ПРО́ШКАЎСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала са жн. 1941 да кастр. 1942 на чале з асн. групай у в. Прошкі Асвейскага р-на Віцебскай вобл. (кіраўнікі В.​І.​Лукашонак, Я.​У.​Фралёнак) пад кіраўніцтвам Асвейскіх падп. райкомаў КП(б)Б і ЛКСМБ. Мела групы (каля 30 чал., беларусаў, латышоў, рускіх, яўрэяў і інш.) у в. Забор’е (Рэзекненскі пав., Латвія, кіраўнік А.​М.​Гром), Рылькі (П.​С.​Смычкоў) і Ляхава (М.​І.​Сасноўская; абедзве ў Себежскім р-не, Расія), Востраў (С.​Аржанік), Сукалі (В.​Шыпіла), піянерскае звяно ў в. Стралкі (Дз.​Зубар; усе Асвейскага р-на) і інш. Трымала сувязь з падпольшчыкамі Асвеі, Расон, Латвіі, партыз. атрадам імя Фрунзе. Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро, збіралі зброю, падбіралі людзей у партызаны, зрывалі мерапрыемствы акупац. улад, вялі разведку, праводзілі дыверсіі на чыгунцы, разграмілі валасныя ўправы ў вёсках Ляхава Себежскага і Ігналіна Асвейскага р-наў, з партызанамі — ням. гарнізон у мяст. Шкяўне (Латвія). Вясной 1942 падпольшчыкі пайшлі ў партызаны. У в. Прошкі Верхнядзвінскага р-на ў гонар падполля стэла.

Літ.:

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990.

В.​М.​Кучарэнка.

т. 13, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́НКЕ ((Ranke) Леапольд фон) (21.12.1795, г. Віе, Германія — 23.5.1886),

нямецкі гісторык. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1860). Настаўнік караля Баварыі Максіміляна II. Скончыў Лейпцыгскі ун-т (1818). У 1825—71 праф. Берлінскага ун-та, адначасова гістарыёграф прускай дзяржавы (з 1841) і старшыня Гіст. камісіі пры Баварскай АН у г. Мюнхен (з 1858). У 1832—36 выдаваў кансерватыўны «Historisch-politische Zeitschrift» («Гістарычна-палітычны часопіс»). Найб. значны прадстаўнік новай ням. гіст. навукі, у аснове якой ляжала строгая крытыка крыніц. Для Р. характэрны аб’ектыўнае апісанне гісторыі, выяўленне «агульнай ідэі», што вызначае ход падзей, пры пільнай увазе да дэталей. Аўтар прац «Гісторыя раманскіх і германскіх народаў з 1494 да 1535 г.» (1824), «Рымскія папы, іх царква і дзяржава ў XVI і XVII стст.» (т. 1—3, 1834—36), «Нямецкая гісторыя ў эпоху Рэфармацыі» (т. 1—6, 1839—47), «Дзевяць кніг прускай гісторыі» (т. 1—3, 1847—48; потым пашырана і выдадзена пад назвай «Дванаццаць кніг прускай гісторыі», т. 1—5, 1874), «Французская гісторыя, пераважна ў XVI і XVII стст.» (т. 1—5, 1852—61), «Англійская гісторыя, пераважна ў XVI і XVII стст.» (т. 1—7, 1859—68), «Сусветная гісторыя» (т. 1—16, 1881—88) і інш.

т. 13, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБІ́ДЫЙ (лац. Rubidium),

Rb, хімічны элемент I групы перыяд. сістэмы, ат. н. 37, ат. м. 85,4678; адносіцца да шчолачных металаў. Прыродны складаецца са стабільнага ​85Rb (72,15%) і радыенукліда ​87Rb (перыяд паўраспаду 4,8∙10​10 гадоў, β-выпрамяняльнік). У зямной кары 1,510​−2% па масе. Уласных мінералаў не ўтварае (рассеяны элемент); спадарожнічае пераважна калію. Адкрыты ў 1861 Р.​В.​Бунзенам і Г.​Р.​Кірхгофам спектральным метадам (па лініях у чырв. частцы спектра), назва ад лац. rubidus — цёмна-чырвоны.

Мяккі серабрыста-белы легкаплаўкі (tпл 39,32 °C) метал, шчыльн. 1532 кг/м³ (0 °C). Хімічна вельмі актыўны. У паветры імгненна акісляецца з узгараннем (утвараецца надпераксід RbO2). З вадой, галагенамі і разбаўленымі к-тамі ўзаемадзейнічае з выбухам. Раствараецца ў вадкім аміяку (растворы сіняга колеру). Захоўваюць у ампулах са спец. шкла ў атмасферы аргону або ў стальных герметычных пасудзінах пад слоем абязводжанага вазелінавага масла. Выкарыстоўваюць як кампанент матэрыялу для фотаэлементаў, фотаэл. памнажальнікаў і змазачных кампазіцый для рэактыўнай і касм. тэхнікі, як гетэр у вакуумных лямпах, каталізатар, пару Р. — у разрадных эл. трубках нізкага ціску, стандартах частаты і часу, злучэнні — як цвёрды электраліт, кампанент спец. шкла і керамікі і інш.

т. 13, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШМЯ́НЫ,

горад у Беларусі, цэнтр Ашмянскага р-на Гродзенскай вобласці. За 220 км ад Гродна, 17 км ад чыг. ст. Ашмяны, на лініі Маладзечна—Вільнюс (Літва), на аўтадарозе Маладзечна—Вільнюс. 16 тыс. ж. (1995). Вядомыя з 1341 як замак вял. князёў ВКЛ. У 1384—85 вытрымалі аблогу крыжакоў. Статут горада Ашмяны атрымалі, верагодна, ад Вітаўта ў канцы 14 ст., магдэбургскае права — на пач. 16 ст. З 16 ст. цэнтр павета, уладанне Я.​Юндзіловіча, В.​Насілоўскай, Я.​Забярэзінскага і інш. Пабудаваны дамініканскі кляштар і Ашмянскі кляштар францысканцаў, кальвінскі збор. Пад час войнаў Ашмяны двойчы займалі рус. войскі (1519 і 1655), шведы ў Паўн. вайну 1700—21. У 1794 у Ашмянах размяшчаўся штаб паўстанцкай арміі Я.​Ясінскага. З 1795 у складзе Рас. імперыі, цэнтр павета. Пацярпелі ў час вайны 1812. Жыхары Ашмянаў прымалі ўдзел у паўстаннях 1830—31 і 1863—64. У 1897 — 7124 ж., 10 прадпрыемстваў, у т. л. Ашмянскія гарбарныя мануфактуры. У 1-ю сусв. вайну ў 1915 акупіраваны герм. войскам, у 1919—20 заняты польскім войскам, Чырв. Арміяй. З 1920 уваходзілі ў склад Сярэдняй Літвы, з 1922 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр раёна. З 25.6.1941 да 7.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Ашмянах і раёне 1784 чал. У 1970 у Ашмянах 9621 ж. Прадпрыемствы харч. і лёгкай прам-сці. Ашмянскі краязнаўчы музей імя Ф.​Багушэвіча. Помнікі архітэктуры 19 ст. — царква і карчма. Брацкія магілы сав. воінаў і партызанаў.

Ашмяны. Вуліца Чырвонаармейская.

т. 2, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІЯ СЕ́КЦЫІ РКП(б),

бальшавіцкія арг-цыі, якія існавалі ў 1918—19 у Варонежы, Казані, Казлове, Маскве, Невелі, Петраградзе, Саратаве, Тамбове і інш. як частка мясцовых парт. арг-цый. Складаліся з рабочых і бежанцаў-беларусаў — членаў РКП(б). У іх кіруючае ядро ўваходзілі А.​Р.​Чарвякоў, З.​Х.​Жылуновіч, А.​Х.​Усціловіч, І.​В.​Лагун і інш. Працавалі ў цесным кантакце з Беларускім нацыянальным камісарыятам (Белнацкомам), праз яго газету «Дзянніца» дамагаліся рэалізацыі бел. народам права на самавызначэнне на аснове сав. ладу і ў саюзе з РСФСР. 21—23.12.1918 у Маскве адбылася канферэнцыя бел. секцый РКП(б), якая прызнала неабходным стварэнне Часовага рабоча-сял. ўрада Беларусі, выбрала Цэнтр. бюро бел. секцый РКП(б) на чале з Жылуновічам. ЦБ беларускіх секцый РКП(б) удзельнічала ў падрыхтоўцы паліт. дакументаў, звязаных з утварэннем БССР і КП(б)Б. На 1-м з’ездзе КП(б)Б у склад Цэнтр. бюро КП(б)Б выбраны Жылуновіч і Лагун. У склад Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі, які ўзначаліў Жылуновіч, увайшлі 9 прадстаўнікоў беларускіх секцый РКП(б). 15.1.1919 ЦБ КП(б)Б прыняло пастанову аб ліквідацыі ЦБ беларускіх секцый РКП(б). Бел. камуніст. секцыям, што дзейнічалі па-за межамі рэспублікі, было дадзена права працаваць пад яго кіраўніцтвам. Пасля ўтварэння Літ.-Бел. ССР (люты 1919) бел. секцыі РКП(б) пачалі аб’ядноўвацца з літоўскімі. ЦК РКП(б) зацвердзіў аб’яднанае літ.-бел. ЦБ пры ЦК РКП(б). З аднаўленнем 31.7.1920 БССР беларускія секцыі не былі адноўлены.

А.​М.​Малашка.

т. 2, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСКО́ЎСКАЯ ШКО́ЛА ДО́ЙЛІДСТВА,

адна з мясц. школ стараж.-рус. дойлідства. Склалася ў 13—17 ст. у г. Пскоў і яго ўладаннях. Знайшла ўвасабленне ў абарончым, культавым і грамадз. буд-ве. Адна з першых пабудоў — абарончыя ўмацаванні Пскоўскага крамля. Да помнікаў абарончага дойлідства належаць крэпасць Ізборск пад Псковам (14 ст.) і ўмацаванні Пскова-Пячорскага манастыра. Першыя храмы не мелі адметных рысаў, іх будавалі з плінфы і каменю ў традыцыях Наўгародскай школы дойлідства (саборы Спаса-Праабражэнскі Міражскага манастыра, Іаана-Прадцечанскі Іванаўскага манастыра). Як самаст. школа выявілася ў 14 ст. Для яе характэрна 1-купальная, 3-апсідная кубічная кампазіцыя храма; пашыраны і бесслуповыя цэрквы з сістэмай ступеньчатых скляпенняў. Звычайна плоскія пабеленыя сцены падзяляліся плоскімі лапаткамі на 3 часткі з паўкруглымі аркамі ў завяршэнні (царква Успення ў Мялётаве, 1463). Адметнасць П.ш.д. — увядзенне ў кампазіцыю храмавага комплексу прытвораў, прыдзелаў, галерэй, шматпралётных званіц: цэрквы Васіля на Горцы (1413), Міколы на Усосе (1535), Новаўзнясенская (16—17 ст.). У 16—17 ст. у Пскове будавалі вял., на некалькі паверхаў, купецкія дамы з таўшчынёй сцен да 2 м. Унутры сцен размяшчалі лесвіцы, міжпаверхавыя пераходы, нішы, тайнікі. Аконныя праёмы мелі выгляд крапасных амбразур, зачыняліся каванымі аканіцамі і кратамі. Фасады звычайна не аздаблялі. З боку двара ставілі характэрны пскоўскі ганак на шырокіх стойках з аркамі (палаты Паганкіных, да 1645).

Літ.:

Спегальский Ю.П. Псков. [2 изд. Л., 1978];

Древний Псков;

История, искусство, археология: Новые исслед. М., 1988.

Г.​А.​Лаўрэцкі.

Пскоўская школа дойлідства. Царква Васіля на Горны ў Пскове. 1413.

т. 13, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,

частка фізіка-геагр. раёна Паўднёва-Заходняга адгалінавання Беларускай грады на У Гродзенскай і Пн Брэсцкай абласцей. Мяжуе з Верхнянёманскай нізінай на З, Пн і ПнУ, Стаўбцоўскай раўнінай на У, Капыльскай градой і Баранавіцкай раўнінай на ПдУ і Пд, Слонімскім узв. на ПдЗ. Выш. да 323 м (Замкавая гара). Пл. 3550 км². Выцягнута з Пн на Пд на 72 км, з З на У на 45—50 км. Раўніны і даліны рэк, якія акаймоўваюць Н.ў., знаходзяцца на выш. 165—175 м, на Пд — да 180—200 м.

Н.ў. прымеркавана да Цэнтральнабел. масіву Беларускай антэклізы. Крышт. фундамент перакрыты на цэнтр. і паўн.-ўсх. участках верхнявендска-ніжнекембрыйскім комплексам парод, на паўд. — сярэднерыфейска-ніжнекембрыйскім. Тоўшча даантрапагенавых парод (магутнасць больш за 200 м) пераважна складаецца з мезазойскіх і кайназойскіх адкладаў, якія на асобных участках у выніку дзейнасці ледавікоў моцна дэфармаваны. Антрапагенавая тоўшча (магутнасць 60—316 м) суцэльным чахлом перакрывае даантрапагенавыя пароды. У ёй найб. развіты ледавіковыя адклады ранняга і сярэдняга плейстацэну. Складзена з пясчана-жвіровага матэрыялу, валунных суглінкаў і супескаў з удзелам адорвеняў даантрапагенавых парод, а таксама азёрных і балотных намнажэнняў міжледавіковых эпох. У час паазерскага зледзянення ў пародах Н.ў. ўзніклі мярзлотныя дэфармацыі, намнажаліся лёсавыя ўтварэнні (магутнасць да 8 м).

Перадумовы ўзнікнення Н.ў. абазначыліся ўжо ў рэльефе крышт. фундамента, дзе выяўлена серыя невял. выступаў. Першыя ледавікі стварылі ядро ўзвышша. Канчаткова рэльеф Н.ў. сфарміраваўся ў выніку дняпроўскага зледзянення і сожскага зледзянення. На Н.ў. вылучаюць 3 тыпы рэльефу. Градава-ўзгорыстыя краявыя ўтварэнні ў цэнтры ўзвышша, на Пд ад г.п. Дзятлава і на ўчастках, што прылягаюць да далін рэк Моўчадзь, Нёўда, Сэрвач, Валоўка. Выш. 300—320 м, глыб. расчлянення 30—60 м/км². Даўж. град да 20—30 км. Спадзіста-выпуклыя схілы расчлянёныя мноствам стараж. лагчын ледавіковага сцёку і ярамі. Узгорыста-марэнны дэнудацыйны рэльеф на б.ч. ўзвышша. Выш. 170—250 м, адносныя перавышэнні 10—30 м. Густата расчлянення да 2—3 км/км². Узгорыста-марэнны рэльеф на лёсападобных пародах вызначаецца згладжанымі і платопадобнымі водападзельнымі паверхнямі і інтэнсіўным ярыста-лагчынным (3—5 км/км²) расчляненнем схілаў. Водна-ледавіковая раўніна нешырокай паласой акаймоўвае зах. схіл узвышша. Далінныя зандры развіты ўздоўж р. Моўчадзь і яе прытокаў. На плоскіх паверхнях трапляюцца тэрмакарставыя западзіны, занятыя балотамі. Карысныя выкапні: мел, гліны легкаплаўкія, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, Навасёлкаўскае радовішча жалезных руд. Сярэднія т-ры студз. -6,6 °C, ліп. 17,4 °C, ападкаў 706 мм за год (г. Навагрудак). Рачная сетка належыць да бас. Нёмана. Н.ў. перасякае р. Моўчадзь, на схілах вытокі рэк Іса, Мышанка, Шчара, Сэрвач. Нёўда, Валоўка. На Пд ад г. Навагрудак воз. Свіцязь. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, дзярнова-балотныя, дзярновыя, перагнойна-карбанатныя. Пад лесам каля 28% тэрыторыі; лясы яловыя, яловыя з дамешкамі дубу, грабу, ясеню, вязу, клёну; дубровы. Па тэрасах р. Моўчадзь — хваёвыя бары, па далінах рэк і сухадолах — лугі. Пад ворывам 41% тэрыторыі.

М.​Я.​Зусь.

Навагрудскае ўзвышша.

т. 11, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ТУША [польск. ratusz ад ням. Rathaus (Rat рада + Haus дом)],

будынак гар. самакіравання (рады, магістрата) у шэрагу еўрап. краін у 12 — пач. 20 ст.

Першыя будынкі Р. з’явіліся ў 12 ст. ў Зах. Еўропе. Звычайна іх ставілі ў цэнтры горада. У архітэктуры Р. спалучаліся рысы абарончага і грамадз. дойлідства (Р. ў г. Сандамір, Польшча, 14—17 ст.). Часцей Р. была прамавугольная ў плане, 2-павярховая, з вежай — сімвалам самастойнасці і паліт. свабоды горада. На вежы часта размяшчалі гадзіннік, звон; рабілі балкон ці эркер, з якіх звярталіся да грамадзян з афіц. паведамленнямі (Р. ў Бруселі, 1401—55; Каўнасе, Літва, 1542, 1772). На верхнім паверсе вежы мог быць кругавы балкон для гар. вартаўніка. Цяпер функцыі Р. выконваюць адм. будынкі (мэрыя, муніцыпалітэт) у разнастайных стылявых кірунках, якія больш адпавядаюць складаным функцыям кіравання сучаснымі гар. тэрыторыямі.

На Беларусі Р. пачалі будаваць у 14 ст. ў сувязі з атрыманнем гарадамі і мястэчкамі магдэбургскага права. Асн. буд. матэрыял — дрэва ці цэгла. Арх.-планіровачнай кампазіцыі ўласцівы сіметрычнасць, выразнасць, простыя і манум. формы. Р. ставілі на адным з бакоў рыначнай плошчы (Віцебская ратуша, Чачэрская ратуша, г. Слонім Гродзенскай вобл.), у яе цэнтры (Мінская ратуша), на адной з гал. вуліц (г. Ушачы Віцебскай вобл.), часам аб’ядноўвалі з гандл. радамі (Нясвіжская ратуша і гандлёвыя рады), гасціным дваром, арсеналам, важніцай, астрогам, складамі (Магілёўская ратуша, Гродна, г.п. Карэлічы Гродзенскай вобл.). Калі Р. з’яўлялася цэнтрам буйнога горада, адм.-гандл. комплексу, то праз 1-ы яе паверх праходзіў праезд на рыначную плошчу (Шклоўская ратуша, г. Драгічын Брэсцкай вобл., в. Смаляны Аршанскага р-на Віцебскай вобл.). Гал. памяшканне ў Р. — зала пасяджэнняў магістрата (займала 2-і паверх), яна служыла таксама для розных урачыстых актаў, тэатр. дзеяў і інш. Астатнія памяшканні займалі т.зв. ізбы (у іх праходзіў разбор спраў пад кіраўніцтвам войта), канцылярыя, гар. казна, архіў і інш. Частка памяшканняў Р. (падвалы, першыя паверхі) адводзіліся пад крамы, склады (Гродна, г. Драгічын, г.п Вялікая Бераставіца Гродзенскай вобл.) і інш. памяшканні, дзе захоўвалі цэхавыя харугвы. Часам у Р. праходзілі пасяджэнні судоў (Брэст, гарады Кобрын Брэсцкай, Полацк Віцебскай, Слуцк Мінскай абласцей). У 17—18 ст. Р. барочнага тыпу мелі шмат’ярусную вежу, якая завяршалася купалам ці шпілем (Віцебск, Магілёў, Шклоў); вядомы Р. і без вежаў (г. Маладзечна Мінскай, г.п. Шарашова Брэсцкай абласцей). У стылі класіцызму былі Р. ў Гродне і Мінску, з рысамі несапраўднай готыкі — у Чачэрску. Накрывалі Р. пляскатай чырв. дахоўкай, па цэнтры даху ставілі пазалочаныя ці пасярэбраныя вятранікі (флюгеры) Інтэр’еры ўпрыгожвалі шыкоўныя кафляныя печы. Цяпер кожная захаваная Р. з’яўляецца аб’ектам гіст.-культ. спадчыны, неад’емнай ч. гіст. цэнтра горада.

Літ.:

Чантурия В.А. История архитектуры Белоруссии. Т. 1. 3 изд. Мн., 1985;

Сергачев С.А. Белорусское народное зодчество. Мн., 1992.

С.​А.​Сергачоў.

Ратуша ў г. Сандамір (Польшча).
Ратуша ў г. Каўнас (Літва).
Ратуша ў г. Слонім Гродзенскай вобл.
Ратуша ў г.п. Вялікая Бераставіца Гродзенскай вобл. З малюнка 19 ст.

т. 13, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́БАНЬ,

горад, цэнтр Любанскага р-на Мінскай вобл., на р. Арэса. За 152 км ад Мінска, 25 км ад чыг. ст. Урэчча на лініі Баранавічы—Асіповічы. Аўтадарогамі злучаны з Глускам, Жыткавічамі, Чырв. Слабадой, Салігорскам, Слуцкам. 12,2 тыс. ж. (1998).

У 16 ст. мястэчка кн. Алелькавічаў у Слуцкім княстве. З 1589 уласнасць Тышкевічаў, з 1617 — кн. Радзівілаў. У 1560-я г. ў Л. каля 230 ж., 35 двароў. З 1791 у Случарэцкім пав. Навагрудскага ваяв. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка Забалоцкай вол. Бабруйскага пав. Мінскай губ. У час паўстання 1794 пад Л. адбыўся Любанскі бой 1794. У пач. 1880-х г. у мястэчку 500 ж., 136 двароў, Праабражэнская царква, 3 яўр. малітоўныя дамы, 2 млыны, крама, прыстань. У 1897 у Л. 766 ж. У пач. 20 ст. — цэнтр Забалоцкай вол. З 26.5.1922 у Слуцкім пав. БССР. У 1923—1680 ж. 232 двары. З 17.7.1924 цэнтр Любанскага раёна. У 1931 утвораны калгас, працавалі крухмальны і льняны з-ды, Дом культуры, хата-чытальня, бальніца, хлебапякарня. З 27.9.1938 гар. пасёлак. З 28.7.1941 да 30.6.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў створаным тут лагеры ваеннапалонных загубілі 1610 чал., у ліст. 1941 загубілі 785 яўрэяў. У Л. дзейнічала камсам маладзёжная група, у ліст. 1941 партызаны разграмілі ў пасёлку фаш. гарнізон (гл. Любанскі бой 1941). З 7.3.1968 горад. У 1970—6,7 тыс. ж.

Прадпрыемствы харч. (сыраробны камбінат, доследны рыбгас «Любань»), швейнай, буд. матэрыялаў (Любанскі камбінат будаўнічых матэрыялаў) прам-сці. Ільнозавод. Любанскі музей народнай славы. Мемар. комплекс сав. актывістам, воінам, партызанам і падпольшчыкам; магіла ахвяр фашызму.

В.​М.​Удальцоў.

Любань. Будынак райвыканкома.

т. 9, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛІ́ (Mali),

Рэспубліка Малі (République du Mali), дзяржава ва ўнутр. частцы Зах. Афрыкі. Мяжуе на З з Сенегалам, на Пн з Маўрытаніяй і Алжырам, на У з Нігерам, на ПдУ з Буркіна-Фасо, на Пд з Кот-д’Івуарам і Гвінеяй. Пл. 1,22 млн. км². Нас. 11,8 млн. чал. (1997). Дзярж. мова — французская. Сталіца — г. Бамако. Падзяляецца на 8 абласцей і адм. раён (дыстрыкт) Бамако.

Нац. свята — Дзень незалежнасці (22 вер.).

Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя, зацверджаная рэферэндумам у 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 6 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Нар. сходу са 129 дэпутатаў, 116 з якіх выбіраюцца на ўсеагульных выбарах (13 мандатаў рэзервуюцца для малійцаў, што знаходзяцца за межамі краіны). Парламент выбіраецца на 3 гады. Выканаўчая ўлада ажыццяўляецца ўрадам на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае прэзідэнт.

Прырода. Паверхня пераважна раўнінная (выш. 200—500 м). На Пн — частка пустыні Сахара (больш за 30 % тэр. М.), па верхнім цячэнні р. Нігер — алювіяльная раўніна. На 3, Пд і У раўнінная тэр. краіны акаймавана невысокімі горнымі масівамі. Найвыш. пункт — г. Хамбары-Тандо (1155 м). На ПнУ стараж. плато Адрар-Іфарас выш. да 853 м. Карысныя выкапні: фасфарыты, жал., уранавыя, алюмініевыя, літыевыя, медныя і поліметал. руды, золата, алмазы і інш. Клімат на Пн трапічны, пустынны, ападкаў 50—200 мм за год, дажджлівы перыяд менш за 3 месяцы, сярэдняя т-ра студз. 20—22 °C, ліп. 32—35 °C; на Пд клімат экватарыяльных мусонаў, ападкаў 500—1000 мм (на крайнім Пд — 1500 мм), дажджлівы перыяд 3—5 месяцаў, сярэдняя т-ра студз. 22—23 °C, ліп. 26—27 °C. Пастаянныя рэкі толькі на Пд, галоўныя — Нігер, Сенегал і іх прытокі; на асобных участках суднаходныя, часткова выкарыстоўваюцца на арашэнне. Расліннасць мае шыротную занальнасць. У пустыні і паўпустыні расліннае покрыва вельмі рэдкае: злакі, эфемеры, салянкі, тамарыксы і акацыі. У саванне суцэльнае травяное покрыва, дрэвы — баабаб, сейба, пальмы. На крайнім Пд высакатраўная саванна з галерэйнымі лясамі. Пад лесам і хмызнякамі 6 % тэрыторыі. Характэрныя прадстаўнікі жывёльнага свету: антылопы, газелі, гепарды, шакалы, леапарды, гіены, жырафы, у рэках бегемоты і кракадзілы. Нац. парк Букль-дзю-Баўле, 5 запаведнікаў. Прыродны запаведнік скала Бандыягары («Зямля дагонаў») уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Насельніцтва. Палавіну насельніцтва, складаюць народы моўнай сям’і мандэ (бамбара, малінке, санінке), жывуць на З і ў цэнтр. ч. краіны. Есць народы бантоідных моўных груп (фульбе, валоф, мосі, сенуфа), на Пн і ПнУ — туарэгі і маўры. Невял. колькасць еўрапейцаў, пераважна французаў. 90% насельніцтва вызнае іслам, 9% — традыц. вераванні (на Пд), 1 % — хрысціянства (у гарадах). Сярэднегадавы прырост 3,18% (1997). Сярэдняя шчыльн. 10 чал. на 1 км², на Пд да 30—50 чал. на 1 км². На Пн амаль усё насельніцтва качавое і паўкачавое, шчыльн. каля 1 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 20% насельніцтва. Найб. гарады (1995, тыс. ж.): Бамако—919, Сегу—99, Мопты—78. У сельскай гаспадарцы занята 80% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 1%, У абслуговых галінах — 19%.

Гісторыя. Стараж. гісторыя М. вывучана слаба. З 3-га тыс. да н.э. развівалася земляробства. У сярэднія вякі на тэр. сучаснага М. існавалі дзярж. ўтварэнні Гана (3—13 ст.), Малі (8—17 ст.), Сангаі (15—16 ст.); пануючай рэлігіяй стаў іслам. Дзяржава Сангаі пасля разгрому яе ў 1591 мараканскімі войскамі распалася на шэраг дробных княстваў, якія ў 3-й чвэрці 19 ст. ўвайшлі ў склад дзяржавы тукулераў Хадж Амара, а ў канцы 19 ст. заваяваны Францыяй. У 1890 б. ч. тэр. М. аб’яднана ў калонію Франц. Судан (у 1899 скасавана, у 1920 адноўлена), з 1895 — у складзе Франц. Зах. Афрыкі. З 1945 М. — «заморская тэр.» Францыі. У 1946 у М. заснавана паліт. партыя Суданскі саюз на чале з М.​Кейтам (з 1959 адзіная партыя ў краіне), якая ўзначаліла нац.-вызв. рух. З 28.9.1958 М. пад назвай Суданская Рэспубліка — аўт. дзяржава ў складзе Франц. супольнасці. У крас. 1959 М. аб’ядналася з Сенегалам у Федэрацыю М., якая 20.6.1960 абвясціла сваю незалежнасць. У жн. 1960 федэрацыя распалася.

22.9.1960 абвешчана Рэспубліка М. Выбраны прэзідэнтам Кейта пачаў ажыццяўляць курс на некапіталіст. развіццё краіны. У 1967 ва ўмовах эканам. крызісу Кейта стварыў Нац. к-т абароны рэвалюцыі, які засяродзіў у сваіх руках усю ўладу (парламент быў распушчаны). У выніку ваен. перавароту (ліст. 1968) да ўлады прыйшоў Ваен. к-т нац. вызвалення на чале з М.​Траарэ. У 1974 прынята новая канстытуцыя, якая ўстанавіла аднапарт. рэжым. У 1979 створана кіруючая і адзіная ў краіне партыя Дэмакр. саюз малійскага народа, адбыліся прэзідэнцкія (выбраны Траарэ) і парламенцкія выбары. У 1990 у М. пачаўся шырокі дэмакр. рух супраць аўтарытарнага рэжыму Траарэ. Пасля масавых дэманстрацый прыхільнікаў дэмакратыі 26.3.1991 Траарэ скінуты і ўлада перайшла да Савета нац. згоды на чале з А.​Т.​Турэ; распушчаны парламент і Дэмакр. саюз малійскага народа, уведзена шматпартыйнасць. У студз. 1992 прынята новая канстытуцыя М., якая абвясціла прынцып падзелу ўлад. На выбарах у парламент у студз.лют. 1992 перамог Альянс за дэмакратыю ў М. (АДЭМА), яго лідэр А.​У.​Канарэ ў крас. 1992 выбраны прэзідэнтам краіны. Акрамя АДЭМА у М. дзейнічаюць Нац. к-т дэмакр. ініцыятывы, Суданскі саюз — Афр. дэмакр. аб’яднанне, Малійская партыя за развіццё, Аб’яднанне за дэмакратыю і прагрэс і інш. М. — чл. ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства (з 1963), Эканам. супольнасці дзяржаў Зах. Афрыкі, асацыіраваны чл. Еўрап. эканам. супольнасці. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 3.11.1993.

Гаспадарка. М. — адна з найбяднейшых краін свету. Штогадовы даход на 1 чал. каля 280 дол. ЗША. У сельскай гаспадарцы ствараецца 49% валавога нац. прадукту, у прам-сці — 17%. Эканоміка адрозніваецца шматукладнасцю: натуральныя і паўнатуральныя дробнатаварныя сял. гаспадаркі, прыватны і замежны капітал, дзярж. сектар. Сялянскае землеўладанне дробнае (каля 0,5 га на душу). Пад ворывам і шматгадовымі культурамі каля 2,5 млн. га, пад пашу выкарыстоўваюць каля 110 млн. га зямель у саваннах, паўпустынях і пустынях. У земляробстве пераважае аблогавая сістэма. Арашаецца 78 тыс. га (1993). Пад збожжавымі (проса, сорга, рыс, кукуруза) 85% пасяўных плошчаў, пад бавоўнай 7%, пад арахісам 5%. З тэхн. культур вырошчваюць цукр. трыснёг, чай, тытунь, кенаф, з харчовых — ямс, батат, маніёк. Асн. раён земляробства ў цэнтры і на ПдЗ — у далінах Нігера і прытокаў Сенегала, асабліва ва ўнутр. дэльце Нігера ў раёне г. Мопты. Садоўніцтва (ананасы, манга, папайя, гуаява, цытрусавыя) і агародніцтва (памідоры, перац, капуста, морква) на арашальных землях. Збор збожжа ад 0,9 млн. т у засушлівыя гады да 1,5 млн. т ва ўраджайныя. Жывёлагадоўля мае экстэнсіўны характар. Пераважае качавая, паўкачавая і адгонна-пашавая. Пагалоўе (млн. галоў): буйн. раг. жывёлы (пераважна зебу) — больш за 5, авечак і коз — больш за 11, аслоў — больш за 0,4, вярблюдаў — каля 0,2, коней — каля 0,2. Рыбалоўства ў Нігеры і інш. рэках, каля 100 тыс. т штогод. Збіральніцтва дзікарослых пладоў (найб. арэхаў карытэ). У прам-сці пераважаюць дробныя прадпрыемствы харчовай і звязанай з ёй вытв-сці: рысаачышчальная, па вытв-сці алею з арахісу і баваўнянага насення, цукр., чайная, кандытарская, мукамольная, мясная, малочная, кансервавая, піваварная. Ёсць прадпрыемствы па ачыстцы бавоўны, тэкст. камбінат у Бамако, з мешкатары ў Сане, гарбарна-абутковая ф-ка ў Бамако, цыгарэтная і запалкавая ф-кі (Бамако), цэм. з (Дыяму), керамічны з (Джыкарані); наладжана вытв-сць кіслароду, ацэтылену, фармацэўтычных і парфумерных вырабаў (Бамако). Ёсць невял. прадпрыемствы электрамех. і металаапр. прам-сці, па зборцы веласіпедаў, вырабе с.-г. інвентару, ф-ка транзістарных прыёмнікаў і магнітафонаў (Бамако). Вытв-сць электраэнергіі 290 млн. кВт гадз (1995). Электрастанцыі працуюць пераважна на імпартным паліве, найб. ЦЭС у Бамако, ёсць невял. ГЭС. Горназдабыўная прам-сць прадстаўлена невял. здабычай золата, фасфарытаў, каменнай солі, вапняку, мармуру. Саматужна-рамесніцкая вытв-сць. Транспарт аўтамабільны, чыгуначны, рачны. У М. 14,8 тыс. км аўтадарог, у т. л. 1,8 тыс. км з цвёрдым пакрыццём, 1,8 тыс. км унутр. водных шляхоў. Адзіная чыгунка (641 км) звязвае Бамако з портам Дакар (Сенегал). Суднаходства па р. Нігер. У краіне 24 аэрапорты, у т. л. міжнар. каля Бамако. У 1994 экспарт склаў 320 млн. дол., імпарт — 422 млн. долараў. У экспарце пераважаюць бавоўна, жывёла, золата, арахіс, рыба, у імпарце — машыны і абсталяванне, харч. прадукты, паліва, тэкст. вырабы. Гал. гандл. партнёры: Францыя і інш. краіны ЕЭС, суседнія краіны. Грашовая адзінка — франк КФА (Афрыканскай фін. садружнасці).

Літаратура. Вусная нар. творчасць народаў М. (бамбара, малінке, фульбе, сенуфа) прадстаўлена міфамі, гераічным эпасам, казкамі і песнямі. Пасля пашырэння ісламу (з 11 ст.) узнікла л-ра на араб. мове, якая існавала да 19 ст. (гіст. хронікі Махмуда Каці, 16 ст.; ас-Садзі, 17 ст.), была пашырана рэліг. л-ра. Да канца 1960-х г. мовы народаў М. не мелі пісьменства (акрамя фульбе). Першы твор на мове бамбара — паэт. зб. «Песні грыёта» Ж.​Б.​Сісако (1977). Сучасная л-ра М. развіваецца пераважна на франц. мове. У 1930—40-я г. з’явіліся першыя апрацоўкі нар. легенд. У 1950-я г. л-ра развівалася ва ўмовах нац.-вызв. руху (гіст. раманы І.​М.​Уана, грамадз. творы С.​Бадыяна, С.​Дэмбеле). Пасля атрымання незалежнасці (1960) творчасць Ф.​Д.​Сісако, І.​Б.​Траарэ, С.​Дыяра прасякнута пафасам антыкалан. барацьбы. У прозе 1970-х г. побач з асв. тэндэнцыямі (М.​Галаго, Я.​Сангарэ) характэрна выкарыстанне фалькл. матываў (А.​А.​Ба). З канца 1970-х г. асн. літ.

жанрам стаў сац. раман (М.​М.​Дыябатэ, М.​Канатэ, І.​Лі і інш.). Для Драматургіі характэрны паліт. накіраванасць і публіцыстычнасць (п’есы А.​Кабы, Г.​Дыявары). Паэзія вызначаецца грамадзянскасцю і лірызмам (Галаго, Дыявара, А.​Кунта). Вядомасць атрымалі літ. апрацоўкі вуснай нар. творчасці М.​Сідыбэ, І.​Траарэ.

Архітэктура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб. стараж. помнікі культуры М. адносяцца да эпохі неаліту (наскальныя размалёўкі ў Бандыягары; малюнкі са сцэнамі палявання, вайны, танцаў у гротах у раёне Бамако, менгіры ў Тандыдару каля Ніяфунке, гліняныя і каменныя фігуркі ў раёне Мопці). У вёсках здаўна будуюць хаціны з сумесі гліны і саломы (банка), пераважна круглыя ў плане, на каркасе з жэрдак, без акон, з нізка навіслым саламяным дахам. У гарадах жытлы часцей прамавугольныя, з перакрыццем з бамбуку, цыновак і лісця. У горных раёнах у народа дагон вёскі ўмацаваныя, жытлы прамавугольныя, з плоскімі дахамі, свяцілішчы з вежачкамі па вуглах. На Пн качэўнікі жывуць у палатках і круглых хацінах з цыновак ці скур. У дзяржавах, што існавалі на тэр. М. ў 11—16 ст., развівалася горадабудаўніцтва; гарады Ніяні, Гао, Тамбукту, Джэне і інш. з няправільнай сеткай вуліц, умацаваныя сценамі, забудоўваліся грамадскімі будынкамі (палац у Тамбукту, 14 ст., арх. Эс-Сахелі), мячэцямі з верт. цягамі на сценах і характэрнымі канічнымі мінарэтамі (у Джэне). Жылыя дамы з гліны ці банка, пераважна прамавугольныя ў плане, плоскія земляныя пакрыцці насцілаюцца на бэльках, сцены ўмацаваны Магутнымі верт. цягамі ці падзелены на кесоны, што ўтвараюць знешні каркас будынка, фасады завершаны закругленымі зубцамі ці мініяцюрнымі вежачкамі. З прыходам каланізатараў у гарадах пачалі будаваць на еўрап. ўзор (саборы, адм. будынкі, асабнякі), а таксама глінабітныя жытлы-баракі з драўлянымі жалюзі. З 1950-х г. у будаўніцтве выкарыстоўваюць жалезабетон, пластыкі і інш. З маст. рамёстваў у М. здаўна развіта разьба, якой аздабляюць рэчы з дрэва (табурэткі, дзверы, талеркі, грабяні), вырэзваюць рытуальныя маскі, фігуркі людзей, жывёл. Пашырана ліццё з медзі, выраб рэчаў са скуры змей і кракадзілаў (сумкі, рамяні), шкур пантэр і леапардаў, керамічнага посуду; тканін з геам. арнаментам. З 1960-х г. фарміруецца прафес. мастацтва (жывапісец Б.​Кейта). Старыя ч. гарадоў Джэне і Тамбукту ўнесены ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Літ.:

Развитие литературы в независимых странах Африки (60—70-е гг. XX в.). М., 1980.

П.​І.​Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя), Г.​М.​Малей (літаратура).

Герб і сцяг Малі.
Да арт. Малі. Тыповае вясковае жыллё.
Да арт. Малі. Рака Нігер каля г. Сегу.
Да арт. Малі. Папайя — адна з пашыраных трапічных культур.
Да арт. Малі. Горад Тамбукту.
Да арт. Малі. Мячэць у г. Джэне.

т. 10, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)