БРУНЕЛЕ́СКІ, Брунелеска (Brunelleschi, Brunellesco) Філіпа (1377, г. Фларэнцыя, Італія — 15.4.1446), італьянскі архітэктар, скульптар і вучоны. Адзін з заснавальнікаў архітэктуры Адраджэння і стваральнікаў тэорыі перспектывы. Працаваў пераважна ў Фларэнцыі. Сярод работ: грандыёзны 8-гранны купал сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ (1420—36), які стаў арх. дамінантай Фларэнцыі, першым буйным помнікам рэнесансавага дойлідства і дасягненнем інж. думкі ў Італіі; арачная лоджыя Выхавацельнага дома (1421—44), перакрытыя лёгкімі рабрыстымі купаламі і расчлянёныя ордэрам цэнтрычныя інтэр’еры Старой сакрысціі царквы Сан-Ларэнца (1422—28) і капэлы Пацы (з 1429), у якіх Брунелескі ўпершыню ўвасобіў у арх. вобразах маст. ўяўленні эпохі гуманізму; цэрквы Сан-Ларэнца (1422—46) і Санта-Спірыта (з 1444). Сваімі творамі зрабіў прыклад у вольным выкарыстанні ант. арх. формаў для вырашэння функцыян., ідэйных і канструкцыйна-буд. задач свайго часу.

Літ.:

Данилова И.Е. Брунеллески и Флоренция. М., 1991.

Ф.Брунелескі. Купал сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ ў Фларэнцыі. 1420—36.
Ф.Брунелескі. Капэла Пацы ў Фларэнцыі. Інтэр’ер.

т. 3, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРО́К’Ё (Verrocchio) Андрэя дэль [сапр. Чоні

(Cioni) Андрэады Мікеле ды Франчэска; 1435 ці 1436, г. Фларэнцыя, Італія — 7.10.1488], італьянскі скульптар, жывапісец і ювелір ранняга Адраджэння. Вучыўся ў ювеліра Верок’ё, чыё імя ўзяў сабе. Зазнаў уплыў Дэзідэрыо да Сетыньяна і А.​Палаёла. Майстэрня Верок’ё ў Фларэнцыі была цэнтрам маст. жыцця. Адсюль выйшлі Леанарда да Вінчы, П.Перуджына і інш. Выканаў шэраг твораў па заказах сям’і Медычы (надмагілле Джавані і П’ера Медычы, 1472; статуя Давід, 1473—75; «Дама з кветкамі», бюст Джуліяна Медычы, абедзве каля 1475, і інш.),

якія вылучаюцца арыстакратычнай вытанчанасцю, крохкай гармоніяй ліній і аб’ёмаў. Аўтар кампазіцыі «Нявер’е Фамы» (1476—83) на фасадзе будынка Арсанмікеле ў Фларэнцыі, помніка кандацьеру Б.​Калеоні (1479—83) у Венецыі і інш. Жывапіс Верок’ё вызначаецца дакладнасцю малюнка, дасканалай мадэліроўкай формаў, панарамнасцю пейзажных фонаў («Мадонна», каля 1470; «Хрышчэнне», пасля 1470, у сааўт. з Леанарда да Вінчы, і інш.).

В.​Я.​Буйвал.

А.Верок’ё. Дама з кветкамі. Каля 1475.

т. 4, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТУ́Л (Гай Валерый) (Caius Valerius Catullus; 87 ці 84 да н. э., г. Верона, Італія — каля 54 да н. э.),

рымскі паэт. Прадстаўнік гуртка «паэтаў-неатэарэтыкаў», якія лічылі за ўзор александрыйскую паэзію. Вучыўся ў Рыме. Захавалася яго 116 вершаў. У лірычным цыкле да Лесбіі (Клодыі) паказаў глыбокае, шчырае каханне як высакароднае адухоўленае пачуццё. Аўтар эпіграм супраць Цэзара і яго паплечнікаў, вершаў, прысвечаных сябрам, кароткіх паэм (эпіліяў) «Вяселле Пелея і Фетыды», «Атыс» і інш. Стыль К. адметны маст. выразнасцю, музычнасцю, кантрастамі высокага і грубага, паэт. і прастамоўнага. Перакладаў з грэч. мовы блізкіх па духу Сапфо, Калімаха. На бел. мову яго вершы пераклаў У.​Караткевіч.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Галасы маіх сяброў. Мн., 1993;

Рус. пер. — Книга стихотворений. М., 1986;

У кн.: Валерий Катулл;

Альбий Тибулл;

Секст Проперций. М., 1963;

Античная лирика. М., 1968.

Літ.:

Шталь И.В. Поэзия Гая Валерия Катулла. М., 1977;

Пронин В. Катулл. М., 1993.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 8, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАРЭ́НГІ (Quarenghi) Гварэнгі Джакома

(20 ці 21.9.1744, Вале-Іманья каля г. Бергама, Італія — 2.3.1817),

італьянскі архітэктар. Прадстаўнік рас. класіцызму. З 1761 вучыўся ў Рыме жывапісу; вывучаў ант. архітэктуру, работы А.​Паладыо. У Расіі з 1780. Пабудовы К. вылучаюцца яснасцю планіровачных вырашэнняў, прастатой і дакладнасцю аб’ёмных кампазіцый, манум. пластычнасцю форм, якая дасягалася ўвядзеннем урачыстых каланад на фоне гладкіх паверхняў сцен: Англійскі палац у Пецяргофе (цяпер Петрадварэц, 1781—94), будынкі АН (1783—89), Асігнацыйнага банка (1783—90), Эрмітажнага т-ра (1783—87), Кацярынінскага ін-та і Коннагвардзейскага манежа (1804—07), Смольны ін-т (1806—08) у Пецярбургу, Аляксандраўскі палац (1792—96) у Царскім Сяле (цяпер г. Пушкін) і інш. Рабіў малюнкі з выявамі стараж.-рус. дойлідства і сучасных яму пабудоў, жанравых сцэн. Выдаў гравіраваныя альбомы са сваіх праектаў Эрмітажнага т-ра і Асігнацыйнага банка (1787 і 1791) і 1-ы том збору сваіх праектаў (1810).

Літ.:

Архитектурные проекты и рисунки Д.​Кваренги из музеев и хранилищ СССР. Л., 1967.

Дж.Кварэнгі.

т. 8, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕРУБІ́НІ ((Cherubini) Луіджы Марыя Карла Зенобіо Сальваторэ) (14.9.1760, г. Фларэнцыя, Італія — 13.3.1842),

французскі кампазітар і педагог. Чл. Ін-та Францыі (1815). Музыцы вучыўся ў бацькі Барталамео К., пазней у Дж.Сарці і інш. У 1784—86 працаваў у Лондане, з 1788 у Парыжы. З 1795 у Парыжскай кансерваторыі (з 1816 праф., у 1822—41 дырэктар). У час франц. рэвалюцыі канца 18 ст. пісаў маршы, гімны, песні, хар. творы («Гімн Пантэону», 1794; «Жалобны гімн на смерць генерала Гоша», 1797). На аснове сінтэзу традыцый франц. камічнай оперы і прынцыпаў муз. драматургіі К.​В.​Глюка стварыў узоры новага жанру — «оперы выратавання». Яго уверцюры з кантрастным тэматызмам і элементамі сімф. развіцця сталі правобразам уверцюр Л.​Бетховена. Сярод твораў: оперы «Квінт Фабій» (паст. 1779), «Ладаіска» (1791), «Эліза» (1794), «Медэя» (1797), «Два дні» (1800), «Алі-Баба, або Сорак разбойнікаў» (1833); месы; 2 рэквіемы, крэда, літаніі, матэты; творы для аркестра; 6 квартэтаў (1814—37), стр. квінтэт (1837); п’есы для аргана, фп. і інш.

т. 8, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНЕТЫ́ЧНАЕ МАСТА́ЦТВА, кінетызм,

авангардысцкі кірунак у скульпт., пластыцы 20 ст., заснаваны на стварэнні эстэт. эфектаў праз наданне вярчальнага або паступальнага руху асобным часткам твора, выкарыстанне сродкаў оптыка-акустычнага ўздзеяння на гледача (светлавыя эфекты, стэрэагук і інш.) і магчымасці кінематаграфіі. Пачаў фарміравацца ў 1910—30-я г. ў творах мастакоў розных авангардысцкіх кірункаў, якія ў кінетычных прасторавых кампазіцыях спрабавалі пераадолець традыц. статычнасць скульптуры і актывізаваць яе ўзаемадзеянне з асяроддзем (веласіпеднае кола, прымацаванае да табурэткі М.​Дзюшана, 1913; праект Вежы III Інтэрнацыянала У.Татліна, 1919—20; люміна-кінетычная машына-скульптура «Мадулятар прасторы і святла» Л.Мохай-Надзя, 1922—30; «мабілі» — падвясныя рухомыя канструкцыі з жалеза, алюмінію і дроту А.Колдэра, 1930-я г.). Канчаткова склалася ў канцы 1950-х г. у творчасці маст. аб’яднанняў «Група вывучэння візуальнага мастацтва» (Францыя), «Група Зэро» (Германія), «Група T», «Група N» (Італія) і інш. і асобных мастакоў: Н.​Шофера, Ж.​Тэнглі (Францыя), Б.​Райлі, Л.​Пунса (Англія—ЗША) і інш.

т. 8, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНО́ВА ((Canova) Антоніо) (1.11.1757, Пасаньё, каля г. Басана-дэль-Грапа, Італія — 13.10.1822),

італьянскі скульптар, буйнейшы прадстаўнік італьян. класіцызму. Вучыўся ў Венецыі (1768—74). Працаваў пераважна ў Венецыі і Рыме. З 1810 дырэктар акадэміі Св. Лукі ў Рыме. На пачатку творчасці прытрымліваўся традыцый барока («Арфей», 1776—78), пазней працаваў у рэчышчы класіцыстычнага наследавання ант. скульптуры. Творам уласцівы ўрачысты спакой кампазіцыі, яснасць і вытанчанасць пластычнай формы, якая спалучалася з халаднаватай адасобленасцю, падкрэсленай дакладнай апрацоўкай і паліроўкай паверхні мармуру: «Амур і Псіхея» (1793), «Пацалунак Амура і Псіхеі» (1796), «Персей» (1801), «Пааліна Баргезе ў выглядзе Венеры» (1805—07) і інш. У 1812 выканаў скульптуру «Багіня міру» для ўладальніка Гомеля М.​П.​Румянцава. Аўтар надмагілляў пап Клімента XIV у царкве св. Апосталаў у Рыме (1787) і Клімента XIII у саборы св. Пятра ў Рыме (1792), эрцгерцагіні Марыі Крысціны ў царкве аўгусцінскага манастыра ў Вене (1798—1805). Пластыка К. зрабіла вял. ўплыў на еўрап. акадэмізм 19 ст.

А.Канова Пацалунак Амура і Псіхеі. 1796.

т. 7, с. 588

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАНТА́БІЛЕ»,

бел. ансамбль старадаўняй музыкі. Створаны ў 1976 у Мінску. Арганізатар і маст. кіраўнік Г.​Гедыльтэр. У складзе ансамбля (1998): Гедыльтэр (флейта), Я.​Віданаў (флейта), А.​Маскаленка (скрыпка), І.​Жукоўскі (віяланчэль), К.Шараў (клавесін і арган). Доўгі час у калектыве працавалі С.​Драбкін (віяланчэль, да 1995) і П.​Сакін (скрыпка, да 1996). У рэпертуары тэматычныя праграмы акрэсленай стыліст. накіраванасці («І.​С.​Бах і Г.​Ф.​Гендэль», «Музыка Еўропы да І.​С.​Баха», «Музычны Парыж 18 ст.», «Музыка барока», «Італія 17—18 ст.», «Руская музыка 17—18 ст.»). Упершыню выканаў многія творы «Полацкага сшытка» — помніка бел. быт. музыкі 17 ст. Пастаянна ўзбагачае рэпертуар за кошт раней невядомых твораў бел. музыкі (Серэнада, Дывертысмент у 3 частках, Санаціна, 2 паланэзы Мацея Радзівіла, 12 песень Міхала Казіміра Агінскага ў пералажэнні для ансамбля і інш.). У 1992—96 калектыў запісаў 4 кампакт-дыскі, сродкі ад рэалізацыі якіх пералічаны ў фонд дапамогі дзецям, пацярпелым ад Чарнобыльскай катастрофы.

т. 7, с. 601

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРДУ́ЧЫ ((Carducci) Джазуэ) (27.7.1835, Валь-ды-Кастэла, Італія — 16.2.1907),

італьянскі паэт. Скончыў Пізанскую вышэйшую школу. З 1860 праф. Балонскага ун-та. Друкаваўся з 1850. Ранняя творчасць прасякнута ідэаламі Рысарджымента (зб. «Юнацкія вершы», 1850—60, і інш.). Антырамантык, прыхільнік класіцызму ў яго рэаліст. выявах. У сваіх творах супрацьпастаўляў пасрэднасць тагачаснага жыцця ант. доблесці, усхваляў «свабодную думку», выступаў за ўз’яднанне Італіі, супраць клерыкалізму (паэма «Гімн Сатане», 1863; зб-кі «Лёгкае і сур’ёзнае», 1861—71, «Ямбы і эподы», нап. 1867—79, выд. 1882). Яго паэзія ў маст. плане блізкая паэзіі франц. групы «Парнас» сваёй пластычнасцю, гіст. апісаннем, натуральнасцю пейзажу (зб-кі «Новыя рыфмы», 1861—87; «Варварскія оды», 1878—89). У пазнейшай творчасці адчуваецца збліжэнне з познім рамантызмам (зб. «Рыфмы і рытмы», 1887—99). Паўплываў на італьян. паэзію канца 19 ст. Аўтар арт. пра Дантэ, Ф.​Петрарку, Дж.​Бакачыо. Нобелеўская прэмія 1906.

Тв.:

Рус. пер. — Избранные стихи. М., 1950;

Избранное. М., 1958.

С.​В.​Логіш.

Дж.Кардучы.

т. 8, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́ДЖА [Correggio; сапр. Алегры (Allegri) Антоніо; каля 1489 ці 1494, Карэджа, каля г. Мадэна, Італія — каля 15.3.1534],

італьянскі жывапісец Высокага Адраджэння. Працаваў у Карэджы і Парме. Зазнаў уплывы А.​Мантэньі, Леанарда да Вінчы, Рафаэля, Мікеланджэла. Работы ранняга перыяду блізкія да маньерызму («Юдзіф і служанка», «Раство», каля 1513—14). Пазней ствараў выдатныя па каларыце дынамічныя кампазіцыі са свабодным размяшчэннем фігур, поўных пачуццёвасці і грацыі. Творы К. адлюстроўваюць паступовы адыход ад гераізаваных рэнесансавых ідэалаў і пераход да новых маст. прынцыпаў. Паклаў пачатак тыпу плафоннай размалёўкі з фігурамі ў аблоках, пададзенымі ў эфектных ракурсах, што стварала ілюзію прарыву купала і папярэднічала манум. жывапісу барока 17—18 ст. Аўтар размалёвак манастыра Сан-Паала (паміж 1517—20), царквы Сан-Джавані Эванджэліста (1520—23) і сабора (1526—30) у Парме, алтарных карцін «Мадонна са святым Іеранімам» (т. зв. «Дзень», 1527—28), «Пакланенне пастухоў» («Ноч», каля 1530) і інш., твораў на міфалагічныя тэмы («Даная», каля 1526).

Карэджа. Мадонна са святым Іеранімам («Дзень»). Фрагмент. 1527—28.

т. 8, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)