ІМПРЭСІЯНІ́ЗМ (франц. impressionnisme ад impression уражанне),
кірунак у мастацтве апошняй трэці 19 — пач. 20 ст. Склаўся ў франц. жывапісе канца 1860 — пач. 1870-х г. Назву атрымаў ад карціны К.Манэ «Уражанне. Узыход сонца» («Impression. Soleil Levant», 1872), якая экспанавалася на парыжскай выстаўцы групы маладых франц. жывапісцаў у 1874. У групу таксама ўваходзілі А.Рэнуар, К.Лісаро, А.Сіслей. Э.Дэга, П.Сезан, П.Банар, Б.Марызо і інш. мастакі, што аб’ядналіся для барацьбы за абнаўленне мастацтва і пераадолення афіц. салоннага акадэмізму. У 1874—86 праведзена 8 выставак, пасля чаго імпрэсіяністы страцілі былое адзінства і працягвалі свае творчыя пошукі паасобку (гл.Неаімпрэсіянізм, Постімпрэсіянізм, Пуантылізм). Адным з заснавальнікаў І. быў таксама Э.Манэ (не ўваходзіў у гэтую групу, але яшчэ ў 1860—70-х г. прадвызначыў яго накіраванасць).
Імпрэсіяністы імкнуліся знайсці форму выражэння, максімальна блізкую да першаснага ўражання, гал. ролю жывапісу бачылі не ў адлюстраванні рэчаіснасці, а ў яе пачуццёвым успрыняцці. Спробы перадаць зіхаценне святла, вібрацыю паветра, зафіксаваць імгненне як бы выпадковай сітуацыі ці руху прывялі да ўзнікнення своеасаблівай тэхнікі жывапісу. Праз накладанне фарбаў асобнымі мазкамі, невыразнасць абрысаў прадметаў, вылучэнне толькі некалькіх іх гал. рысаў імпрэсіяністы здолелі ажывіць карціну, перадаць адчуванне рухомасці, хісткасці і няўстойлівасці імгнення. Такі метад дазваляў лёгка ўводзіць адну фарбу ў зону іншай без страты яе моцы, за кошт чаго ўзбагачаўся каларыт. Асобныя мазкі, якія не супадаюць з абрысамі прадмета, аптычна змешваюцца зрокам гледача, што выклікае пачуццё незвычайна светлага, трапяткога жывапісу. Яны выпрацавалі паслядоўную сістэму пленэра, скарыстаўшы пошукі Дж.Констэбла, К.Каро, мастакоў барбізонскай школы, упершыню стварылі шматгранную карціну паўсядзённага жыцця сучаснага горада. Для І. характэрна змяшэнне быт. жанру з партрэтам, тэндэнцыя да знішчэння дакладных граней паміж жанрамі.
Зварот да І. і вывучэнне яго прынцыпаў у значнай ступені паўплывалі на развіццё шэрагу нац.еўрап.маст. школ і творчасці мастакоў (М.Ліберман, Л.Карынт у Германіі; К.Каровін, В.Сяроў, І.Грабар у Расіі; М.Касат у ЗША; Л.Вычулкоўскі ў Польшчы і інш.), хоць за межамі Францыі развіваліся толькі асобныя тэндэнцыі І. Тэрмін «І.» ужываецца таксама ў дачыненні да скульптуры 1880—1910-х г., якая мае некаторыя сходныя з жывапісам І. рысы: імкненне да перадачы імгненнасці руху, цякучасць і мяккасць форм, пластычная незавершанасць (творы А.Радэна і Дэга ў Францыі, П.Трубяцкога і Г.Галубкінай у Расіі, і інш.). У бел. мастацтве рысы І. ўласцівы творчасці Я.Драздовіча, У.Кудрэвіча, В.Бялыніцкага-Бірулі.
У літаратуры — метад, які грунтуецца на дынамічнай раўнавазе суб’ектыўнага і аб’ектыўнага пачаткаў, на фіксацыі няўлоўных і амаль непадуладных рацыянальнаму асэнсаванню ўражанняў аўтара або героя, станаў яго душы, на імгненнай асацыятыўнасці. Для І. характэрны эскізнасць, фрагментарнасць, эмацыянальны прынцып арганізацыі тэксту (адсюль — пошукі складаных асацыятыўных метафар, увага да гучання слова, асаблівая семантызацыя рытму і мелодыкі), замена разгорнутых лагічных канструкцый незавершанымі фразамі, якія накладваюцца як мазкі на палатне мастака-імпрэсіяніста. Яскравая прыкмета І. — «пейзаж душы», зліццё ў адзіны непадзельны вобраз унутр. стану чалавека і стану навакольнай прыроды.
Складваўся як адзін з кірункаў літ.дэкадэнцтва ў 1860—70-я г. ў Францыі (проза бр. Ж. і Э.Ганкураў) і дасягнуў апагею ў сталай творчасці П.Верлена, праграмны верш якога «Мастацтва паэзіі» быў маніфестам літ. І. Буйнейшай з’явай І. стала спадчына «школы венскіх імпрэсіяністаў» (А.Шніцлер, П.Альтэнберг, Г. фон Гофмансталь). Пакінуў бліскучы след у творчасці пісьменнікаў розных кірункаў, у т. л. Э.Заля (раман «Старонка кахання»), у ранняй навелістыцы Т.Мана, С.Цвэйга; у творчасці М.Пруста даў імпульс станаўленню плыні свядомасці. У рус. л-ры рысы І. ў паэзіі А.Фета, у прозе А.Чэхава, І.Буніна, у ранняй паэзіі А.Блока, А.Белага, М.Валошына, Б.Пастарнака і інш., у бел. л-ры — у паэзіі М.Багдановіча.
У музыцы І. склаўся ў 1890—1910-я г. Для яго характэрна імкненне да ўвасаблення мімалётных уражанняў, да адухоўленай пейзажнасці. Навакольны свет раскрываецца праз прызму тонкіх псіхал. рэфлексаў, ледзь прыкметных адчуванняў, народжаных сузіраннем, што збліжае яго з літ. сімвалізмам: творы П.Верлена, С.Малармэ, П.Луіса, М.Метэрлінка ўвасоблены ў музыцы К.Дэбюсі — заснавальніка муз. І., і яго паслядоўнікаў. У сферы фантастыкі і экзотыкі (цікавасць да Іспаніі, краін Усходу) імпрэсіяністы прадоўжылі традыцыі рамантызму, адмовіўшыся ад вострых драм. калізій, сац. тэм.
Кампазітары-імпрэсіяністы пакінулі вытанчаныя і ясныя па выразных сродках, эмац. стрыманыя і строгія па стылі творы (пераважна праграмныя сімф. і фп. мініяцюры, сюітныя цыклы). Узбагацілася гарманічнае і тэмбравае мысленне (М.Равель, П.Дзюка і інш.). Элементы І. развіліся таксама ў інш. кампазітарскіх школах (М. дэ Фалья ў Іспаніі, А.Рэспігі, часткова А.Казела і Дж.Ф.Маліп’ера ў Італіі, Ф.Дыліус і С.Скот у Вялікабрытаніі, К.Шыманоўскі ў Польшчы, І.Стравінскі, М.Чарапнін у Расіі і інш.).
У тэатры ў канцы 19 — пач. 20 ст. ўзмацнілася ўвага рэжысёраў і выканаўцаў да перадачы атмасферы дзеяння, раскрыцця яе падтэксту. Эфект дасягаўся з дапамогай наўмысна беглых характарыстык у спалучэнні з асобнымі выразнымі дэталямі, што раскрывалі патаемныя перажыванні герояў, іх думкі, імпульсы ўчынкаў. Рэжысурай выкарыстоўваліся гукі, жывапісна-колеравыя плямы, раптоўныя змены рытмаў для стварэння эмацыянальнай насычанасці і ўнур. нарастання драматызму спектакля. Рысамі І. вызначалася творчасць рэжысёраў і акцёраў А.Антуана, Г.Рэжан (Францыя), М.Райнгарта, О.Брама (Германія), Э.Дузе (Італія), У.Меерхольда, В.Камісаржэўскай, П.Арленева (Расія), пастаноўкі МХАТа і інш.
Літ.:
Андреев Л.Г. Импрессионизм. М., 1980;
Денвир Б. Импрессионизм: Художники и картины: Пер. с англ.М., 1994;
Велтон Д. Пейзажи импрессионистов: [Перевод]. М., 1995;
Яроциньский С. Дебюсси, импрессионизм и символизм: Пер. с пол. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНАЛІЗА́ЦЫЯ,
пераход маёмасці прыватных асоб ва ўласнасць дзяржавы на падставе спец. актаў кампетэнтных дзярж. устаноў. Аб’ектамі Н. могуць быць і асобныя прадпрыемствы, аб’яднанні, будынкі, зямельныя ўчасткі і цэлыя галіны эканомікі, уся зямля або асобныя яе катэгорыі. Можа ажыццяўляцца праз бязвыплатную экспрапрыяцыю (прымусовае адчужэнне), поўны або частковы выкуп. Права дзяржавы на правядзенне Н., якое ўключае свабоднае распараджэнне прыроднымі рэсурсамі краіны, пацверджана ў шэрагу рэзалюцый Ген. Асамблеі ААН. Міжнар. публічнае права прызнае права дзяржавы на Н., але не прадугледжвае рэгулявання супярэчнасцей, што ўзнікаюць у выніку пераразмеркавання ўласнасці паміж дзяржавай і прыватнымі ўласнікамі. Разнавіднасцю Н. з’яўляецца дэпрыватызацыя — ператварэнне ў дзярж. ўласнасць прыватызаванай раней дзярж. маёмасці. У развітых капіталіст. краінах Н. закранае, як правіла, тыя галіны вытв-сці, што патрабуюць вял. і доўгатэрміновых капітальных укладанняў і няздольны прынесці хуткія прыбыткі прыватным прадпрымальнікам, але з’яўляюцца неабходнымі для функцыянавання эканомікі і дзяржавы ў цэлым (ваенная, паліўнаэнергет. прам-сць, сувязь, транспарт і інш. галіны інфраструктуры). Уладальнікам нацыяналізаванай маёмасці звычайна выплачваецца кампенсацыя. Н. практыкавалася ўжо ў 19 ст., праводзілася ў шэрагу еўрап. краін у 1920—30-я г. Многія еўрап. дзяржавы (Францыя, Вялікабрытанія, Аўстрыя і інш.) шырока праводзілі Н. пасля 2-й сусв. вайны з мэтай больш хуткага і эфектыўнага аднаўлення эканомікі за кошт дзярж. сродкаў. Вопыт сац.-эканам. развіцця сведчыць, што працэсы Н. і раздзяржаўлення, або прыватызацыі, перыядычна змяняюць адзін аднаго ў залежнасці ад стану эканомікі і паліт. кан’юнктуры. Левыя паліт. сілы (сацыялісты, камуністы) звычайна выступаюць за Н. найважнейшых галін эканомікі, правыя (напр., брыт. кансерватары, герм.хрысц. дэмакраты) — за іх прыватызацыю. У 1950—80-я г. Н. неаднаразова праводзілася ў Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі і інш. краінах з мэтай пераадолення крызіснага становішча ў галінах інфраструктуры. З сярэдзіны 1980-х г. у большасці развітых краін свету прыярытэтнае значэнне зноў набыла палітыка прыватызацыі дзярж. маёмасці, бо сталі відавочнымі крызісныя з’явы, звязаныя з функцыянаваннем дзярж. сектара эканомікі (рост бюракратызацыі кіравання, інфляцыйных працэсаў, зніжэнне тэмпаў росту і эфектыўнасці вытв-сці і інш.). У сацыяліст. краінах Еўропы (Чэхія, Польшча, Венгрыя і інш), дзе ў 1940—50-я г. Н. праводзілася як рэв. акт шляхам бязвыплатнай канфіскацыі або за частковы выкуп, масавая прыватызацыя (або дэнацыяналізацыя) дзярж. маёмасці разгарнулася пасля страты камуністамі ўлады ў 1989—90. У тых краінах, дзе засталіся сацыяліст. рэжымы (Кітай, В’етнам, Куба), эканам. мэтазгоднасць таксама прымушае кіруючыя партыі ў большай ці меншай ступені праводзіць прыватызацыю дзярж. маёмасці. Аднак і цяпер у развітых краінах свету дзярж. сектар эканомікі стварае не менш як 1/5нац. прадукту. У краінах, што развіваюцца, пасля атрымання імі незалежнасці ў першую чаргу нацыяналізаваліся прадпрыемствы замежных манаполій. У некаторых краінах ажыццяўлялася Н. прадпрыемстваў буйной нац. буржуазіі. Праводзілася Н. і як бязвыплатная канфіскацыя, і як частковы выкуп. У асобных краінах, што развіваюцца, дзярж. сектар заняў значнае месца ў эканоміцы (напр., у Індыі забяспечвае 40% прамысл. вытв-сці, у Алжыры дае 80% валавога ўнутр. прадукту). У апошнія гады ў многіх краінах, якія развіваюцца, таксама пачала ажыццяўляцца палітыка прыватызацыі дзярж. маёмасці.
У Сав. Расіі (пазней СССР) і ў інш.сацыяліст. краінах Н. мела характар паліт. акцыі, накіраванай на ліквідацыю прыватнай уласнасці на сродкі вытв-сці і класа прыватных прадпрымальнікаў — буржуазіі. У Сав. Расіі яна праводзілася пераважна ў 1917—20 як прымусовае і бязвыплатнае адабранне маёмасці ва ўласнасць дзяржавы. Дэкрэт «Аб зямлі», прыняты 26.10(8.11).1917 на 2-м з’ездзе Саветаў Расіі, ліквідаваў без выкупу прыватную ўласнасць на зямлю, у т. л. памешчыцкую, з бясплатнай перадачай яе ў карыстанне сялянам. У 1917—18 нацыяналізаваны транспарт, сувязь, банкі, знешні гандаль. У 1918 сав. ўрад пачаў планамерную Н. галін прам-сці (цукровай, каменнавугальнай, нафтавай і інш.). Паводле дэкрэта СНК ад 28.6.1918 Н. падлягалі ўсе вял. прадпрыемствы з капіталам ад 200 тыс. руб.
У 1919—20 пад уплывам палітыкі «ваеннага камунізму» нацыяналізаваны ўсе сярэднія і б.ч. дробных прадпрыемстваў. У час новай эканамічнай палітыкі (з 1921) Н. дробнай прам-сці часова прыпынена, а частка дробных прадпрыемстваў дэнацыяналізавана.
На Беларусі Н. ажыццяўлялася на падставе дэкрэтаў рас. органаў сав. улады. У адпаведнасці з дэкрэтам СНК РСФСР ад 17(30). 11.1917 нацыяналізаваны чыг. майстэрні ў Мінску, Віцебску і інш. гарадах, усе чыгункі, банкі, а таксама лесапільныя з-ды і млыны, уладальнікі якіх не падпарадкаваліся рабочаму кантролю. 23.12.1917 (5.1.1918) СНКЗах. вобласці нацыяналізаваў уласнасць Усерас. земскага саюза, Саюза гарадоў, інж.-буд. арг-цый і тылавых ваен. складоў. Свой адбітак на правядзенне Н. ў Беларусі наклалі герм. (люты—снеж. 1918) і польская (лета 1919 — лета 1920) акупацыі б.ч. яе тэрыторыі. У кастр. 1918 — ліп. 1919 (да польскай акупацыі) нацыяналізаваны 140 ф-к і з-даў, або 41% вял. прадпрыемстваў. Пасля вызвалення ад польскай акупацыі ў жн.—снеж. 1920 нацыяналізаваны яшчэ 152 вял і 392 малыя прадпрыемствы. Удзельная вага дзярж. сектара ў канцы 1920 у буйной прам-сці складала 94,2%, у дробнай — 47,4%, у саматужных рамесных прадпрыемствах — 2,5%. Прыватная ўласнасць на сродкі вытв-сці была амаль поўнасцю ліквідавана ў БССР. як і ўсюды ў СССР, у 1930-я г. ў перыяд індустрыялізацыі і калектывізацыі. У Заходняй Беларусі польскія ўлады адмянілі сав. дэкрэты аб Н. Паўторная Н. тут праводзілася пасля далучэння гэтай тэр. да БССР на падставе дэкларацыі Народнага сходу Заходняй Беларусі (кастр. 1939). З 1990-х г. на Беларусі, як і ў інш. краінах б.СССР, прыярытэтнае значэнне набылі працэсы раздзяржаўлення і прыватызацыі эканомікі, але дзяржава пакідае за сабой права ў неабходных выпадках праводзіць Н. або дэпрыватызацыю. Паводле «Грамадзянскага кодэкса» Рэспублікі Беларусь ператварэнне маёмасці юрыд. і прыватных асоб у дзярж. ўласнасць шляхам яе Н. адбываецца толькі на падставе адпаведнага заканадаўства.
Літ.:
Виноградов В.А. Вопросы теории и практики социалистической национализации промышленности. М., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКІЯ,
нацыя, асн. насельніцтва Расійскай Федэрацыі. Разам з беларусамі і ўкраінцамі належаць да ўсходніх славян. Жывуць таксама на Украіне, у Казахстане, Кыргызстане, Латвіі, Эстоніі, ЗША, Канадзе, Францыі і інш. У Рэспубліцы Беларусь 1142 тыс.чал. (перапіс 1999). Гавораць на рускай мове. Вернікі пераважна праваслаўныя.
Пачатковы этап фарміравання этнасу Р. адносіцца да 12—13 ст. — перыяду распаду ўсх.-слав. этнакультурнага адзінства стараж.-рускай дзяржавы — Кіеўскай Русі. Фарміраванне рус. народнасці ў 14—15 ст. абумоўлена сац.-эканам. развіццём, звязана з барацьбой супраць мангола-татарскай няволі і ўтварэннем Рускай цэнтралізаванай дзяржавы. Кансалідацыя рус. этнасу завяршылася ў 16 ст.Асн.этнагр. групы, якія адрозніваюцца дыялектамі («оканне» і «аканне») і некат. інш. асаблівасцямі, — паўн. і паўд. велікарусы. Сярэдневелікаруская група (цэнтр. раёны з Масквою) мае ў дыялекце і культуры паўн. і паўд. рысы. Дробныя этнагр. групы — паморы, мяшчора, казакі, стараверы і інш. Сельскія паселішчы ў мінулым на Пн маладворныя, хаты рубленыя, высокія, з драўляным дахам, на Пд мнагадворныя, хаты нізкія, каркасныя, з саламянай страхой і земляною падлогаю. У наш час аблічча сельскіх паселішчаў набліжаецца да гарадскога, аднак пэўная спецыфіка на Пн і Пдяшчэ застаецца. Традыц.рус. адзенне бытавала пераважна ў вёсцы. Сялянкі ў паўн. і сярэдневелікарус. абласцях паверх кашулі надзявалі сарафан, у паўд. — панёву (звычайна ў клетку). Дзяўчаты насілі на галаве павязку-стужку, замужнія жанчыны — кічку, сароку, на святы (пераважна на Пн) какошнік; з сярэдзіны 19 ст. гэтыя ўборы паступова замяняюцца хусткаю. Мужчынскі гарнітур амаль усюды складаўся з кашулі-касавароткі, якую насілі навыпуск, паверх нешырокіх штаноў, з поясам. Верхняе жаночае і мужчынскае адзенне — суконны кафтан, зіпун, зімою — футра, кажух. У 20 ст.традыц. вопратка трапляецца дзе-нідзе на Пд, радзей на Пн і ў Сібіры.
Доўгі час этнонімамі «Р.», «русіны» называлі беларусаў і ўкраінцаў. На Беларусі велікаросы з’явіліся ў 14—15 ст., што было звязана з традыцыямі міждынастычных шлюбаў паміж вял. князямі ВКЛ і князямі маскоўскімі, цвярскімі, разанскімі і інш. Сярод такіх груп згадваюцца пскавічы, паселеныя Вітаўтам у Гродне каля 1405. Значная колькасць «маскавітаў» стала жыць у зах. рэгіёнах Беларусі, пераважна ў гарадах Брэст, Вільня, Драгічын, Камянец, Слонім, Навагрудак. З 16 ст. на Беларусі знаходзілі прытулак Р. — уцекачы ад праследаванняў царк. і дзярж. улад. Абсалютная большасць нашчадкаў гэтых добраахвотных перасяленцаў і ваеннапалонных паступова асімілявалася з бел. насельніцтвам, чаму спрыялі блізкасць мовы і агульнасць рэлігіі — праваслаўе. У 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. на Беларусь перасялілася некалькі дзесяткаў тысяч Р., якія ўтварылі замкнёную этнаканфесійную групу старавераў (гл.Стараверства). У выніку адрознення ў рэлігіі яны да нашага часу захавалі сваю этнічную адметнасць. У канцы 18—1-й пал. 19 ст. пасля далучэння зямель Беларусі да Рас. імперыі рус. насельніцтва тут павялічвалася марудна. У 2-й пал. 19 ст. доля рус. насельніцтва пабольшала, што ў значнай ступені было абумоўлена ўзмацненнем этнатрансфармацыйных працэсаў пасля паўстання 1863—64, калі рус. мова заняла пануючае становішча ў асвеце, кнігадрукаванні, перыяд. друку і інш. (гл. таксама Русіфікацыя). У найб. ступені працэс атаясамлівання сябе з рус. этнасам закрануў сац. эліту, гар. насельніцтва. Развіццё прам-сці, буд-ва чыгунак і дарог у канцы 19 ст. таксама прыцягнулі значныя групы Р. Паводле тагачаснай афіц. канцэпцыі, якую адстойвалі этнографы, беларусы і ўкраінцы разглядаліся як галіны адзінага рус. народа. Паводле перапісу 1897, у 5 бел. губернях жыло 492 921 чал. Р. (дакладней асоб, якія назвалі рус. мову роднай), што складала 5,8% ад усяго насельніцтва. Самая вял. колькасць і ўдзельная вага Р. назіралася ў Віцебскай губ. (98 тыс.чал., 13,3%). Вял. групы Р. жылі ў Віцебскім, Дзвінскім, Гарадоцкім, Полацкім, Рэжыцкім, Себежскім пав. Віцебскай губ., Вілейскім пав. Віленскай губ., Беластоцкім і Брэсцкім пав. Гродзенскай губ., Бабруйскім і Мінскім пав. Мінскай губ., Гомельскім пав. Магілёўскай губ. Р. была характэрна высокая урбанізаванасць (37,5% усіх Р. жыло ў гарадах), даволі высокі ўзровень пісьменнасці (293 чал. на 1 тыс.), а па колькасці асоб з адукацыяй «вышэй за сярэднюю» яны займалі 1-е месца. У перыяд беларусізацыі ў 1921 пастановай ЦВКБССР за рус. мовай быў замацаваны статус адной з 4 дзяржаўных (зацверджаны Канстытуцыяй 1927). У 1926—27 створаны 14 нац.рус. сельсаветаў (13 у Гомельскай акрузе і 1 Багушэўскі ў Бабруйскім р-не; існавалі да 1935—37), дзейнічалі рус. аддзяленні ў педтэхнікумах, каля 6% вучняў вучыліся ў рус. школах. Разам з тым у ходзе беларусізацыі этнонім «беларусы» стаў набываць дзярж. сэнс і пашыраў свой уплыў на ўсё шматнац. насельніцтва рэспублікі, у т. л. на Р., што вяло да паслаблення іх самасвядомасці. Пасля Вял.Айч. вайны Р. на Беларусі сталі адной з найб. хутка растучых этнічных груп (у 1959—659 тыс.чал., у 1970—939 тыс.чал., у 1979—1134 тыс.чал., у 1989—1342 тыс.чал.). Перапіс 1999 выявіў, што пры захаванні абсалютнай большасцю Р. сваёй мовы ў якасці роднай, назіраюцца і адаптацыйныя працэсы сярод Р. да бел. мовы і культуры (9,1% назвалі бел. мову роднай). Р. ў Рэспубліцы Беларусь маюць мажлівасці для захавання сваёй мовы, культуры, гіст. спадчыны, падтрымліваюць сувязі з гіст. радзімаю. У 1995 рус. мова набыла роўны статус з беларускай. На Беларусі дзейнічаюць Бел. грамадскае рэсп. аб’яднанне «Русь» (аддзяленні ў Віцебску, Гомелі, Гродне, Кобрыне, Мінску), Мінскае гар.т-варус. культуры «Русь». Асн. мэта іх дзейнасці — захаванне, вывучэнне, прапаганда рус. культуры, мовы, аб’яднанне людзей рус. нацыянальнасці, умацаванне дружбы рус. і бел. народаў. Пра гісторыю, гаспадарку і культуру Р. гл. ў арт.Расійская Федэрацыя.
Літ.:
Русские: Ист.-этногр. очерки. М., 1997;
Терешкович П. Русские в Беларуси // Нёман. 1992. №6;
Каспяровіч Г.І. Рускія на Беларусі (дэмагр. аспект) // Нацыянальная палітыка і міжнацыянальныя адносіны на Беларусі ў XX ст.Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НА (Ghana),
Рэспубліка Гана (Republic of Ghana), дзяржава ў Зах. Афрыцы. Мяжуе на З з Кот-д’Івуар, на Пн з Буркіна-Фасо, на У з Тога; на Пд абмываецца водамі Гвінейскага зал. Падзяляецца на 10 абласцей. Пл. 238,5 тыс.км². Нас. 16 446 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Акра. Афіц. мова — англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (6 сак.).
Дзяржаўны лад. Гана — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца ўсім насельніцтвам тэрмінам на 4 гады. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Нац. сходу, які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, прызначаны прэзідэнтам.
Прырода. Большая ч. краіны — раўніна, выш. 150—300 м. Уздоўж узбярэжжа нешырокая паласа нізін. На Пн ад яе плато Ашанці і Кваху выш. да 788 м (г. Аквава). На У горы Тога. Нетры Ганы багатыя золатам, алмазамі, баксітамі, марганцам; знойдзены нафта і газ. Клімат экватарыяльны мусонны, на ПдЗ пераходны да экватарыяльнага. Т-ра паветра 24—28 °C у ліп., каля 24 °C у студзені. Ападкаў за год ад 1000 мм на Пн, дзе ёсць сухі перыяд з кастр. да лют., да 1500—2000 мм на Пд. Рэкі больш мнагаводныя на Пд, багатыя гідраэнергіяй. Найбольшая р. Вольта, на ёй вадасховішча пл. 8480 км². Б. ч.тэр. Займаюць саванны, тыповыя на Пн, высакатраўныя ў сярэдняй ч. краіны. На ПдЗ вільготныя вечназялёныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў — чырвоным, сапеле, баку і інш. Па ўзбярэжжы — мангравыя зараснікі. Жывёльны свет багаты і разнастайны, асабліва ў малаасвоеных раёнах. Нац. паркі: Моле, Дыг’я і інш.
Насельніцтва. Каля 75% складаюць народы гвінейскай моўнай групы. Найбольшыя па колькасці народы падгрупы акан (уваходзяць ашанці, фанці, аквапім і акім, жывуць на Пд краіны), блізкія да іх анья і бауле жывуць на ПдЗ. У наваколлі г. Акра жывуць народы га, адангме, эве. Пн населена народамі групы гур (мосі, гурма, грусі, тэм). Жывуць таксама хаўса, сангаі, фульбе і інш. У гарадах невял. групы еўрапейцаў (у асноўным англічан), сірыйцаў, індыйцаў. Пераважаюць мясц.традыц. вераванні (каля 40%), на Пн — мусульмане (каля 30%), на Пд і ў гарадах — хрысціяне (пратэстанты і католікі, каля 24%). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 69 чал. на 1 км². Каля 70% яго сканцэнтравана на Пд, дзе шчыльнасць дасягае 300 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 35%. Самыя вял. гарады (1993, тыс.ж.): Акра — 950, Кумасі — 385, Тамале — 151, Тэма — 132, Секанды-Такарады — 104. У сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве занята 54,7% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 18,7, у абслуговых галінах — 26,6%.
Гісторыя. Да з’яўлення еўрапейцаў (15 ст.) на тэр. Ганы існаваў шэраг раннефеад. дзярж. утварэнняў. У 17—18 ст. пачалі стварацца буйныя цэнтралізаваныя дзяржавы, найб. з іх — Ашанці. Першымі еўрапейцамі на тэр. Ганы былі партугальцы, якія ў 1482 на тэр. племя фанту пабудавалі крэпасць Эльміна. З-за багатых радовішчаў золата яны назвалі краіну Залатым Берагам. Пазней тут заснавалі свае факторыі купцы з Галандыі, Даніі, Швецыі, Прусіі, Англіі. Апошняя здолела выцесніць сваіх канкурэнтаў. У 1844 губернатар, прызначаны брыт. урадам, заключыў з правадырамі плямён фанці дагавор аб прызнанні імі брыт. пратэктарату. Народ ашанці доўгі час адстойваў сваю незалежнасць (у 19 ст. адбылося 7 англа-ашанційскіх войнаў) і толькі ў 1896 заваяваны Вялікабрытаніяй. У 1901 Ашанці і тэр. на Пн ад яе аб’яўлены брыт. калоніяй і ўключаны ў склад Залатога Берага. Асновай эканомікі калоніі стала вытв-сць какавы-зярнят. Да 1937 Залаты Бераг ператварыўся ў найбуйнейшага іх пастаўшчыка на сусв. рынку. Народы Ганы не спынялі барацьбы супраць калан. прыгнёту. У 1920 заснаваны Нац. кангрэс Зах. Афрыкі, які імкнуўся да дэмакратызацыі калан. кіравання. У 1947 створана першая масавая нац.арг-цыя — Аб’яднаны канвент Залатога Берага, у 1949 — Народная партыя Канвента (НПК) на чале з К.Нкрума. Асн. лозунг яе праграмы: «Незалежнасць — неадкладна». Пад націскам нац.-вызв. руху ў 1951 у Гане ўведзена абмежаванае самакіраванне. На выбарах 1951 НПК заваявала большасць у заканад. сходзе. У 1952 створаны 1-ы нац. ўрад, Нкрума стаў прэм’ер-міністрам. У 1954 уведзена ўсеагульнае выбарчае права. У 1956 Залаты Бераг атрымаў статус дамініёна, да яго далучана зах. (брытанская) ч. Тога.
6.3.1957 абвешчана незалежнасць Ганы (у рамках брыт. Садружнасці). Краіна ўзяла назву сярэдневяковай дзяржавы Гана. З 1.7.1960 Гана — рэспубліка, Нкрума яе прэзідэнт. Пачалася афрыканізацыя дзярж. апарату, нацыяналізавана некалькі брыт. кампаній. У 1962 НПК абвясціла, што выбірае ў якасці арыенціра марксісцкі сацыялізм. У 1964 НПК аб’яўлена адзінай партыяй, усе астатнія забаронены. Гігантаманія ў эканоміцы, шматлікія сац. праграмы прывялі да велізарнага бюджэтнага дэфіцыту. Шырокіх маштабаў дасягнула карупцыя дзярж. апарату. У выніку рэзкага паніжэння цэн на какаву на сусв. рынку эканоміка Ганы апынулася ў крытычным стане. У 1966 адбыўся ваен. пераварот; улада перайшла да Нац. Савета Вызвалення на чале з ген. Дж.Анкра. У 1969 уведзена ў дзеянне новая канстытуцыя, Гана абвешчана парламенцкай рэспублікай. Улада перайшла да грамадз. ўрада. У выніку новага ваен. перавароту (1972) ён скінуты. У 1979 група маладых афіцэраў на чале з капітанам Дж.Ролінгсам здзейсніла новы пераварот, улада перайшла да Рэв. Савета Узбр. Сіл. На парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбарах перамагла Народная нац. партыя. Яе кандыдат Х.Ліман стаў прэзідэнтам. Але ён не здолеў вырашыць сац.-эканам. праблемы краіны, што выклікала яшчэ адзін пераварот на чале з Ролінгсам, які ўзначаліў Часовы Савет нац. абароны. У 1983 прынята праграма ўздыму нац. эканомікі, у 1992 — новая канстытуцыя, дазволена шматпартыйнасць. На прэзідэнцкіх выбарах 1992 перамог Ролінгс. Гана — чл.ААН з 1957, эканам. супольнасці дзяржаў Зах. Афрыкі. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 5.6.1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Нац.дэмакр. кангрэс, Нац.патрыят. партыя і інш.Цэнтр.прафс. аб’яднанне — Кангрэс прафсаюзаў Ганы.
Гаспадарка. Гана — аграрная краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю. Сельская гаспадарка дае каля 50% валавога нац. даходу. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — земляробства. Гана займае адно з першых месцаў у свеце па зборы і экспарце какавы-зярнят. Штогадовы збор 200—300 тыс.т. Асн. раён вырошчвання на Пд краіны. Там жа вырошчваюць ямс, тара, маніёк, кукурузу, бабовыя, агародніну, садавіну (у т. л. цытрусавыя), каву, чай, цукр. трыснёг, імбір, арэхі кола, какосавую пальму, гевею, тытунь, кенаф і інш. На Пн краіны, у зоне саванны, вырошчваюць проса, сорга, рыс (на арашальных землях), кукурузу, земляны арэх, пашырана алейнае дрэва карытэ (дзікарослае і ў культуры). Жывёлагадоўля развіта слаба, што звязана з распаўсюджаннем мухі цэцэ (асабліва на Пд). Буйн. раг. жывёлу (каля 800 тыс. галоў), коз і авечак (каля 4 млн. галоў) гадуюць на Пн і У, свіней і птушку — у асноўным на Пд. Развіта марское і рачное рыбалоўства (каля 250—300 тыс.т у год). У прам-сці гал. месца займае горназдабыўная галіна (1992): золата 29 т, алмазаў 620 тыс. каратаў, марганцавай руды 360 тыс.т, баксітаў 370 тыс.т. Здабыча золата пераважна на Пд і ПдУ, радовішчы Ашанці, Прэстэа, Тарква, Дунква. Асн. радовішчы алмазаў каля г. Акватыя, развіваецца здабыча ў бас.р. Бірым. Марганцавую руду здабываюць на радовішчы Нсута, баксіты ў Аваса. Разведаны і эксплуатуюцца радовішчы жал. руды (на Пд і Пн), запасы нафты і газу (у нетрах шэльфа), няруднай сыравіны і солі. Буйнейшае прадпрыемства энергетыкі — ГЭС Акасомба на р. Вольта (магутнасць 976 тыс.кВт), якая выпрацоўвае каля 80% электраэнергіі ў краіне. Меншае значэнне маюць ГЭС Кпонг і ЦЭС у значных гарадах. На базе таннай гідраэнергіі працуе буйнейшы ў Афрыцы з-д першаснага алюмінію ў г. Тэма (штогод каля 200 тыс.т алюмінію з імпартнага гліназёму). Да буйнейшых прадпрыемстваў належаць сталеліцейны (каля г. Акра), 2 цэм. з-ды (у Тэме і Такарады), дрэваапр. камбінаты, шынны з-д. Ёсць прадпрыемствы харчасмакавай (у т. л. тытунёвай), шкляной, гумава-тэхн. прам-сці, электралямпавы, мылаварны, трактара- і аўтазборачны, радыё- і электратэхнічны, ядахімікатаў і мыйных сродкаў з-ды, абутковыя і гарбарныя ф-кі, прадпрыемствы па вытв-сці алмазных інструментаў. Харч.прам-сць: какаваперапр. комплекс, шакаладныя ф-кі, рыбакансервавы камбінат, рыбахаладзільнікі ў Тэме, Акры, Кумасі, Такарады, вытв-сць агароднінных і фруктовых кансерваў, пальмавага алею (на Пн з пладоў алейнага дрэва карытэ, на Пд з какосавых арэхаў), цукру. Прадпрыемствы баваўнянай, джутавай, швейнай, трыкат. Прам-сці. Развіта лясная прам-сць, асабліва лесапілаванне, вытв-сць фанеры, запалак. Апрацоўчая прам-сць у асноўным сканцэнтравана на Пд, прадпрыемствы пераважна ў Акры, Тэме, Такарады. У сельскай мясцовасці развіта саматужная вытв-сць прадметаў хатняга ўжытку, маст. вырабаў з серабра, золата, дрэва, косці. Транспарт пераважна аўтамаб. і чыгуначны. Даўж. аўтадарог 32,2 тыс.км, з іх 6,1 тыс.км з бітумным пакрыццём. Чыгункі абслугоўваюць паўд.ч. краіны, даўж. іх 953 км. Асн.трансп. вузлы Акра, Кумасі, Такарады. Развіты ўнутр. водны транспарт. Для суднаходства шырока выкарыстоўваецца вадасх. Вольта. У краіне 10 аэрапортаў, гал. з іх у Акры, Такарады, Кумасі, Тамале. Знешні гандаль ідзе праз парты Такарады (экспарт), Тэма (імпарт), у меншай ступені праз Акру. Экспарт: какава (каля 50% па кошце), золата, драўніна, баксіты, алюміній. Імпарт: нафтапрадукты, тавары нар. спажывання і харчовыя, машыны і абсталяванне, гліназём. Гал.гандл. партнёры: Германія, Вялікабрытанія, ЗША, Японія. Грашовая адзінка — седзі.
Літаратура. Пісьмовая л-ра ў народаў Ганы з’явілася ў канцы 19 — пач. 20 ст. пераважна на англ. мове. Папулярная была публіцыстыка А.Ахума, А.Аджае, Дж.Каслі-Хейфарда, С.Д.Менса, Р.Е.Г.Армату і інш. Публікацыі на мовах народаў Ганы фанці, эве, га, адангме, дагбані, хаўса і інш. з’явіліся ў сярэдзіне 20 ст. Асноўныя тэмы літ. твораў 1920—50-х г. — гіст. і этнагр. праблемы. Эпічныя паэмы «Народ фанці» і «Звычаі фанці» Г.Р.Акуа, раманы і п’есы Дж.Х.Нкетыя, п’есы «Трэцяя жанчына» Дж.К.Данква, драмы «Пятая лагуна», «Старонкі гісторыі Анла» К.Фіяву, вершы Армату (зб. «Запаветныя думкі чорнага»), Е.Аму, К.А.Акрафі і інш. мелі вял. значэнне для абуджэння самасвядомасці народаў Ганы. У гэты перыяд назіраецца цікавасць да перакладаў твораў сусв. л-ры на мовы народаў Ганы. Пасля абвяшчэння незалежнасці Ганы ў л-ры ўзнікаюць новыя сац. і паліт. тэмы. На аснове нац. традыцый развіваюцца паэзія, проза, драматургія. З сярэдзіны 1960-х г. больш інтэнсіўна развіваецца жанр рамана («Лепшыя яшчэ не нарадзіліся» А.К.Армы, «Анова» К.А.Айда, «Муж для Есі Элуа» К.Бедыяка, «Свавольнікі» К.Дуоду і інш.). Папулярныя ў Гане пісьменнікі Э.Т.Сазерленд, Нкетыя, І.Хо, Х.Сетсаафія, Дж.Акай, Айда. Літаратараў аб’ядноўваюць літ. саюзы. Існуе Асацыяцыя пісьменнікаў Ганы, засн. ў 1960-я г.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Традыцыйнае жыллё Ганы — круглыя і прамавугольныя ў плане глінабітныя хаціны з канічнымі ці 2-схільнымі дахамі з драўляных жэрдак, крытыя пальмавымі галінкамі, саломай, шыферам. Значнага ўзроўню дасягнула маст. апрацоўка каштоўных металаў: дэкар. ўпрыгожанні, парадная зброя, вазы, фігуркі чалавека і дэкар.скульпт. групы гумарыстычнага характару. Здаўна развіты ганчарная справа, выраб нац. вопраткі («кентэ») з вытканымі або штампаванымі каляровымі ўзорамі, арнаментальная разьба па дрэве на прадметах побыту; з чырвонага і чорнага дрэва выразалі стылізаваныя слупападобныя статуэткі. Пасля абвяшчэння незалежнасці ў Гане фарміруецца прафес. мастацтва, праводзяцца маст. выстаўкі. Арг-цыі мастакоў (Ганская асацыяцыя мастакоў «Аквапім-6») імкнуцца да асваення афр. і сусветнай маст. спадчыны, да выпрацоўкі сучаснага нац. стылю (скульптар О.Ампофа). З нар. традыцыямі звязана творчасць Кафі Антубама, В.Кафі. Разнастайныя паводле ідэйна-маст. строю і тэхнікі работы жывапісцаў — ад дэкар. стылізатарства да еўрап.рэаліст. манеры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЖА́РЫЯ, Аджарская Аўтаномная Рэспубліка,
у складзе Грузіі. Пл. 3 тыс.км². Нас. 385 тыс.чал. (1987), гарадскога 16%; грузіны (аджарцы), рускія, армяне і інш. Сталіца — г.Батумі. Найб. гарады: Кабулеты, Хула, Шуахеві, Ачхамуры.
Прырода. Аджарыя размешчана ў паўд.-зах.ч. Закаўказзя, на З абмываецца Чорным м. Большая ч.тэр. занята горнымі хрыбтамі і адгор’ямі М.Каўказа. З ПдЗ на ПнУ Аджарыю перасякае Месхецкі (Аджара-Імерэцінскі) хрыбет, яго адгор’і — Чаквінскі хрыбет і Кабулецкія горы; на У Арсіянскі хрыбет; на Пд па граніцы з Турцыяй Шаўшэцкі хрыбет. Карысныя выкапні: медзь, поліметалічныя руды, вогнетрывалыя гліны. Гідрарэсурсы. Крыніцы лячэбных мінер. водаў. Клімат прыморскай нізіны вільготны субтрапічны, у гарах — ад умерана цёплага да халоднага. Сярэдняя т-растудз. ў прыморскай паласе ад 4 °C да 6 °C, у гарах ад 2 °C да -2 °C; ліп. адпаведна 20—23 °C і 22—16 °C. Гадавая колькасць ападкаў на ўзбярэжжы і схілах 2500—2800 мм, ва ўнутраных раёнах 1000—1400 мм. Сярэдняя працягласць безмарознага перыяду ў прыморскай паласе 300 дзён; самы цёплы раён Закаўказзя. Рака Чарох (ніжняе цячэнне) з прытокам Аджарысцкалі — гал. водныя артэрыі, апошняя са значнымі гідраэнергарэсурсамі. На нізінах пашыраны алювіяльныя, часткова забалочаныя глебы, на перадгор’ях — чырваназёмы, па схілах гор — бурыя лясныя і горна-лугавыя. Больш як палавіна тэр. пад лясамі. Да выш. 600 м пераважаюць шыракалістыя лясы (каштан, дуб, граб, бук) з вечназялёным падлескам з ліян, лаўравішні, пантыйскага рададэндрана (па цяснінах самшыт), да 1500 м — мяшаныя лясы (пераважае бук), якія змяняюцца на хвойныя (хвоя, елка), вышэй за 1800 м — зараснікі хмызняку, яшчэ вышэй — субальпійскія і альпійскія лугі. Прыморскія нізіны і перадгор’і асвоены пад субтрапічныя і тэхн. культуры. У горных лясах разнастайны жывёльны свет: казуля, дзік, шакал, барсук, куніца. Кінтрышскі запаведнік і Батумскі бат. сад.
Гісторыя. Першыя звесткі пра Аджарыю адносяцца да 6—4 ст. да н.э., калі яна ўваходзіла ў Калхідскае царства, потым Іберыю; у 4 ст. ў складзе груз.дзярж. аб’яднання — Лазіка. У 6 ст. Аджарыя — арэна барацьбы паміж Візантыяй і Іранам. З канца 10 ст. — частка груз.феад. дзяржавы, кіравалася эрыставамі (царскімі правіцелямі правінцый). У 11—13 ст. перажыла нашэсці сельджукаў і манголаў. У 2-й пал. 16 ст. захоплена Турцыяй, супраць прыгнёту якой насельніцтва паўставала ў 1680, 1685, 1697, 1744, 1819, 1856. У выніку рус.-тур. вайны 1877—78 Аджарыя далучана да Рас. імперыі, увайшла ў склад Кутаіскай губ. З канца 1880-х г. тут развіваецца прам-сць, праз тэр. Аджарыі ў 1897—1907 пракладзены нафтаправод Баку—Батум. У 1-ю сусв. вайну на тэр. Аджарыі ішлі ваен. дзеянні. Пасля Лют. рэв. 1917 знаходзілася пад уладай Асобага закаўказскага камітэта, з ліст. 1917 — Закаўказскага камісарыята. У крас. 1918 Батум, частку Гурыі і інш. раёны Аджарыі захапілі туркі, у снеж. 1918 — ліп. 1920 акупіравана англ. войскамі. У ліп. 1920 да ўлады ў Аджарыі прыйшлі меншавікі. 11.3.1921 Батум зноў акупіравалі тур. войскі. 18 сак. з дапамогай Чырв. Арміі ўстаноўлена сав. ўлада. 16 ліп. створана Адж. АССР у складзе Груз. ССР. 12.3.1922 Аджарыя як састаўная ч. Грузіі ўвайшла ў Закаўказскую федэрацыю. 25.10.1937 на 12-м Усеаджарскім з’ездзе Саветаў была прынята Канстытуцыя Адж. АССР. Пасля абвяшчэння Грузіяй у 1991 дзярж. незалежнасці Аджарыя захавала статус аўт. рэспублікі ў яе складзе.
Гаспадарка. Гал. галіны прам-сці: нафтаперапр. (Батумі), машынабуд. (эл.-тэхн. вырабы, абсталяванне для харч. прам-сці, суднабудаванне), харчасмакавая (чайная, вінаробная, кансервавая і інш.). Ёсць хім.-фармацэўтычная, лёгкая, дрэваапр.прам-сць, працуе Аджарысцкальская ГЭС. Аджарыя — самая развітая ч. Грузіі ў галіне субтрапічнай гаспадаркі. Асноўныя с.-г. культуры — чай і цытрусавыя, культывуюцца тунг, хурма, мушмула, лаўр, эўкаліпт, бамбук. Пасевы збожжавых (кукуруза, ячмень, авёс, рыс), бульбы, тытуню, агародніны. Па схілах гор — вінаграднікі. Гадуюць буйн. раг. жывёлу. У гарах — авечка- і козагадоўля. Шаўкаводства, пчалярства. Вял. роля належыць марскому транспарту. Гал. порт — Батумі. Чыг. Баку—Батумі, шаша Батумі—Новарасійск, нафтаправод Баку—Батумі. Прыморскія курорты: Батумі, Кабулеты, Цыхісдзіры, Зялёны Мыс, Махінджауры.
Культура. У 1990 у Аджарыі 154 дашкольныя дзіцячыя ўстановы (12,2 тыс. дзяцей), 408 агульнаадук. школ (67 тыс. вучняў), 5 ПТВ (2,7 тыс. навучэнцаў), 9 сярэдніх спец.навуч. устаноў (больш за 3 тыс. навучэнцаў). ВНУ: Батумскі ун-т і філіял Груз.тэхн. ун-та (усяго каля 3 тыс. студэнтаў). 353 б-кі, Дзярж. музей Аджарыі, Дзярж. музей рэвалюцыі. Навук. даследаванні вядуцца ў філіялах НДІ фітапаталогіі (Кабулеты), Ін-та чаю і субтрапічных культур (Чакві), Груз.НДІхарч. прам-сці, Дзярж.НДІ лакафарбавай прам-сці (усе ў Батумі), Батумскім бат. садзе і інш.
Рэсп. радыё вядзе перадачы на груз. і рус. мовах. Рэтрансліруюцца радыё- і тэлепраграмы з Тбілісі, Сочы, Масквы.
На тэр. Аджарыі захаваліся помнікі дагіст. перыяду: менгіры, «квакацэбі» (каменныя чалавечыя фігуры), рэшткі калхідскіх паселішчаў (3—2-га тыс. да н.э.), гарадзішча ў Кабулеты (4—3 ст. да н.э.). Арх. помнікі сярэднявечча: крэпасці Ганіясцыхе, Тамарысцыхе, Барцхана, масты Сапуткрэты, Дандальскі, храм Схалта. Сучаснае нар. мастацтва: разьба па дрэве, маст. апрацоўка металу, вышыўка. У 1939 заснаваны Адж.аддз. Саюза мастакоў Грузіі, у 1962 — Адж.аддз. Саюза архітэктараў Грузіі.
У нар. песнятворчасці Аджарыі пераважаюць натуральныя лады, характэрны фігурацыйны тып мелодыкі, часам віртуознага плана, з шырокім выкарыстаннем сінкоп. Пашыраны мужчынскія харавыя спевы а капэла і жаночыя сольныя спевы з інстр. суправаджэннем. Сярод інструментаў: духавыя — чыбоні, саламуры; струнна-шчыпковыя — чангуры, саз, пандуры; струнна-смычковыя — чыянуры, кеманча; ударныя — даўлі (долі), а таксама гармонік т.зв.ўсх. строю. Муз. адукацыя ў Аджарыі з 1890-х г. (муз. гурткі і прыватныя муз. класы ў Батумі). Нар. песні збіралі і запісвалі К.Пацхверашвілі, Ш.Мшвелідзе, Дз.Аракішвілі і інш. Працуюць (1988): сімф. аркестр Аджарыі, камерны хор, філармонія, Ансамбль песні і танца Аджарыі, муз. вучылішча (Батумі), муз. школы і інш.
У Аджарыі з 1880-х г. існавалі груз.драм. гурткі. У 1912 акцёр і драматург Ш.Дадыяні стварыў у Батумі прафес.т-р «Вандроўная трупа», які з 1921 наз.Дзярж.т-р Аджарыі імя І.Чаўчавадзе. Пастаноўкі: «Выгнаннік» Важа Пшавелы, «Цар Эдып» Сафокла, «Гамлет» і «Атэла» У.Шэкспіра і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮДЖЭ́Т ДЗЯРЖА́ЎНЫ,
каштарыс (расклад) даходаў і расходаў краіны на наступны год; асн.фін. план дзяржавы. Адлюстроўвае крыніцы фарміравання і напрамкі выкарыстання гал. цэнтралізаванага фонду краіны. Складаецца з вышэйшага — федэральнага ці рэсп. бюджэту і мясцовых бюджэтаў, якія ў сукупнасці ўтвараюць бюджэтную сістэму. Змест і структура Б.дз. залежаць ад многіх фактараў: узроўню развіцця прадукцыйных сіл і характару вытв. адносін, тыпу дзяржавы, яе сац. палітыкі, канкрэтнай эканам. і сац. сітуацыі, нац. асаблівасцей і інш.
Неабходнасць у бюджэту дзяржаўнага узнікла з фарміраваннем дзяржавы і таварна-грашовых адносін. Да гэтага фін. рэсурсы і іх мэтавае выкарыстанне вызначаліся ў асобных каштарысах даходаў і расходаў. З развіццём грамадства, пашырэннем функцый дзяржавы працэс пераразмеркавання нац. даходу ўскладніўся, адпаведна павялічылася колькасць асобных каштарысаў, што ўскладніла кіраванне сродкамі дзярж. казны. Неабходна было аб’яднаць мноства асобных каштарысаў у адзіны фін. план дзяржавы. Практычна спроба скласці адзіны каштарыс даходаў і расходаў дзяржавы зроблены ў Англіі ў 7 ст. пад назвай бюджэт. У Расіі першыя звесткі пра бюджэт дзяржаўны вядомы з 1654, аднак рэгулярнае яго складанне пачалося пасля стварэння ў 1812 мін-ва фінансаў. З пач. 20 ст. бюджэт дзяржаўны распрацоўваецца ў большасці краін.
Беларусь, пазбаўленая дзярж. самастойнасці ў складзе Рас. імперыі, свайго бюджэту дзяржаўнага не мела, удзельнічала толькі ў фарміраванні даходаў бюджэту дзяржаўнага Расіі, плацячы ўскосныя падаткі ад казённай віннай манаполіі (50% агульных паступленняў), пошліны, акцызы; прамыя падаткі не перавышалі 8,3%. Расходы бюджэту дзяржаўнага накіроўваліся пераважна на ваен. мэты і ўтрыманне развітой на Беларусі сеткі чыгунак. Удз. вага астатніх асігнаванняў на Беларусі ў 1913—14 складала: па гасп. мін-вах 12%, органах дзярж. кіравання, юстыцыі і кантролю 24,5%; адукацыі 11% і інш. 8%. Акрамя таго, фін. рэсурсы выдаткоўваліся і праз мясц. бюджэты, на долю якіх прыпадала менш за 1/16 усіх бюджэтных сродкаў. Першы бюджэт дзяржаўны БССР складзены ў 1921, але ён выкананы з вял. дэфіцытам (амаль 92% усіх бюджэтных выдаткаў пакрыта за кошт эмісіі грошай). З 1922 бюджэт дзяржаўны БССР стаў састаўной часткай бюджэту дзяржаўнага СССР і меў адносную самастойнасць (яго даходы і расходы вызначаліся пераважна саюзнымі органамі). Для бюджэтаў 1922—40 характэрны хуткі рост аб’ёму даходаў і расходаў, фарміраванне даходаў пераважна (да 90%) за кошт паступленняў ад нар. гаспадаркі, найб. доля асігнаванняў прыпадала на сац.-культ. мерапрыемствы, таму што важныя нар.-гасп. аб’екты фінансаваліся з саюзнага бюджэту. Пасляваен. бюджэты Беларусі гал. мэтай ставілі аднаўленне нар. гаспадаркі. У 1950—70-я г. ўзмацніўся ўплыў бюджэту дзяржаўнага БССР на эканам. і сац. працэсы ў сувязі з ростам эканам. патэнцыялу рэспублікі і пашырэннем яе бюджэтных правоў; доля асігнаванняў на нар. гаспадарку павялічылася да 40—50% пры змяншэнні долі выдаткаў на сац. сферу і кіраванне. Бюджэты дзяржаўныя 1980—90-х г. вызначаліся раўнамерным ростам даходаў, павелічэннем колькасці плацяжоў прадпрыемстваў, адносным захаваннем прапорцый, што склаліся ў размеркаванні сродкаў. Першы бюджэт дзяржаўны суверэннай Рэспублікі Беларусь складзены ў 1991. Ён распрацоўваўся яшчэ да прызнання незалежнасці Беларусі і захаваў многія ранейшыя рысы, тым не менш змянілася яго прызначэнне, змест, пашырыліся крыніцы даходаў. Адначасова пашырыўся і пералік расходаў, іх аб’ём і структура. Упершыню расходы перавысілі даходную частку, афіцыйна запланаваны дэфіцыт бюджэту дзяржаўнага. З гэтага часу мясц. органы ўлады набываюць поўную самастойнасць у складанні і выкананні сваіх бюджэтаў — абл., раённых, гар. і пасялковых. У гэтыя бюджэты паступаюць мясц. падаткі і зборы, а таксама адлічэнні ад агульнарэсп. падаткаў і даходаў; яны адыгрываюць важную ролю ў забеспячэнні комплекснага эканам. і сац. развіцця адпаведных рэгіёнаў. За рэсп. бюджэтам пакінута фінансаванне органаў дзярж. улады і кіравання, абароны, органаў дзярж. бяспекі, устаноў і аб’ектаў рэсп. падпарадкавання, мерапрыемстваў па мінімізацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Бюджэт дзяржаўны на наступны год, а таксама яго выкананне за мінулы год зацвярджае Вярх. Савет Беларусі. У сувязі з пераходам да рыначнай эканомікі і стварэннем новай падатковай сістэмы істотна змяніліся структура і змест бюджэту дзяржаўнага: расце яго агульны аб’ём пры перавышэнні расходаў над даходамі, павялічылася колькасць падатковых плацяжоў, сярод якіх вял. доля ўскосных (гл.табл. 1).
У расходах бюджэту значная доля асігнаванняў (больш за 10%) накіроўваецца на мінімізацыю вынікаў чарнобыльскай катастрофы, паменшылася доля асігнаванняў на нар. гаспадарку, што абумоўлена павелічэннем долі ўласных і крэдытных рэсурсаў у фінансаванні вытв-сці, змяншэннем датацый стратным прадпрыемствам. Прыярытэтнай застаецца сельская гаспадарка, у якую ў розных формах накіроўваецца да 25% усіх асігнаванняў у матэрыяльную сферу. Доля асігнаванняў у сац. сферу расце пераважна за кошт фінансавання праграм падтрымкі маламаёмнага насельніцтва. Аднак тэмпы росту бюджэтных асігнаванняў на адукацыю, ахову здароўя і навуку адстаюць ад тэмпаў росту непрадукцыйных расходаў: на абарону, абслугоўванне дзярж. доўгу, праваахоўныя органы і органы кіравання (гл.табл. 2). Праз бюджэт дзяржаўны і пазабюджэтныя фонды пераразмяркоўваецца да 60% нац. даходу. Гэта сведчыць, што бюджэт дзяржаўны застаецца на Беларусі важным інструментам дзярж. рэгулявання грамадскіх працэсаў.
Літ.:
Очерки развития финансов и кредита в Белоруссии. Мн., 1970;
Государственный бюджет. Мн., 1995.
М.І.Ткачук.
Табліца 1 Структура даходаў дзяржаўнага бюджэту Беларусі, %
Крыніцы паступлення
Гады
1993
1994
1995
Акцызы
16,8
11,0
9,1
Падатак на дабаўленую вартасць
29,6
27,2
23,0
Падатак на прыбытак і даходы
22,9
34,2
32,3
Падаткі з насельніцтва
8,2
10,9
10,5
Падатак на паліва
4,5
4,2
3,0
Падатак на нерухомасць
2,9
0,7
0,3
Плата за зямлю
1,6
2,1
0,4
Мытныя пошліны і зборы ад знешнеэканамічных аперацый
0,2
0,3
0,6
Зборы і непадатковыя даходы
1,4
3,8
9,1
Адлічэнні на ахову здароўя
—
28,0
—
Іншыя даходы
11,8
2,8
14,9
Табліца 2 Структура расходаў дзяржаўнага бюджэту Беларусі, %
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАРА́НСТВА,
саслоўе свецкіх землеўладальнікаў, якое валодала спадчыннымі прывілеямі; адзін з пануючых класаў у феад. грамадстве. Першапачаткова значэнне рус. тэрміна «Д.» і зах.-еўрап. тэрмінаў, якія перакладаюцца як Д., не зусім ідэнтычнае: на Русі — гэта пры сваім узнікненні ваенна-служылы слой, які проціпастаўляецца баярству, у Зах. Еўропе тэрміны (noblesse у Францыі, nobility у Англіі, Adel у Германіі) першапачаткова азначалі арыстакратыю, знаць (ад лац. nobilis знатны). З умацаваннем цэнтралізаванай дзяржавы і аб’яднаннем усіх свецкіх феадалаў у адзінае саслоўе гэтыя тэрміналагічныя адрозненні знікалі. Д. належала прамое паліт. панаванне ў феад. грамадстве. Асновай яго паліт. і эканам. магутнасці была ўласнасць на зямлю. Сярод інш. саслоўяў Д. вылучалася становішчам, прывілеямі, выхаваннем, побытам, асобым кодэксам дваранскай маралі.
У Заходняй Еўропе Д. фарміравалася па меры станаўлення феад. саслоўяў, але канчаткова як адзінае саслоўе свецкіх феадалаў складвалася разам з ліквідацыяй феад. раздробленасці ў саслоўных і абсалютных манархіях. У асяроддзі Д. існавала пэўная іерархія, падзел на вышэйшае і ніжэйшае Д. (не заўсёды замацаваны юрыдычна): бароны і рыцары ў Англіі, гранды і ідальга ў Іспаніі, магнаты і шляхта ў Польшчы і ВКЛі г.д. Да вышэйшага Д. прылічвалі найб.стараж. арыстакратычныя роды. Дваранскую іерархію ў некат. ступені адлюстроўвалі шматлікія тытулы — герцаг, маркіз, граф, барон, віконт і інш. Становішча Д., ступень яго адасобленасці ад інш. саслоўяў, паўната яго прывілеяў у розных краінах былі розныя. У Францыі Д. было вызвалена ад падаткаў, жыло за кошт рэнты, служыла ў арміі або пры двары, у дзярж. апараце. Лічылася, што праца, прадпрымальніцтва, гандаль прыніжаюць дваранскую годнасць. Вышэйшае Д. звычайна з’яўлялася носьбітам сепаратысцкіх памкненняў на карысць феад. раздробленасці, ніжэйшае служыла апорай каралеўскай улады ў палітыцы цэнтралізацыі. У некат. краінах спецыфічныя ўмовы развіцця прывялі да непасрэднага паліт. панавання Д. — пры аслабленні каралеўскай улады («шляхецкая рэспубліка» ў Рэчы Паспалітай 16—18 ст.). Са стварэннем феад.-абсалютысцкай дзяржавы Д. гуртуецца вакол каралеўскай улады. Ва ўмовах абсалютызму крыніцай існавання Д. акрамя феад. рэнты становіцца яшчэт.зв. цэнтралізаваная рэнта, якая раздавалася каралеўскай уладай у выглядзе жалавання, пенсій, субсідый. У ходзе развіцця капіталіст. адносін адна частка Д. здолела да іх прыстасавацца, стала на шлях бурж. прадпрымальніцтва, другая па-ранейшаму трымалася за чыста феад. формы гаспадарання і паступова разаралася. Знішчэнне Д. як прывілеяванага саслоўя і яго паліт. панавання было адной з задач бурж. рэвалюцый. Аднак Д. звычайна ўдавалася зберагчы некат. прывілеі. Гэтаму садзейнічала і зліццё ў перыяд капіталізму часткі Д. з буржуазіяй. Асабліва доўга, калі не юрыдычна, то фактычна, захоўваліся такія прывілеі Д., як каставасць каманднага складу арміі, вярхоў дзярж. апарата, дыпламат. корпуса, дваранскія тытулы і інш.
У краінах Усходу Д. найб. выразна акрэслілася ў Японіі ў выглядзе ваенна-феад. саслоўя (бусі), якое ўключала буйных князёў (дайме) і шматлікі слой дробнага ваеннага Д. — самураяў. У Кітаі феад. іерархія ўключала 6 тытулаў: ван, гун, хоу, бо, цзы, нань. У краінах мусульм. Усходу пры юрыд. роўнасці ўсіх мусульман перад законам на практыцы існавала дакладнае размежаванне насельніцтва на «знаць» і «просты народ».
У Расійскай дзяржаве Д. як ніжэйшая праслойка феад. ваенна-служылага саслоўя ўзнікла ў 12—13 ст., складала двор князя або буйнога баярына. Дваранамі наз.т.зв. «вольных слуг», якія атрымлівалі зямельныя надзелы на час вайск. службы ў князёў і найб. багатых баяр. У працэсе аб’яднання рус. зямель у цэнтралізаваную дзяржаву Д. стала сац. і ваен. апорай вял. князя ў барацьбе з феад. міжусобіцамі. Судзебнік 1497 юрыдычна прызнаў Д. катэгорыяй пануючага класа феадалаў. Паводле перапісу 1678, дваране валодалі 85% прыгонных двароў. З 17 ст. радавое Д. запісвалася ў дзярж. радасловец і Аксамітную кнігу. Адмена месніцтва і ўказ Пятра 1 пра адзінаспадчыннасць (1714) ліквідавалі розніцу паміж Д. і баярамі і злілі іх у адзін клас Д. У 18 ст. правы і прывілеі Д. пашыраны: у 1722 яно атрымала прывілеі на дзярж. і вайск. службу, у 1762 манаполію на землеўладанне і вызвалена ад абавязковай дзярж. службы, у 1785 неабмежаваныя правы над прыгоннымі сялянамі. У выніку сял. рэформы 1861 Д. страціла неабмежаваныя правы над сялянамі і частку зямель, але захавала пануючае становішча ў кіраванні дзяржавай, паліт. жыцці, вял. зямельныя ўладанні. У канцы 19 ст. ў еўрап.ч. Расіі 30 тыс. памешчыцкіх сем’яў (каля 150 тыс.чал.) мелі 70 млн. дзесяцін зямлі, а 10,5 млн.сял. гаспадарак (каля 50 млн.чал.) — 75 млн. дзесяцін.
У Беларусі ў Д. пераведзена шляхтаВКЛ, якая атрымала дваранскія правы пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. У 1770-я г. Кацярына II раздавала рус. дваранам надзелы з дзесяткамі тысяч дзяржаўных прыгонных. У Магілёўскай губ. Завадоўскі атрымаў 25 860 прыгонных, Пацёмкін — 14 250, Зорыч — 11 800, Румянцаў — 11 100 і г.д. 3 развіццём капіталіст. адносін пачаўся эканам. заняпад часткі Д. Але і пасля адмены прыгону Д. ў Беларусі захавала пануючае становішча. Дваранам належалі ўсе адм. пасады ў губернях, права кіраваць установамі па сял. і вайск. справах, прызначаць міравых суддзяў. Па ўдзельнай вазе дваранскага землеўладання Беларусь займала 2-е месца ў еўрап.ч. Расіі пасля прыбалт. губерняў. У Беларусі было 14 магнацкіх сем’яў, ва ўласнасці якіх у 1870—80-я г. знаходзілася чацвёртая частка агульнай плошчы памешчыцкай зямлі (у Патоцкіх 261 тыс.дзес., Радзівілаў 178 тыс.дзес., Пуслоўскіх 160,1 тыс.дзес., Тышкевічаў 148,6 тыс.дзес. і інш.). Найб. ўладанні былі ў кн. П.Л.Вітгенштэйна — больш за 790 тыс.дзес. Як саслоўе Д. скасавана дэкрэтам ЦВК і СНК ад 24.11.1917 «Аб знішчэнні саслоўяў і грамадзянскіх чыноў».
Літ.:
Люблинская АД. Франция в начале XVII в (1610—1620 гг.). Л., 1959;
Яблочков М. История дворянского сословия в России. СПб., 1876;
Корелин А.П. Дворянство в пореформенной России, 1861—1904 гг.: Состав, численность, корпоративная организация. М., 1979;
Каханоўскі А.Г. Дваранства Беларусі ў другой палове XIX ст.: Склад і сацыяльнае аблічча // Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь: Новыя канцэпцыі і падыходы. Мн., 1994. Ч. 1;
Запруднік Я. Дваранства і беларуская мова // Беларусіка = Albaruthenica. Мн., 1993. Кн. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІВО́НСКАЯ ВАЙНА́ 1558—83, Інфлянцкая вайна,
вайна Маскоўскай дзяржавы з Лівонскім ордэнам, Вялікім княствам Літоўскім, Рэччу.Паспалітай (з 1569) і Швецыяй за Лівонію (Інфлянты). Пачалася ў студз. 1558 па ініцыятыве цара Івана IV Грознага, які спадзяваўся праз Лівонію здабыць сваёй дзяржаве шырокі выхад да Балтыйскага м. Да восені 1558 маскоўскія войскі авалодалі тэр.Усх. Эстоніі з гарадамі Нарва і Дэрпт (цяпер Тарту), у пач. 1559 (да перамір’я ў сак.) прарываліся да Рыгі і ў Курляндыю. 31.8.1559 Лівонскі ордэн падпісаў у Вільні пагадненне аб пераходзе пад пратэктарат ВКЛ. Праз месяц да пагаднення далучылася Рыжскае арцыбіскупства. Вял. князь ВКЛЖыгімонт II Аўгуст увёў свае войскі ў лівонскія замкі ўздоўж р.Зах. Дзвіна. У пач. 1560 маскоўскія войскі аднавілі ваен. дзеянні. 2 жн. ў бітве пры Эрмесе (цяпер Эргеме, Латвія) яны разбілі лепшыя ордэнскія сілы, да восені авалодалі гал. ўмацаваннямі Лівоніі, акрамя Рыгі і Рэвеля (цяпер Талін). Гэта прымусіла Лівонскі ордэн падпісаць 28.11.1561 у Вільні 2-е пагадненне, паводле якога ордэнскія ўладанні ў Лівоніі перайшлі пад уладу ВКЛ, а магістр ордэна Г.Кетлер стаў васалам Жыгімонта II Аўгуста. У лют. 1562 да дагавора далучылася Рыжскае арцыбіскупства. Горад Рыга да 1581 заставаўся незалежным. 5.3.1562 фармальна спыніў існаванне Лівонскі ордэн, які фактычна распаўся ў 1560—61: у 1561 тэр.Паўн. Эстоніі перайшла пад уладу Швецыі, а Пн Курляндыі і в-аў Эзель (Саарэмаа) з прылеглымі а-вамі Маандзунскага архіпелага яшчэ ў 1560 сталі ўладаннем Даніі. У пач. 1562 маскоўскія войскі разгарнулі ваен. дзеянні супраць ВКЛ, падышлі да Шклова, Копысі, Оршы, Дуброўны і Віцебска. У адказ войскі ВКЛ правялі рэйд па Смаленшчыне і пад Веліж. 15.2.1563 больш як 60-тысячная (з 200 гарматамі) армія Івана IV прымусіла да капітуляцыі гарнізон Полацка, які 2 тыдні гераічна трымаў абарону. Гаспадарская рада ВКЛ заключыла перамір’е з царом, прадоўжанае да ліст. 1563. Перагаворы ў Маскве, якія вялі ў канцы 1563 паслы ВКЛ Ю.Хадкевіч і Р.Валовіч, спыніліся безвынікова, бо Іван IV згаджаўся на працяглае перамір’е толькі пры ўмове захавання пад яго ўладай Лівоніі і Полаччыны. У студз. 1564 ваен. дзеянні аднавіліся. 26 студз. ў бітве пад Улай 24-тысячная групоўка кн. П.Шуйскага, што выйшла з Полацка, была разгромлена гетманам ВКЛ М.Радзівілам, у выніку чаго паспешліва адступілі да Смаленска і войскі братоў кн. Сярэбраных (каля 50 тыс.чал.). У далейшым ваен. дзеянні насілі ў асн. лакальны характар. Увосень 1564 войскі ВКЛ няўдала асаджалі Полацк, у адказ на захоп маскоўскімі войскамі Езярышча зрабілі паход пад Вял. Лукі, а вясной 1565 — на Пскоўшчыну. У жн. 1565 вайна была перапынена, перагаворы ў Маскве (чэрв. 1566) скончыліся пагадненнем аб перамір’і да восені 1567. Земскі сабор 1566 падтрымаў намер Івана IV і далей ваяваць за Прыбалтыку. У 1567 аднавіліся лакальныя баявыя дзеянні. Корпус войск ВКЛ паспяхова хадзіў на Смаленшчыну, пад Лепелем былі разбіты фарміраванні царскіх стральцоў, а ў вер. 1568 войскі ВКЛ штурмам узялі замак Улу. Маскоўскія ваяводы ў 1566—69 умацоўвалі Полацк, пабудавалі крэпасці Сушу, Сокал, Сітна, Красны, Казьян, Туроўлю, Усвят. У 1568 шведскім каралём стаў Ян III — швагер Жыгімонта II Аўгуста. У выніку пачалася вайна Маскоўскай дзяржавы са Швецыяй. Цяжар Л.в. падштурхнуў шляхту ВКЛ да дзярж. уніі з Польшчай. Пасля падпісання акта Люблінскай уніі 1569 і стварэння Рэчы Паспалітай вайна з Маскоўскай дзяржавай стала агульнай для ВКЛ і Польшчы. У канцы 1569 у Маскву прыехала супольнае пасольства (ад Польшчы Я.Карташынскі, ад ВКЛ мінскі кашталян М.Тальваш). 22.7.1570 падпісаны трактат аб трохгадовым перамір’і на ўмовах захавання за кожнай дзяржавай падкантрольных ёй на той момант зямель. У 1571—72 асн.ваен. сілы Маскоўскай дзяржавы былі адцягнуты на барацьбу з нашэсцямі крымскіх татар. У пач. 1573, скарыстаўшы ўнутр. праблемы Рэчы Паспалітай пасля смерці 7.7.1572 Жыгімонта II Аўгуста (фактычнае міжкаралеўскае безуладдзе 1572—75, вайна з Гданьскам 1576—77), Іван IV аднавіў вайну у Прыбалтыцы. 1.1.1573 яго войскі ўзялі апорны пункт шведаў у Эстоніі Вейсенштэйн (цяпер Пайдэ), на тэрыторыі, падначаленай Рэчы Паспалітай, у 1575 занялі Пернаў (цяпер Пярну, Эстонія), а ў 1577 — б. рэзідэнцыю вял. магістраў Лівонскага ордэна Вендэн (цяпер Цэсіс, Латвія). Абраны ў 1575 каралём Рэчы Паспалітай Стафан Баторый сабраў у 1579 значнае войска (41 тыс.чал.), на чале якога 30.8.1579, пераадолеўшы амаль трохтыднёвае супраціўленне маскоўскага гарнізона, авалодаў Полацкам. На працягу лета і восені 1579 войскі Рэчы Паспалітай узялі крэпасці Казьян, Красны, Сокал і інш. У 1580 яны ўварваліся на тэр. Маскоўскай дзяржавы, у вер. захапілі Вял. Лукі, зрабілі напады на Холм і Старую Русу. У тым жа годзе шведы захапілі ў Карэліі крэпасць Карэла, а ў 1581 — Нарву, Івангорад, Ям, Капор’е, асадзілі Арэшак. У час перагавораў у Вільні (1581) Стафан Баторый адмовіўся ад перамір’я, прапанаванага яму пасламі Івана IV, і ў ліп. 1581 з раёна Полацка пачаў свой 3-і паход. 26.8.1581 войскі Рэчы Паспалітай аблажылі Пскоў, гарнізон і жыхары якога больш за 5 месяцаў гераічна абараняліся, адбілі 30 штурмаў. 13.12.1581 пачаліся перагаворы, якія завяршыліся падпісаннем 15.1.1582 Ям-Запольскага мірнага дагавора 1582 на 10 гадоў. Паводле дагавора Іван IV адмаўляўся ад заваяваных лівонскіх зямель і ад г. Веліж з наваколлем на карысць Рэчы Паспалітай, а Стафан Баторый згаджаўся вывесці сваю армію з тэр. Маскоўскай дзяржавы. Паводле Плюскага перамір’я 1583 Маскоўская дзяржава ўступала Швецыі Паўн. Эстонію, гарады Нарва, Ям, Капор’е, Івангорад і Карэла. Данія ў 1583 перадала Рэчы Паспалітай паўн. частку Курляндыі. У выніку Л.в. Маскоўская дзяржава пацярпела паражэнне ў сваёй барацьбе за шырокі выхад да Балтыйскага м. Для ВКЛ, у т. л. для Беларусі, якая найбольш пацярпела за гады вайны, перамога ў ёй азначала замацаванне ў складзе ВКЛэтн.бел. зямель. Але вымушанае ў час Л.в. пайсці на падпісанне Люблінскай уніі 1569, ВКЛ страціла частку свайго дзярж. суверэнітэту і многія тэрыторыі (Украіну і Падляшша, перададзеныя ў 1569 Польшчы).
Літ.:
Королюк В.Д. Ливонская война. М., 1954;
Арлоў У. Полацкая вайна // Арлоў У. Таямніцы полацкай гісторыі. Мн., 1994.
Г.М.Сагановіч.
Да арт.Лівонская вайна 1558—83. Узяцце Полацка войскам Стафана Баторыя. Гравюра 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТА́ЦТВА,
духоўна-творчае адлюстраванне і пераўтварэнне быцця ў вобразах і сімвалах, якія ацэньваюцца паводле эстэт. катэгорый прыгожага і агіднага, узнёслага і нізкага, трагічнага і камічнага, этычных катэгорый дабра і зла, сінтэтычных паняццяў пазнання (маст. праўда, фальш, амбівалентнасць). Ў сістэме мастацкай культуры займае цэнтр. месца, у культуры як універсальнай дзейнасці грамадства з’яўляецца сярэднім, злучальным звяном паміж вытв-сцю і пазнаннем, навукай і мараллю, філасофіяй і верай. У шырокім навук. сэнсе паняцце М. ахоплівае ўсе віды і жанры маст. творчасці — ад літаратуры і музыкі да архітэктуры і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва; у вузкім сэнсе гэтым паняццем часта абазначаюць толькі выяўл. віды творчасці або з агульнай сістэмы М. вылучаюць л-ру ў вызначэннях тыпу «літаратура і мастацтва». М. даследуецца эстэтыкай, мастацтвазнаўствам.
Паводле шырокай гіст. тыпалогіі вылучаюцца тры стадыі развіцця сусв. М.: шматвяковы перыяд першапачатковага сінкрэтызму (мастацтва ў сістэме этн. культуры), эпоха класічнага росквіту (маст. класіка), позні перыяд разгалінаванай спецыялізацыі, у рамках якога ўзнікаюць тэндэнцыі да рэдукцыі і спрашчэння класічных тыпаў творчасці, выцяснення іх масавымі і электронна-тэхн. відамі маст. культуры. Гэтыя працэсы, як правіла, асінхронныя ў розных рэгіёнах і нац. культурах. Як і інш. формы культуры, М. здольнае ў спрыяльных гіст. і этнакульт. умовах адраджаць сваю класічную спадчыну, уключаць яе ў кантэкст сучаснасці.
Марфалогія М., г.зн. яго разгалінаванне на віды. роды і жанры, складвалася паступова на працягу гіст. развіцця. Вобразная сістэма ўсіх відаў і жанраў М. двухмерная, існуе ў часе і прасторы. Пры вызначэнні суадносін маст. часу і маст. прасторы ўлічваюць падзел усіх М. на аднародныя і неаднародныя (сінкрэтычныя на ранніх і сінтэзаваныя на позніх стадыях развіцця). З улікам перавагі прасторы або часу аднародныя М. падзяляюцца на прасторавыя (архітэктура, выяўл., дэкар.прыкладное, садова-паркавае М.), ча́савыя (л-ра, музыка, красамоўства) і комплексныя, прасторава-часавыя (акцёрскае і харэаграфічнае М.). Маст. сінкрэтызм фальклору, інш. ранніх форм маст. культуры — гэта першаснае адзінства яшчэ не вылучаных у самастойныя віды М. (наяўнасць паэзіі, музыкі, элементаў тэатра і харэаграфіі ў абрадавым фальклоры), а маст. сінтэз — вынік узаемадзеяння і спалучэння развітых аднародных М, напр., драматургіі, акцёрскага, выяўл., муз. і дэкар.-прыкладнога М. ў драм. тэатры, оперы, балеце, кінематографе, тэлебачанні. Усе неаднародныя М. адносяцца да тыпу прасторава-часавых. Спецыфічнае для кожнага віду М. і гіст. тыпу маст. культуры адзінства часу і прасторы стварае іх хранатопы: пластычная дамінанта і слабая канкрэтызацыя часу, характэрныя для стараж, асабліва ант. тыпаў культуры. Арыентацыя на архетыпы і спрадвечнасць — прыкметы сярэдневяковага М.; аднак тады ж у хрысц. свядомасці спасцігаліся духоўная каштоўнасць асобы і непаўторнасць кожнай падзеі, гэта адкрыццё выявілася ў летапіснасці хрысц. л-ры, інш. відаў М. Рамантычнае і рэалістычнае М. арыентуецца на канкрэтна-гіст. хранатоп, разам з тым дазваляе творцу спалучаць рэальныя і сімвалічныя прасторы, мінулыя і сучасныя падзеі.
У фундаментальных «Лекцыях па эстэтыцы» Г.Гегель даказаў, што ўсе вядомыя сусв. цывілізацыі і культ.-гіст. тыпы маюць свае эстэт. дамінанты і адпаведныя ім дамінуючыя віды М., якія вызначаюць агульную інтанацыю і змястоўную структуру маст. культуры пэўнай эпохі — арх. сімвалізм Стараж. Усходу, скульпт. пластычнасць ант.М., муз.-паэт. рамантызм хрысц. цывілізацыі. Неадназначнае М. розных эпох і маст. кірункаў паводле сваіх мэт і грамадскіх функцый. Ант.маст. культура адкрыла пластычную прыгажосць быцця і чалавека як вяршыні яго, арыентавалася на гармонію, меру і адпаведную ім сістэму маральна-эстэт. выхавання, пазначаную паняццямі калакагатыя і катарсіс. Сярэдневяковае хрысц. М. перанесла акцэнты на ўзнёслую красу духоўных сутнасцей. Эпоха гуманіст. Адраджэння здолела сінтэзаваць ант. гармонію і меру з хрысц. духоўнасцю, арыентавалася на эстэтыка-пазнавальную функцыю М. Для культуры барока характэрна перавага маст. штучнасці і дасціпнасці над класічнай натуральнасцю. Сацыяльна-выхаваўчая функцыя. прыярытэт грамадз. абавязку над асабістымі пачуццямі — эстэт. імператывы класіцызму і асветніцкага М. Рамантызм адкрыў каштоўнасць індывідуальнасці, непаўторнасць душэўнага жыцця асобы, духоўную самабытнасць народаў. Крытычны рэалізм арыентуецца на сацыяльна-пераўтваральную) функцыю М. Нарматыўная эстэтыка сацыяліст. рэалізму стала пралетарска-класавай трансфармацыяй класіцызму, сцвярджала прыярытэт партыйна-дзярж. дыктатуры. Урэшце, мадэрнізм парадаксальна спалучае эстэтызм і адмову ад сац. функцый М. з арыентацыяй на тэхн. утылітарызм (творчасць і эстэтыка К.С.Малевіча). Постмадэрнізм адмаўляецца ад класічнай маст. традыцыі. хрысц.гуманіст. маралі, арыентуецца на геданізм, анархізм і абездухоўлены гратэск.
Бел. маст. традыцыя складвалася на працягу тысячагадовай хрысц. цывілізацыі на прасторы ўсх.-слав. і цэнтральнаеўрап. макрарэгіёнаў. У рамках этн. культуры тут сфарміраваліся нар.-паэт. міфалогія, абрады і фальклор, інш. віды маст. творчасці. У эпоху сярэднявечча развіваліся прафес. М. — архітэктура (полацкая і гродзенская школы дойлідства), л-ра і красамоўства (творчасць Кірылы Тураўскага, Клімента Смаляціча, Грыгорыя Цамблака і інш.), ствараліся летапісы і хронікі, захаваліся шэдэўры царк. жывапісу (фрэскі Полацкага Сафійскага сабора, інш. храмаў), графікі (рукапісныя кнігі), помнікі замкавай архітэктуры. Эпоха гуманіст. Адраджэння дала Беларусі кнігадрукаванне (асветніцкая дзейнасць Ф.Скарыны і яго паслядоўнікаў), стымулявала развіццё свецкай л-ры (шматстылявая старабел. мова, юрыд. і навук.л-ра, новалац. паэзія М.Гусоўскага, Я.Вісліцкага, сілабічная паэзія і аратарская проза Сімяона Полацкага), публіцыстыкі (палемічная і мемуарная л-ра). Захаваліся шматлікія помнікі царк. і палацава-замкавай архітэктуры ў стылі готыкі і рэнесансу. У 2-й пал. 17—18 ст. склалася школа бел. барока і класіцызму ў архітэктуры, садова-паркавым М., школьным і прыватных тэатрах, свецкай музыцы і харэаграфіі. Пасля страты бел. мовай дзярж. статуса (канец 17 ст.) і падзелаў Рэчы Паспалітай (1772—95) л-ра, навука, тэатр. М. развіваліся пераважна на польскай, лац. і рус. мовах, якія паўплывалі на станаўленне новай бел. л-ры ў 19 ст. (творчасць П.Багрыма, ананімная л-ра, Я.Чачот, Я.Баршчэўскі і інш.). Станаўленне бел. класічнай л-ры, тэатра, інш. відаў прафес. М. адбывалася ў перыяд Адраджэння нацыянальнага.
Літ.:
Гегель Г. Эстетика: Пер. с нем. Т. 1—4. М., 1968—73;
Каган М.С. Морфология искусства. Л., 1972;
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Яго ж. Славянская міфалогія ў кантэксце беларускай культуры // Мастацтва. 1998. № 4, 6—8, 10—12;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка ў Беларусі. Займае паўн.ч. рэспублікі, мяжуе з Літвой, Латвіяй і Расіяй. Утворана 15.1.1938. Пл. 40,1 тыс.км². Нас. 1438,8 тыс.чал. (1995). Цэнтр — г.Віцебск. У вобласці 21 раён: Аршанскі, Бешанковіцкі, Браслаўскі, Верхнядзвінскі, Віцебскі, Гарадоцкі, Глыбоцкі, Докшыцкі, Дубровенскі, Лепельскі, Лёзненскі, Міёрскі, Пастаўскі, Полацкі, Расонскі, Сенненскі, Талачынскі, Ушацкі, Чашніцкі, Шаркаўшчынскі, Шумілінскі (гл. адпаведныя артыкулы), 19 гарадоў, у т. л. 5 абл. падпарадкавання — Віцебск, Лепель, Наваполацк, Орша, Полацк, 26 гар. пасёлкаў, 248 сельсаветаў, 6774 сельскія населеныя пункты.
Прырода. Амаль уся тэр. вобласці размешчана ў межах Беларускага Паазер’я. У цэнтр. частцы і на З Полацкая (займае амаль палову тэр.), на ПнУ Суражская нізіны, на У нізіна Лучосы, на Пд Чашніцкая раўніна і Верхнебярэзінская нізіна. Узвышшы і грады займаюць чвэрць тэр. вобласці, пераважаюць па яе ўскраінах: Нешчардаўскае, Гарадоцкае, Віцебскае (выш. да 295 м над узр. м.), Аршанскае, Ушацка-Лепельскае, Лукомскае ўзвышшы, Свянцянская і Браслаўская грады. Карысныя выкапні: даламіты (11 радовішчаў у Віцебскім, Гарадоцкім, Дубровенскім, Лёзненскім і Сенненскім р-нах), цэментныя гліны (радовішчы Пушча ў Віцебскім і Лукомль-1 ва Ушацкім р-нах), легкаплаўкія гліны і суглінкі (198 радовішчаў), торф (3400 радовішчаў), пясчана-гравійныя сумесі (161 радовішча), буд. пяскі (102 радовішчы), мінер. воды, сапрапелі (у 1429 азёрах) і інш. Клімат умерана-кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -6,5 °C на З да -8,5 °C на У, ліп. каля 17—18 °C. Ападкаў ад 600 мм за год на раўнінах да 750 мм на ўзвышшах. Каля 70% іх выпадае ў цёплы перыяд. Вегет. перыяд 180—190 дзён. Па шчыльнасці рачной сеткі, колькасці і плошчы азёр вобласць займае 1-е месца ў рэспубліцы. Рэкі належаць бас.Зах. Дзвіны (85% плошчы), Дняпра, Нёмана, Ловаці. Найбольшыя: Зах. Дзвіна з прытокамі Усвяча, Обаль, Палата, Дрыса (справа), Каспля, Лучоса, Ула, Ушача, Дзісна (злева), Дняпро з Друццю і Бярэзінай (вярхоўі). З 2,8 тыс. азёр найбольшыя Асвейскае, Лукомскае, Дрысвяты, Дрывяты, Нешчарда, Снуды, Езярышча, Струста, Абстэрна. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя (больш за 40%), дзярновыя забалочаныя (каля 30%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (больш за 10%), тарфяныя (каля 15%) і інш., паводле мех. складу 67,2% сугліністыя, 24,6% супясчаныя, 6,6% пясчаныя, 1,6% гліністыя. Характэрныя мазаічнасць і завалуненасць глебы. Сярэдняя лясістасць 34,4%, ад 15—20% у Аршанскім, Дубровенскім, Чашніцкім, Міёрскім, Шаркаўшчынскім да 53—60% у Полацкім і Расонскім р-нах. Пераважаюць хваёвыя (38,7%) і яловыя (20,9%) лясы. Пашыраны таксама бярозавыя (24,2%), альховыя (11,1%), асінавыя (4,1%). Пад хмызнякамі каля 10% тэр., пад лугамі — 13%, пад балотамі — каля 6%. Меліярацыйны фонд вобласці 990 тыс.га, на 51% пл. праведзены асушальныя работы. У межах вобласці знаходзіцца асн. частка Бярэзінскага біясфернага запаведніка, 22 дзярж. заказнікі, шэраг помнікаў прыроды.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва — беларусы (81,8%), жывуць таксама рускія (13,5%), украінцы (1,7%), палякі (1,2%), яўрэі (1,1%) і інш. Гарадскога нас. 66,3%. Сярэдняя шчыльн. 36 чал. на 1 км², сельскага — 12 чал. на 1 км². Па адм. раёнах шчыльнасць насельніцтва вагаецца ад 30 чал. на 1 км² у Чашніцкім да 8 чал. на 1 км² у Расонскім р-не. Найб. гарады (тыс.чал., 1995): Віцебск 365, Орша 139, Наваполацк 97, Полацк 88. З 1991 натуральны прырост насельніцтва, а з 1994 міграцыйнае сальда сталі адмоўныя, адбываецца абсалютнае скарачэнне колькасці насельніцтва, а ў сельскай мясцовасці яшчэ яго старэнне.
Гаспадарка. Вядучая галіна — прамысловасць, у ёй занята каля 30% усіх працуючых. Спецыялізуецца па вытв-сці электраэнергіі, нафтаперапрацоўцы, нафтахіміі, машынабудаванні, лёгкай і харч. галінах. У адносінах да агульнарэсп. аб’ёму выпускаецца (1994, %): ільняных тканін і поліэтылену 100, прадуктаў нафтаперапрацоўкі каля 50, электраэнергіі 48,7, металарэзных станкоў 47,6, дываноў і дывановых вырабаў 40,4, панчошна-шкарпэткавых вырабаў 35,6, абутку 21,6, драўнінна-валакністых пліт 29, буд. цэглы 20, алею 92,3, масла 18,7, кансерваў 20,3. Самыя значныя прадпрыемствы сканцэнтраваны ў Віцебску, Полацкім прамвузле (Полацк і Наваполацк) і Оршы. У Віцебску выпускаецца больш за 70% прадукцыі машынабудавання і лёгкай прам-сці, у Полацкім прамвузле — уся прадукцыя нафтаперапрацоўкі і нафтахіміі, у Оршы — усе льняныя тканіны. Самая магутная ў рэспубліцы Лукомская ДРЭС у Новалукомлі. Прадпрыемствы паліўнай прам-сці (торфапрадпрыемствы), металаапрацоўкі (у асн. рамонтныя), лясной, дрэваапр., буд. матэрыялаў, харч. размеркаваны па тэр. вобласці. Па ўзроўні прамысл. развіцця таксама вылучаюцца Глыбоцкі, Чашніцкі, Лепельскі, Пастаўскі і Талачынскі р-ны. У сельскай гаспадарцы занята каля 22% працуючых. Вобласць спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, ільнаводстве. У прыгарадных зонах Віцебска, Полацка, Оршы развіты птушкагадоўля, агародніцтва, садоўніцтва. У 1994 на долю жывёлагадоўлі прыпадала 56,8%, раслінаводства — 43,2% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі вобласці. Назіраецца зніжэнне ўдзельнай вагі жывёлагадоўлі (у 1990 было 68%) і павышэнне долі раслінаводства. С.-г. ўгоддзі займаюць 45% тэр. вобласці, у т. л. пад ворывам 29,9%. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і зернебабовыя, а таксама кармавыя культуры. Сярод збожжавых найбольшыя плошчы пад ячменем і жытам. У вобласці высокая ўдзельная вага пасеваў лёну-даўгунцу (каля 35% валавога збору льновалакна ў рэспубліцы). Найбольшыя пасевы лёну на ПдЗ і ПдУ вобласці. На 738 фермерскіх гаспадарак прыпадае 18,3 тыс.гас.-г. угоддзяў (1995), або каля 1%. Вял. долю ў пасяўных плошчах і зборы бульбы займаюць асабістыя дапаможныя гаспадаркі. Жывёлагадоўля малочна-мяснога кірунку, развіты свінагадоўля (буйныя свінагадоўчыя комплексы), авечка- і птушкагадоўля. На азёрах — азёрна-рыбныя гаспадаркі. У 1990-я г. наглядалася скарачэнне пагалоўя жывёлы і жывёлагадоўчай прадукцыі.
Транспарт. Эксплуатацыйная даўж. чыгункі 1223 км (1994). Па шчыльнасці чыг. сеткі вобласць займае 2-е месца ў рэспубліцы. Па яе тэрыторыі праходзяць міжнар. магістралі Масква—Орша—Мінск—Варшава, Санкт-Пецярбург—Віцебск—Орша—Кіеў, Смаленск—Віцебск—Полацк—Рыга. Важнае значэнне маюць чыгункі Орша—Унеча, Невель—Полацк—Маладзечна, Орша—Лепель, Крулеўшчына—Варапаева—Паставы і далей у Літву. Буйныя чыг. вузлы Орша, Віцебск, Полацк. Працягласць аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 8,5 тыс.км (1994). Асн. магістралі Масква—Орша—Мінск—Брэст, Санкт-Пецярбург—Віцебск—Орша—Кіеў, Смаленск—Віцебск—Полацк—Даўгаўпілс, Віцебск—Лепель—Мінск. Суднаходства па Зах. Дзвіне ад Веліжа да Полацка і па Дняпры ніжэй Оршы. Па тэр. вобласці праходзіць адгалінаванне ад нафтаправода «Дружба» (ад Унечы на Оршу—Наваполацк і далей у Латвію ў порт Вентспілс), газаправод «Ззянне Поўначы». Аэрапорт у Віцебску.
Л.В.Казлоўская.
Табліца 1 Пасяўныя плошчы Віцебскай вобласці
Плошча, тыс.га
1990
1995
Уся пасяўная плошча
1180,9
1200,2
Збожжавыя і зернебабовыя
490
502,5
Лён-даўгунец
59
39,2
Бульба
87
94,2
Агародніна і бахчавыя культуры
7
12,5
Кармавыя культуры
537,9
551,8
Табліца 2 Пагалоўе жывёлы і птушкі ва ўсіх гаспадарках Віцебскай вобласці
Пагалоўе, тыс. галоў
1990
1995
Буйная рагатая жывёла
1156
900
у т.л. каровы
397
379
Свінні
861
572
Авечкі і козы
128
79
Птушка
6382
6000
Да арт.Віцебская вобласць: 1 — краявід на Браслаўшчыне; 2 — на палях Віцебшчыны.