1) у пажарнай тэхніцы — брандспойт (устарэлае), прыстасаванне (труба з насадкамі на канцы) для стварэння і накіравання струменяў сумесі вады, пены, парашку і інш. для тушэння агню. Падзяляюцца на лафетныя (бываюць стацыянарныя, што замацоўваюцца на аўтамабілі, катэры, вышцы і інш., пераносныя і перавозныя) і ручныя, якімі камплектуюцца пажарныя аўтамабілі, мотапомпы, унутр. пажарныя краны.
2) У ваеннай справе — асн.ч.агнястрэльнай зброі для выкідвання снарада (гранаты, міны, кулі) і надання яму ўстойлівага палёту ў патрэбным напрамку. Унутраная поласць (канал) С. складаецца з каморы, дзе размяшчаецца зарад, і вядучай часткі. У час выстралу з казённай (задняй) часці С. закрываецца затворам. Бываюць С. незмацаваныя, разборныя і змацаваныя; наразныя (гл.Наразная зброя) і гладкаствольныя. Даўжыня С. залежыць ад прызначэння зброі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРЭ́НЦЫЙ Публій Афр (Publius Terentius Afer; каля 195, Карфаген — 159 да н.э.),
рымскі драматург. Быў рабом сенатара Тэрэнцыя Лукана, які даў яму адукацыю і волю. Уваходзіў у арыстакратычны элінафільскі гурток аратара і палкаводца Сцыпіёна Афрыканскага Малодшага. Пісаў у жанры паліяты — рым. камедыі на ўзор грэч. бытавой Менандра. Паміж 166 і 160 да н.э. паставіў 6 камедый (усе захаваліся): «Андрыянка», «Свякроў», «Сам сябе карае», «Еўнух», «Фарміён», «Браты». У цэнтры іх — праблемы выхавання, сям’і, кахання, якія вырашаюцца ў мяккай, гуманіст. манеры; ім уласцівы сур’ёзны тон, паслядоўнасць у развіцці дзеяння і фарміравання характараў, вытанчанасць мовы, наватарскае выкарыстанне пралогаў.
Тв.:
Рус.пер. — Комедии. М., 1988.
Літ.:
Савельева Л.И. Художественный метод П.Теренция Афра. Казань, 1960;
Ярхо В.Н. У истоков европейской комедии. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАКАНО́ЎСКІ Аляксандр Лаўрэнцьевіч (21.2.1833, г. Крэменец Цярнопальскай вобл., Украіна — 30.10.1876),
расійскі даследчык Сібіры. Вучыўся на мед. ф-це Кіеўскага і мінералагічным аддз. Тартускага ун-таў. За ўдзел у паўстанні 1863—64 сасланы ў Сібір. Па даручэнні Сіб.аддз.Рус.геагр.т-ва ў 1869—71 правёў геал. даследаванні на Пд Іркуцкай губ. Сабраў першыя дакладныя звесткі па геалогіі рэгіёна р. Ніжняя Тунгуска (1873), ніжняга цячэння р. Лена і р. Алянёк. На Ніжняй Тунгусцы адкрыў радовішча кам. вугалю і графіту. У 1876 яму дазволена пераехаць у Пецярбург, дзе ён пачаў апрацоўку сабраных матэрыялаў. Імем Ч. наз. адкрыты ім краж паміж рэкамі Лена і Алянёк, горад у Іркуцкай вобл. і шэраг выкапнёвых раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАЛУШКО́Ў Рыгор Іванавіч (19.5.1899, в. Бронская Рудня Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 1943),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху на Жытоміршчыне (Украіна) у Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1965). З 1918 у Чырв. Арміі на Усх. і Паўд. франтах. З 1926 на гасп. і парт. рабоце ў Жытомірскай вобл. У пач.Вял.Айч. вайны пакінуты ў тыле ворага для арганізацыі падп. барацьбы, сакратар Жытомірскага падп. абкома ВКП(б), які каардынаваў і накіроўваў дзейнасць 12 райкомаў партыі, 75 падп. арг-цый і груп (больш за 25 тыс.чал.), 10 партыз. атрадаў. Сіламі падполля пушчана пад адхон 34 эшалоны, узарвана 18 мастоў ворага, створана 5 друкарняў і інш. 23.5.1943 арыштаваны, расстраляны гітлераўцамі. У г. Жытомір яму пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРО́З Міхаіл Міхайлавіч (28.11.1959, в. Бярэжцы Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. — 7.9.1977),
юнак, які цаной свайго жыцця выратаваў людзей ад смерці. З 1974 вучыўся ў Аршанскім пед. вучылішчы. У вер. 1977 у час работы на ўборцы бульбы ў калгасе «Прагрэс» Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. заўважыў на транспарцёры бульбаўборачнага камбайна праржавелы артыл. снарад, які рухаўся ў барабан агрэгата. Спыніць машыну было позна. М. падхапіў смяротны груз на рукі і пабег далей ад людзей. Выратаваў іх, але выбухам быў смяротна паранены сам. За мужнасць і самаадданасць, выратаванне жыцця калгаснікаў і навучэнцаў М. ў кастр. 1977 пасмяротна ўзнаг. ордэнам Чырв. Зоркі. У г. Жыткавічы яму ўстаноўлены помнік (1981), яго імя насілі піянерскія дружыны, цеплаход. Подзвігу М. прысвечана п’еса М.Саенкі «Спытай сябе».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРНЭ́ (Vernet),
сям’я франц. жывапісцаў 18—19 ст.
Жазеф (Клод Жазеф; 14.8.1714, г. Авіньён, Францыя — 3.12.1789), пейзажыст. Вучыўся ў свайго бацькі Антуана і інш. Працаваў у Італіі і Парыжы. У найб. вядомай серыі яго твораў «Парты Францыі» (1753—63) традыцыі класічнага пейзажа К.Ларэна спалучаюцца з рысамі перадрамантызму. Карл (Антуан Шарль Арас; 14.8.1758, г. Бардо, Францыя — 27.11.1836), сын і вучань Жазефа. Поспех яму прынеслі карыкатуры на моды часоў Дырэкторыі; у гады імперыі — афіцыйны жывапісец-баталіст, гістарыёграф напалеонаўскай арміі. Арас (Эміль Жан Арас; 30.6.1789, Парыж — 17.1.1863), гіст. жывапісец і баталіст. Сын і вучань Карла. Дырэктар Франц. Акадэміі ў Рыме (1829—35), працаваў у Парыжы, Рыме, Пецярбургу (1836, 1842—43). Творы: «Напалеон праводзіць агляд сваіх войск у Цюільры», «Апафеоз Напалеона», «Мамелюк» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКА АБАРО́НА 1941 Вялася злучэннямі 19, 20, 22-й армій Зах. фронту і Віцебскім народным апалчэннем 1941 5—11 ліп. ў Вял.Айч. вайну. У ходзе абароны 6 ліп. воіны 5-га і 7-га механіз. карпусоў 2-й арміі нанеслі контрудар па ворагу ў напрамку Сянно—Лепель (гл.Лепельскі контрудар 1941). З 5 ліп. 153-я стралк. дывізія вяла баі на рубяжы в. Гняздзілава — усх. бераг воз. Саро — вёскі Ліпна — Парнева — Машканы — Александрова. 9 ліп. вораг у абход прарваўся да Віцебска. Разам з сав. войскамі горад абаранялі апалчэнцы. 10 ліп. 220-я мотастралк. дывізія 19-й арміі двойчы выбівала праціўніка з усх.ч. горада. З-за перавагі ў сілах 11 ліп.ням.-фаш. войскі занялі Віцебск. Віцебска абарона затрымала прасоўванне ворага на У, прычыніла яму значныя страты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАІ́Н Ян Непамуцэн (1760—1820),
удзельнік паўстання 1794 у Польшчы, на Беларусі і Літве. Сын брэсцкага ваяводы Яна Антонія. У 1775 уступіў у корпус кадэтаў у Варшаве. З 1782 дэпутат сеймаў Рэчы Паспалітай, з 1786 чл. Камісіі скарбовай ВКЛ, з 1792 чл. Камісіі скарбовай абодвух народаў. У студз. 1794 удзельнічаў у працы Камісіі вайсковай ВКЛ, у крас. — у складзе Вайсковага аддзела паўстанцкай Часовай намесніцкай рады. Часовай паўстанцкай радай накіраваны ў вызваленую Вільню. Арганізатар паўстання на Брэстчыне і Падляшшы. З мая намеснік радцы (члена) Найвышэйшай нацыянальнай рады, у ліп. 1794 Т.Касцюшка прызначыў яго палкоўнікам паспалітага рушэння. Пасля задушэння паўстання жыў у Гродне, Варшаве, у 1812 бурмістр Вільні, з 1813 жыў у Дрэздэне, Парыжы. Пасля ўказа аб амністыі 10.4.1814 вярнуўся на радзіму, дзе яму былі вернуты маёнткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЯ АБАРО́НА 1941.
Вялася войскамі 21-й арміі (ген.-лейт. М.Р.Яфрэмаў, ген.-м. В.М.Гардоў) Цэнтр. фронту і байцамі Гомельскага палка народнага апалчэння 12—19 жн. ў Вял.Айч. вайну; састаўная частка Смаленскай бітвы 1941. У пач.жн. пад Гомелем было 25 ням. дывізій. 8—10 жн. праціўнік уклініўся ў абарону 21-й арміі і прарваў яе на ўчастку Крычаў—Прапойск—Рэчыца. 12 жн. 2-я ням. армія пачала штурм горада, авіяцыя бесперапынна бамбіла яго. Сав. войскі не толькі абараняліся, але і контратакавалі. Ням. войскі ўзмацнілі атакі на горад з ПнУ, фарсіравалі Сож, захапілі Ветку і 19 жн. ўварваліся ў Гомель. На левым беразе Сажа сав. войскі яшчэ трое сутак стрымлівалі рух праціўніка, прычыніўшы яму значныя страты. У гонар абаронцаў у в. Пакалюбічы пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АША́НЦІ, Канфедэрацыя Ашанці,
дзяржава ашанці ў Зах. Афрыцы ў канцы 17—19 ст. Сталіца — г. Кумасі. Узначальвалася асантэхене (царом), першым з якіх і заснавальнікам канфедэрацыі быў Асей Туту (п. у 1731). Каля 1800 Ашанці ахоплівала тэрыторыі сучасных Цэнтр. Ганы, часткова Кот-д’Івуар і Буркіна-Фасо. Асновай эканам. магутнасці Ашанці быў гандаль рабамі, золатам і інш. з еўрап. фартамі на Залатым Беразе. У выніку англа-ашанційскіх войнаў (1806, 1811, 1814—15, 1823—26, 1863, 1873—74, 1895—96) Ашанці страціла незалежнасць і стала брыт. пратэктаратам, хоць захавала свой унутрыпаліт. лад. Пасля няўдалага паўстання 1900 супраць англічан у складзе іх калоніі Залаты Бераг (1902—60). Першы прэзідэнт Ганы К.Нкрума пазбавіў улады апазіцыйнага яму асантэхене.
Літ.:
Попов В.А. Ашантийцы в XIX в.: Опыт этносоциол. исслед М., 1982. С. 14—25.