ПАЛЕАБАТА́НІКА (ад палеа... + батаніка), фітапалеанталогія,

навука пра выкапнёвыя расліны; раздзел палеанталогіі і батанікі. Вывучае драўніны (палеаксілалогія), насенне, плады, дыяспоры (палеакарпалогія, або палеадыяспаралогія), пылок і споры (палеапаліналогія), эпідэрму і вусцейкавы апарат выкапнёвых раслін (палеастаматаграфія), адбіткі і рэшткі іх лістоў, сцёблаў і інш. ч. (іхнафіталогія), выкапнёвыя водарасці (палеаальгалогія, або палеафікалогія) і грыбы (палеамікалогія). Асн. кірункі даследаванняў: марфал., сістэм. (філагенет.), фларыстычны (палеафларыстыка), экалагічны (палеаэкалогія раслін), вывучэнне пашырэння раслін геал. мінулага (палеафітагеаграфія). Цесна звязана з гіст. геалогіяй, палеагеаграфіяй, палеакліматалогіяй, эвалюц. вучэннем і інш. Мае важнае значэнне для геал. разведкі.

Знаходкі рэшткаў выкапнёвых раслін упаміналіся з 7—6 ст. да н.э. (Ксенафан і інш.). Як навука П. сфарміравалася ў пач. 19 ст. (А.​Браньяр, ням. вучоны Э.​Шлотгайм, чэш. — К.​М.​Штэрнберг). Уклад у яе развіццё зрабілі Ф.Унгер, англ. вучоныя В.​Ланг, Дз.​Г.​Скот, У.​Чаланер, Д.​Эдвардс, ням. — Г.​Вайланд, В.​Готан, Р.​Кройзель, амер. — Дж.​Аксельрад, Х.​Банкс, Ф.​Х’юбер, рас. — А.Л.Тахтаджан, Х.Ф.Шмальгаўзен, М.​Дз.​Залескі, Я.​Р.​Зямбніцкі, А.​М.​Крыштафовіч, С.​В.​Меен, К.​Я.​Мерклін, К.​В.​Навік, М.​Ф.​Нейбург, І.​У.​Палібін, Э.​І.​Эйхвальд, А.​Л.​Юрына і інш.

На Беларусі пытанні П. вывучаюць з пач. 20 ст. (У.С.Дактуроўскі, У.М.Сукачоў). Шырокія даследаванні (пераважна сістэм. і фларыстычныя ў галіне палеапаліналогіі, палеакарпалогіі і дыятомавага аналізу) вядуцца з 1950—60-х г. (Ф.Ю.Велічкевіч, Н.А.Махнач, Г.​І.​Кеда, Э.​А.​Крутавус, С.​С.​Маныкін, Г.​К.​Хурсевіч, Т.​В.​Якубоўская, Я.​К.​Яловічава і інш.). Навук. цэнтры: Ін-т геал. навук. Нац. АН Беларусі і Бел. геолагаразведачны НДІ.

Літ.:

Криштофович А.Н. История палеоботаники в СССР. М., 1956;

Палеокарпологические исследования кайнозоя. Мн., 1982;

Мейен С.В. Основы палеоботаники. М., 1986.

Т.​Р.​Абухоўская.

т. 11, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛАТЭЛІ́Я (ад філа... + грэч. ateleia вызваленне ад аплаты),

калекцыяніраванне і вывучэнне марак і інш. знакаў паштовай аплаты, дакументаў, звязаных з гісторыяй пошты. Узнікла з паяўленнем у Англіі (1840) першых наклееных паштовых марак, якія замянілі грашовую аплату за перасылку пісем. Тэрмін «Ф.» ўвёў у 1864 франц. калекцыянер Г.​Эрпен. З 1860-х г. пачалі выдавацца філатэлістычныя каталогі і часопісы, з’явіліся арг-цыі філатэлістаў у ЗША (1868), Вялікабрытаніі і Германіі (1869), Францыі (1874), Расіі (1883). У СССР у 1923 засн. Усерас. т-ва, у 1966 — Усесаюзнае. На Беларусі Ф. зарадзілася ў пач. 20 ст. У 1920-я г. існавала Бел. аддзяленне Усерас. т-ва філатэлістаў. У Зах. Беларусі ў 1925—39 клубы філатэлістаў дзейнічалі ў Брэсце, Гродне, Пінску, Лунінцы, Лідзе. У 1950-я г. ўзніклі клубы ў Мінску, Гомелі, Оршы, Віцебску. У 1967 створана Бел. рэсп. аддзяленне Усесаюзнага т-ва філатэлістаў з аддзяленнямі ў абл. гарадах. З 1970-х г. бел. філатэлісты ўдзельнічалі ў рэсп., усесаюзных і міжнар. выстаўках, атрымалі больш за 250 медалёў. З 1992 дзейнічае Бел. саюз філатэлістаў. На Беларусі пашырана тэматычнае калекцыяніраванне марак, якія маюць дачыненне да Беларусі («Беларусіка»). Першая спроба выпуску бел. марак зроблена ў 1920 у Латвіі, выдадзена 10 марак з надпісам «Асобны атрад. БНР». Пошты СССР, Польшчы, Францыі, Манака, Ізраіля, Чылі, Манголіі, ГДР, Чэхаславакіі, пошта ААН і некат. краін Афрыкі выдавалі маркі з бел. тэматыкай. Пасля 2-й сусв. вайны бел. эміграцыя выдала памятныя серыі марак, прысвечаныя юбілейным датам з гісторыі Беларусі. Маркі «беларускай пошты» вядомы ў Вялікабрытаніі. Пошта Рэспублікі Беларусь у сак. 1992 пачала выпуск уласных паштовых марак з выявамі помнікаў гісторыі і культуры Беларусі, твораў мастацтва, славутых асоб Беларусі.

Л.​Л.​Коласаў.

т. 16, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫТАЛО́ГІЯ (ад цыта... + ...логія),

навука пра клетку. Вывучае будову і функцыі тканкавых клетак у мнагаклетачных арганізмаў, аднаклетачныя арганізмы і ядзерна-цытаплазматычныя комплексы, не падзеленыя на клеткі (сімпласты, сінцытыі, плазмодыі). Клетка — асн. структурна-функцыян. адзінка жывога, таму працэсы і заканамернасці, што даследуе Ц., — аснова працэсаў, якія вывучае гісталогія, анатомія, эмбрыялогія, фізіялогія, генетыка, біяхімія, малекулярная біялогія і інш. У шэрагу раздзелаў Ц. — карыясістэматыка, радыяцыйная Ц., імунацыталогія, цытапаталогія, клетачная інжынерыя і інш.

Вывучэнне клетак з дапамогай мікраскопа пачалося ў 2-й пал. 17 ст. (Р.Гук, А.Левенгук, М.Мальпігі). Адно з найважн. дасягненняў — стварэнне клетачнай тэорыі (1839). Удасканаленне мікраскопа прывяло ў 2-й пал. 19 ст. да адкрыцця арганоідаў цытаплазмы і ролі ядра ў працэсе мітатычнага дзялення клеткі. Даследаванні ролі храмасом у спадчыннасці і вызначэнні полу далі ў пач. 20 ст. пачатак цытагенетыцы. З 1950-х г. развіццё Ц. звязана з выкарыстаннем электроннага мікраскопа, метадаў колькаснай цытахіміі, культывавання тканкавых клетак па-за арганізмам і інш.

На Беларусі даследаванні па Ц. пачаліся ў 1920-я г. ў БДУ (П.А.Маўрадыядзі). Асн. цэнтры: Ін-т генетыкі і цыталогіі Нац. АН Беларусі, НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі, НДІ спадчынных і прыроджаных захворванняў, БДУ, Мінскі і Віцебскі мед. ун-ты, Гродзенскі мед. ін-т, Гомельскі ун-т, Віцебская акадэмія вет. медыцыны, Горацкая с.-г. акадэмія. Вывучаюцца агульныя заканамернасці арганізацыі клетачных структур і ўнутрыклетачных працэсаў, унутрыклетачных рэгулятарных механізмаў цэласнай клеткі, механізмы рэалізацыі генет. інфармацыі на розных этапах антагенезу і інш.

Літ.:

Морфогенез и структура органов человека и животных. Мн., 1970;

Заварзин А.А. Основы частной цитологии и сравнительной гистологии многоклеточных животных. Л., 1976;

Ченцов Ю.С. Общая цитология. 2 изд. М., 1984;

Збарский И.Б., Кузьмина С.Н. Скелетные структуры клеточного ядра. М., 1991.

А.​С.​Леанцюк.

т. 17, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКАЛО́ГІЯ САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,

інтэграцыйная навука, якая спалучае два розныя падыходы да вывучэння экалагічных і сацыяльных аб’ектаў. Яе зыходная тэарэт. крыніца — ідэі экалогіі і сацыяэкалогіі, сфармуляваныя і развітыя Э.Гекелем і інш. вучонымі на працягу 1860—1930-х г., а таксама канцэпцыя наасферы, якую распрацоўвалі У.І.Вярнадскі, П.Тэяр дэ Шардэн і інш. Станаўленне як самаст. галіны сацыялагічных ведаў звязана з даследаваннямі навакольнага асяроддзя Р.​Данлэпа і У.​Кэтана. Асн. задачы Э.с.: вывучэнне экстрэмальных сітуацый, што ўзнікаюць у выніку парушэння раўнавагі ва ўзаемадзеянні грамадства з прыродай; высвятленне антрапагенных, тэхнал. і сац. фактараў іх узнікнення; адшуканне аптымальных шляхоў і сродкаў пераадольвання іх разбуральных наступстваў. Мэта Э.с. — ажыццяўленне тэарэт. сінтэзу прырода- і грамадазнаўчых ведаў, канцэпцый, метадаў даследавання і распрацоўка на іх аснове канцэптуальнай мадэлі ўзаемадзеяння чалавечай супольнасці і прыроды, якія б дазволілі аптымізаваць, а затым і гарманізаваць працэсы гэтага ўзаемадзеяння. Вывучае структуру, асаблівасці і тэндэнцыі функцыянавання аб’ектаў штучна створанага чалавекам прадметнага асяроддзя, якія ўзаемадзейнічаюць з навакольным прыродным асяроддзем. Аб’ект Э.с. — складаная сістэма сацыяпрыродных адносін і ўзаемадзеяння, што фарміруецца і функцыянуе ў выніку свядомай, мэтанакіраванай дзейнасці людзей, аб’яднаных у розныя сац. супольнасці. Э.с. даследуе спецыфічныя ўзаемадзеянні чалавека (грамадства) і навакольнага асяроддзя, уплыў апошняга як сукупнасці прыродных і грамадскіх фактараў на чалавека, а таксама ўплыў чалавека на навакольнае асяроддзе з пазіцыі выяўлення рэгіянальных і глабальных змен асяроддзя антрапагеннага паходжання і іх сацыякультурнай інтэрпрэтацыі, праблемы захавання і ўзнаўлення навакольнага асяроддзя для нармальнага жыцця чалавека як сацыябіял. істоты. Э.с. вывучае таксама розныя экалагічныя рухі, іх сац. структуру, ступені іх уплыву ў грамадстве, даследуе сац.-экалагічныя канфлікты, спецыфіку экалагічнай свядомасці, экалагічнай культуры і да т.п.

Літ.:

Сосунова И.А. Социальная экология. М., 1996.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 18, кн. 1, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАСЛЕДАВАННІ ПА ЎСЕАГУЛЬНАЙ ГІСТОРЫІ

На Беларусі вывучэнне асобных праблем сусветнай гісторыі пачалі ў 18 ст. выпускнікі Віленскага ун-та — ураджэнцы Беларусі. Адным з заснавальнікаў антыказнаўства ў Пецярбургу і Маскве быў М.​С.​Кутарга; у галіне антыказнаўства і медыявістыкі працавалі Дз.​І.​Азарэвіч, І.​Анацэвіч, А.​Здановіч, В.​Макавельскі, А.​Нарушэвіч; арыенталістыкі — І.​А.​Гашкевіч, В.​М.​Кавалеўскі, В.​І.​Сянкоўскі, Б.​А.​Тураеў. У пач. 20 ст. М.​К.​Судзілоўскі звяртаўся да аналізу праблемы міжцывілізацыйнага ўзаемадзеяння. З 1920-х г. цэнтрамі вывучэння праблем усеагульнай гісторыі сталі БДУ, АН Беларусі, Мінскі пед. ін-т. На кафедры гісторыі стараж. свету і сярэдніх вякоў БДУ (у 1934—55 кафедра гісторыі стараж. свету) вяліся даследаванні па арыенталістыцы, антыказнаўстве і медыявістыцы. Заснавальнікам бел. навук. школ стараж. арыенталістыкі і вывучэння антычнага хрысціянства быў М.​М.​Нікольскі. Даследаванне гісторыі стараж. свету і антычных дзяржаў прадоўжылі Г.​І.​Даўгяла, І.​А.​Еўтухоў, М.​С.​Корзун, Г.​М.​Ліўшыц, Р.​А.​Нікольская, Ф.​М.​Нячай, А.​В.​Перзашкевіч, У.​М.​Перцаў, А.​А.​Прохараў, К.​А.​Равяка, В.​І.​Ханкевіч і інш.

Даследаванні па медыявістыцы вялі Перцаў (гісторыя прусаў) і Ліўшыц (гісторыя каталіцкай царквы, Рэфармацыя і вальнадумства ў сярэдневяковай Еўропе). Сярэдневякоўе Чэхіі вывучалі Н.​А.​Гусакова і А.​М.​Ясінскі, міжнар. адносіны ў Еўропе ў познім сярэдневякоўі — Ю.​Я.​Івонін і А.​Б.​Кузняцоў. Сучасная бел. медыявістыка вызначаецца шырокім спектрам праблематыкі, разнастайнасцю метадалагічных падыходаў. Сац. адносіны ў сярэдневяковай Еўропе даследуюць В.​І.​Гарамыкіна і Я.​Я.​Рыер, гісторыю Візантыі і Польшчы — Л.​П.​Сушкевіч, гісторыю антычнага хрысціянства — В.​А.​Фядосік, сярэдневяковы побыт і ранні гуманізм — А.​Дз.​Смірнова, сярэдневяковую гісторыю Брытаніі — А.​І.​Малюгін, франкскай дзяржавы — А.​М.​Сурта, праблемы Адраджэння — А.​П.​Вахніна.

З 1937 у БДУ існуе кафедра новай і навейшай гісторыі. Перцаў вывучаў праблемы гісторыі новага і навейшага часу Прусіі, Вял. франц. рэвалюцыі, эканам. гісторыі Англіі 19 ст. У міжваенны перыяд бел. вучоныя займаліся пытаннямі паходжання і сутнасці фашызму (С.​Я.​Вальфсон, Н.​М.​Канаплін), гісторыі герм. сацыял-дэмакратыі (Е.​І.​Рыўлін). Пасля вайны гэта кафедра стала вядучым цэнтрам навук. даследаванняў і падрыхтоўкі кадраў адпаведнага профілю. Новая і навейшая гісторыя замежных краін вывучаецца таксама на інш. гіст. кафедрах пед. ін-таў і ун-таў, у Ін-це гісторыі АН Беларусі. Адным з гал. кірункаў даследаванняў стала вывучэнне міжнар. адносін у 19—20 ст. Уклад у вывучэнне знешняй і ўнутр. палітыкі еўрап. і амерыканскіх дзяржаў гэтага часу зрабілі А.​М.​Байчораў, Г.Г.

Бойчанка, А.​Д.​Гусеў, Э.​А.​Калініна, Д.​С.​Клімоўскі, А.​С.​Кляўчэня, М.​Р.​Круцько, Н.​Г.​Лабаценка, А.​М.​Малашка, С.​А.​Малевіч, Н.​А.​Міхайлідзіс, М.​П.​Палетыка, І.​Л.​Пятровіч, У.​М.​Сікорскі, А.​Ф.​Смірноў, В.​П.​Сярэбранікаў, Р.​М.​Трухноў, В.​П.​Увараў, Р.​А.​Чыкалаў, Г.​Ф.​Шмыгаў, Л.​М.​Шнеерсон і інш. З 1960-х г. вывучалася і ўсходазнаўчая праблематыка новага і навейшага часу (В.​К.​Дашкевіч, У.​С.​Кошалеў і інш.).

У 1970—80-я г. важным кірункам заставаліся даследаванні навейшай гісторыі Германіі (М.​Г.​Елісееў, В.​А.​Космач, Г.​А.​Космач, Р.​Р.​Лазько, У.​Е.​Снапкоўскі, М.​С.​Стралец, І.​Р.​Чыкалава, А.​В.​Шарапа, П.​А.​Шупляк і інш.). У 1980-я г. бел. гісторыкі даследавалі камуністычны і дэмакратычны рух, знешнюю палітыку краін Лацінскай Амерыкі (А.​А.​Чалядзінскі), праблемы раззбраення, ідэалагічнай барацьбы і міжнар. бяспекі (Л.​Н.​Анісімаў, В.​К.​Мазураў, А.​А.​Разанаў).

Гісторыю славянскіх краін і народаў, у т. л. гісторыю Расіі, у 1920—80-я г. даследавалі Д.​Б.​Мельцэр, У.​І.​Пічэта, А.​П.​П’янкоў, А.​А.​Савіч, Ясінскі і інш.

Пасля набыцця Беларуссю незалежнасці ўнесены істотныя змены ў паняцце і змест тэрміна «ўсеагульная гісторыя», што запатрабавала перагляду тэарэтыка-метадалагічных падыходаў да асэнсавання і даследавання розных праблем усеаг. гісторыі. Да праблематыкі ўсеаг. гісторыі адышла гісторыя народаў б. СССР, якая раней уваходзіла ў спецыяльнасць «гісторыя СССР». У 1998 на гіст. факультэце БДУ створана кафедра гісторыі Расіі, якая ўвабрала праблематыку рас., сав. і ўкр. гісторыі, Гіст.-славістычныя даследаванні ажыццяўляюцца на кафедры гісторыі паўд. і зах. славян БДУ і ў інш. навучальных і навук. установах Беларусі. Гісторыяй краін Цэнтр. і Усх. Еўропы займаюцца В.​А.​Аляшкевіч, В.​І.​Бобышаў, В.​В.​Брыгадзіна, Л.​В.​Лойка, Л.​Л.​Міхайлоўская, С.​В.​Пазняк, А.​П.​Салькоў, В.​А.​Сімакова, Н.​А.​Царук, В.​М.​Цемушаў, С.​М.​Цемушаў, М.​Э.​Часноўскі, А.​А.​Яноўскі і інш.

З пач. 1990-х г. больш актыўна вядуцца даследаванні міжнар. адносін на кафедры гісторыі міжнар. адносін факультэта міжнар. адносін (створана ў 1992) і ў Цэнтры міжнар. даследаванняў (створаны ў 2000) БДУ, Ін-це гісторыі Нац. АН Беларусі, дзе ў 2001 створаны аддзел усеаг. гісторыі новага і навейшага часу, Ін-це сац.-паліт. даследаванняў і Акадэміі кіравання пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, інш. ун-тах і недзярж. даследчых цэнтрах краіны (Н.​Я.​Аблава, А.​А.​Гардзейчык, А.​А.​Дастанка, А.М.

Космач, Кошалеў, Ю.​І.​Малевіч, Разанаў, А.​В.​Русакевіч, Снапкоўскі, У.​В.​Фральцоў, Л.​М.​Хухлындзіна, А.​В.​Ціхаміраў, Чалядзінскі, В.​Г.​Шадурскі, Шарапа і інш.).

Пытанні бел. гістарыяграфіі ўсеаг. гісторыі даследавалі В.​А.​Астрога, А.​В.​Гурын, Клімоўскі, Кошалеў, Мельцэр, Нікольскі, Нячай, Перцаў, Равяка, Снапкоўскі, Трухноў, У.​Я.​Улаховіч, Шнеерсон, рас. гістарыяграфіі 2-й пал. 19 ст. — А.​М.​Нечухрын, германскай гістарыяграфіі 2-й сусв. вайны — С.​Я.​Новікаў, англа-амерыканскай гістарыяграфіі паліт. сістэмы СССР — В.​І.​Манькоўскі, гістарыяграфіі ЗША аб эвалюцыі міжнар. адносін пасля «халоднай вайны» — С.​Ф.​Свілас, метадалогіі гіст. даследаванняў — Нечухрын і У.​Н.​Сідарцоў. У 1990-я г. выдадзены першыя бел. школьныя падручнікі па гісторыі стараж. свету і сярэдніх вякоў, па сусветнай гісторыі новага і навейшага часу, падручнікі БДУ па гісторыі стараж. Усходу і сярэдніх вякоў, навучальныя дапаможнікі для ВНУ па гісторыі Еўропы і Амерыкі і навейшага часу.

У.​Е.​Снапкоўскі.

т. 18, кн. 2, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕДЫЯТРЫЯ

Да пачатку 20 ст. на Беларусі не існавала спецыяльнай падрыхтоўкі дзіцячых урачоў, хоць дзіцячая смяротнасць дасягала 188—200 на 1 тыс. нованароджаных. Толькі ў 1923 у Гомельскім таварыстве ўрачоў вылучана секцыя мацярынства і дзяцінства. У 1924 пры мед. факультэце БДУ (з 1930 Бел. мед. ін-т, з 2001 Бел. мед. універсітэт) арганізаваны кафедра і клініка дзіцячых хвароб, якія на працягу 16 гадоў узначальваў заснавальнік педыятрыі на Беларусі В.​А.​Лявонаў. У 1930 у Бел. мед. ін-це арганізаваны факультэт аховы мацярынства і дзяцінства (першы яго дэкан Лявонаў). У 1931 створаны НДІ аховы мацярынства і дзяцінства (яго дырэктары Г.​А.​Калюжын, А.​К.​Усціновіч, Г.​А.​Шышко). У 1932 па ініцыятыве Лявонава створана Бел. навук. мед. таварыства дзіцячых урачоў. Лявонаў і яго вучні зрабілі вялікі ўклад у вывучэнне асаблівасцей вышэйшай нервовай дзейнасці ў дзяцей пры розных захворваннях, у распрацоўку праблем туберкулёзу, пнеўманій, расстройстваў харчавання і стрававання, фізіялагічнай ролі мікраэлементаў і інш. Яны першымі ў СССР распачалі дзейнасць па вакцынатэрапіі пнеўманій. У 1964 па ініцыятыве І.​Н.​Усава пры Мінскім мед. ін-це створаны факультэт педыятрыі. У 1979 аналагічны факультэт адкрыты ў Гродзенскім мед. ін-це. Пазней педыятрычныя кафедры арганізаваны пры ўсіх мед. ВНУ Беларусі. Калі ў 1940 было 504 педыятраў, то ў 2002 іх стала 4072. З 1966 гал. кірункам НДІ аховы мацярынства і дзяцінства стала вывучэнне праблем фізіялогіі і паталогіі нованароджаных, працэсаў іх адаптацыі да пазавантробнага жыцця і інш.; створана першая айчынная тэст-сістэма для скрынінгу нованароджаных на прыроджаны гіпатырэоз, апаратура для выходжвання нованароджаных і інш.

У 1981 на базе НДІ аховы мацярынства і дзяцінства ў складзе Бел. мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі арганізавана кафедра неанаталогіі, якая рыхтуе спецыялістаў у галіне фізіялогіі і паталогіі нованароджаных. З 1986 НДІ аховы мацярынства і дзяцінства стаў вядучай установай па праблеме «Ахова мацярынства і дзяцінства ва ўмовах уздзеяння наступстваў катастрофы на ЧАЭС». Даследаваннямі ў галіне мед. генетыкі, прыроджаных заган развіцця, генетычных наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, распрацоўкай метадаў спадчыннай і прыроджанай паталогіі займаецца НДІ спадчынных і прыроджаных захворванняў пад кіраўніцтвам Г.​І.​Лазюка. У станаўленні і развіцці педыятрыі на Беларусі вызначыліся В.​В.​Алейнікава, Т.​І.​Казарэзава, У.​А.​Куўшыннікаў, М.​П.​Паўлава (анкалогія і гематалогія), А.​А.​Астапаў, В.​М.​Зорына, М.​М.​Смірноў, Л.​А.​Чарнышкова, М.​П.​Шэйбак (дзіцячыя інфекцыі, пытанні гастраэнтэралогіі), Л.​М.​Бяляева, Л.​Р.​Кажарская, Р.​Э.​Мазо, Л.​В.​Явец (кардыялогія дзіцячага ўзросту), Я.​С.​Гардзей (пульманалогія), І.​В.​Васілеўскі, А.​В.​Сукала, Н.​І.​Усаў (нефралогія), Т.​М.​Сукаватых (алергалогія), Г.​Г.​Шанько (неўралогія), Л.​М.​Астахава, Э.​К.​Капітонава (эндакрыналогія), В.​К.​Зубовіч, Г.​А.​Калюжын, Л.​Ц.​Ламака, А.​К.​Усціновіч, М.​В.​Чычко, Г.​А.​Шышко (пытанні арганізацыі аховы здароўя дзяцей, паталогіі перыяду нованароджанасці, парушэнняў абмену рэчываў) і інш. Дасягненні педыятрыі садзейнічалі значнаму зніжэнню дзіцячай смяротнасці (самая нізкая сярод краін СНД). За перыяд з 1990 па 1999 дзіцячая смяротнасць паменшылася на 20,8%. За комплекс работ па праблемах аховы здароўя дзяцей, зніжэння іх захворвання і смяротнасці К.​М.​Анішчанка, Р.​Э.​Мазо, І.​Н.​Усаў, А.​К.​Усціновіч удастоены Дзярж. прэміі Беларусі (1984).

Літ.:

Развитие педиатрии в БССР. 100 лет со дня рождения академика АН БССР В.​А.​Леонова. Мн., 1990;

Здоровье беременных женщин и детей раннего возраста в Беларуси // Здравоохранение. 1998. №6;

Гурин В.Н., Семененя И.Н. Развитие медико-биологических наук в Республике Беларусь // 70 лет Национальной академии наук Беларуси: Док. и материалы юбил. торжеств. Мн., 2000;

Савченко Н.Е. Медицинская клиническая наука // Наука Беларуси в XX столетии. Мн., 2001;

Беляева Л.М., Хрусталева Е.К. Сердечно-сосудистые заболевания у детей и подростков. Мн., 2003;

Жерносек В.Ф., Дюбкова Т.П. Аллергические заболевания у детей: Рук. для врачей. Мн., 2003;

Статистический ежегодник Республики Беларусь. Мн., 2003.

І.​М.​Семяненя.

т. 18, кн. 2, с. 573

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭНДАКРЫНАЛОГІЯ

Найбольш раннія звесткі ў гэтай галіне медыцыны вядомы з рукапісных «Медыцынскіх навін» 1600 з Нясвіжскай бібліятэкі, дзе змешчаны рэцэпт «парашку ад дыябету». Першае паведамленне аб хірургічным лячэнні валляка (Л.​К.​Навумовіч, г. Магілёў) датавана 1812. Аперацыі на наднырачніках упершыню на Беларусі праводзіліся ў 1920-я г. (Орша, Гомель). Вядомыя рас. эндакрынолагі 1-й пал. 20 ст. С.​М.​Лейцес, І.​Б.​Хавін, М.​А.​Шарашэўскі, С.​М.​Эскін родам з Беларусі.

Развіццё эндакрыналогіі як навукі на Беларусі пачалося ў 1920-я г. з вывучэння эпідэміялогіі эндэмічнага валляка ў асобных рэгіёнах пад кіраўніцтвам Я.​В.​Корыца, С.​М.​Рубашова. Сістэматызавана яна развівалася пасля стварэння ў 1934 Рэсп. процівалляковай станцыі. Вывучэнне пашыранасці эндэмічнага валляка дазволіла вылучыць рэгіёны з рознай ступенню ёднай недастатковасці і распрацаваць метады процівалляковай прафілактыкі (А.​А.​Грэйман). Гэты кірунак эндакрыналогіі больш актыўна развіваўся ў пасляваенны перыяд (Л.​В.​Лапцёнак, Л.​П.​Фёдарава). Вялося хірургічнае лячэнне валляка з выкарыстаннем арыгінальных методык, прапанаваных В.​Р.​Астапенкам, М.​С.​Гапановічам, І.​М.​Грышыным, Я.​П.​Дзямідчыкам. З 1958 спецыялістаў па эндакрыналогіі рыхтавалі пры ін-це ўдасканалення ўрачоў (зараз Бел. мед. акадэмія паслядыпломнай адукацыі), дзе ў 1960 створана кафедра эндакрыналогіі (першы загадчык Н.​М.​Дразнін, у 1973—85 — М.​С.​Гапановіч, у 1985—98 — А.​А.​Холадава, з 1998 — Л.​І.​Данілава). Кафедра з’яўляецца рэсп. навукова-метадычным цэнтрам не толькі для эндакрынолагаў, а і тэрапеўтаў, педыятраў, рэаніматолагаў, урачоў хуткай і неадкладнай дапамогі (вядучыя спецыялісты Данілава, В.​М.​Дрозд, Г.​В.​Казюк, Холадава, В.​І.​Шутава і інш.). З пачатку 1980-х г. падрыхтоўку эндакрынолагаў вядуць у Бел. мед. ун-це (З.​В.​Забароўская), у Віцебскім (А.​М.​Окаракаў, У.​Р.​Цішкоўскі) і Гомельскім (М.​П.​Капліева) мед. ун-тах. Асноўны навукова-практычны кірунак эндакрыналогіі — праблема цукровага дыябету. Дасягнуты поспехі ў гэтай праблеме ў ранняй дыягностыцы, скрынінгу сасудзістых ускладненняў, распрацоўцы асноў прафілактыкі, мед. і працоўнай рэабілітацыі. У выніку ўкаранення дзярж. праграмы «Цукровы дыябет» на ​1/3 зменшылася колькасць выпадкаў каматозных станаў, слепаты і ампутацый ног, абумоўленых ускладненнямі цукровага дыябету, палепшыліся зыходы цяжарнасці ў жанчын, хворых на цукровы дыябет. Дзярж. праграма «Цукровы дыябет» прызнана Еўрапейскім бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў якасці мадэлі для краін Усх. Еўропы (за стварэнне навукова-практычнай школы эндакрынолагаў Беларусі ў 1999 Холадавай прысуджана званне заслужанага дзеяча навукі). Уклад у развіццё эндакрыналогіі дзіцячага ўзросту зрабілі С.​М.​Астапенка, Л.​М.​Астахава, К.​А.​Радзюк. Структура эндакрыналагічнай дапамогі насельніцтву ўключае кабінеты і спецыялізаваныя ложкі ў раённых і гар. мед. установах, дыспансеры і спецыялізаваныя аддзяленні ў абласных цэнтрах, Рэсп. кансультацыйны эндакрыналагічны цэнтр (гал. ўрач Т.​В.​Мохарт) і гал. ўпраўленне лячэбна-прафілактычнай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь (А.​К.​Цыбін). Вывучэнне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і рэабілітацыю насельніцтва ажыццяўляе Рэсп. навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі ў Гомелі (дырэктар Э.​К.​Капітонава). Рэсп. навуковае таварыства эндакрынолагаў, створанае ў 1962, у 1997 пераўтворана ў Бел. асацыяцыю эндакрынолагаў, якая супрацоўнічае з адпаведнымі асацыяцыямі Літвы, Латвіі, Расіі, Украіны, Вялікабрытаніі, Германіі, Японіі і з’яўляецца членам Еўрап. федэрацыі эндакрыналагічных таварыстваў і Міжнар. федэрацыі дыябету. У адпаведнасці з палітыкай Сусветнай арганізацыі аховы здароўя «Здароўе для ўсіх у 21-м стагоддзі» перспектывы развіцця эндакрыналогіі на Беларусі — у распрацоўцы стратэгіі для забеспячэння паўнацэннага жыцця пры эндакрынных расстройствах на аснове тэхналогій даказальнай медыцыны.

Літ.:

Вопросы истории медицины и здравоохранения: Материалы 3 науч. историко-мед. конф. Белорусской ССР. Мн., 1968;

Холодова Е.А., Данилова Л.И. Болезни щитовидной железы. Мн., 1991;

Холодова Е.А., Мохорт Т.В., Билодид И.К. Сахарный диабет и беременность // Современные проблемы эндокринологии в акушерстве, гинекологии и неонатологии: Тез. докл. науч. конф. Мн., 1994;

Матвейчик Т.В. Становление и развитие эндокринологической службы в Республике Беларусь // Медицина Беларуси XX в. Тез. докл. 8 респ. науч. конф. по истории медицины. Мн., 1998;

Холодова Е.А. Развитие эндокринологической службы в Республике Беларусь // Мед. новости. 1999. №8.

А.​А.​Холадава.

т. 18, кн. 2, с. 580

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІБЛІЯФІ́ЛЬСТВА (ад грэч. biblion кніга + philia любоў, літар. любоў да кнігі),

збіранне і вывучэнне рэдкіх і каштоўных выданняў. Спрыяе стварэнню кнігазбору, зберажэнню рэдкіх выданняў, адметных якасцю друку, ілюстрацыямі, пераплётамі, аўтографамі іх уладальнікаў і інш.

Збіранне твораў пісьменства вядома са стараж. часоў на Усходзе, у Стараж. Грэцыі і Рыме. У сярэднявеччы ў Зах. Еўропе былі прыватныя зборы рукапісных кніг. Пасля вынаходства кнігадрукавання (15 ст.) у калекцыях бібліяфілаў гал. месца займалі друкаваныя выданні. Найб. каштоўнасць маюць зборы стараж. рукапісаў, кнігі 16—17 ст., першыя выданні класікаў л-ры, творы, забароненыя цэнзурай, калекцыі, прысвечаныя асобным галінам ведаў. У Расіі бібліяфільства ўзнікла ў 16 ст. Вядомыя кнігазборы Сімяона Полацкага, Я.​Бруса, А.​І.​Мусіна-Пушкіна, Дз.​П.​Бутурліна, М.​П.​Румянцава, М.​П.​Ліхачова і інш. Выдаваліся спец. часопісы «Антиквар» (1902—03), «Русский библиофил» (1911—16), дзейнічалі «Рускае бібліялагічнае таварыства» (1899—1916), Рускае т-ва сяброў кнігі (1920—29, Масква), Т-ва бібліяфілаў (1923—31, Ленінград). У 1974 створана Усесаюзнае добраахвотнае т-ва аматараў кнігі. З 1992 дзейнічае Міжнар. т-ва кнігалюбаў.

На Беларусі бібліяфільства вядомае з 16 ст. Значныя прыватныя кнігазборы былі ў Радзівілаў у Нясвіжы і Слуцку (гл. Радзівілаў бібліятэка), Сапегаў у Слоніме, Ружанах, Дзярэчыне (Зэльвенскі р-н, гл. Сапегаў бібліятэкі), Храптовічаў у Шчорсах (Навагрудскі р-н, гл. Храптовічаў бібліятэкі), Паскевічаў у Гомелі, Масальскіх у Белічанах, Оштарпаў у Дукоры, Юндзілаў у Івацэвічах, Тызенгаўзаў у Паставах. Каштоўныя кнігазборы мелі браты В. і К.​Каліноўскія, А.​К.​Ельскі, Б.​І.​Эпімах-Шыпіла. У дзярж. кнігасховішчы Беларусі паступілі прыватныя кнігазборы вучоных Я.​Ф.​Карскага, М.​А.​Янчука, П.​Н.​Беркава, А.​Я.​Багдановіча. У 1926—29 дзейнічала Бел. т-ва бібліяфілаў, у 1974 створана Добраахвотнае т-ва аматараў кнігі Беларусі, з 1991 Бел. т-ва «Кніга», якое выдае альманах бібліяфілаў Беларусі «Свіцязь».

т. 3, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІЗНЯ́ТЫ,

нараджэнне (амаль адначасовае) двух і болей дзяцей у чалавека і млекакормячых жывёл, для якіх характэрна аднаплоднасць. Блізняты могуць быць аднаяйцавыя (моназіготныя), развіваюцца з адной аплодненай яйцаклеткі — зіготы, і двух’яйцавыя (дызіготныя), развіваюцца з двух ці болей адначасова аплодненых яйцаклетак. Аднаяйцавыя блізняты заўсёды аднаполыя, маюць аднолькавы генатып, групу крыві і надзвычай высокую ступень падабенства. Двух’яйцавыя блізняты могуць быць адна- і разнаполыя, іх генатыпічнае і вонкавае падабенства не большае, чым паміж іншымі братамі і сёстрамі (сібсамі). Суадносіны паміж мона- і дызіготнымі блізнятамі ў чалавека вызначаюцца прыкладна як 1 і 2, нараджэнне двайнят у сярэднім складае 1 на 100 родаў (ад 0,6 у Японіі да 4,5 у Афрыцы), трайнят — прыкладна на 10 тыс., чацвярнят — на 1 млн.; вядомы выпадкі нараджэння 5 і 6 блізнят; шматплоднасць больш уласціва прадстаўнікам негроіднай расы, менш мангалоідам. Зніжэнне нараджэння блізнят у апошнія дзесяцігоддзі звязваюць з уплывамі сац.-быт. фактараў.

Сучасныя метады дыягностыкі дазваляюць устанавіць шматплоднасць у самыя раннія тэрміны цяжарнасці. Па даных гемелалогіі (навукі пра блізнят) асн. ролю ў вызначэнні шматплоднасці мае спадчыннасць. Па мацярынскай лініі перадаюцца ў спадчыну дызіготныя блізняты, па бацькоўскай — моназіготныя. Унутрывантробнае і пасляродавае развіццё блізнят вызначаецца шэрагам асаблівасцяў. У 70—75% выпадках аднаяйцавым блізнятам уласціва наяўнасць адной плацэнты і аднаго харыёна, у дызіготных блізнят яны асобныя для кожнага плода. Больш частыя (у 2 разы) у блізнят прыроджаныя заганы развіцця, магчымы выпадкі хімерызму, у аднаяйцавых — недаразвіццё або адсутнасць сэрца, спалучэнне крывяносных сістэм, няпоўнае раздзяленне тулаваў (гл. Сіямскія блізняты) і інш. У генетыцы вывучэнне ролі і ўзаемаадносін спадчыннасці і асяроддзя ў зменлівасці прыкмет і фарміраванні асобы (чалавека) складае сутнасць «блізнятнага метаду». У жывёлагадоўлі штучнаму рэгуляванню плоднасці свойскіх і інш. карысных жывёл надаецца гасп. значэнне.

Р.​У.​Дэрфліо.

Блізняты аднаяйцавыя (злева) і двух’яйцавыя.
Да арт. Блізняты. Схематычнае адлюстраванне размяшчэння аднаяйцавых (1) і двух’яйцавых (2) блізнят у матцы.

т. 3, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРААКУ́СТЫКА (ад гідра... + акустыка),

раздзел акустыкі, які вывучае распаўсюджванне гуку ў водным асяроддзі. Гідраакустыка ўключае тэарэт. даследаванні па прагназаванні структуры акустычных палёў, вывучэнне заканамернасцей распаўсюджвання гуку ў воднай прасторы для розных раёнаў Сусветнага акіяна, распрацоўку метадаў і сродкаў вымярэння параметраў гукавых палёў, эксперым. натурныя даследаванні.

Гукавыя хвалі ў водным асяроддзі распаўсюджваюцца на значныя адлегласці (напр., у дыяпазоне частот 500—2000 Гц далёкасць распаўсюджвання пад вадой гуку сярэдняй інтэнсіўнасці дасягае 15—20 км, у дыяпазоне ультрагуку — 3—5 км). Далёкасць распаўсюджвання акустычных імпульсаў у моры і акіяне абмяжоўваецца рэфракцыяй гуку (скрыўленнем шляху гукавога праменя) і наяўнасцю лакальных неаднароднасцей (часцінак, бурбалачак паветра і інш.), на якіх яны рассейваюцца і паглынаюцца. Скорасць гуку залежыць у асноўным ад гідрастатычнага ціску і слаістасці, абумоўленай размеркаваннем т-ры і салёнасці вады па глыбіні (мяняецца ў межах 1450—1540 м/с). З гэтай прычыны акустычныя хвалі могуць пераламляцца, а ў асобных выпадках на пэўнай глыбіні з’яўляюцца каналы звышдалёкага распаўсюджвання гуку (да тысяч км). Зменлівасць асяроддзя, яго неаднароднасць, наяўнасць межаў з непрадказальнымі характарыстыкамі, разнастайнасць фіз. працэсаў у водным асяроддзі — аб’ектыўныя фактары, якія ўскладняюць карэктнае апісанне працэсу распаўсюджвання гуку ў вадзе і стварэнне адэкватнай яму мадэлі. Прыкладная гідраакустыка займаецца распрацоўкай гідраакустычных прылад. Найб. пашыраны рэхалоты, гідралакатары, шумапеленгатары і інш. Яны выкарыстоўваюцца для даследавання акіяна, у навігацыйных мэтах, для рыбапрамысловай разведкі, пошукавых работ, вырашэння ваенных задач (пошукі падводных лодак праціўніка, бесперыскопная тарпедная атака і інш.). Распрацаваны і створаны мнагамэтавыя вымяральна-вылічальныя комплексы (вымярэнне часавых параметраў акустычных сігналаў, аналіз структуры шматпрамянёвых сігналаў і часавай стабільнасці характарыстык трас распаўсюджвання гуку працягласцю да некалькіх соцень кіламетраў).

На Беларусі даследаванні па гідраакустыцы вядуцца з 1971 у НДІ прыкладных фіз. праблем пры БДУ.

Літ.:

Урик Р.Д. Основы гидроакустики: Пер. с англ. Л., 1978;

Клей К., Медвин Г. Акустическая океанография: Пер. с англ. М., 1980.

А.​Ф.​Чарняўскі.

т. 5, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)