старажытная дзяржава ў цэнтр. частцы М. Азіі. Уключала землі, якія спачатку былі ў складзе Фрыгіі і Кападокіі. Вылучылася ў выніку ўварвання каля 277 да н.э. кельцкага племя галатаў (адсюль назва). У 183—167 да н.э. ў Пергамскім царстве. У 166—25 да н.э. пад рым. уплывам, але фармальна незалежная. У 25 да н.э. ператворана ў рым. правінцыю з цэнтрам у Анкіры (сучасны г. Анкара), уваходзіла ў склад Рым. імперыі, потым — Візантыі. У 11 ст. заваявана сельджукамі, у 14 туркамі-асманамі. Назва Галатыя ўжывалася да 7 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАФО́БНЫЯ ПАКРЫ́ЦЦІ,
тонкія слаі нязмочвальных вадой рэчываў на паверхні гідрафільных матэрыялаў (гл.Гідрафільнасць і гідрафобнасць) для аховы металаў, драўніны, пластмас, скуры, тканых і нятканых матэрыялаў ад разбуральнага ўздзеяння вады або намакання. Гідрафобныя пакрыцці ў выглядзе слаёў таўшчынёй у адну малекулу або плёнак тыпу лакавай атрымліваюць апрацоўкай матэрыялу растворамі, эмульсіямі або парай гідрафабізатараў — рэчываў, якія слаба ўзаемадзейнічаюць з вадой, але моцна трымаюцца на паверхні. Напр., солі тлустых кіслот і металаў (медзі, алюмінію, цырконію і інш.), і інш.паверхнева-актыўныя рэчывы, крэмній- і фторарганічныя злучэнні. Выкарыстоўваюцца ў машынабудаванні, буд-ве, тэкст. вытв-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІНАГЕНЕ́З (ад гіна... + ...генез),
развіццё зародка з генетычнага матэрыялу яйцаклеткі; тып палавога размнажэння. Пры гінагенезе мужчынская гамета з інактываваным ядром, пранікаючы ў яйцаклетку, актывуе яе да драблення, але ў далейшым развіцці не ўдзельнічае. З’яўляецца формай партэнагенезу, процілегласцю андрагенезу, адбываецца ў выніку незавершанага апладнення, часцей пры апладненні яец аднаго віду спермай іншага (роднаснага) віду. Назіраецца ў некаторых відаў нематодаў, касцістых рыб, земнаводных і пакрытанасенных раслін. У эксперыменце гінагенез, як спосаб кіравання развіццём і полам, можна выклікаць штучна тэрмашокам, апрамяненнем яйцаклеткі, мікрахірургічным выдаленнем з зіготы мужчынскага прануклеуса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЮКАГО́Н,
бялковы гармон, які выпрацоўвае падстраўнікавая залоза (α-клеткі астраўкоў Лангерганса). Глюкагон — адналанцужковы поліпептыд з 29 амінакіслотных астаткаў. Мал. маса каля 4000. Атрыманы ў 1956 амер. Біяхімікам В.Бромерам у крышт. выглядзе. Стымулюе распад глікагену печані праз актывацыю ферменту фасфарылазы і ў выніку павялічвае канцэнтрацыю цукру ў крыві. З’яўляецца фізіял. антаганістам інсуліну, а таксама стымулятарам яго сакрэцыі. Вядомы т.зв. кішэчны глюкагон (вылучаны з слізістай абалонкі дванаццаціперснай кішкі) з большай мал. масай, у якога, як лічыцца, амаль няма глікагеналітычнага дзеяння, але ёсць выразны інсулінстымулявальны эфект.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІЯ ПАЯСЫ́,
вырабы Гродзенскай шаўкаткацкай мануфактуры А.Тызенгаўза ў 1770-я — пач. 1780-х г. Запрошаныя сюды франц. майстры ўзялі за аснову арнаментальную структуру, памер і кампазіцыю слуцкіх паясоў, але арнамент сярэдняй ч. і матывы на канцах пояса распрацавалі паводле франц. узораў, якія пазней былі заменены на ўсходнія.
Росквіт персіярні (1774—78) звязаны з творчасцю ліёнскага майстра Ф.Селімана. Яго паясы вызначаліся гарманічнасцю кампазіцыі, лёгкім малюнкам; вытанчанасцю каларыту. У 1783 выраб паясоў спыніўся. Калекцыя Гродзенскіх паясоў зберагаецца ў Гіст. музеі ў Маскве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГУ́СІ-ЛЕ́БЕДЗІ»,
бел.нар. гульня. Удзельнікі выбіраюць кіраўніка — «гусіную маці» і дзеляцца на 2 групы — «гусей» і «ваўкоў». «Маці» садзіцца на лаўку, «гусі» становяцца на процілеглым баку, «ваўкі» — у цэнтры. «Маці» кліча «гусей»: «Гусі, дадому!». Тыя пытаюцца: «А што дома?». «Маці»: «Піці і есці, але ж ваўкі дзесьці!». «Гусі»: «А што ім рабіць?». «Ваўкі»: «Гусей лавіць». «Маці» камандуе: «Шэры, белы, валахаты, уцякайце ўсе дахаты». «Гусі» бягуць да яе, а «ваўкі» іх ловяць. Гульня працягваецца, пакуль «ваўкі» не пераловяць усіх «гусей», пасля мяняюцца ролямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́КІ (лац. Daci),
група паўн.-фракійскіх плямён, якія засялялі тэр. на Пн ад Дуная да Карпацкіх гор (сучасная Трансільванія). У 7—4 ст. да н.э. былі пад уплывам качэўнікаў-скіфаў, у 3—2 ст. да н.э. — кельтаў. Д. гандлявалі з Грэцыяй, Італіяй, чаканілі манету, апрацоўвалі металы. У 1 ст. да н.э. аб’ядналіся з гетамі, але саюз хутка распаўся. Найвыш. росквіту дасягнулі ў часы Дэцэбала (87—106 н.э.), які стварыў магутную дзяржаву. Страцілі незалежнасць у выніку войнаў (101—102 і 105—106) з рым. імператарам Траянам, краіна стала рым. правінцыяй Дакія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́ЙСКІ КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ.
Існаваў у 1706—1832 у Друі. Засн. браслаўскім падчашым П.К.Качаноўскім. Мураваныя касцёл і жылы корпус пабудаваны ў 2-й пал. 18 ст. па праекце італьян. архітэктара Парака. Касцёл св. Антонія асвячоны ў 1767 бел. біскупам-суфраганам Ф.Тавянскім. У 1839 будынкі кляштара перададзены праваслаўным; мясц. памешчык Мілаш царскім загадам быў абавязаны пераабсталяваць касцёл у царкву, але потым выдаткі былі перакладзены на прыхаджан. З-за адсутнасці сродкаў работы не выконваліся. У канцы 19 ст. кляштар разабраны на цэглу, касцёл узарваны ў 1909.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДРЭ́ВА ЖЫЦЦЯ́»
(франц. l’arbe de vie),
неафіцыйная назва аднаго з відаў раслін роду туя. Так названа ў пач. 16 ст. каралём Францыі амер. расліна туя заходняя (Thuja occidentalis). Лічыцца таксама, што «Д.ж.» — пераклад нар. назвы азіяцкага віду туі, магчыма, туі ўсходняй (Th. orientalis), — адзінага віду падроду платыкладус, які некат. сістэматыкі вылучаюць у асобны род Biota.
Шматгадовазялёныя дрэвы або кусты з мяккай, але ўстойлівай да гніення драўнінай і шчыльным лускападобным лісцем. Як дэкар. расліны традыцыйна выкарыстоўваюцца на могілках і мемар. комплексах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́ПЕЛЬ (Gallinago media),
птушка сям. сяўцовых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў Еўропе і Паўн. Азіі на балотах і заліўных лугах. Пералётны. На Беларусі звычайны, нар. назва дубельт.
Даўж. цела да 35 см, маса да 230 г. Апярэнне стракатае, рыжавата-бурае. Падобны на бакаса, але на баках грудзей і брушка папярочныя стракаціны, больш кароткая дзюба (да 7,4 см). Самцы такуюць вял. групамі ўначы. Гнёзды на купінах. Нясе 4 яйцы. Птушаняты вывадкавыя. Корміцца глебавымі беспазваночнымі, насякомымі і іх лічынкамі, карэньчыкамі балотных раслін. Зімуе ў Паўд.-Зах. і Паўд. Афрыцы. Аб’ект палявання.