БЕЛАРУ́СКАЕ ГЕНЕРА́Л-ГУБЕРНА́ТАРСТВА,
адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1772—1856. Узначальвалася ген.-губернатарам (ваен. губернатарам). Цэнтр — г. Магілёў, з 1796 — г. Віцебск. Аб’ядноўвала губерні, утвораныя на землях, далучаных да Расіі ў 1772: Беларускую (1796—1802), Віцебскую (з 1802), Калужскую (1823—31), Магілёўскую (у 1778—96 намесніцтва), Мінскую (студз.—крас. 1831), Полацкую (у 1776—96; з 1778 намесніцтва), Пскоўскую (1772—76), Смаленскую (з 1823). З 2-й пал. 1820-х г. у сувязі са зменамі ў складзе і нац. палітыкай самадзяржаўя тэрмін «беларускае» ў назве паступова замяняўся пералікам асобных губерняў.
т. 2, с. 395
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГАЛЮ́БАЎ (Аляксандр Мікалаевіч) (29.5.1900, г. Чэбаксары, Чувашыя — 28.2.1956),
удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Ген.-палк. (1945), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў акадэміі Ваен. імя Фрунзе (1931) і Генштаба (1938). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны. У Вял. Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941, з мая 1944 нач. штаба 2-га Бел. фронту. Прадуманы Багалюбавым план дзеянняў і ўмелае кіраванне штабамі злучэнняў войскаў фронту ў Беларускай аперацыі 1944 спрыялі поспеху ў разгроме праціўніка на магілёўскім напрамку. Пасля вайны на адказных пасадах у Сав. Арміі.
т. 2, с. 197
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНКУ́ЗАЎ (Анатоль Іванавіч) (15.1.1921, в. Мхінічы Краснапольскага р-на Магілёўскай вобласці — 23.5.1980),
Герой Сав. Саюза (1945), ген.-м. (1953). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1947). У Чырв. Арміі з 1938. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Карэльскім, Зах., Бранскім, Калінінскім, 2-м і 1-м Прыбалтыйскіх, 3-м Бел. франтах: камандзір узвода, роты, нач. штаба, камандзір палка. Полк пад яго камандаваннем вызначыўся ў крас. 1945 у баі за крэпасць і ваенна-марскую базу Пілау (г. Балтыйск, Калінінградская вобл.). Да 1962 у Сав. Арміі.
т. 2, с. 282
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУЖЫ́НІН (Міхаіл Іванавіч) (н. 15.9.1920, в. Дзям’янцава Цвярской вобл., Расія),
удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945), ген.-палк. (1978). Скончыў Маскоўскае ваенна-паліт. вучылішча (1944), Вышэйшы ваенна-пед. ін-т (1955), Ваен. акадэмію Генштаба (1962). У Вял. Айч. вайну з 1944 на 3-м Бел. фронце. Ст. лейтэнант Д. вызначыўся ў 1944 пры вызваленні Віцебскай вобл.: узначаліў атаку батальёна, з 4 байцамі захапіў пераправу цераз р. Лучоса і ўтрымліваў яе да падыходу асн. сіл. Да 1976 у Сав. Арміі. Ганаровы грамадзянін г. Віцебск.
т. 6, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́ЯС ((Díaz) Хасэ) (3.5.1895, г. Севілья, Іспанія — 20.3.1942),
палітычны дзеяч Іспаніі, дзеяч міжнар. камуніст. руху. У 1920-я г. адзін з кіраўнікоў прафс. руху ў Севільі. Праследаваўся ўладамі. З 1926 чл. Камуніст. партыі Іспаніі, з 1932 яе ген. сакратар. Чл. Выканкома Камінтэрна ў 1935—42. Адыграў значную ролю ў стварэнні ў Іспаніі Народнага фронту (1936) і Нар. арміі, якая ў грамадз. вайну 1936—39 ваявала на баку рэспубліканцаў супраць франкістаў. У 1939 эмігрыраваў у СССР. У 2-ю сусв. вайну выступаў супраць уцягвання ў яе Іспаніі на баку фаш. Германіі.
т. 6, с. 315
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЛЕБЕН ((Witzleben) Эрвін фон) (4.12.1881, г. Брэслаў, Германія, цяпер г. Вроцлаў, Польшча — 8.8.1944),
германскі военачальнік. Ген.-фельдмаршал. У арміі з 1901, удзельнік 1-й сусв. вайны. Камандаваў пяхотнай дывізіяй (з 1934), 2-й групай армій (з вер. 1939), 1-й арміяй (з ліст. 1939), удзельнічаў у Французскай кампаніі 1940. З кастр. 1940 камандуючы групай армій «Д» у Францыі, з ліст. 1942 генерал для даручэнняў пры Стаўцы. Адзін з кіраўнікоў ваен. змовы супраць А.Гітлера 20.7.1944; у выпадку поспеху павінен быў стаць галоўнакамандуючым. Пакараны смерцю паводле прыгавору ваен. трыбунала.
т. 4, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАНЬКО́Ў (Валерый Піліпавіч) (н. 29.5.1941, г.Чэрыкаў Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне фармацэўтыкі. Д-р фармацэўтычных н., праф. (1989). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1964) і працаваў у ім. З 1973 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, з 1992 ген. дырэктар Бел. вытв. аб’яднання «Фармацэўтыка» (з 1995 — закрытае акц. т-ва «Белфармзамежгандаль»). Навук. працы па сац.-эканам. эфектыўнасці аптэчнай службы, распрацоўцы тэстаў-крытэрыяў для ацэнкі якасці лек. абслугоўвання насельніцтва.
Тв.:
Экономика фармации Мн., 1982;
Организация и экономика советской фармации. Мн., 1984;
Учет и отчетность в аптечных учреждениях. Мн., 1988.
т. 5, с. 50
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́Ў (Іван Іванавіч) (8.2.1897, в. Трупехіна Падарожскага р-на Наўгародскай вобл., Расія — 8.7.1968),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1943), ген.-лейт. (1944). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1935). У арміі з 1916, у Чырв. Арміі з 1918. У Вял. Айч. вайну на Паўд.-Зах., Бранскім, Цэнтр., Бел., 2-м і 3-м Бел. франтах. 15.10.1943 стралк. корпус пад яго камандаваннем фарсіраваў Дняпро каля в. Шчытцы Лоеўскага р-на, захапіў плацдарм і нанёс праціўніку вял. страты. Да 1955 у Сав. Арміі.
т. 7, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІО́ДА (Ірына Антонаўна) (н. 5.10.1932, Мінск),
бел. архітэктар. Д-р архітэктуры (1987), праф. (1989). Скончыла БПІ (1959). Працавала ў праектных ін-тах, з 1981 у Бел. дзярж. н.-д. і праектным ін-це горадабудаўніцтва Дзяржбуда Беларусі, адначасова (з 1967) выкладчык БПА. Навук. працы па тэарэт. і метадалагічных асновах горадабудаўніцтва. Адзін з аўтараў ген. плана Мінска (1963), «Генеральнай схемы комплекснай тэрытарыяльнай арганізацыі БССР» (1987), праектаў планіроўкі і забудовы гарадоў Беларусі.
Тв.:
Основы градостроительства: Теория, методология. Мн., 1983;
Градостроительство Белоруссии. Мн., 1988 (у сааўт.).
С.А.Сергачоў.
т. 7, с. 296
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ВАЧКІН (Сямён Аляксеевіч) (11.9.1900, Смаленск, Расія —9.6.1960),
савецкі авіяканструктар. Чл.-кар. АН СССР (1958). Ген.-маёр інж.-тэхн. службы (1944). Двойчы Герой Сац. Працы (1943, 1956). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1927). З 1929 працаваў у розных авіяц. КБ, з 1935 гал. канструктар па самалётабудаванні, з 1939 узначаліў КБ. Пад яго кіраўніцтвам створаны самалёты-знішчальнікі Ла-5, -7, -9, -11, -15, -176, -190, -200, ЛаГГ-1, -3 (разам з В.П.Гарбуновым і М.І.Гудковым) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1943, 1946, 1948.
т. 9, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)