МЕ́НГЕР ((Menger) Карл) (23.2.1840, г. Новы-Сонч, Польшча — 27.2.1921),
аўстрыйскі эканаміст, заснавальнік аўстрыйскай эканамічнай школы; адзін з заснавальнікаў гранічнай карыснасці тэорыі. Вучыўся ў Пражскім і Венскім ун-тах. Д-рэканам.н. У 1879—1903 праф. Венскага ун-та. У цэнтр канцэпцыі ставіў індывіда, яго патрэбнасці і сродкі іх задавальнення лічыў зыходным пунктам даследавання. У сферы размеркавання развіў ідэі, якія ляглі ў аснову тэорыі стаўлення. Лічыў, што каштоўнасць сродкаў вытв-сці вызначаецца меркаванай каштоўнасцю спажывецкага прадукту; прапанаваў спосаб вызначэння ўкладу, які робіць кожны з фактараў вытв-сці. Асн. праца «Асновы палітычнай эканоміі» (1871).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЗГА́ЙЛАЎ (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 24.9.1936, г.п. Суземка Бранскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне радыётэхнікі. Д-рфіз.-матэм.н. (1990), праф. (1991). Скончыў Навазыбкаўскі пед.ін-т (1959), Казанскі авіяц.ін-т (1962). З 1974 у Гомельскім ун-це, з 1991 у Бел. ун-це транспарту. Навук. працы па стварэнні дыскрэтных слабанакіраваных антэнных сістэм лятальных апаратаў. Распрацаваў аўтаматызаваныя сродкі і спосабы пабудавання звычайных і галаграфічных выпрамяняльных прылад, прапанаваў спосаб змяншэння эфектыўнай паверхні рассейвання аб’ектаў.
Тв.:
Синтез дискретных антенных систем и неоднородных линий для широкополосного согласования с использованием экспериментальных данных. Ч. 1. Гомель, 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЯКАРДЫ́Т (ад мія... + грэч. kardia сэрца),
запаленне мышцы сэрца (міякарда) у чалавека і жывёл. Бывае востры, падвостры і хранічны, дыфузны і ачаговы. Паводле ступені цяжкасці — лёгкі, сярэднецяжкі, цяжкі. Прычыны: інфекцыя (ангіна, дыфтэрыя, шкарлятына, туберкулёз і інш.), алергія, інтаксікацыя. У дзяцей можа развіцца пры рэўматызме. Рэўматычны М. нярэдка спалучаецца з эндакардытам. Прыкметы М. залежаць ад парушэння сардэчнага рытму і недастатковай скарачальнай функцыі міякарда (агульная слабасць, задышка ў спакоі, набраканне шыйных вен, працяглы «ныючы» боль у вобласці сэрца, сэрцабіццё, хуткая стамляльнасць). Ускладненні: кардыясклероз, сардэчная недастатковасць. Лячэнне: пасцельны рэжым, вітаміны, сардэчна-сасудзістыя сродкі, ліквідацыя асн. хваробы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКУПНА́Я ЗДО́ЛЬНАСЦЬ,
здольнасць грашовай адзінкі быць абмененай на пэўную колькасць тавараў і паслуг; здольнасць насельніцтва абменьваць заробленыя (накопленыя) сродкі на тавары (купіць іх у дзярж., каап. і інш. гандлі) і аплату розных паслуг. П.з. грошай вызначаецца індэксам, адваротным індэксу цэн і тарыфаў на паслугі: калі індэкс цэн і тарыфаў за пэўны час знізіцца, то індэкс П.з. грошай павысіцца (гл.Індэкс пакупной здольнасці). П.з. насельніцтва залежыць ад узроўню аплаты працы, пенсій, стыпендый і інш. выплат, грашовых накапленняў насельніцтва, таксама і ад узроўню цэн на тавары, прадукты харчавання, паслугі, накіраваныя на задавальненне пэўных патрэб чалавека (гл.Узровень жыцця).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАДАНТО́З [ад пара... + грэч. odus (odontos) зуб],
амфадантоз, піярэя альвеалярная, хранічная хвароба парадонту — тканак, якія акружаюць зуб (дзясна, альвеалярная косць, зубная звязка); дыстрафічны працэс з рассысаннем касцявой тканкі ямак альвеалярных адросткаў і запаленнем сківіц. Узнікае ад парушэння нерв. рэгуляцыі працэсаў абмену рэчываў у тканках парадонту часта пры гіпавітамінозах, недахопе мінер. солей, мікраэлементаў, недастатковым доглядзе ротавай поласці, адкладанні зубнога каменю, падагры, цукр. дыябеце. Прыкметы: прыпухласць, пачырваненне дзяснаў і адслаенне іх ад зубоў, крывацёк, хістанне і выпадзенне зубоў. У запушчанай стадыі — гінгівіт, утвараюцца кішэнепадобныя ўпадзіны з гноем. Лячэнне комплекснае: выдаленне зубнога каменю, агульнаўмацавальныя і процізапаленчыя сродкі, фізіятэрапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЛАКСА́ЦЫЯ, расслабленне ў біялогіі,
паніжэнне тонусу шкілетнай мускулатуры, якое праяўляецца паніжэннем рухальнай актыўнасці ці поўнай нерухомасцю (параліч). Бывае пры некат. паталаг. станах, выклікаецца штучна пры скарыстанні рэчываў, што блакіруюць перадачу імпульсу нервовага, і пры наркозе. Распаўсюджванне, ступень і працягласць Р. залежыць ад хім. рэчыва і месца яго ўвядзення. Наркатычныя сродкі ўздзейнічаюць на цэнтр. аддзелы нерв. сістэмы і выклікаюць распаўсюджаную, але няпоўную Р., рэчывы, якія выкарыстоўваюцца для мясц. анестэзіі, уплываюць на перыферычныя нервы і выклікаюць Р. мясц. і няпоўную. Найб. распаўсюджаная і поўная Р. бывае пры ўвядзенні спец. прэпаратаў — міярэлаксантаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛАСАЎБО́РАЧНЫ КАМБА́ЙН,
машына для ўборкі (адначасовага скошвання, здрабнення і пагрузкі ў трансп.сродкі) на сілас кукурузы, сланечніку, віка-аўсянай сумесі і інш. культур. Бываюць прычапныя (агрэгатуюцца пераважна з колавымі трактарамі тыпу «Беларусь» і Τ-150Κ, а таксама з гусенічнымі) і самаходныя.
Выкарыстоўваюцца таксама для нарыхтоўкі сенажу, зялёнай падкормкі, травяной мукі. Асн. рабочыя органы: рэжучы апарат (жняярка платформеннага тыпу суцэльнага зрэзу), барабанны здрабняльны апарат, сіласаправод. Для падборкі зялёнай або падсушанай травы з валкоў замест жняяркі манціруюць падборшчык. Для ўборкі сіласных культур выкарыстоўваюць таксама кормаўборачныя камбайны. На Беларусі С.к. выпускае з-д «Гомсельмаш».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМАТЫЗА́ЦЫЯ ПРАЕКТАВА́ННЯ,
выкарыстанне ЭВМ і інш. сродкаў аўтаматызацыі, аб’яднаных у сістэму класа «чалавек—машына» для праектавання машын, абсталявання, збудаванняў і інш. аб’ектаў.
Аўтаматызацыя праектавання дае магчымасць павялічыць дакладнасць разлікаў і канструктарскай дакументацыі, выбіраць варыянты для рэалізацыі на аснове матэм. аналізу ўсіх або большасці з іх, скараціць тэрміны праектавання і інш. Метады і сродкі аўтаматызацыі праектавання залежаць ад характару і прызначэння аб’екта праектавання. Найб. істотныя вынікі атрымліваюцца пры аўтаматызацыі праектавання складаных тэхн. сістэм і збудаванняў, пры падрыхтоўцы праграмна-кіравальнага выканаўчага абсталявання. З дапамогай графапабудавальнікаў, друкавальных прыстасаванняў і інш. сродкаў вываду інфармацыі вынікі аўтаматызацыі праектавання аўтаматычна выдаюцца ў выглядзе схем, чарцяжоў ці графікаў (табліц) на аркушах паперы чарцёжных фарматаў, магнітнай стужцы, мікрафільмах і інш. або на спец. экране. Пры аўтаматызацыі праектавання машын і механізмаў па зыходных даных вызначаюць найлепшы варыянт кампаноўкі вырабу, выбіраюць і разлічваюць канструкцыю і яе асобныя вузлы, аптымізуюць допускі і пасадкі, вызначаюць форму спалучаных паверхняў, чысціню іх апрацоўкі і інш.
Навукова-тэхн. распрацоўкі сістэм аўтаматызацыі праектавання вядуцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі АН Беларусі з 1960-х г.: сфармуляваны асновы аўтаматызацыі праектавання ў машынабудаванні; створаны першыя алгарытмы, праграмы і тэхн.сродкі канструявання і тэхнал. падрыхтоўкі вытв-сці машын і абсталявання; распрацаваны «аўтаматычны чарцёжнік» дае магчымасць з вял. дакладнасцю рабіць чарцяжы вырабаў складанай канфігурацыі (карабельных вінтоў, крыла самалёта, лапатак рабочых колаў турбін і інш.).
Літ.:
Системы автоматизированного проектирования технологических процессов, приспособлений и режущих инструментов. М., 1988;
Ракович А.Г. Основы автоматизации проектирования технологических приспособлений. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНАЯ ЎЛА́СНАСЦЬ,
маёмасць, якая належыць дзяржаве на праве ўласнасці; адна з формаў уласнасці. У Рэспубліцы Беларусь да Дз.у. адносяцца т.зв.рэсп. ўласнасць і ўласнасць адм.-тэр. утварэнняў — камунальная ўласнасць. Выключна Дз.ў. складаюць нетры, воды, лясы. Ва ўласнасці дзяржавы знаходзяцца землі с.-г. прызначэння, маёмасць рэсп. органаў улады і кіравання, культ. і гіст. каштоўнасці, сродкірэсп. бюджэту, дзярж. банкі, страхавыя, рэзервовыя і інш. фонды; могуць знаходзіцца таксама прадпрыемствы і нар.-гасп. комплексы, навуч. ўстановы, аб’екты сац.-культ. сферы, н.-д. і праектныя ін-ты і арг-цыі, інш. маёмасць, якая забяспечвае суверэнітэт, гасп. самастойнасць рэспублікі, яе эканам. і сац. развіццё. Законам могуць быць вызначаны і інш. аб’екты, якія знаходзяцца толькі ва ўласнасці дзяржавы. Распараджэнне маёмасцю, якая знаходзіцца ва ўласнасці рэспублікі, ажыццяўляе ўрад — СМ Рэспублікі Беларусь.
Ва ўласнасці адм.-тэр. утварэнняў могуць знаходзіцца маёмасць органаў улады і кіравання адм.-тэр. ўтварэння, сродкімясц. бюджэту, жыл. фонд і жыл.-камунальная гаспадарка мясц. Савета дэпутатаў, а таксама прадпрыемствы сельскай гаспадаркі, гандлю, быт. абслугоўвання, транспарт, прамысл., буд. і інш. прадпрыемствы і комплексы, установы нар. адукацыі, культуры, аховы здароўя і інш. маёмасць, неабходная для эканам. і сац. развіцця адпаведнай тэрыторыі. Распараджэнне і кіраванне дзярж. маёмасцю, якая знаходзіцца ў камунальнай уласнасці, ажыццяўляюць ад імя насельніцтва адм.-тэр. утварэнняў адпаведныя Саветы дэпутатаў ва ўстаноўленым законам парадку.
Адносіны Дз.у. ў Рэспубліцы Беларусь рэгулююцца Канстытуцыяй і Законам «Аб уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь» ад 11.12.1990, інш. прававымі актамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫЯ РАЗЛІ́КІ,
разлікі паміж дзяржавамі, арг-цыямі, фірмамі і грамадзянамі, якія знаходзяцца на тэр. розных краін. Выкліканы развіццём міжнар. сувязей і разлікаў па знешнім гандлі, крэдытах і інвестыцыях, трансп. паслугах, турызме, а таксама па ўтрыманні дыпламат. прадстаўніцтваў за мяжой, камандзіроўках, паездках розных дэлегацый і г.д. Бываюць двухбаковыя (ажыццяўляюцца паміж дзвюма краінамі) і шматбаковыя (сродкі ад рэалізацыі тавараў і паслуг выкарыстоўваюцца на плацяжы трэцім краінам). У гэтай сувязі буйнейшыя банкі розных краін падтрымліваюць узаемныя карэспандэнцкія сувязі, адкрываюць адзін аднаму бягучыя рахункі, захоўваюць на іх грашовыя сродкі ў адпаведнай замежнай валюце і выконваюць на аснове ўзаемнасці плацежныя і інш. даручэнні, што дазваляе частку плацяжоў рабіць у форме безнаяўных разлікаў. У практыцы М.р. паняцце наяўных разлікаў больш шырокае і часцей выкарыстоўваецца ва ўнутр. тавараабароце, чым у міжбанкаўскіх разліках. У сферы М.р. часта ўзнікаюць праблемы ўстанаўлення і рэгулявання суадносін абмену нац. грашовай адзінкі з замежнай і незбалансаванасці разлікаў з замежнымі краінамі. Увесь комплекс адносін, што ўзнікаюць у працэсе М.р., выяўляецца ў плацежных балансах краін, а іх незбалансаванасць патрабуе механізма выраўноўвання. На эфектыўнасць М.р. істотна ўплывае кан’юнктура на знешнім і ўнутр. рынках, ступень развіцця міжнар.гасп. сувязей і нац. эканомікі, абарачальнасць валют, узровень валютнага курса і інш. фактары. Стабільная сістэма М.р. станоўча ўплывае на эканоміку краіны і міжнар.эканам. адносіны. Парушэнне сістэмы М.р. (напр., у перыяд крызісаў, эканам. і паліт. ускладненняў) стрымлівае развіццё знешняга гандлю, адмоўна адбіваецца на развіцці нац. эканомікі.