метад лячэння захворванняў бялковымі рэчывамі, якія ўводзяць у арганізм чалавека або жывёлы, мінаючы страўнікава-кішачны тракт. Для П. звычайна выкарыстоўваюць уласную кроў хворага (аўтагематэрапія), донарскую (ізагематэрапія), сывараткі (сератэрапія) і вакцыны (вакцынатэрапія), малако ў выглядзе 5% раствору казеіну (лактатэрапія). П. стымулюе імунную сістэму, паскарае загойванне язваў і ран, якія доўга рубцуюцца. Ужываецца пры некат. формах хранічных захворванняў суставаў, гідрадэніту і інш. Пры хранічных інфекцыях спалучаюць П. з антыбіётыкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТО́З (ад грэч. ptōsis падзенне), блефараптоз,
апушчэнне верхняга павека ў чалавека. Адрозніваюць П. прыроджаны і набыты; паралітычны, сімпатычны, старэчы. Прыроджаны П. абумоўлены недаразвіццём мышцы, якая паднімае верхняе павека, аплазіяй ядраў вокарухальнага нерва. Бывае адна- і двухбаковы. Вылучаюць таксама поўны і частковы П. (у залежнасці ад закрыцця вочнай шчыліны). Набыты П. узнікае ў выніку траўмы цэнтраў вокарухальнага нерва, пры пухлінах, кровазліццях і інш., пераважна аднабаковы. Лячэнне хірургічнае. На П. хварэюць таксама жывёлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕПРАТЭ́КТАРЫ (ад радые... +лац. protector абаронца),
рэчывы, увядзенне якіх перад апрамяненнем у асяроддзе з біял. аб’ектамі, у арганізм жывёлы, чалавека зніжае шкоднае дзеянне іанізавальнага выпрамянення. Пераважна сінт. паходжання. Прызначаны для індывід. аховы арганізма ад знешняга апрамянення пры аварыях, у ваен. умовах, для аховы нармальных тканак пры прамянёвай тэрапіі злаякасных пухлін. Дзеянне Р. відаспецыфічнае, напр., некат. Р. ахоўваюць мікраарганізмы і клеткі ў культуры і не абараняюць млекакормячых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМЕ́НСКАЯ ПАРО́ДАгусей.
Выведзена на Украіне каля г. Рамны Сумскай вобл. адборам мясц. гусей. Выкарыстоўвалі пры вывядзенні буйных шэрых гусей.
Жывёлы моцнай канстытуцыі, тулава і грудзі шырокія. Галава сярэдніх памераў, шыя кароткая. тоўстая. Ногі кароткія. Апярэнне часцей шэрае, бывае белае, рабое. Дзюба і ногі аранжава-чырвоныя. Маса гусакоў 6—6,5, гусак 4,5—5 кг. Яйцаноскасць 20—30 яец за год, маса яйца да 150 г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫМА́РСТВА,
бел.традыц. рамяство па вырабе раменнай вупражы. Сыравіну для вупражы — сырамяць (сырыца, апрацаваная нядубленая скура буйн. раг. жывёлы) — рыхтавалі самі рымары. Прылады працы для Р.: ціскі (клешчы, столак) для заціску скуры пры шыцці шлей, прэс для ўціскання драўляных частак у скуру пры вырабе падсядзёлкаў, а таксама жал. абцугі, малаток, нож, шыла, іголкі, драўляныя клешчы для хамутоў і інш. Шылі вупраж дратвай ці вузкімі скуранымі паскамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАГЛАБІЁНТЫ (ад грэч. trōglē пячора, нара + біёнт),
жывёлы, што пастаянна жывуць у пячорах, пячорных вадаёмах і падземных водах; прадстаўнікі спелеафауны. Характарызуюцца запаволеным абменам рэчываў, расцягнутым жыццёвым цыклам, дэпігментацыяй, адсутнасцю зроку, лепш развітымі органамі дотыку, нюху, бакавой лініі; для жывёл, якія жывуць у буйных падземных поласцях, уласціва павелічэнне памераў прыдаткаў і цела. Сярод Т. найб. звычайныя ракападобныя, малюскі, п’яўкі, калаўроткі, паліхеты, рыбы, амфібіі. Большасць Т. — эндэмікі і рэлікты стараж. фаун.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧО́РНА-БУ́РЫ ТРУС,
парода трусоў мяса-шкуркавага кірунку. Выведзена ў Бірулінскім зверасаўгасе (Татарстан) скрыжаваннем парод венскі блакітны трус, белы волат і фландр. На Беларусі гадуюць аматары.
Жывёлы буйныя, моцнага целаскладу, хуткаспелыя. Даўж. тулава каля 60 см, маса 5 (да 7) кт. Валасяное покрыва густое, цёмна-бурае з цёмнымі бліскучымі канцамі восцевых валасоў, якія ўтвараюць густую чорную «вуаль»; падобнае да футра чорна-бурага ліса. Самка нараджае 7—8 трусянят.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАМАРФО́З (ад грэч. metamorphōsis ператварэнне), метабалія ў жывёл,
глыбокае пераўтварэнне будовы арганізма, у выніку якога лічынка ператвараецца ў дарослую асобіну. Характэрны для большасці груп беспазваночных і некаторых пазваночных — міног, шэрагу рыб (напр., дваякадыхальных), земнаводных. Звычайна М. звязаны з рэзкай пераменай спосабу жыцця жывёлы ў антагенезе (напр., з пераходам ад свабоднаплаваючага да прымацаванага спосабу жыцця, ад воднага да наземнага, ад скрытага ў субстраце да адкрытага паветранага і інш.). У жыццёвым цыкле жывёл, якія развіваюцца з М., бывае адна і больш лічыначныя стадыі. Пры развіцці з М. жывёлы на розных стадыях антагенезу выконваюць розныя функцыі, якія спрыяюць захаванню і працвітанню віду. Часам М. ускладняецца чаргаваннем пакаленняў (фаз развіцця), якія размнажаюцца бясполым або палавым шляхам. Выпадкі М., калі лічыначная стадыя нагадвае велігер марскіх форм і адбываецца ў яйцы, наз.крыптаметабаліяй (напр., у вінаграднага смаўжа). Змены, звязаныя з павелічэннем колькасці сегментаў цела і членікаў вусікаў, наз.анамарфозам (напр., у мнаганожак і бязвусікавых насякомых). Развіццё без істотных змен, характэрнае для большасці прымітыўных насякомых, наз.протаметабалія (эпімарфоз). Развіццё крылаў у насякомых прывяло да змен у антагенезе. Няпоўнае ператварэнне, або геміметабалія, адбываецца, калі лад жыцця ранніх стадый і імага падобныя, а лічынка (німфа) падобная на дарослую асобіну, і змены арганізацыі суправаджаюцца ў асн. паступовым ростам зачаткаў крылаў (характэрна для аўсянікаў, багамолавых, паўцвердакрылых, прамакрылых, раўнакрылых, стракоз, тараканавых, тэрмітаў). Поўнае ператварэнне, або голаметабалія, настае, калі ў антагенезе адбываецца рэзкі падзел асн. функцый (напр., харчаванне ў стадыі лічынкі, а рассяленне і размнажэнне на дарослай стадыі); характэрна для двухкрылых, лускакрылых, перапончатакрылых, цвердакрылых і інш.атр. насякомых. У гэтым выпадку чэрвепадобная лічынка не падобна на дарослае насякомае, і пераход адбываецца на стадыі кукалкі. Сярод пазваночных М. рэзка праяўляецца ў міног, лічынкі якіх (пескарыйкі) жывуць у грунце, а дарослыя — паўпаразіты рыб; у земнаводных з яйца выходзіць лічынка — апалонік, які пазней страчвае лічынкавыя органы (шчэлепы, хвост і інш.) і замест іх з’яўляюцца органы дарослай жывёлы. Рэгуляцыя М. ажыццяўляецца гармонамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ЦЫЯ (ад лац. generatio нараджэнне, размнажэнне), пакаленне ў біялогіі,
1) нараджэнне, узнаўленне; разавае патомства адной групы або папуляцыі асобін. Некаторыя арганізмы даюць мноства (прасцейшыя), некалькі (насякомыя, мышы, трусы), адну (многія капытныя, драпежныя) генерацыі за год або нават адну генерацыю за некалькі гадоў (кіты, сланы).
2) Усё непасрэднае патомства асобін папярэдняга пакалення.
3) Перыяд жыцця чалавека, жывёлы (або расліны) ад пачатку яго развіцця да палаваспелага стану. Напр., у чалавека — бацькі, дзеці і ўнукі — 3 паслядоўныя пакаленні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАПЛА́ЗМЫ (Anaplasma),
род паразітычных мікраарганізмаў сям. анаплазмавых. Блізкія да рыкетсій. Аблігатныя ўнутрыклетачныя паразіты эрытрацытаў крыві жывёл. Выклікаюць анаплазмоз. У эрытрацытах буйн. раг. жывёлы паразітуе A. marginale, A. centrale, у авечак і коз — A. ovis.
Форма цела круглаватая, радзей вуглаватая або выцягнутая, велічыня 0,1—1,25 мкм. Сапраўднага ядра і арганел у анаплазмаў няма. Размнажаюцца простым дзяленнем. У эрытрацытах трапляюцца па 1—2, радзей 3—4 паразіты, зрэдку больш; пашкоджваецца да 50—80% эрытрацытаў.