ПАЛЯРЫЗА́ЦЫЯ (франц. polarisation ад грэч. polos вось, полюс) біяэлектрычная, наяўнасць падвойнага электрычнага слоя на мяжы змесціва жывой клеткі і знешняга асяроддзя. Абумоўлена будовай біялагічных мембран і нераўнамерным размеркаваннем неарган. іонаў (у асаблівасці іонаў натрыю, калію, хлору і інш.) у клетцы і вакол яе. Вонкавая паверхня клеткі ў стане спакою мае дадатны зарад, а ўнутр. — адмоўны.
П. — непасрэдная прычына ўзнікнення мембраннага патэнцыялу (патэнцыялу спакою). Выбіральнае павелічэнне іоннай пранікальнасці біял. мембран вядзе да змены П. Напр., пранікненне іонаў натрыю ў клетку праз мембрану ўзбуджанага ўчастка нерва вядзе да дэпалярызацыі мембраны і ўзнікнення патэнцыялу дзеяння. Час вяртання П. мембраны да ўзроўню спакою (сыходная фаза патэнцыялу дзеяння) наз. фазай рэпалярызацыі мембраны. Павелічэнне патэнцыялу спакою звыш нармальнага ўзроўню вядзе да гіперпалярызацыі мембраны.
Адносна стабільны ўзровень П. жывой клеткі забяспечваецца пастаянствам электрахім. градыентаў, якое падтрымліваецца работай іонных помпаў. Гл. таксама Біяэлектрычныя патэнцыялы, Мембранная тэорыя ўзбуджэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЯ ТЭО́РЫЯў матэматыцы,
раздзел алгебры, што вывучае матэм. палі (гл.Пале ў матэматыцы).
У матэматычнай фізіцы П.т. вывучае адлюстраванні мностваў каардынат прасторы і часу на адпаведныя мноствы функцый. Пры гэтым кожнаму пункту прасторы ў зададзены момант часу ставяцца ў адпаведнасць адна ці некалькі функцый — адна- ці многакампанентныя функцыі поля. Змены ў прасторы і часе функцый поля апісваюцца дыферэнцыяльнымі ўраўненнямі — ураўненнямі поля, рашэнні якіх вызначаюць выразы функцый поля. П.т. павінна задавальняць патрабаванні інварыянтнасціадносна пераўтварэнняў універсальнай сіметрыі прасторы і часу, што забяспечваецца за кошт выкарыстання функцый з пэўнымі трансфармацыйнымі ўласцівасцямі пры пераходзе ад адной інерцыяльнай сістэмы адліку да другой. У адпаведнасці з гэтым вызначаюцца скалярныя (1-кампанентныя), вектарныя (3- і 4-кампанентныя), тэнзарныя і інш. палі. З дапамогай аперацыі дыферэнцавання ўводзяцца матэм. характарыстыкі палёў — градыент (для скалярнага поля), дывергенцыя і ротар (для вектарнага поля).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ДКІЯ ЭЛЕМЕ́НТЫ,
назва групы хім. элементаў (больш за 50), што выкарыстоўваюцца ў невял. колькасці, або адносна новыя ў тэхніцы. У прыродзе даволі малапашыраныя (элементы з кларкамі, ніжэйшымі за 0,01% па масе).
Звычайна не ўтвараюць буйных радовішчаў сваіх мінералаў. Агульная колькасць Рэ. у зямной кары 0,53% па масе, 0,41% прыпадае на тытан, які традыцыйна адносяць да Р.э., хоць яго прыродныя запасы значныя і здабываецца ён у вялікай колькасці. Паводле асаблівасцей геахіміі і тэхналогіі вылучэння і раздзялення падзяляюць на групы: лёгкія Р.э. — літый, цэзій, берылій, стронцый; рэдказямельныя элементы; рассеяныя элементы; тугаплаўкія Р э. — цырконій, ніобій, тантал, малібдэн і інш.; плацінавыя металы; радыеактыўныя элементы (уран, торый і інш.), інертныя газы. З павелічэннем аб’ёму вытв-сці многіх з гэтых элементаў тэрмін «Р.э.» становіцца ўсё больш умоўным.
Літ.:
Химия и технология редких и рассеянных элементов. Ч. І—3. 2 изд. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ГІКА ДЫЯЛЕКТЫ́ЧНАЯ,
навука аб агульных законах і формах адлюстравання ў мысленні аб’ектыўнага свету, аб шляхах развіцця, метадалогіі і метадах пазнання, аб узаемасувязі філас. катэгорый у адзінай сістэме. Разам з тэорыяй пазнання Л.д. ўваходзіць у склад дыялектыкі. У адрозненне ад фармальнай логікі, якая даследуе мысленне ў яго адносна ўстойлівых, інварыянтных структурах, фармулюе пэўныя пачаткі і правілы адносна забеспячэння неабходных навук. падстаў і культуры мыслення, Л.д. разглядае спецыфічныя пазнавальныя катэгорыі, прынцыпы і працэдуры (пераходы ад аднаго ўзроўню пазнання або сістэмы ведаў да іншых, больш высокіх, спосабы абагульнення, аналіз і сінтэз, індукцыя і дэдукцыя). У якасці логікі мыслення Л.д. можна разглядаць як дыялектыку форм мыслення (паняццяў і г.д.), або суб’ектыўную дыялектыку.
Л.д. ўзнікла разам з дыялектыкай і распрацоўвалася філосафамі Стараж. Грэцыі Платонам, Гераклітам, Арыстоцелем і інш. У новыя часы значны ўклад у яе развіццё зрабілі Г.Гегель, К.Маркс і Ф.Энгельс, якія ўзнялі Л.д. на ўзровень асобнай філас. навукі. Паводле Гегеля, Л.д. разглядае лагічныя формы не ў застылым стане, а ва ўзаемнай сувязі і развіцці, напаўняе іх пэўным зместам, які вызначаецца істотнымі адносінамі паміж самімі рэчамі як канчатковымі вынікамі творчага мыслення. У разуменні сэнсу і характару Л.д. важная роля належыць пытанню пра адносіны паміж законамі развіцця з’яў аб’ектыўнай рэчаіснасці і законамі чалавечага мыслення, якія з’яўляюцца аб’ектам вывучэння з боку Л.д. і выкладаюцца ў лагічных катэгорыях. Адны філосафы лічаць, што мысленне, яго законы і логіка маюць цалкам самаст. значэнне і не залежаць ад уплыву якіх-н. фактараў, што існуюць па-за межамі самога мысліцельнага працэсу. Прадстаўнікі марксісцкай філас. думкі сцвярджаюць, што законы і катэгорыі Л.д. не зводзяцца да суб’ектыўных рыс, а паводле свайго гал. зместу з’яўляюцца адлюстраваннем законаў развіцця аб’ектыўнай рэчаіснасці і, т.ч., супадаюць з гэтымі законамі. Згодна з такой канцэпцыяй Л.д. як суб’ектыўная дыялектыка выражае аб’ектыўную дыялектыку, яе законы і прынцыпы.
Літ.:
Малинин В.А. Диалектика Гегеля и антигегельянство. М., 1983;
Ильенков Э.В. Диалектическая логика: Очерки истории и теории. 2 изд. М., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЫ́Я РЭ́КІ,
невялікія водныя патокі, якія звычайна маюць сцёк на працягу ўсяго года. Умоўна да М.р. прынята адносіць рэкі з вадазборам да 2 тыс.км²; часта пры падзеле рэк на вялікія, сярэднія і малыя кіруюцца даўжынёй рэчышчаў. З’яўляюцца асн. кампанентам у складзе гідраграфічнай сеткі, вызначаюць воднасць і якасны стан вял. рэк; з М.р. складаецца верхняе звяно фарміравання паверхневага сцёку, для якога характэрны адносна высокая воднасць у час раставання снегу або ліўневых і зацяжных дажджоў і нізкая ў інш. перыяды года. Некат. М.р. могуць перасыхаць або перамярзаць. На М.р. часта знаходзяцца нерасцілішчы рыб, многія з іх маюць значнае паляўніча-гасп. і эстэт. значэнне. Асаблівая ўвага да М.р. звязана з іх вял. рэсурсаахоўнай і асяроддзеўтваральнай роляй, што найб. выразна выяўляецца ў зонах інтэнсіўнай меліярацыі. На Беларусі М.р. лічаць рэкі з пл. вадазбору да 250 км² ці даўж. да 100 км, у практыцы прыродаахоўнай дзейнасці да іх адносяць рэкі даўж. да 200 км. Усяго на Беларусі 20 780 рэк і ручаёў, з іх М.р. 20 732, рэк даўж. больш за 100 км — 48.
Найб. распаўсюджаны раўнінныя М.р. Яны працякаюць у адносна неглыбокіх, добра распрацаваных шырокіх далінах са спадзістымі схіламі. маюць звілістыя рэчышчы, складзеныя з лёгкаразмыўных грунтоў, з чаргаваннем плёсаў і перакатаў, невял. нахілы, павольнае цячэнне. У межах узвышшаў даліны М.р. больш выразныя, цячэнне больш хуткае, месцамі, асабліва ў вярхоўях, яны цякуць у ярах, берагі якіх стромкія, узроўні вады пры раставанні снегу і значных дажджах могуць павышацца на 2—3 м, а потым хутка спадаць. На Пд Беларусі шмат М.р. цякуць па балотах або маюць значныя прасторы іх у складзе вадазбораў. Для іх характэрны зацяжныя разводдзе і паводкі. некалькі паніжаны межанны сцёк. Значная ч. М.р. выцякае з азёр або цячэ праз іх. Яны характарызуюцца больш нізкімі модулямі макс. сцёку і павышаным сцёкам у межань, больш працяглым разводдзем. Многія М.р. служаць асн. крыніцамі водазабеспячэння, водапрыёмнікамі меліярац. сістэм, вял. колькасць іх каналізавана ў працэсе меліярацыі.
І.Я.Афнагель.
Да арт.Малыя рэкі. Рака Раста каля вёскі Астравы Чавускага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁЛАКА́ЦЫЯ (ад радыё... + лакацыя),
знаходжанне і распазнаванне аб’ектаў, вызначэнне іх каардынат і інш. характарыстык з дапамогай радыёхваль; галіна навукі і тэхнікі. Сродкі і метады Р. выкарыстоўваюцца ў ваен. справе (у ППА і інш.), марской, паветр. і касм.навігацыі, метэаралогіі, астраноміі (Р. нябесных цел, у т. л. Сонца, Месяца, планет, метэораў), пры разведцы карысных выкапняў і інш.
Засн. на здольнасці фіз. цел (аб’ектаў) адбіваць, выпраменьваць і перавыпраменьваць радыёхвалі. Іх можна зарэгістраваць прыёмнікам і атрымаць патрэбную інфармацыю. Ажыццяўляецца з дапамогай радыёлакацыйных станцый (РЛС), сістэм і комплексаў. Найб. пашырана актыўная Р. з зандзіруючымі сігналамі, якія выпраменьваюцца антэннай сістэмай перадатчыка РЛС, адбіваюцца ад аб’екта і часткова ўлоўліваюцца прыёмнікам гэтай жа РЛС. Адлегласць да аб’екта вызначаюць па часе праходжання радыёсігналу да аб’екта і назад, напрамак (пеленг) — па арыентацыі накіраванай антэны. Калі аб’ект рухаецца адносна РЛС, частата радыёхвалі, адбітай аб’ектам, у адпаведнасці з Доплера эфектам змяняецца адносна частаты зандзіруючай радыёхвалі. Па рознасці гэтых частот вызначаюць скорасць перамяшчэння аб’екта. Пры Р. з актыўным адказам сігналы, пасланыя РЛС, рэтрансліруюцца радыёпрыстасаваннем, размешчаным на аб’екце (прыёмна-перадавальнай радыёстанцыяй). Пры пасіўнай радыёлакацыі выкарыстоўваецца ўласнае (цеплавое) выпрамяненне аб’екта ў дыяпазоне радыёхваль або выпрамяненне радыёпрыстасавання (радыёперадатчыка), размешчанага на аб’екце. Пры многапазіцыйнай Р. (т. зв. разнесеная сістэма) радыёсігналы, пасланыя адной РЛС і адбітыя аб’ектам, прымаюцца другой РЛС, што знаходзіцца ў інш. зоне прасторы (адлегласць паміж перадавальнай і прыёмнай РЛС можа змяняцца). Прынцыпы работы і апаратура радыёлакацыйных сістэм падобныя, як у гідралакацыі і радыёнавігацыі. Р. выкарыстоўвае складаныя зандзіруючыя сігналы і лічбавыя метады апрацоўкі інфармацыі для траекторных і картаграфічных вымярэнняў, здымкі мясцовасці, радыёкіравання рухомымі аб’ектамі і інш.
Літ.:
Теоретические основы радиолокации. М., 1970;
Справочник по радиолокации: Пер. с англ.Т. 1—4. М., 1976—79.
В.І.Вараб’ёў.
Схема радыёлакацыі (вымярэння каардынат) самалёта наземнай радыёлакацыйнай станцыяй.Схема актыўнай радыёлакацыі: а — з пасіўным адказам; б — з актыўным адказам; в — разнесенай сістэмы пры пераменнай адлегласці (d) паміж перадавальным і прыёмным устройствамі радыёлакацыйнай станцыі (РЛС); г — кругавога агляду зямной паверхні з дапамогай самалётнай РЛС; д — радыёлакацыйная карціна мясцовасці ў сектары агляду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІТЭКТУ́РА МАЛЫ́Х ФО́РМАЎ, малыя архітэктурныя формы,
розныя па характары і прызначэнні тыпы збудаванняў ці інш. аб’ектаў, якія дапаўняюць і дэталізуюць арх.-будаўнічую ці садова-паркавую кампазіцыю і з’яўляюцца элементам афармлення і добраўпарадкавання (мемарыяльныя стэлы, абеліскі, надмагіллі, фантаны, каскады, басейны, паркавыя павільёны, пандусы, балюстрады, агароджы, пергалы, вазы, дэкар. і прыдарожная скульптура і інш.). Ім належыць важная роля ў фарміраванні аблічча населеных пунктаў, трансп. магістраляў, зон адпачынку.
У адрозненне ад частак будынкаў і арх. дэталяў творы архітэктуры малых формаў адносна самастойныя. Ім належыць важнае месца ў кампазіцыі садова-паркавых ансамбляў, добраўпарадкаванні жылых груп, тэр. школьных і дашкольных устаноў, дзіцячых пляцовак і гарадкоў; яны — неад’емная частка сучасных населеных месцаў (электрасвяцільні, кіёскі, павільёны, гандл. аўтаматы, тэлефонныя будкі, стэнды для афіш і рэклама).
Да арт.Архітэктура малых формаў. Скульптура ў Алімпійскім парку Сеула. 1988.Да арт.Архітэктура малых формаў. Аркада галоўнага ўвахода стадыёна «Дынама» ў Мінску.
архіпелаг з 6,5 тыс. а-воў і шхераў, на ПнУ Балтыйскага м., каля уваходу ў Батнічны заліў. Пл. 1481 км², даўж. з Пн на Пд каля 130 км. Тэр. Фінляндыі. Нас. каля 23 тыс.чал. (1984). Складзены пераважна з гранітаў і гнейсаў. Паверхня ўзгорыстая (выш. да 132 м). Клімат умераны. Рыбалоўства, земляробства, жывёлагадоўля. Марскія курорты.
Да 1809 Аландскія астравы ў складзе Швецыі як частка яе правінцыі Фінляндыі. У маі 1718 — кастр. 1719 тут адбыліся перагаворы паміж Расіяй і Швецыяй (Аландскі кангрэс) адносна сканчэння Паўночнай вайны 1700—21. У 1809—1917 разам з Фінляндыяй належалі Расіі. У 1921 Савет Лігі Нацый прызнаў суверэннае права Фінляндыі на Аландскіх астравах. Паводле Жэнеўскай канвенцыі 1921 Аландскія астравы — дэмілітарызаваная і нейтральная зона. Напярэдадні 2-й сусв. вайны Фінляндыя пабудавала тут ваен. ўмацаванні. Пасля 2-й сусв. вайны (з 1947) Аландскія астравы зноў дэмілітарызаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫНАМІ́ЧНЫ СТЭРЭАТЫ́П,
адносна ўстойлівая адаптыўная сістэма рэакцыі арганізма на ўздзеянні знешняга асяроддзя; адзін з найб. складаных феноменаў вышэйшай нерв. дзейнасці. Мае важнае значэнне ў адаптацыі жывёл і чалавека. Асновай Д.с. з’яўляецца фарміраванне сукупнасці сувязей і ўзаемаадносін паміж ачагамі ўзбуджэння і тармажэння ў кары вял. паўшар’яў галаўнога мозга ў адказ на шматразовае стэрэатыпнае ўздзеянне вызначаных камбінацый умоўных раздражняльнікаў, што змяняюць адзін аднаго і спадарожнічаюць індывіду ўсё жыццё. Як адзіны комплекс Д.с. складваецца ў выніку накладвання наступных стымулаў на сляды папярэдніх. На гэтай аснове ствараюцца звычкі, традыц. распарадак дня чалавека і інш. Д.с. выпрацоўваецца паступова, дасягае высокай устойлівасці, забяспечвае аўтам. эканомнае з пункту гледжання расходу нерв. энергіі прыстасаванне да змен наваколля, бо звыклая дзейнасць для арганізма значна лягчэйшая, чым новая. Са зменай абставін Д.с. зведвае перабудову, ступень цяжкасці якой залежыць ад характару раздражняльніка, асаблівасцей вышэйшай нерв. дзейнасці і можа прыводзіць да яе зрыву.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЦЫЯ САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,
працэс расслаення грамадства на асобныя, звязаныя паміж сабой, але адноснасамаст.сац. групы. Існуюць розныя навук. падыходы вызначэння крытэрыяў Д.с. Г.Спенсер вылучаў эканам. фактар — падзел працы і яе вынікаў. М.Вебер звязваў паглыбленне неаднароднасці грамадства з працэсамі рацыяналізацыі каштоўнасцей і адносін паміж людзьмі. Прадстаўнікі сучаснай зах. структурна-функцыян. школы (Т.Парсанс) асаблівую ўвагу звяртаюць на сац. структуру, розныя віды дзейнасці, неабходныя для самазахавання грамадскай сістэмы. Матэрыяліст. сацыялогія падставай для Д.с. лічыць развіццё грамадскай вытв-сці, падзел працы, узнікненне рамёстваў, гандлю, прыватнай уласнасці, манагамнай сям’і, дзяржавы і інш. Важнымі праявамі і наступствамі Д.с. з’яўляюцца гіст. тыпы грамадства, сац. слаі, групы і інш. На сучасным этапе Д.с. звязана з навук.-тэхн. рэвалюцыяй і інфарматызацыяй грамадства. Д.с. — складаны і супярэчлівы працэс, які можа прывесці да сац. няроўнасці, негатыўна адбіцца на развіцці грамадства. Адна з форм Д.с. — сацыяльная стратыфікацыя.