беларускі фальклорна-харэаграфічны ансамбль у ЗША. Існаваў у 1956—92. Створаны ў Нью-Йорку членамі эмігранцкіх арг-цый Бел.-амер. задзіночання (БАЗА) і Арганізацыі бел.-амер. моладзі (АБАМ). Кіраўнік А.Орса-Рамана. У складзе ансамбля танц., інстр. і вак. групы. У аснове рэпертуару бел.нар. танцы «Лявоніха», «Полька-Янка» і інш., а таксама творы, вывезеныя ў Амерыку і захаваныя бел. каланістамі з розных рэгіёнаў Беларусі. Калектыў удзельнічаў у культ.-паліт. імпрэзах, якія наладжвалі ў Амерыцы і Канадзе бел. эмігранцкія асяродкі, выступаў на агульнаамер. этнічных святах на сцэнах «Лінкальн-Цэнтра» і «Эліс-Тыл-Хола». У 1990 гастраліраваў на Беларусі і ў Вільні, удзельнічаў у свяце Купалля ў Вязынцы і ў Заслаўі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАХТА́НГ VI (1675—27.3.1737),
грузінскі паліт. дзеяч, пісьменнік, вучоны. Намеснік, потым цар Картлі ў 1703—12, 1719—24. У знешняй палітыцы арыентаваўся на Расію. Пад яго кіраўніцтвам створаны кодэкс феад. права Грузіі (гл.Вахтанга законы). У 1709 па яго ініцыятыве ў Тбілісі заснавана 1-я груз. друкарня (у 1712 выйшла першае друк. выданне паэмы Ш.Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры» з навук. каментарыямі Вахтанга). Стварыў камісію вучоных для складання гісторыі Грузіі 14—18 ст. У 1712—19 адхілены ад улады шахам Ірана. Ускладненне знешніх і ўнутр. абставін, няздольнасць процістаяць тур. агрэсіі прымусілі Вахтанга ў 1724 эмігрыраваць у Расію. Выношваў планы вызвалення Грузіі. Паэзіі Вахтанга ўласцівыя патрыят. матывы. Быў таксама лексікографам і перакладчыкам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ГЕНЕРА ГІПО́ТЭЗА,
гіпотэза, паводле якой абгрунтоўваецца рух кантынентаў у гарызантальным напрамку. Выказана А.Вегенерам у 1912. У аснове гіпотэзы — падабенства зах. і ўсх. берагоў Атлантычнага ак., якія дакладна сумяшчаюцца. Паводле Вегенера гіпотэзы, каля 200 млн. гадоў назад пачаўся распад і разыходжанне кавалкаў першапачаткова адзінага звышмацерыка Пангея. На падставе тэорыі ізастазіі і геал. даных Вегенер лічыў, што мацерыковыя гранітныя глыбы перамяшчаліся на тысячы кіламетраў па нерухомым базальтавым слоі. Гэта першая гіпотэза мабілізму, якая атрымала развіццё пасля Міжнар.геафіз. года (1957—58) і адкрыцця сувязі паміж працэсамі ў мантыі і зямной кары (гл.таксамаДрэйф кантынентаў).
Т.В.Якубоўская.
Да арт.Вегенера гіпотэза. Гіпатэтычны мацярык Пангея і яго разыходжанне на сучасныя мацерыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНЕ́РЫН ЧАРАВІ́ЧАК (Cypripedium),
род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ва ўмераным і халодным паясах Паўн. паўшар’я: 1 від трапляецца ў Мексіцы. На Беларусі вельмі рэдка ў шыракалістых, хвойных і мяшаных лясах трапляецца венерын чаравічак сапраўдны, або жоўты (Cypripedium calceolus), які занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь, таксама трапляліся буйнакветкавы (Cypripedium macranthon) і плямісты (Cypripedium guttatum), якія лічацца зніклымі.
Шматгадовыя травяністыя расліны з моцнымі ўзыходнымі сцёбламі выш. да 50 см і гарызантальным карэнішчам. Лісце простае, шырокаавальнае або эліпсоіднае. Кветкі вялікія, адзіночныя або сабраныя па 2—3 у гронкі, рознай афарбоўкі і арыгінальнай формы (мехападобна ўздутая губа калякветніка нагадвае чаравічак, адсюль назва). Плод — каробачка з вельмі дробным насеннем. Дэкар. і лек. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕТЭРЫНА́РНА-САНІТА́РНЫ НАГЛЯ́Д,
сістэма мерапрыемстваў па кантролі вет.-сан. стану жывёл і якасці атрыманых ад іх прадуктаў або сыравіны. На Беларусі дзярж. ветэрынарна-санітарны нагляд ажыццяўляецца ўсімі вет. ўстановамі краіны і вет. інспектарамі адпаведных прадпрыемстваў і ўстаноў. У сферу ветэрынарна-санітарнага нагляду ўваходзяць жывёлагадоўчыя гаспадаркі і іх вытв. памяшканні, прадпрыемствы па забоі жывёл, перапрацоўцы мяса і мясных прадуктаў (мясакамбінаты, птушкафабрыкі, халадзільнікі і інш.), працэсы нарыхтоўкі і перапрацоўкі малака, малочных прадуктаў і сыравіны жывёльнага паходжання, а таксама рынкі, выпасы, вадапоі, фуражныя склады, гнаясховішчы, трансп. сродкі, абсталяванне па доглядзе жывёл, кармы, бойні, утылізацыя трупаў жывёл. Па выніках ветэрынарна-санітарнага нагляду праводзяцца неабходныя мерапрыемствы, накіраваныя на прадухіленне пашырэння антрапазаанозаў і інш. хвароб і своечасовае аказанне ветэрынарнай дапамогі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕТЭРЫНА́РНЫ СТАТУ́Т РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
дзяржаўны нарматыўны акт, які вызначае задачы вет. службы, асновы арганізацыі вет. мерапрыемстваў. З’яўляецца часткай Закону Рэспублікі Беларусь «Аб ветэрынарнай справе». Зацверджаны ў 1995.
Змяшчае асн. палажэнні па кіраванні вет. справай і арганізацыі вет. абслугоўвання жывёлагадоўлі, рэгламентуе правы і абавязкі службаў і спецыялістаў. У статуце выкладзены вет.-сан. правілы для жывёлагадоўчых фермаў, каранцінныя і інш. абавязковыя меры па ліквідацыі заразных хвароб жывёлы і птушкі, спец. патрабаванні, якія дзейнічаюць пры нарыхтоўках, перагоне, перавозках і забоі жывёлы, і правілы вет.-сан. нагляду за прадуктамі і сыравінай жывёльнага паходжання, меры аховы тэрыторыі рэспублікі ад заносу заразных хвароб жывёлы з замежных краін, парадак імпарту і экспарту жывёлы і прадуктаў жывёлагадоўлі. Гл.таксамаВетэрынарна-санітарны нагляд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУКА́РКА, бухарка (Coenorrhinus),
род насякомых сям. трубакрутаў атр. жукоў. 11 відаў. Пашыраны ў Еўропе (акрамя Пн), Іране, Турцыі, у Прыморскім краі; на Беларусі — усюды. Найб. вядома букарка пладовая (C. pauxillus).
Даўж. цела 1,8—3 мм. Надкрылы цёмна-сінія з метал. бляскам, укрыты валаскамі і падоўжнымі кропкавымі баразёнкамі. Галава-трубка моцна выгнутая. Лічынка даўж. да 3 мм, светла-жоўтая з цёмнай галавой, бязногая, выгнутая. Кукалка жаўтавата-белая, даўж. 2,5—3 мм. Зімуюць жукі ў глебе. Вясной яны праколваюць хабатком пупышкі, бутоны і лісце яблыні, грушы, слівы, радзей айвы, вішні, чаромхі і інш., выядаюць завязь, тычынкі, маладое кволае лісце, якое засыхае і ападае; таксама шкодзяць раслінам і лічынкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛГАКО́ЎСКІ (Дзмітрый Гаўрылавіч) (1845—1918?),
бел. этнограф, фалькларыст, краязнавец. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1869). У 1902 адмовіўся ад духоўнага сану. Працаваў настаўнікам рус. і царк.-слав. моў у Ваўкавыску. Друкаваў артыкулы, фальклорна-этнагр. творы ў газетах «Новое время», «Санкт-Петербургские губернские ведомости», «Минские губернские ведомости» і інш. Аўтар прац «Беларускія песні. Валачобныя» (1868), «Практычны дапаможнік па наглядным засваенні рускага правапісу» (1873), «Гістарычны нарыс Ваўкавыска, павятовага горада Гродзенскай губерні» (1881) і інш. У 1890 выдаў фальклорна-этнагр. зборнік «Пінчукі», прысвечаны духоўнай культуры насельніцтва цэнтр. часткі Палесся (уключае песні, загадкі, прыказкі, прымаўкі, а таксама апісанні вераванняў, абрадаў і звычаяў). Аўтар рамана «Блізняты» (1903), аповесці «У баку ад жыцця» (1909; на аўтабіягр. матэрыяле).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРЭ́ННЕ,
стварэнне горнай вырабаткі цыліндрычнай формы (свідравіны, шпура, шахтавага ствала). Адрозніваюць бяскернавае (суцэльнае; разбурэнне горных парод адбываецца па ўсёй плошчы забою) і калонкавае (толькі па кальцавой пляцоўцы каля сцен свідравіны; слупок неразбуранай пароды — керн — дастаюць на паверхню). Кавалкі пароды выдаляюцца са свідравіны шнэкам, жалонкай або прамывачнай вадкасцю.
Бывае механічнае (вярчальнае, ударнае) э непасрэдным уздзеяннем буравога інструменту на пароду і таксама гідраўлічнае, тэрмічнае, хім. і інш.; у залежнасці ад тыпу інструменту — шнэкавае, шарошачнае, цвердасплаўнае, алмазнае; паводле тыпу буравой машыны — перфаратарнае, гідраўдарнае, турбіннае, электрабурэнне; паводле размяшчэння свідравін — нахільнае, куставое, шматствольнае і інш. Бурэнне выкарыстоўваюць для пошуку карысных выкапняў, здабычы вады, нафта, газу, расолаў, асушэння, вентыляцыі падземных збудаванняў, буд-ва палевых фундаментаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭ́ТА-СПЕКТРО́МЕТР,
прылада для вымярэння энергетычнага размеркавання (спектра) электронаў ці пазітронаў, што ўтвараюцца пры бэта-распадзе, а таксама электронаў, якія вылучаюцца рэчывам пры ўздзеянні на яго іанізавальных выпрамяненняў.
Асн. характарыстыкі бэта-спектрометра: раздзяляльная здольнасць (найменшая розніца ў энергіі электронаў, якая можа быць зарэгістравана) і святласіла (адносіны колькасці электронаў, што папалі ў дэтэктар, да ўсёй колькасці электронаў дадзенай энергіі, якія вылучаны крыніцай). Здабытак святласілы на плошчу крыніцы электронаў наз. свяцільнасцю: чым яна большая, тым больш адчувальны бэта-спектрометр. Адрозніваюць бэта-спектрометры, што вымяраюць энергію электронаў па выніку іх уздзеяння на рэчыва (іанізацыйныя камеры, сцынцыляцыйныя лічыльнікі, паўправадніковыя дэтэктары), і бэта-спектрометры, якія прасторава раздзяляюць электроны розных энергій у эл. і магн. палях.