КАН’ЮГА́ЦЫЯ (ад лац. conjugatio злучэнне),

1) у водарасцей і ніжэйшых грыбоў — палавы працэс, пры якім зліваецца змесціва 2 знешне падобных бязжгуцікавых клетак. Адбываецца толькі ў ч. відаў водарасцей — дыятомавых і некат. кан’югатаў.

2) У інфузорый — палавы працэс, пры якім часова злучаюцца 2 асобіны (бакамі, дзе знаходзяцца ротавыя адтуліны) для абмену часткамі іх ядзернага апарата і невял. колькасці цытаплазмы. Пры зліцці вегетатыўнае ядро (макрануклеус) разбураецца, а палавое ядро (мікрануклеус) двойчы дзеліцца шляхам меёзу. Потым 3 ядры разбураюцца, а адно дзеліцца зноў і кожная з яго палавінак абменьваецца на палавінку ядра партнёра. Абмененыя ядры зліваюцца з тымі, якія засталіся ў клетках, і інфузорыі разыходзяцца. З атрыманага ядра зноў утвараецца макрануклеус і мікрануклеус. З’яўляецца прыкладам палавога працэсу без расплоджвання. 3)У бактэрый — адзін са спосабаў абмену генет. інфармацыяй. Трапляецца ў энтэрабактэрый, псеўдаманад і інш. Адбываецца аднанакіраваны перанос генаў донарскай храмасомы («мужчынскай» клеткі) да рэцыпіента («жаночай» клеткі) з рэкамбінацыяй генаў. Спадчынныя ўласцівасці рэцыпіента змяняюцца ў адпаведнасці з колькасцю генет. інфармацыі, якая знаходзіцца ў перададзеным кавалку ДНК. У пракарыётаў К. забяспечвае павышэнне спадчыннай зменлівасці.

4) У храмасом К. — часовае збліжэнне парамі гамалагічных храмасом, у час якога магчымы абмен іх гамалагічнымі ўчасткамі. Пасля К. храмасомы разыходзяцца.

т. 8, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ПЦЕВЫХ МО́РА, Сібірскае, Нордэншэльда,

ускраіннае мора Паўн. Ледавітага ак., каля паўн. ўзбярэжжа Усх. Сібіры, паміж п-вам Таймыр, а-вамі Паўн. Зямля і Новасібірскімі. На З пралівамі Вількіцкага, Шакальскага і Чырв. Арміі злучаецца з Карскім м., на У пралівамі Дзмітрыя Лапцева, Этэрыкан і Саннікава — з Усх.-Сіб. морам. Пл. 662 тыс. км². Размешчана ў межах мацерыковай водмелі, якая на Пн стромка абрываецца да ложа акіяна. Пераважаюць глыбіні да 50 м, найб. глыб. 3385 м. Берагі моцна парэзаныя, утвараюць залівы: Хатангскі, Алянёцкі, Буор-Хая, Янскі. Найб. астравы: Вял. Бегічаў, Камсамольскай Праўды, Малы Таймыр і інш. Упадаюць рэкі: Лена, Хатанга, Анабар, Алянёк, Амалой і Яна. Клімат арктычны. Адно з самых халодных мораў Расіі. З кастр. да ліп. ўкрыта лёдам; на Пд шырокі прыпай, на Пн плывучыя льды. Сярэдняя т-ра вады на паверхні летам у цэнтр. ч. мора 2—3 °C, у залівах — да 8—10 °C. Салёнасць ад 20‰ на Пд да 34‰ на Пн. Прылівы паўсутачныя (да 0,5 м). Рыбалоўства (асятровыя, омуль, муксун, нельма). Водзяцца нерпа, марскі заяц, морж, белы мядзведзь. На берагах — птушыныя базары. Л.м. — частка Паўночнага марскога шляху. Гал. порт — Тыксі. Названа ў гонар рус. палярных даследчыкаў 18 ст. Дз.Я.Лапцева і Х.П.Лапцева.

т. 9, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЧЭ́БНІК,

часціна мовы, якая абазначае абстрактны лік, пэўную і няпэўную колькасць прадметаў або парадак пры іх лічэнні. Паводле значэння Л. падзяляюцца на колькасныя, зборныя і парадкавыя. Да колькасных адносяцца пэўнаколькасныя — указваюць на дакладную колькасць прадметаў («два вучні») ці на пэўны лік безадносна да прадметаў («два і сем — дзевяць»), няпэўнаколькасныя — маюць недакладнае лікавае значэнне («многа»), дробавыя — называюць пэўную частку цэлага прадмета («трэць чалавецтва»). Зборныя абазначаюць колькасць прадметаў як адно цэлае («чацвёра сутак»). Парадкавыя ўказваюць на парадкавы нумар прадметаў пры пералічэнні («трэці дом»), Паводле граматычных адзнак Л. неаднародныя: адны з іх змяняюцца па родах, ліках і склонах («адзін», «тысяча», «мільён»), другія — па родах і склонах («два», «абодва») ці толькі па склонах («тры», «чатыры» і інш.). Паводле марфал. складу падзяляюцца на простыя («адзін»), складаныя («адзінаццаць») і састаўныя («дваццаць пяць»). Л. не ўтвараюць адзінага тыпу скланенняў і могуць нагадваць па канчатках скланенне розных іменных часцін мовы. Спалучаюцца толькі з назоўнікамі.

Літ.:

Вярхоў П.В. Лічэбнік у беларускай мове [параўнальна з рускай і ўкраінскай мовамі]. Мн., 1961;

Чабярук А.І. Лічэбнік у беларускіх гаворках. Мн., 1977;

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;

Сямешка Л.І., Шкраба І.Р., Бадзевіч З.І. Курс беларускай мовы Мн., 1996.

А.​І.​Наркевіч.

т. 9, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́ТНЫЯ ВЫМЯРЭ́ННІ,

тэорыя, метады і сродкі вымярэнняў магн. велічынь. Вымяраюцца вектар магнітнай індукцыі, магнітны паток, напружанасць, градыент і інш. параметры магнітнага поля (магнітометрамі) і магн. ўласцівасці (характарыстыкі, параметры) магнітных матэрыялаў (спец. ўстаноўкамі, якія маюць вымяральныя блокі, прыстасаванні для намагнічвання і размагнічвання вырабаў, тэрмакамеры і інш.).

Пры вымярэнні і даследаванні ўласцівасцей магн. матэрыялаў і параметраў магн. поля найб. пашыраны метады: індукцыйны (засн. на вымярэнні эрс, якая ўзбуджаецца ў другаснай — вымяральнай абмотцы ўзору пры прапусканні праз першасную абмотку намагнічвальнага току), магнітастатычны (засн. на вымярэнні сілавога ўздзеяння магн. поля ўзору, што вывучаецца, на магн. стрэлку), каларыметрычны (засн. на вымярэнні цеплавой энергіі, што вылучаецца ўзорам пры яго намагнічванні ў камеры каларыметра), магнітааптычныя (засн на магнітааптычных эфектах — Кера эфекце, Фарадэя эфекце), параметрычныя, або маставыя (засн. на выкарыстанні мастоў пераменнага току, у адно з плячэй якіх уключаюць абмотку, што намагнічвае ўзор), холаўскі (засн. на вымярэнні параметраў магн. поля з дапамогай пераўтваральнікаў Хола). Пры даследаванні гонкай магн. структуры рэчываў выкарыстоўваюць метады ядзернага магнітнага рэзанансу, электроннага парамагнітнага рэзанансу, ферамагнітнага рэзанансу і інш.

Літ.:

Чечерников В.И. Магнитные измерения. 2 изд. М., 1969;

Антонов В.Г., Петров Л.М., Щелкин А.П. Средства измерений магнитных параметров материалов. Л., 1986.

М.​А.​Мяльгуй.

т. 9, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЕСО́ТА (Minnesota),

штат на Пн ЗША, на З ад Вялікіх азёр. Пл. 218 тыс. км². Нас. 4658 тыс. чал. (1996), у т. л. каля 70% гарадскога. Адм. ц. — г. Сент-Пол. Паверхня — хвалістая раўніна, на ПнУ — узгоркі да 701 м. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -10 °C да -15 °C. Ападкаў да 700 мм за год. Асн. рака — Місісіпі; каля 10 тыс. азёр. Паводле вядомага бел. кліматолага А.​Х.​Шкляра, па прыродных асаблівасцях М. з’яўляецца бліжэйшым. аналагам Беларусі ў Паўн. Амерыцы. На ПнУ захаваліся хваёвыя лясы. Гал. галіна эканомікі — прамысловасць. Здабываюць жал. руду (больш за 50% усёй здабычы ЗША). У апрацоўчай прам-сці вылучаюцца мукамольная, масласыраробная, гарбарная. Развіты таксама маш.-буд., ваенная, металургічная (выплаўка чыгуну і сталі), суднабудаўнічая. Гал. прамысл. цэнтры Мінеапаліс, Сент-Пол, Дулут. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваюць каля 70% тэрыторыі. Пераважае жывёлагадоўля. Разводзяць малочную і мясную буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак. Птушкагадоўля. Штат займае адно з першых месцаў у ЗША па вытв-сці сметанковага масла, сухога малака, сыру, адкорму індыкоў. Вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, жыта, цукр. буракі, бабовыя, лён-кудраш. Вял. плошчы пад кармавымі культурамі і сеянай травой. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны. Рачны порт Мінеапаліс, азёрны (на Верхнім воз.) — Дулут.

т. 10, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІСТЭ́РЫЯ жанр сярэдневяковага рэліг. т-ра 14—16 ст. Сюжэты засноўваліся на Бібліі, Евангеллі, жыціях святых. Паходзіць ад літургічнай драмы, ад інсцэнізацыі асобных эпізодаў літургіі. Пашырылася з ростам сярэдневяковых гарадоў, асабліва ў Францыі. Паказы наладжваліся звычайна на гар. плошчах, кірмашах ў час рэліг. свят на Вялікдзень і Каляды і працягваліся па некалькі дзён. Выканаўцамі, акрамя вядучага, які спецыяльна прызначаўся і звязваў у адно розныя падзеі, звычайна выступалі рамеснікі, цэхавыя майстры, а таксама вандроўныя акцёры скамарохі. У асн. тэксты ўстаўляліся інтэрмедыйныя камічныя сцэнкі свецкага, быт. характару. Выкананне было рознастылявым: рэліг. сцэны праводзілі падкрэслена ўзнёсла і патэтычна, быт. — з яркай камедыйнасцю, буфоннасцю. Узмацненне антырэліг. матываў прывяло да забароны М. ў большасці краін у 16 ст. На Беларусь М. прыйшла з Зах. Еўропы праз Польшчу ў 16 ст. Прапагандыстамі яе былі езуіты. М. ставіліся ў Полацку ў 1586, 1593 («Аталія») і 1603, у Навагрудку ў 1637 і інш. М. садзейнічала развіццю інш. драматургічных жанраў, заклала асновы прафес. т-ра. Найб. паўплывала на фалькл. драму, нар. т-р, у прыватнасці на батлейку.

Літ.:

Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1. С. 129—176.

А.​В.​Сабалеўскі.

т. 10, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛЕ́НКА (Пётр Андрэевіч) (11.7.1899, С.-Пецярбург — 16.6.1951),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Бакінскім палітэхнікуме (1919—20). Першае апавяд. «Лорд Байран» (1928, з Б.​Пільняком). Зб-кі «Азіяцкія апавяданні» (1929), «Стамбул і Турцыя» (1930), «Анатолія» (1932) у традыцыях рамант. «усходняй» л-ры. Аўтар раманаў «Барыкады» (1932), «Шчасце» (1947, Дзярж. прэмія СССР 1948), «Рускай аповесці» (1942), кн. «Падарожжа ў Туркменістан» (1932), «Італьянскія ўражанні» (1951), п’ес, артыкулаў, нарысаў, успамінаў і інш. За кінасцэнарыі «Аляксандр Неўскі» (1938, з С.​Эйзенштэйнам), «Клятва» (1946), «Падзенне Берліна» (1949) Дзярж. прэміі СССР 1941, 1947, 1950. У нарысах «Капітан Гастэла» (з П.​Крыловым; адно з першых паведамленняў у друку пра подзвіг лётчыка на бел. зямлі), «З запісных кніжак ваенных гадоў (Ад Паўночнага Каўказа да Прыбалтыкі, 1942—45)», «Віцебск, 26 чэрвеня», «Што адбылося», «На Барысаў», «Канец адной нямецкай дывізіі», «Па дарогах Беларусі і Літвы», апавяданнях «На шашы», «У наступленні», «Ініцыятыва», «Манеўр» — падзеі, звязаныя з вызваленнем Беларусі ад ням.-фаш. акупантаў. На бел. мове выйшлі яго раман «На Усходзе» (1938) і аповесць «Стэпавае сонца» (1950, пер. М.​Лупсякоў).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—6. М., 1953—55.

Літ.:

Хмелюк Н.Д. Художественная проза П.​А.​Павленко. Киев, 1976.

т. 12, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРО́ДНЫ ТЭРЫТАРЫЯ́ЛЬНЫ КО́МПЛЕКС, прыродны ландшафт, прыродная сістэма, геаграфічны комплекс,

заканамернае спалучэнне прыродных геагр. кампанентаў, якія ўтвараюць цэласную матэрыяльную геасістэму; адно з асн. паняццяў фізічнай геаграфіі. Тэрмін прапанаваны сав. географам М.​А.​Сонцавым у 1950-я г. Асобныя кампаненты і комплексы ніжэйшага рангу (участак зямной кары з уласцівымі яму рэльефам, глебамі, паверхневымі і падземнымі водамі, расліннасцю, жывёльным светам, прыземным слоем паветра), у межах П.т.к. развіваюцца як часткі цэлага. Іх узаемасувязі выяўляюцца ў абмене рэчывам і энергіяй. Змена аднаго кампанента часта выклікае перабудову ўсяго П.т.к. У той жа час П.т.к. валодаюць пэўнай устойлівасцю, маюць тэндэнцыю ўзнаўлення пасля іх парушэння знешнімі агентамі, у т. л. і ўздзеяннем чалавека. Адносяцца да розных узроўняў (рангаў); да планетарнага (геаграфічная абалонка), рэгіянальнага (ландшафтная правінцыя, зона, асобны ландшафт геаграфічны), тапалагічнага (мясцовасць, урочышча, фацыя). П.т.к. рэгіянальнага і тапалагічнага ўзроўняў — структурныя ч. геагр. абалонкі, вынік працэсу яе дыферэнцыяцыі; і наадварот, П.т.к. вышэйшых рангаў з’яўляюцца адлюстраваннем інтэграцыі комплексаў ніжэйшых рангаў. У агульнай грамадскай дзейнасці П.т.к. разглядаецца як сістэма, якая мае ўласцівасць узнаўлення прыроднага асяроддзя, прыродных рэсурсаў, і захоўвае генетычны фонд, з’яўляецца гал. аб’ектам рацыянальнага прыродакарыстання і аховы навакольнага асяроддзя. Гл. таксама Ландшафтазнаўства, Ландшафтнае раянаванне, Ландшафтны аналіз.

В.​С.​Аношка.

т. 13, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗМО́ЎНЫ ВЕРШ, гутарковы верш,

верш, пабудаваны на інтанацыйнай аснове. Для яго характэрна размоўная інтанацыя, пэўная адвольнасць у суаднесенасці інтанацыйна-сінтакс. і метрычнай структур. Сказы неаднолькавай даўжыні і будовы спалучаюцца ў Р.в. без якой-н. папярэдне вызначанай сістэмы.

От і свята, от каляды,
На марозе скрыпяць санкі...
Ўсе на свеце святку рады,
Ўсюды песні і гулянкі.
Скачуць хлопцы і дзяўчаты,
А гарэлкі п’юць чы мала?!
Адно слова — ўсюды свята...
Ну! кабыла, чаго стала?!
Чаго стала?!.. скажаш — цяжка,
Дый не надта ж ты і сыта,
А мне ж лёгка?.. глядзь, сярмяжка
Стара... рвана... ветрам шыта...
Стаў крапчэй мароз ка святу.
Ось і зорка забліскала.
Хоць скарэй бы мне ў хату...
Ну! кабыла! чаго стала?!
(Я.​Лучына. «Што думае Янка, везучы дровы ў горад»)

Асаблівую ролю ў Р.в. адыгрываюць паўзы, паўторы, умаўчанні, пропускі, анакалуф, часта выкарыстоўваецца анжамбеман (пачатак сінтаксічна цэласнага словазлучэння знаходзіцца ў адным вершаваным радку, а канец у наступным). Р.в. зрэдку падзяляецца на строфы, часта мае амебейную кампазіцыю. У сучаснай бел. паэзіі пашыраны ў медытатыўнай лірыцы і звязаны з выяўленнем філас. зместу («Эстафета агню» М.​Танка, «Мысль і слова» С.​Дзяргая і інш).

А.​А.​Майсейчык.

т. 13, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАНІМІ́Я (ад грэч. homōnymia аднайменнасць),

гукавое супадзенне адзінак (марфем, слоў, словазлучэнняў), якія адрозніваюцца паміж сабой значэннем. Усе амонімы-словы падзяляюцца на тыпы: лексічныя (маюць поўнае гукавое супадзенне ва ўсіх формах і адносяцца да адной часціны мовы, напр., «нота» — ‘дыпламатычны дакумент’ і «нота» — ‘муз. знак’), фанетычныя — амафоны, марфалагічныя — амаформы. Адрозніваюць поўную і частковую аманімію.

Поўныя лексічныя амонімы супадаюць ва ўсіх граматычных формах («заранка» — ‘зорка’ і «заранка» — ‘птушка’), пры частковай аманіміі адно са слоў цалкам (ва ўсіх формах) супадае па гучанні з часткай формаў інш. слова ці з адной яго формай («вечарам» — прыслоўе і «вечарам» — назоўнік мужч. роду адз. л. творнага склону). Да частковай адносяць прыставачную аманімію («дапісаць» — ‘поўнасцю скончыць пісаць’ і «дапісаць» — ‘запоўніць старонку’), супадзенне формаў аднаго з трыванняў розных дзеясловаў («прамакаць» ад «прамакнуць» і ад «прамокнуць») і г.д. Амонімы ўзнікаюць у мове ў выніку страты сэнсавай сувязі паміж асобнымі значэннямі (у т. л. пераноснымі) мнагазначных слоў («каса» — ‘прылада працы’, «каса» — ‘заплеценыя валасы’, «каса» — ‘вузкая пясчаная паласа’), у выніку дзеяння фанет. законаў мовы (аглушэння зычных на канцы слова: «мох» — ‘расліна’ і «мог» — ад дзеяслова «магчы»), гукавога супадзення розных слоў («міна» — ‘выраз твару’ і «міна» — ‘снарад з выбуховым рэчывам’) і інш. Ад амонімаў трэба адрозніваць амографы.

Л.​П.​Кунцэвіч, А.​Я.​Міхневіч.

т. 1, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)