ПРЭ́СЛІ (Presley) Элвіс (8.1.1935, г. Цьюпела, штат Місісіпі, ЗША — 16.8.1977),
амерыканскі эстрадны спявак, гітарыст, кінаакцёр. На сцэне з 1950-х г. Стварыў індывідуальны вакальны стыль, які ўвабраў у сябе паўд.-амер. блюзы, рэліг. песнапенні, музыку кантры. Найб. уплывовы выканаўца рок-н-рола. Экстравагантнасць паводзін, эмацыянальна раскаваны выканальніцкі стыль зрабілі П. кумірам моладзі. Здымаўся ў кіно (больш за 30 фільмаў), у т. л. «Пакахай мяне пяшчотна» (1956), «Каханне да цябе», «Турэмны рок» (абодва 1957), «Двайныя непрыемнасці» (1967). Пра творчасць П. пастаўлены дакумент. фільмы («Элвіс — так гэта адбываецца на самай справе» (1970), «Элвіс у турнэ» (1972), «Гэта Элвіс» (1981), маст. фільм «Элвіс — кіно» (1979).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́БСАН (Robeson) Поль (9.4.1898, г. Прынстан. штат Нью-Джэрсі, ЗША — 23.1.1976),
амерыканскі спявак (нізкі бас), драм. акцёр, грамадскі дзеяч. Скончыў Калумбійскі ун-т (1923). З 1921 выступаў як драм. акцёр у амер. і англ. т-рах (лепшая роля — Атэла у аднайм. п’есе У.Шэкспіра; 1930). У 1925 дэбютаваў як спявак. Выканаўца негрыцянскіх і амер.нар., антыфаш. і антываен. песень, песень пратэсту; у рэпертуары былі песні народаў СССР і сав. кампазітараў. Здымаўся ў кіно. Чл.Сусв. Савета Міру (1950). Міжнар. прэмія Міру 1950. Міжнар. Ленінская прэмія 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЧАРДСАН (Richardson) Роберт Коўлман (н. 26.6.1937, Вашынгтон),
амерыканскі фізік. Чл.Нац.АН ЗША (1986). Замежны чл.Фін. акадэміі навук і л-ры (1993). Скончыў Віргінскі політэхн.ін-т (1960), ун-т Дзюка (г. Дархэм, штат Паўн. Караліна; 1966). З 1966 у Корнелскім ун-це (з 1975 праф.). Навук. працы па эксперым. фізіцы нізкіх тэмператур, вывучэнні ўласцівасцей вадкасцей і цвёрдых цел пры звышнізкіх т-рах. Адкрыў з’яву звышцякучасці вадкага гелію-3 (разам з Д.М.Лі, Д.Дз.Ошэрафам; 1972). Нобелеўская прэмія 1996 (з Лі і Ошэрафам).
Тв.:
Рус.пер. — Эффект Померанчука // Успехи физ. наук. 1997. Т. 167, вып. 12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ЙМАНС (Simons) Генры Калверт (1899—1946),
амерыканскі вучоны-эканаміст. Адзін з заснавальнікаў Чыкагскай школы ў палітэканоміі, прыхільнікі якой выступалі за захаванне «чыстай канкурэнцыі» і лічылі непажаданым дзярж. ўмяшанне ў эканам. жыццё. З 1939 праф. Чыкагскага ун-та. Навук. працы па праблемах развіцця грашова-крэдытнай сістэмы, бюджэтна-фін. і падатковай палітыкі. Аўтар твораў «Эканамічная палітыка для свабоднага грамадства» (1948), «Федэральная пачатковая рэформа» (1950) і інш. Прапанаваў банкаўскую рэформу (1930-я г.), якая прадугледжвала скарачэнне грашовага абароту, спыненне абясцэньвання грошай і прадухіленне банкруцтва банкаў. Распрацаваў праект рэформы, паводле якой асн. крыніцай федэральных даходаў станавіўся падаходны падатак з грамадзян (20% ад усіх відаў даходаў) і скарачаліся ўскосныя падаткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНТ-ГО́ДЭНС (Saint-Gaudens) Агастэс (1.3.1848, г. Дублін, Ірландыя — 3.8.1907),
амерыканскі скульптар; адзін са стваральнікаў нац. школы скульптуры 19 ст. Вучыўся ў Нац. акадэміі малюнка ў Нью-Йорку (1864—66), у Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1867—70). У 1870—75 працаваў у Рыме. У творчасці спалучаў імкненне да канкрэтнасці і строгай стрыманасці выявы з паэтычнасцю і вобразнай яркасцю характарыстыкі, смелай жывапіснай лепкай формы: помнікі адміралу Д.Фарагуту ў Нью-Йорку (1881), А.Лінкальну ў Чыкага (1887), надмагіллі сям’і Адамс на могілках Рок-Крык у Вашынгтоне (1891), мемарыял Р.Шоу ў Бостане (1897), барэльефны партрэт Р.Л.Стывенсана (1899—1900) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭ́МІН (Temin) Хоўард Марцін (10.12.1934, г. Філадэльфія, ЗША — 1994),
амерыканскі вучоны ў галіне вірусалогіі. Чл.Нац.АН ЗША (1974), Амер. акадэміі мастацтваў і навук. Скончыў каледж у Суартмарэ (1955). З 1959 д-р філасофіі ў Каліфарнійскім тэхнал. ін-це. З 1969 праф. анкалогіі ва ун-це г. Мадысан. Навук. працы па механізмах узаемадзеяння анкагенных вірусаў з клеткай. Адкрыў вірусны фермент (зваротную транскрыптазу), які забяспечвае сінтэз ДНК на матрыцы РНК у працэсе перадачы генет. інфармацыі (1970). Даказаў, што ўключэнне вірусных геномаў у клетачны генатып прыводзіць да ператварэння нармальнай клеткі ў ракавую. Сфармуляваў тэорыю правіруса (1970). Нобелеўская прэмія 1975 (з Д.Балтымарам і Р.Дульбека).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УО́РФ (Whorf) Бенджамін Лі (24.4.1897, г. Уінтрап, штат Масачусетс, ЗША — 26.7.1941),
амерыканскі мовазнавец і этнограф. Скончыў Масачусецкі тэхнал.ін-т (1918). З 1926 даследаваў праблему суадносін мовы і мыслення, вывучаў мовы амер. індзейцаў, семіцкія мовы. Першыя працы, у т. л. «Фанетычная ацэнка характэрных асаблівасцей пісьменнасці майя» (1933), прысвечаны дэшыфроўцы і лінгвістычнай інтэрпрэтацыі пісьменнасці майя. Пад уплывам ідэй Э.Сепіра і ў выніку назіранняў за юта-ацтэкскімі мовамі (асабліва хопі) сфармуляваў гіпотэзу пра лінгвістычную адноснасць (гіпотэза Сепіра—У.). Зрабіў вял. ўклад у распрацоўку тэорыі грамат. катэгорый.
Літ.:
Звегинцев В.А. Теоретико-лингвистические предпосылки гипотезы Сепира—Уорфа // Новое в лингвистике. М., 1960. Вып. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФО́НДА (Fonda) Генры (16.5.1905, г. Гранд-Айленд, ЗША — 12.8.1982),
амерыканскі акцёр. Вучыўся ў Мінесоцкім ун-це. З 1925 у т-ры, з 1935 у кіно. Стварыў вобразы, якія вызначаліся публіцыст. страснасцю ў спалучэнні з дакладнасцю сац.-быт. характарыстык, глыбінёй псіхал. аналізу: «Жывеш толькі раз» (1937), «Блакада» (1938), «Юны містэр Лінкальн» (1939), «Гронкі гневу» (1940), «Мая дарагая Клеменціна» (1946), «Вайна і мір» (1956), «Дванаццаць раззлаваных мужчын» (1957), «Самы годны» (1964, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах, Чэхія), «Аднойчы на Далёкім Захадзе» (1968), «Каля Залатога возера» (1981, прэмія «Оскар», прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах, 1982). Прэмія «Оскар» 1981 за ўклад у кінамастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРЫ́ДМАН (Friedman) Джэром Айзек (н. 28.3.1930, г. Чыкага, ЗША),
амерыканскі фізік. Чл.Нац.АН ЗША (1992), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1980). Бацькі з Беларусі. Скончыў Чыкагскі ун-т (1956). З 1957 у Станфардскім ун-це, з 1960 у Масачусецкім тэхнал. ін-це (з 1967 праф., у 1983—88 дэкан фіз. ф-та). Навук. працы па эксперым. фізіцы высокіх энергій. Даследаваў рассеянне электронаў на дэйтроне і нуклонах. Эксперыментальна пацвердзіў існаванне кваркаў (з Г.У.Кендалам і Р.Э.Тэйларам, 1968). Нобелеўская прэмія 1990 (з Кендалам і Тэйларам).
Тв.:
Рус.пер. — Глубоко-неупругое рассеяние: Сравнение с кварковой моделью // Успехи физ. наук. 1991. Т. 161, №12.
амерыканскі эканаміст, прадстаўнік чыкагскай школы ў палітэканоміі. Скончыў ун-т Ратгерс (1932). Д-р філасофіі (1946) і права (1968). З 1948 праф. Чыкагскага ун-та. У 1971—74 саветнік прэзідэнта Р.Ніксана па эканам. пытаннях. Навук. працы ў галіне тэорыі і практыкі грашовага абарачэння. Распрацаваў канцэпцыю чалавечага капіталу, сфармуляваў гіпотэзу перманентнага даходу, прынцып натуральнага ўзроўню беспрацоўя. Метадалагічна абгрунтаваў пазітыўную эканам. тэорыю і лібертарыянскую ідэалогію. Аўтар (з Г.Шварц) манументальнай гісторыі грашовага абарачэння ў ЗША, якая стала асновай для колькаснай тэорыі грошай. Аўтар прац «Нарысы па пазітыўнай эканоміцы» (1953), «Грошы і эканамічнае развіццё» (1973) і інш. Нобелеўская прэмія 1976.