горад на ПдЗ Вялікабрытаніі. Адм. ц. графства Эйван. 396,6 тыс.ж. (1992). Порт пры ўпадзенні р. Эйван у Брыстольскі зал. 2 аэрапорты. Чыгунка. Суднабудаванне, авіякасм. прам-сць (у прыгарадзе Філтан), каляровая металургія, папяровая, паліграф., харчасмакавая (у т. л. мукамольная, алейная, шакаладная, піваварная, тытунёвая), хім., абутковая прам-сць. Каля Брысталя — нафтахім. комплекс Севернсайд. Музей і маст. галерэя. Цэнтр турызму. Ун-т. Арх. помнікі 12—19 ст.
Засн. каля 6 ст. З 12 ст. вядомы як буйны порт. У перыяд каланізацыі Паўн.Амерыкі і Вест-Індыі (17 — пач. 18 ст.) адзін з цэнтраў гандлю рабамі і калан. гандлю (цукар, тытунь і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАО́З (Varroosis),
вараатоз (Varroatosis), эктапаразітная хвароба пчол і пячатнага расплоду. Выклікаецца кляшчом Varroa jacobsoni. Трапляецца ў многіх краінах Паўд.-Усх. Азіі, Паўд.Амерыкі, Афрыкі, Еўропы, у т. л. на Беларусі. Пры масавым пашырэнні прыводзіць да вял.эканам. страт.
Крыніца інвазіі — хворыя сем’і, раі і зрэзаны трутневы расплод. Пашырэнню хваробы садзейнічаюць перамяшчэнне пчальнікоў, купля і продаж пчол. Клешч праходзіць поўны цыкл развіцця на кукалках пчол на працягу 8—9 сут і пашкоджвае дарослых насякомых. Пры вараозе назіраецца гібель недаразвітых кукалак пчол, нараджэнне нежыццяздольных трутняў і пчол з рознымі пачварнасцямі. Скарачаецца тэрмін жыцця матак, пашкоджаныя сем’і адстаюць у развіцці. Вясной і восенню хварэе пераважна пчаліны расплод, а ўлетку — трутневы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГААЦЫ́НЫ (Opisthocomidae),
сямейства птушак атр. курападобных. 1 від — гаацын (Opisthocomus hoazin). Жыве на ПнУПаўд.Амерыкі ў далінах рэк і іх прытокаў, у затопленых лясах; трымаецца чародамі (да 40 асобін).
Даўж. цела каля 60 см. Апярэнне зверху аліўкавае з белымі стракацінамі, знізу рыжаватае. Большая ч. грудзіны і грудной мускулатуры рэдукавана ў сувязі з наяўнасцю вял. валляка. Лятае дрэнна, таму лазіць па галінах дрэў. Корміцца лісцем трапічных раслін, пераважна ароідных, якое насычана каўчукавым сокам. Гнёзды на дрэвах над вадой. Птушаняты вылупліваюцца амаль голыя з 2 добра развітымі пальцамі з кіпцюрамі, пры дапамозе якіх лазяць па дрэвах; добра плаваюць і ныраюць (дарослыя не могуць). Маюць непрыемны пах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСЬ БЕЛАЛО́БАЯ (Anser albifrons),
птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Жыве ў сырых тундрах і лесатундрах Еўразіі, Паўн.Амерыкі, на астравах Паўн. Ледавітага ак. На Беларусі нешматлікі від, трапляецца на веснавым (крас.) і асеннім (кастр.—ліст.) пралётах.
Даўж. цела 66—76 см, маса 2—3,2 кг. Апярэнне зверху буравата-шэрае, знізу святлейшае, на бруху чорныя папярочныя плямы. На лбе вакол дзюбы белая пляма (адсюль назва). Дзюба аранжава-жоўтая, ногі светла-аранжавыя. Добра ходзіць і плавае, пры небяспецы нырае, хутка бегае. Гняздо будуе на сухім месцы — узгорку, высокім беразе ракі. Нясе 4—6 яец. Корміцца маладымі раслінамі (злакі, асокі і інш.). На зіму адлятае на Пд. Аб’ект палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́ННАЕ ДРЭ́ВА, папайя (Carica papaya),
пладовае дрэва сям. карыкавых. Культывуецца ў трапічных краінах Амерыкі, Афрыкі і Паўд.-Усх. Азіі. Радзіма — Цэнтр. Амерыка. Адно з стараж.культ. раслін. Хуткарослае, недаўгавечнае (у культуры замяняюць праз 3—5 гадоў).
Вечназялёнае дрэва выш. 4—7 м, без галін. На верхавіне разетка з буйнога лісця на доўгіх чаранках. Суквецці вісячыя, кветкі крэмавыя або белыя, часцей аднаполыя. Плод — ягада (даўж. да 30 см, маса 3—6 кг), падобная на дыню (адсюль назва). Спажываюць як дыетычны прадукт. З млечнага соку няспелых пладоў і лісця атрымліваюць фермент папаін, які выкарыстоўваецца ў харч. і лёгкай прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯНЕ́Я (Dionaea),
манатыпны род кветкавых раслін сям. расянкавых. 1 від — Д. венерына мухалоўка (D. muscipula). Пашыраны на Атлантычным узбярэжжы Паўн.Амерыкі. Расце на мохавых балотах і вільготных пясках.
Шматгадовая насякомаедная травяністая расліна з кароткім бязлістым сцяблом (стрэлкай) і разеткай лісця. Кожны ліст мае крылаты чаранок і двухлопасцевую авальную пласціну, у цэнтры якой знаходзяцца 3 адчувальныя валаскі. Калі насякомае дакранаецца да гэтых валаскоў, лопасці ліста змыкаюцца, утрымліваюць ахвяру і выдзяляюць стрававальную вадкасць, якая ператраўляе яе. Кветкі дробныя, белыя, сабраныя ў парасонападобны шчыток на доўгім кветаносе-стрэлцы. Плод — шматнасенная каробачка. Лек. і дэкар. расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЙВІС ((Davis) Уільям Морыс) (12.2.1850, г. Філадэльфія, ЗША — 5.2.1934),
амерыканскі геолаг і географ. Скончыў Гарвардскі ун-т (1870) і працаваў у ім з 1876. Праф. (1890). Заснавальнік Асацыяцыі амер. географаў (1904) і прэзідэнт Амерыканскага геал.т-ва (1911), ганаровы чл. многіх геал. і геагр. т-ваў (у т. л. Рускага геагр.т-ва). У 1890—1915 працаваў у Геал. службе ЗША, вёў даследчую работу ў розных раёнах ЗША, у краінах Паўд.Амерыкі і Зах. Еўропы. У 1903 пабываў у пустынных раёнах Туркестана. У 1890-х г. распрацаваў вучэнне аб геагр. цыклах (тэорыя развіцця рэльефу зямной паверхні). Стварыў школу геамарфолагаў. Увёў новы тып адлюстравання рэльефу — блок-дыяграмы, мадэлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫВАРО́ДКІ, лужанкі (Viviparidae),
сямейства бруханогіх малюскаў падкл. пярэдняшчэлепных. 6 відаў. Пашыраны ўсюды (акрамя Паўд.Амерыкі) у прэсных вадаёмах. На Беларусі 2 віды Ж.: рачная, або звычайная (Viviparus viviparus), і азёрная (V. contectus). Жывуць на пясчаных або заглееных грунтах у прыбярэжнай зоне рэк і азёр.
Цела ўкрыта ракавінай (выш. да 6 см) з 5—7 спіральнымі завіткамі, з цёмна-карычневымі палосамі, складаецца з галавы, тулава і нагі. Вусце ракавіны авальнае, зачыняецца рагавой накрыўкай. Раздзельнаполыя. Аплодненыя яйцы развіваюцца ў матцы, моладзь выходзіць цалкам сфарміраваная (адсюль назва). Кормяцца водарасцямі, рэшткамі раслін і жывёл. Ж. — пажыва для многіх бентасаедных рыб. Біял. ачышчальнікі вадаёмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЗЕ́ЙЦЫ,
карэннае насельніцтва Амерыкі (акрамя эскімосаў і алеутаў). Каля 35 млн.чал. (1992). Буйнейшыя народы — кечуа, аймара, ацтэкі, мая, гуарані і інш.Навук. даследаваннямі ўстаноўлена, што продкі І. пачалі перасяляцца ў Амерыку 30—20 тыс. гадоў назад з Паўн.-Усх. Азіі. У выніку еўрап. каланізацыі многія плямёны цалкам ці часткова знішчаны або выцеснены ў інш. раёны. У ЗША і Канадзе жывуць пераважна ў рэзервацыях. У Балівіі і Гватэмале складаюць б.ч. насельніцтва. Моцна метысаваны. Гавораць на індзейскіх мовах, значная ч. таксама на ісп. (Лац. Амерыка) і англ. (Паўн. Амерыка) мовах. Паводле веравызнання католікі, пратэстанты, ёсць прыхільнікі сінкрэтычных культаў і традыц. вераванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІФАРНІ́ЙСКАЯ ДАЛІ́НА,
упадзіна паміж гарамі Сьера-Невада на У і Берагавымі хр. на 3, у зах. поясе Кардыльераў Паўн.Амерыкі (ЗША). Даўж. каля 800 км, шыр. да 80 км, выш. ад 20 да 160 м. Паводле паходжання — тэктанічны прагін, запоўнены магутнай тоўшчай асадкавых парод мелавога, палеаген-неагенавага і антрапагенавага ўзросту. Радовішчы нафты. Паверхня роўная, месцамі слабаўзгорыстая. Клімат субтрапічны міжземнаморскага тыпу, кантынентальны. Ападкаў ад 150 мм (на Пд) да 1000 мм за год (на Пн). Гал. рэкі Сакрамента (на Пн) і Сан-Хаакін (на Пд). Густая сетка арашальных каналаў. На Пн субтрапічныя стэпы, на Пд — паўпустыні. Садаводства, вінаградарства. На Пд жывёлагадоўля. Гарады: Сакрамента, Стоктан, Фрэсна.