вострыя, зацяжныя і хранічныя псіхічныя расстройствы ад хранічнага алкагалізму. Найб. частая форма — алкагольны дэлірый (белая гарачка) узнікае, калі раптоўна спыніць прыём алкаголю. Пачынаецца з бяссоніцы і трывожнага настрою. Пазней з’яўляюцца зрокавая і слыхавая галюцынацыі; хворыя бачаць насякомых і дробных жывёл. Гэта выклікае страх і рухальны неспакой. Хвароба цягнецца некалькі дзён. Пры адсутнасці лячэння часта прыводзіць да смерці. Хворыя сацыяльна небяспечныя. Востры алкагольны галюцыноз і алкагольны параноід развіваецца таксама на фоне пахмельнага сіндрому і дэпрэсіўна-трывожнага настрою, але галюцынацыі слыхавыя: хворы «чуе» асуджальныя, абразлівыя або пагражальныя галасы. Параноід часцей бывае ў выглядзе алкагольнага трызнення рэўнасці. Пры энцэфалапатыі Гае—Верніке да псіх. расстройстваў далучаюцца неўралгічныя і саматычныя парушэнні. Пры хранічных алкагольных галюцынозах слыхавыя галюцынацыі (хворы да іх прывыкае і часам ставіцца крытычна) цягнуцца многія гады, нават пры цвярозым ладзе жыцця. Корсакаўскі псіхоз (хвароба ўпершыню апісана рус. псіхіятрам С.С.Корсакавым) характарызуецца значнымі парушэннямі памяці і полінеўрытам (запаленнем перыферычных нерв. ствалоў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЕКТЫ́ЎНАЕ,
тое, што належыць самому аб’екту, існуе незалежна ад дзеючага суб’екта і яго свядомасці. Тэрмін аб’ектыўнае мае некалькі аспектаў. Анталагічны ўключае ўяўленне аб аб’ектыўным як існуючым па-за чалавекам і чалавецтвам і незалежна ад іх (напр., памеры і канфігурацыі рэчаў як іх аб’ектыўныя ўласцівасці). Гнасеалагічны звязаны з уяўленнем аб аб’ектыўным як уласцівасці ведаў, упэўненасці ў тым, што яны адлюстроўваюць аб’ект, які даследуецца, у сваіх асабістых характарыстыках (напр., найб. фундаментальныя характарыстыкі сістэм нежывой прыроды — скорасць святла, гравітацыйная пастаянная, у біял. відавой папуляцыі — суадносіны паміж асобінамі рознага полу). У аб’ектыўным ідэалізме аб’ектыўнае — гэта ідэі і паняцці, што існуюць незалежна ад суб’екта. У грамадскім жыцці пад аб’ектыўным разумеюць працэсы і фактары, якія не залежаць ад волі і жаданняў людзей. Аб’ектыўным з’яўляюцца сац. законы, хоць яны фарміруюцца праз механізм чалавечай дзейнасці. Аб’ектыўнае проціпастаўляецца суб’ектыўнаму і суб’ектыўна-асабоваму. Аднак такое проціпастаўленне не мае абсалютнага характару: тое, што ў адных адносінах з’яўляецца аб’ектыўным, у іншых можа быць суб’ектыўным.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЕКТЫ́ЎНАЯ РЭА́ЛЬНАСЦЬ,
сукупнасць незалежных ад чалавечай свядомасці аб’ектаў, сувязяў, адносін, узаемадзеянняў, працэсаў, аб’яднаных у нежывыя, жывыя і сац.-арганізаваныя сістэмы. Жывыя сістэмы ўключаюць усю сукупнасць арганізмаў, здольных да самаўзнаўлення на аснове генетычнай інфармацыі. Сац.-арганізаваныя сістэмы — гэта сукупнасць індывідуумаў і іх згуртаванняў, якія падтрымліваюць сваё існаванне праз пераўтварэнне навакольнай рэчаіснасці. У структуру такіх сістэм уваходзяць таксама створаныя чалавекам тэхн. сістэмы, з дапамогай якіх ён больш паспяхова асвойвае рэчаіснасць. Унутраная падпарадкаванасць і сістэмная арганізацыя, якімі валодае аб’ектыўная рэальнасць, законы яе эвалюцыі складаюць найважнейшы элемент даследаванняў. З улікам характару аспектаў аб’ектыўнай рэальнасці, якія даследуе тая ці інш. дысцыпліна, вылучаюць фіз. рэальнасць, біял. рэальнасць і г.д. і адпаведна карціну фіз. рэальнасці, карціну біял. рэальнасці і г.д. як найбольш буйныя блокі ведаў. Агульныя характарыстыкі аб’ектыўнай рэальнасці адлюстроўвае агульнанавук. карціна сусвету.
Літ.:
Идеалы и нормы научного исследования. Мн., 1981;
Пригожин И., Сонгере И. Порядок из хаоса: Новый диалог человека с природой. М., 1986;
Проблемы познания социальной реальности. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАЛІТЫ́ЧНАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,
тэорыя, заснаваная на вучэнні пра наяўнасць у псіхіцы чалавека апрача індывідуальнага неўсвядомленага больш глыбокага слоя — калектыўнага неўсвядомленага. Змест калект. неўсвядомленага складаюць агульначалавечыя першавобразы — архетыпы, у якіх закладзены варыянты разумення свету і паводзін. Распрацавана ў 1910-я г.швейц. псіхолагам К.Г.Юнгам. Мэтай працэсу станаўлення асобы (індывідуацыі) з’яўляецца інтэграцыя зместу калект. неўсвядомленага, імкненне да ўзаемаразумення паміж трыма ўзроўнямі псіхікі: свядомым, індывід. неўсвядомленым, калект. неўсвядомленым. Гэта бясконцы шлях у самім сабе, з адкрыццём патаемных куткоў душы, якая складаецца з супярэчнасцяў: жаночае і мужчынскае, свядомае і неўсвядомленае і інш. Розныя прычыны, найперш сац., дазваляюць рэалізоўвацца толькі аднаму члену пары, а індывідуацыя дазваляе адкрыць у сабе другі бок і прыняць яго, інакш — крызіс, хвароба, няма развіцця. Усё жыццё чалавек ідзе да адкрыцця самага гал. архетыпу — «вобраза сябе як Бога ў сабе».
Літ.:
Юнг К.Г. Психологические типы: Пер. с англ.М., 1992;
Яго ж. Проблемы души нашего времени: Пер. с англ.М., 1993;
Яго ж. Аналитическая психология: Пер. с англ.Спб., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАМІ́Я (ад франц. anomie адсутнасць закону),
стан грамадства, калі значная частка людзей ведае пра існаванне юрыд., маральных і інш. нормаў супольнага жыцця, але не лічыцца з імі і не падпарадкоўваецца ім. Тэорыю анаміі распрацаваў франц. сацыёлаг Э.Дзюркгайм. У працах «Аб падзеле грамадскай працы» (1893), «Самазабойства» (1897) ён адзначыў, што анамія — дэзарганізацыя грамадскага жыцця, найчасцей узнікае ў грамадстве, якое знаходзіцца ў глыбокім эканам. і сац. крызісе, калі імкненні, жаданні, запатрабаванні людзей не маюць шанцаў на рэалізацыю. Гэта прыводзіць да канфліктных сутыкненняў інтарэсаў розных індывідаў і суполак, а пры значных маштабах можа выклікаць грамадскую дэзінтэграцыю. Гарманізацыя імкненняў і дзеянняў розных індывідаў і суполак — асн. перадумова фарміравання цэласнай неанамічнай асобы. Далейшае развіццё тэорыя анаміі атрымала ў працах амер. сацыёлагаў І.Ламбда (лічыў анамію крыніцай сац. беспарадкаў, смуты і няпэўнасці), Р.Мертана (вызначыў анамію як «канфлікт нормаў у сферы культуры»). Паводле ням. сацыёлага Р.Дарэндорфа, анамія — такое становішча, калі існуючыя нормы права, маралі, грамадскі парадак беспакарана парушаюцца на ўсіх ступенях грамадскай іерархіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛІЯ (England),
адміністрацыйна-палітычная частка Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўн. Ірландыі, яго гіст. ядро. Займае большую ч. в-ва Вялікабрытанія. Назва ад стараж.-герм. племені англаў. Англіяй часта называюць усё Злучанае Каралеўства (гл.Вялікабрытанія). Пл. 131 тыс.км², нас. 46,2 млн.чал. (1991; 54% усёй плошчы і 80% насельніцтва краіны). Падзяляецца на 39 графстваў, 6 метрапалітэнскіх графстваў і В. Лондан. Гал. горад — Лондан. Найбольшыя гарады і прамысл. цэнтры: Лондан, Бірмінгем, Манчэстэр, Ліверпул, Шэфілд, Лідс і інш. Англія — эканамічна найб. развіты раён Вялікабрытаніі, дзе сканцэнтравана больш за 70% гарадоў (сярод іх 6 канурбацый — прамысл. цэнтраў, ускраіны якіх зліліся). Асн. галіны прам-сці: горназдабыўная, чорная металургія, металаапрацоўка, харчовая, тэкстыльная. Развіта машынабудаўнічая (аўта-, авія-, станка- і прыладабудаванне), электра- і радыётэхнічная, атамная прам-сць. На Англію прыпадае больш за 70% пасяўной плошчы краіны, гэтаасн. раён малочнай жывёлагадоўлі, агародніцтва і пладаводства. Англія мае густую трансп. сетку, праз яе парты (Лондан, Ліверпул, Саўтгемптан і інш.) праходзіць каля 80% грузаабароту краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЬЕ́ХА ((Vallejo) Сэсар) (16.3.1892, г. Сант’яга-дэ-Чука, Перу — 15.4.1938),
перуанскі празаік, паэт. У першым зб. вершаў «Чорныя геральды» (1918; бел.пер. Р.Барадуліна, 1993) элементы паэтыкі лаціна-амер. мадэрнізму арганічна спалучаны з протаавангардысцкімі тэндэнцыямі і індзейскім фальклорам. У 1920—21 зняволены за ўдзел у сял. хваляваннях. У турме напісаў зб. «Трыльсе» (1922), вытрыманы ў традыцыях авангардысцкай паэзіі. З 1923 у эміграцыі (Францыя, Іспанія). У 1928 і 1931 наведаў СССР. Напісаў раман пра рабочых-індзейцаў «Вальфрам» і публіцыстычную кн. «Расія ў 1931 г.» (абодва 1931). Пад уражаннем грамадз. вайны ў Іспаніі 1936—39 стварыў цыкл «Іспанія, няхай абмінае мяне чаша гэта» (выд. 1939). Сталая творчасць (зб. «Чалавечыя вершы», выд. 1939) характарызуецца прастатой і эмацыянальнасцю, спалучэннем авангардысцкага наватарства з сац. і агульначалавечай праблематыкай. Аўтар публіцыст. кн. «Супраць прафесійнай тайны», «Мастацтва і рэвалюцыя» (абедзве выд. 1973).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ РА́ТУША,
помнік архітэктуры позняга барока і класіцызму. Пабудавана ў 1775 у Віцебску на месцы драўлянай ратушы 16 ст., якая згарэла. Мураваны прамавугольны ў плане 2-павярховы будынак, у цэнтры якога ўзвышалася 4-ярусная вежа, завершаная шатром са шпілем. У 1883 на вежы ўстаноўлены гадзіннік, замест шатровага даху ўзведзена вежа-ратонда. У 1911 над ратушай надбудаваны 3-і паверх. Будынак перабудоўваўся і рэстаўрыраваўся ў 1913, 1944, 1970-я і 1980-я г. Цяпер гэта 3-павярховы прамавугольны ў плане будынак, над якім у цэнтры гал. фасада ўзвышаецца 3-ярусная вежа. Тарцовыя фасады завершаны трохвугольнымі шчытамі з 2 вокнамі-люкарнамі. Гал. фасад дэкарыраваны пілястрамі на вышыню двух паверхаў, паміж 2-м і 3-м паверхамі — прафіляваны карніз (18 ст.). Тамбур у цэнтры гал. фасада вылучаны 2 паўкалонкамі і завершаны атыкам. На 2-м паверсе сіметрычна размешчаны 2 балконы з ажурнай метал. агароджай. Ярусы вежы маюць крывалінейныя абрысы, падзелены прафіляванымі карнізамі. У будынку размешчаны Віцебскі абл. краязнаўчы музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫДА́ТКІ АБАРАЧЭ́ННЯ,
сукупнасць затрат жывой і арэчаўленай працы, выражаных у грашовай форме, на давядзенне тавару ад вытв-сці да непасрэднага спажыўца. Падзяляюцца на чыстыя і дадатковыя. Чыстыя звязаны з актам куплі-продажу, г.зн. ператварэннем таварнай формы прадукту ў грашовую. Яны не дадаюць да тавару ніякай вартасці і з’яўляюцца непрадукц. затратамі. Кампенсаванне гэтых выдаткаў абарачэння ажыццяўляецца за кошт прыбавачнага прадукту, створанага ў сферы вытв-сці. Дадатковыя выдаткі абарачэння абумоўлены працягам працэсу вытв-сці ў сферы абарачэння. Яны адносяцца да катэгорыі прадукцыйнай, паколькі дадаюць да вартасці тавару новую вартасць (дастаўка, дапрацоўка, фасоўка тавару). Крыніцай кампенсавання дадатковых выдаткаў абарачэння з’яўляецца вартасць, створаная ў самім таварным абарачэнні. Чыстыя выдаткі абарачэння складаюць прыблізна 35—40%, дадатковыя — 60—65% іх агульнай масы. З павелічэннем вытв-сці тавараў і давядзеннем іх да непасрэднага спажыўца доля чыстых выдаткаў абарачэння павялічваецца. Гэта звязана з ростам затрат на ўтрыманне прадаўцоў і гандлёвых агентаў, збытавых падраздзяленняў, транспартна-экспедытарскіх аддзелаў, маркетынгавых даследаванняў, рахункаводства, бухгалтэрыі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІМНА́СТЫКА (грэч. gymnastikē ад gymnazō трэнірую, практыкую),
сістэма фізічных практыкаванняў для ўмацавання здароўя і ўсебаковага фізічнага развіцця асобы. Гімнастычныя практыкаванні былі вядомыя за 3 тыс. гадоў да н.э. ў Кітаі і Індыі; у Стараж. Грэцыі пад гімнастыкай разумелі сістэму практыкаванняў. Вылучаюць віды гімнастыкі: асноўная, спартыўная і дапаможная. Асн. гімнастыка спрыяе агульнаму фіз. развіццю і ўмацаванню здароўя, развівае спрыт, сілу і інш.Гэта пераважна вучэбная гімнастыка. Уведзена ў дашкольных і школьных установах, арміі. Яе разнавіднасць — гігіенічная гімнастыка больш вядомая як зарадка. Спарт. гімнастыка апрача спецыяльна падабраных (вольных) практыкаванняў уключае практыкаванні на спарт. снарадах (брусы, перакладзіна, бервяно, «конь», батут і інш.), з рознымі прадметамі (скакалка, мяч, абруч і інш.); некаторыя практыкаванні ідуць з муз. суправаджэннем. Спарт. гімнастыка мае на мэце дасягненне вышэйшага спарт. майстэрства (гл.Акрабатыка, Мастацкая гімнастыка, Спартыўная гімнастыка). Дапаможная (прыкладная) гімнастыка спрыяе высокім дасягненням у розных відах спорту (спарт.-прыкладная гімнастыка), павышэнню прадукцыйнасці працы (вытворчая, прафесійна-прыкладная гімнастыка), узнаўленню страчаных функцый, умацаванню здароўя (лячэбна-аздараўленчая гімнастыка, гл. таксама Лячэбная фізкультура).