НЕАСЛАВЯНАФІ́ЛЬСТВА,

плынь у рас. філасофіі канца 19 ст., заснаваная на новым тэарэт. абгрунтаванні ідэі славянафілаў аб процілеглым грамадскім развіцці Усходу і Захаду і асобай гіст. ролі славян, асабліва Расіі. Прадстаўнікі Н. (М.Данілеўскі, М.​Страхаў, К.​Лявонцьеў, У.Салаўёў) выступалі супраць ідэй франц. матэрыялістаў і рас. рэв. дэмакратаў, адмаўлялі прынцыпы дарвінізму, магчымасць развіцця Расіі па шляху еўрап. цывілізацыі, падтрымлівалі рас. самадзяржаўе, абгрунтоўвалі тэзіс пра «асаблівыя пачаткі» рас. гісторыі. Імкнуліся даказаць «богаабранасць Расіі», лічылі яе вольнай ад сац. варожасці і рэвалюцыянізму, сцвярджалі, што толькі моцная царская ўлада і рэліг.-этычны пачатак (праваслаўе) уратуюць краіну ад «згубнага ўплыву гніючага Захаду». Данілеўскі прапанаваў тэорыю адасобленых «культурна-гіст. тыпаў» (цывілізацый), якія развіваюцца на ўзор біял. арганізмаў і праходзяць праз этнагр., племянны (юнацтва), дзярж. (сталасць) і цывілізаваны (старасць, заняпад) перыяды. Якасна новым ён лічыў «славянскі» тып, паколькі Расія ўступіла ў перыяд росквіту, а еўрапейскі тып перажывае перыяд заняпаду, таму славянскае супольніцтва на чале з Расіяй будзе садзейнічаць «усяму высокаму» ў чалавецтве. Прыхільнікам ідэі месіянізму быў і Салаўёў. Лявонцьеў і Страхаў з пазіцый Н. прапагандавалі тэорыю «почвеніцтва», засн. на ідэі збліжэння народа («глебы») і «адукаваных саслоўяў». Ідэі Н. крытыкавалі М.​Чарнышэўскі, Дз.​Пісараў, М.​Салтыкоў-Шчадрын, К.​Ціміразеў і інш. прадстаўнікі рэв.-дэмакр. кірунку ў філасофіі.

І.​В.​Катляроў.

т. 11, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІСНЕ́ВІЧ (Сіма Герасімаўна) (2.2.1914, г. Чэрвень Мінскай вобл. — 5.3.1985),

бел. музыказнавец, педагог. Сястра І.Г.Нісневіча. Скончыла БДУ (1936), Бел. кансерваторыю (1941, клас В.Залатарова), у 1944—83 выкладала ў ёй (з 1974 дацэнт). У 1954—57 адначасова ў Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Даследавала гісторыю бел. прафес. музыкі, яе сувязі з нац. фальклорам. Складальнік «Хрэстаматыі па беларускай музычнай літаратуры» (т. 1—2, 1959—61), муз. часткі і аўтар уступных артыкулаў да зб. «Жартоўныя песні» (1974), «Песні пра каханне» (1978) у шматтомнай серыі «Беларуская народная творчасць», аўтар падручніка «Беларуская музычная літаратура» (3-е выд., 1981), сааўтар «Гісторыі беларускай савецкай музыкі» (1971), «Гісторыі беларускай музыкі» (1976).

Тв.:

Белорусская симфоническая музыка. Мн., 1959;

Народный артист БССР Н.​И.​Аладов. Мн., 1959;

В.​А.​Золотарев. М., 1964;

Генрых Вагнер. Мн., 1969;

Очерки по истории советской белорусской музыкальной культуры. 2 изд. Л., 1969 (разам з І.​Г.​Нісневічам);

Да гісторыі збірання, вывучэння і выкарыстання беларускіх народных напеваў // Музыка нашых дзён. Мн., 1971;

Яўген Цікоцкі. Мн., 1972;

Белорусская народная песня в симфоническом творчестве национальных композиторов (20—30-е гг.) // Вопросы теории и истории музыки. Мн., 1976;

Некоторые принципы использования национального фольклора в белорусской профессиональной музыке // Музыкальная культура БССР. М., 1977.

Р.​М.​Аладава.

т. 11, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНІ́ЗНІК (Сяргей Сцяпанавіч) (н. 10.5.1942, в. Бабышкі Міёрскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. паэт і перакладчык. Скончыў Магілёўскае мед. вучылішча (1962), ф-т журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-паліт. вучылішча (1967). З 1967 ваен. журналіст. З 1977 у газ. «Вячэрні Мінск», з 1980 на Дзяржтэлерадыё БССР, у 1982—96 у выд-ве «Юнацтва», адначасова ў 1992—94 у Нац. навук.-асв. цэнтры імя Ф.​Скарыны, у 1996—99 вучоны сакратар Літ. музея Я.​Купалы. Друкуецца з 1959 (мае псеўд. Сяргей Папар). У зб-ках паэзіі «Кастры Купалля» (1967), «Палявая пошта» (1972), «Крона надзеі» (1975), «Чало і век» (1979), «Слова на дабрыдзень» (1982), «Мацярык» (1984), «Стырно» (1989), «А пісар земскі...» (1994) і інш. услаўленне роднага краю і яго духоўнай спадчыны, пераемнасці пакаленняў, філас. роздум над часам і гісторыяй свайго народа. Аўтар кн. публіцыстыкі «Пасля вогненных вёсак...» (1980). Аповесці «Браніслава» (1985), «Асвейская трагедыя» (1992) пра Саласпілскі лагер смерці. Піша для дзяцей: зб-кі вершаў «Адкуль вясёлка п’е ваду» (1981), «Жыцень» (1986), «Мы — грамацеі!» (1989), «Золкая зёлка» (1999). З 1990 укладае штогоднік гіст. л-ры «Бацькаўшчына». Даследуе бел.-лат., бел.-ўкр., бел.-чэш. гіст. і культ. сувязі. Перакладае паэзію з інш. моў (зб. «Сустрэча роднасных сусветаў», 1997). На некат. яго вершы напісаны песні.

І.​У.​Саламевіч.

т. 12, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАПСІХАЛО́ГІЯ (ад пара... + псіхалогія),

галіна псіхал. даследаванняў, якая вывучае формы пачуццёвасці, што забяспечваюць спосабы прыёму інфармацыі і якую нельга растлумачыць дзейнасцю вядомых органаў пачуццяў, таксама адпаведныя формы ўздзеяння адной жывой істоты на другую, на фіз. аб’екты, інш. нестандартныя здольнасці арганізма. Разам з паняццем «П.» ажываюць таксама паняцці «псіхатроніка», «біяінфармацыя», «біяінтраскапія» і інш. Вылучаюць тыпы форм пачуццёвасці: тэлепатыя — мысленныя зносіны паміж тымі, хто перадае і хто прымае (індуктар і рэцыпіент); яснабачанне — атрыманне ведаў пра аб’ектыўныя падзеі знешняга свету, не заснаванае на рабоце вядомых органаў пачуццяў і меркаваннях розуму; прадбачанне (праскапія) — прыватны выпадак яснабачання, які адносіцца да прадказання будучых падзей; лазашукальніцтва (біяфіз. эфект) — пошук з дапамогай індыкатара (сагнуты металічны дрот, лаза і інш.) падземных вод, руды, пустаты і інш.; парадыягностыка — пастаноўка заснаванага на яснабачанні мед. дыягназу без кантакту з хворым. Гэтыя формы пачуццёвасці часта аб’ядноўваюцца паняццем экстрасенсорнага ўспрымання. Яснабачанне, тэлепатыю і прадказанне адносяць да псі-феномена, а мысленнае ўздзеянне на аб’ект на адлегласці (псіхакінез, тэлекінез) — да псі-капафеномена.

Даследаванні феномена П. вядуцца з канца 19 ст., калі ў Лондане засн. «Таварыства для вывучэння псіхічных з’яў». Яно садзейнічала пазнанню псіхал. заканамернасцей гіпнозу, ідэаматорных актаў, субсенсорнага ўспрымання, фенаменальнай памяці, вылічальных здольнасцей. Многія з існуючых т-ваў і лабараторый аб’ядноўвае Міжнар. парапсіхалагічная асацыяцыя (Нью-Йорк).

В.​В.​Краснова.

т. 12, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕСТАЛО́ЦІ ((Pestalozzi) Іаган Генрых) (12.1.1746, г. Цюрых, Швейцарыя — 17.2.1827),

Швейцарскі педагог, адзін з заснавальнікаў дыдактыкі пач. навучання. Скончыў 2 курсы калегіума Каралінум. У 1774—80 узначальваў «Установу для бедных у Найхафе», у 1798—99 — прытулак для сірот у Станцы, у 1800—04 — ін-ты ў Бургдорфе і ў 1805—25 у Івердоне. У сваім светапоглядзе спалучаў ідэі франц. асветнікаў, у асн. Ж.Ж.Русо, з тэорыямі ням. філосафаў Т.Лейбніца, І.Канта, І.Г.Фіхтэ і інш. Аўтар шматлікіх пед. і літ. твораў, у т. л. «Лінгард і Гертруда» (1781—87), «Як Гертруда вучыць сваіх дзяцей» (1801), «Пісьмо да сябра пра знаходжанне ў Станцы» (1799), трактата «Лебядзіная песня» (1826) і інш. Паводле П., выхаванне павінна быць прыродазгодным (улічваць прыроду дзіцяці і закладзеныя ў ім задаткі). Важнай задачай выхавання лічыў развіццё ў дзяцей высокіх маральных пачуццяў, фарміраванне маральнай свядомасці і перакананняў. Навучанне імкнуўся будаваць на псіхал. аснове (пачуццёвым пазнанні), выкладаў ідэю развіццёвага навучання (К.​Дз.​Ушынскі назваў яе «вялікім адкрыццём П.»). Сфармуляваў дыдактычныя прынцыпы паслядоўнасці ў навучанні, адстойваў прынцып сістэматычнасці, вял. значэнне надаваў нагляднасці. Прыхільнік злучэння навучання і прац. актыўнасці. Яго ідэі паўплывалі на развіццё дыдактыкі і педагогікі.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. пед. соч. Т. 1—2. М. 1981.

Літ.:

Пинкевич А.П. И.​Г.​Песталоцци. М., 1933;

Кларин В.М. Теория элементарного образования // Магистр. 1993. №2.

І.Г.Песталоці.

т. 12, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРАГРА́ФІЯ (ад грэч. petros камень + ...графія),

навука аб горных пародах. У шырокім паняцці П. — тое, што петралогія, у вузкім — апісальная частка навукі пра горныя пароды (вывучэнне мінер. і хім. саставу, структуры і тэкстуры). Займаецца пытаннямі класіфікацыі і наменклатуры горных парод па розных прыкметах.

Як самастойная навука зарадзілася ў пач. 19 ст. (класіфікацыя горных парод франц. вучонага А.​Браньяра, 1813) і інтэнсіўна развіваецца з сярэдзіны 19 ст. (даследаванні з дапамогай палярызацыйнага мікраскопа; англ. фізікі У.​Нікаль і Г.​К.​Сорбі; 1849). З пашырэннем мікраскапічных даследаванняў з’явіліся класіфікацыі горных парод ням. геолагаў Ф.​Цыркеля (1866) і К.​Г.​Розенбуша (1873), рас. петрографа Ф.​Ю.​Левінсона-Лесінга (1893). У 1-й пал. 20 ст. пачаты петрахім. і геахім. даследаванні (рас. вучоныя У.​І.​Вярнадскі, А.​Я.​Ферсман, А.​М.​Заварыцкі, амер. Ф.​Кларк і інш.) У 1950—70-я г. створаны новы кірунак у П. — вучэнне аб магматычных і метамарфічных фармацыях (Ю.​А.​Кузняцоў і інш.). З даследаванняў амер. вучонага Р.​Горансана (1937) пачаўся этап развіцця эксперыментальнай П. Тэхнічная П. даследуе састаў і ўласцівасці шлакаў, цэменту, керамікі, шкла, каменнага ліцця (рас. вучоны Дз.​С.​Бялянкін); П. буд. каменю — якасці буд. матэрыялаў. П. касм. аб’ектаў вывучае метэарыты, узоры парод з Месяца і г.д.

І.​В.​Найдзянкоў.

т. 12, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́ЧАНЬ,

буйная залоза ў чалавека, пазваночных і некаторых беспазваночных жывёл, якая ўдзельнічае ў працэсах стрававання, абмену рэчываў, кровазвароту, выконвае бар’ерную функцыю. Забяспечвае пастаянства ўнутр. асяроддзя арганізма. У П. ажыццяўляецца сінтэз і расшчапленне бялкоў, ліпідаў, вугляводаў (рэгулюе ўзровень цукру ў крыві), вітамінаў (утварае і назапашвае вітамін А).

Маса П. млекакормячых складае да 2—4% масы цела (адносная маса большая ў дробных жывёл з інтэнсіўным абменам рэчываў, у дзікіх і драпежнікаў). У чалавека маса П. каля 1,5 кг. П. большасці беспазваночных — вырасты пярэдняга аддзела сярэдняй кішкі або страўніка. У чалавека і пазваночных жывёл размешчана пераважна ў правай верхняй (пярэдняй) ч. брушной поласці, прылягае да дыяфрагмы, укрыта злучальна-тканкавай капсулай, якая ўрастае ў яе парэнхіму і падзяляе на некалькі долей (лопасцей). Строма П. ўтворана рэтыкулярнай тканкай, якая падзяляе асн. тканку на долькі (дыям. 0,5—2 мм, складаюцца з клетак аднаго тыпу — гепатацытаў, што сінтэзуюць жоўць). За 1 мін праз П. працякае 1,5 л крыві. У функцыі П. праяўляецца сутачны рытм, інтэнсіўнасць утварэння глікагену адрозніваецца раніцай і ўвечары. Здольная да рэгенерацыі (у пацукоў і сабак пры выдаленні да 70% масы органа аднаўляецца праз 14—60 дзён). Пра паталогію П. гл. Гепатыт інфекцыйны, Цыроз печані.

А.​С.​Леанцюк.

Печань: 1 — правая доля; 2 — левая доля; 3 — жоўцевы пузыр.

т. 12, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛІНГ, Паўлінг (Pauling) Лайнус Карл (н. 28.2.1901, г. Портленд, штат Арэгон, ЗША — 19.8.1994), амерыканскі фізік і хімік, грамадскі дзеяч. Чл. Нац. АН ЗША (1933), Амер. АН мастацтваў і навук (1944). Замежны чл. АН СССР (1958). Скончыў Каліфарнійскі тэхнал. ін-т у Пасадэне (1925; д-р філасофіі), дзе і працаваў ў 1927—64 (з 1931 праф.). У 1969—74 у Станфардскім ун-це. З 1975 у Ін-це навукі і медыцыны. Навук. працы па тэорыі хім. сувязей, даследаванні структуры малекул, біяхіміі, імунахіміі, малекулярнай генетыцы. Распрацаваў квантава-механічны метад разліку структуры малекул — метад валентных сувязей (1931, адначасова з амер. фізікахімікам Дж.​К.​Слейтэрам), на аснове якога стварыў новую тэорыю будовы хім. злучэнняў — тэорыю рэзанансу (1931—33). Увёў паняцце электраадмоўнасці, прапанаваў спосаб яе колькаснага вызначэння (1932) і шкалу адносных лікавых значэнняў электраадмоўнасцей хім. элементаў. Заклаў асновы структурнага аналізу бялкоў (1946—50, разам з Дж.Д.Берналам, У.​Л.​Брэгам), выказаў думку пра спіральную будову поліпептыднага ланцуга ў бялках. Адзін з ініцыятараў Пагуашскага руху. Нобелеўская прэмія 1954, Нобелеўская прэмія міру 1962, Міжнар. Ленінская прэмія 1970.

Тв.:

Рус. пер. — Природа химической связи. М., Л., 1947;

Общая химия. М., 1974;

Химия. М., 1978 (разам з П.​Полінгам).

Літ.:

Биографии великих химиков: Пер. с нем. М., 1981. С. 315.

Л.Полінг.

т. 12, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЕКТАВА́ННЕ САЦЫЯ́ЛЬНАЕ,

навукова абгрунтаванае канструяванне сістэмы параметраў будучага сацыяльнага аб’екта або якасна новага стану існуючага аб’екта; адна з форм сац. кіравання. П.с. ўласцівы шматварыянтнасць, складаныя характарыстыкі, параметры, часам у выглядзе якасна-зместавых, каштоўнасна-арыентаваных ацэнак. П.с. абумоўлена існаваннем шэрагу заканамернасцей і прычынна-выніковых сувязей. Сярод аб’ектаў П.с. элементы і падсістэмы сац. структуры грамадства (прац. калектывы, рэгіёны, сац. групы і інш), розныя грамадскія (эканам., паліт. і інш.) адносіны, элементы ладу жыцця, што паддаюцца праектаванню. Мэта П.с. — стварэнне сац. праектаў, якія ўяўляюць сабой сістэму падабраных і навукова абгрунтаваных паказчыкаў пра будучы стан сац. сістэмы пры канкрэтных дзеяннях людзей, наяўнасці пэўных фін., працоўных, матэрыяльных і інш. рэсурсаў. Вынік П.с. адлюстроўваецца ў навукова абгрунтаваных аналітычных апісаннях, чарцяжах, табліцах, алгарытмах матэм. апарату і інш. П.с. праводзіцца пры дапамозе розных тэхн., матэм., лагічных і інш. сродкаў з выкарыстаннем сістэм аўтаматызаванага праектавання, па спецыяльна распрацаванай сац. тэхналогіі (упарадкаваная паслядоўнасць прыёмаў праектавання, комплекс сац. метадаў, спосабаў, навыкаў. Алгарытм П.с.: вызначэнне сац. заказу, пастаноўка мэт і задач, распрацоўка прагнозу, яго верыфікацыя і карэкціроўка, стварэнне мадэляў і прагнозаў.

Літ.:

Тощенко Ж.Т., Аитов Н.А., Лапин Н.И. Социальное проектирование. М., 1982;

Антонюк Г.А. Социальное проектирование и управление общественным развитием: Теоретико-методол. аспект. Мн., 1986;

Котляров И.В. Политическая социология. Мн., 1998.

І.​В.​Катляроў.

т. 12, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАПО́ЙСКІ ЗА́МАК Існаваў у 13—18 ст. як цэнтр абароны сярэдневяковага г. Прапойск (з 1945 г. Слаўгарад). Займаў выцягнутае з Пн на Пд гарадзішча (95 × 40 м) стараж. Прупоя, ці Пропошеска, якое размяшчалася на стромкім беразе Сажа, недалёка ад упадзення ў яго р. Проня. Паводле гіст. крыніц за 1564, у П.з. былі драўляныя вежы і сцены, вежа-брама і пад’ёмныя масты-«ўзводы». Звесткі пра колькасць вежаў у П.з. адсутнічаюць. Па грэбені вала, які ішоў у паўд. напрамку, над абарончым ровам размяшчаліся замкавыя гародні. З Пд і У замак прыкрываўся стромкім 20-метровым абрывам у бок Сажа. У ваен. час у П.з. быў невял. пастаянны гарнізон з 10—20 казакоў на чале з ротмістрам. Пасля разбурэнняў у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 П.з. быў адноўлены і не страціў свайго ваен. значэння. Інвентар за 1681 зафіксаваў замак як невял. ўмацаванне, абгароджанае «палямі». Згадваюцца «брама, драницами крытая», «форта у паркане до воды», жылыя і гасп. пабудовы (хаты белыя, піўніца, 2 свірны, сыраварня, пякарня, 3 стайні, лазня, шопа). У канцы 17 — пач. 18 ст. Прапойск страціў сваё стратэг. значэнне, аднак яшчэ ў 1780 упамінаўся «замок, окруженный полисадом». У канцы 18 ст. ў выніку праведзенай кн. А.​М.​Галіцыным на пляцоўцы замчышча планіроўкі зніклі абарончыя валы і рэшткі стараж. замка.

М.​А.​Ткачоў.

т. 13, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)