ДАЎГА́ЛА (Валерый Цімафеевіч) (н. 6.6.1947, г. Гомель),

бел. мастак-манументаліст. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1972). У 1974—93 і з 1996 на Мінскім маст.-вытв. камбінаце. У 1993—96 нам. старшыні СМ Беларусі. Працуе ў тэхніцы вітража («Свята зямлі беларускай», Дом быту ў Мінску, 1980—81, і інш.), энкаўстыкі («Спадчына», Дом культуры ў в. Лошніца Барысаўскага р-на, 1984—85; «Свята», Дом культуры аб’яднання «Даламіт» у Віцебску, 1986; з А.​Яскіным, і інш.), акварэлі (серыі: «Запаляр’е», 1985—86, «Лепельскі край», 1987—88, «Успаміны аб Сан-Сусі», 1989—90; «Святло ў лесе», 1995, і інш.). Аўтар маст. афармлення з У.​Стальмашонкам грамадскіх аб’ектаў, адметнага пошукам новых формаў і выкарыстаннем нетрадыц. матэрыялаў (мораны дуб з крышталём у рэстаране «Мінск» у г. Патсдам, Германія, 1976—77) і тэхнік (фларэнційская мазаіка на станцыі метро «Маскоўская», 1979—82; станцыі метро «Плошча Перамогі», 1984 і «Купалаўская», 1987—88, і інш.). Адзін з аўтараў комплекснага вырашэння інтэр’ераў Палаца Рэспублікі (з 1986).

В.Даўгала, У.​Стальмашонак. Свята зямлі беларускай. Вітраж. 1981.

т. 6, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКА́ЗНІК,

участак прыроднай тэрыторыі, прызначаны для захавання і аднаўлення аднаго або некалькіх кампанентаў прыроды і падтрымання экалагічнага балансу; адзін з відаў асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і аб’ектаў. На тэр. З. пастаянна або часова забаронены ці абмежаваны пэўныя віды гасп. дзейнасці, якія могуць пашкодзіць яго стану (узворванне зямель, асобныя віды лесакарыстання, палявання і рыбалоўства, касьба, выпас жывёлы, збор ягад, пладоў, кветак і інш.), у той жа час у З. могуць быць дазволены сан. высечка лесу, адлоў і адстрэл жывёл з навук. мэтамі, або для рэгулявання іх колькасці, лесапасадкі, рассяленне новых відаў жывёл, лесагасп. і інш. віды работ, турызм. Пл. З. ад некалькіх да сотняў тысяч гектараў, напр., Алма-ацінскі — 800 тыс. га (Казахстан), Верхнекандзенскі — 242 тыс. га і Кірзінскі — 120 тыс. га (Расія), Налібоцкі — 86 тыс. га (Беларусь).

На Беларусі (на 1.1.1998) створана 85 З. рэсп. значэння агульнай пл. 656 тыс. га і больш за 600 мясц. значэння. Асн. віды З.: ландшафтныя заказнікі, біялагічныя заказнікі, гідралагічныя заказнікі і палеанталагічныя. Першы З. — Белавежская пушча, створаны ў 1541 для аховы зуброў, з 1640 у ім забаронена высечка лесу.

т. 6, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПАВЕ́ДНЫЯ ТЭРЫТО́РЫІ,

участкі зямлі або воднай прасторы, якія выключаны з гасп. дзейнасці чалавека; катэгорыя ўсіх або часткі асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і аб’ектаў. Размешчаныя ў межах З.т. прыродныя комплексы пэўнай навук. або культ. каштоўнасці маюць вял. значэнне для аховы і ўзнаўлення натуральных ландшафтаў, захавання генафонду жывёл і раслін. Асн. формы З.т.: батанічны сад, заказнік, запаведна-паляўнічыя гаспадаркі, запаведнікі, помнікі прыроды, прыродныя нацыянальныя паркі, рэзерваты.

Правобразам З.т. у старажытнасці былі свяшчэнныя рытуальныя гаі, крыніцы, прыватныя ці грамадскія паляўнічыя ўгоддзі (пушчы, бабровыя, ласіныя «гоны» і інш.). Адзін з першых запаведных лясных масіваў Еўропы — Белавежская пушча, першы нац. парк у свеце — Йелаўстонскі нацыянальны парк. У многіх краінах свету існуюць 1—3 нац. паркі, шмат дзярж., грамадскіх і прыватных запаведнікаў, напр., у Нідэрландах 988, у Францыі каля 3 тыс. запаведнікаў і заказнікаў. Агульная пл. буйных З.т. у свеце 2,4 млн. км! (каля 1,6% сушы).

На Беларусі (на 1.9.1997) існуюць Бярэзінскі біясферны запаведнік і Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік, 3 нац. паркі — Белавежская пушча, Браслаўскі і Прыпяцкі і 85 заказнікаў агульнай пл. 1192,9 га.

Э.​Р.​Самусенка.

т. 6, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗНА́КАВАЯ ТЭО́РЫЯ МО́ВЫ,

вучэнне, якое даследуе мову ў адносінах да інш. знакавых сістэм (матэм., муз., дарожнай і інш.), а таксама яе падабенства ці адрозненне ад іх. Заснавальнік семіётыкі амер. філосаф Ч.​Пірс разглядаў мову як знакавыя адзінкі, характэрнай рысай якіх служыць адсутнасць знешняга падабенства з суадноснымі прадметамі. Амер. вучоны Ч.​Морыс прапанаваў разглядаць усе знакі (у т. л. і моўныя) у трох вымярэннях: адносіны знакаў да аб’ектаў (семантыка), да інш. знакаў (сінтактыка) і да тых, хто карыстаецца гэтымі знакамі (прагматыка). Заснавальнік лінгвасеміётыкі (навукі, што вывучае знакавыя ўласцівасці мовы) швейцарскі лінгвіст Ф. дэ Сасюр асн. рысамі моўных знакаў лічыў іх сістэмнасць і наяўнасць адвольнай сувязі паміж іх планамі выражэння і планамі зместу. Гэтыя рысы надаюць мове стабільнасць, а таксама здольнасць фармуляваць самыя складаныя адцягненыя паняцці. Найб. выразны знакавы характар маюць пісьмовыя формы мовы, разам з якімі выкарыстоўваюцца і неславесныя знакі (лічбы, сімвалы і інш.).

Літ.:

Семиотика языка и литературы. М., 1983;

Соссюр Ф. де. Труды по языкознанию: Пер. с фр. М., 1977.

Б.​А.​Плотнікаў.

т. 7, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯМЕ́ЛЬНЫЯ РЭСУ́РСЫ,

сукупнасць зямельных тэрыторый, што выкарыстоўваюцца ці прыдатныя для выкарыстання ў гасп. мэтах і ў якасці сродкаў вытв-сці; від прыродных рэсурсаў. Падзяляюцца на 3 групы: угоддзі сельскагаспадарчыя; землі для размяшчэння сродкаў вытв-сці, непарыўна звязаных з зямлёй (ахоўныя лясныя насаджэнні, гідратэхн. збудаванні, пляцоўкі для с.-г. авіяцыі і інш.); землі, якія не выкарыстоўваюць у с.-г. вытв-сці (камяністыя месцы, яры і інш.). З.р. выкарыстоўваюцца і для размяшчэння нар.-гасп. аб’ектаў, рассялення насельніцтва, як гал. сродак вытв-сці ў сельскай і лясной гаспадарцы. Агульная пл. сушы на зямным шары складае 133,9 млн. км² (без уліку 14 млн. км², што пад ледавікамі), з якой тундравыя і лесатундравыя тэрыторыі займаюць 17 млн. км². Пад с.-г. землямі занята каля 35%, лясамі і хмызнякамі — больш за 30%, населенымі пунктамі, прам-сцю і транспартам — больш за 3%. На душу насельніцтва плошчы пад ворнай зямлёй, лугамі і пашамі складаюць каля 1 га. Ў сувязі з павелічэннем колькасці насельніцтва Зямлі і выбыццём ч. ўгоддзяў з с.-г. абароту, штогод выключаецца з карыстання 5—7 млн. га. Гл. таксама Зямельны фонд.

т. 7, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т ПРЫКЛАДНО́Й ФІ́ЗІКІ Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Засн. ў 1980 у Мінску на базе Аддзела фізікі неразбуральнага кантролю АН Беларусі (існаваў з 1963). У ін-це 13 лабараторый, аспірантура і дактарантура, савет па абароне канд. і доктарскіх дысертацый.

Асн. кірункі навук. даследаванняў: развіццё навук. асноў, даследаванне фіз. прынцыпаў, стварэнне метадаў і сродкаў неразбуральнага кантролю (НК) рэчыва, вырабаў і тэхнал. працэсаў галін машынабудавання і энергетыкі; фіз. і матэм. асновы выліч. дыягностыкі аб’ектаў і сістэм з неаднароднай і зменлівай структурай. Распрацаваны: тэорыя нелінейных дынамічных працэсаў перамагнічвання і неаднароднага намагнічвання; асновы магн. і эл.-магн. метадаў НК; тэарэт. асновы капілярнага НК і акустычных метадаў дэфектаскапіі з выкарыстаннем магн. палёў; тэорыя сістэм з выпадковай і зменлівай структурай для дыягностыкі і бяспечнага кіравання дынамічнымі аб’ектамі; фіз. асновы кантролю фіз.-мех., магн. і эл. уласцівасцей матэрыялаў і вырабаў (у т. л. шматслойных і неаднародных). Выдадзены працы ін-та «Дасягненні ў фізіцы электрамагнітнага неразбуральнага кантролю» (Мінск — Токіо, 1994). У ін-це працавалі акад. АН Беларусі М.С.Акулаў, А.Г.Шашкоў, чл.-кар. І.С.Кавалёў, працуюць чл.-кар. Нац. АН Беларусі В.М.Арцём’еў, М.М.Зацэпін, П.П.Прахарэнка (дырэктар з 1993).

П.​П.​Прахарэнка.

т. 7, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУК ((Cook) Джэймс) (27.10.1728, Мартан, каля г. Мідлсбра, Вялікабрытанія — 14.2.1779),

англійскі мараплавец.

Узначаліў 3 кругасветныя плаванні. У час першай экспедыцыі (1768—71) на караблі «Індэвар» прыбыў на в-аў Таіці, нанёс на карту а-вы Таварыства, даследаваў Новую Зеландыю і праліў паміж Паўночным і Паўднёвым яе а-вамі, адкрыў Вял. Бар’ерны рыф і ўсх. ўзбярэжжа Аўстраліі, якое пад назвай Новы Паўд. Уэльс абвясціў брыт. уладаннем. У час другога плавання (1772—75) на караблі «Рэзальюшэн» у пошуках Паўд. мацерыка дасягнуў шыр. 71°10, адкрыў і даследаваў а-вы Новая Каледонія, Паўд. Сандвічавы, Паўд. Георгія і інш. У час трэцяй экспедыцыі (1776—79) на караблях «Рэзальюшэн» і «Дыскаверы» даследаваў берагі Канады, Аляскі і Камчаткі, адкрыў Гавайскія а-вы, дзе быў забіты ў сутычцы з мясц. насельніцтвам. Яго імем названа больш за 20 геагр. аб’ектаў, у т. л. гара на в-ве Паўднёвым у Новай Зеландыі (гл. Кука гара), праліў паміж Паўночным і Паўднёвым а-вамі Новай Зеландыі (гл. Кука праліў), 2 групы астравоў у Ціхім ак. (гл. Кука астравы), заліў каля берагоў Аляскі (гл. Кука заліў) і інш.

Дж.Кук.

т. 8, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДЭЛІ́РАВАННЕ САЦЫЯ́ЛЬНАЕ,

дзейнасць па вызначэнні аптымальных мадэлей сац. сістэм, іх асн. якасцей, крытэрыяў, параметраў, а таксама спосабу дзеяння, адносін, працэсаў і інш. Аб’екты М.с. — сац. супольнасці, працэсы, з’явы, грамадскія сувязі, якія падлягаюць уздзеянню суб’ектаў мадэліравання (элементы і сістэмы матэрыяльнай і духоўнай вытв-сці, сац. структуры грамадства, эканам., паліт. і інш. адносіны). Ажыццяўляецца М.с. нетрадыцыйных сац. аб’ектаўт.зв. «адкрытых сістэм» (ладу жыцця, сістэм адукацыі, аховы здароўя і інш.). Адпаведна спосабу ўзнаўлення рэчаіснасці і сродкам пабудовы сац. мадэлі адрозніваюць іх асн. класы: матэрыяльныя (заснаваны на ўдзеле ў іх людзей), ідэальныя («машынныя мадэлі»), змешаныя («чалавека-машынныя мадэлі»). Вылучаюць таксама тэарэт. і эмпірычныя, ігравыя і неігравыя, аналітычныя і машынныя, рэгрэсійныя, прычынныя і імітацыйныя, алгарытмічныя і аптымізацыйныя, з кіраваннем і без кіравання і інш. сац. мадэлі. М.с. ажыццяўляецца тэхн., матэм. і лагічнымі сродкамі, пры дапамозе якіх атрымліваюць, аналізуюць і перапрацоўваюць інфармацыю аб стане сац. супольнасцей, працэсаў і з’яў, тэндэнцыях іх развіцця або непасрэдна распрацоўваюць сац. мадэлі. На Беларусі назапашаны пэўны вопыт М.с. працэсаў прац. актыўнасці, узнаўлення і размеркавання прац. рэсурсаў, паводзін вял. і малых сац. груп і інш.

І.​В.​Катляроў.

т. 9, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙРО́ННАЯ СЕ́ТКА,

сукупнасць штучных нейронных элементаў і сувязей паміж імі. Структура Н.с. запазычана ў біял. аб’ектаў, мае здольнасць да навучання і дазваляе мадэліраваць разумовыя працэсы жывой матэрыі. З Н.с. звязваюць перспектывы развіцця выліч. тэхнікі, сістэм кіравання і інш.

Складаецца з штучных нейронных элементаў (гл. Нейрон), якія злучаны сінаптычнымі сувязямі і выконваюць аперацыю нелінейнага пераўтварэння сумы здабыткаў уваходных сігналаў на іх вагавыя каэфіцыенты. Самаарганізацыя і прыстасавальнасць Н.с. дасягаецца ў працэсе яе навучання, у выніку чаго ўдакладняюцца сінаптычныя сувязі паміж яе элементамі. Правілы навучання вызначаюць залежнасці вагавых каэфіцыентаў ад уваходных уздзеянняў. Асаблівасць Н.с. — здольнасць карэктна функцыянаваць пры паступленні даных, якія не ўваходзілі ў навуч. выбарку (здольнасць да абагульнення).

На Беларусі даследаванні па праблемах Н.с. вядуцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Брэсцкім політэхн. ін-це і інш. Для каардынацыі работы ў гэтай галіне створана бел. аддзяленне Міжнар. т-ва Н.с. (г. Брэст).

Літ.:

Головко В.А. Нейроинтеллект теория и применение. Кн. 1—2. Брест, 1999.

У.​А.​Галаўко, А.​А.​Дудкін.

т. 11, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́РМЫ ПРА́ЦЫ,

устаноўленыя заданні на выкананне ў пэўных умовах (арганізацыйна-тэхнічных, прыродна-кліматычных) асобных работ, вытв. аперацый ці функцый адным або групай (брыгадай) працоўных, што маюць адпаведную прафесію, спецыяльнасць, кваліфікацыю; меры затрат працы. Зыходная база для арганізацыі працы на прадпрыемствах, аснова для разліку многіх паказчыкаў (велічыні вытворчага цыкла, вытворчай магутнасці, матэрыяльнага стымулявання і інш.), заснаваных на вымярэнні колькасці працы, працоўных па іх катэгорыях, фонду заработнай платы. Пры дапамозе Н.п. знаходзяць больш эфектыўныя варыянты тэхнал. працэсаў і рацыянальныя прыёмы выканання работ. Н.п. класіфікуюцца: адпаведна прынятай адзінкі вымярэння—нормы часу (затраты прац. часу на выкананне адзінкі працы, прадукцыі), нормы выпрацоўкі (аб’ём работ ці колькасць адзінак прадукцыі, выкананыя за адзінку часу; велічыня адваротна прапарцыянальная норме часу), нормы абслугоўвання (колькасць вытв. аб’ектаў, адзінак абсталявання, прац. месцаў, якія павінен абслужыць адзін або група працаўнікоў) і нормы колькасці (вызначаная колькасць працаўнікоў пэўнага прафес. складу, неабходная для выканання канкрэтных вытв. функцый або аб’ёму работ у дадзеных умовах). Паводле ступені дыферэнцыяцыі Н.п. бываюць аперацыйныя, узбуйненыя і комплексныя; паводле метадаў абгрунтавання — тэхнічна абгрунтаваныя, доследна-статыстычныя і інш.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 11, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)