МУРА́ШКАЎЦЫ, евангельскія хрысціяне святыя сіяністы,

рэлігійная секта. Узнікла ў канцы 1920-х г. у Зах. Беларусі. Назва ад імя заснавальніка Івана Мурашкі, які абвясціў сябе прарокам ад бога і стаў прапаведаваць канец свету і страшны суд. Члены секты павінны былі выконваць запаведзі Майсея, святкаваць суботу і нядзелю, не спажываць мяса, не галіць бараду, не чытаць свецкую л-ру, не мець зносін з іншаверцамі. У 1936 Мурашка заснаваў каля г. Сарны Валынскага ваяв. рэліг. камуну «Новы Іерусалім». У 2-й пал. 1930-х г. М. было каля 800—1000 чал. У 1938, забраўшы касу, Мурашка з жонкай уцёк у Аргенціну. Пасля Вял. Айч. вайны найб. актыўныя «апосталы» секты стварылі новыя «сіёны» ў Антопальскім, Высокаўскім, Іванаўскім, Кобрынскім р-нах. У 1951 секта перайменавана ў царкву св. Тройцы, аднак ніколі не рэгістравалася. Да 1953 усе «сіёны» разагнаны, многія члены секты арыштаваны і асуджаны. Вернікі раз’ехаліся па Малдавіі, Грузіі, Казахстане, Краснадарскім краі. У Беларусі засталіся адзінкі М., якія не маюць сваёй арг-цыі, але выконваюць веравучэнне і абрады секты, часам наведваюць малітоўныя сходы пяцідзесятнікаў і адвентыстаў, радзей баптыстаў.

Літ.:

Камейша Б.И. Кто такие мурашковцы. Мн., 1970.

Б.​І.​Камейша.

т. 11, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРМО́НЫ (саманазва «Царква Ісуса Хрыста святых апошняга дня»),

рэлігійная плынь, заснаваная ў 1830-я г. ў ЗША Дж.​Смітам. Вучэнне М. уяўляе сабой эклектычную сумесь ідэй хрысціянства, іудаізму, язычніцтва, а таксама самога Сміта, выказаных у «Кнізе Мармона», якая разам з Бібліяй лічыцца крыніцай веравызнання. Гал. тэзіс «Кнігі...» сцвярджае, што М. з’яўляюцца нашчадкамі іудзейскага племя, якое нібыта перасялілася ў Амерыку за 6 ст. да н.э., заснавала там квітнеючую цывілізацыю, знішчаную неўзабаве ў выніку ўнутр. канфліктаў. Адсюль выцякаюць ідэі аб «збіранні плямён ізраілевых» і «адраджэнні сапраўднай хрысціянскай царквы». Тэалагічная дактрына М. мае прыземлены, антрапацэнтрычны характар: гал. бог М. утварыўся з сукупнасці атамаў і ў сваю чаргу парадзіў астатніх багоў і багінь; аднак М. пакланяюцца не яму, а богу Зямлі — Элахіму, цялеснай істоце, якая мае чалавечыя запатрабаванні і пачуцці. Малітоўныя сходы М. складаюцца з пропаведзяў, чытання і спеваў рэліг. гімнаў. Вернікі плацяць царк. падатак — дзесяціну, штомесячна — «прынашэнне посту» (грошы, сэканомленыя ў выніку аднаразовага ўстрымання ад ежы). Культавы сэнс у М. набыла палігамія, да 1890 яны афіцыйна практыкавалі мнагажонства. Сучасны эпіцэнтр М. знаходзіцца ў штаце Юта, г.Солт-Лейк-Сіці (ЗША). На 1.1.2000 на Беларусі дзейнічалі 3 суполкі М.

Літ.:

Современные секты в России. М.; СПб., 1995.

А.​А.​Цітавец.

т. 10, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРФАНАЛО́ГІЯ,

раздзел мовазнаўства, які вывучае фаналагічную структуру марфем рознага тыпу і выкарыстанне фаналагічных адрозненняў у марфал. мэтах. Займае прамежкавае становішча паміж фаналогіяй і марфалогіяй. Даследуе фанемную структуру марфем, напр., каранёвыя марфемы назоўнікаў пераважна закрытыя («дом» — ∅, «сад» — ∅, «вад-а» і інш.), у той час як каранёвыя марфемы дзеясловаў могуць быць і закрытымі («слух-а-ць») і адкрытымі («лі-ць»); чаргаванне гукаў у розных морфах адной і той жа марфемы, напр., марфанемы ц’ — ч у морфах «кац’-» — «кач-» («каціць» — «качу»); правілы і заканамернасці спалучэння марфем у слове. На месцы спалучэння марфем узнікаюць марфемныя стыкі («марфемнае шво»), на якіх часта наглядаюцца гукавыя спалучэнні, якія не могуць сустракацца ўнутры марфемы. Напр., у бел. мове звычайна не бывае ў складзе марфемы спалучэнняў аднолькавых гукаў, аднак на марфемным стыку такія спалучэнні лёгка ўтвараюцца («па-абед-а-ць», «ад-да-ць»). На стыку марфем часцей за ўсё наглядаюцца і разнастайныя чаргаванні. Тэрмін «М.» ўвёў рас. вучоны М.​С.​Трубяцкой (1931).

Літ.:

Трубецкой Н.С. Некоторые соображения относительно морфонологии: Пер. с нем. // Пражский лингвистический кружок. М., 1967;

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987.

П.​П.​Шуба.

т. 10, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХІ́ЗМ, эмпірыякрытыцызм,

суб’ектыўна-ідэалістычны кірунак у філасофіі і метадалогіі навукі канца 19 — пач. 20 ст. Асн. прадстаўнікі Э.Мах і Р.Авенарыус. У філасофска-тэарэтычным плане да М. прымыкалі А.​Пуанкарэ, В.​Оствальд і інш. М. звязаны з крызісам «першага» пазітывізму, які не здолеў адэкватна адрэагаваць на адкрыцці ў галіне навукі і на дынамічны сац. працэс на рубяжы вякоў. Мах і Авенарыус зрабілі спробу «ачысціць» прыродазнаўства ад метафіз. (філас.) пытанняў, распрацаваць уласную строгую прыродазнаўчанавук. метадалогію і псіхалогію пазнання. У гэтым плане М. прапанаваў праграму «ачышчэння вопыту», канцэпцыі «нейтральных элементаў вопыту», «эканоміі мыслення» («найменшай траты сіл») і чыста апісальнай навукі. У выніку змест чалавечай свядомасці адрываўся ад аб’ектыўнай рэчаіснасці і ператварыўся ў «чысты вопыт», нейтральныя элементы якога здольны выступаць як аб’ектыўныя ці суб’ектыўныя з’явы. Прынцып «эканоміі мыслення» выцякае з натуральнай біял. патрэбы арганізма ў самазахаванні. У навуцы з гэтым прынцыпам арганічна звязана палажэнне аб «апісанні», якое як і мысленне, павінна быць эканомным; неабходна максімальна скараціць тлумачальную частку навукі. Пры гэтым, аднак, М. не ўлічыў істотнага — адэкватнасці адлюстравання вучоным у сваёй свядомасці зместу даследуемага аб’екта. У пач. 1920-х г. М. распаўся, на змену яму прыйшоў неапазітывізм.

Т.​І.​Адула.

т. 10, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕКСІКА́НСКАЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ 1861—67,

узброеная інтэрвенцыя Вялікабрытаніі (1862), Іспаніі (1861—62) і Францыі (1862—67) супраць Мексікі з мэтай звяржэння дэмакр. ўрада прэзідэнта Б.П.Хуарэса Гарсіі і ўстанаўлення залежнага ад еўрап. дзяржаў манарх. рэжыму. Зачэпкай для інтэрвенцыі стаў прыняты 17.7.1861 мекс. кангрэсам закон аб часовым спыненні плацяжоў па знешніх пазыках. У адказ у канцы 1861 — пач. 1862 брыт., ісп. і франц. войскі высадзіліся на ўзбярэжжа Мексікі і захапілі важнейшы порт Веракрус. Аднак рашучае супраціўленне мексіканцаў, рознагалоссі паміж дзяржавамі-агрэсарамі, адсутнасць падтрымкі інтэрвенцыі з боку ЗША, якія таксама імкнуліся замацавацца ў суседняй краіне, прымусілі Вялікабрытанію і Іспанію ў крас. 1862 вывесці свае войскі з Мексікі. Францыя працягвала вайну, летам 1863 яе войскі захапілі г. Мехіка. У крас. 1864 імператарам Мексікі абвешчаны залежны ад Напалеона III аўстр. эрцгерцаг Фердынанд Максімілян (Максімілян I). На заклік мекс. ўрада Хуарэса на барацьбу з іншаземцамі паднялося ўсё насельніцтва краіны. Масавае нар. супраціўленне, контрнаступленне рэгулярнай мекс. арміі, а таксама абвастрэнне франка-амер. адносін і непапулярнасць гэтай авантуры ў Францыі прывялі да правалу М.э. У сак. 1867 франц. інтэрвенты пакінулі тэр. Мексікі. Максімілян I, які імкнуўся аказаць супраціўленне мекс. войскам, трапіў у палон і быў расстраляны.

т. 10, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕХАНІЦЫ́ЗМ,

метад пазнання і светапогляд, заснаваныя на прызнанні механічнай формы руху матэрыі адзіна аб’ектыўнай. Адмаўляе якасную разнастайнасць з’яў у прыродзе і грамадстве і лічыць іх суб’ектыўнай ілюзіяй. У больш шырокім сэнсе М. — метад звядзення складаных з’яў да больш простых, раскладання цэлага на часткі, неспецыфічныя для гэтага цэлага (напр., на біял. адносіны пры разглядзе сац. з’яў). Узнікненне і распаўсюджанне М. звязана з дасягненнямі класічнай механікі ў 16—18 ст. (Г.​Галілей, І.​Ньютан, П.​Лаплас, Т.​Гобс, Ж.​Ламетры, П.​Гольбах), хоць асобныя яго рысы сустракаюцца ў ант. атамізме і сярэдневяковым наміналізме. У 19 ст. метады механікі распаўсюджваліся на грамадскія працэсы, сферу цеплавых з’яў, электрычнасці і магнетызму (Л.​Бюхнер, К.​Фогт, Я.​Молешот, Я.​Дзюрынг). У 20 ст. М. час ад часу адраджаўся ў новых «энергетычных», «тэрмадынамічных» і інш. канцэпцыях (В.​Оствальд, А.​Барсело і інш.), аднак дасягненні навукі 19—20 ст. разбурылі механіст. карціну свету. М. крытыкавалі Б.​Спіноза, Г.​Лейбніц, Д.​Дзідро; як метад мыслення пераадолены Г.​Гегелем (яму належыць тэрмін М.). М. зрабіў значны ўклад у развіццё навукі і філасофіі, прапанаваў прыродазнаўчанавук. разуменне многіх з’яў прыроды, вызваліў іх ад міфалагічнага і рэліг.-стахаст. тлумачэння.

І.​В.​Катляроў.

т. 10, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКІ ВАРВА́РЫНСКІ МАНАСТЫ́Р,

жаночы манастыр у г. Пінск Брэсцкай вобл. ў 16—19 ст. Вядомы паводле пісьмовых крыніц з 1520, калі кн. Фёдар Яраславіч з жонкай адпісалі яму вёскі Высокае, Гальцы, Дубай, Ласіцк, двор Піскалаўшчына ў в. Асобавічы. Аднак, верагодна, манастыр першапачаткова засн. ў Тураве ў часы ўдзельнага княства і быў пераведзены ў Пінск у 15—16 ст. У 16—18 ст. ігуменні паходзілі з вядомых родаў — Валовічаў, Велятыцкіх, Войнаў, Ордаў, Пачапаўскіх, Сапегаў, Трызнаў, Шырмаў. Пры ігуменні Ефрасінні Трызне (канец 16 — пач. 17 ст.) манастыр стаў уніяцкім, ігумення набыла вёскі Завідчыцы і Жытнавічы; манастыру належалі 32 валокі зямлі і 732 душы, 23 пляцы ў Пінску і 2 у Слуцку. Пасля Полацкага царкоўнага сабора 1839 манастыр зноў стаў праваслаўны. У 1842 дзяржава пакінула яму 147 дзес. зямлі і 100 сялян, з казны была прызначана гадавая пенсія 1455 руб., графіня Г.​Арлова запісала манастыру 10 тыс. руб. серабром. У той час жыло 9—14 манашак, мелася вучылішча для дачок дваран і святароў (навучалі чытанню, пісьму, рукадзеллю). Будынкі былі драўляныя. У 1858—75 манастыр размяшчаўся ў арх. комплексе б. Пінскага касцёла і кляштара бернардзінцаў, потым пераведзены ў Мінск. У 1993 дзейнасць манастыра адноўлена ў Пінску.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 12, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЮСКВАМПЕРФЕ́КТ (ад лац. plusquamperfectum),

даўно мінулы час, складаная дзеяслоўная форма прошлага часу старажытных славянскіх моў. У стараж.-рус. мове ўжываўся пераважна для абазначэння даўно мінулага дзеяння, якое адбылося раней за якое-н. інш. дзеянне. Утвараўся шляхам спалучэння дапаможнага дзеяслова «быти» ў форме імперфекта і аорыста адпаведнай асобы з дзеепрыметнікам на «-л», які змяняўся па родах і ліках. Са знікненнем у жывой мове аорыста і імперфекта дапаможны дзеяслоў у складзе П. ўжываўся ў форме перфекта «есмь былъ пришелъ». Паступова была страчана звязка ў складзе перфекта і ў дзеепрыметніках мужч. роду адз. л., канцавое «л» змянілася ў «ў»: «есмъ былъ пришелъ — я быў прыйшоў». П. зрэдку выкарыстоўваецца ў сучаснай бел. мове для абазначэння мінулага дзеяння, якое толькі пачыналася, але было перапынена якім-н. іншым: «Дзве хурманкі прыехалі былі на вяселле, дык і тыя сёння рана паехалі дадому» (К.​Крапіва). У літ. творах зрэдку пад уплывам рус. мовы трапляюцца формы П., дзе пры дзеепрыметніку на «-л» ужываецца нязменная часціца «было»: «Следам за ім памкнуліся было злазіць і сувязныя, але Злобіч стрымаў іх» (М.​Ткачоў). Аднак такое ўжыванне — парушэнне літ. нормы.

Літ.:

Булыка А.М., Жураўскі А.І., Крамко І.І. Гістарычная марфалогія беларускай мовы. Мн., 1979.

А.​І.​Жураўскі.

т. 12, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЕПА́РХІЯ,

найстарэйшая хрысціянская епархія на Беларусі. Засн. як адм.-тэр. адзінка Кіеўскай мітраполіі (традыц. дата заснавання 992). Кафедральным храмам стаў Полацкі Сафійскі сабор. У 1511 епархія атрымала статус архіепіскапіі, што сведчыла пра яе высокі духоўны аўтарытэт. У выніку Брэсцкай уніі 1596 стала уніяцкай. У 17 ст. двойчы рабіліся спробы прызначыць на полацкую кафедру правасл. епіскапа. У 1833 епархія адноўлена, у 1839 архірэйскі дом пераведзены ў Віцебск. У 1920-я г. ў сувязі з антырэліг. палітыкай улад царк. жыццё заняпала, у канцы 1930-х г. дзеючых храмаў не было. У 1942 абвешчана аднаўленне епархіі ў складзе Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, аднак у ваен. умовах гэты акт меў фармальны характар. Пасля вайны епіскапы не прызначаліся. У 1989 П.п.е. адноўлена як епархія Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхата, ахоплівала тэр. Віцебскай вобл. У 1992 пасля стварэння Віцебскай епархіі межы П.п.е. звузіліся і ахопліваюць цяпер тэр. Полацкага, Браслаўскага, Верхнядзвінскага, Глыбоцкага, Докшыцкага, Лепельскага, Міёрскага, Пастаўскага, Расонскага, Ушацкага і Шаркаўшчынскага р-наў Віцебскай вобл. На канец 2000 у епархіі было 86 прыходаў, 56 святароў, 5 дыяканаў, Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр (адноўлены ў 1990). З 1995 адноўлена выданне «Полоцких епархиальных ведомостей».

Літ.:

Шейкин Г.Н. Полоцкая епархия. Мн., 1997.

Г.​М.​Шэйкін.

т. 12, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬЗА́К ((Balzac) Анарэ дэ) (20.5.1799, г. Тур, Францыя — 18.8.1850),

французскі пісьменнік, пачынальнік рэалізму 19 ст. Вучыўся ў Вандомскім каледжы; у 1819 скончыў парыжскую Школу права, адначасова праслухаў курс л-ры ў Сарбоне. Першы твор — класіцыстычная трагедыя ў вершах «Кромвель» (1820). Поспех і прызнанне прыйшлі з выхадам гіст. рамана «Шуаны» (1829). Прыярытэтам эстэт. сістэмы пісьменніка стаў матэрыяльны свет і будзённае жыццё. Гэта выходзіла па-за межы рамантызму, які панаваў у л-ры да 1830-х г. Аднак традыцыі рамант. мастацтва заўсёды прысутнічалі ў творчасці Бальзака, выяўляліся пры адлюстраванні ўсёпаглынальнай страсці герояў. Назіральнасць і празорлівасць пісьменніка дазволілі зразумець гал. тэндэнцыю эпохі — эканам. пераразмеркаванне багацця, уласнасці і выхад на авансцэну новых уладароў жыцця — фінансістаў, спекулянтаў, ліхвяроў, дзялкоў, якія вырашалі лёс грамадства, стваралі жывую гісторыю. Так нарадзіліся вобразы Габсэка, Грандэ, Гарыо, Нусінгена. Адчуванне свету ў яго цэласнасці і ўнутранай узаемазвязанасці прывяло Бальзака ў 1834 да задумы стварыць «грандыёзны раман пра грамадства», людзей і падзеі 19 ст., якая рэалізавана ў вялізным цыкле раманаў і навел (каля 100) пад назвай «Чалавечая камедыя» пра Францыю перыяду Рэстаўрацыі і Ліпеньскай манархіі. Вылучаюцца 3 яго часткі (эцюды). «Эцюды звычаяў» падзяляліся на сцэны прыватнага («Габсэк», 1830; «Трыццацігадовая жанчына», 1831—34, канчатковая рэд. 1842; «Бацька Гарыо», 1834—35, і інш.), правінцыяльнага («Яўгенія Грандэ», 1833; «Музей старажытнасцяў», 1836—38; «Страчаныя ілюзіі», 1837—43, і інш.), парыжскага («Бляск і ўбоства куртызанак», 1838—47; «Кузіна Бэта», 1846; «Кузэн Понс», 1847, і інш.), ваеннага («Шуаны» і інш.), паліт. («Цёмная справа», 1841, і інш.) і вясковага («Вясковы лекар», 1833, і інш.) жыцця. «Філасофскія эцюды» склалі «Шчыгрынавая скура» (1830—31), «Элексір даўгалецця» (1830), «Пошукі абсалюту» (1834) і інш. У «аналітычныя эцюды» ўвайшлі «Фізіялогія шлюбу» (1829), «Дробныя нягоды сямейнага жыцця» (1845—46) і інш. Творы аб’ядноўваліся агульнымі героямі, якія ўяўлялі сабой розныя тыпы: узроставыя, прафесійныя, сацыяльныя, маральныя, псіхалагічныя і гэтак далей. Бальзак абараняў манархію, каталіцызм і адначасова захапляўся бурж. прагрэсам. Аднак ніхто лепш за яго не паказаў заганы грамадства, у якім грошы і асабісты інтарэс вынішчаюць усё лепшае, натуральнае з чалавечых адносін і здольныя ператварыць чалавека ў монстра. Творчая манера Бальзака вызначаецца апісальнасцю, стыль — дэталёвасцю, жывапіснасцю. Яму належаць таксама збор навел «Свавольныя апавяданні» (1832—37), п’есы («Мачаха», 1848, і інш.), крытычныя артыкулы («Эцюд пра Бейля», прадмова да «Чалавечай камедыі» і інш.). На бел. сцэне ставіліся спектаклі па п’есах Бальзака «Мачаха», «Драпежніца», раманах «Яўгенія Грандэ», «Баламутка» («Жыццё халасцяка»).

Тв.:

Бел. пер. — Габсэк. Мн., 1993;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—24. М., 1960.

Літ.:

Реизов Б.Г. Бальзак: Сб. статей. Л., 1960;

Бальзак в воспоминаниях современников. М., 1986;

Моруа А. Прометей, или Жизнь Бальзака: Пер. с фр. М., 1988.

С.​Д.​Малюковіч.

А. дэ Бальзак.

т. 2, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)