РАГАЧО́ЎСКІ ПАЛА́Ц.

Існаваў у 2-й пал. 16—1-й пал. 20 ст. ў г. Рагачоў Гомельскай вобл. Па традыцыі наз. замкам Боны, сапраўдная назва невядомая. У 19 ст. выкарыстоўваўся як правіянцкі склеп. Мураваны 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак (21 × 14 м) быў накрыты вальмавым дахам. Вуглы ўмацаваны магутнымі контрфорсамі, якія па вышыні даходзілі да сярэдзіны 2-га паверха. На верхні паверх вяла адкрытая галерэя з лесвіцай, вырашаная на гал. фасадзе цыркульнай аркадай. У аздабленні фасадаў былі выкарыстаны элементы рэнесансавай ордэрнай пластыкі.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 13, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ЛА,

старажытная ворыўная прылада, папярэдніца сахі і плуга. Пашырана ва ўсіх земляробчых народаў. Складалася з рабочай часткі — ральніка, на канец якога насаджваўся жал. наральнік, градыля (дышля) і ручак для кіравання. Паводле канструкцыі падзяляліся на Р. з полазам і без яго, прама- і крываградзільнае, якія ў сваю чаргу мелі шэраг варыянтаў. Ва Усх. Еўропе Р. паявілася ў 1-й пал. 1-га тыс. н.э. Самае стараж. на Беларусі Р. знойдзена каля в. Капланавічы Клецкага р-на Мінскай вобл., якое належала плямёнам зарубінецкай культуры.

Драўлянае рала 13 ст. з Брэста.

т. 13, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМАЛІ́НА (Ramalina),

род кусцістых лішайнікаў сям. рамалінавых. Каля 175 відаў. На Беларусі 10 відаў. Найб. вядомыя Р.: мучністая (R. farinacea), пылковая (P. pollinaria), ясянёвая (R. fraxinea). Растуць пераважна на галінах і ствалах дрэў, апрацаванай драўніне, радзей на камянях і інш. субстратах.

Слаявіна кусцістая, лопасцевая, шэра-зялёная, жаўтаватая або белая. абвіслая ці прамастойная, прымацаваная да субстрату асновай. Пладовыя целы (апатэцыі) бакавыя або канцавыя. Споры двухклетачныя. Некат. віды маюць араматычныя рэчывы, якія выкарыстоўваюцца ў парфумернай прам-сці.

У.​У.​Галубкоў.

Рамаліна: 1 — мучністая; 2 — пылковая; 3 — ясянёвая.

т. 13, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЎНАДЗЕ́ЙНАЯ сістэмы сіл, сіла, якая аказвае на цвёрдае цела такое ж механічнае дзеянне, як і дадзеная сістэма сіл, што прыкладзены да цела. Р. сістэмы n сіл R = i = 1 n Fi , дзе Fi — адна з сіл, што дзейнічаюць на цела, i = 1, 2, ..., n. У найпрасцейшых выпадках, калі сілы прыкладзены да аднаго пункта або размешчаны ў адной плоскасці, Р. можна знайсці, карыстаючыся правілам паралелаграма. Р. мае не кожная сістэма сіл: напр., пара сіл або 2 сілы, якія не ляжаць у адной плоскасці, Р. не маюць.

т. 13, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЦЭМА́ТЫ,

сумесі энатыямераў, якія не праяўляюць аптычнай актыўнасці. Існуюць у выглядзе рацэмічных сумесей крышт. энантыямераў (кангламерат — простая сумесь аптычных антыподаў, узятых у эквімалекулярнай колькасці) ці рацэмічных змешаных крышталёў, утвораных абодвума энантыямерамі (гл. Аптычная ізамерыя), і малекулярных злучэнняў (сапр. Р.), утварэнне якіх абумоўлена вадароднымі сувязямі, індукцыйным і дысперсійным узаемадзеяннямі. Атрымліваюць Р. пры хім. (неасім.) сінтэзе, а таксама пры рацэмізацыі — абарачальным узаемным ператварэнні энантыямераў, якое адбываецца звычайна не самаадвольна, а, напр., пад уздзеяннем кіслот, шчолачаў, пры павышэнні т-ры. Вылучэнне энантыямераў з іх рацэмічнай сумесі наз. расшчапленнем Р. (працэс адваротны рацэмізацыі).

т. 13, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ДАВАЯ ТРА́ЎМА НОВАНАРО́ДЖАНЫХ,

пашкоджанне органаў і тканак плода пры родах. У выніку бывае кефалагематома (паднадкоснічнае кровазліццё ў вобласці касцей чэрапа, часцей цемянных), крывашыя, пералом ключыцы і інш. касцей (рук, ног), пашкоджанне тварнага нерва (асіметрыя твару), вялы параліч рукі. Найб. небяспечныя траўмы спіннога мозга і ц. н. с., якія ўзнікаюць часцей на фоне асфіксіі плода і ў выніку мех. пашкоджанняў (могуць прывесці да інваліднасці і парушэння разумовага развіцця). Большасць відаў траўмаў праходзіць бясследна. Прафілактыка: ахова здароўя цяжарнай жанчыны, правільнае правядзенне родаў. Лячэнне спецыфічнае.

І.​У.​Дуда.

т. 13, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́САС ((Rosas) Хуан Мануэль дэ) (30.3.1793, Буэнас-Айрэс — 14.3.1877),

аргенцінскі дзярж. дзеяч. Генерал (1828). З 1820 нач. міліцыі, у 1828—32 і 1835—1852 губернатар прав. Буэнас-Айрэс, фактычна вярх. правіцель Аргенціны. Лідэр Федэралісцкай партыі. Пры Р. адбылася стабілізацыя ўнутр. становішча Аргенціны пасля грамадз. войнаў, якія краіна перажыла пасля заваявання незалежнасці. Адначасова ўсталяваў асабістую дыктатуру, жорстка душыў усялякую апазіцыю. Ініцыіраваў працяглы ўзбр. канфлікт з Уругваем. У лют. 1852 армія Р. разбіта аб’яднанымі войскамі Уругвая, Бразіліі і арг. паўстанцаў, пасля чаго ён уцёк у Вялікабрытанію.

т. 13, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЎНАСЦЬ у матэматыцы,

суадносіны ўзаемнай замяняльнасці аб’ектаў, якія з прычыны наяўнасці такой замяняльнасці і лічацца роўнымі. Р. 2 аб’ектаў a і b (функцый, лікавых або літарных выразаў, элементаў мностваў і інш.) запісваецца ў выглядзе a = b, дзе матэм. знак «=» наз. знакам Р. Напр.: 10 + 6 = 2​4; (a ± b)​2 = a​2±2ab + b​2; sin2α = 2sinαcosα. Асн. ўласцівасці Р.: рэфлексіўнасць (кожны аб’ект роўны самому сабе — a = a); сіметрыя (калі a = b, то b = a); транзітыўнасць (калі a = b і b = c, то a = c). Гл. таксама Тоеснасць у матэматыцы, Ураўненне.

т. 13, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РТУ́ТНЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінер. ўтварэнні, якія выкарыстоўваюцца для прамысл. здабычы ртуці. Гал. рудны мінерал — кінавар (мае ртуці 86,2%), другасныя — метацынабарыт, самародная ртуць, лівінгстаніт і інш. Р.р. падзяляюцца на вельмі багатыя або штуфныя (5—10% і больш Hg), багатыя (каля 1%), радавыя (0,2—0,3%), бедныя (0,06—0,12%), убогія (0,02—0,06%) і ртуцьзмяшчальныя (0,01—0,00001%). Паклады пластападобныя і кантактавыя, жылы, гнёзды, штокверкі. Радовішчы нізкатэмпературныя гідратэрмальныя, радзей вулканагенныя, адзначаны выпадкі сучаснага адкладу ртуці з вод тэрмальных крыніц (штат Невада, ЗША; Новая Зеландыя; Камчатка). Найб. значныя запасы Р.р. у Іспаніі, Італіі, ЗША, Турцыі, Алжыры.

т. 13, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБАІ́ (араб. чатырохрадкоўе),

форма лірычнай паэзіі Б. і Сярэдняга Усходу, Сярэдняй і Паўд.-Усх. Азіі. Служыць для выражэння лірычнай тэмы, па-філасофску асэнсаванай і інтэрпрэтаванай. Запазычаны з фальклору персаў і таджыкаў (інш. назвы Р. — дубайці ці таранэ). З персамоўнай л-ры Р. праніклі ў араб. і цюркамоўныя л-ры і ў л-ру урду. Складаюцца з чатырохрадкоўяў (ці двух бейтаў), якія рыфмуюцца ааба, радзей аааа. У пісьмовай л-ры з’явіліся ў 9—10 ст. З 2-й пал. 12 ст. саступілі месца газелі. Найб. вядомыя майстры Р. — Умар Хаям, Рудакі, Ханзале.

т. 13, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)