глебавы гарызонт, у якім намнажаюцца рэчывы, вынесеныя з вышэйляжачых (элювіяльных) гарызонтаў глебы. І.г. падзяляюцца паводле характару акумуляваных рэчываў (гумус, мул, карбанаты, гіпс і інш.), напр. гумусава-ілювіяльны, ілювіяльна-карбанатны і інш.Найб. выразны ў дзярнова-падзолістых глебах, залягае на глыб. ад 0,3 да 1,4 м. Жалезістыя злучэнні надаюць І.г. чырвона-бурую і жоўта-бурую афарбоўку (вокіснае жалеза) пры асушэнні і зеленавата-галубую ’(закіснае жалеза) у анаэробных умовах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМУНАХІ́МІЯ,
раздзел імуналогіі, які вывучае хім. асновы імунітэту — структуру імунаглабулінаў (антыцел), антыгенаў і ўзаемадзеянне паміж гэтымі гал. кампанентамі імунных рэакцый арганізма. Даследуе таксама структуру імунакампетэнтных малекул (інтэрлейкінаў), паверхневых мембран імунакампетэнтных клетак, фактары ўзаемадзеяння гэтых клетак у імунным адказе паслядоўнасці і механізмы рэакцый, якія прыводзяць да спецыялізацыі абс размнажэння лімфацытаў. Метадамі І. шырока карыстаюцца ў біялогіі, медыцыне і сельскай гаспадарцы, пры выдзяленні і ачыстцы актыўных рэчываў вакцын і сываратак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНАЗІ́Т, цыкліт,
цыклічны шасціатамны спірт. Цвёрдае, салодкае на смак рэчыва. Малекулярная маса 180,2, т-ра плаўлення 225—227 °C, раствараецца ў вадзе, не раствараецца ў арган. растваральніках. У жывёльных і раслінных арганізмах пашыраны ў выглядзе фіцінавай к-ты і яе кальцыева-магніевай солі — фіціну. Для некат. мікраарганізмаў І. — неабходны фактар росту. Пры недахопе бялку ў арганізме папярэджвае атлусценне печані. Мае ўласцівасці вітаміну. Ужываецца з ежай; сутачная патрэбнасць чалавека 1—1,5 г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТРУЗІ́ЎНЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,
магматычныя пароды, якія ўтварыліся пры застыванні магмы ў тоўшчы зямной кары ва ўмовах высокага ціску і павольнага ахаладжэння. Характарызуюцца поўнакрышт. структурай і раўнавагай мінер. асацыяцый. І.г.п. адрозніваюць абісальныя (глыбінныя, больш за 5 км) — граніты, дыярыты, габра і інш., і гіпабісальныя (прамежкавыя паміж эфузіўнымі і глыбіннымі) — габра-парфірыты, граніт-парфірыты і інш. (гл. таксама Магматычныя горныя пароды). На Беларусі разам з метамарфічнымі горнымі пародамі І.г.п. складаюць крышт. фундамент.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАГУЦЕ́НКА (Аляксандр Гаўрылавіч) (н. 11.2.1924, в. Акцябрына Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл.),
поўны кавалер ордэна Славы. Скончыў Уральскі політэхн.ін-т (1954). У Вял.Айч. вайну з 1943 на Паўд.-Зах., 3-м Укр., 1-м Бел. франтах. Камандзір аддзялення аўтаматчыкаў ст. сяржант К. вызначыўся на тэр. Польшчы пры фарсіраванні Віслы, у баі каля в. Ліпскія Буды і ў баях на вуліцах Берліна. Да 1994 на гасп. рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯРО́ВЫ ЗРОК,
здольнасць вока ўспрымаць колер аб’ектаў: распазнаваць адрозненні ў спектральным складзе бачных выпрамяненняў. Важны кампанент зрокавай арыентацыі. Уласцівы насякомым, ракападобным, земнаводным, птушкам, прыматам, чалавеку і інш. Адсутнічае ў начных жывёл. Абумоўлены наяўнасцю ў сятчатцы розных тыпаў фотарэцэптараў (2—3, часам болей) з рознымі святлоадчувальнымі пігментамі. У чалавека каляровае адчуванне ўзнікае пры ўзбуджэнні 3 тыпаў колбачак, якія ўспрымаюць сіні, зялёны і чырв. колеры. Рэгулюецца цэнтр. і перыферычнымі кампанентамі зрокавай сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕНЯМЁТ,
гладкаствольная гармата, якая страляла каменнымі ядрамі, камянямі, кавалкамі цэглы і інш. на малыя адлегласці (да 150—200 м). З’явіўся ў 14 ст. (у ВКЛ з 1382) у выглядзе бамбарды. К. выкарыстоўваліся спачатку пры аблозе і абароне крэпасцей, пазней на колавым лафеце і ў палявым баі. Выцеснены гладкаствольнымі марцірамі. На ўзбраенні асаднай і крапасной артылерыі Расіі захоўваліся да пач. 19 ст.
Прускі каменямёт перыяду Сямігадовай вайны 1756—63.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМО́ЛАСЦЬ, бязрогасць,
прыроджаная адсутнасць рагоў у жывёл. У некат. парод с.-г. жывёл К. — спадчынная прыкмета (напр., у абердзін-ангускай пароды буйн. раг. жывёлы, гемпшырскай, шропшырскай і інш. парод авечак). У асобных парод авечак (мерыносавая, рамбулье) бязрогія толькі маткі. У буйн. раг. жывёлы К. — дамінантная прыкмета. Пры скрыжаваннях жывёл камолых парод з рагатымі атрымліваюцца мяшанцы першага пакалення пераважна камолыя. Выкарыстоўваюць таксама штучнае выдаленне рагоў у жывёл для спадручнай гадоўлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПЕНСА́ЦЫЯ,
1) у эканоміцы — пакрыццё страт, панесеных выдаткаў, вяртанне доўгу, узнагароджанне (напр., К. маральнага ўрону, К. за абясцэненыя грошы).
2) У працоўным праве — выплата рабочым і служачым, якая ажыццяўляецца ва ўстаноўленых законам выпадках для пакрыцця ім дадатковых расходаў, звязаных з выкананнем прац. абавязкаў (напр., К. за нявыкарыстаны адпачынак, К. пры выкананні абавязкаў часова адсутнага работніка).
3) У сацыялогіі — ураўнаважанне няўдач у якой-н галіне дасягненнямі і рухам наперад у іншай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАШЭ́НКА (Сцяпан Мікалаевіч) (1909, в. Узніцы Полацкага р-на Віцебскай вобл. — 25.9.1943),
Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў пач. школу. Працаваў рахункаводам. У Чырв. Арміі з пач. 1942, на фронце са снеж. 1942. У ноч на 24.9.1943 група разведчыкаў на чале са старшыной роты К. фарсіравала Дняпро, захапіла плацдарм у раёне в. Пекары (Чаркаская вобл., Украіна) і больш як суткі яго ўтрымлівала. Загінуў пры пераправе на левы бераг Дняпра з данясеннем.