вера ў безасабовую адушаўлёнасць прыроды або асобных яе частак і з’яў; характэрная рыса першабытных рэлігій. Аніматызм адрозніваюць ад гілазаізму і анімізму, ад веры ў асабовых нематэрыяльных істот (духаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУ́ГЛАЯ СКУЛЬПТУ́РА,
адзін з двух асн. відаў скульптуры, які ў адрозненне ад рэльефу мае 3 вымярэнні, што дае магчымасць аглядаць яе з усіх бакоў. Як правіла, існуе ў выглядзе скульпт. групы, статуі, бюста.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЛЕ́ЛЬНЫ ПЕРАНО́С,
пераўтварэнне прасторы ці яе часткі (напр., пераход ад адной фігуры да другой), пры якім усе пункты зрушваюцца ў адным і тым ж напрамку на адну і тую ж адлегласць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗЛІКО́ВЫЯ ЦЭ́НЫ,
адзін з відаў аптовых цэн на аднародную прадукцыю, якія дыферэнцыраваны ўнутры галін і зон з улікам адрозненняў у прыродных і інш. аб’ектыўных умовах яе вытв-сці. Садзейнічае выраўноўванню гасп.-разліковай рэнтабельнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФОНАКАРДЫЯГРАФІ́Я (ад фона... + кардыяграфія),
графічная рэгістрацыя гукавых ваганняў, што ўзнікаюць у выніку дзейнасці сэрца. Адрозніваюць бескантактавую, інтэгральную, калібраваную, спектральную Ф. Дае магчымасць ацэньваць дзейнасць сэрца, дыягнаставаць яе парушэнні, дынамічна назіраць за станам хворага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГЛАМЕРА́ЦЫЯ,
1) у металургіі, тэрмахімічны працэс спякання дробназярністых ці пылападобных матэрыялаў руднай шыхты ў вял. кавалкі (агламераты). Уключае падрыхтоўку шыхты, спяканне яе, апрацоўку гарачага пеку, ахаладжэнне да 100 °C і сартаванне. Шыхта складаецца з дробнай сырой руды і яе канцэнтрату, паліва (дробны кокс ці антрацыт), флюсу (здробненая вапна і вапняк). Агламерацыя адбываецца пры прадзіманні паветра цераз слой шыхты на каласніковых рашотках агламерацыйнай машыны і згаранні паліва (1500 °C); у выпадку сульфідных рудаў — пры акісленні (працякае з выдзяленнем цеплаты). Агламерат выкарыстоўваецца ў чорнай металургіі, у каляровай — для вытв-сці алюмінію, нікелю і свінцу.
2) У мікрабіялогіі, утварэнне мікраарганізмамі намнажэнняў у вадкасцях або тканках у выніку змены фіз. і хім. уласцівасцяў мікробных клетак (пад уздзеяннем імунных целаў і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕО́ТЫЯ (Boiōtia),
старажытная вобласць у Сярэдняй Грэцыі. Першыя дзярж. ўтварэнні на яетэр. адносяцца да 3—2-га тыс. да н.э. З 6 ст. да н.э. тут існавала федэратыўная дзяржава (у яе аснове саюз беатыйскіх гарадоў) на чале з Фівамі. У 4 ст. пры Пелапідзе і Эпамінондзе (лідэры фіванскай дэмакратыі) беатыйскі саюз — найб.паліт. сіла ў Грэцыі. Войны са Спартай (378—362 да н.э.) прывялі да аслаблення саюза і страты яго значэння. У 338 да н.э. саюз гарадоў Беотыі распаўся, у 3—2 ст. да н.э. зноў адноўлены. Пасля рымскага заваявання Грэцыі (2 ст. да н.э. — 4 ст.н.э.) гарады Беотыі прыйшлі ў заняпад і іх саюз распаўся канчаткова. У сучаснай Грэцыі тэр. Беотыі — ном (адм. адзінка) з той жа назвай (цэнтр Левадыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РНАЛ (Bernal) Джон Дэсманд (10.5.1901, г. Ніна, Ірландыя — 15.9.1971),
англійскі фізік, філосаф, грамадскі дзеяч; адзін з заснавальнікаў навуказнаўства. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (з 1937) і АН шэрагу краін, у т. л.СССР. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1922). Аўтар навук. прац у галіне фізікі, крышталяграфіі, біяхіміі, філас. праблем прыродазнаўства. У працах «Сацыяльная функцыя навукі» (1938), «Навука і грамадства» (1953), «Навука ў гісторыі грамадства» (1954) і інш. абагульніў дасягненні навукі ў цэлым, раскрыў яефілас. значэнне і ролю ў гісторыі чалавецтва, узаемасувязь навукі, тэхнікі і сац. умоў жыцця грамадства. Увёў у навук. ўжытак паняцце «навукова-тэхнічная рэвалюцыя», распрацаваў цэласную канцэпцыю дыялектыкі і перспектыў яе развіцця. У кн. «Свет без вайны» (1958) паказаў перспектывы мірнага выкарыстання дасягненняў навукі на карысць чалавецтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПСАВА́ННЕ ГЛЕ́БЫ,
унясенне ў глебу гіпсу для нейтралізацыі залішняй шчолачнасці, шкоднай для многіх с.-г. раслін; спосаб хім.меліярацыі саланцоў і саланцовых глеб. Пры гіпсаванні глебы натрый у глебе замяшчаецца кальцыем, у выніку паляпшаюцца яефіз., фіз.-хім. і біял. якасці. Глеба становіцца камякаватай, палягчаецца яе апрацоўка, паляпшаюцца водапранікальнасць і аэрацыя, павышаецца ўрадлівасць. На Беларусі гіпсаванне глебы праводзяць з мэтай угнаення (абагачэнне глебы кальцыем і серай).
Для гіпсавання глебы выкарыстоўваюць пераважна сырамолаты гіпс прыродных пакладаў, фосфагіпс (адходы вытв-сці суперфасфату і прэцыпітату), адходы содавай прам-сці. Уносяць перад ворывам і пасля яго пад культывацыю. Эфектыўнасць павялічваецца, калі гіпсаванне глебы спалучаюць з глыбокім ворывам, арашэннем, унясеннем угнаенняў, снегазатрыманнем і затрыманнем талых вод, пасевам шматгадовых траў. Гл. таксама Вапнаванне глебы.