БЕЛАРУ́СКАЯ ВУЧНЁЎСКАЯ ГРАМАДА́ ў Калузе,

грамадская арг-цыя. Існавала ў 1918. Засн. вучнямі навуч. устаноў, эвакуіраваных з тэр. Беларусі ў час 1-й сусв. вайны. 18.6.1918 зарэгістравана Бел. нац. камісарыятам. Асн. мэта — аб’яднанне вучняў-беларусаў усіх навуч. устаноў на нац. культ.-асв. глебе. Арганізоўвала лекцыі і даклады, праводзіла культ. мерапрыемствы. Працавалі літ. і драм. секцыі, б-ка. Мела аддзелы пры некаторых навуч. установах.

Ю.​Р.​Васілеўскі.

т. 2, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ ЛЯСНА́Я ГАЗЕ́ТА».

Выходзіць са студз. 1995 у Мінску на бел. і рус. мовах. Інфармуе пра рэформы і сац. палітыку ў лясной галіне нар. гаспадаркі Беларусі, пра сучасны стан бел. лясоў, іх захоўванне і выкарыстанне. Знаёміць з распрацоўкамі вучоных, дасягненнямі перадавых лясгасаў, леспрамгасаў, прадпрыемстваў дрэваапр. прам-сці, іх лепшымі працаўнікамі. Друкуе матэрыялы на тэмы прыроды і экалогіі. Дае парады па будаўніцтве, агародніцтве, нар. медыцыне.

т. 2, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ПА́РТЫЯ ЗЯЛЁНЫХ (БПЗ),

палітычная партыя сацыяльна-экалагічнага кірунку. Створана ў снеж. 1992. Кіруючы орган паміж з’ездамі — Зялёная рада. Асн. мэты — забеспячэнне грамадзянам Беларусі права пражывання ў здаровым асяроддзі, удзел у распрацоўцы заканад. актаў па ахове навакольнага асяроддзя і падрыхтоўцы праектаў рашэнняў, у т. л. альтэрнатыўных, якія маюць дачыненне да аховы і аздараўлення навакольнага асяроддзя. Найбольшыя арг-цыі ў Гомелі, Магілёве, Віцебску, Брэсце, Салігорску, Светлагорску.

т. 2, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ ШКО́ЛА»,

часопіс інспектарыята бел. школ пры генеральным камісары Беларусі. Выдаваўся ў студз.снеж. 1942 у Мінску (друкаваўся кірыліцай і лацінкай у Вільні) на бел. мове пад кантролем герм. улад. Выходзіў раз у 2 месяцы. Складаўся з 2 частак — для настаўнікаў і вучняў. Друкаваў пераважна метадычныя і вучэбныя матэрыялы. Выйшла 6 нумароў. З 1943 замест «Беларускай школы» выдаваўся час. «Школа і жыццё».

С.​У.​Жумар.

т. 2, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІНО́ВА (Тамара Барысаўна) (н. 29.7.1950, г. Брэст),

бел. гісторык. Канд. гіст. н. (1979). Скончыла Гродзенскі пед. ін-т (1972). З 1972 працуе ў Гродзенскім дзярж. ун-це. Даследуе гісторыю каталіцкай царквы і ордэна езуітаў на Беларусі ў 16 — пач. 19 ст.

Тв.:

Иезуиты в Белоруссии. Мн., 1990;

Езуіцкі музей у Полацку // Мастацтва. 1993. № 3;

Иезуитские библиотеки в Беларуси // Гістарычна-археалагічны зборнік. 1996. N° 8.

т. 3, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІНЫ́,

традыцыйны бел. мучны выраб; вядомы і інш. слав. народам. Лакальная назва блінцы. Пшанічную, жытнюю, ячную, грэцкую ці аўсяную муку замешваюць на малацэ або сыраквашы, сыроватцы. Бліны рабіліся кіслыя, на рошчыне, і прэсныя, на содзе. У цеста часам дадаюць яйкі, цукар. Пякуць на подмазцы. Падаюць з мачанкай, падсмажаным салам, малаком, смятанай. З пшанічнай мукі пякуць невял. тоўстыя бліны — аладкі і тонкія — наліснікі. Шырока вядомы на ўсёй Беларусі.

т. 3, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЛЮЦКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ракітаўка, за 32 км на ПдУ ад г. Чашнікі. Пл. 0,35 км², даўж. 1,32 км, найб. шыр. 350 м, найб. глыб. 3,8 м, даўж. берагавой лініі 3,75 км. Пл. вадазбору 1,5 км². Схілы катлавіны выш. да 13—25 м, пад с.-г. ўгоддзямі. Берагі нізкія, пясчаныя, зах. параслі хмызняком. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей дно глеістае.

т. 3, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́НДАР (Павел Пятровіч) (н. 30.3.1952, г.п. Лоеў Гомельскай вобл.),

бел. мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1978). Працуе ў галіне габелена, маст. афармлення інтэр’ераў. Асн. работы: габелены «Кветкі» (1981, гасцініца «Кастрычніцкая» ў Мінску), «Беларусь» (1982, з Н.​Пілюзінай, гандлёвая палата Беларусі), трыптых «Купалле» (1991, Мазырскае муз. вучылішча), серыя габеленаў-ручнікоў «Хмара» (1994), «Маленне аб дажджы» (1995), «Дакрананне» (1996). Іл. гл. да арт. Габелен.

т. 3, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́РАЎНА,

возера ў Беларусі, у Бешанковіцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Чарнічанка, за 25 км на У ад г.п. Бешанковічы. Пл. 2,04 км², даўж. 2 км, найб. шыр. 1,4 км, найб. глыб. 9,5 м. Пл. вадазбору 4,4 км².

Размешчана сярод забалочанай лясістай мясцовасці. Катлавіна круглаватая, злёгку выцягнутая з Пн на Пд, берагі нізкія, парослыя хмызняком. Слаба зарастае каля берагоў. Сцёк па канаве ў воз. Ліпна.

т. 3, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАШЭ́ВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 13 км на ПнЗ ад г. Драгічын, 100 км ад Брэста, 5 км ад чыг. ст. Драгічын. 2080 ж., 830 двароў (1995). Лясніцтва, швейнае атэлье. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — царква Ушэсця (пач. 20 ст.). Курган на ўшанаванне памяці землякоў, якія загінулі ў Вял. Айч. Вайну.

т. 3, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)