тры законы руху нябесных цел, выведзеныя І.Кеплерам на аснове звестак Ц.Браге паводле назіранняў бачнага руху планет. 1-ы К.з.: кожная планета рухаецца па эліпсе, у адным з фокусаў якога знаходзіцца Сонца. 2-і: кожная планета рухаецца ў плоскасці, якая праходзіць праз цэнтр Сонца, прычым радыус-вектар, праведзены ад Сонца да планеты, у роўныя прамежкі часу апісвае роўныя плошчы (S1=S2). 3-і: квадраты перыядаў абарачэння планет вакол Сонца адносяцца як кубы іх сярэдніх адлегласцей ад Сонца. К.з. спрыялі адкрыццю І.Ньютанам сусветнага прыцягнення закону, на аснове якога яны былі абагульнены і ўдакладнены. К.з. карыстаюцца пры знаходжанні масы планет, разліку арбіт спадарожнікаў і інш.Гл. таксама Нябесная механіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНЫ́ ФОНД,
сукупнасць усіх лясоў краіны натуральнага і штучнага паходжання. Л.ф. Рэспублікі Беларусь складаецца з лясоў дзярж. значэння і калгасных. Паводле нар.-гасп. значэння і функцый падзяляецца на лясы 1-й і 2-й груп, што складае адпаведна 37 і 63% пл. Паводле зямельнага і ляснога заканадаўства да дзярж. Л.ф. адносяцца ўкрытыя лесам землі, а таксама не ўкрытыя, але прызначаныя для патрэб лясной гаспадаркі. У яго склад не ўваходзіць дрэвава-хмызняковая расліннасць, якая расце на землях с.-г. прызначэння, на палосах адводу чыгунак, аўтадарог і каналаў, у гарадах і інш. населеных пунктах, на прысядзібных, дачных і садовых участках. Агульная пл. зямель Л.ф. ў Беларусі (1998) каля 7 млн.га, або 33,9% тэр. рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦЯРЫ́К, кантынент,
буйны масіў зямной кары, б.ч. паверхні якога выступае над узроўнем Сусветнага акіяна ў выглядзе сушы, а перыферычная ч. апушчана пад узровень акіяна. У сучасную геалагічную эпоху існуе 6 мацерыкоў: Еўразія, Паўночная Амерыка, Паўднёвая Амерыка, Афрыка, Аўстралія, Антарктыда. Для іх характэрны кантынентальны тып будовы зямной кары магутнасцю 35—70 км з прысутнасцю гранітна-метамарфічнага слоя. Вылучаюць унутрыкантынент. і ўскраінна-кантынент. структуры. Да першых адносяцца раўнінныя вобласці, развітыя на стараж. і маладых платформах, і горныя ўтварэнні, якія ўзніклі на месцы геасінклінальных складкавых абласцей. Другі тып структур уключае выраўнаваныя падводныя прадаўжэнні кантынентаў (шэльф, схіл) пасіўных (атл.) ускраін і шэльф, схіл, глыбакаводныя катлавіны, жалабы, акіянічныя астраўныя дугі актыўных (ціхаакіянскіх) ускраін, якія чаргуюцца. Гл. таксама Зямля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЯ МАРСКА́Я АРГАНІЗА́ЦЫЯ (International Maritime Organization; IMO),
спецыялізаваная ўстанова AAH, міжнар. міжурадавая арг-цыя. Засн. ў 1959 як Міжурадавая марская кансультатыўная арг-цыя (да 1982) у мэтах садзейнічання міжнар. супрацоўніцтву ў галіне марскіх перавозак і марскому гандлю. Мэты ІМО: служыць апаратам для супрацоўніцтва і абмену інфармацыяй паміж урадамі па тэхн. пытаннях, якія адносяцца да міжнар.гандл. суднаходства; садзейнічаць адмене дыскрымінацыйных дзеянняў і залішніх абмежаванняў урадаў, закранаючых міжнар.гандл. суднаходства, а таксама прыняцце норм па забеспячэнні бяспекі на моры і папярэджанні забруджвання мора з суднаў. Вышэйшы орган ІМО — Асамблея, якая склікаецца раз у 2 гады. Паміж сесіямі Асамблеі работай ІМО кіруе Савет. Штаб-кватэра ІМО размешчана ў Лондане (Вялікабрытанія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры 16—19 ст. ў г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудавана паміж 1533—50 як царква базыльянскага манастыра. Пасля пажару 1865 перабудавана ў рэтраспектыўна-рус. стылі. Мураваны 5-купальны храм падоўжна-восевай кампазіцыі ўключае амаль квадратны ў плане асн. аб’ём, паўкруглую апсіду з рызніцай і прамавугольны бабінец, да якога ў 1780-я г. прыбудавана 3-ярусная вежа-званіца (васьмярык на 2 чацверыках) з мураваным 1-м, драўлянымі 2-м і 3-м ярусамі, завершаная 8-гранным шатровым дахам з галоўкай на глухім барабане. Да пабудоў 1870-х г.адносяцца 5 несапраўдных купалаў над асн. аб’ёмам. Асн. аб’ём накрыты 4-схільным дахам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРАЗНА́Я ЗБРО́Я,
агнястрэльная зброя, паверхня канала ствала якой мае нарэзы (вінтавыя канаўкі) для надання снараду (кулі) вярчальнага руху, што забяспечвае ўстойлівасць траекторыі ў паветры, павышае скарастрэльнасць, далёкасць і кучнасць стральбы. Да Н.з. адносяцца: стралковая зброя (вінтоўкі, карабіны, аўтаматы, кулямёты, пісталеты), артыл. гарматы (пушкі, гаўбіцы, марціры, асобныя ўзоры мінамётаў і безадкатных гармат). Ручная Н.з. з прамымі нарэзамі з’явілася ў канцы 15 ст., гарматы (пішчаль і інш.) з прамымі нарэзамі вядомы з 16 ст. Значнае пашырэнне Н.з. атрымала ў сярэдзіне 19 ст. У сучасных гарматах армій большасці краін прынята правая нарэзка (злева ўверх направа), у франц. гарматах — левая (справа ўверх налева). Адлегласць паміж двума супрацьлеглымі палямі (па дыяметры) наз.калібрам зброі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОСТФІ́КС (ад пост... + лац. fixus прымацаваны),
службовая марфема (афікс), якая ў структуры слова размяшчаецца пасля кораня. Падзяляюць на асноваўтваральныя («кал-ёс-ы», «плем-ен-і»), да якіх адносяцца і тэматычныя галосныя («бег-а-ць», «хадз-і-ць»), суфіксы («ляс-ок», «гняў-лів-ы», «хто-сьці») і флексіі («галов-ы», «сін-яя», «хоч-аш»). Як асобны тып П. функцыянуе сукупнасць флексій (парадыгма) пры канверсіі, паколькі яна адначасова выконвае флексійную і словаўтваральную ролі (назоўнік «соль-, сол-і, солл-ю» і дзеяслоў «сал-ю, сол-іш, сол-іць, сол-ім, сол-іце, сол-яць»). Кожнай мове ўласцівы свае П., заканамернасці іх размяшчэння ў слове і марфал. ўзаемадзеяння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭГЛА́МЕНТЫ ПЯТРА́ І,
заканадаўчыя акты Рас. дзяржавы 1-й чвэрці 18 ст. Вызначалі структуру і задачы устаноў, створаных у працэсе пераўтварэнняў, што праводзіліся ў гэты перыяд. Да іх адносяцца: ваен. статуты («Ваенны артыкул», 1716, «Статут воінскі сухапутны», 1716, «Марскі статут», 1720), «Генеральны рэгламент» для калегій (1720), «Духоўны рэгламент» для Сінода (1721), «Рэгламент Галоўнага магістрата» (1721), «Рэгламент Адміралцейства» (1722). Распрацоўваліся Пятром І сумесна з кіраўнікамі дзярж. устаноў і прадстаўнікамі саслоўяў (дваранства, купецтва, духавенства). Нормы, запазычаныя з зах.-еўрап. заканадаўстваў, дастасоўваліся да ўмоў Расіі. Садзейнічалі цэнтралізацыі дзярж. апарату, пераадоленню рэшткаў феад. сепаратызму, умацаванню арміі і флоту. Разам з тым служылі ўмацаванню эксплуатацыі прыгонных сялян і работных людзей, пашыралі правы і прывілеі пануючых саслоўяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЫЛІСТЫ́ЧНЫЯ ФІГУ́РЫ, сінтаксічныя фігуры,
своеасаблівыя сінтаксічныя прыёмы будовы маст. мовы, якія адрозніваюцца ад агульнапрынятых у звычайнай моўнай практыцы сінтакс. норм. С.ф. разам з рытарычнымі фігурамі ўваходзяць у паэтычны сінтаксіс. Да С.ф. адносяцца розныя віды паўтораў (анафара, эпіфара, градацыя, кальцо, сімплака, падваенне, бяззлучнікавасць, шматзлучнікавасць, шматпрыназоўнікавасць), усе віды і формы парушэння сінтакс. ці лагічнай сувязі паміж словамі ўнутры вершаваных радкоў або празаічных фраз (анакалуф, амфібалія, інверсія, эліпс, умаўчанне), супастаўленне і проціпастаўленне гэтых радкоў, групоўка іх у пэўныя інтанацыйна-сінтакс. адзінствы (перанос, паралелізм, антытэза, ампліфікацыя, перыяд сінтаксічны). С.ф. індывідуалізуюць мову пісьменнікаў, надаюць ёй павышаную эмацыянальнасць. Канкрэтны ідэйна-маст. змест С.ф. выяўляецца толькі ў кантэксце маст. твора, залежыць ад яго жанру, творчай манеры аўтара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́МЧАТЫ ВОЎК, тасманійскі воўк,
тылацын (Thylacinus cynocephalus),
сумчатае млекакормячае, адзіны прадстаўнік сям. тылацынавых. Быў пашыраны ў Аўстраліі; пасля распаўсюджання там сабакі дынга захоўваўся да пач. 20 ст. толькі на в-ве Тасманія. Трапляўся ў лясістай мясцовасці. Апошнія звесткі пра С.в. адносяцца да 1940-х г.; верагодна, вынішчаны. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. цела да 130 см, хваста да 65 см. Афарбоўка шэра-жаўтаватая, па баках задняй ч. тулава 16—18 карычневых палос. Іклы і карэнныя зубы моцна развітыя. Тулава падоўжанае, канечнасці адносна кароткія, пальцаходныя, на задніх 1-ы палец адсутнічае. Вывадковая сумка адкрываецца назад. Нараджалася да 4 дзіцянят, выношваліся ў сумцы да 3 мес.