кітайскі падарожнік. Будыйскі манах. У 629—645 у пошуках свяшчэнных будыйскіх кніг ажыццявіў падарожжа ў Індыю, адкуль прывёз 657 будыйскіх рэліг. тэкстаў. Аўтар твора «Нататкі пра краіны захаду», які змяшчае шмат звестак пра геаграфію, этнаграфію і гісторыю Цэнтр. Азіі і Індыі і дагэтуль мае вял.навук. каштоўнасць. Падарожжу С. прысвечаны адзін з найб. славутых помнікаў кіт. л-ры — раман У Чэнэня «Падарожжа на Захад» (16 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСАЧО́Ў Аляксандр Фёдаравіч (23.11.1907, Масква — 22.11.1949),
бел. харавы дырыжор. Засл. арт. Беларусі (1942). Скончыў Маск. муз. тэхнікум імя Кастр. рэвалюцыі (1930), вучыўся ў Маскоўскай кансерваторыі. Кіраваў армейскімі хар. аматарскімі калектывамі. З 1938 маст. кіраўнік і дырыжор арганізаванага ім Ансамбля песні і танца БВА. Яму ўласцівы музыкальнасць, тонкі густ, імкненне да чысціні хар. гучання. Аўтар ваенна-патрыят. песень, у т. л. «Песні пра Даватара», «Песні пра Бялова», апрацовак бел.нар. песень для ансамбля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦІТМА́Р МЕРЗЕБУ́РГСКІ (Thietmar von Merseburg; 25.7.975—1.12.1018),
нямецкі храніст. Сваяк імператараў «Свяшчэннай Рым. імперыі» з Саксонскай дынастыі. З 1009 біскуп мерзебургскі. Хроніка Ц.М. (на лац. мове) ахоплівае перыяд ад праўлення імператара Генрыха I Птушкалова [912—936] да 1018; найб. каштоўныя звесткі ў ёй пра часы праўлення імператараў Атона III [996—1002] і Генрыха II [1014—24], прагерм.-слав. адносіны і асобныя падзеі з гісторыі Кіеўскай Русі. Ц.М. — прыхільнік моцнай імператарскай (каралеўскай) улады, апалагет заваёўніцкай палітыкі ў адносінах да слав. народаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЭТЭРЫЯ́НІ»,
«Абесалом і Этэры», грузінскі рамант. эпас. Створаны прыкладна ў 10—11 ст. на аснове перапрацоўкі стараж. казачнага цыкла пра мачаху і падчарыцу. У паданні адлюстраваны нар. ўяўленні пра высакародныя чалавечыя адносіны. У аснове сюжэта трагічнае каханне царэвіча Абесалома і пастушкі Этэры, іх барацьба з візірам Мурманам. У творы напружаная сюжэтная калізія, тонка распрацаваныя вобразы, багатая паэт. мова. На сюжэт «Э.» створаны паэма Важа Пшавелы «Этэры», опера З.Паліяшвілі, маст. фільмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КІ́ЕВА-ПЯЧЭ́РСКІ ПАЦЯРЫ́К»,
помнік арыгінальнай стараж.-рус. л-ры; зборнік дыдактычных апавяданняў пра жыццё манахаў і гісторыю Кіева-Пячэрскага манастыра. Першапачатковая рэдакцыя складзена ў 1220—30-я г. Захавалася некалькі спісаў пач. 15—17 ст., упершыню надрук. ў Кіеве (1661).
Аснову складаюць пасланні ўладзімірскага і суздальскага епіскапа Сімона і кіева-пячэрскага манаха Палікарпа, у канцы далучаны 9 і 11 навел пра манахаў-падзвіжнікаў. Відавочна, у сярэдзіне 13 ст. ў «К.-П.п.» уключаны «Жыціе Феадосія Пячэрскага», «Пахвала» Сімона, «Слова» пра будаўніцтва пячэрскай царквы, выпіскі з «Аповесці мінулых гадоў» пра ўзнікненне манастыра. Дапоўнены новымі творамі ў старэйшай з вядомых Арсеньеўскай рэдакцыі 1406, таксама Феадосіеўскай сярэдзіны 15 ст., Касіянаўскай 1462, выкарыстаны Пячэрскі летапіс пач. 12 ст. і інш. У пацерыку ўслаўляюцца стараж.-рус. будаўнікі, мастакі і царк. дзеячы манастыра, сцвярджаецца яго вял. значэнне як агульнага культ.-рэліг. цэнтра Кіеўскай Русі. Асн. крыніца твораў — мясц. легенды і паданні. Некат. сюжэты, вобразы, матывы ўзыходзяць да візант. пацерыкоў і Бібліі, аднак вызначаюцца маст. арыгінальнасцю У творах арганічна спалучаюцца ўрачысты стыль жыцій са строгім выкладам летапісных апавяданняў, казачная фантастыка з гістарычна сапраўдным; жыва і рэалістычна апісаны побыт і норавы манахаў, прыведзены каштоўныя гіст. факты і звесткі.
Публ.:
Памятники литературы Древней Руси, XII в. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЛЯДО́ВІЧ Макар Трафімавіч (21.8.1906, в. Караваева Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 30.12.1984),
бел. пісьменнік. З 1925 працаваў у газ. «Беларуская вёска», з 1935 у час. «Полымя рэвалюцыі», з 1945 у газ. «Звязда». Друкаваўся з 1925. Зб-кіапавяд. «Зруйнаваныя межы», «Людзі вясны» (абодва 1930), «Чатырнаццаты нумар» (1934), аповесці «Марсель» (1931), «Хада ў заўтра» (1933) прасац. змены на вёсцы. Раман «Паўстанне» (1940) прапартыз. барацьбу ў часы герм. і польскай акупацыі Беларусі. Раман «Святло над Ліпскам» (кн. 1—2, 1949—52) пра аднаўленне пасляваен. вёскі. Аўтар аповесцей «Магістральны канал», «Цёплае дыханне» (абедзве 1947), «З табою побач» (1956—59, пра К.П.Арлоўскага), «Па воўчых сцежках» (1957), зб-каў гумарыст. апавяд. «Двайное дно» (1964), літ. пародый і памфлетаў «Наравісты Пегас» (1968), нарысаў «Мяцежнае сэрца» (1959), «Салігорскае дзіва» (1963), кніжак апавяд. для дзяцей «Вучоны верабей» (1938), «Зялёны канверт» (1964), п’ес «Гонар» (1934), «Гарачае сэрца» (1938), «Шалёная рысь» (1939). На бел. мову пераклаў апавяданні А.Пушкіна, А.Чэхава, аповесці М.Гогаля «Тарас Бульба» (з А.Бачылам), П.Бажова «Зялёны конік», раманы Ж.Верна «Таямнічы востраў», М.Астроўскага «Народжаныя бурай», «Як гартавалася сталь» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМО́ЛЬСКІ Рычард Баляслававіч (н. 3.4.1946, г. Ліда Гродзенскай вобл.),
бел. тэатразнавец, педагог. Д-р мастацтвазнаўства (1991), праф. (1999). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1970). Працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм», з 1976 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі (з 1988 заг. аддзела), адначасова з 1997 рэктар Бел.АМ. Даследуе праблемы рэжысуры, акцёрскай творчасці, сцэнічнай героікі, рус.тэатр. культуры на Беларусі. Аўтар кніг «Пазначана часам: Пошукі сучаснай беларускай рэжысуры» (1984), «Стварэнне лёсу: Гістарычная і героіка-рэвалюцыйная тэма ў тэатрах Беларусі 70—80-х гг.» (1987), «На скрыжаванні: Тэатр у працэсах станаўлення і развіцця гістарычнай і нацыянальнай свядомасці беларусаў» (1999), «Рэха мінулага: Тэатразнаўчыя эцюды аб беларускай культуры XX ст.» (2000); раздзелаў «Гісторыі беларускага тэатра» (т. 2—3, 1985—87); п’ес (з Ю.Сохарам) «Разбег» (1974), «Выкупленне» (1976), «Не толькі пра каханне» (паст. 1978); радыёп’есы «Лёс, які мы выбіраем» (паст. 1986); сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Марыя» (1975); «Праз усё жыццё» (1978, пра Е.Міровіча), «Уладзіслаў Галубок» (1982); «Жыццё кліча» (1984, пра У.Крыловіча), «Антракт» (1992, пра М.Яроменку; з В.Навуменкам).
Тв.:
На сцене — бессмертие подвига. Мн., 1982;
Грядущим в наследство: Тема Великой Отеч. войны в бел. театре 80-х гг.Мн., 1986;
Тэатр у прасторы часу: Мастацтвазнаўчыя арт., рэц., творчыя партрэты. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯСЕ́НСКІ (Jasienski) Бруна (Віктар Якаўлевіч; 17.7.1901, в. Клімантова каля г. Сандамір Свентакшыскага ваяв., Польшча — 20.10.1941),
польскі і рус. пісьменнік. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1922). З 1925 у эміграцыі ў Францыі, з 1929 у СССР. Рэпрэсіраваны, пасмяротна рэабілітаваны. Дэбютаваў як паэт у 1918. Пісаў на польскай і рус. мовах. Аўтар паэм «Песня пра голад» (1922), «Слова пра Якуба Шэлю» (1926, на яе аснове напісаў драм. паэму «Галіцыйская жакерыя», паст. 1928), зб. вершаў «Зямля ўлева» (1924, з А.Стэрнам), рамана-памфлета «Я палю Парыж» (1928, на франц. мове), раманаў «Чалавек мяняе скуру» (ч. 1—2, 1932—33), антыфаш. «Змова абыякавых» (незавершаны, апубл. 1956), апавяданняў, літ.-крытычных артыкулаў, выступленняў і інш. У яго паэзіі спалучэнне рэаліст. тэндэнцый з элементамі футурызму, ёй уласцівы метафарычная ўскладненасць, афарыстычнасць, стылёвы эксперымент; для прозы характэрны дынамізм дзеяння, дэтэктыўная інтрыга, псіхалагізм. У «Анталогіі беларускай літаратуры» (1934, на рус. мове) змясціў арт. «Пра паэтаў». Пераклаў на рус. мову асобныя вершы Я.Купалы, Я.Коласа, П.Броўкі. На бел. мову яго творы перакладалі Я.Бяганская, У.Жылка.
Тв.:
Бел.пер. — Палю Парыж Мн., 1932;
Сын Рыкшы. Мн., 1933;
Слова пра Якуба Шэлю // Жылка У. Выбр. творы. Мн., 1998;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАТЫ́НСКІ Вінцэсь Аляксандравіч (15.8.1831, в. Селішча Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 7.2.1891),
бел. і польскі паэт, публіцыст. Працаваў хатнім настаўнікам на Навагрудчыне, з 1850 сакратар У.Сыракомлі. У 1862 падарожнічаў па Беларусі з М.Лясковым. З 1866 у Варшаве. Літ. дзейнасць пачаў у 1856. Супрацоўнічаў у віленскіх і варшаўскіх перыяд. выданнях, друкаваў у іх артыкулы пра Беларусь. На польск. мове выдаў паэт.зб. «Чым хата багата, тым рада» (1857), паэму «Таміла» (1858). У 1858 да прыезду ў Вільню Аляксандра II напісаў бел. верш «Уставайма, братцы, да дзела, да дзела» — напамінанне пра існаванне бел. мовы. Падтрымаў дзейнасць А.Вярыгі-Дарэўскага на ніве адраджэння бел. культуры (вершаванае прысвячэнне «Далібог-то, Арцім...»). На бел. мове напісаў элегію «Туга на чужой старане» (1864). Напярэдадні паўстання 1863—64 прычыніўся да стварэння антыцарскіх вершаваных твораў «Гутарка старога дзеда» і «Гутарка двух суседаў». Аўтар гіст.-краязнаўчых нарысаў, артыкулаў пра А.Міцкевіча, І.Дамейку, С.Рысінскага, К. і Я.Тышкевічаў, Р.Зянькевіча. Для «Усеагульнай энцыклапедыі» С.Аргельбранда (т. 1—28, 1859—68) напісаў артыкулы прабел. гарады Віцебск, Валожын, Слуцк, Стоўбцы і інш.Дэмакр. погляды выявіліся ў паэт. творчасці пра жыццё бел. вёскі дарэформеннага перыяду. Гуманіст. пафас, асаблівасці паэтыкі К. паўплывалі на станаўленне новай бел. л-ры. Пераклаў на польск. мову творы П.Беранжэ, А.Пушкіна, М.Лермантава, Л.Талстога, Г.Гейнэ. Выдаў збор твораў Сыракомлі (т. 1—10, 1872). На бел. мову польск. творы К. пераклалі Р.Баравікова, Р.Барадулін, П.Бітэль, У.Мархель, Г.Тумаш.
Тв.:
Творы. 2 выд.Мн., 1994.
Літ.:
Мальдзіс А. Вінцэсь Каратынскі // Мальдзіс А. Падарожжа ў XIX ст.Мн., 1969;
Мархель У. «Чым хата багата...» // Мархель У. Крыніцы памяці. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРЫВІ́Ч»,
бел.літ.-навук. і грамадскі часопіс нац.-дэмакр. кірунку. Выдаваўся з чэрв. 1923 да сак. 1927 у Коўне (сучасны Каўнас, Літва) на бел. мове. Рэдактары В.Ю.Ластоўскі і К.С.Душэўскі (Дуж-Душэўскі). Прытрымліваўся канцэпцыі самаст. шляху развіцця бел. народа, самавызначэння Беларусі ў сферы духоўнасці. Вызначаўся разнастайнасцю тэматыкі, змястоўнасцю публікацый. Меў раздзелы: літ. (творы бел. пісьменства, пераклады з інш. моў), навук.-крытычны (даследаванні ў галіне беларусазнаўства), «запіскі» (розныя звесткі пра беларусаў, іх гіст.-культ. спадчыну), інфарм. (бібліягр. агляды і водгукі). Змяшчаў агляды грамадска-паліт. і нац.-культ. жыцця беларусаў у БССР, Зах. Беларусі, Літве, Латвіі, Чэхаславакіі і інш. Закранаў пытанні гісторыі нац. культуры і асветы. Апублікаваў артыкулы пра Ф.Скарыну, Л. і С. Зізаніяў, А.Міцкевіча, Ф.Дастаеўскага; навук. працы па мовазнаўстве Я.Станкевіча, па кнігазнаўстве А.Шлюбскага, літ.-крытычнае даследаванне А.Узнясенскага прапаэт. спадчыну М.Багдановіча; вершы Багдановіча, Цёткі; пераклады з Бібліі, твораў Ю.Аха, І.Білюнаса, Г.Гаўптмана, С.Інгмана, Р.Кіплінга, Р.Тагора, А.Талстога, О.Уайльда, А.Франса і інш. Аўтарам шматлікіх публікацый быў Ластоўскі, у іх ліку аповесць «Лабірынты», артыкулы пра першабытную і сярэдневяковую айч. гісторыю, успаміны пра Багдановіча, уражанні ад Акад. канферэнцыі па рэформе бел. правапісу і азбукі ў Мінску ў 1926, слоўнікавыя матэрыялы, тэрміналагічная лексіка па анатоміі, фізіялогіі, батаніцы, лацінска-рус.-бел. слоўнік па арніталогіі (апрацаваны разам з Т.Іваноўскім, Дуж-Душэўскім). Асвятляў дзейнасць К-та паняволеных Польшчай нацый у Парыжы і Жэневе, выступаў супраць разгрому рэжымам Ю.Пілсудскага ў 1927 Бел.сял.-работніцкай грамады. Змяшчаў рэцэнзіі на кнігі і часопісы, выдадзеныя на Беларусі. Выйшла 12 нумароў.