ЗАСЛО́НА стратэгічная,

аператыўнае аб’яднанне вайск. атрадаў Сав. Расіі ў 1918. Уведзена Вышэйшым ваен. саветам у сак. 1918 для абароны дэмаркацыйнай лініі, устаноўленай паводле Брэсцкага міру 1918 (ад Фінскага зал. да Курска). Падзялялася на ўчасткі атрадаў. Атрады, што займалі лінію на тэр. Беларусі, уваходзілі ў Заходні ўчастак атрадаў заслоны. У канцы 1918 — пач. 1919 участкі атрадаў сталі базай для ўтварэння армій і франтоў.

т. 6, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ИЛЛЮСТРА́ЦИЯ»,

часопіс. Выдаваўся ў 1845—49 у Пецярбургу на рус. мове. Друкаваў матэрыялы па этнаграфіі, фальклоры, краязнаўстве розных рэгіёнаў Рас. імперыі. Сярод матэрыялаў пра Беларусь «Беларускае вяселле», «Горад Барысаў: (З падарожных нататкаў)», «Горад Барысаў: (Эпізод Бярэзінскай бітвы)» Р.​Друцкага-Падбярэскага і «Некалькі слоў пра мястэчка Гомль» В.​Шабякіна (усе 1848), пераклад «Нарыса паўночнай Беларусі» Я.​Баршчэўскага (1846) і «Узор паэзіі беларусаў» (1848).

т. 7, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́НЕЙ,

тонкі слой ледзяных крышталёў, якія ўтвараюцца на глебе, траве і наземных прадметах у халодныя, ясныя і ціхія ночы. Узнікае пры ахаладжэнні зямной паверхні ў выніку цеплавога выпрамянення ніжэй за 0 °C і сублімацыі вадзяной пары на паверхні прадметаў. І. адрозніваюць ад шэрані, якая ўтвараецца пры тумане, у мароз. На тэр. Беларусі І. назіраецца з вер. да мая, ад 50 да 80 сутак.

т. 7, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСКАЛІ́ЕЎ (Сундуткалі) (1924, с. Канстанцінаўка Заходне-Казахстанскай вобл., Казахстан — 24.6.1944),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). Аўтаматчык стралк. роты радавы І. вызначыўся пры вызваленні Быхаўскага р-на: у ноч на 24 чэрв. адзін з першых уварваўся ў траншэю праціўніка і ў крытычны момант бою сваім целам закрыў амбразуру варожага дзота. Увекавечаны ў Мемарыяле воінскай славы на Лудчыцкай вышыні.

т. 7, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАЗА́»,

«Козачка», «Казёл», бел. нар. танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп умерана хуткі. Верагодна, мае вытокі ў стараж. абрадавым хаджэнні з «казою» на каляды. У аснове харэаграфічнага малюнка — імітацыя розных рухаў і звычак коз (тупат, скачкі і інш.). Бытуе ў мностве варыянтаў амаль на ўсёй тэр. Беларусі. Некат. варыянты маюць элементы гумарыстычнага ігравога дзеяння, акрабатыкі. Выконваецца пад прыпеўкі.

Ю.​М.​Чурко.

т. 7, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕНЬ ЧО́РТАЎ, камень-шавец,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1987). На паўд.-ўсх. ускраіне в. Камень Валожынскага р-на Мінскай вобл. Валун светла-ружовага граніту.

Даўж. 4 м, шыр. 3,1 м, выш, 2,2 м, у абводзе 11,1 м, аб’ём 14 м³, маса каля 37 т. Формаю нагадвае вял. прас. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс. г. назад са Скандынавіі.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 7, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕНЬ-ГО́РКА,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1983). За 300 м на Пн ад в. Укропенка Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. Валун буйназярністага граніту рапаківі. Даўж. 3,7 м, шыр. 3,5 м, выш. 2,7 м, у абводзе 10,7 м, аб’ём 18 м³, маса каля 48 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс. г. назад з Выбаргскага масіву.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 7, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАНІЗА́ЦЫЯ (ад грэч. canonizō узаконьваю),

у каталіцтве і праваслаўі акт прылічэння тых ці інш. асоб да святых. Ушаноўванне святых пачалося ў перыяд станаўлення хрысц. культу, пэўны парадак К. ўведзены ў 10 ст. Кананізацыйныя працэсы працягваюцца і ў наш час. У Рус. правасл. царкве пытаннямі К. займаецца спец. камісія, прапановы якой разглядаюцца і па іх прымаюцца рашэнні Памесным саборам. Гл. таксама Святыя Беларусі.

т. 7, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТЫНЕНТА́ЛЬНЫ КЛІ́МАТ,

клімат, уласцівы ўнутр. раёнам мацерыкоў, у якіх пераважаюць кантынентальныя паветраныя масы; зрэдку можа адзначацца ў прыбярэжных частках акіянаў. Характарызуецца значнымі гадавымі і сутачнымі ваганнямі т-ры паветра, памяншэннем вільготнасці, воблачнасці і ападкаў, большай запыленасцю атмасферы ў параўнанні з марскім кліматам. У залежнасці ад далёкасці ад мора бывае ўмерана кантынентальны, кантынентальны і рэзка кантынентальны. На тэр. Беларусі клімат умерана кантынентальны.

т. 8, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАТКО́Ў (Аляксей Іванавіч) (12.8.1904, с. Звягіна Першамайскага р-на Яраслаўскай вобл., Расія — 6.10.1943),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). На фронце з кастр. 1941, кулямётчык. У кастр. 1943 знішчыў варожы кулямёт з разлікам каля в. Нова-Аляксееўка Віцебскага р-на, адкрыў узводу шлях для атакі. Загінуў у баі, закрыўшы сваім целам камандзіра ўзвода.

А.І.Караткоў.

т. 8, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)