КУПА́ЛЫ Я́НКІ ЛІТАРАТУ́РНАГА МУЗЕ́Я ФІЛІЯ́Л «ЛЯЎКІ́» Засн 4.8.1945 ва ўрочышчы Ляўкі Аршанскага р-на Віцебскай вобл., дзе на дачы ў 1935—41 жыў і працаваў Я.Купала. Тут паэт напісаў т.зв. ляўкоўскі цыкл вершаў («Алеся», «Хлопчык і лётчык», «Лён» і інш.). Размешчаны ў будынку б. канторы Копыскага лясніцтва (літ. экспазіцыя) і дачы паэта (мемар. экспазіцыя). Устаноўлена мемар. дошка (1972). У 1962—72 філіял працаваў на грамадскіх пачатках. У 1977 і 1982 яго экспазіцыя абноўлена і значна пашырана, у яе склад уключана дача паэта (адноўлена ў 1981). Уваходзіць у Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі». Агульная пл. экспазіцыі 246 м², каля 550 экспанатаў, у т. л. 287 асн. фонду. У гісторыка-літ. частцы адлюстраваны дарэв. і найб. шырока сав. перыяды жыцця і творчасці паэта, прадстаўлены копіі архіўных дакументаў, фотаздымкі, выданні твораў Я.Купалы, успаміны пра яго, вершы, прысвечаныя Ляўкам. Экспануюцца творы жывапісу мастакоў І.Давідовіча, А.Кроля, Х.Ліўшыца, Я.Ціхановіча, графіка Э.Агуновіча, М.Басалыгі, А.Кашкурэвіча, Г.Паплаўскага, Л.Рана, В.Шаранговіча, скульптура У.Летуна, С.Селіханава. У мемар. экспазіцыі адноўлены інтэр’ер пакоя, у якім жыў паэт, зберагаюцца яго рэчы. Ляўкам прысвяцілі свае творы паэты П.Броўка, К.Камейша, Г.Каржанеўская, Г.Пашкоў, Я.Сіпакоў і інш., укр. паэт Т.Масэнка, мастакі А.Волкаў, А.Кашкурэвіч, Ю.Пучынскі, Я.Ціхановіч, А.Шаўчэнка і інш. Тут праводзяцца святы бел. паэзіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕМ ((Lem) Станіслаў) (н. 12.9.1921, г. Львоў, Украіна),
польскі пісьменнік; майстар навук. фантастыкі. Чл. Польскай АН у Кракаве (1994). Вучыўся ў Львоўскім мед. ін-це (1939—41), скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1948). Друкуецца з 1946. У шматлікіх творах у жанры навук.-філас. фантастыкі (раманы «Астранаўты», 1951; «Дзённік, знойдзены ў ваннай», «Салярыс», абодва 1961, апошні экранізаваны ў 1972, рэж. А.Таркоўскі; «Голас Неба», 1968; «Насмарк», 1976; «Мір на зямлі», «Фіяска», абодва 1987, і інш.) разглядае ролю вынаходніцтваў у лёсе чалавецтва, узнімае праблемы маральнай адказнасці чалавека за вынікі сваіх дзеянняў. Аўтар дэтэктыўнага («Следства», 1959) і аўтабіягр. («Высокі замак», 1966) раманаў, зб-каў навук.-фантаст. апавяданняў «Сезам» (1954), «Зорныя дзённікі» (1957), «Уварванне з Альдэбарана» (1959), «Кніга робатаў» (1961), «Казкі робатаў» (1964), «Кіберыяда», «Паляванне» (абодва 1965), «Апавяданні пра пілота Піркса» (1968), «Бяссонніца» (1971). Яго проза адметная драматызмам калізій, глыбокім псіхалагізмам, багаццем палітры камічнага. Выдаў філас.-сацыялагічныя даследаванні «Дыялогі» (1957), «Сума тэхналогіі» (1964), філас.-літаратуразнаўчыя працы «Філасофія выпадку» (1968), «Фантастыка і футуралогія» (т. 1—2, 1970), літ. нарысы. На бел. мову асобныя творы Л. перакладаў М.Валошка. Дзярж. прэмія Польшчы 1976.
Тв.:
Бел.пер. — Прыгоды Піркса: Апавяданні. Мн., 1992;
Салярыс. Мн., 1994;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—2. Мн., 1992;
Собр. соч.: В 10 т. Т. 1—5. М., 1992—94.
Літ.:
Bereś S. Rozmowy ze Stanisławem Lemem. Kraków, 1987;
расійскі літаратуразнавец і гісторык культуры. Акад.АН Расіі (1970; чл.-кар. з 1953). Чл. шэрагу замежных АН і ганаровы доктар ун-таў. Скончыў Ленінградскі ун-т (1928). У 1928—32 быў рэпрэсіраваны. З 1938 у Ін-це рус. л-ры (Пушкінскі дом; з 1954 заг. сектара стараж.-рус. л-ры). Работы Л. вызначаюцца комплексным падыходам да праблем літ.-знаўства, якія стаяць на стыку розных галін культуры (самабытнасць л-р усх. славян, узаемадзеянне са сферамі грамадскага жыцця, узаемасувязі з выяўл. мастацтвам, дойлідствам, метад, стыль, сістэма жанраў). Яго кнігі «Рускія летапісы і іх культурна-гістарычнае значэнне» (1947), «Узнікненне рускай літаратуры» (1952), цыкл работ пра «Слова аб палку Ігаравым» (1950—85), «Чалавек у літаратуры старажытнай Русі» (1958), «Тэксталогія. На матэрыяле рускай літаратуры X—XII ст.» (1962), «Паэтыка старажытнарускай літаратуры» (1967), «Развіццё рускай літаратуры X—XII стст. Эпохі і стылі» (1973) маюць важнае значэнне ў пастаноўцы і вырашэнні тэарэт. і гісторыка-літ. пытанняў. Даследаваў «Аповесць мінулых гадоў», Аўрамкі летапіс, Іпацьеўскі летапіс, Радзівілаўскі летапіс, Наўгародскія летапісы, творчасць Кірылы Тураўскага, Сімяона Полацкага, Клімента Смаляціча і падкрэсліваў непадзельнасць, а з 13 ст. цесную ўзаемасувязь літ. традыцый рус. і бел. л-р.Дзярж. прэміі СССР 1952, 1969. Міжнар. прэмія імя братоў Кірылы і Мяфодзія 1979. Дзярж. прэмія Расіі 1993.
Тв.:
Избр. работы. Т. 1—3. Л., 1987;
Книга беспокойств: Воспоминания, статьи, беседы. М., 1991;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР ЛЯ́ЛЕК.
Створаны ў 1976 з выпускнікоў Магілёўскага культ.-асв. вучылішча і ўдзельнікаў маст. самадзейнасці. Адкрыўся 23.5.1977 спектаклем «Тыграня Петрык» Г.Янушэўскай і Я.Вількоўскага. Т-р вядзе пошукі адмысловага рэпертуару і арыгінальнага яго ўвасаблення, новых сродкаў сцэн. выразнасці, забытых і страчаных форм гіст.т-ра і адраджэннем іх у спалучэнні з авангарднымі навацыямі сучаснага т-ра. У пастаноўках прытрымліваецца калажна-эклектычнай формы, спалучаючы ў адным спектаклі лялькі розных сістэм, работу акцёраў у жывым плане. У рэпертуары т-ра пастаноўкі для дзяцей: «Дзед і Жораў» В.Вольскага, «Рыгорка — ясная зорка» А.Вярцінскага (прыз за адраджэнне традыцый бел. батлейкі, 1990), «Піліпка і Ведзьма» С.Кавалёва, «Вясёлы цырк» Ан.Ляляўскага, «Андрэй за ўсіх мудрэй» Э.Брука і А.Гурчанкова, «Віні-Пух і ўсе, усе, усе...» паводле А.Мілна, «Русалачка» паводле Х.К.Андэрсена, «Міо, мой Міо!..» А.Ліндгрэн, «Казка пра трох парсючкоў» Л.ЛІ, міні-опера «Чырвоны каптурок» паводле Ш.Перо; для дарослых: «Гарбата на дваіх» А.Жугжды, «Трыстан і Ізольда» Ал.Ляляўскага і М.Кандрусевіч паводле сярэдневяковага твора, «Зязюлька» У.Граўцова, «Маленькі прынц» паводле А. дэ Сент-Экзюперы, «Дракон» Я.Шварца, «Трагедыя аб Макбеце» паводле У.Шэкспіра і інш.Гал. рэжысёры: М.Кулага (1976—77), Л.Быкаў (1977), Ф.Шавякоў (1978—81), Ал.Ляляўскі (1982—86), Жугжда (з 1988, з 1996 маст. кіраўнік); гал. мастакі: Быкаў (1977—82), Л.Мікіна (1992—98).
Магілёўскі абласны тэатр лялек. Сцэна са спектакля «Гарбата на дваіх» А.Жугжды.Магілёўскі абласны тэатр лялек. Сцэна са спектакля «Рыгорка — ясная зорка» А.Вярцінскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ АБЛАСНА́Я БІБЛІЯТЭ́КАА.С.Пушкіна.
Засн. ў 1899 у Мінску ў сувязі са 100-годдзем з дня нараджэння А.С.Пушкіна. Адкрыта 25.12.1900. Ў 1909 ганаровым членам б-кі выбраны Л.М.Талстой. У 1938 атрымала статус абласной. У 1941 мела. 150 тыс.экз. кніг. У Вял.Айч. вайну разрабавана ням. фашыстамі, у 1944 адноўлена. На 1.1.1999 мае: 12 аддзелаў, 4 сектары, 2 актавыя залы, 6 чытальных, разлічаных на 650 чытачоў (агульная, перыяд. выданняў, л-ры па мастацтве, бел. і краязнаўчай л-ры, тэхн. і с.-г. л-ры, замежнай л-ры), а таксама філіял — дзіцячую б-ку імя Я.Маўра; універсальны фонд складае 713 тыс.экз., у т. л. кніг, нот, карт, 710 назваў перыяд. выданняў, выяўл. матэрыялаў, аўдыёвізуальных дакументаў і інш.; больш за 50 тыс. чытачоў. З 1993 дзейнічае электронны каталог. Сярод рэдкіх выданняў камплекты часопісаў «Исторический вестник», «Современник», «Русская мысль», прыжыццёвыя поўныя зборы твораў А.С.Пушкіна, В.А.Жукоўскага, С.М.Салаўёва і інш. Выпускае штоквартальна інфарм.зб. «Бібліятэчны веснік». Супрацоўнічае з культ. цэнтрамі замежных краін на Беларусі. Пры б-цы адкрыта франка-бел. зала інфармацыі, сумесна з ін-там Гётэ (ФРГ) праводзяцца дні ням. культуры, створаны клуб «Кніга і мы». З 1999 працуе Пушкінскі інфарм.-асв. цэнтр, фарміруецца база даных «Пушкініяна», фонд аўдыёвізуальных дакументаў, ствараецца зводны каталог дарэв. выданняў і публікацый Пушкіна і л-ры пра яго. Сумесна з Нац.навук.-асв. цэнтрам імя Ф.Скарыны падрыхтаваны зб. «А.С.Пушкін і Беларусь» (1999).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ВЕЦ Пётр Цімафеевіч, адзін з першых бел. і рас. друкароў, гравёр 16 ст. Нарадзіўся ў г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. Удзельнічаў у заснаванні (з І.Фёдаравым) друкарні ў Маскве, дзе яны выдалі «Апостал» (1564), 2 выданні «Часоўніка» (1565). Пад націскам рэакц. колаў і кансерватыўнага духавенства з Фёдаравым пакінуў Маскву і пераехаў у мяст. Заблудава Гродзенскага пав. да гетмана ВКЛ Р.Хадкевіча, які дапамог заснаваць Заблудаўскую друкарню і выдаць «Евангелле вучыцельнае» (1569), куды ўвайшлі перакладныя «Словы» і творы айч. аўтараў, у т. л. «Слова на ўшэсце» Кірылы Тураўскага, а таксама «Псалтыр з Часаслоўцам» (1570). У сярэдзіне 1570-х г. з дапамогаю Мамонічаў заснаваў друкарню ў Вільні, у якой адрадзіў кірыліцкае кнігадрукаванне пасля спынення выдавецкай дзейнасці Ф.Скарыны. У друкарні выдаў «Часоўнік» [1574—76 (?)], «Евангелле напрастольнае» (1575), «Псалтыр» (1576). Выданні М. адметныя высокім паліграф. узроўнем, мелі маляўнічы арнамент, гравюры. У 1576 пачаўся судовы працэс М. з К.Мамонічам за друкарню, пасля чаго частка матэрыялу з друкарні Мамонічаў апынулася ў Астрожскай друкарні. Друкарскія матэрыялы М. (шрыфты, арнамент, ламбарды) пазней трапляюцца ў выданнях Астрожскай, Дзерманскай і інш.укр. друкарняў 16 — пач. 17 ст. Пасля 1576 звесткі пра М. не выяўлены.
Літ.:
Зернова А.С. Первопечатник Петр Тимофеев Мстиславец // Книга: Исслед. и материалы. М., 1964. Сб. 9;
Неміроўскі Я.Л. Іван Фёдараў і Пётр Цімафееў Мсціславец у Беларусі // 450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968;
Иван Федоров и восточнославянское книгопечатание. Мн., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯСКО́ЎСКІ (Мікалай Якаўлевіч) (20.4.1881, г. Модлін, цяпер Новы-Двор-Мазавецкі, Польшча — 8.8.1950),
расійскі кампазітар, педагог, муз. крытык. Нар.арт.СССР (1946). Д-р мастацтвазнаўства (1940). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1911), вучань А.Лядава, М.Рымскага-Корсакава, Я.Вітала. З 1921 праф. Маскоўскай кансерваторыі. Удзельнічаў у арганізацыі Дзярж.муз.выд-ва. Адзін з найб. значных сімфаністаў 20 ст. Яго творчасці ўласцівы самабытнае ўвасабленне класічных традыцый, шырокія абагульненні, разнастайнасць тэм і вобразаў, зварот да муз. фальклору пры даволі свабоднай яго інтэрпрэтацыі, пошукі новага. Сярод твораў: 27 сімфоній (1908—49), 3 сімфаньеты (2 для стр.арк.), сімф. прытча «Маўчанне» паводле Э.По (1910), сімф. паэма «Аластар» паводле П.Б.Шэлі (1913), уверцюры (1939, 1947); «Славянская рапсодыя» (1946), канцэрты для скрыпкі (1938), віяланчэлі (1944) з арк., творы для духавога арк., камерна-інстр., у т. л. 13 стр. квартэтаў (1930—49); санаты для скрыпкі і фп. (1947), 2 для віяланчэлі і фп. (1911, 1942), 9 санат (1909—49) і п’есы для фп., кантаты, хары, рамансы (больш за 100) і інш. Стварыў кампазітарскую школу. Сярод вучняў: А.Вепрык, Ф.Вітачак, Дз.Кабалёўскі, В.Мурадэлі, М.Пяйко, М.Тулебаеў, А.Хачатуран, Б.Чайкоўскі, В.Шабалін, А.Эшпай. Аўтар артыкулаў пра творчасць рас. і замежных кампазітараў. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1946 (двойчы), 1950, 1951.
Літ.:
Асафьев Б.В. Избр. труды. Т. 5. М., 1957;
Долинская Е. Мясковский // Музыка XX в. М., 1984. Ч. 2, кн. 4;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДСО́Н (Аляксандр) (сапр. Бучко; н. 8.8.1926, г. Нясвіж Мінскай вобл.),
рэлігійны дзеяч бел. эміграцыі. У Вял.Айч. вайну ўваходзіў у Саюз беларускай моладзі. З 1944 у Германіі, Францыі. служыў у арміі ген. У.Андэрса ў Італіі. Пасля дэмабілізацыі ў 1946 у Вялікабрытаніі. Скончыў Лонданскі ун-т (1953). Курс тэалагічнага навучання прайшоў у Грэчаскім каледжы і Грыгарыянскім ун-це ў Рыме. З 1958 святар. З канца 1950-х г. жыве ў Лондане, працуе ў Бел. каталіцкай місіі ў Англіі. Адзін з заснавальнікаў Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі (з 1946 яго сакратар, у 1951—52 старшыня), Англа-бел. т-ва (1954), адначасова з 1951 старшыня Бел.акад. каталіцкага аб’яднання «Рунь». З 1962 нам. дырэктара, з 1964 дырэктар Бел. школы імя св. Кірылы Тураўскага, з 1971 кіраўнік Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане, з 1982 рэктар Бел. каталіцкіх місій у Англіі і Францыі. З 1986 апостальскі візітатар для беларусаў грэка-католікаў замежжа, кансультатар кангрэгацыі ўсх. цэркваў пры Ватыкане. З 1989 старшыня Бел.к-та дапамогі ахвярам радыяцыі ў Вялікабрытаніі. Аўтар артыкулаў прабел. духоўную і свецкую л-ру 16—17 ст., тэалагічнай працы «Наша вера: Кароткі катэхізм хрысціянскай навукі. Для беларусаў-каталікоў» (выд. на бел. мове ў 1988 у Італіі, у 1990 у Іспаніі). У 1994 Ватыкан афіцыйна зацвердзіў перакладзеныя Н. на бел. мову тэксты для правядзення літургіі для беларусаў-уніятаў.
Тв.:
Сьвяты Кірыла Тураўскі // Спадчына. 1996. № 1—2.
Літ.:
Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны. Мн.;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАКАНТЫЯ́НСТВА,
ідэалістычны філас. кірунак, які ўзнік у 2-й пал. 19 ст. ў Германіі. Сфарміраваўся ва ўмовах крызісу метадалаг. асноў прыродазнаўства і гіст. навукі, уяўляў сабой спробу яго пераадолення з дапамогай тэарэт. спадчыны І.Канта. Адным з першых філосафаў, які заявіў пра неабходнасць «вярнуцца да Канта» і «ачысціць» вучэнне Канта ад наслаенняў яго паслядоўнікаў, быў О.Лібман. Н. пашырылася ў Германіі, Аўстрыі, Францыі, Расіі і інш.Найб. вядомымі былі марбургская (Г.Коген, П.Натарп, Э.Касірэр і інш.) і бадэнская (В.Віндэльбанд, Г.Рыкерт і інш.) школы. Нягледзячы на часам прынцыповыя адрозненні ў тлумачэнні кантавай спадчыны, усе неакантыянцы зыходзіліся ў адным — крытычных адносінах да кантавай «рэчы ў сабе». У адрозненне ад самога Канта, які прызнаваў «рэч у сабе» як незалежную ад суб’екта, як рэальна існуючую, яны трактавалі яе, як чалавечы вопыт. Калі Кант спрабаваў строга акрэсліць межы пазнавальнай здольнасці суб’екта і ўрэшце перайшоў на пазіцыі агнастыцызму і суб’ектыўнага ідэалізму, то неакантыянцы ў большай ступені апелявалі да пастулатаў аб’ектыўнага ідэалізму (бога, логаса і г. д.). Яны адрывалі пазнанне ад прадмета пазнання. Прадмет, па іх меркаванні, не дадзены, а зададзены суб’екту. Такім чынам, пазнанне ёсць лагічная пабудова і яна здзяйсняецца па законах мыслення. Н. паўплывала на неагегельянства, экзістэнцыялізм і інш. кірункі.
Літ.:
Кассирер Э. Жизнь и учение Канта: Пер. с нем. СПб., 1997;
Хайдеггер М. Кант и проблема метафизики: Пер. с нем. М., 1997;
Гайденко П.П. Прорыв к трансцемдентмому: Новая онтология XX в. М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАКАНФУЦЫЯ́НСТВА,
кірунак у кітайскай філасофіі. Узнік у перыяд панавання дынастыі Сун (960—1279) на глебе аднаўлення традыц.канфуцыянства і яго тэарэт. абгрунтавання дуалістычнай касмагоніяй і філас. антрапалогіяй. Сфарміраваўся ў працэсе барацьбы з будыйскімі філас. школамі, значны ўплыў на яго зрабілі касмаганічныя тэорыі даасізму і погляды школы чань (японская дзэн). З 10 ст. ў канфуцыянстве, якое з канца эпохі Хань (206 да н.э. — 220 н.э.) абмяжоўвалася выключна тлумачэннем і каменціраваннем стараж. канфуцыянскіх тэкстаў, вырасла цікавасць да пытанняў анталогіі, натурфіласофіі і касмагоніі. Мысліцелі Чжоў Дуньі і Чжан Цзай пры разглядзе праблемы ўзнікнення сусвету схіляліся да матэрыяліст. іх вырашэння (вучэнне пра «ці» як першаматэрыю). Адначасова інш. мысліцелі (Чэн Хао і Чэн І) спрабавалі даць тэарэт. абгрунтаванне традыц. канфуцыянскай этыцы, заснаванае на прынцыпах дуалізму з выразнымі ідэаліст. тэндэнцыямі («лі» — розум, зразумелы як «агульны прынцып» рэчы, яе форма; «ці» — матэрыя, зразумелая як субстанцыя рэчы). Погляды папярэднікаў абагульніў і развіў Чжу Сі. Ён прызнаваў «лі» першасным, а «ці» другасным пачаткам, стварыў дуалістычную касмагонію панпсіхічнага толку (гл.Панпсіхізм) і заснаваў на ёй філас. антрапалогію, паводле якой спалучэнне «лі» і «ці» знаходзіць у чалавеку сваё поўнае ўвасабленне. Гэтую канцэпцыю ён зрабіў зыходным пунктам інтэрпрэтацыі канфуцыянскіх тэкстаў і стаў стваральнікам Н., якое было прынята як афіц. ідэалогія Кітайскай імперыі і захавала пануючае становішча ў філас. і грамадска-паліт. думцы Кітая да пач. 20 ст.
Літ.:
Древнекитайская философия: Собр. текстов. Т. 1—2. М., 1972—73;
Поршнева Е.Б. Религиозные движения позднесредневекового Китая: Пробл. идеологии. М., 1991.