род кветкавых раслін сям. расіцавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ў трапічных і ўмераных паясах, пераважна ў Аўстраліі і Новай Зеландыі. На Беларусі 4 віды Р.: адваротнаяйцападобная (D. obovata), англійская, ці даўгалістая (D. anglica), круглалістая (D. rotundifolia) і прамежкавая (D. intermedia), занесеная ў Чырв. кнігу. Трапляюцца на балотах, асабліва сфагнавых.
Шматгадовыя насякомаедныя травы выш. да 25 см з паўзучым або клубнепадобным карэнішчам. Лісце ў прыкаранёвай разетцы, доўгачаранковае, распасцёртае па зямлі. На верхнім баку і па краі пакрытае адчувальнымі валаскамі з чырв. залозістай галоўкай, якая ўтрымлівае кроплю ліпкай вадкасці (здаецца, што на лісці раса, — адсюль назва). Калі насякомае трапляе на ліст, валаскі накрываюць яго і абвалакваюць сліззю. Адначасова ліст складваецца па цэнтры (стрымлівае насякомае) і выдзяляе стрававальныя ферменты. Пасля ператраўлівання насякомага ліст зноў раскрываецца. Кветкі дробныя, белыя, у негустых гронкападобных або мяцёлчатых суквеццях. Плод — каробачка. Лек. і фарбавальныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКІ МЕРЫНО́С,
парода танкарунных авечак воўнавага і мяса-воўнавага кірунку. Выведзена ў 1920—51 у паўд. раёнах еўрап.ч.СССР паляпшэннем і скрыжаваннем мазаеўскіх і новакаўказскіх авечак з баранамі асканійскай пароды, прэкас, рамбулье, каўказскай і інш. Выкарыстоўваліся пры вывядзенні грузінскай танкаруннай і забайкальскай парод. У 1960—80 адна са шматлікіх танкарунных парод авечак у СССР. Гадуюць пераважна ў Расіі (паўд. раёны, Зах. Сібір і інш.) і Казахстане.
Жывёлы моцнай канстытуцыі, з прапарцыянальным тулавам, магутным касцяком. Скура шчыльная, на шыі 1—2 невял. папярочныя складкі ці 1 падоўжная (бурда). Маса бараноў 90—110 (да 130) кг, матак 50—55 (да 70) кг. Руно самкнутае, воўна мерыносавая, эластычная, мяккая, ураўнаваная па тонкасці і даўж. (7,5—10 см), з раўнамернай пакручастасцю. Настрыг воўны з бараноў 13—16 (да 24) кг, з матак 5—7 кг. Выхад чыстай воўны 36—42%. Плоднасць 120—140 ягнят на 100 матак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́З ПО́ЛЬСКАГА НАРО́ДА, Садружнасць польскага народа (Stowarzyszenie Ludu Polskiego),
польская тайная вызв.арг-цыя ў 1835—37. Створаны ў Кракаве на аснове арг-цый карбанарыяў эмісарамі эмігранцкай арг-цыі «Маладая Польшча» (Ш.Канарскі, А. і Л. Залескія, С.Гашчынскі). Рыхтаваў паўстанне з мэтай аднаўлення Рэчы Паспалітай і правядзення прагрэс.сац.-эканам. рэформ (найперш скасаванне прыгону). Ідэалагічна быў блізкі да «Дэмакратычнага таварыства». Складаўся пераважна са шляхты і інтэлігенцыі. Тэрытарыяльна падзяляўся на 5 правінцый: Кракаўская рэспубліка (там знаходзіўся цэнтр. орган — Гал. абшчына), Галіцыя, Пазнаншчына, Царства Польскае, Літва (б.ВКЛ, уключала Беларусь). Унутры саюза былі 2 плыні: радыкальна-дэмакр. і ліберальная, якія адрозніваліся адносінамі да сял. пытання, часу паўстання і інш. На тэр. Беларусі ў С.п.н. дзейнічалі Канарскі, А.Ажэшка (гл.Ажэшкі) і інш. У 1837 частка дзеячаў Саюза заснавала Усеаг. канфедэрацыю польскага народа з радыкальнай паліт. праграмай. У выніку расколу ліберальнае кіраўніцтва прыняло рашэнне пра самароспуск арг-цыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЯ́Н,
спадніца з прышыўным ліфам-гарсэтам; састаўная частка нар. жаночага адзення беларусаў Падняпроўя ў 19 — пач. 20 ст. Шылі з баваўняных ці льняных тканін з вузкімі плечавымі шлейкамі ліфа і глыбокім выразам проймы. Спадніцу звычайна кроілі з 4 полак андарачнай тканіны, ліф-гарсэт — з фабрычнай (аксаміт, сацін, шарсцянка, парча, шоўк). У паўн.-ўсх. раёнах С. шылі з ільняных пярэстатканых ці маляўніча-набіваных тканін сіняга ці блакітнага колеру. Апраналі паверх кашулі і падпяразвалі вузкім поясам. На Беларусь С. трапіў, відаць, з Зах. Еўропы, дзе быў верхнім адзеннем феад. знаці і духавенства ў 16—18 ст. (шылі з аксаміту, парчы, сукна пераважна чорнага, сіняга, шэрага колераў; складаўся з 2 частак — шчыльнага ліфа з лямкамі або кароткімі рукавамі і фалдзістага нізу). Сустракаецца ў адзенні рускіх, украінцаў (сарафан).
М.Ф.Раманюк.
Дзяўчынка ў саяне. Вёска Рудня-Барталамееўская Чачэрскага раёна Гомельскай вобл.Пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́НА (Seine),
рака на Пн Францыі. Даўж. 776 км, пл.бас. 78,6 тыс.км². Вытокі на плато Лангр, цячэ ў шырокай даліне па раўнінах Парыжскага бас., рэчышча звілістае, асабліва ніжэй Парыжа. Упадае ў бухту Сены праліва Ла-Манш, утварае эстуарый. Асн. прытокі: Об, Марна, Уаза (справа), Іона, Эр (злева). Жыўленне пераважна дажджавое. Найб. ўзроўні зімой і ў канцы лета. Сярэдні расход вады ў Парыжы 250 м³/с, каля вусця — да 500 м³/с. У ніжнім цячэнні С. зазнае ўплыў марскіх прыліваў. Суднаходная ад г. Труа (часткова па абвадным канале). Марскія судны падымаюцца да г. Руан (125 км ад вусця). Злучана каналамі з рэкамі Шэльда, Маас, Рэйн, Сона, Луара і інш. На С. — гарады Парыж (цягнецца ўздоўж С. амаль на 50 км), Руан; у эстуарыі марскі аванпорт Парыжа — Гаўр. Набярэжная С. ў Парыжы з помнікамі архітэктуры ўключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНАЕ́ДЫ (Psocoptera, або Copeognatha),
атрад насякомых. Больш за 1500 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. Жывуць у лясах на дрэвах, у гнёздах насякомых і птушак, на глебе, пад камянямі, у лясным подсціле, жылых памяшканнях, бібліятэках, музеях. На Беларусі адзначаны кніжная вош (Liposcelis divinatorius), С. хатні, або пылавая вош (Trogium pulsatorium), С. двухпалосы (Amphigerontia bifasciata) і інш.
Даўж. цела 1—5 мм. Афарбоўка бледна-бурая, белая. Вусікі ніткападобныя. Ротавы апарат грызучы і сысучы. Большасць маюць перапончатыя бясколерныя або з цёмнымі плямамі і перавязямі крылы. У шэрагу відаў крылы ўкарочаныя ці адсутнічаюць. Ногі бегальныя, лапкі 2—3-членікавыя. Развіццё з няпоўным ператварэннем. За год даюць некалькі пакаленняў. Кормяцца жывымі і адмерлымі расліннымі тканкамі (адсюль назва), некат. грыбамі, водарасцямі, лішайнікамі, псуюць бат. і энтамалагічныя калекцыі, паперу, кнігі, сухія кармавыя запасы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРАВАДАРО́Д,
найпрасцейшае хім. злучэнне серы з вадародам, H2S.
Бясколерны газ з пахам тухлых яек, шчыльн. 1,538 кг/м³, tкіп -60,35 °C. Раствараецца ў вадзе; водны раствор С. — серавадародная кіслата H2S — слабая двухасноўная к-та, якая ўтварае солі гідрасульфіды і сульфіды. Сумесі С. з паветрам (4,5—45,5% С. па аб’ёме) выбухованебяспечныя. Пры награванні ў вільготным паветры С. узаемадзейнічае з большасцю металаў і іх аксідаў з утварэннем сульфідаў металаў. Моцны аднаўляльнік; моцнымі акісляльнікамі (азотная к-та, хлор) С. акісляецца да сернай кіслаты. С. ёсць у нафтавых і вулканічных газах, у вадзе некат. мінер. крыніц і лячэбных гразях; утвараецца пры раскладанні бялкоў. У прам-сці атрымліваюць як пабочны прадукт пры ачыстцы нафты, прыродных і прамысл. газаў. Выкарыстоўваюць пераважна для вытв-сці серы і сернай к-ты, а таксама для атрымання сульфідаў і сераарган. злучэнняў, у аналіт. хіміі. Атрутны, пашкоджвае слізістыя абалонкі, органы дыхання; ГДК у атм. паветры 0,008 мг/м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІФАНАФО́РЫ (Siphonophora, ад грэч. siphōn трубка + phoros які нясе),
падклас беспазваночных жывёл кл. гідроідных тыпу кішачнаполасцевых. Каля 170 відаў (па інш. звестках 250). Пашыраны ў акіянах і морах з высокай салёнасцю вады, пераважна ў трапічных і цёплых водах да глыб. 5000 м. Найб. вядомыя «партугальскі караблік» (Physalia), фізафора (Physophora hydrostatica).
Даўж. цела 1 см — 3 м (разам са шчупальцамі да 20 м). Празрыстыя арганізмы, асобныя ч. цела яркія. Каланіяльныя, калоніі паліморфныя (гл. Полімарфізм), складаюцца з асобін, якія выконваюць пэўныя функцыі: перамяшчэння (маюць пнеўматафор і «плавальны каўпак», або нектафор), кармлення (гастразоіды з доўгім рухомым прыдаткам, або «арканчыкам» з жыгучымі клеткамі), размнажэння (ганазоіды). Звычайна розныя асобіны калоніі сабраныя ў групы — кармідыі. Размнажэнне палавое. Лічынка (відазмененая планула) шляхам пачкавання ўтварае маладую калонію. Кормяцца дробнымі марскімі жывёламі. Некат. буйныя трапічныя С. небяспечныя для чалавека (выклікаюць цяжкія апёкі і агульнае захворванне з павышэннем т-ры).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАНДЫНА́ЎСКІЯ МО́ВЫ,
паўночная (нардычная) падгрупа германскіх моў. Да С.м. належаць: дацкая мова, шведская мова, нарвежская мова, ісландская мова і фарэрская. Пашыраны на тэр. Даніі (у т. л. Фарэрскіх а-вах), Швецыі, Нарвегіі, Ісландыі, зах. часткі Фінляндыі.
Перыяд праскандынаўскага (агульнаскандынаўскага, пранардычнага) адзінства (пасля адасаблення ад готаў) — 1—7 ст.н.э. вядомы па рунічных надпісах 3 ст. (гл. Рунічнае пісьмо). У выніку экспансіі скандынаваў на З, Пд і Ў пераважна ў 9—10 ст. адбылася паступовая дыялектная дыферэнцыяцыя, вынікам якой стала ўзнікненне моў усх.-скандынаўскіх (шведская і дацкая) і зах.-скандынаўскіх (нарвежская, ісландская, фарэрская). С.м. дастаткова дыферэнцыраваныя ў фаналагічных і марфал. адносінах, значна меней у сінтаксічных. У лексіцы найб. адрозненні назіраюцца паміж астраўнымі і кантынентальнымі мовамі.
Літ.:
Вессен Э. Скандинавские языки: Пер. со швед.М., 1949;
Стеблин-Каменский М.И. История скандинавских языков. М.; Л., 1953;
Скандинавские языки: Актуальные пробл. грамматич. теории. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ ТЭА́ТР ЛЯ́ЛЕК БЕЛАРУ́СІ.
Створаны ў 1938 у Гомелі. Адкрыўся 15.7.1938 спектаклем «Па шчупаковай волі» Л.Тарахоўскай, які шмат у чым паўтараў пастаноўку С.Абразцова, на рэпертуар і пастановачныя прынцыпы якога т-рпераважна арыентаваўся на першым часе. З 1940 маст. кіраўнік М.Бабушкін, гал. мастак Б.Звінагродскі. Ставіліся пераважна казкі: «Чароўныя падарункі» («Дзед і Жораў») В.Вольскага, «Кот у ботах» Г.Уладычынай, «Вялікі Іван» Абразцова і С.Праабражэнскага, «Падарожжа ў дзіўныя краіны» У.Палякова і інш. У Айч. вайну асн. трупа т-ра знаходзілася ў Душанбе. Дзейнічала таксама агітбрыгада на чале са Звінагродскім, у праграме — сатыр. сцэнкі і інтэрмедыі. 1.5.1944 т-р аднавіў сваю дзейнасць у Гомелі спектаклем «Вялікі Іван». У першыя пасляваен. гады пераважна аднаўляўся ранейшы рэпертуар. З лепшых новых пастановак: «Канёк-Гарбунок» паводле П.Яршова, «Хрустальны чаравічак» Т.Габэ, «Дзед Мароз» А.Шурынавай і «Чароўны галёш» Г.Мацвеева. У 1949 дзейнасць т-ра была спынена. У 1950 т-р створаны нанава і працуе ў Мінску. Некат. спектаклі 1950-х г. характарызаваліся празмерна дэталізаваным вырашэннем лялькі, імітацыяй ёй чалавека. Пошукі новых выяўл. сродкаў, станаўленне прафес. сцэнаграфічнай культуры т-ра звязаны з дзейнасцю рэж. Анатоля Ляляўскага і мастака Л.Быкава. Пераканаўчае рэжысёрскае прачытанне, цікавае сцэнаграфічнае вырашэнне атрымалі творы бел. драматургіі: «Дзед і Жораў» В.Вольскага, «Граф Глінскі-Папялінскі» А.Вольскага, «Каваль Вярнідуб» паводле А.Якімовіча, «Марынка-крапіўніца» А.Вольскага і П.Макаля, «Сярэбраная табакерка» паводле З.Бядулі, «Лілавічкі» паводле У.Галубка, «Дзякуй, вялікі дзякуй» і «Скажы сваё імя, салдат» А.Вярцінскага, «Балада пра белую вішню» С.Клімковіч, «Янка-цымбаліст і алавянае царства» Э.Брука і Б.Дуцэнкі. У канцы 1960—1-й пал. 1970-х г. адраджаецца традыцыя пастановак для дарослых, распачатая ў 1950-я г. спектаклямі «Краса ненаглядная» Я.Спяранскага і «Кароль-Алень» паводле К.Гоцы Сярод іх: «Чортаў млын» і «Боская камедыя» І.Штока, «Цудоўная Галатэя» С.Дарваша і Б.Гадар, «Клоп» У.Маякоўскага, «Да трэціх пеўняў» В.Шукшына, «Прыгоды бравага салдата Швейка» паводле Я.Гашака. Творчасць т-ра 2-й пал. 1970—80-х г. адметная зваротам да новых выяўл. сродкаў, у спектаклях разам з лялькамі выступаюць акцёры ў жывым плане. Імкненне да сінтэзу разнастайных сцэн. сродкаў выявілася ў спектаклях «Крэсіва» Спяранскага, «Сланяня» Уладычынай, «Арэшак» Р.Аляксандравай, «Зорны хлопчык» паводле О.Уайльда, «Ляўша» паводле М.Ляскова, «Салавей» паводле Х.К.Андэрсена і інш. Творчае аблічча т-ра 1990-х г. вызначаюць спектаклі, пастаўленыя рэж. Аляксеем Ляляўскім: «Майстар і Маргарыта» паводле М.Булгакава, «Бура» У.Шэкспіра, «Сымон-музыка» паводле Я.Коласа, «Папялушка, ці Перамога Дабрачыннасці» Ж.Маснэ, «Цар Ірад» у апрацоўцы Г.Барышава і інш.
У складзе трупы (1997): засл. арт. Беларусі У.Уласаў, У.Грамовіч, А.Казакоў, мастак па ляльках засл. работнік культ. А.Нікалайчык. У 1976—96 гал. мастак А.Фаміна.
М.А.Каладзінскі.
Да арт.Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі. Сцэна са спектакля «Прыгоды бравага салдата Швейка» паводле Я.Гашака.Да арт.Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі. Сцэна са спектакля «Дзед і Жораў» В.Вольскага.Да арт.Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі. Сцэна са спектакля «Званы твайго лёсу» А.Вольскага і П.Макаля.Да арт.Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі. Сцэна са спектакля «Сымон-музыка» паводле Я.Коласа.Да арт.Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі. Сцэна са спектакля «Балада пра белую вішню» С.Клімковіч.