ПРАМУЛЬГА́ЦЫЯ (ад лац. promulgatio публічнае абвяшчэнне),
у канстытуцыйным праве шэрагу дзяржаў апублікаванне прынятага і зацверджанага закона ў афіц. друкаваным органе, якое ажыццяўляецца кіраўніком дзяржавы ва ўстаноўленыя канстытуцыяй або законам тэрміны. Толькі пасля П. закон, як правіла, набывае абавязковую сілу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́СТУЛА (ад лац. pustula пузыр, гнайнік),
гнайнічок, пузырок з гноем, які ўзнікае на скуры як элемент некат. дэрматозаў і інфекц. хвароб чалавека. Бываюць паверхневыя і глыбокія — звязаныя з валасяным мяшочкам і сальнай залозай. Пасля зажыўлення глыбокіх П. застаюцца рубцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ДЭН (Baden),
гістарычная вобласць на ПдЗ Германіі. З 11 ст.ням. маркграфства. У 1535 падзялілася на маркграфствы Бадэн-Бадэн (каталіцкае) і Бадэн-Дурлах (пратэстанцкае). У 1771 яны зноў аб’яднаны. У 1806—1918 вял. герцагства са сталіцай у Карлсруэ. Закон аб выбарах, канстытуцыя Бадэна 1818 былі ўзорам ранняга герм. канстытуцыяналізму. У час Рэвалюцыі 1848—49 у Германіі ў Бадэне адбыліся паўстанні, у т. л.Бадэнска-Пфальцкае паўстанне 1849. У аўстра-прускай вайне 1866 Бадэн удзельнічаў на баку Аўстрыі, у 1870 уступіў у Паўн.-Германскі саюз, з 1871 у складзе Германскай імперыі. З 1919 рэспубліка ў складзе Веймарскай рэспублікі, пасля 1933 зямля фаш. Германіі. У 1945 Бадэн акупіравалі амер. (Пн) і франц. (Пд) саюзныя войскі. Пасля рэферэндуму 6.12.1951 Бадэн увайшоў у зямлю ФРГБадэн-Вюртэмберг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЫ́ЛА (Attila; ? — 453),
правадыр гунаў у 434—453. Да 445 кіраваў разам з братам Бледам, якога забіў. Узначальваў спусташальныя паходы на Усх.Рым. імперыю (443, 447—448), Галію (451) і Паўн. Італію (452); у 451 пацярпеў паражэнне на Каталаунскіх палях. Пры Атылу (яго рэзідэнцыя знаходзілася на тэр. сучаснай Венгрыі) саюз гунскіх плямёнаў дасягнуў найб. магутнасці і пашырыў сваю ўладу ад Волгі да Рэйна, ад дацкіх астравоў да Дуная. Памёр у Паноніі ў ноч пасля вяселля з германкай Ільдыкай. Створаная ім імперыя распалася адразу пасля яго смерці. Вобраз Атылы адлюстраваны ў сярэдневяковым гераічным эпасе (ісландскія песні «Старэйшая Эда», герм. «Песня пра Нібелунгаў»), гіст. аповесці венгра М.Олаха (перакладзена на старабел. мову ў канцы 16 ст. пад назвай «Гісторыя пра Атылу») і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАТЫ́ПІЯ (ад аўта... + грэч. typos адбітак),
спосаб паліграфічнага ўзнаўлення паўтонавых і шматколерных відарысаў (фотаздымкаў, твораў жывапісу) сродкамі высокага друку. Арыгінал, што трэба ўзнавіць, фатаграфуюць праз растр, лініі якога ствараюць на фатаграфічнай пласціне цені і паўцені. За празрыстай адтулінай растра праектуецца адлюстраванне дыяфрагмы ў выглядзе светлай кропкі. Колькасць святла, адбітага ад арыгінала, уплывае на памеры кропак: найб. светлым месцам адпавядае найменшы дыяметр кропак. Пасля капіравання растравага негатыва на цынкавую пласціну з нанесеным святлоадчувальным слоем атрымліваюць аўтатыпнае (растравае) клішэ — рэльефнае пазітыўнае адлюстраванне (гл.Цынкаграфія). Шматколернае адлюстраванне аднаўляецца на аснове фатагр. колерападзелу: прамяні святла, адбітыя ад арыгінала, паслядоўна прапускаюць праз рознакаляровыя святлафільтры. Пасля 3- ці 4-разовага фатаграфавання атрымліваюць колерападзельныя растравыя негатывы, з якіх вырабляюць аўтатыпныя клішэ. З іх паслядоўна асн. фарбамі друкуюць шматкаляровую рэпрадукцыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХЕ́ЙСКІ САЮ́З,
палітычнае аб’яднанне стараж.-грэч. полісаў Пелапанеса. Створаны каля 280 да нашай эры для барацьбы з Македоніяй і Эталійскім саюзам за гегемонію ў Грэцыі. У 2-й пал. 3 ст. да нашай эры ў саюз уваходзіла каля 60 полісаў. У Ахейскім саюзе было агульнасаюзнае грамадзянства, ён чаканіў сваю манету, меў адзіную сістэму мер і вагі. Вышэйшым органам улады быў сход саюзных грамадзян, які збіраўся 2 разы на год у Эгіёне. Выканаўчую ўладу ўзначальваў стратэг. У 221 да нашай эры саюз трапіў пад уплыў Македоніі. Пасля вайны Рыма з Македоніяй (200—197 да нашай эры) алігархі Ахейскага саюза сталі арыентавацца на Рым. Ахейскі саюз распаўся пасля задушэння антырым. паўстання 146 да нашай эры Яго тэрыторыя ўвайшла ў рым. правінцыю Ахая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРТКЕ́ВІЧ (Вінцэнт) (1776, маёнтак Палессе, Пастаўскі р-н Віцебскай вобласці — пасля 1837),
удзельнік паўстанняў 1794 і 1830—31 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве. У 1794 у арміі Т.Касцюшкі абараняў Варшаву. Напярэдадні паўстання 1830—31 завілейскі (свянцянскі) павятовы віцэ-маршалак шляхты. У крас. 1831 узначаліў паўстанцкія ўзбр. сілы Завілейскага пав., на чале іх удзельнічаў у баях за Вільню. Пасля паражэння адступіў са Свянцян у Дзісенскі пав. і далучыўся да дзісенскіх паўстанцаў. Адзін з кіраўнікоў паходу паўстанцаў Завілейскага, Вілейскага і Дзісенскага пав. з сумежжа Беларусі і Літвы ў Жэмайцію, дзе далучыўся да корпуса ген. А.Гелгуда. У студз. 1832 арыштаваны царскімі ўладамі і сасланы ў Волагду. З 1837 жыў пад наглядам паліцыі ў Смаленскай губ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРНАРДЗІ́НЦЫ,
1) другая назва цыстэрыянцаў, якая замацавалася за імі з 12 ст.пасля рэарганізацыі ордэна Бернарам Клервоскім (1090—1153, кананізаваны ў 1174).
2) Манахі-францысканцы, якія строга прытрымліваліся першапачатковага статута гэтага жабрацкага ордэна і ў 1473 аселі ў Польшчы пры саборы св. Бернарда ў Кракаве (названы ў гонар францысканскага рэфарматара Бернарда Сіенскага, 1380—1444). На Беларусі вялі місіянерскую і пастырскую дзейнасць сярод правасл. насельніцтва. Іх кляштары (мужчынскія і жаночыя) існавалі ў Брэсце, Будславе, Беразіне, Віцебску, Гродне, Друі, Заслаўі, Мінску, Магілёве, Нясвіжы, Оршы, Полацку, Слоніме і інш. Пры іх былі школы (у Будславе і музычная), б-кі, часам аптэкі. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі ўплыў бернардзінцаў паступова змяншаўся. У 1860-я г. амаль усе іх кляштары забаронены і спынілі сваю дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЙКО́ (Аляксандр Міхайлавіч) (1885, в. Астраўляны Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл. — 30.1.1941),
прафесійны рэвалюцыянер. З 1904 чл.РСДРП. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. З 1906 чл. Пецярбургскага к-таРСДРП, у 1907—09 чл. яго выканаўчай камісіі. Удзельнік V Усерас.парт. канферэнцыі (Парыж, 1908). У 1909 арыштаваны і сасланы ў Сібір. ПасляЛют. рэвалюцыі 1917 нам. старшыні Верхнеудзінскага (з 1934 Улан-Удэ) Савета. З 1918 старшыня Рэўтрыбунала Прыбайкалля. Пасля захопу Забайкалля белагвардзейцамі эмігрыраваў у Манголію, потым у Кітай. Адзін з кіраўнікоў разгрому войск Унгерна. У 1921 эмісар Далёкаўсх. Рэспублікі ў Прыбайкаллі, сакратар Далёкаўсх. Бюро ЦК РКП(б). З 1922 старшыня Нар. сходу Далёкаўсх. Рэспублікі, пазней нам. наркома гандлю РСФСР. У 1933—41 нам.гал. арбітра РСФСР. Аўтар кн. «Шлях рабочага» (1934).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАСНЫ́ СХОД,
распарадчы орган саслоўнага сял. кіравання воласцю ў Рас. імперыі. Уведзены ў 1797 для дзярж. сялян. У сувязі са скасаваннем валасцей на Беларусі, Правабярэжнай Украіне і ў Літве пасля рэформы дзярж. вёскі 1830—50-х г. валасныя сходы тут не склікаліся. Паслясялянскай рэформы 1861 уведзены ў еўрап. частцы імперыі для б. памешчыцкіх, з 2-й пал. 1860-х г. адноўлены для б.дзярж. сялян.
Складаўся са службовых асоб і сялян, выбраных на сельскіх сходах па 1 ад 10 двароў; у зах. губернях удзельнічалі і парабкі. Вырашаў адм.-гасп. справы воласці, выбіраў службовых асоб, валасное праўленне, у пач. 20 ст. — упаўнаважаных сялян на выбарах у Дзярж. думу і інш. 3.6.1917 скасаваны Часовым урадам у сувязі са стварэннем валасных земстваў.