АКУЛЯ́Р (ад лац. ocularis вочны),

частка аптычнай прылады (мікраскопа, тэлескопа і інш.), накіраваная да вока назіральніка. Прызначаны для разглядання павялічанага відарыса, створанага аб’ектывам або абарачальнай сістэмай. Асн. характарыстыкі: фокусная адлегласць, якая вызначае павелічэнне ўсей аптычнай сістэмы; адлегласць да выхадной зрэнкі (ад апошняй паверхні акуляра да відарыса, створанага акулярам); вугал поля зроку. Асн. тыпы простых акуляраў: Гюйгенса (17 ст.) і Рамсдэна (18 ст.). У складаных акулярах за кошт павелічэння колькасці лінзаў і выкарыстання несферычных (напр., парабалічных) паверхняў вугал зроку даводзіцца да 90—100°.

Да арт. Акуляр: a — акуляр Гюйгенса; b — акуляр Рамсдэна; Л1, Л2 — лінзы; Д — дыяфрагма; F — пярэдняя факальная плоскасць; В — вока.

т. 1, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДРО́НЫ (ад грэч. adros вялікі, значны),

элементарныя часціцы, якім уласцівыя моцныя ўзаемадзеянні. Складаныя аб’екта, што нагадваюць ядры атамаў, дзе ролю пратонаў і нейтронаў адыгрываюць кваркі. Да адронаў належаць барыёны, мезоны і ўсе рэзанансы. Існаванне вял. колькасці адронаў (каля 200) робіць вельмі важнай праблему іх класіфікацыі, якая праводзіцца на аснове мадэлі кваркаў. Пры сутыкненнях адронаў і анігіляцыі электрона і пазітрона з ператварэннем у адроны ўзнікаюць т.зв. адронныя струмені, якія сведчаць пра паходжанне ад кваркаў. На Беларусі даследаванні ўласцівасцяў адронаў вядуцца ў Ін-це фізікі АН (з 1950-х г.), БДУ і Гомельскім ун-це. Гл. таксама Узаемадзеянні элементарных часціц, Ядзерныя сілы.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 1, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДРЭНАКАРТЫКАТРО́ПНЫ ГАРМО́Н, картыкатрапін (АКТГ),

гармон пярэдняй долі гіпофіза, які стымулюе функцыю кары наднырачнікаў (выпрацоўку картызону). Поліпептыд складаецца з 39 рэшткаў амінакіслот. Выдзяленне АКТГ рэгулюецца гармонам гіпаталамуса кортыкаліберынам. На яго сакрэцыю ўплываюць антыдыурэтычны гармон, катэхаламіны, вазаактыўны інтэрстынальны пептыд, картызол, ангіятэнзін. Пры дзеянні АКТГ на кару наднырачнікаў стымулюецца яе рост, паскараецца сінтэз бялку і РНК, павялічваецца сінтэз і сакрэцыя стэроідаў наднырачнікаў, што паскарае пераўтварэнне халестэролу ў прэгненалон. АКТГ у вял. колькасці можа выклікаць актывацыю ліпазы і ўзмацненне ліполізу, стымуляваць сакрэцыю інсуліну падстраўнікавай залозай. Прэпараты АКТГ атрымліваюць з гіпофіза свіней, авечак; выкарыстоўваюць як лек сродкі пры захворванні сістэмы крыві, рэўматоідным артрыце, падагры, розных алергічных хваробах і інш.

т. 1, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗІЯ́ЦКАЯ САРАНЧА́ (Locusta migratoria migratoria),

падвід насякомых атр. прамакрылых. Пашырана ў Паўд. Еўропе, Азіі і Паўн. Афрыцы.

Даўж. цела дарослых насякомых 3,5—6 см. Шэра-жаўтавата-зялёныя або зялёныя, надкрыллі ў бурых плямах. У залежнасці ад колькасці і канцэнтрацыі асобін утвараюцца стадная і адзіночная фазы. Лічынкі адзіночнай фазы зялёныя, жоўтыя, чорныя, стаднай — аранжавыя з чорнымі плямамі. Асобіны стаднай фазы ўтвараюць кулігі (шчыльная вял. колькасць лічынак) і чароды (вял. колькасць дарослых). Робіць пералёты на сотні кіламетраў. Вельмі шкодзіць с.-г. і дзікарослым раслінам. Кожны экз. за сваё жыццё з’ядае 300 г расліннай масы.

Азіяцкая саранча. 1 — дарослая; 2 — адзіночная форма лічынкі; 3 — стадыя фаза лічынкі.

т. 1, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ЗНЕС-ПЛАН,

дакумент з абгрунтаваннем запланаванай камерцыйнай дзейнасці фірмы на пэўны перыяд. Распрацоўваецца супрацоўнікамі фірмы з дапамогай кансультантаў і, як правіла, з удзелам яе кіраўніка для абгрунтавання заявак на атрыманне крэдыту ў камерцыйных банках, распрацоўкі праектаў стварэння прыватных фірмаў, складання праспектаў эмісіі каштоўных папер (акцый і аблігацый), прыватных прадпрыемстваў і тых, якія прыватызуюцца. Мэта бізнес-плана: вывучэнне рынку збыту запланаванай прадукцыі (паслуг) з улікам іх колькасці і якасці, аналіз выдаткаў вытв-сці і ступень прыбытковасці запланаванага камерцыйнага мерапрыемства, аналіз магчымага развіцця падзей у запланаванай справе, у т. л. цяжкасцяў і шляхоў іх пераадолення, вылучэнне прыярытэтных паказчыкаў, па якіх можна ацаніць пачатак задуманага мерапрыемства.

А.​М.​Дземічаў.

т. 3, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНІ́ЧНА ДАПУШЧА́ЛЬНАЯ РЭКРЭАЦЫ́ЙНАЯ НАГРУ́ЗКА,

разліковая колькасць наведвальнікаў для пэўнай рэкрэацыйнай тэр., пры якой захоўваецца магчымасць рацыянальна арганізаваць масавы адпачынак без прычынення шкоды ахове прыроды. Ад прысутнасці на рэкрэацыйных тэр. вял. колькасці адпачываючых у прыродных комплексах узнікаюць змены, што выклікаюць з’явы дыгрэсіі рэкрэацыйнай. Рэкрэацыйныя нагрузкі да пэўнай мяжы маюць зваротны характар і кампенсуюцца здольнасцю біягеацэнозаў да самаўзнаўлення; пры высокіх нагрузках біягеацэнозы трацяць устойлівасць і змены могуць станавіцца неабарачальнымі. Разліковая велічыня нагрузкі для Беларусі з уласцівымі для яе травяністымі біягеацэнозамі — да 300 чал/га. Дапушчальныя рэкрэацыйныя нагрузкі вызначаны для ўсіх зон адпачынку рэсп. значэння, напр., для Мінскага мора 130 тыс. чалавек (пл. 165 км²).

т. 5, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРО́ЎКІН (Міхаіл Лаўрэнцьевіч) (1825—20.2.1896),

бел. вучоны-архівіст, археограф. У 1839—47 вучыўся ў Полацкай духоўнай семінарыі. У 1847—53 выкладаў у духоўным вучылішчы ў Віцебску, працаваў у Полацкай духоўнай кансісторыі, віцебскіх губ. праўленні, губ. стат. к-це. З 1888 архіварыус Віцебскага цэнтральнага архіва старажытных актаў. Адзін са складальнікаў і рэдактараў (в. 17—26) «Гісторыка-юрыдычных матэрыялаў». У каментарыях да дакументаў падкрэсліваў ролю правасл. царквы ў гісторыі Беларусі 16—17 ст. Публікацыю інвентароў суправаджаў уласнымі падлікамі агульнага даходу маёнткаў, колькасці сялян, велічыні іх надзелаў і павіннасцей і інш. Аўтар вершаў і баек (друк. ў газ. «Витебские губернские ведомости»).

А.​К.​Галубовіч, А.​М.​Падліпскі.

т. 4, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЗАВЫ АНА́ЛІЗ,

сукупнасць метадаў для якаснага выяўлення і колькаснага вызначэння кампанентаў газавых сумесей. Уключае храматаграфію, спектральны аналіз, мас-спектраметрыю, электрахім. метады і інш. Праводзяць з дапамогай спец. прылад — газааналізатараў.

Заснаваны на вымярэнні фіз. параметраў асяроддзя (электра- і цеплаправоднасць, аптычная шчыльнасць, каэф. рассеяння і інш.). Пры выбіральным газавым аналізе вымяраюць фіз. параметры, што залежаць ад канцэнтрацыі кампанента, які вызначаюць, пры невыбіральным — ад адноснай колькасці ўсіх кампанентаў (напр., шчыльнасць, цеплаправоднасць). Выбіральнасць метадаў дасягаецца папярэдняй апрацоўкай сумесі газаў (напр., фракцыяніраванне, канцэнтраванне, канверсія) пераважна з дапамогай мембранных матэрыялаў і тэхналогій. Выкарыстоўваюць для даследавання прыродных і прамысл. газаў, паветра; у хім., нафтаперапрацоўчай, газавай прам-сці.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

т. 4, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАМЯ́НКІ (Comephorus),

адзіны род рыб сям. галамянкавых атр. скарпенападобных. 2 віды: галамянка вялікая (Comephorus baicalensis) і галамянка малая (Comephorus dybowski) — эндэмікі воз. Байкал. Пелагічныя рыбы, жыццё праводзяць у тоўшчы вады на глыб. 100 м і болей.

Даўж. верацёнападобнага, паўпразрыстага цела 13—23 см, маса 15—64 г. Самкі буйнейшыя за самцоў. Цела голае, бледна-ружовага колеру з перламутравым адлівам. Грудныя плаўнікі доўгія, брушныя адсутнічаюць. Кормяцца пелагічнымі ракападобнымі, радзей сваімі маляўкамі. Жывародныя, характэрна малая колькасць самцоў (у галамянкі вялікай — 3% ад агульнай колькасці рыб, у галамянкі малой — 12—20%). У целе галамянкі вялікай да 33% тлушчу, які выкарыстоўваецца ў медыцыне. Здабываюцца дзеля тлушчу. Асноўны корм байкальскага цюленя.

т. 4, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВАРО́ВЫЯ ЛЮ́ДЗІ,

1) у Стараж. Русі пры дварах баяр, вял. і ўдзельных князёў ваен. слугі і выканаўчая адміністрацыя (цівуны, ключнікі, дзесяцкія, акольнічыя і інш.).

2) У Расіі з канца 17 ст. да 1861 катэгорыя прыгоннага насельніцтва без зямлі, становішча якога было блізкім да рабства. Жылі ў панскіх дварах, займаліся абслугоўваннем іх сем’яў, выкарыстоўваліся на с.-г. работах, вотчынных прадпрыемствах. Шырока практыкаваліся гандаль Д.л., абмен, дарэнні, заклад. У 1857 Д.л. ў Расіі складалі 6,8% ад колькасці прыгонных, у Беларусі — 3,4%. У час падрыхтоўкі адмены прыгоннага права колькасць Д.л. у Беларусі пабольшала за кошт пераводу цяглых сялян у дваровыя. Паводле рэформы 1861 Д.л. атрымалі асабістую свабоду без зямельнага надзелу.

т. 6, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)