ДЭНАНСА́ЦЫЯ (ад франц. dénoncer абвяшчаць, касаваць),
адмова аднаго з бакоў міжнароднага дагавора ад яго выканання. Звычайна права Д., яе формы і тэрміны прадугледжваюцца ў самім дагаворы. Д. шматбаковых дагавораў мае сілу толькі для той дзяржавы, якая яго дэнансавала; паміж яго інш. ўдзельнікамі дагавор працягвае дзейнічаць. Д. міжнар. дагавораў Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца Палатай прадстаўнікоў Нац. сходу Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСТРАЭНТЭРЫ́Т (ад гастра... + энтэрыт),
вострае або хранічнае захворванне страўнікава-кішачнага тракту жывёл і чалавека, пры якім запаленчы працэс ахоплівае страўнік і тонкі кішэчнік. Прычыны ўзнікнення, прыкметы і лячэнне гастраэнтэрыту ў асноўным тыя, што пры гастрыце і энтэрыце. Звычайна гастраэнтэрыту спадарожнічае запаленне тоўстага кішэчніка, пасля ўзнікае гастраэнтэракаліт. Лячэнне залежыць ад лакалізацыі запаленчага працэсу (на страўніку ці тонкім кішэчніку).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОМ-КРЭ́ПАСЦЬ,
тып жылога дома. Кампазіцыя Д.-к. складалася пад уплывам архітэктуры замкаў. На Беларусі вядомы з 17 ст.Звычайна кампактная пабудова з 4 абарончымі вежамі па вуглах (гл.Гайцюнішскі дом-крэпасць). У 18—19 ст. пад уплывам архітэктуры Д.-к. будавалі сядзібныя дамы з алькежамі, якія нагадвалі абарончыя вежы (Гродна, Іўе, Копысь, Поразава).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРА́ГЛАЙН (англ. dragline),
аднакаўшовы экскаватар з гнуткай канатнай сувяззю стралы і каўша. Абсталёўваецца звычайна шагаючым ходам. Даўж. стралы да 100 м, ёмістасць каўша да 80 м³. Выкарыстоўваецца для здабычы карысных выкапняў адкрытым спосабам (у кар’ерах), у гідратэхн. і меліярац. буд-ве. Д. наз. таксама яго рабочае абсталяванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЗО́Р,
у сухапутных войсках орган разведкі або паходнай аховы, які высылаецца ад падраздзяленняў і часцей з мэтай здабыць звесткі аб праціўніку, мясцовасці, радыяцыйным і хім. стане, не дапусціць раптоўнага нападу на ахоўваемыя войскі. Склад Д. залежыць ад пастаўленых перад ім задач і умоў мясцовасці. Можа быць пешы або механізаваны, звычайна не больш за ўзвод, забяспечаны неабходнай зброяй і тэхнікай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАМАРФО́З (ад гіпа... + марф... + ...оз),
1) спрашчэнне арганізацыі (страта спецыялізацыі) арганізмаў у працэсе эвалюцыі. Звычайна абумоўлівае захаванне тых адносін арганізма з асяроддзем, якія характэрны для лічынкі ці маладой асобіны (напр., неатэнія хвастатых амфібій).
2) Рэдукцыя органа або яго часткі ў працэсе эвалюцыі, што прыводзіць да прагрэсіўных змен арганізма (напр., страта продкам сучаснага каня 2-га і 4-га пальцаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЫ́БАВЫЯ ГО́РЫ, скідавыя горы,
падняцці зямной кары, абмежаваныя тэктанічнымі разломамі. Узнікаюць звычайна ў складкавых зонах, якія мелі раней горны рэльеф, але з цягам часу страцілі пластычнасць і былі выраўнаваны дэнудацыяй. Пры наступных узыходных рухах падымаюцца ў выглядзе горстаў, разбітых скідамі на асобныя глыбы (адроджаныя горы). Для глыбавых гор характэрны масіўныя абрысы, стромкія схілы і параўнальна слабая расчлянёнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОМАГЕНА́Т,
аднародная суспензія здробненай да субклетачных элементаў біял. тканкі. Атрымліваюць шляхам неабарачальнай дэзінтэграцыі яе структуры звычайна з дапамогай спец. прыстасавання — гомагенізатара. Шляхам дыферэнцыяльнага цэнтрыфугавання і інш. метадаў з гомагенату выдзяляюць субклетачныя мікраскапічныя структуры (арганелы) і некат. макрамалекулы (бялкі, нуклеінавыя к-ты, ліпіды і інш.). Гомагенат выкарыстоўваюць таксама для вывучэння біяхім. рэакцый па-за арганізмам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОМАГЕНІ́ЗАЦЫЯ (ад грэч. homogenēs аднародны),
у металургіі стварэнне ў сплавах аднароднай (гамагеннай) структуры або аднароднага хім. саставу. Робіцца гомагенізавальным (дыфузійным) адпаламзвычайна пры т-ры 1000—1200 °C і працяглай вытрымцы, калі знікаюць канцэнтрацыйныя мікранеаднароднасці ў сплавах (утвараюцца пры нераўнаважнай крышталізацыі, дыфузійнай металізацыі і інш.). Гомагенізацыя паляпшае тэхнал. пластычнасць сплаваў, павышае стабільнасць і памяншае анізатрапію мех. уласцівасцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВАНЫ́,
ударны муз. інструмент класа ідыяфонаў. Складаецца з 12—18 метал. труб-цыліндраў (звычайна латунных) храматычнага строю дыяметрам 25—38 мм, свабодна падвешаных у метал. або драўлянай раме выш. каля 2 м. Сучасныя З. маюць педальна-дэмпфернае прыстасаванне. Гук здабываецца ўдарам калатушкі з бочачкападобнай галоўкай, абцягнутай скурай. Выкарыстоўваюцца ў сімф. аркестры для імітацыі царк. звону.