САВЕ́ЦКА-ЯПО́НСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІКанвенцыя 1925 аб асноўных прынцыпах узаемаадносін,
падпісана ў Пекіне 20 студз. Паводле яе паміж СССР і Японіяй устанаўліваліся дыпламат. адносіны; Японія абавязалася да 15.5.1925 вывесці свае войскі з Паўн. Сахаліна; бакі дэкларавалі імкненне жыць у міры і дружбе і абавязаліся ў сваіх адносінах зыходзіць з прынцыпу ўзаемнага неўмяшання ва ўнутр. справы адзін аднаго. СССР пагадзіўся, што Портсмуцкі мірны дагавор 1905 застаецца ў сіле. Бакі дамовіліся аб пераглядзе рас.-яп. пагадненняў, якія закраналі пытанні гандлю, эканомікі і рыбалоўства (гл.Руска-японскія дагаворы і пагадненні). Пагадненне 1939 аб спыненні ваенных дзеянняў у раёне Халхін-Гола, падпісана 15 ліст. ў Маскве. Паклала канец Халхін-Гольскаму канфлікту 1939, зафіксаваўшы аднаўленне граніцы Манг.Нар. Рэспублікі, як да пач. канфлікту. Пакт 1941 аб нейтралітэце, падпісаны 13 крас. ў Маскве. Паводле яго бакі абавязаліся падтрымліваць мірныя і дружалюбныя адносіны адзін да аднаго; узаемна паважаць цэласнасць тэрыторыі адзін аднаго; у выпадку ўцягвання аднаго з бакоў у вайну з адной або некалькімі трэцімі дзяржавамі інш.бок абавязаўся захоўваць нейтралітэт на працягу ўсяго канфлікту. Скасаваны з уступленнем 9.8.1945 СССР у вайну з Японіяй. Савецка-японская сумесная дэкларацыя 1956, падпісана 19 кастр. ў Маскве. Спыняла стан вайны, які існаваў паміж СССР і Японіяй з 9.8.1945; паміж дзвюма дзяржавамі аднаўляліся дыпламат. адносіны; прадугледжвалася, што ў магчыма кароткі тэрмін паміж СССР і Японіяй пачнуцца перагаворы аб усёабдымным мірным урэгуляванні; пасля такога ўрэгулявання СССР абавязаўся перадаць Японіі а-вы Шыкатан і Хабамаі з Курыльскіх астравоў (пазней СССР адмовіўся ад гэтага абавязку ў аднабаковым парадку); СССР пагадзіўся на рэпатрыяцыю ўсіх яп. грамадзян, якія былі асуджаны на сав. тэрыторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВА́ЦКАЕ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1944, Славацкае паўстанне 1944, узброенае антыфашысцкае паўстанне ў жн.—кастр. 1944. План выступлення распрацаваў Славацкі нац. савет (СНС), які аб’ядноўваў усе партыі і арг-цыі, што ўдзельнічалі ў руху Супраціўлення. Узбр. сілы СНС складалі партыз. брыгады (каля 15 тыс.чал.) і часці славацкай арміі, што перайшлі на бок паўстанцаў (у ходзе паўстання армія вырасла да 60 тыс.чал.). Сігналам да паўстання стала акупацыя Славакіі ням.-фаш. войскамі, якая пачалася 29.8.1944 са згоды славацкага марыянетачнага ўрада. У той жа дзень пачаліся баявыя дзеянні паўстанцаў і ўжо да 31 жн. яны кантралявалі 2/3тэр. краіны. 1.9.1944 у г. Банска-Бістрыца СНС прыняў дэкларацыю, у якой абвясціў пра шырокія дэмакр. пераўтварэнні. Створаны К-т абароны Славакіі і Гал. штаб партыз. руху. З мэтай дапамогі паўстанцам сав.ваен. камандаванне наладзіла дастаўку ім зброі, боепрыпасаў, прадуктаў, амуніцыі і інш. 8.9.1944 38-я армія 1-га Укр. фронту пачала Карпата-Дукельскую аперацыю. Наступленне разгарнулася ад г. Кросна (Польшча) на поўдзень, каб прабіцца цераз Дукельскі перавал у Славакію. Разам з сав. войскамі змагаўся сфарміраваны ў СССР 1-ы Чэхаславацкі армейскі корпус на чале з ген. Л.Свобадам. У паўстанні ўдзельнічалі сав. партызаны, у т. л. з Беларусі. Аднак у 2-й пал.кастр. вораг перайшоў у контрнаступленне і авалодаў асн. апорнымі пунктамі паўстанцаў, у т. л. і цэнтрам СНС г. Банска-Бістрыца. Частка паўстанцаў адышла ў горы, іх брыгады вялі баі да злучэння ў студз. 1945 з Чырв. Арміяй. С.н.п. стала пачаткам нац.-дэмакр. рэвалюцыі ў Чэхаславакіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАНАЛО́ГІЯ (ад фана... + ...логія),
раздзел мовазнаўства, які вывучае функцыянальны бок гукавога ладу мовы — адрозненне значымых адзінак (марфем, слоў, сказаў) і адрознівальныя сродкі. Вылучылася з фанетыкі, часта разглядаецца як яе раздзел. Зарадзілася ў рас. мовазнаўстве (І.А.Бадуэн дэ Куртэнэ, М.С.Трубяцкой, Л.У.Шчэрба і інш.).
У Ф. вызначаюць 3 функцыі гукаў: кульмінатыўную (вяршынеўтваральную), дэлімітатыўную (размежавальную) і дыстынктыўную (сэнсаадрознівальную). На аснове апошняй вылучаюць фанемы. Ф. падзяляецца на фанематыку (сегментную Ф.), прасодыку (суперсегментную Ф.); апісальную і тэарэтычную Ф. Фанематыка вывучае функцыянаванне сегментных элементаў (фанем), прасодыка — суперсегментных элементаў, якія пашыраюцца больш як на адзін сегмент (націск, інтанацыя). Фанематыка выяўляе таксама сістэмныя адносіны паміж фанемамі, якія ў бел. мове грунтуюцца на проціпастаўленні цвёрдых і мяккіх, звонкіх і глухіх, шыпячых і свісцячых, выбухных і афрыкатыўных зычных, галосных верхняга і няверхняга пад’ёму, агубленых і неагубленых. Тэарэт. Ф. даследуе прыроду фаналагічнай рэальнасці і распрацоўвае апарат яе паняццяў, апісальная Ф. вывучае фаналагічную сістэму моў, адкрывае універсальныя фаналагічныя заканамернасці (сінхранічная Ф.), аналізуе развіццё фаналагічных сістэм канкрэтных моў (дыяхранічная Ф.). У сучаснай Ф. некалькі кірункаў, якія адрозніваюцца разуменнем прыроды фаналагічнай рэальнасці і азначэннем яе асн. адзінак. Гал. з іх склаліся ў межах Пражскай лінгвістычнай школы, гласематыкі, дэскрыптыўнай лінгвістыкі, параджальнай граматыкі. У рас. навуцы найб. пашыраны канцэпцыі Маскоўскай і Пецярбургскай фаналагічных школ. Фаналагічныя даследаванні на Беларусі вядуцца ў Ін-це мовазнаўства Нац.АН Беларусі (М.В.Бірыла, А.А.Крывіцкі, А.І.Падлужны) і Мінскім лінгвістычным ун-це.
Літ.:
Крывіцкі А.А., Падлужны А.І. Фанетыка беларускай мовы. Мн., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ТАЎСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1917,
буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя ў Расіі, у выніку якой скінута царскае самадзяржаўе. Выклікана рэзкім абвастрэннем сац.-эканам. і паліт. крызісу, няздольнасцю царскага ўрада пераадолець выкліканую вайной гасп. разруху. Яе асн. рухаючая сіла — буржуазія, рабочыя буйных гарадоў, асабліва Петраграда і Масквы, да якіх далучыліся дробныя ўласнікі, служачыя і інтэлігенцыя. Вырашальную ролю ў перамозе рэвалюцыі адыграў пераход на яе бок арміі і флоту.
У канцы 1916 — пач. 1917 пачалі набываць усерас. характар паліт. стачкі і дэманстрацыі рабочых. 23.2(8.3).1917 з нагоды Міжнар. свята жанчын-працаўніц (8 сак. па н.ст.) на прадпрыемствах Петраграда адбыліся мітынгі і забастоўкі (128 тыс. удзельнікаў). 24 лют. (9 сак.) у стачках удзельнічалі 214 тыс.чал. з 224 прадпрыемстваў Петраграда. 25 лют. (10 сак.) пачалася ўсеагульная паліт. стачка, якая паралізавала эканам. жыццё горада. 26 лют. (11 сак.) камандуючы Петраградскай ваен. акругай ген. С.С.Хабалаў паспрабаваў задушыць рэв. выступленні ў сталіцы. Адбыліся сутыкненні дэманстрантаў з войскамі і паліцыяй. 27 лют. (12 сак.) паліт. стачка перарасла ва ўзбр. паўстанне, адбыўся пераход войск на бок рэвалюцыі. Былі захоплены масты, вакзалы, тэлеграф, гал. паштамт, найважнейшыя ўрадавыя ўстановы, разгромлены паліцэйскія ўчасткі, з турмаў вызвалены паліт. зняволеныя, пачаліся арышты царскіх міністраў. Увечары 27 лют. (12 сак.) у Таўрычаскім палацы адбылося першае пасяджэнне Петраградскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, які выдаў «Загад № 1» аб увядзенні ў арміі дэмакр. прынцыпаў. У ноч на 28 лют. (13 сак.) афіцыйна абвешчана аб стварэнні Часовага камітэта Дзяржаўнай думы 1917. 2(15) сак.К-т накіраваў да цара ў Стаўку Вярх. галоўнакамандавання А.І.Гучкова і В.В.Шульгіна. У выніку перагавораў (адбываліся ў г. Пскоў) цар Мікалай II адрокся 2(15) сак. ад прастола за сябе і за малалетняга сына Аляксея на карысць брата Міхаіла Аляксандравіча; апошні 3(16) сак. таксама адмовіўся ад прастола. 2(15) сак. пленум Петраградскага Савета, у якім пераважалі меншавікі і эсэры, ухваліў прынятае напярэдадні выканкомам Савета рашэнне аб прадастаўленні Часоваму к-ту Дзярж. думы права сфарміраваць урад. У той жа дзень утвораны Часовы ўрад на чале з кн. Г.Я.Львовым пераважна з прадстаўнікоў акцябрыстаў і кадэтаў. Фактычна дзеючым органам улады для ўсёй краіны заставаўся і Петраградскі Савет, бо Часовы ўрад не мог дзейнічаць без яго падтрымкі. Такім чынам утварылася двоеўладдзе. У ноч на 1(14) сак. паўстаў Кранштат. 1(14) сак.ўзбр. паўстанне перамагло ў Маскве, дзе быў утвораны Маскоўскі Савет рабочых дэпутатаў. На працягу сакавіка рэвалюцыя перамагла па ўсёй Расіі. Да 10(23) сак. ў краіне створана 130 Саветаў. Паралельна ствараліся мясц. органы Часовага ўрада — часовыя к-ты грамадскага парадку, установы губ. і пав. камісараў.
Першыя паведамленні аб рэв. падзеях у Петраградзе паступілі ў Беларусь 28.2(13.3).1917. У Мінску, Магілёве, Гомелі прайшлі дэманстрацыі і мітынгі ў падтрымку рэвалюцыі. У ноч на 4(17) сак. ў Мінску з рабочых і салдат была ўтворана міліцыя (узначальваў М.В.Фрунзе), якая абяззброіла паліцэйскіх і жандараў. 4(17) сак. створаны першыя ў Беларусі Саветы рабочых дэпутатаў у Мінску і Гомелі. За 2 месяцы ў Беларусі створаны 37 Саветаў, з іх 28 у сакавіку: 10 Саветаў рабочых дэпутатаў, 10 Саветаў салдацкіх дэпутатаў і 8 аб’яднаных Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У межах губерняў ствараліся асобныя Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў і Саветы сял. дэпутатаў (Мінская і Магілёўская губ.), у Віцебскай губ. — Савет рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў. У Заходняй вобласці (утворана ў чэрв. 1917) створаны абл. Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў.
Адначасова ў бел. губернях ствараліся мясц. органы Часовага ўрада. У Мінску ноччу 4(17) сак. на нарадзе гласных гар. думы, прадстаўнікоў земскага і гар. саюзаў, губ. і пав. земстваў, правасл., каталіцкага і іудзейскага духавенства абраны грамадзянскі камендант горада і сфарміраваны часовы грамадскі к-т парадку. 6(19) сак. Часовы ўрад у Петраградзе зацвердзіў старшыню губ. земскай управы Б.Н.Самойленку мінскім губ. камісарам, гар. галаву Б.С.Хржанстоўскага — мінскім гар. камісарам. У Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай губ. былі зацверджаны губ. камісары, у паветах прызначаны пав. камісары. Большасць Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў прызнала Часовы ўрад і яго мясц. органы.
У Беларусі, як і ўсюды ў б.Рас. імперыі, розныя пласты грамадства, якія ўдзельнічалі ў Л.р., мелі свае, часам супрацьлеглыя, паліт. і эканам. мэты, цэнтры паліт. прыцягнення. Сілы, што выступалі за захаванне буйной прыватнай уласнасці, за працяг удзелу Расіі ў 1-й сусв. вайне да перамогі і наступнае яе развіццё як адзінай непадзельнай дэмакр. дзяржавы з развітой рыначнай эканомікай (буйныя прадпрымальнікі, памешчыкі, частка інтэлігенцыі) гуртаваліся вакол Часовага ўрада. Частка сярэдніх і дробных прадпрымальнікаў, інтэлігенцыі апіралася на нац. партыі і арг-цыі. Рабочыя, салдаты, сяляне былі зацікаўлены ва ўстанаўленні дэмакр. рэспублікі, выхадзе з вайны, перадачы зямлі сялянам, увядзенні 8-гадзіннага рабочага дня, яны арыентаваліся на Саветы рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў і паліт. партыі левага кірунку. Бел.нац. сілы з мэтай згуртавання сваіх радоў правялі з’езды: бел.нац. дзеячаў, салдат, афіцэраў, рабочых ваен. прадпрыемстваў Зах. фронту, сял. дэпутатаў Мінскай, Віленскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў, з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці. Усе з’езды выказалі давер Часоваму ўраду, выбралі выканаўчыя органы для ажыццяўлення прынятых рашэнняў. Асаблівасцю Беларусі было тое, што тут, акрамя Беларускай сацыялістычнай грамады, не існавала інш. агульнабел. партый. Дзейнічалі толькі губ. арг-цыі агульнарас. партый: кадэтаў, эсэраў, меншавікоў, нар. сацыялістаў, анархістаў і інш. Толькі бальшавіцкія арг-цыі стварылі адзіны кіруючы орган — Паўночна-Заходні камітэт РСДРП(б). Канчатковае вырашэнне пытання аб шляхах развіцця краіны ў абставінах рэвалюцыі залежала ад таго, на які бок стане большасць народа.
Перамога Л.р. ператварыла Расію ў самую свабодную краіну з усіх ваюючых дзяржаў і дала нар. масам магчымасць шырока карыстацца паліт. правамі. Аднак да ўлады ў Саветах і ў Часовым урадзе прыйшлі паліт. сілы, якія прадстаўлялі розныя пласты насельніцтва з супрацьлеглымі паліт. і эканам. інтарэсамі. Гэта абумовіла вострую паліт. барацьбу (Красавіцкі крызіс 1917, Чэрвеньскі крызіс 1917, Ліпеньскі крызіс 1917) і прамаруджванне з вырашэннем надзённых задач, што адначасова былі патрабаваннямі асн. масы насельніцтва: спыненне вайны, ліквідацыя памешчыцкага землеўладання і сял. малазямелля, скасаванне нац. прыгнёту, пераадоленне найб. небяспечных праяў ваен. разрухі. Адбываўся паступовы пераход сімпатый найб. арганізаваных і рашуча настроеных удзельнікаў Л.р. (рабочых, салдат, матросаў), асабліва пасля падаўлення Карнілава мяцяжу 1917, на бок леварадыкальных паліт. партый (бальшавікоў і левых эсэраў), якія на хвалі незадаволенасці працоўных палітыкай акцябрыстаў, кадэтаў, меншавікоў і правых эсэраў падрыхтавалі і правялі Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917.
Кр.:
Из истории установления Советской власти в Белоруссии и образования БССР: Док. и материалы по истории Белоруссии. Т. 4. Мн., 1954;
Революционное движение в Белоруссии, июнь 1907 — февраль 1917: Док. и материалы. Мн., 1987.
Літ.:
Бурджалов Э.Н. Вторая русская революция. Москва. Фронт. Периферия. М., 1971;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 2. Мн., 1972;
Деникин А.И. Очерки русской смуты. М., 1991;
Игнатенко И.М. Февральская буржуазно-демократическая революция в Белоруссии. Мн., 1986;
Исторический опыт трех российских революций. [Кн. 2], М., 1986;
Ленін У.І. Тв.Т. 1-45. Мн., 1948—74;
Набоков В. Временное правительство: (Воспоминания). М., 1991;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1—2. Мн., 1994—95;
Пушкарева И.М. Февральская буржуазно-демократическая революция 1917 г. в России. М., 1982;
Саладкоў Т.Е. Бальшавікі Беларусі ў перыяд першай сусветнай вайны і другой рускай рэвалюцыі (1914 — сакавік 1917 гг.). Мн., 1957;
Суханов Н.Н. Записки о революции. Т. 1. М., 1991;
Победа Советской власти в Белоруссии. Мн., 1967;
Экономика Белоруссии в эпоху империализма, 1900—1917. Мн., 1963.
І.М.Ігнаценка.
Да арт.Лютаўская рэвалюцыя 1917. Салдаты Заходняга фронту вітаюць звяржэнне царызму. 1917.Да арт.Лютаўская рэвалюцыя 1917. Маніфестацыя рабочых і салдат у г. Маладзечна. Сакавік 1917.Лютаўская рэвалюцыя 1917. Дэлегаты 1-га з’езда дэпутатаў арміі і тылу Заходняга фронту каля будынка Мінскага гарадскога тэатра. Красавік 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВО́ДЗІНЫ ЖЫВЁЛ,
здольнасць жывёл мяняць дзеянні, рэагаваць на ўздзеянне ўнутр. і знешніх фактараў. Разглядаюцца ў розных узаемазвязаных аспектах, найб. важныя — эвалюц., экалагічныя, фізіял. і псіхалагічныя.
У аднаклетачных арганізмаў паводзіны складаюцца ў асн. з аўтам. перамяшчэнняў у бок раздражняльніка або ад яго (станоўчы і адмоўны трапізмы і таксісы). У паводзінах прасцейшых выяўлены зачаткі індывід. прыстасавальнасці — прывыканне да стымулу, здольнасць выбару паміж кармавымі і некармавымі аб’ектамі і інш. У мнагаклетачных з ускладненнем іх арганізацыі павялічваецца роля індывід. набытых кампанентаў паводзін, абумоўленых рознымі формамі навучання. Пры гэтым інстынктыўныя паводзіны (генетычна абумоўленыя), спецыфічныя для кожнага віду, утвараюць аснову паводзін асобіны. Набыты індывід. вопыт дае магчымасць экстрапаліраваць яго на новыя сітуацыі. У індывід. П.ж. умоўна вылучаюць паўсядзённыя паводзіны, якія спрыяюць падтрыманню жыццядзейнасці, і сігнальныя паводзіны, што забяспечваюць зносіны паміж асобінамі (гл.Біякамунікацыя). Узаемадзеянне асобін у папуляцыі — сацыяльныя паводзіны. Існуюць таксама бацькоўскія, палавыя і інш. П.ж. Розныя тыпы П.ж. узаемаабумоўлены і ўзаемазвязаны. Здольнасць асобіны да рэалізацыі розных праграм паводзін падпарадкоўваецца эндагенным рытмам (гл.Біялагічныя рытмы). Выкананне асобінай праграмы паводзін вызначаецца псіхафізіял. механізмамі матывацый, якія маюць складанае нейра-гарманальнае паходжанне. Матывацыя вядзе да развіцця мэтанакіраваных (апетэнтных) паводзін, што выяўляюцца ў актыўным пошуку адпаведнага ёй знешняга стымулу (гнездавы матэрыял, корм, палавы партнёр і інш.). Знойдзены стымул выконвае ролю пускавога механізма (трыгера), які забяспечвае выкананне заключнага акта паводзін (гнёздабудаванне, жыўленне, спароўванне). Многія складаныя ансамблі паводзін разгортваюцца ў часе паводле тыпу ланцуговых рэакцый, і парушэнне (выпадзенне) асобных звёнаў абумоўлівае неадэкватныя паводзіны. П.ж. — прадмет вывучэння біхевіярызму, нейрафізіялогіі, сацыябіялогіі, эталогіі, зоапсіхалогіі, генетыкі паводзін і інш.
Літ.:
Тинберген Н. Поведение животных: Пер. с англ.М., 1969;
Шовен Р. Поведение животных: Пер. с фр.М., 1972;
Меннинг О. Поведение животных: Пер. с англ.М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКА-АМЕРЫКА́НСКІЯ КАНВЕ́НЦЫІ І ДАГАВО́РЫ 1824, 1832, 1854, 1867.
Рэгулявалі пытанні двухбаковых адносін паміж Рас. імперыяй і ЗША: тэр., гандл., навігацыйныя і інш.Канвенцыя 1824 Аб вызначэнні граніцы расійскіх уладанняў у Паўночнай Амерыцы падпісана 17 крас. у Пецярбургу (перагаворы вяліся па ініцыятыве Расійска-амерыканскай кампаніі з 1808). Па 54°40 паўн. ш. была ўстаноўлена граніца, на Пн ад якой амерыканцы, а на Пд — рускія абавязваліся не пасяляцца; рыбная лоўля і плаванне ўздоўж берагоў па Ціхім ак. былі абвешчаны на 10 гадоў адкрытымі для суднаў абедзвюх дзяржаў. Дагавор 1832 Аб гандлі і навігацыі падпісаны 18 снеж. ў Пецярбургу. У яго аснову пакладзены прынцып узаемнага спрыяння ў адносінах свабоднага заходу суднаў ЗША і Расіі ў гавані і парты, мытных збораў, пошлін і фрахтаў; жыхарам абедзвюх дзяржаў дазвалялася гандляваць усюды, дзе дапускаўся іншаземны гандаль. Дагавор прадугледжваў пашырэнне прывілеяў, якія адзін з бакоў даваў якой-н. нацыі ў галіне гандлю і навігацыі, на іншы дагаворны бок. Дзейнічаў да 1911. Канвенцыя 1854 аб марскім нейтралітэце падпісана 22 ліп. ў Вашынгтоне ва ўмовах Крымскай вайны 1853—56, была накіравана гал. чынам супраць варожых дзеянняў брыт. і франц. флоту, якія істотна шкодзілі гандлю Расіі з замежнымі краінамі, у т. л. з ЗША.
Расія і ЗША прызнавалі за суднамі ўсіх нейтральных краін права на перавозку тавараў грамадзян ваюючых краін (у т. л. Расіі), а таксама права грамадзян нейтральных дзяржаў перавозіць свае тавары на суднах ваюючых краін (гэтыя тавары ў выпадку захопу судна непрыяцелем не маглі быць захоплены або канфіскаваны і не лічыліся ваен. кантрабандай).Дагавор 1867 Аб продажы Расіяй сваіх паўночна-амерыканскіх уладанняў ЗША (гл.Вашынгтонскі дагавор 1867).
Літ.:
Дипломатический словарь. 4 изд. М., 1985. Т. 2. С. 479-481.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́З БЕЛАРУ́СКАЙ МО́ЛАДЗІ (СБМ),
маладзёжная арг-цыя на акупіраванай ням.-фаш. захопнікамі тэр. Беларусі і ў Германіі ў Вял.Айч. вайну. Створаны 22.6.1943 па ініцыятыве герм. улад на ўзор саюза гітлераўскай моладзі (Гітлер-югенд) паводле загаду ген. камісара Беларусі В.Кубэ. Дзейнічаў пад кантролем аддзела моладзі Ген. камісарыята Беларусь і спецслужбаў. Вышэйшы орган СБМ — Кіруючы штаб на чале з М.Ганько (мужчыны) і Н.Абрамавай (жанчыны). Штаб знаходзіўся ў Мінску, з ліп. 1944 — у Берліне; падпарадкоўваўся Бел.цэнтр. радзе. Друкаваныя органы: час.«Жыве Беларусь!», газ. «Юнацкі покліч». Гал. мэтай саюза была падрыхтоўка новай генерацыі беларусаў у духу герм. нацыянал-сацыялізму. СБМ павінен быў аб’ядноўваць бел. моладзь ва ўзросце 10—20 гадоў, яго дзейнасць будавалася на жорсткім прынцыпе фюрэрства. За чэрв. 1943 — ліп. 1944 на акупіраванай тэр. Беларусі падрыхтавана каля 1500 функцыянераў малодшага, сярэдняга і вышэйшага звяна СБМ. На 1.7.1944 адзінкі СБМ былі створаны ў 16 акругах і больш як 60 паветах, у іх налічвалася больш за 12,6 тыс.чал., з якіх 3,5 тыс. былі аб’яднаны ў рабочую групу СБМ «Германія» і працавалі на ваен. прадпрыемствах Трэцяга рэйха. Члены саюза прыцягваліся да ваен.-буд. і гасп. работ на акупіраванай тэр. Беларусі. Пад уплывам перамог Чырв. Арміі, прапагандысцкай і арганізац. дзейнасці сав. падполля многія радавыя члены і некат. кіраўнікі СБМ пераходзілі на бок партызан. Частка актыўных членаў (каля 3 тыс.чал.) пакінула Беларусь разам з адступаючай герм. арміяй. Дзейнасць СБМ працягвалася да вясны 1945 на тэр. Германіі. За ўдзел у СБМ пасля вайны судзілі як за здраду Радзіме, садзейнічанне акупантам і інш.
Літ.:
Каваленя А.А. Прагерманскія саюзы моладзі на Беларусі, 1941—1944: Вытокі. Структура. Дзейнасць. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫЛ,
1) тэрыторыя краіны, што ваюе, з яе насельніцтвам і эканам. рэсурсамі, акрамя раёна (зоны) ваен. дзеянняў.
2) Сістэма органаў кіравання, сіл і сродкаў, прызначаных для тылавога і тэхн. забеспячэння войск (Т. узбр. сіл). Як састаўная частка ўзбр. сіл і абарончага патэнцыялу дзяржавы Т. забяспечвае ўтрыманне запасаў матэрыяльных сродкаў і іх падвоз да фронту, падрыхтоўку, эксплуатацыю, тэхн. прыкрыццё і аднаўленне шляхоў зносін (сумесна з інш. органамі і ўстановамі дзяржавы), а таксама аказанне мед. дапамогі, гандлёва-быт., кватэра-эксплуатацыйнае, фінансавае забеспячэнне ваеннаслужачых і інш.).
Паняцце «Т.» узнікла ў старажытнасці разам са стварэннем армій. У наёмных арміях 15—17 ст. функцыі забеспячэння выконвалі гандляры (маркітанты), пазней т.зв. магазіны (склады-магазіны). якія размяшчаліся на верагодных напрамках ваен. дзеянняў. У рэгулярных арміях фарміраваліся падраздзяленні для цэнтралізаванага тылавога забеспячэння войск і флатоў. Са з’яўленнем у шэрагу краін масавых армій паняцце «Т.» станавілася больш разнастайным: ствараліся Т. відаў узбр. сіл, адпаведных родаў войск. Істотныя змены ў разуменне Т. ўнеслі ракетна-ядзерная зброя і інш. сучасная тэхніка.
Т. Узбр. Сіл Беларусі падзяляецца паводле маштабу і характару задач на стратэг., аператыўны і вайсковы; паводле прыналежнасці — Т. цэнтра, відаў узбр. сіл, брыгадны (палкавы) і батальённы (дывізіённы). Арганізацыйна фарміраванні і ўстановы Т. ўваходзяць у склад аператыўных камандаванняў, злучэнняў і часцей узбр. сіл, а таксама знаходзяцца ў непасрэдным падпарадкаванні цэнтр. органаў кіравання. Міністр абароны і ген. штаб ажыццяўляюць кіраўніцтва Т. праз нам. міністра абароны па тыле — начальніка Т. ўзбр. сіл, камандуючых відамі ўзбр. сіл і інш.цэнтр. ўстановы. Падрыхтоўка афіцэрскіх кадраў для Т. ажыццяўляецца ў Ваен. акадэміі Рэспублікі Беларусь, на ваен. кафедрах ВНУ і інш. 3) Тыльны бок строю (або ч. яго), баявога парадку, аператыўнага пастраення войск (сіл), процілеглы пярэдняму (фронту).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ШАРАВА́Я МАЛА́НКА»
(«Kugelblitz»),
кодавая назва карнай аперацыі ням. фашыстаў супраць партызан і мясц. насельніцтва Суражскай партыз. зоны 14.2—19.3.1943 у Вял.Айч. вайну. Праводзілася сіламі 201-й ахоўнай дывізіі, 2-га матарыз. палка 3-й танк. арміі, 3 мясц. паліцэйскіх фарміраванняў, артыл., сапёрных, контрразведвальных падраздзяленняў 825-га «ост-мусульманскага» батальёна (усяго 36 тыс. салдат і афіцэраў) з падтрымкай бронецягніка і 10 бронемашын. Мэта аперацыі — акружыць і знішчыць партызан у трохвугольніку Гарадок—Сураж—Мяжа, захапіць працаздольнае насельніцтва для вывазу ў Германію, забяспечыць бяспеку руху па чыгунцы на ўчастку Віцебск—Гарадок—Невель, перашкодзіць баявому ўзаемадзеянню партызан з часцямі Чырв. Арміі. Да 14 лютага партызаны вялі бой, каб перашкодзіць праціўніку сканцэнтраваць сілы і захапіць плацдарм па берагах рэк вакол партыз. зоны. Гітлераўцы не здолелі ўварвацца ў партыз. зону і з 18 лют. пачалі сістэматычны абстрэл і бамбардзіроўку пярэдняга краю партыз. абароны. 11, 15, 20—24 лют.сав. самалёты ў дапамогу партызанам даставілі ў зону боепрыпасы і зброю, у т. л. 700 кг толу. У ноч на 23 лют. на бок партызан амаль у поўным складзе перайшоў «ост-мусульманскі» батальён. Партызаны пазбягалі зацяжных баёў, прабіваючыся невял. групамі праз шчыльныя ланцугі карнікаў. Да 20 сак. гітлераўцы адышлі ў Віцебск, Гарадок, Сураж. Фашысты «праверылі» 169 вёсак, «прафільтравалі» 3583 чал. і перадалі іх 9-й эйнзацкамандзе СД, 1456 чал. з іх расстралялі, 804 чал. даставілі на зборны лагер для адпраўкі на прымусовыя работы. У палон узята 260 партызан, з якімі па-зверску расправіліся — жанчын і дзяцей знішчалі гранатамі, злоўленых у лесе жыхароў жывымі спальвалі ва ўцалелых пабудовах. У баях гітлераўцы страцілі каля 500 забітымі і параненымі, амаль поўнасцю знішчаны бронедывізіён вермахта. Працягам «Ш.м.» стала карная аперацыя «Грамавы ўдар».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДАРЫ́С АПТЫ́ЧНЫ,
карціна, якая атрымліваецца ў выніку праходжання прамянёў святла, што ідуць ад аб’екта, праз аптычную сістэму (лінзы, прызмы, люстэркі і інш.) і аднаўляе яго контуры і дэталі. Утвараецца паводле законаў геаметрычнай оптыкі і з’яўляецца асновай зрокавага ўспрымання розных аб’ектаў на сятчатцы вока і іх утварэння на фотаплёнцы, кінаэкране, фотакатодзе і інш.
Адрозніваюць відарыс аптычны сапраўдны і ўяўны. Сапраўдны відарыс аптычны ўтвараецца збежнымі пучкамі прамянёў у пунктах іх перасячэння і можа назірацца візуальна, праектавацца на экран і фатаграфавацца. Калі прамяні, што выходзяць з аптычнай сістэмы, разыходзяцца, то ўяўны відарыс аптычны ўтвараецца ў пунктах перасячэння прадаўжэнняў гэтых прамянёў, што праведзены ў бок, процілеглы іх распаўсюджанню. Уяўны відарыс аптычны немагчыма атрымаць на экране ці сфатаграфаваць, аднак ён можа выконваць ролю аб’екта для інш. аптычнай сістэмы (напр., вока ці збіральнай лінзы), якая пераўтварае яго ў сапраўдны. Наяўнасць аберацый аптычных сістэм прыводзіць да ўтварэння аберацыйных плям, што выклікае афарбоўку відарыса аптычнага і парушае яго геам. падабенства з арыгіналам. У выніку таго, што на аб’ектывах, акулярах, дыяфрагмах і інш. аптычных дэталях адбываецца дыфракцыя святла, відарыс аптычны пункта ў ідэальных (безаберацыйных) сістэмах выглядае як складаная дыфракцыйная карціна, характарыстыкі якой залежаць ад раздзяляльнай здольнасці аптычных сістэм.
Літ.:
Слюсарев Г.Г. Методы расчета оптических систем. 2 изд. Л., 1969;
Марешаль А., Франсон М. Структура оптического изображения: Пер. с фр.М., 1964.
В.В.Валяўка.
Утварэнне відарысаў аптычных: а — уяўнага відарыса M′ пункта M у плоскім люстэрку; б уяўнага відарыса M′ пункта M і сапраўднага відарыса N′ пункта N ва ўвагнутым сферычным люстэрку; в — сапраўднага A′B′ і ўяўнага M′N′ відарысаў аб’ектаў AB і MN у збіральнай лінзе; i, j — вуглы падзення, а i′, j′ — вуглы адбіцця прамянёў святла; C — цэнтр сферы; F, F′ — фокусы лінзы.