. Іх памеры, характар узнікнення і інш. асаблівасці адлюстраваліся і ў назвах-вызначэннях. Побач з вядомымі са старажытнасці назвамі сяло, сяльцо, весь, вёска, пагост з 15 ст. пачалі сустракацца слабада. воля, вольта, засценак, селішча. Асн. тыпам планіроўкі новых пасяленняў быў вулічны, што адпавядаў дзярж. плану забудовы. Існавала таксама бессістэмная, або кучавая, забудова. Асноўным тыпам жылля была зрубная хата з двума памяшканнямі (хата + сенцы). Вядома і трохкамернае жыллё (святліца + сенцы + жылое або гасп. памяшканне). Дах накрывалі саломай, дранкай, гонтай. Печы рабілі з комінам або без яго (курная хата). Вокны былі невялікія, іх закрывалі засаўкай, бычыным пухіром, прамасленай паперай, зрэдку шклом. Жылыя дамы заможнай шляхты былі значна большыя, шматкамерныя, часам двухпавярховыя.
Пэўныя асаблівасці мела архітэктура гарадоў і мястэчак, якія паступова набывалі урбанізаваны тып, набліжаны да зах.-еўрапейскіх традыцый горадабудаўніцтва. У іх павялічвалася колькасць мураваных пабудоў (найбольш у зах. абласцях). Мураванымі былі пераважна абарончыя (замкі, крэпасці) і культавыя (цэрквы, касцёлы), радзей жылыя, бытавыя і адм. пабудовы.
Да 16 ст. адносіцца з’яўленне пэўных відаў адзення, якія пазней ўвайшлі ў традыц.бел.нар. касцюм. Асновай жаночага і мужчынскага касцюма заставалася кашуля (сарочка). Мужчынскі гарнітур дапаўняўся паясным (штаны, споднікі), плечавым (кафтан) і верхнім (кажух, армяк, даламан) адзеннем. У жаночы гарнітур уваходзіла плечавое і паясное адзенне (андарак, панёва, фартух, летнік, спадніца), розныя галаўныя ўборы (хустка, рантух, плахта, каптур, чапец, магерка, капялюш), а таксама паясы, кашалькі, упрыгожанні. З даўніх часоў на Беларусі бытаваў скураны абутак. Для сял. асяроддзя характэрнымі былі і лапці, пашытыя са скуры або сплеценыя з лыка.
Аснову харч. рацыёну насельніцтва 14—16 ст. складалі прадукты земляробства, агародніцтва, жывёлагадоўлі. Дадатковымі крыніцамі былі паляўніцтва, рыбалоўства, бортніцтва. З напіткаў спажывалі мёд, квас, піва і інш. (гл. таксама Беларускія народныя стравы).
Фальклор беларусаў перыяду фарміравання народнасці меў тыя самыя жанры і элементы, што і ў папярэднія стагоддзі: песні, магічныя заклінанні, звязаныя з язычніцкай абраднасцю, галашэнні, быліны, казкі, легенды, загадкі. Узнік і новы эпічны жанр — гіст. песні і паданні, гал. тэмай якіх была барацьба народа з іншаземнымі захопнікамі, а таксама з уласнымі прыгнятальнікамі. Шырока бытавалі лірычныя песні. Зліццём язычніцкіх і хрысц. элементаў характарызаваліся многія абрады і звычаі, звязаныя з каляндарна-аграрнымі святамі і сямейна-бытавой абраднасцю. Гл. таксама Народная паэтычная творчасць.
Традыцыі перадаваліся ў спадчыну з пакалення ў пакаленне ў рамках сям’і. Тагачасныя сем’і падзяляліся на малыя (шлюбная пара і іх дзеці) і вялікія (бацькоўскія і брацкія родзічы 2—3 пакаленняў, сваякі, якія мелі агульную маёмасць, вялі сумесную гаспадарку і лічыліся адным «дымам»). Распараджальнікам і галавой сям’і быў бацька, а ў выпадку яго смерці — маці (пры адсутнасці дарослага сына). Сямейна-бытавыя адносіны рэгламентаваліся звычаёвым правам і дзярж. сямейным правам.
Са стараж. часоў на Беларусі былі вядомы школы. Яны існавалі пераважна пры манастырах і цэрквах, з 16 ст. — пры брацтвах (гл.Брацкія школы). Пры ордэнах езуітаў, францысканцаў, бенедыкцінцаў існавалі калегіумы. Адукацыя гар. насельніцтва была звязана з агульнаеўрап. традыцыямі. Разам з тым духоўная культура і грамадская думка беларусаў у 14—16 ст. мелі свае асаблівасці. У той час узнікала бел.-літоўскае летапісанне (гл.«Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», Беларуска-літоўскі летапіс 1446, «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», Хроніка Быхаўца). Вяршыняй тагачаснай бел. культуры стала гуманістычная дзейнасць Ф.Скарыны, які ў перакладзе на старабел. мову выдаў Біблію (Прага, 1517—19). Яго паслядоўнікі С.Будны, В.Цяпінскі і інш. былі актыўнымі дзеячамі бел.Рэфармацыі. З жыццём і побытам беларусаў знаёміў еўрап. чытача адзін з выдатных паэтаў эпохі Адраджэння М.Гусоўскі. Вострыя праблемы грамадска-паліт. жыцця ўзнімалі М.Сматрыцкі, Л.Карповіч, С.Зізаній, Афанасій Брэсцкі і інш. З 16 ст. вядомы школьны тэатр, папулярнымі ў народзе былі лялечны тэатр батлейка, бел. харавыя песні-гімны — канты і псалмы. Склалася адметная беларуская іканапісная школа, дасягнулі росквіту драўляная скульптура і разьба па дрэве, беларуская рэзь стала шырока вядома за межамі Беларусі. Узнікла своеасаблівая архітэктура: Мірскі, Навагрудскі, Лідскі, Крэўскі замкі, Мураванкаўская і Сынковіцкая цэрквы-крэпасці і інш.
Асн. вынікам дзейнасці комплексу сац.-эканам., паліт., этнічных працэсаў 14—16 ст. на Беларусі стала складванне самаст. этнасацыяльнай супольнасці феад. тыпу — бел. народнасці і яе асн. этнічных прыкмет — мовы, культуры, самасвядомасці.
Цяжкім і складаным у гісторыі беларусаў быў перыяд 17—18 ст. Шматлікія войны з суседзямі і паміж магнатамі прывялі да сац.-эканам. крызісу Рэчы Паспалітай, які скончыўся яе падзеламі (1772, 1793 і 1795) паміж суседнімі дзяржавамі. Абвастрэнне нац.-класавых, рэлігійных і інш. супярэчнасцей выклікалі ўздым вызв. войнаў і антыфеад. паўстанняў. У выніку войнаў, голаду і эпідэмій рэзка зменшылася колькасць насельніцтва, што негатыўна паўплывала на развіццё бел. народнасці. Бел. шляхта на працягу 17—18 ст. ў асноўнай масе была паланізавана. Сялянства, частка гараджан, ніжэйшага і сярэдняга духавенства, дробнай і часткова сярэдняй шляхты актыўна супраціўлялася паланізацыі, што забяспечвала этнаэвалюцыйнае развіццё бел. народа. Дыферэнцыяцыя бел. культуры на культуру нар. мас і пануючых саслоўяў набывала ярка выражаную этнічную накіраванасць, калі менавіта народ захоўваў традыцыйнасць этнавызначальных прыкмет этнасу.
У 17—18 ст. на ПнУ і У Беларусі, сумежных тэр. Смаленшчыны і Пскоўшчыны стабілізавалася назва Белая Русь, вядомая з 14 ст., паступова ў шырокі ўжытак увайшлі паняцці «беларускі край», «беларускія гарады», «беларуская мова», «беларуская вера» (уніяцтва). Канфесіянальны склад заставаўся стракатым. Падтрымка каралеўскім дваром і магнатамі каталіцкай царквы садзейнічала пашырэнню на Беларусі розных каталіцкіх ордэнаў (дамініканцаў, езуітаў, францысканцаў, бенедыкцінцаў, кармелітаў і інш.), якія актыўна падтрымлівалі уніяцтва. Да канца 18 ст. католікі складалі каля 15%, уніяты 70%, праваслаўныя 6%, іудзеі 7%, пратэстанты і інш. 2% насельніцтва Беларусі. Палітыка акаталічвання і паланізацыі закранула і мову. У 1696 на канфедэрацыі Рэчы Паспалітай прынята рашэнне, паводле якога агульнадзярж. мовай абвяшчалася польская. Гэтыя і інш. неспрыяльныя сац.-паліт. фактары пагоршылі ўмовы развіцця духоўнай культуры бел. народа.
І.У.Чаквін.
Фарміраванне беларускай нацыі. Драматычныя падзеі апошняй трэці 18 ст. шмат у чым прадвызначылі далейшы лёс бел. этнасу. Устанаўленне паліт. улады рас. царызму садзейнічала захаванню і нават узмацненню феад. прыгону. Сельская гаспадарка Беларусі знаходзілася ў крызісным стане. За 1796—1858 насельніцтва Беларусі павялічылася на 27% і складала 3,3 млн.чал.Вял. страты панесла Беларусь у час Айчыннай вайны 1812. У пач. 19 ст. з’явіліся першыя прыкметы нац. кансалідацыі. У Віленскім ун-це ў канцы 1810-х г. М.Баброўскі і І.Даніловіч паклалі пачатак збіранню і публікацыі помнікаў бел. пісьменства 16—17 ст., садзейнічалі абуджэнню цікавасці да гіст. мінулага сярод студэнтаў — сяброў таварыстваў філаматаў і філарэтаў.
Развіццё бел. этнасу ў пач. 19 ст. характарызавалася не толькі працэсам фарміравання нац. самасвядомасці, але і іншаэтнічным асіміляцыйным уздзеяннем. Пры патуранні царскай адміністрацыі паланізацыя і акаталічванне карэннага насельніцтва ў канцы 18 — пач. 19 ст. нават узмацніліся. Тэарэтычным абгрунтаваннем гэтай дзейнасці сталі працы польскіх даследчыкаў С.Ліндэ, Л.Галамбёўскага, А.Дамбоўскага, А.Нарушэвіча, якія разглядалі беларусаў як этнагр. групу польскага народа. Пасля задушэння паўстання 1830—31 у дзярж. і навуч. установах замест польскай мовы ўводзілася руская. Полацкі царкоўны сабор 1839 абвясціў «уз’яднанне» уніятаў з пануючай праваслаўнай царквой. Гэта выклікала супраціўленне многіх вернікаў, асабліва на ПнЗ Беларусі. Пачалося афармленне тэорыі заходнерусізму, паводле якой беларусы лічыліся не самастойным этнасам, а адгалінаваннем рус. народа. Этнагр. асаблівасці, якія адрознівалі беларусаў ад рускіх, тлумачыліся польскім уплывам і падлягалі знішчэнню для аднаўлення нібыта «спрадвечна рускага характару краю». Заходнерусізм стаў ідэалогіяй і формай самасвядомасці часткі праваслаўнага духавенства, чыноўнікаў і дваран.
У 1840—50-я г. сярод шырокага кола мясц. інтэлігенцыі павялічылася цікавасць да гіст. мінулага Беларусі, вывучэння фальклору і побыту карэннага насельніцтва. З польскамоўнага літ. руху вылучылася т.зв. беларуская школа, творчасць прадстаўнікоў якой была прысвечана Беларусі. Асобныя творы Я.Чачота, Я.Баршчэўскага, А.Рыпінскага, У.Сыракомлі былі напісаны на бел. мове, а ў Я.Дуніна-Марцінкевіча яна стала асноўнай. У 1840-я г. А.Абрамовіч зрабіў першыя спробы стварэння нац. музычных твораў. У 1852 пастаўлена першая бел. опера «Сялянка» («Ідылія», муз. С.Манюшкі і К.Кжыжаноўскага, лібрэта Дуніна-Марцінкевіча). Самасвядомасць і творчасць гэтага кола інтэлігенцыі не заўсёды мелі ясна акрэслены нац. змест, але аб’ектыўна яны стваралі аснову бел. нацыянальнай мастацкай культуры. У цэлым развіццё нац. кансалідацыі слаба закранула этнас. Літвінамі сябе па-ранейшаму называлі жыхары Гродзенскага, Ваўкавыскага, Слонімскага, часткова Слуцкага пав. У Віленскай губ., Мінскім, Дзісенскім, Барысаўскім пав. літвінамі называлі толькі католікаў, а праваслаўных — беларусамі. Зах. Беларусь, як і раней, называлі Літвой, а этнічную Літву — Жмуддзю, Самагіціяй. Саманазва «беларусы» была найб. пашырана ў «гістарычнай Беларусі» — Віцебшчыне, Магілёўшчыне, Смаленшчыне, але яна мела пераважна тапанімічны характар. Захоўваліся шматлікія этніконы тыпу віцебцы, магілёўцы, гомельцы, пінчукі, бужане. Большасць памешчыкаў, 92% якіх былі католікамі, лічылі сябе палякамі. Многія з іх захоўвалі элементы мясц. («літоўскага», ці «беларускага») патрыятызму, які ў пач. 1860-х г. набыў нацынальна-паліт. і асветніцкі характар. У 1862 мінскі маршалак А.Аскерка выдаў у Варшаве бел. лемантар. Дробная шляхта сваю этнічную прыналежнасць звязвала з канфесіянальнай: католікі лічылі сябе палякамі, праваслаўныя — рускімі. Аналагічным чынам вызначалі сябе мяшчане. Этнічнае самавызначэнне інтэлігенцыі залежала гал. чынам ад яе паліт. арыентацыі, але большая частка аддавала перавагу польскай дэмакр. культуры. І толькі сярод нешматлікага кола дэмакр. інтэлігенцыі сфарміравалася ўяўленне пра тое, што беларусы валодаюць усімі ўмовамі для самастойнага развіцця і маюць на тое ўсе правы. Лідэрам гэтай групы стаў К.Каліноўскі. Яго публіцыстыка ў газ.«Мужыцкая праўда» сведчыла пра спеласць нац. руху. У час паўстання 1863—64 на Вілейшчыне па патрабаванні сялян былі адкрыты бел. школы. Паражэнне паўстання адмоўна адбілася на развіцці бел. этнасу. Лепшыя прадстаўнікі дэмакр. інтэлігенцыі загінулі, многія сасланы ў Сібір. Царская адміністрацыя ўстанавіла на Беларусі ваенна-паліцэйскі рэжым. Руская мова заняла пануючае становішча ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Было забаронена друкаваць бел. кнігі лацінкай.
Сялянская рэформа 1861 абумовіла пазітыўныя зрухі ў эканам. развіцці Беларусі. Вял. значэнне мела будаўніцтва густой сеткі чыгунак. Эканам. становішча сялян палепшылася. Вынікам гэтага стаў хуткі рост колькасці насельніцтва. За 40 паслярэформенных гадоў колькасць жыхароў падвоілася. У 1897 на Беларусі жыло 6,5 млн.чал.
У 1868 у Пецярбургу ўзнікла асветніцкая арг-цыя«Крывіцкі вязок». Далейшае развіццё нац. руху было звязана з народніцкай ідэалогіяй. У канцы 1870-х — пач. 1880-х г. у Пецярбургу была створана група «Гоман» — першая паліт. самастойная арг-цыябел.нац. інтэлігенцыі, якая выдавала час.«Гомон», інш. выданні. У 2-й пал. 1880-х г. у Мінску ўзнікла група ліберальнай інтэлігенцыі (М.В.Доўнар-Запольскі, У.З.Завітневіч, А.І.Слупскі, Я.Лучына і інш.), якая імкнулася абудзіць нац. самасвядомасць легальнымі сродкамі. Для гэтага выкарыстоўвалася першая прыватная на Беларусі газ.«Минский листок», а таксама выдадзеныя ў 1889—93 календары. Яшчэ большы ўплыў на фарміраванне нац. самасвядомасці зрабіла творчасць Ф.Багушэвіча. Яго прадмова да «Дудкі беларускай» з’явілася сапраўдным маніфестам нац. адраджэння (гл. таксама Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух).
Вял. значэнне мела дзейнасць шматлікіх збіральнікаў і даследчыкаў фальклору, лінгвістаў, этнографаў. Іх публікацыі пераканаўча сведчылі, што беларусы з’яўляюцца самастойным этнасам, а не «сапсаванымі» рускімі ці палякамі.
На працягу 2-й пал. 19 ст. ў этнічнай самасвядомасці беларусаў адбыліся істотныя змены. Паводле перапісу 1897, 74% насельніцтва Беларусі лічылі роднай мовай беларускую. Да беларусаў сябе адносілі каля 43% саслоўя дваран. Роднай мовай беларускую лічылі 40% чыноўнікаў, 10% юрыстаў, 20% урачоў, 29% паштова-тэлеграфных служачых, 60% настаўнікаў. Сярод сялянства назва «беларусы» выцесніла большасць лакальных этніконаў. Тэрмін Беларусь замацаваўся за ўсёй этнічнай тэрыторыяй беларусаў. Аднак саманазва «беларус» яшчэ не мела агульнаэтнічнага і нац. зместу. Таму поруч з ім ужываліся канфесіянізмы («рускія», і «палякі»), а жыхары паўн.-заходняй і цэнтр. часткі Беларусі нярэдка называлі сябе «тутэйшымі».
Нац. рух, які ўступіў у новы перыяд свайго развіцця, меў сацыяліст. характар. У 1903 створана Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). Паскорыўся працэс фарміравання бел. прафесійнай мастацкай культуры. Узніклі бел. выдавецтвы «Загляне сонца і ў наша аконца» ў Пецярбургу, «Наша ніва», «Наша хата» і «Палачанін» у Вільні і інш. З’явіліся перыяд. выданні: газеты «Наша доля», «Наша ніва», «Гоман», «Беларус», часопісы «Лучынка», «Саха», «Крапіва», альманах «Маладая Беларусь». Характэрнай рысай усёй бел. нацыянальнай культуры было абуджэнне агульнаэтнічнай самасвядомасці.
Вял. ўплыў на фарміраванне нац. самасвядомасці як сістэмы навук. поглядаў зрабілі працы Я.Ф.Карскага «Беларусы» (т. 1—3, 1903—22), артыкулы Доўнар-Запольскага, матэрыялы перапісу 1897, працы В.Ластоўскага, асабліва яго «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910). Вядучую ролю ў пашырэнні нац. самасвядомасці адыгрывала прэса, у першую чаргу газ. «Наша ніва», рэдакцыя якой стала арганізацыйным цэнтрам усяго нац. руху. Важнай формай папулярызацыі нац. культуры сталі бел. вечарынкі, што арганізоўваліся ў Вільні, Гродне, Полацку, Карэлічах, а таксама ў Пецярбургу, Варшаве, Тамбове і інш. Развіццю нац. культуры спрыяла кадыфікацыя бел. мовы. У 1908—10 былі спробы стварэння прыватных бел. школ.
Галоўным арэалам кансалідацыі бел. нацыі сталі цэнтр. і паўн.-зах. часткі Беларусі (Лідскі, Дзісенскі, Ашмянскі, Вілейскі, Гродзенскі, Ваўкавыскі, Слонімскі, Навагрудскі, Слуцкі і Мінскі пав). Менавіта сярэднебел. гаворкі, асабліва іх паўн.-зах. група, склалі дыялектную аснову бел. літаратурнай мовы. На пач. 20 ст.нац. самасвядомасць стала характэрнай рысай прадстаўнікоў практычна ўсіх класаў і сац. слаёў грамадства, што сведчыла пра завяршэнне фарміравання бел. нацыі як самаст. этнасацыяльнага арганізма.
П.У.Церашковіч.
Развіццё беларускай нацыі ў 20 ст. Першая сусв. вайна, Лютаўская і Кастр.рэв. 1917, грамадз. вайна, герм. і польск. акупацыі паставілі бел. народ на мяжу выжывання. У выніку страт на франтах і сярод мірнага насельніцтва ў часы ваен. дзеянняў і акупацый, эпідэмій, бежанства, эміграцыі з 7,5 млн.чал., што жылі на Беларусі ў 1914, на канец 1917 засталося 6,9 млн., а на пач. 1921 — 6,7 млн.чал. Радыкальныя змены ў паліт. сітуацыі пацягнулі за сабой трансфармацыю звыклых стэрэатыпаў, фарміраванне якасна новых уяўленняў аб сабе і суседзях. Важным крокам на шляху да бел. дзяржаўнасці было абвяшчэнне 25.3.1918 Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). 1.1.1919 Часовы рабоча-сялянскі ўрад Беларусі абнародаваў Маніфест аб утварэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР). Фактар дзяржаўнасці адыграў вял. этнафарміравальную ролю. У лют. 1919 БССР была аб’яднана з Літвой у Літоўска-Беларускую ССР. 31.7.1920 Беларусь зноў абвешчана незалежнай рэспублікай. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921зах.тэр. Беларусі з насельніцтвам больш за 4 млн.чал. засталася пад уладай Польшчы. Прымусовае адарванне Заходняй Беларусі стрымлівала этнічную кансалідацыю беларусаў. З пераходам да мірнага будаўніцтва, стварэннем СССР паступова вырашаліся нац. і культ. праблемы, пачалася беларусізацыя, якая прадугледжвала пашырэнне сферы ўжывання бел. мовы, вылучэнне на ключавыя пасады мясц. кадраў, развіццё нац. культуры.
Станаўленне новай школы ішло пераважна на роднай мове. На 15.12.1927 у БССР з 5510 школ 4573 былі беларускія. Працавалі таксама рус., яўр., укр., польск., лат., літ., ням. і інш. школы. Існавалі і школы змешанага тыпу: бел.-рус., бел.-польскія, бел.-яўр., рус.-яўр. і інш. Раўнапраўнымі дзярж. мовамі лічыліся бел., рус., польская і яўрэйская. Справаводства ў парт., дзярж., грамадскіх установах і арг-цыях пераводзілася на бел. мову. У станаўленні нац. адзінства пэўную ролю адыграла вышэйшая школа, у т. л.БДУ, Бел.ін-т сельскай і лясной гаспадаркі, Віцебскі ветэрынарны ін-т і інш. У 1929 на аснове Інстытута беларускай культуры створана Акадэмія навук Беларусі. Працэсу кансалідацыі спрыяла развіццё прафесійных формаў культуры беларусаў. На рэв. хвалі з нар. глыбінь у л-ру прыйшлі маладыя пісьменнікі і паэты. Узніклі літ. аб’яднанні («Узвышша», «Полымя», «Маладняк»), якія адыгралі прыкметную ролю ва ўздыме нац. свядомасці. Стварэнне бел. прафесійных тэатраў (Першы БДТ у 1920, Другі БДТ у 1926) стала стымулам для развіцця бел. драматургіі. Бел. мастакі, апрача нац. выставак, дэманстравалі свае творы ў Маскве, Лейпцыгу, Лос-Анжэлесе. У бел. кіно вядучае месца адводзілася гіст.-рэв. фільмам. Развівалася прафесійная музыка, аснову якой складалі нар. мелодыі. Палітыка беларусізацыі дала магутны імпульс для росквіту нац. культуры, абудзіла духоўныя сілы народа. У працэсе культурнай рэвалюцыі назіраліся супярэчлівыя тэндэнцыі, выкліканыя ігнараваннем інтарэсаў пэўных грамадскіх плыняў. Істотныя страты беларусам прычынілі прымусовая калектывізацыя і звязаныя з ёй высылкі за межы Беларусі заможных сялян. Калектывізацыя пакінула глыбокі след у духоўным жыцці беларусаў: разбураліся многія нар. традыцыі, звычаі, абрады, якія складваліся стагоддзямі. Гіпертрафіраваных памераў дасягнула антырэліг. прапаганда: закрываліся і рабаваліся цэрквы, знішчаліся многія арх. і гіст. помнікі. З канца 1920-х г. пачалася кампанія па выкрыцці т.зв. нацыяналдэмакратызму. Да «нацдэмаў» найперш адносілі пісьменнікаў і паэтаў сял. паходжання. Ахвярамі беззаконня сталі таксама вядомыя вучоныя, дзеячы мастацтва, настаўнікі і інш. (гл.Рэпрэсіі палітычныя ў СССР).
І ўсё ж бел.л-ра і мастацтва набывалі жанравую разнастайнасць і займалі пачэснае месца ў агульнасаюзнай і еўрапейскай культуры. У пач. 1930-х г. у БССР уведзена ўсеаг. абавязковае навучанне (пачатковае ў вёсцы, сямігадовае ў горадзе), у асноўным была ліквідавана непісьменнасць (паводле перапісу 1939 было 80,81% пісьменных). У 1938 працавала 7132 школы, у якіх вучылася больш за мільён дзяцей.
Складаным працэсам на Беларусі была індустрыялізацыя. У выніку хуткіх тэмпаў прамысл. развіцця БССР з аграрнай ператварылася ў індустрыяльна-аграрную рэспубліку. У працэсе тэхн. пераўзбраення нар. гаспадаркі мяняліся побыт і матэрыяльная культура беларусаў: традыц. касцюм паступова страчваў функцыі этнічнай прыкметы, традыц. прылады працы паступова выцясняліся машынамі. Замест шматлікіх вёсачак, засценкаў, хутароў узнікалі калгасныя пасёлкі, заснаваныя на нетрадыцыйных прынцыпах гасп. планавання. Пачалася планамерная забудова і рэканструкцыя гарадоў.
У Зах. Беларусі, якая да 1939 знаходзілася ў межах Польшчы, на нац. працэсы ўплывалі супярэчлівыя тэндэнцыі этнасац. развіцця. З аднаго боку, нарастала польска-каталіцкая каланізацыя «ўсходніх крэсаў», з другога — абуджэнне нац. самасвядомасці беларусаў. Запаволенае яе эканам. развіццё і слабая урбанізацыя былі адной з прычын кансервацыі традыц. культуры беларусаў. Важным паліт. актам, які станоўча паўплываў на развіццё бел. народа, было ўз’яднанне беларусаў у адзінай рэспубліцы (1939).
Працэсы ўнутранай кансалідацыі бел. этнасу перапыніла Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45. За гады акупацыі гітлераўцы разбурылі і зруйнавалі на Беларусі 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак, правялі больш за 140 карных аперацый, у час якіх спалілі 628 вёсак разам з жыхарамі. Загінуў кожны чацвёрты жыхар Беларусі. Вайна выклікала вял. міграцыі насельніцтва: у першыя месяцы вайны з тэр. Беларусі эвакуіравана 1,5 млн.чал.; больш за мільён беларусаў змагаліся на франтах, больш за 440 тыс. партызан і падпольшчыкаў вялі барацьбу на акупіраванай ворагам тэрыторыі (гл.Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну).
Пасля вайны ўнутрыэтнічная кансалідацыя бел. этнасу набірала сілу. У перыяд аднаўлення нар. гаспадаркі адраджаліся традыц. промыслы і рамёствы. Да канца 1950-х г. з дапамогай усёй краіны Беларусь аднавіла свой эканам. патэнцыял. Аднак толькі праз 30 гадоў яна дасягнула даваен. колькасці насельніцтва.
З 1960-х г. з разгортваннем навукова-тэхн. прагрэсу, інтэнсіўным развіццём урбанізацыі і міграцыі, ростам адукацыйнага патэнцыялу насельніцтва адбываліся глыбокія структурныя зрухі ў эканам., паліт., сац. і духоўным абліччы беларусаў. Унутраная кансалідацыя этнасу спалучалася з нарастаннем інтэграцыйных працэсаў. Тэмпы эканам. развіцця Беларусі былі вышэйшыя за сярэднія паказчыкі ў СССР. Павялічылася ўраджайнасць с.-г. культур, прадукцыйнасць жывёлагадоўлі. Індустрыяльнае аблічча рэспублікі сталі вызначаць працаёмкія і навукаёмкія галіны прамысловасці. Хуткі рост прам-сці паўплываў на рост міграцыйных працэсаў і тэмпы урбанізацыі. У гарадах Беларусі жыве 68,6% яе насельніцтва (на 1.1.1995). Міграцыя з вёсак найб. актыўнай і адукаванай іх часткі, масавы прыток сельскіх жыхароў у гарады пэўным чынам паўплывалі на этнічныя працэсы, на аблічча гараджан (73% ад гараджан склалі беларусы). Вяскоўцы прыносілі ў гар. лад жыцця бел. традыцыйную культуру: песні, танцы, абрады, звычаі.
Пад уплывам навук.-тэхн. прагрэсу адбываюцца змены ў матэрыяльнай культуры народа. Бел.нар. адзенне знайшло сваё ўвасабленне ў сцэнічным і абрадавым касцюме. Традыцыі нар. творчасці выкарыстоўваюцца ў мадэліраванні сучаснага адзення. У асобных нас. пунктах захоўваюцца нар. промыслы і рамёствы.
Значныя змены адбываюцца ў жыллёвым буд-ве, ва ўпарадкаванні сельскіх і гар. паселішчаў. Сельскае жыллё развіваецца па 2 кірунках: удасканальванне традыц. тыпаў і забудова вёскі шматпавярховымі дамамі і катэджамі. Аднак пераважае традыц. жыллё: 73% жыллёвага фонду сельскіх нас. пунктаў прыпадае на індывід. хаты. Будуюцца ў вёсках цагляныя і шлакабетонныя дамы; на змену саламянаму даху прыйшлі чарапіца, гонта, бляха, шыфер.
Ідзе інтэнсіўная трансфармацыя інтэр’ера (вылучэнне пакояў, наяўнасць фабрычнай мэблі, хатняй бібліятэкі і інш.).
Пэўнай традыцыйнасцю вылучаецца нац. кухня беларусаў. Па-ранейшаму аддаецца перавага жытняму хлебу, штодзень на стале ў беларусаў бывае бульба ў розных варыянтах. Як і раней, пашыраны стравы з круп. Аднак і ў харчаванні адбыліся пэўныя змены: больш спажываецца мясных і малочных прадуктаў, яек, цукру; параўнальна менш хлеба і бульбы. Стравы, якія раней гатавалі на свята, сталі паўсядзённымі. У той жа час такія стравы, як дранікі, калдуны, бабка, мачанка, пераходзяць на святочны стол і служаць свайго роду этнічнай прыкметай бел. кулінарыі.
Пазітыўныя змены адбыліся і ў духоўнай культуры беларусаў. Ажыццяўляецца ўсеагульная сярэдняя адукацыя. За 1970—90 колькасць нац. інтэлігенцыі падвоілася. Сярод спецыялістаў з вышэйшай адукацый, што працуюць у нар. гаспадарцы, беларусы складаюць 61% (1974), колькасць студэнтаў беларусаў павялічылася да 70,7% (1989). Калі ў 1970 на 1 тыс. беларусаў, што працавалі ў нар. гаспадарцы, прыпадала 40 чал. з вышэйшай і 515 з сярэдняй адукацыяй, то ў 1989 — адпаведна 115 і 774 чал. Беларусы прадстаўлены ва ўсіх групах інтэлігенцыі. Сярод дактароў навук беларусаў 47%, сярод кандыдатаў — каля 50%. Адметнай рысай самасвядомасці беларусаў стала прафесійная культура (літаратура, мастацтва). Яна заняла моцныя пазіцыі ў перадачы этнічных ведаў.
Вялікае значэнне ва ўмацаванні агульнаэтнічнага адзінства набылі тэлебачанне, радыё, друк, якія знаёмяць з багатай спадчынай беларусаў, іх гісторыяй, культурай. У абрадавым жыцці беларусаў ідуць складаныя, супярэчлівыя працэсы. Абраднасць выцясняецца за межы сям’і. Паралельна з працэсам арганізаванага ўкаранення новай абраднасці ідзе актывізацыя абрадавай творчасці нар. мас. Ступень захаванасці нац. самабытнасці найб. высокая ў абрадах, звязаных з жыццём сям’і (радзіны, вяселле, пахаванне). У апошнія дзесяцігоддзі заўважаецца адраджэнне каляндарных свят (провады зімы, гуканне вясны, зажынкі, дажынкі, Купалле), а з 1990-х г. агульнанац. святамі сталі Каляды, Вялікдзень, Дзяды.
Неадназначныя працэсы ідуць і ў моўнай сферы беларусаў. Перапіс 1959 зафіксаваў павелічэнне колькасці беларусаў, якія лічаць бел. мову роднай. Аднак з 1970 працэнт такіх людзей памяншаўся. Мацнейшыя арыентацыі на бел. мову ў сельскай мясцовасці. Больш трывала яна ўтрымлівалася ў сферы чытання, менш — ва ўнутры- і міжнац. зносінах. Патэнцыяльнае валоданне роднай мовай у беларусаў больш высокае, чым яе фактычнае выкарыстанне. Ва ўмовах інтэнсіўнай адаптацыі беларусаў да індустрыяльна-урбанізаванага асяроддзя, інтэрнацыяналізацыі ладу жыцця змяніліся адносіны ў выкарыстанні бел. і рус. моў на карысць апошняй. У выніку нац. свядомасць часткі беларусаў стала абапірацца на мову не як на аб’ектыўную прыкмету, а як на этнічны сімвал. Матэрыялы спец. даследаванняў і перапісаў сведчаць, што нац. самасвядомасць беларусаў абапіраецца на 2 мовы: беларускую і рускую. Масавае двухмоўе стала ўстойлівай з’явай, што пацвердзіў рэферэндум 1995. Руская мова адносіцца да найбольш пашыраных у свеце моў, валодае высокім інфармацыйна-камунікатыўным патэнцыялам, з’яўляецца роднаснай беларускай мове, што і вызначае яе шырокае выкарыстанне беларусамі.
Інтэнсіфікацыя этнакультурных кантактаў, рост нац. змешаных сем’яў, інтэрнацыяналізацыя працоўных калектываў ідзе на фоне нац. цярпімасці і суправаджаецца пэўнай мадыфікацыяй этнасу. У выніку кансалідацыйных працэсаў устойліва замацаваўся ў якасці агульнаэтнічнай назвы этнонім «беларусы». У іншанац. асяроддзі беларусы выступаюць як адзіная нац. агульнасць.
У этнічнай гісторыі беларусаў 1970—80-я г. адзначаны развіццём эканомікі, культуры, своеасаблівай раўнавагай (балансам) інтарэсаў розных нац. і сац. сіл, умацаваннем нац. самасвядомасці. Аднак у канцы 1980 — пач. 1990-х г. заўважаюцца негатыўныя тэндэнцыі ў эканоміцы, дэмаграфічным развіцці (павялічваецца смяротнасць, зніжаецца нараджальнасць), у культуры этнасу, экалогіі (найперш Чарнобыльская катастрофа 1986).
Канец 20 ст., як і яго пачатак, стаў пераломным у гісторыі беларусаў, калі на эвалюцыйны шлях развіцця вял. ўплыў аказвалі паліт. і сац. зрухі. 27.7.1990 сесія Вярх. Савета БССР прыняла Дэкларацыю «Аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі», якой 25.8.1991 нададзены статус канстытуцыйнага закону. Пасля распаду СССР глабальныя паліт. змены адбыліся і на Беларусі. На 1990-я г. прыпадаюць змены ў культурна-гіст. самасвядомасці беларусаў: умацоўваецца рэліг. самасвядомасць і прыналежнасць чалавека да пэўнага этнасу, а ўтварэнне менавіта сваёй бел. дзяржаўнасці спрыяе развіццю этнакансалідуючых тэндэнцый.
Гісторыя сведчыць, што беларусы на працягу свайго шматвяковага шляху стварылі і захавалі багатую, самабытную і унікальную культуру, якая ўвайшла ў сусветную цывілізацыю, паказалі мужнасць і гераізм, цярпенне і працавітасць, міласэрнасць і ўменне жыць у добрасуседстве. Гэта дае надзею на будучае, што і ў 3-м тысячагоддзі беларусы не страцяць свайго «твару», знойдуць сваё месца ў шматколернай сусветнай супольнасці народаў.
Да арт.Беларусы. Свінцовая пячатка Усевалада Яраславіча з Полацка. 11 ст.Да арт.Беларусы. Карта Вялікага княства Літоўскага і Белай Русі Г.Баплана. Каля 1654.Да арт.Беларусы. Дзяўчынкі са Случчыны. Пач. 20 ст.Да арт.Беларусы. Дзяўчына ў святочным уборы. Вёска Колкі Клецкага р-на Мінскай вобл.Неглюбскія ручнікі. Вёска Неглюбка Веткаўскага раёна.Хата ў вёсцы Старое Сяло Веткаўскага раёна.
Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. Экспазіцыя сектара «Цэнтральная Беларусь».Крыжы з аброчнымі тканінамі на могілках у Чарнобыльскай зоне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка Рэспублікі Беларусь. Размешчана на ПдУ Беларусі, каля граніц з Украінай і Расіяй. Утворана 15.1.1938. Пл. 40,4 тыс.км². Нас. 1594,2 тыс.чал. (1995). Цэнтр — г.Гомель. У вобласці 21 раён: Акцябрскі, Брагінскі, Буда-Кашалёўскі, Веткаўскі, Гомельскі, Добрушскі, Ельскі, Жлобінскі, Жыткавіцкі, Калінкавіцкі, Кармянскі, Лельчыцкі, Лоеўскі, Мазырскі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі, Рагачоўскі, Рэчыцкі, Светлагорскі, Хойніцкі, Чачэрскі (гл. адпаведныя артыкулы), 17 гарадоў, у т. л. 8 абл. падпарадкавання — Гомель, Добруш, Жлобін, Калінкавічы, Мазыр, Рэчыца, Рагачоў, Светлагорск, 18 гар. пасёлкаў, 279 сельсаветаў, 2665 сельскіх населеных пунктаў.
Прырода. Паверхня вобласці раўнінная. Большая ч. вобласці размешчана на Палескай нізіне, паўд.-ўсх. і ўсх. — на Прыдняпроўскай нізіне. У межах вобласці вылучаюцца 3 фізіка-геагр. раёны падправінцыі Беларускага Палесся: Прыпяцкае Палессе, Мазырскае Палессе, Гомельскае Палессе. На правым беразе Прыпяці — Мазырская града з вышэйшым пунктам вобласці — 221 м, у міжрэччы Дняпра і Прыпяці — Хойніцка-Брагінскія вышыні (да 157 м). Пераважае нізінны рэльеф (вышыні 135—150 м над узр. м.), які займае ¾ тэр. вобласці. Ніжэйшы пункт у пойме Дняпра пры выхадзе яго на тэр. Украіны — 103,4 м над узр. м. Карысныя выкапні: нафта (60 радовішчаў пераважна ў Рэчыцкім, Светлагорскім і Акцябрскім р-нах), калійныя і каменныя солі (Петрыкаўскае радовішча калійных і каменнай солей, Давыдаўскае і Мазырскае радовішча каменнай солі), буры вугаль (Брынёўскае і Жыткавіцкае радовішчы), гаручыя сланцы (Тураўскае радовішча), торф, будаўнічы і абліцовачны камень, шкловыя і фармовачныя пяскі, мел, гіпс, цагельныя гліны і суглінкі, каалін, мінер. воды і інш. Клімат умерана кантынентальны. Зіма мяккая, лета цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -6,3 °C на ПдЗ да -8,2 °C на ПнУ, у ліп. ад 18,5 °C на З да 19,7 °C на У. Вегетац. перыяд 188—199 сутак. Гадавая колькасць ападкаў 510—670 мм. Каля 70% іх прыпадае на цёплую палавіну года (крас. — кастрычнік). Рэкі належаць да басейна Дняпра, што працякае па тэр. вобласці з Пн на Пд на працягу амаль 400 км. Найб. яго прытокі ў межах вобласці суднаходныя — Прыпяць, Бярэзіна (справа), Сож (злева). Найб. прытокі Прыпяці — Случ, Пціч, Трэмля, Іпа (злева), Сцвіга, Убарць, Славечна, Жалонь (справа), Сажа — Беседзь і Іпуць (злева). Самае вял. па плошчы воз. Чырвонае, у поймах рэк невял. азёры-старыцы. Густая сетка меліярац. каналаў. Глебы сельгасугоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя (31,6%) і дзярнова-падзолістыя забалочаныя (28,7%), тарфяна-балотныя (19,2%), поймавыя і інш. Паводле мех. складу пераважаюць супясчаныя (31,2%) і пясчаныя (30,8%), менш тарфяных (19,2%) і сугліністых (18,8%). Асушаныя землі займаюць каля 30% сельгасугоддзяў, найб. у Акцябрскім р-не — 50%, у Калінкавіцкім, Ельскім, Петрыкаўскім, Светлагорскім, Хойніцкім р-нах каля 40%. Пад лесам каля 44% тэр. вобласці. На хваёвыя лясы прыпадае 65%, бярозавыя — 14, чорнаальховыя — 9,5, дубовыя — 8%. Найб. лясістасць на З і Пд вобласці, у асобных раёнах больш за 50%. Пад лугамі 17,2%, каля 2/3 з іх нізінныя. Балоты, пераважна нізінныя, займаюць каля 13% тэр. вобласці, большасць іх асушана. На тэр. вобласці Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны запаведнік (з 1997 нац. парк), 11 біялагічных, 1 ландшафтны і інш. заказнікі, 35 помнікаў прыроды. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 69,3% тэр. вобласці забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі паўраспаду, у т. л. зона са шчыльнасцю забруджвання па цэзію-137 больш як 5 Кі/км² займае 27,5% тэр. вобласці. У найб. забруджанай (шчыльнасць па цэзію-137 больш за 40 Кі/км²) паўд.ч. вобласці створаны Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (84,4%), жывуць таксама рускія (9%), украінцы (3%), яўрэі (2,8%) і інш. Гарадскога насельніцтва 68,2%. Сярэдняя шчыльн. 40 чал. на 1 км², сельскага насельніцтва 12,7 чал. на 1 км². Найб. гарады (тыс.чал., 1995): Гомель (514), Мазыр (107), Светлагорск (76), Рэчыца (73), Жлобін (67), Калінкавічы (42), Рагачоў (37), Добруш (20). Пасля 1985 нараджальнасць і натуральны прырост зніжаюцца, расце смяротнасць, павялічваецца доля асоб, старэйшых за працаздольны ўзрост. З 1986 насельніцтва ў Нараўлянскім, Брагінскім і Хойніцкім р-нах (найб. пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС) паменшылася больш як на 50%.
Гаспадарка. Прамысловасць пераважае ў гаспадарчым комплексе. У ёй занята 30% усіх працуючых. Тэмпы развіцця і структура яе ў 1990-я г. нестабільныя. У 1991—95 для прам-сці вобласці характэрна зніжэнне аб’ёмаў вытв-сці і рост беспрацоўя. Вобласць спецыялізуецца на здабычы нафты, кухоннай солі, вытв-сці сталі і пракату, асобных галінах машынабудавання, хім., лясной, лёгкай і харч. прам-сці. У вобласці вырабляюць (у % да рэсп. вытв-сці): нафты і кухоннай солі (здабыча) — 100%, прадуктаў нафтаперапрацоўкі — 50, сталі — 81,5, сернай кіслаты — 49,3, фосфарных угнаенняў — 100, кормаўборачных камбайнаў — 100, падшыпнікаў качэння — 34, металарэзных станкоў — 20, аконнага шкла — 100, паперы — 29, кардону — 44, шпалераў — 58, драўняна-стружкавых пліт — 34, кандытарскіх вырабаў — 29, кансерваў — 21, туалетнага мыла — 100, гасп. мыла — 91%. Самыя вял. прадпрыемствы ў Гомелі, Мазыры, Светлагорску, Жлобіне, Рэчыцы, дзе сканцэнтравана каля 80% прамысл. патэнцыялу вобласці. У Рагачове малочнакансервавы камбінат і прадпрыемствы машынабудавання, у Рэчыцкім р-не асн. здабыча нафты краіны, у Добрушы папяровая ф-ка «Герой працы», фарфоравы з-д. На тэр. вобласці больш за 10 буйных прадпрыемстваў дрэваапр. прам-сці. У раённых цэнтрах і гар. пасёлках працуюць прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі (агародніны, мяса, малака), лясной, дрэваапр., лёгкай прам-сці, па вытв-сці будматэрыялаў. Сельская гаспадарка большасці раёнаў спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых, бульбы, у прыгарадных гаспадарках таксама на птушкагадоўлі, вырошчванні агародніны і пладаводстве. У сельскай гаспадарцы занята 17,5% усіх працуючых. Галіна перажывае негатыўныя вынікі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС: паменшылася плошча сельгасугоддзяў (асабліва ворыва), змянілася структура пасеваў, скарацілася пагалоўе жывёлы і інш. У цэлым роля вобласці ў с.-г. вытв-сці рэспублікі пасля Чарнобыльскай катастрофы паменшылася. Сельгасугоддзі займаюць 36,3% тэр. вобласці, у т. л. лугі і паша — каля 13%, ворыва — 21,5%. Найб. асвоены Буда-Кашалёўскі, Кармянскі, Добрушскі р-ны, дзе пад сельгасугоддзямі больш за 60% тэр. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і зернебабовыя, а таксама кармавыя культуры (гл.табл. 1).
Сярод збожжавых найб. плошчы пад жытам і ячменем. У 1995 пры долі пасяўных плошчаў 14,3% (ад пасяўных плошчаў па рэспубліцы) атрымана 14,3% збожжа, 15,5% бульбы, 16,6% агародніны ад вытв-сці па рэспубліцы. На 433 фермерскія гаспадаркі (1996) прыпадае 8,3 тыс.га сельгасугоддзяў (у т. л. 6,7 тыс.га ворыва), што складае 0,6% ад усіх сельгасугоддзяў вобласці і 0,7% ворыва. Павышаецца доля фермерскіх і асабістых дапаможных гаспадарак у валавых зборах бульбы (83,6% у 1995), агародніны (80,9%), пладоў і ягад (96,4%). Жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку, развіты свінагадоўля і птушкагадоўля. Дынаміка пагалоўя на 1990 была дадатная, у апошнія гады адзначаецца тэндэнцыя да скарачэння пагалоўя і вытв-сці асн. прадуктаў жывёлагадоўлі (гл.табл. 2).
У апошнія гады павышаецца доля асабістых дапаможных гаспадарак у вытв-сці жывёлагадоўчай прадукцыі. Найб. колькасць жывёлы і птушкі (у жывой вазе) рэалізуецца калгасамі, саўгасамі і міжгасамі Гомельскага, Добрушскага, Жлобінскага р-наў, малака — Акцябрскага, Гомельскага, Калінкавіцкага, яец — Гомельскага р-на.
Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 903 км. Праходзяць важныя міжнар. магістралі: С.-Пецярбург—Жлобін—Адэса, Вільнюс—Мінск—Жлобін—Корасцень—Кіеў, Брэст—Гомель. Удзельная вага чыг. транспарту ў агульным грузаабароце вобласці складае больш за 90%, у пасажыраабароце — 50% (1995). Буйныя чыг. вузлы Гомель, Жлобін, Калінкавічы. Аўтамаб. транспарт займае 2-е месца пасля чыгуначнага па груза- і пасажыраабароце. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 7,9 тыс.км (1994). Асн. магістралі С.-Пецярбург—Віцебск—Гомель—Кіеў, Мінск—Гомель, Бранск—Гомель—Пінск—Брэст. Суднаходства па Дняпры, Прыпяці, Бярэзіне, Сажы. Па тэр. вобласці праходзіць магістральны нафтаправод «Дружба», газаправоды Гомель—Мінск, Шчорс—Гомель. Сетка нафтаправодаў злучае нафтапромыслы з нафтаправодам «Дружба». У Гомелі аэрапорт.
Л.В.Казлоўская.
Табліца 1 Пасяўныя плошчы вобласці
Плошча (тыс.га)
Гады
1990
1994
Уся пасяўная плошча
880,5
855,2
Збожжавыя і зернебабовыя
379,7
407,8
Бульба
112,1
101,8
Лён
6,0
5,0
Агародніна
6,8
12,0
Плады і ягады
25,2
24,1
Кармавыя культуры
367,1
321,3
Табліца 2 Пагалоўе жывёлы і птушкі ў гаспадарках вобласці
Пагалоўе (тыс. галоў)
Гады
1981
1991
1996
Буйная рагатая жывёла
1221
1160,3
776,2
у т.л. каровы
504
368,4
324,7
Свінні
652
686,3
556,4
Авечкі і козы
88
13,6
19,0
Птушка
7132
8274,5
5122,0
Да арт.Гомельская вобласць. Балота ў Рэчыцкім раёне (уверсе). На рацэ Сож у Гомелі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎСТА́ННЕ 1863—64 y Польшчы, Беларусі і Літве, нацыянальна-вызваленчае паўстанне за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772. Падрыхтавана польск. і бел.-літ. канспіратыўнымі арг-цыямі, якія мелі сувязі з арг-цыяй рас. рэвалюцыянераў-дэмакратаў «Зямля і воля», хоць не ўсе «чырвоныя» (так называлі прыхільнікаў ідэі ўзбр. паўстання ў Польшчы, Беларусі і Літве) падзялялі праграму «Зямлі і волі». Пераважную большасць паўстанцаў складалі шляхецкія рэвалюцыянеры, якія ў сваёй праграме на першае месца ставілі аднаўленне польск. дзяржавы ў межах б. Рэчы Паспалітай, г.зн. з уключэннем у яе склад Літвы, Беларусі і Правабярэжнай Украіны. Гал. роля ў рэалізацыі гэтай ідэі адводзілася шляхце, а дапаможная — сялянству. Памешчыкам абяцалі захаваць іх землеўладанне і аплаціць за кошт дзяржавы землі, адведзеныя пад сял. надзелы; сялянам перадаць ва ўласнасць без выкупу і часоваабавязаных адносін надзелы, якія яны атрымалі паводле рэформы 19.2.1861. Прадугледжвалася ўраўнаванне грамадзянскіх правоў сялян і шляхты, замена падушнага падатку падымным, а 25-гадовай рэкрутчыны 3-гадовай вайск. службай у сваім краі, аднаўленне уніяцкай царквы. Такую праграму распрацаваў створаны летам 1862 у Варшаве Цэнтральны нацыянальны камітэт (ЦНК), які ў пач. 1863 абвясціў сябе Часовым нац. урадам на ўсёй тэр.б. Рэчы Паспалітай. Асн. роля ў падрыхтоўцы П. належала яго кіруючаму органу «чырвоных». Праграма П. выкладзена ў «Маніфесце» і агр. дакументах, апублікаваных 22.1.1863. Новым у ёй было толькі абяцанне выдзеліць па 3 маргі (каля 2 дзесяцін) зямлі беззямельным сялянам, якія са зброяй у руках падтрымаюць паўстанне.
Падрыхтоўку П. на Беларусі і Літве з восені 1861 узначальваў Камітэт руху, які дзейнічаў у Вільні. Летам 1862 к-т быў падпарадкаваны ЦНК і ператвораны ў Літоўскі правінцыяльны камітэт (ЛПК). У яго склад у якасці камісара ЦНК быў прызначаны Н.Дзюлёран. Аднак у кастр. 1862 старшынёй ЛПК стаў К.Каліноўскі, які ўзяў курс на дасягненне самастойнасці і раўнапраўнасці ва ўзаемадачыненнях віленскага і варшаўскага цэнтраў. Ён не падзяляў ні аграрнай, ні нац. праграмы ЦНК, выступаў за перадачу ўсёй зямлі сялянам і разгортванне сял. рэвалюцыі, за ліквідацыю шляхты як «гнілой і разбэшчанай касты», за прадастаўленне Літве і і Беларусі права на самавызначэнне.
Свае погляды па праграмных пытаннях Каліноўскі выказваў у выдаваемай ім газ.«Мужыцкая праўда». Маніфестам ад 1.2.1863 ЛПК заклікаў насельніцтва Літвы і Беларусі падтрымаць пачатае ў Польшчы паўстанне. Пры гэтым ЛПК, ператвораны ў Часовы правінцыяльны ўрад Літвы і Беларусі, быў вымушаны прыняць і апублікаваць праграму П., вызначаную польск. нац. урадам. У пач.сак. 1863 да П. далучылася частка буйных памешчыкаў і буржуазіі, т.зв.«белыя», якія да гэтага часу ставіліся да яго непрыхільна, бо разлічвалі дамагчыся аднаўлення польскай дзяржаўнасці мірным шляхам, пры дапамозе зах. краін, найперш Англіі і Францыі. Каб усталяваць свой кантроль за ходам падзей, «белыя» 10.3.1863 фактычна захапілі ў свае рукі кіраўніцтва паўстаннем у Польшчы. Часовы ўрад Літвы і Беларусі на чале з Каліноўскім 11 сак. расфарміраваны і заменены Аддзелам кіраўніцтва правінцыямі Літвы, старшынёю якога стаў Я.Гейштар. У сувязі з гэтым Каліноўскі ад імя ЛПК. Напісаў рэзкі пратэст супраць акцыі «белых», якую ацаніў як здраду рэвалюцыі. Аднак ён вымушаны быў падпарадкавацца «галаве паўстання» і прыняць назначэнне на пасаду гродзенскага ваяводскага камісара. «Белыя» істотна ўзмацнілі свае пазіцыі ў кіруючых структурах падп. арг-цыі ў Літве і Беларусі на губернскім (ваяводскім), павятовым і акруговым узроўнях.
Першыя паўстанцкія атрады, у т. л. вялікі атрад Р.Рагінскага, прыйшлі на Беларусь з Польшчы ў канцы студз. 1863. Фарміраванне мясц. атрадаў і выхад іх у месцы збору пачаліся ў сак.—крас. 1863 (гл.Віцебскія паўстанцкія атрады, Гродзенскія паўстанцкія атрады, Магілёўскія паўстанцкія атрады, Мінскія паўстанцкія атрады). Усяго на сучаснай тэр. Беларусі з лют. па жн. 1863 зафіксавана 46 баёў і баявых сутычак паўстанцаў з царскімі войскамі. 3 іх 2/3 адбыліся на Гродзеншчыне і Віленшчыне. Да найб. значных акцый паўстанцаў Беларусі адносяцца захоп 24.4.1863 г. Горкі Магілёўскай губ. атрадам Л.Звяждоўскага з дапамогай студэнтаў Горы-Горацкага земляробчага інстытута і Мілавідская бітва 1863.
Прыход «белых» да кіраўніцтва паўстаннем адмоўна паўплываў на адносіны да яго бел. сялян. Удзел у паўстанні польск. памешчыкаў яны ў большасці ўспрымалі як выступленне супраць «цара-вызваліцеля» з мэтай аднаўлення прыгону. Каб адцягнуць сялян Беларусі і Літвы ад удзелу ў паўстанні, урад прыняў пэўныя эканам. меры. Указамі ад 1.3 і 2.11.1863 спыняліся часоваабавязаныя адносіны сялян да памешчыкаў, сялян пераводзілі на абавязковы выкуп, пры гэтым выкупныя плацяжы паніжаліся на 20%. У кастр. 1863 выдадзены загад аб выдзяленні сялянам, абеззямеленым у 1846—56, 3-дзесяцінных сямейных надзелаў і аб вяртанні поўных надзелаў тым сялянам, якіх памешчыкі абеззямелілі ў пазнейшыя гады. З другога боку, вёскі, дзе паўстанцы знаходзілі падтрымку, падвяргаліся жорсткім рэпрэсіям. У цэлым сяляне Беларусі склалі толькі 18% сярод удзельнікаў паўстання, а шляхта, праўда, пераважна беззямельная і малазямельная — 70%.
Сярод рас. грамадскасці, нават ліберальна-дэмакратычнай, П. пад заклікам аднаўлення Польшчы з далучэннем да яе Літвы, Беларусі і Правабярэжнай Украіны выклікала актыўнае процідзеянне. Праз дзярж. ўстановы, царкву, школу, друк яно распаўсюдзілася і сярод нар. мас Расіі, што перакрэсліла надзеі на ўсерасійскае сял. паўстанне. Гэтым, па сутнасці, быў прадвырашаны лёс паўстання. У падтрымку паўстання выступілі толькі А.І.Герцэн і яго «Колокол», Камітэт рускіх афіцэраў у Польшчы. Не спраўдзіліся спадзяванні паўстанцаў і на дапамогу зах. дзяржаў. Задушэннем паўстання на тэр. Беларусі і Літвы з сярэдзіны мая 1863 кіраваў новы віленскі ген.-губернатар М.М.Мураўёў, які атрымаў ад Аляксандра II надзвычайныя паўнамоцтвы. Ён прымусіў «белых» (памешчыкаў і вышэйшае каталіцкае духавенства) адмовіцца ад падтрымкі паўстання. Многія актыўныя дзеячы паўстання былі арыштаваны або загінулі ў ходзе баявых дзеянняў. Частка іх перабралася за мяжу. У такіх умовах Каліноўскі ў пач.чэрв. 1863 зноў быў запрошаны ў Вільню. У канцы ліп. ён узначаліў Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы, пераўтвораны ў Выканаўчы аддзел Літвы, а 22 жн. яму перадалі і паўнамоцтвы камісара Варшаўскага ўрада ў Вільні. К канцу лета 1863 у руках Каліноўскага сканцэнтравалася ўся паўната ўлады ў паўстанцкай арг-цыі Беларусі і Літвы, аднак дамагчыся пералому ў ходзе барацьбы ён не здолеў: да пач.вер. 1863 паўстанне на Беларусі і Літве было практычна задушана. Паводле афіц. звестак, што датычаць Беларусі і Літвы, 128 чал. былі пакараны смерцю, 12 483 чал. адпраўлены на катаргу і пасяленне ў Сібір, арыштанцкія роты і г.д. Маёнткі памешчыкаў, якія мелі дачыненне да паўстання, канфіскоўваліся ў казну і на вельмі льготных умовах прадаваліся царскім генералам і чыноўнікам, выхадцам з цэнтр. губерняў. Усе астатнія мясц. памешчыкі (на першым часе нават рускія) былі абкладзены кантрыбуцыяй. Закрываліся або ператвараліся ў правасл. цэрквы многія касцёлы. Улады закрылі адзіную ў Беларусі вышэйшую навуч. ўстанову — Горы-Горацкі земляробчы ін-т, скарацілі колькасць сярэдніх навуч. устаноў. У Беларусі і Літве ўстаноўлены рэжым выключных законаў, накіраваны на памяншэнне польскага і ўзмацненне рускага ўплыву. Праводзіліся і іншыя рэпрэсіўныя мерапрыемствы.
У польск. і рас., у т. л. савецкай, гістарыяграфіі паўстанне 1863—64 у цэлым ацэньваецца як польскае, без уліку яго асаблівасці ў бел.-літ. рэгіёне, што напярэдадні і ў ходзе П. тут праявілася плынь бел.нац.-вызв. руху на чале з Каліноўскім. У бел. гістарыяграфіі ў дачыненні да Літвы і Беларусі яно як польскае не вызначаецца.
Літ.:
Ратч В.Ф. Сведения о польском мятеже 1863 г. в Северо-Западной России. Т. 1—2. Вильна, 1867—68;
Ігнатоўскі У.М. 1863 год на Беларусі. Мн., 1930;
Революционный подъем в Литве и Белоруссии в 1861—1862 гг.М., 1964;
Восстание в Литве и Белоруссии. М., 1965;
Кісялёў Г. З думай пра Беларусь. Мн., 1966;
К.Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. Мн., 1988;
Біч М. Нацыянальнае і аграрнае пытанні ў час паўстання 1863—1864 гг. // Бел.гіст.часоп. 1993. № 3.
М.В.Біч.
Да арт.Паўстанне 1863—64. Касінеры Каліноўскага. Мастак Л.Дударэнка. 1978.Да арт.Паўстанне 1863—64. К.Каліноўскі і В.Урублеўскі робяць агляд паўстанцаў. Мастак П.Сергіевіч 1959.