комплекс збудаванняў у складзе аэрапорта для абслугоўвання пасажыраў і правядзення багажных аперацый. Адрозніваюць аэравакзалы па відах зносін (міжнар. і ўнутр. ліній), а таксама па прапускной здольнасці (ад 50—400 да 2500 пасажыраў за гадзіну). Аэравакзал уключае: прывакзальную плошчу, перон са стаянкамі самалётаў, гасцініцу і інш. У вял. гарадах з мэтай разгрузкі будуюць гарадскія аэравакзалы, якія звязаны з аэрапортам грамадскім або службовым транспартам. На Беларусі аэравакзалы ёсць ва ўсіх абл. цэнтрах. Самы вялікі — у міжнар. аэрапорце «Мінск-2».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНСА́МБЛЬ ТА́НЦА,
вялікі выканальніцкі калектыў, які складаецца з харэагр. і аркестравай груп і мае на мэце прапаганду харэагр. фальклору, развіццё нар.-сцэнічнага танца. У рэпертуары танцы, тэматычныя харэагр. кампазіцыі, сюжэтныя пастаноўкі з элементамі тэатралізацыі. Першы прафес. ансамбль танца — Ансамбль народнага танца Расіі (1937). На Беларусі найб. вядомыя калектывы падобнага тыпу: Ансамбль танца Мінскага клуба КІМ пад кіраўніцтвам К.Алексютовіча (1926—30), танц. калектыў пад кіраўніцтвам А.Рыбальчанкі (з 1936), Дзяржаўны ансамбль танца Рэспублікі Беларусь (з 1959), харэагр. ансамблі «Харошкі», «Чараўніцы» і інш., шматлікія самадз. калектывы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАЎСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў сярэдзіне 19 ст. ў г. Быхаў (Магілёўская вобл.). Будынак цэнтрычны, крыжападобны ў плане, на цагляным атынкаваным фундаменце. З трох бакоў зроблены ўваходы ў выглядзе шырокіх мураваных ганкаў з казыркамі на драўляных калонах. Над гал. уваходам — высокая васьмігранная ў плане 3-ярусная званіца, над сяродкрыжжам — вялікі светлавы барабан (дыяметр 8 м, вышыня 12,5 м) з купалам. Фасады вертыкальна ашаляваны. Вокны паўцыркульныя. У інтэр’еры цэнтральная 2-светлавая частка перакрыта самкнёным скляпеннем на ветразях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЖЭ́НКА (Уладзімір Аляксандравіч) (н. 23.1.1931, г. Дарагабуж, Расія),
бел. перакладчык. Скончыў БДУ (1953). Настаўнічаў. З 1953 у Дзярж. выд-ве БССР, з 1964 на Бел. радыё, у 1969—94 у час. «Нёман». Друкуецца з 1953. Пераклаў на рус. мову раманы М.Лобана «Гарадок Устронь» (1972), Л.Арабей «Іскры ў папялішчы» (1973), А.Васілевіч «Пачакай, затрымайся...» (1975), Б.Сачанкі «Вялікі Лес» (1986), В.Адамчыка «Голас крыві брата твайго» (1990), І.Чыгрынава «Вяртанне да віны» (1993), аповесць М.Гарэцкага «Дзве душы» (1991) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБРЭ́ЗСКІ ВАЛУ́Н,
геалагічны помнік прыроды ў Беларусі, каля аўтадарогі Мінск—Ашмяны. За 2 км на Пд ад в. Забрэззе Валожынскага р-на Мінскай вобл.Вялікі ледавіковы валун ружавата-шэрага сярэднезярністага мігматыту. Даўж. 4,6 м, шыр. 3,6 м, выш. 1,7 м, у абводзе 12,8 м, аб’ём 15 м³, маса каля 40 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс.г. назад з паўд. Карэліі. На паверхні З.в. захавалася вял. паглыбленне (50—70 см у папярочніку, да 10 см глыбіні).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМАПАЛІ́ТЫў біялогіі,
віды (або інш. таксоны) раслін і жывёл, якія трапляюцца амаль па ўсёй Зямлі. К. — арганізмы з вял. адаптыўнымі здольнасцямі, шырокай экалагічнай пластычнасцю. На ўзроўні віду К. нямнога. З раслін — водныя і балотныя, напр., рагоз, раска, урэчнік, або пустазелле — драсён птушыны, мятліца аднагадовая, стрэлкі, трыпутнік вялікі і інш.; з жывёл — гар. верабей, шэры пацук, пакаёвая муха і інш. Часцей К. — таксоны больш высокага рангу. З раслін — злакі і складанакветныя, з жывёл — калаўроткі, прэснаводныя ракападобныя, ціхаходкі і інш.Гл. таксама Эндэмікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАПІНЕ́Ц (Polygala),
род кветкавых раслін сям. крапінцовых. Каля 500 відаў. Пашыраны ва ўмераным, субтрапічным і трапічным паясах. На Беларусі 4 віды, найчасцей трапляюцца К. звычайны (P. vulgaris, нар. назвы зязюльчыны ручнікі, надсаднік), гаркаваты (P. amarella), чубаты (P. comosa, нар. назвы вераднік, малыя козлікі, шчэпа) на лугах, сярод хмызнякоў, уздоўж дарог.
Шматгадовыя травяністыя расліны, кусты 1 паўкусты выш 5—30 см. Сцёблы голыя, слаба галінастыя. Лісце дробнае, чаргаванае. Кветкі ў разнастайных суквеццях (гронка, колас, мяцёлка). Плод — каробачка. Лек. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МНАГАПЁРАПАДО́БНЫЯ (Polypteriformes),
атрад ганоідных рыб. Вядомы з эацэну (каля 40 млн.г. назад). 1 сям. (мнагапёравыя—Polypteridae), 2 роды (мнагапёры—Polypterus і каламаіхты—Calamoichthis), 11 відаў. Пашыраны ў прэсных стаячых вадаёмах трапічнай Афрыкі. Актыўныя ўначы.
Даўж. да 1,2 м. Цела падоўжанае, цыліндрападобнае. Луска ганоідная. Спінны плаўнік складаецца з асобных плаўнічкоў (да 18). Грудныя плаўнікі з мясістай лопасцю ў аснове. Плавальны пузыр вялікі, двухкамерны, часткова выконвае дыхальную функцыю. Кормяцца беспазваночнымі і рыбай. Лічынкі з вонкавымі шчэлепамі. Аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫСТЫ́Д (Aristeidĕs; каля 540 — каля 467 да нашай эры),
палітычны і ваенны дзеяч Афінаў перыяду грэка-персідскіх войнаў 500—449 да нашай эры. Удзельнік Марафонскай бітвы. У 489 выбраны архонтам-эпанімам. Прыхільнік умацавання сухапутных ваенных сіл, праціўнік Фемістокла, ініцыятара стварэння марскога флоту. У 483—482 да нашай эры пасля перамогі Фемістокла Арыстыд выгнаны з Афінаў. Пасля амністыі (480 да нашай эры) удзельнічаў у Саламінскім баі, у 479 да нашай эры камандаваў афінянамі ў бітве пры Платэях. Як кіраўнік алігархічнай групоўкі меў вялікі палітычны ўплыў. Адзін з арганізатараў Дэлоскага саюза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Мёрскім раёне Віцебскай вобл., у бас.р. Волта (выцякае з Возера), за 14 км на ПдУ ад г. Мёры, у межах гідралагічнага заказніка Ельня. Пл. 0,54 км², даўж. 1,5 км, найб.шыр. 750 м, найб.глыб. 2 м. Пл. вадазбору 11 км². Ахоўны рэжым возера прадугледжвае зберажэнне ў натуральным стане балотнага масіву Ельня і яго характэрнай флоры і фауны (чубатка пустая, бяроза карлікавая, марошка, гладыш шыракалісты, мядзведжая цыбуля, шпажнік чарапіцавы; журавель шэры, кулоны вялікі і сярэдні, сявец залацісты, гагара чорнаваллёвая, курапатка белая, дзербнік і інш.).